«Чорны кот» - Казаков Юрий Николаевич 15 стр.


Да шаснаццаці гадзін карціна знішчэння бандгрупы Яўгена Джыхара, капітана вермахта і маёра беларускай вызваленчай арміі, выглядала наступным чынам: райаддзелам, узмоцненым дасведчаным аператыўнікам з Мінска, пад кіраўніцтвам начальніка абласнога ўпраўлення падпалкоўніка Тарасевіча была спланаваная і праведзена аперацыя, у ходзе якой на меркаванай яўцы бандыта была засада. Бандыты блакаваныя. Падчас боесутыкнення два затрыманыя, Джыхар у перастрэлцы забіты, з нашага боку стратаў няма, адзін супрацоўнік лёгка паранены.

У параненыя запісалі малодшага лейтэнанта Пышку, які з мітусні глы- бока разадраў бок, зачапіўшыся ў нейкім хляве за цвік.

Як і належыць у такіх выпадках, абмыўшы паспяховую справу, выйшлі праводзіць начальства ўжо ў паўзмроку.

- Яшчэ раз дзякуй табе, Рыгор Арцем’евіч! - моцна паціскаў руку начальнік упраўлення. - Малайчына! Я ж сваё абяцанне не забыўся. За тыдзень падбяру табе замену - і ўсё, давай у Гродна! Рады?

- Таварыш палкоўнік, а можа, не трэба мяне, ну таго, у горад... Нам з жынкай і тут добра. Ды і сельскія мы людзі, каго-небудзь сюды гарадскога паставіце, дык ён жа пакутаваць будзе, якая тут яму работа? Мне б маёрскую зорку на пагон і прэмію, каб хатку падрамантаваць, і ўсё.

- Ох і хітры вы народ, хахлы! Лычку сваю не ўпусціце! Ну, на тым і дамовіліся, - з відавочнай палёгкай вымавіў начальнік. - Будзе табе, ка­штан, і маёр, і прэмія. Вы сёння асабліва не піце, як бы з лесу не прыйшлі паквітацца за гэтага падонка.

Начальства з’ехала, сядзець за сталом асабліва не хацелася, ды і стаміліся ўсе за гэты такі доўгі і цяжкі дзень, так што, выпіўшы па пары чарак, сталі разыходзіцца. Ад прапановы Рыгора ісці начаваць да яго Ягор катэгарычна адмовіўся. Выпіўшы яшчэ з дзяжурным чаю, ён пайшоў спаць у свой пакойчык. Ледзь галава кранулася цвёрдай, як камень, падушкі, капітан праваліўся ў бяздонны сон, які гадзіны праз дзве выштурхнуў яго назад у душную рэчаіснасць пакоя. Сэрца калацілася ад нейкага незразумелага страху, ліпкі, агідны пот каціўся па лбе, шчоках, шыі, падушка была вільготнай ад яго. Перавярнуўшы набіты ватай прастакутнік, запраўлены ў казённую з чорнымі штампамі навалачку, ён сеў на ложак, выцерся ручніком і пачаў услухоўвацца ў цішыню ночы. Не, усё нібыта спакойна, дзяжурны не спіць, толькі што прайшоў па калідоры, загрымеў імбрыкам.

“Пайду і я гарбаты глытну, а то мешаніна з гарэлкі, начальніцкага каньяку і мясцовай самагонкі на мае мазгі зусім дрэнна дзейнічае”.

Гадзіннік у дзяжурцы паказваў палову на трэцюю.

- О, таварыш капітан, самы сон, а вы на нагах, - падсоўваючы вайсковую эмаляваную кружку, узрадавана прамовіў старшы лейтэнант. - Чай добры, грузінскі, у сельпо завезлі, так што мы ўсе ім атаварыліся.

- Не спіцца нешта, напэўна, старэю... За чай дзякуй. Усё ціха?

- Ды, здэцца, цішыня, толькі вось з паўгадзіны назад сабакі разбрахаліся там, дзе гэтага нацыяналіста застрэлілі. Я нават на ганак выйшаў. Нічога, пастаяў, паслухаў, ды скора і сабакі брахаць перасталі. Вартавы сказаў, што гэта яны ўжо другі раз там заліваюцца.

- А вартавы адкуль узяўся?

- Дык мы ж праз плот з міліцыяй размешчаны, а ў іх пры ўзмацненні заўсёды вартавыя стаяць. Яшчэ адзін пост ля райкама партыі і райвыканкама, і адзін на выездзе з горада.

