Улетку сорак трэцяга бацька пазнаёміў яе са Стальмахам, і пачалося новае, поўнае таямніц і канспірацыі, жыццё, дакладней, не жыццё, а падрыхтоўка да працы ў падполлі. Займаліся з ёй амаль заўсёды індывідуальна. Вучылі правільна хадзіць па вуліцах, каб усё бачыць і запамінаць, непрыкметна сыходзіць ад сачэння, абсталёўваць схованкі і рабіць закладкі, працаваць на радыёстанцыі. Былі заняткі па мінна-выбуховай справе, маскіроўцы, арыентаванні на мясцовасці, тайнапісе, шыфроўцы і аператыўных фотаздымках. Усё гэта рабілася ў імя будучай незалежнасці роднай Беларусі, але настаўнікамі ў яе амаль заўсёды былі немцы.
- Стаяць! - нягучны, але настойлівы голас вярнуў яе да рэчаіснасці. Алена затармазіла, злезла з ровара, закруціла галавой па баках. У галаве заскакалі ўразнабой самыя неверагодныя думкі і здагадкі. «Хто гэта мог быць? Лесавікі? Ястрабкі? Які-небудзь зброд з былых паліцаяў ці акаўцаў?» Адказ на гэтае, здавалася б, складанае пытанне мог быць толькі адзін: ды хто заўгодна мог сёння хавацца ў гэтым глухім лесе.
Патаптаўшыся хвілінаў пяць на месцы, не заўважыўшы ніякага варушэння ў маладым ельніку, Алена ўжо была вырашыла ехаць далей, як з-за вялізнай хвоі ступіў чалавек у савецкай вайсковай форме.
- Стаяць, гражданачка. Хто вы і якога чорта робіце ў гэтым лесе?
- Ой, дзядзечка, а вы самі хто? Напалохалі мяне да смерці, - а ў галаву, як у парожняе вядро, стукалі безадказныя пытанні: «Хто ён такі, савецкі ці пераапрануты, на «вы» звярнуўся, хутчэй за ўсё радзенец, але што яго загнала сюды? Можа, яны мяне ад хутара вядуць? Не, не можа быць, я б заўважыла. Так, калі савецкі, то павінен быць не адзін. Глядзі, глядзі вакол. Чэкісты паасобку не ходзяць. Бачыш, елкі варухнуліся. Вунь, з-за сасны зводдаль боты і нечыя калені ў галіфэ высунуліся.
- Глядзі, якая гаваркая! Ты яшчэ ў мяне дакументы папрасі прад’явіць, пігаліца. Што робіш у лесе? Адказвай на пытанне, - прыгожы малады ваенны, не спяшаючыся, падыходзіў да яе.
- Дык я, гэта, вунь на раз’езд еду да прыгараднага, мне трэба да Баранавічаў, а там начным ў Мінск, дадому.
- А што тут рабіла? - цёмна-сінія вочы ўважліва і з недаверам глядзелі на дзяўчыну.
- Дык я ад сваячкі еду, вось за прадуктамі мамка пасылала, бедна ў горадзе. - Алена паказала на плецены кошык, прывязаны да багажніка.
- А дакументы ў цябе ёсць, забеспячэнец? - ужо больш міралюбна спытаў вайсковец.
- Ёсць і дакументы, і квіток зваротны, я яго яшчэ ўчора ўвечары купіла. Колькі там часу ўжо, а то і спазніцца магу?
- Паспееш да свайго цягніка, паспееш. Адкуль ты, кажаш, едзеш?
- Дык я ж нічога вам такога і не казала, а еду я з Завожання. Там ля старых могілак цётка Тэкля жыве з дзядзькам Канстанцінам, вось ад іх і еду. А дакументы, дык вось яны, - дзяўчына трохі адвярнулася ад афіцэра, дастала з-за пазухі загорнутыя ў чыстую насоўку паперы. Вялікія пругкія грудзі, адчуўшы расшпіленыя гузікі, паспрабавалі вырвацца на волю. Бянтэжачыся, прытрымваючы ровар каленам, дзяўчына заштурхала сваё багацце назад, зашпілілася і аддала скрутак.
Паперы былі сапраўднымі.
Пасля вайны Яўгена Леанідавіча зноў арыштавалі, але вельмі хутка вызвалілі, аднавілі ў партыі. Залічылася ў партстаж і знаходжанне ў КП(б) ЗБ, узнагародзілі ордэнам «Чырвонай Зоркі» і прызначылі на высокую пасаду ў Савет Міністраў рэспублікі. За дакументы Алена не баялася, а палова вёскі бачыла, як яна мяняла ніткі ды іголкі на сала, сыр і яйкі. Ніякіх пасланняў пры ёй не было.
