«Чорны кот» - Казаков Юрий Николаевич


Валерый КАЗАКОЎ

«ЧОРНЫ КОТ»

Раман

1

- Ягор Кузьміч, а ці была наогул гэтая «Чорная кот­ка»? Я вунь у нашых падручніках шукаў, у бібліятэках і ў адкрытых, і ў сакрэтнай шукаў, увесь айчынны інтэрнэт і літаратуру перашуфляваў - нідзе нічога няма. Нешта каламутнае толькі «з-за бугра» праскоквае - і ўсё. Можа, гэта звычайная выдумка, што прыляцела да нас з Захаду?

- Якія вы маладыя ўсе скорыя, - стары з цяжкасцю падняўся са свайго фатэля, нейкі час пастаяў, упёршыся рукамі ў паясніцу, нібы даючы магчымасць бітаму-перабітаму хрыбетніку выпрастацца, шчыльней зацягнуў на поясе тоўстую, ужо амаль выцертую пуховую хустку і, ледзь адрываючы ногі ад падлогі, рушыў да велізарнай -ва ўсю сцяну - кніжнай шафы. Наогул, трэба сказаць, што жытло гэтага чалавека, які ўжо дажываў свой век, у асноўным складалася з кніг і сотняў, а можа і тысячаў разных тэчак. Стэлажы былі ўсюды, нават у прыбіральні, па абодва бакі ад дзвярэй віселі паліцы з нейкімі часопісамі і кнігамі.

Рухаўся стары амаль бязгучна, ён не цягнуў ногі і не шаргацеў па сцёртым паркеце такімі ж, як і сам, старымі растаптанымі тапкамі. Ён плаўна адрываў ступні на нейкія міліметры ад падлогі, сунуў іх наперад і асцярожна апускаў; атрымлівалася складна і нават пластычна.

- Кот, Слаўка, кот тады вадзіўся ў нашых лясах, а не котка. Наогул, дурная гэта была гісторыя, і здарылася яна ў самы дурны час. Наогул жа... - стары спыніўся і, апусціўшы акуляры амаль на самы кончык носа ды гледзячы на свайго маладога суразмоўцу, дадаў з хітрынкай у голасе: - На нашым з табой фронце толькі дурны час і ёсць, іншага там і не бывае. - Ягор Кузьміч спыніўся перад стэлажом, паправіў акуляры, прыгледзеўся да кніжных шэрагаў і адразу ж дастаў худую тэчку з зеленаватага кардона, заціснутую паміж таўшчэзных кніг. - Кот, кот, а чаму кот - ніхто толкам тады і не ведаў. Помню, начальства вельмі неўзлюбіла гэтую жывёліну, і варта было нам, маладняку, штосьці сказаць пра кашэчае жыццё - усё, разнос быў гарантаваны, - стары ціхенька засмяяўся.

- Вы чаго смеяцеся? Пра разнос ці пра катоў нешта ўспомнілі?

- А-а, пра тое і пра другое. Мы тады з лясоў вярталіся, стомленыя, брудныя, зарослыя, але амаль заўсёды шчаслівыя, калі ўсім жывымі даводзілася выбрацца. Жыць тады, Слава, хацелася, аж дыханне перахоплівала. Вайна ж скончылася. Мір, радуйся, жыві! Многія хоць і маладыя, а паваявалі ўжо. А тут на табе: і мір, і вайна, усё табе разам. Ад горада ад’ехаў нейкіх кіламетраў з дваццаць - і вунь яна, смерць, ужо з-за куста ці з лагчынкі за табой сочыць. Ліхі, кажу, тады быў час.

Дык вось, з гэтых сваіх паездак пачалі мы ва ўпраўленне цішком прывозіць кацянят, і стараліся, каб кацяняты тыя былі чорненькія. Прывязем, пакормім, жывёліна куды-небудзь зашыецца і спіць. Мы па дамах. Ды якое там па дамах! Амаль усе ў інтэрнаце жылі. А раніцай толькі і чуваць: чорны кот, чорны кот! Дзе, хто, адкуль?! Усе кідаліся лавіць і выкідваць бяскрыўдную істоту. Дзень пачынаўся весела. Нам бы хто з начальства хоць намякнуў што пра ката гэтага чорнага... Сам Цанава забараніў не тое што згадваць, але і думаць аб тым.