- Сапраўды добры чай, дзякуй, аж аджыў. Ты ведаеш, пайду я прайдуся на той канец, дзе сабакі брахалі. Мяне нейкія кепскія прадчуванні яшчэ з учарашняга дня грызуць.

- Цур мяне! Таварыш капітан, не трэба вам нікуды хадзіць, ды яшчэ аднаму. Пра гэтага Джыхара ў нас рознае распавядаюць, байкі, вядома, але ўжо вельмі страшныя. Я і сам бачыў, што ён з людзьмі рабіў, на такое чалавек няздольны! Кажуць, ён нікога не шкадаваў, ні сваіх, ні чужых. Аднаму паліцаю яшчэ пры немцах уласнаручна язык адрэзаў, за тое, што ён па-руску з ім загаварыў. Простых сялян ніколі не чапаў, усё, што нарабаваў, раздаваў людзям. Многія яго ў нас заступнікам лічылі. Песні народныя любіў і сам нядрэнна спяваў. Не хадзіце вы нікуды, капітан, вунь лепш яшчэ чайку - і на бакавую. Ведаеце, - лейтэнант нават панізіў голас, - у нас старыя бабы кажуць - пярэварацень ён, гэты Джыхар, і проста так забіць яго немагчыма.

- Старлей, колькі табе гадоў?

- Хутка дваццаць чатыры...

- Ты камуніст?

- Не, пакуль толькі кандыдат, а што? У лістападзе тэрмін кандыдацкі канчаецца...

- Тады якія пярэваратні? Гэта ніяк не ўкладаецца ў матэрыялістычную тэорыю свету. Ты гэта кінь, містыку ў нас у канторы ой як не любяць.

- Ды якая тут містыка! - дзяжурны ўстаў і нават зашпіліў каўнер гімнасцёркі. Яго злёгку рабаціністы твар пачырванеў. - Ды я сам сведка. Мы яго на адным хутары падпільнавалі. Двух ягоных хлопцаў забілі і ў яго куль пяць дакладна ўсадзілі, нас жа восем чалавек было. Бачылі, ён упаў ля хлява. Мы туды бягом, крывішча на траве, а Джыхара няма. Усё абшукалі - няма, як скрозь зямлю праваліўся. Мы той хлеў са злосці нават спалілі. Вось, а вы - містыка, містыка. У мяне, між іншым, па марксісцка-ленінскай філасофіі пяцёрка. А гэты гад, пярэварацень ён ці не пярэварацень, недзе праз месяц прыйшоў у дом да старшыні сельсавета, які тады нам шапнуў пра той хутар, і перабіў усю яго сям’ю! Усю, разумееце? Пасек і старых і малых, ногі адсёк і як кумпякі вэндзіць павесіў у вяндлярні за хатай, а галовы на частакол насадзіў. Вось вам і ўвесь матэрыялізм.

- Прабач, старшы лейтэнант. Дзіўны ён нейкі атрымліваецца чалавек, гэты бандыт: то людзям дабро раздае, песні спявае народныя, а то горш за лютага звера, так ці не?

- А я вам што кажу! Яго разоў шэсць ужо забівалі, з учарашнім будзе сем, і разы чатыры хавалі, і магілы былі, і надпісы на крыжы. Ды пустыя там дамавіны закапаныя, мы правяралі, хоць людзі бажыліся, што з нябожчыкам іх зямлёй засыпалі.

- І ўсё ж прайдуся я. Ты не бойся, мяне таксама не ўсякая куля бярэ, кажуць - загавораны.

- Таварыш капітан, а як жа матэрыялізм? - усміхнуўся дзяжурны. - Вось вам на ўсялякі выпадак аўтамат нямецкі, ён нічыйны, хтосьці з год таму ў дзяцей адабраў, так у дзяжурцы і валяецца. Магазін там поўны, сам сёння, на ўсялякі выпадак, зарадзіў.

- Спадзяюся, срэбнымі кулямі?

- Вы гэта на пярэваратняў намякаеце, так? Дык я ж і рады быў бы, толькі вось пры Гітлеры такіх боепрыпасаў не выпускалі. Вы там, праўда, асцярожней.

- Добра.

Капітан выйшаў на вуліцу. Восеньская цемра яшчэ не цалкам адолела наваколле, і начную цемру ўжо паступова раз’ядала перадсвітальная шэрасць. Лямпачка над ганкам свяціла цьмяна, такім жа нязыркім здавалася і святло ліхтара на міліцэйскай палове. Вартавога не ўбачыў. Дзяжурны спрытна яго абагнаў і адамкнуў замок на брамцы.