Афіцэр з яе дакументамі сышоў за ельнік і неўзабаве вярнуўся.
- Усё ў парадку. А Марнейка з Саўміна вам кім даводзіцца?
- Бацькам.
- Зразумела, зразумела. Не страшна адной у лесе?
- А чаго ўжо баяцца, мір жа. Я ж па гушчары не лажу. Ды і цётка казала, што спакойна ў акрузе. Ну што, мне можна ехаць?
- Можаце, вось вашы паперы. Толькі маё кіраўніцтва прыняло рашэнне адправіць мяне з вамі ў якасці суправаджатага. Не так спакойна ў гэтым лесе, як здаецца. Мяне завуць Ягор, - беручыся за руль ровара, назваўся мужчына. - Давайце сядайце на раму, я вас з ветрыкам дакачу да станцыі.
Пад нягучныя воклічы і жарты нябачных веселуноў яны падаліся насустрач свайму будучаму лёсу, везучы ў горад апошні загад няўлоўнага генерала Вітушкі аб пераходзе ўсяго беларускага супраціву на ашчадны рэжым працы. Розным, вельмі розным было гэтае нябачнае воінства: побач з ідэйнымі, гатовымі скласці свае галовы за будучую свабоду Радзімы байцамі былі і іншыя, далёкія і ад ідэй, і ад маралі. Агенты СД, нямецкай ваеннай разведкі, паліцаі ды і проста пакрыўджаныя Саветамі і вайной людзі, людзі, якія пераступілі нейкую нябачную рысу, пасля чаго вярнуцца ў звыклы для чалавека свет было ўжо амаль немагчыма. Пазней усіх іх назавуць безаблічным словам калабаранты. А пакуль ніхто з іх, уключаючы самога генерала, не ведаў, што ўся агентурная сетка Абвера з падачы любімца Канарыса Рэйнхарда Гелена яшчэ з зімы сорак пятага года паступова перайшла пад амерыканскае камандаванне і фінансаванне. Дружба былых саюзнікаў, як і прадказвалі многія разумныя людзі, вельмі хутка скончылася. Ды і як ёй было не скончыцца, калі з аднаго і другога боку з-пад масак добразычлівасці тырчалі воўчыя іклы. Паспешліва на старыя дрэўкі нацягваліся сцягі новай барацьбы. Але да яе былі гатовыя не ўсе.
13
Памінкі па Сапліцу былі нядоўгімі, дзень выпаў будзёны, і народ, трохі пасядзеўшы, паўзгадваўшы, паплакаўшы, пачаў раз’язджацца. Хутка за сталом засталіся толькі Казімір, яго тры сыны, жонка Паліна, Стэфа са Скаргам і яшчэ трое моцна п’яных мужыкоў з суседняй выміраючай вёскі.
- Моцным гаспадаром быў твой бацька, - хістаючыся, падняўся з лавы адзін з іх, - для зямлі ні сябе, ні іншых не шкадаваў. Многія нашы калгаснікі, якія зла яму жадалі, зайздросцілі яму. За ўсё зайздросцілі. За тое, што ў калгас не пайшоў, зямлі сваёй не аддаў, ды і за ўсё іншае, - мужык махнуў рукой, абвёў усіх мутнымі вачыма, - і мой бацька таксама не любіў нябожчыка...
- Ну а чаго ж ты тады на яго падворку яго гарэлку п’еш? - гучна і выразна спытаў Скарга.
- А ты хто такі? Мы цябе не ведаем, - заступіўся за яго каржакаваты дзядзька з пачарнелым ад «чарніла» тварам. - Ты гэта, Фёдар, працягвай казаць, а то тут некаторыя...
- Усё, мужыкі, памянулі дзеда - і пара па хатах, а то, я гляджу, вы ўжо не супраць і на кулачкі ўстаць, - Паліна бесцырымонна ўзяла за каўнер дваіх і выштурхала з двара. Трэці падаўся ўслед за імі сам.
- Гэй, памінальцы, вось вам яшчэ бутэлька - і каб я духу вашага больш сёння тут не бачыла.
- Ну а вы, мужыкі, чаго, хвасты падціснуўшы, сядзіце? - спытала Стэфа.