І вось у часе адной з аперацый бралі мы пад Маладзечнам паліцаяадзіночку, усё прайшло спакойна, нават без страляніны. Колька Смоліч на тым закінутым хутары ўзяў з сабой здаравеннага кашака, чорнага, як вугаль, толькі кончыкі пярэдніх лапак дымчатыя, прыгожыя. Дадому ўзяў. І трэба ж было яму, адразу пасля прыезду ў Мінск, на ганку ўпраўлення амаль нос у нос сутыкнуцца са самім наркамам. Кот на руках мурлыкае... Колька выцягнуўся, як і належыць, руку да брыля - а кот да лакаваных ботаў Самога і скаціўся!

- Што гэта? - пытаецца Цанава.

- Кот, таварыш наркам! - адказвае яму Колька і спрабуе ката нагой адагнаць.

- Які яшчэ кот?

А гэты дурань вазьмі ды ляпні:

- Чорны!

Што тут пачалося! Думалі, і Кольку, і нам усім, хто стаяў побач, канец прыйшоў. Тады расправа хуткай была. Ці жарт: самому Цанаву не дагадзілі, а ён не проста генерал, а асабісты стаўленік Берыі, ягоны зямляк!.. - Памаўчаў і дадаў: - Добра, давай глядзець, што тут у нас...

- Ягор Кузьміч, ну нельга ж так! Справа з катом чым закончылася?

- Добра закончылася. Цанава гарланіць, а кот давай аб ягоны бот церціся, разумны кот трапіўся. Наркам сумеўся. «Што гэта з ім?», - пытаецца. Колька выразна яму і дакладвае: «Дык гэта ён чуе, хто ў доме гаспадар!» Цанава зарагатаў, і ўсе за ім. Так і абышлося. Кольку, праўда, праз тыдзень перавялі ў Гродна, з вачэй далей, там ён у Налібоцкай пушчы і загінуў. Ды досыць аб тым, на вось, глядзі, - працягнуў Ягор Кузьміч хлопцу тэчку, - а я пакуль пайду тваёй гарбаткі завару. Песціш старога, у самога, мусіць, грошай як той кот наплакаў?

Тэчка была старая, нейкага бялёса-зялёнага колеру, з чырвонымі, моцна завязанымі матузкамі. Чарнільныя надпісы на разлінаваным па сярэдзіне шэрым квадраце ад часу выцвілі і амаль ужо не чыталіся. Патрэбна было больш святла.

- Ты там давай не саромся, сядай да бакавога століка ды лямпу ўключы! -крыкнуў з кухні стары.

- Вось дык дзед! - з захапленнем падумаў Вячаслаў, уладкоўваючыся за невялікім столікам, прысунутым ушчыльную да падваконніка. Запаліў святло. Калісьці акуратна выведзеныя асадкай літары ператварыліся ў мудрагелістыя, злізаныя часам іерогліфы. У правым верхнім куце тлустым сінім алоўкам красаваліся задвукосеныя літары «ЧК». Сэрца забілася часцей: «Няўжо? Быць гэтага не можа! Аддаць амаль год на пошукі хоць нейкіх звестак на гэтую няўлоўную тэму - і вось на табе: «ЧК»! Літаркі гэтыя відавочна пазначалі не першапачатковую абрэвіятуру яго грознага ведамства. Дакументы, затоеныя ў гэтай някідкай тэчцы, хутчэй за ўсё мелі дачыненне да жаданага «Чорнага ката». “Цяпер вось развяжу матузкі і...”

Першым у тэчцы ляжаў пажоўклы аркуш з выпіскай з рашэння закрытага пасяджэння бюро ЦК КП(б)Б ад 13 снежня 1945 года, усяго паўстаронкі тэсту, які складаецца з двух пунктаў. У першым канстатавалася, што пераважная большасць насельніцтва БССР, у тым ліку і заходніх яе абласцей, з радасцю ўспрынялі сваё вызваленне ад фашысцкай акупацыі і актыўна ўключыліся ў працу па аднаўленні разбуранай вайной народнай гаспадаркі. Аднак у рэспубліцы яшчэ засталася значная колькасць былых паліцаяў, членаў іншых прафашысцкіх арганізацый ды іх памагатых. Партыйныя, савецкія органы і работнікі абавязаны аказваць актыўную дапамогу органам НКУС у іх выяўленні і ліквідацыі.