- У вас ліхтар ёсць? - ціха спытаў ён.

- Ёсць.

- Вы і мой вазьміце на ўсялякі выпадак.

На вуліцы было яшчэ святлей. Зручней павесіўшы аўтамат, Ягор падняў з абочыны палку, каб было чым пры выпадку адагнаць сабак, і, не спяшаючыся, пайшоў да ўскраіны горада. Мінуўшы чатыры скрыжаванні, ён на пятым павярнуў налева. Тут вуліца забірала дугой управа і падымалася на невялікі пагорак, напрыканцы яна пашыралася ў невялікі лужок, які служыў жыхарам выганам.

Крайні злева дом і быў месцам учарашняй бітвы, калі верыць прыдуманым начальствам данясенням. Шэры, самотны, ён стаяў неяк асірацела.

“Калі ўжо гэта ўсё скончыцца? - сядаючы на вялікую калоду з процілеглага боку вуліцы, падумаў Ягор, - усё страляем, страляем, льём кроў, а дзеля чаго? Дзеля якой свабоды, якой такой праўды і вышэйшай справядлівасці? Хто застанецца пераможцам у гэтай вар’яцкай вайне? Каго нашыя праўнукі будуць лічыць героямі, а каго праклінаць? Чаму, чаму Бог, калі ён ёсць, даў свету гэтулькі шмат розных праўдаў, чаму падзяліў нас на рускіх, беларусаў, украінцаў, яўрэяў, немцаў? Чаму тых жа беларусаў падзяліў на праваслаўных, каталікоў, баптыстаў, камуністаў, нацыяналістаў і зрабіў нашыя душы глухімі адна да адной? Хто яны, гэтыя нацыяналісты, чаму ніяк не ўгамоняцца, што ім трэба? Бо іншай Беларусі, іншай краіны ўсё роўна ўжо не будзе. Ёсць тое, што ёсць. Лесавікі - гэта спадчына вайны, яе спараджэнне, яны прыліплі да Гітлера, замазаліся і перад светам, і перад сваім народам. Калі так, то які тады к чорту нацыяналізм, які клопат пра чалавека простага? Недарэчна атрымліваецца: у іх свой нацыяналізм, у нас свой - савецкі, а ў людзей з аддаленых вёсак, выходзіць, - свой! Галаву можна звярнуць. - Ягор паспрабаваў пазбавіцца дурных думак і прыслухацца да начы, але незразумелая, няведаная дагэтуль злосць закіпела ўнутры. Злосць на сябе самога. - А хто табе сказаў, што ты маеш рацыю? Яны прыліплі да Гітлера, ты прыліп да Сталіна! Ці Цанава з Панамарэнкам пра твой народ дбалі, лепшай яму долі жадалі? Дай ім волю, яны б тваімі рукамі яшчэ і не столькі людзей на той свет і ў Сібір адправілі б. Ты ўжо хоць перад самім сабой душой не крыві. Памаўчы ўжо лепш. Невядома яшчэ, дзе б ты быў, калі б партыя накіравала бацьку ў Маскву, спачатку вучыцца, а потым і працаваць. Не толькі твой, але і бацькаў лёс невядома як склаўся б. Ды і які ты беларус? Вунь песню народ­ную першы раз ад Алены пачуў. Напэўна, і Джыхару гэтая песня прыйшлася б даспадобы. Калі Джыхара гэтага ўзяць - хто ён? Бандыт? Так, бандыт пры любых раскладах! Немцам служыў? Служыў! У тыл да нас закідвалі? Закідвалі! Калі верыць павешанаму ў Мінску ў сорак восьмым Усеваладу Рэдзьку, закідвалі тры разы, і крыж ад фашыстаў меў, і медаль. А хто ён быў у душы, пра што думаў сам-насам? Ад чаго такім зверам стаў, што яго да фашыстаў падштурхнула? Так, дзіўныя думкі апанавалі табой, Ягор Кузьміч, зусім не чэкісцкія, ды і не да месца яны. Ты ж цяпер сваёй нікчэмнасці апраўданне спрабуеш знайсці. Але і бандыт - ён жа таксама шукае апраўданне сваім зверствам. І як ні круці, і ён знойдзе яго, і ты знойдзеш. Вайна была, і кожны свой зрабіў выбар. Вайна - гэта вадападзел...