- І дзякуй Богу, што сядзяць. З п’янымі ў нас заўсёды бабы разбіраюцца, а калі мужык з мужыком - усё мардабоем і панажоўшчынай заканчваецца. Тым, - Паліна матлянула галавой на ўжо зачыненыя вароты, - без розніцы, што дровы секчы, што людзей.
Жанчыны пачалі прыбіраць са стала, дзеці разбіраць сталы і навес. Мужчыны, захапіўшы бутэльку, падняліся ў верхні дом.
- Ну і добра, што Стэфка вырашыла замуж выйсці, пара ўжо. Адна, безгаспадарная ў Мінску, гэтакае дабром не канчаецца. Мужчына ты з выгляду моцны. Чым займаешся?
- Служу.
- Іншага адказу і не чакаў, у іх усе там служывыя. Толькі служба сёння
- дохлая справа, сям’ю асабліва не пратрымаеш. І пашаны ніякай, іншы хто яшчэ ў метро і на спіну плюнуць наравіць, асабліва міліцыянерам, сам бачыў. Хоць гэта як каму. За сябе я табе так скажу: служба - гэта не маё. Не магу я, каб нада мной нехта стаяў, напэўна, бацька так выхаваў. Я сам сабе галава. Вунь бачыш - усё, што вакол, усё маё. І майму роду заўсёды належала. Слухай, Вячаслаў, а ты ведаеш, продкі нашы па-суседску Міцкевічам морды білі. А потым судзіліся ледзь не да смерці. Якраз з тымі самымі Міцкевічамі. Адам іх знакаміты тут недалёка нарадзіўся ў фальварку Завоссе ад беднага шляхціца і багатай габрэйкі. А памёр гэты Адам у Стамбуле ад халеры, збіраючы добраахвотнікаў для вайны з Расіяй на баку ангельцаў, тады нейкая чарговая вайна за Крым ішла... Ды ну іх, гэтых Міцкевічаў, хоць «Пана Тадэвуша» на памяць і па-беларуску, і папольску ведаю, - Казімір замоўк, як быццам абдумваючы нешта вельмі важнае. - Слухай, ты ж мне амаль швагер, то бок радня, пры тым не такая ўжо і далёкая. Табе можна давяраць?
- Давер - справа слізкая, тым больш чужому, незнаёмаму чалавеку...
- Які ж ты чужы, калі ты жаніх маёй сястры? Жаніх - гэта ж ужо зусім блізка да шлюбу. У некаторых сем’ях, калі ксёндз блаславіў, маладым і спаць разам дазваляюць. Хоць сёння ўжо мала хто і на традыцыі, і на забароны глядзіць. Мы вунь з Полькай на сёмым месяцы бралі шлюб. Летам не было калі, працы безліч, вось да восені і дацягнулі. Ці ты вырашыў дзеўцы галаву пакруціць-пакруціць - і кінуць? Тады б ты лепш да нас сёння не прыязджаў.
- Ну вось, пры чым тут нашы са Стэфай адносіны і твой давер да мяне? Ты мяне першы раз бачыш, я цябе ўпершыню ўбачыў, аб якім даверы можа ісці гаворка? Хоць гледзячы што ты мне збіраешся распавесці. Можа, у гэтай інфармацыі і сакрэту ніякага няма...
- Не, і сакрэт, і таямніца ў гэтым ёсць! Давай памянём дзеда, гэта ён мяне ў гэтую справу ўцягнуў, - Казік напоўніў чаркі, узяў сваю і, падняўшы твар да неба, як быццам чокнуўшыся з кімсьці там наверсе, папрасіў: - Баця і вы, дзяды, падкажыце, навучыце, дайце разглядзець чалавека! - і выпіў.
Слава выпіў без рытуальных пытанняў і просьбаў, толькі нечакана для сябе самога перахрысціўся.
- Ты схізматык? - заўважыўшы праваслаўны знак, спытаў амаль швагер.
- У нас у родзе з рэлігійнай прыналежнасцю заўсёды былі праблемы. Бацькі не стала даўно, і ён, хутчэй за ўсё, быў атэістам. Дзед, царства яму нябеснае, праваслаўны, казаў, што бацькі хрысцілі двойчы: спачатку ў знаёмага папа, а потым на наступную раніцу бабуля аднесла да свайго ксяндза. Сама бабуля і ўсе па яе лініі - каталікі, дзядзька па татавай лініі і яго жонка таксама каталікі, мама ўніяцкай і ніякай іншай царквы не прызнае. Мяне ў маленстве хрысціў уніяцкі бацюшка, а ў дзясятым класе я сам пайшоў і пахрысціўся ў адным праваслаўным манастыры ў Польшчы.