Другі пункт даслоўна абвяшчаў: «Асобныя кіруючыя таварышы, у асноўным раённага і мясцовага ўзроўняў, часам дапускаюць выпадкі панікёрства, перабольшваюць небяспеку, якую наносяць грамадству гітлераўскія недабіткі, і спрабуюць прадставіць адзінкавыя выпадкі праяў бандытызму як арганізаваны супраціў савецкай уладзе, які абапіраецца на разгалінаванае нацыяналістычнае падполле. Гэта недапушчальна».

Ніжэй алоўкам было нешта напісана, а пад запісам ледзь віднеліся тры калонкі лічбаў і нейкіх пазнакаў.

- Вось табе, Слава, лупа і гарбата, - амаль над самым вухам нягучна вымавіў Ягор Кузьміч.

- Таварыш палкоўнік, гэтак жа і заікай можна зрабіць, - уздрыгнуў ад нечаканасці малады чалавек. - Цікавы дакумент, - ставячы на стол кубак з гарбатай, кіўнуў ён галавой на раскрытую тэчку.

- Маёр я, Слава, проста маёр. Ведаю, што ты мне хочаш запярэчыць. Сапраўды, быў падпалкоўнікам, але разжалаваны з цалкам рэвалюцыйнай фармулёўкай: «За страту палітычнай пільнасці і бытавую распушчанасць». Доўга з такім кляймом я на аператыўнай працы не затрымаўся і быў, з улікам былых заслуг, адпраўлены камандаваць ведамасным архівам. Вось такія справы. Так што маёрам і звольніўся. Гэта ўжо потым у запасе нейкі разумнік дадумаўся - і мне яшчэ раз, курам на смех, прысвоілі падпалкоўніка, да даты або да нейкага свята - ужо і не памятаю... А вось у лес цябе з сабой я б не ўзяў, - рэзка змяніў тэму стары чэкіст.

- Гэта чаму ж? Я спартовец, выдатнік па ваенізаваным кросе і арыентаванні. Тэсты на выжыванне не горш за іншых здаў у свой час.

- Глухі ты, вушэй на патыліцы няма. Я з кухні ішоў, лыжка ў кубку бразгала, рукі ж ужо трасуцца. Яшчэ вунь паперку скінуў, калі лупу на сваім стале браў.

- Вы гэта сур’ёзна? Я ж вось на... - хлопец пакрыўджана ткнуў паль­цам у тэчку.

- Чытаў, напэўна? Ды так уважліва, што і слых прытупіўся? - здзекліва спытаў стары. - А вось амаль дзевяностагадовы дзед падышоў да цябе, а ты і не пачуў, вунь здрыгануўся, калі пачаў размаўляць. Калі б гэта было ў лесе ці яшчэ пры якіх абставінах - і ўсё, праз тры дні ўжо б і жалобныя залпы над тваёй магілкай прагучалі. Ты давай толькі не крыўдуй і ў зануды мяне не запісвай. Калі ступіў на сцежку контрвыведніка, то абавязаны заўсёды і да ўсяго быць гатовым. Добра, - стары паляпаў хлопца па плячы, - чаго ты там ужо нагледзеўся, як ты кажаш, цікавага?

- Толкам яшчэ нічога і не прачытаў, - адазваўся малады чалавек, - толькі першую старонку прабег, падумаў, што трэба было б неяк гэта павялічыць, як вы падкраліся і вось прынеслі, - ён падняў руку з лупай.

- Ды хопіць дзьмуцца, не паненка! І не падкрадваўся я, гарбату во прынёс табе. Так што крыўдзіць мяне не трэба. Падкраўся, падкраўся! Вось падсохне, у лес як-небудзь з’ездзім, я табе там пакажу сапраўднае падкрадванне. Што там на першай старонцы? Я ўжо і падзабыў.

- Рашэнне ЦК Белкампартыі аб поўнай адсутнасці ў рэспубліцы арганізаванага супраціву савецкай уладзе ў сувязі з мудрым курсам КПСС.

- Вось так, Слава, а ты кажаш - бібліятэкі. У бібліятэках у нас у краіне заўсёды захоўвалі толькі тое, што было дазволена, а астатняе ці палілі, ці ў «спецхран».

- Але час жа які цяпер! Якія забароны? Усё, што было ў тых спецхра­нах, сёння ў кнігарнях на паліцах і ў сусветнай павуціне.