- Каго пільнуеш, сынок? - прагучаў за спінай ціхі старэчы голас, прымусіўшы здрыгануцца.

Ягор уключыў ліхтарык і павярнуўся. Каля калоды стаяла маленькая бабулька ў зрэбнай доўгай спадніцы і такой жа блузе, на якую была апранутая ватняя безрукаўка, з-пад шэрай шчыльнай хусты выглядваў домік белай хусткі. Засланіўшыся рукой ад святла, старая пераступала босымі нагамі.

- Бабуля, ты мяне напалохала, - выключыўшы ліхтарык, прызнаўся капітан.

- Відаць, моцна задумаўся, вось слых і адняло. Толькі дарэмна ты тут пільнуеш, сышоў ён ужо, гадзіны дзве як сыйшоў!

- Хто сышоў?

- Ды салдацік. Выйшаў з Сацэвіцкай хаты, пастаяў, пастаяў, паслухаў. Сабакі забрахалі, ён і пайшоў агародамі да лесу. Я думала, можа, ваш.

- Дакладна салдацік, бабуля? - Ягора закалаціла.

- Ды ці ж я сляпая? Салдацік, у пілотцы, з мяшком за спінай, невы­сок такі, шырокі.

- Не павінна было там быць ніякага салдаціка. Той, які быў, той у нямецкім фрэнчы і ў салдацкай кепцы, яго раніцай забілі...

- А да суседкі нашай двое ўчора ноччу зайшлі, як браты - падобныя і ростам, і адзеннем...

- Вось табе і пярэваратні ленінскага матэрыялізму, - праз зубы працадзіў капітан.

- Чаго гэта ты, сынок, такое казаць пачаў. Крый цябе Божа, нельга пра іх да світання і слова мовіць! Нават калі шэптам пра гэтую погань скажаш - яны ўжо тут як тут. Так што лепей памаўчы, а я, як старыя людзі калісьці вучылі, ціхенька памалюся.

18

Да Нясвіжа даехалі хутка. Равіч не выпускаў з рук старадаўніх папер і гатовы быў зубамі загрызці любога, хто не тое каб працягнуў да іх руку, а нават падумаў бы пра такое блюзнерства.

Паляк маўчаў, толькі на паваротах і выбоінах злёгку стагнаў, прыкрываючы рукой забінтаваную рану.

“Яго б па-добраму ў бальніцу трэба, усё прамыць, зашыць, уколы зрабіць, а то, глядзі яшчэ, памрэ”, - Скарга падумаў, а ўслых дадаў:

- Слухай, Міхал, Раіса твая сёння раптам не дзяжурыць у сваім прыёмным пакоі?

- Век жыві, браце! Не паверыш, я пра гэта цяпер падумаў. Зараз даведаюся, камандзір.

Раіса была таемным гонарам Равіча і легендай для ўсяго вакольнага люду. Па-першае, яна называла сябе Раіса, з націскам на апошнім складзе, па-другое, лічыла сябе прадстаўніцай княжага роду наваградскіх татараў, якія прыйшлі служыць Вітаўту Вялікаму, па-трэцяе, з рэўнасці, як распавядае мясцовая паспалітая пагалоска, яна парэзала адну прыхільніцу Равіча, якую сама ж потым і зашыла. А яшчэ, з усё той жа рэўнасці, паласнула нажом мясцовую прыгажуню, ды яшчэ ў дадатак парэзала і мужа гэтай няшчаснай, між іншым, чэмпіёнкі раёна па культурызму. І, як ні дзіўна, пасля такіх подзвігаў яе нават не пасадзілі, нават справы не завялі.

Раіса іх сустрэла дзелавіта, агледзела параненага, пахітала галавой і зрабіла ўколы.

- Во красата: што рэжа, што шые - любата! - шапнуў Міхаіл. - Агонь, ва ўсіх сэнсах гэтага старажытнага слова. Але адгаворвацца за тваю страляніну давядзецца мне аднаму.

- Дык табе ж не прывыкаць, ды і ў ахвоту, - выкруціўшыся ад сяброўскага ляшча, Вячаслаў выскачыў на вуліцу.

Да дома ксяндза пад’ехалі ўжо спелай раніцай. Сабакі за высокім плотам не падавалі прыкметаў жыцця, стаяла ідэальная правінцыйная цішыня.

Сваякі пры сустрэчы шчыра ўзрадаваліся адзін аднаму і залапаталі пасвойму так хутка, што Скарга, як ні стараўся, не мог зразумець ніводнага слова. І яму неўзабаве надакучыла гэтая траскатня.