- Ох і дзівосныя твае справы, Госпадзе! У Польшчы і ў праваслаўе! А ты ведаеш, што Стэфанія каталічка?
- Яшчэ б, яна гэта ледзь ці не ў першую хвіліну знаёмства выдала, як браню сваёй нявіннасці.
- Ты дарма іранізуеш, для нас касцёл і Бог значаць вельмі многае. Заўсёды павінен быць час для малітвы і для цішыні душы. - Казімір трохі памаўчаў, прыняў рашэнне і рашуча працягнуў: - Давай так: я табе пакажу некаторыя паперы, а ты іх ацэніш як эксперт. Ты ж і служывы, і, сястра гаварыла, нясвіжскі хлопак, ды яшчэ аматар гісторыі. Так?
- Ну.
- Давай разлівай пакуль, а я зараз вярнуся.
Новы дом новага гаспадара наваколляў быў выбудаваны грунтоўна ў псеўдакласічным стылі малой шляхецкай сядзібы з двума калонамі, бакавымі флігелямі і невялікай мансардай. Яны з Казімірам размясціліся на шырокай тэрасе з рассоўнымі шклянымі сценамі і зручнай, мудрагеліста выкаванай мэбляй. Вячаслаў разліў пітво і толькі цяпер заўважыў, што п’юць яны нейкі бурштынавы напой з прыемным пахам і смакам.
З тэрасы адкрываўся захапляльны выгляд на навакольныя палі і пералескі. Ён налічыў пяць перспектыў да суцэльнай лініі гарызонту. «Ого-го! Нібы ў гарах!»
- Што, швагер, любуешся? Ну, давай, любуйся, мы, у адрозненне ад гарадскіх, за прагляд грошай не бяром. Згодны, брат, прыгожа тут! А чаго ж ты хацеў - Літва старадаўняя тут свой пачатак брала! Для мяне і для дзяцей маіх гэта не ахі-ахі заваконныя! Для мяне гэта частка маёй асабістай светабудовы. Ты б бачыў, якія тут ранкі! А якія зоркі на Каляды! Бацька, ён, таго не ведаючы, вунь якую мне спадчыну пакінуў,
- Казімір павёў вакол рукой. - Ну што, наліў? Малайчына! Давай за прыгажосць Божую!
Выпілі.
- Вось глядзі, - ён на чыстым канцы стала разаслаў ломкі ад часу аркуш тоўстай пажоўклай паперы.
Вячаслаў увесь сцяўся, яму здалося, што гэта яго паперы з дзедавага схова; паставіўшы чарку, ён ступіў бліжэй і з палёгкай выдыхнуў: гэта былі нейкія старадаўнія чарцяжы.
- Ого, ды гэта, па-мойму, Нясвіжскі замак, - на змену здзіўленню прыйшло шчырае захапленне, - бачыш - іх арол з трубамі? Чакай, чакай... нічога сабе - тысяча пяцьсот пяцьдзясят першы год!
- Ну, і каштоўная гэтая папера?
- Думаю, што вельмі. Магчыма, гэта арыгінал сапраўдных чарцяжоў замка, пасаджанага на старое замчышча трынаццатага стагоддзя. Калі знайсці ўсе лісты, то можна разгадаць усе таямніцы Радзівілаў.
- Так, добра-добра, спадар эксперт. А вось гэта што такое і якая такіх паперак цана? - гаспадар дома, нібы сапраўдны штукар, паклаў каля аркуша тоўсты сшытак у чорнай скураной вокладцы.
Вячаслаў без асаблівай цікавасці ўзяў яго ў рукі, разгарнуў. На першай старонцы пасярэдзіне было выведзена пабляклымі ад часу чарніламі: «Журнал уліку аператыўных данясенняў разведкі Навагрудскай акругі Арміі Краёвай». Амаль увесь сшытак быў спісаны прыгожым хуткім почыркам па-польску. Запісы, хутчэй за ўсё, адносіліся да дзеянняў польскага супраціву ў тутэйшых мясцінах у часы мінулай вайны.
- Ты ведаеш, гэта таксама цікавы дакумент, - перагортваючы старонкі, імкнучыся вырваць вачыма хоць некалькі фраз на прызабытай мове і зразумець іх сэнс, вымавіў Скарга. - Вядома, гэта не роўня першай... пачакай, пачакай. - Вячаслаў нават прысеў на каваны ўслончык. - А вось гэта сапраўды цікава! Вельмі цікава! Кепска, калі не ведаеш мовы ды яшчэ яе забудзеш. Слухай, Казімір, - адарваўшыся ад гросбуха, ён падняў на суразмоўцу ўсхваляваны твар, - дай мне. - ён на секунду запнуўся, прыкідваючы, за колькі можа адужаць дакумент, - напэўна, на які тыдзень гэты талмуд. Хачу сам прачытаць і аднаму дасведчанаму чалавеку паказаць. Ты не сумнявайся, вярну абавязкова.