- Час - ён, Слава, вядома, іншы, але парадкі засталіся тыя ж, асабліва што тычыцца падобных пытанняў, і асабліва ў нашай магутнай дзяржаве. Ты гэта на будучае запамінай. Была ды і ёсць такая старая чэкісцкая мудрасць: чым менш народ ведае, тым мацней начальства спіць. Давай, гартай далей.

- Не, тут нешта алоўкам напісана, зараз прачытаю, - хлопец падсунуў аркуш бліжэй да лямпы, паднёс лупу, - нейкія скарачэнні і лічбы. Тры слупкі. Першы: “А.иС.Р”; другі - “Н.Я.иВ”; трэці - “Вр.Об”. Вось яшчэ - над імі “44-45”. Нічога не зразумела. Злева ад першага слупка ўніз ідуць літары: “У.”, “АиВ.П.”, “Р.”, яшчэ нейкія дзве ці тры, цалкам сцёртыя...

- Старая гэта бухгалтэрыя. Першы слупок - актывісты і саўработнікі, другі - нашы, ястрабкі і ваякі, трэці - агульная колькасць ворагаў. Літары ўніз: забітыя, арыштаваныя і ўзятыя ў палон, параненыя, а далей там толькі для ворагаў - знішчана бандфармаванняў, разгромлена баз, схронаў, лагераў. Ну, калі лічбы чытаюцца, лічы, а я пакуль па сваю гарбату схаджу.

Вячаслаў дастаў з кішэні нататнік, ручку і быў ўзяўся за няхітрую арыфметыку, але пачуў бразгаценне посуду на кухні і напружыў слых, робячы таропкія запісы.

- І якія тут у нас поспехі?

- Так. - паварочваючыся да старога чэкіста, не без гонару вымавіў юнак. - Вы на кухні зачынілі бляшанку з гарбатай і, хутчэй за ўсё, паставілі яе на месца, з цукарніцы насыпалі лыжкай цукар, размяшалі яго. Потым, потым... - ён зазірнуў у канспект, - адарвалі нейкую паперу і пайшлі сюды. Пакуль ішлі, лыжка бразнула, калі не памыляюся, пяць разоў. Усё! - з гонарам адрапартаваў ён.

- Малайчына! Нядрэнна, вельмі нядрэнна! Як там з падлікамі?

- Вось з гэтым тугавата. Лічыць і слухаць адначасова не атрымліваецца. Але я ж беларус, я ўпарты, я змагу, натрэніруюся. А палічыць... я гэта імгненна...

- Давай, лічы, а заадно і старэчую памяць праверым. - Прымружыўшы вочы, Ягор Кузьміч пачаў нягучна называць лічбы. - Арыштавана ворагаў: 17870, забіта - 3035, паранена - 5302, разгромлена бандаў - 914. Забіта з нашага боку з усіх катэгорый - 521, паранена - 1911, прапала без вестак

- 47. Так, здаецца?

- Ну, вы даяце, Ягор Кузьміч! Як гэта ўсё можна памятаць столькі гадоў! Усё, усё, лічу! Усяго атрымалася пацярпелых, - Вячаслаў на імгненне запнуўся і са здзіўленнем падвёў вынік, - амаль 27300, без чатырох чалавек! І гэта толькі, як я зразумеў, за адзін няпоўны год! Нічога сабе!

- Так, сумна. І ўлічы - гэта толькі, як цяпер кажуць, прамых стратаў, а колькі расстралялі па прысудах трыбуналаў і судоў як нацыяналістаў і памагатых, а колькі асуджаных на «сталінскай дваццатцы» так з лагераў і не вярнуліся? А колькі яшчэ проста мірнага насельніцтва загінула, звы- чайных сельскіх жыхароў, не партыйных, актывістаў, проста хлебаробаў

- іх увогуле ніхто не лічыў. Думаю, за першую пасляваенную пяцігодку тысячаў пад сто пяцьдзясят будзе. - Стары змоўк і пацяжэлай хадой вярнуўся да свайго фатэля.