- Так, добра, сваяк, як ні як, бяры. У мяне дабра гэтага цэлых тры куфры. Палякі, калі пасля вайны змываліся на захад, яшчэ майму дзеду на захаванне скрыні пакінулі. Грошай далі. Абяцалі вярнуцца, ды, відаць, перамерлі ці перабілі іх, ды і часу прорва мінула, так і не прыйшлі. Ты лепш прыкінь, за колькі гэта можна прадаць, мне то гэтыя ваенныя і княжацкія таямніцы ні да чаго, мне вунь трактар новы купіць трэба, навясны рыштунак да яго. - Хутаранін замоўк, сеў побач, падсунуў да сябе бутэльку, не спяшаючыся наліў чаркі, адну падсунуў швагеру, цяжка ўздыхнуў.
- Не, боязна мне, - вымавіў спакойна і рашуча гаспадар, - трэба было больш выпіць, а ўжо потым заводзіць размову пра гэта. Не крыўдуй, не магу я так адразу ўсё табе выкласці, хоць трохі прывыкнуць да цябе трэба. А сшытак гэты бяры хоць назусім, ну і план гэты таксама вазьмі, вы ж усё адно заўтра ў Нясвіж паедзеце, можа, там, у музеі, пакажаш. Так і скажы, маўляў, прадаецца гэтае дабро, бацька ў спадчыну пакінуў, а сыну без патрэбы. Ты, галоўнае, за бясцэнак не аддай там...
- Дзякуй за давер, усё вярну, калі пакупніка не знайду. Упэўнены, Равіч за план ухопіцца. А ты кажаш, аркушаў такіх шмат. - беражліва крануўшы артэфакт, спытаў Скарга.
- Адзінаццаць, гэты агульны, а яшчэ асобна былі вычарчаныя сцены, гарышчы, падвалы, вежы, мне так здалося, я ж у інстытуце сельгасмашыны і абсталяванне вывучаў, і чарцяжы трохі чытаць умею, кароўнік ад жылога дома адрозніць магу.
- Я, вядома, не эксперт, але такія рэчы могуць каштаваць вельмі вялікія грошы, вельмі вялікія. У Нясвіж прапаную паехаць разам.
- Не, мне заўтра некалі, ты давай сам пакажы і вяртайся. Там, можа, і я саспею, каб табе адкрыцца. Стэфанія няхай у нас пабудзе, калі захоча. Хадзем, сядзібу пакажу. Толькі давай спачатку яшчэ раз бацю памянем.
Выпілі. Казімір прыбраў паперы ў дубовы сервант, які стаяў на верандзе, напэўна, яшчэ з даваенных часоў.
- Давай з птушніка пачнём, там у мяне экзотыка: фазаны, паўліны.
- Пярэчанняў няма. А гэтых польскіх сшыткаў, ты кажаш, некалькі скрынь?
- Ці не тры, такія пластыкавыя нямецкія скрыні з іх арламі. Я і не ведаў, што ўжо тады пластык быў. Замкавыя аркушы таксама там ляжалі.
Скаргу як быццам маланкай ляснула: «Опанькі! А ці не гэтыя скрыні прыехаў шукаць дзіўны госць Нясвіжскага ксяндза? Тэрмінова трэба ляцець у Мінск да Ягора Кузьміча, паказваць дзённік, і, калі ён пацвердзіць яго сапраўднасць, браць у шчыльны абарот паляка. Так, з гэтым «Чорным катом» інфармацыя пакаціла. То нічога - то цэлы воз. У польскім сшытку яго вочы зачапіла данясенне пра нямецкую аперацыю «Мая любімая котка». Не тузайся, таварыш опер, ідзі і глядзі курэй, цясарак, улазь у душу да будучага сваяка, рабі ўсё, але разгавары яго! Усё правільна Казімір сказаў: пасля вайны пакінулі «акаўцы» скрыні на хутары яго дзеду на захаванне, грошай на каня далі і абяцалі вярнуцца і забраць скрыні. Цікава. І паляк гэты прыезджы тое ж пра хутар казаў. Усё сыходзіцца. Толькі вось ці той гэта хутар?»