2

У казарме, хоць вокны і расчынілі насцеж, было душна, пахла дзёгцем і чалавечым потам. За акном павольна ўставала жнівеньскае сонца. У старых, высокіх каштанах, ліпах і елках, якія растуць па ўсім перыметры ваеннага гарадка, ля навучальных карпусоў, ля штаба, у парку з аўтамабільнай тэхнікай бесклапотна пра штосьці сваё буркаталі галубы. Лёгкі туман падаўся з пустога пакуль пляца за казарму, да стадыёна, да паласы перашкод, да спартыўнага гарадка, за якім іскрыўся расой поплаў, што ўпіраўся ў раскідзістыя вербы на беразе доўгага і глыбокага возера Рупінер Зэе. Да пад’ёма яшчэ амаль гадзіна.

Зміцер, якому дасталіся самыя паскудныя гадзіны дзяжурства, адклаў беларуска-нямецкі размоўнік, устаў з-за маленькага століка, заклаў рукі за спіну і пацягнуўся. Некалькі разоў прысеў, падышоў да вакна. Яму ў гэтым ціхім, вылізаным нямецкім гарадку ўсё не падабалася. Ды не толькі гарадок, самі немцы, сама Германія не выклікалі ў ім асаблівага захаплення. Вядома, нацысты лепш Саветаў, каты і тыя, і тыя, але немцы хоць сваіх як сабак не знішчаюць. Вядома, не варта трымаць такія думкі ў галаве: не дай Бог, хтосьці здагадаецца ці падслухае іх! Тады труба! А ён ужо быў у гэтай трубе.

Вайна для лейтэнанта Чырвонай Арміі Дзмітрыя Іванавіча Стальмаха закончылася на другі дзень пасля яе пачатку. У палон сам не здаваўся, але і абараняцца да перадапошняга патрона, каб апошні пакінуць для сябе, як таго патрабавалі палітработнікі, не стаў. Усе здаліся - і ён з усімі. Там і ваяваць асабліва не было калі. Ноччу разбамбілі лагер, ні палка, ні штаба. Усе бягуць, усе крычаць, а немцы ўжо вакол, так што ні разу і не стрэліў. Праўда, пятліцы з кубарамі не зрываў, а вось камісарчык іх батальённы шаўрон свой партыйны адарваў, а потым і наогул салдацкую гімнасцёрку нацягнуў. Усе роўна не дапамагло. А ўсім вочы не выкалеш і язык не адрэжаш. Гэта толькі з выгляду армія адзіная і магутная, а калі паасобку - ледзь папружку паслабіў, дык усё і папаўзло-палезла. Якім бы ты партыйным не быў, а ў адзіночных акопах, калі на цябе танкі пруць, атэістаў не бывае.

Потым быў лагер. Нават не лагер, а так, загародка для двуногай жывёлы, нават не жывёлы - быдла хоць кормяць і карысць нейкую ад яго маюць. А тут сагналі, дротам сяк-так абматалі перыметр - і забыліся. Колькі народу ад ранаў, хвароб і галадухі перамерла. іх ні Сталін, ні Гітлер не лічылі. А палічыў бы Гітлер, накарміў, слова добрае сказаў ды на фронт адправіў - ужо, глядзіш, і да Урала б падыходзіў.

- Што ж гэта, Дзіма, як дзяжурства, дык цябе на ўспаміны цягне? - з уздыхам перапыніў ён свае роздумы. - Вунь лепш дойч вучы. Больш імпэту па службе, курсант Стальмах, і новае начальства цябе заўважыць.

- Гэй, дзяжурны, што гэта ты ранішнімі прыгажосцямі Вустраў лю­буется, ці не пара ўжо кукарэкаць? - нягучны голас Гінько вярнуў яго ў рэальнасць. - О, ты толькі глянь на яго. імперскую мову зубрыш, малайцом! - Міхаіл убачыў размоўнік.

Невысокі, добра складзены малады чалавек са стрыжанай, як ва ўсіх тутэйшых насельнікаў, галавой быў не проста земляком і сябрам, ён быў дабрадзеем і выратавальнікам. Менавіта Міхаіл праз правадыра беларускіх нацыстаў Акунчыца выцягнуў Зміцера з лагера ваеннапалонных. Паручыў- ся за яго і ўладкаваў сюды ў навучальны лагер міністэрства Усходніх тэрыторый Розенберга. Паўгода назад дахадзяга лейтэнант, упершыню за доўгія месяцы па-сапраўднаму вымыўшыся ў лазні, надзеўшы новую бялізну і нязвыклую форму, па дарозе ў сталовую даў сабе слова, што заўсёды - што б ні здарылася - будзе побач з гэтым валявым і фанатычным у сваіх перакананнях чалавекам.

Дальше