- Давайце так, святы айцец, сямейныя разборкі пакіньце на потым, а пакуль дамовімся пра дзень сённяшні. Прапаноў дзве. Першая: мы цяпер едзем у міліцыю і заводзім крымінальную справу супраць вас і вашага сваячка-крымінальніка. Другая: вы разам з ім пішаце падпіску аб супрацоўніцтве з органамі бяспекі - і мы забываем пра існаванне адзін аднаго. Падпіска ваша застаецца ў мяне як запарука нашай узаемнай павагі, ходу я ёй не дам, а гады праз два і зусім гэтыя паперкі вам аддам.

- Згода, - за сябе і за ксяндза адказаў Станіслаў, - напішам. Дыктуйце, пан афіцэр.

Уладзіўшы ўсе фармальнасці і “пасябраваўшы”, выпілі кавы.

- Ну і апошняе, - устаючы і пляскаючы сябе па каленях (“Зусім як дзед”, - падумаў Скарга), ён прамовіў: - Сваяк ваш абяцаў кампенсаваць забітага ім сабаку лепшым шчанюком з вашага гадавальніка. Так, Станіслаў?

- Так, Марэк, так! - бачачы незадаволеныя жэсты ксяндза, раздражнёна вымавіў сваяк. - Я пакіну пенёнзы за шчаняку.

- Айцец, усё будзе добра, - нечакана ўмяшаўся ў іх размову Равіч, - можа так стацца, што ў касцёл будуць у хуткім часе ахвяраваныя вельмі каштоўныя дары, якія некалі вашаму ж касцёлу і належалі. У вачах парафіянаў і біскупа гэта будзе выглядаць вельмі значна і, я думаю, пакрые ўсе шчанюковыя выдаткі. Падумайце.

- А што то могуць быць за дары?

- Калі мы будзем менш сварыцца, то, магчыма, вечарам я іх вам і пакажу, святы айцец, - адказаў, перапоўнены пачуццём уласнай годнасці, дырэктар музея.

Выбралі сімпатычнага ратвейлера, які на гучныя воплескі і звон ключоў не хаваўся за мамку, а з цікаўным выразам на мілай пысачцы ішоў на гук, ды яшчэ і рыкаць спрабаваў. Пасадзіўшы шчанюка ў кошык, усе развіталіся і разышліся.

Равіч накіраваўся ў свой замак, а потым, хутчэй за ўсё, да Раісы, якая ўжо колькі разоў яму тэлефанавала. Ксёндз з бедалагам Станіславам паехалі ў Польшчу. Скарга - да Казіміра на хутар.

Хутар прачынаецца рана, і калі а палове на восьмую Вячаслаў, стомлены і сонны, пад’ехаў да знаёмай брамкі, яны імгненна расчыніліся - і радасны, не зусім цвярозы сваяк з перавязанай галавой ухапіў яго ў мядзведжыя абдымкі. Ля варот сабралася і ўся яго сям’я. Стэфанія выйшла босай, з падаткнутым спераду прыполам саматканай спадніцы, у доўгіх, запэцканых зямлёй сініх гумовых пальчатках. Твар яе выпраменьваў радасць і задаволенасць жыццём.

Свята сустрэчы было перапынена патрабавальным скавытаннем шча­нюка. Разбуджаны агульнай радасцю, ён, абапёршыся пярэднімі лапкамі на дзверцы машыны, высунуў галаву і настойліва патрабаваў забраць яго з гэтай задушнай жалязякі ды тэрмінова далучыць да ўсеагульнага разгулу весялосці.

Усё! Неба звалілася на зямлю! Анёлы жыцця затрубілі над светам, дарослыя ператварыліся ў дзяцей, і ўсе гатовыя былі заціскаць несамавітага Шарыка, які кідаўся ўсіх лізнуць і весела матляў сваім хвосцікам. Пакуль усе замілоўваліся і раіліся, як яго назваць, Скарга падаўся да ганка, сеў на прыступкі ды імгненна заснуў. Як яго пераносілі ў пакой, як распраналі і клалі на сяннік, як яго цалавала Стэфа, ён ужо не помніў. Сон, які ўваскрашае сілы стомленых цела і розуму, блакаваў слых, зрок, нюх, ахінуў мозг у першародную цішыню, у якой бязважка луналі душы продкаў і ўсе таямніцы светабудовы, дзе не было нікога, нават Бога, таму, што там было Усё - Пачатак і Канец гэтага Свету.

Пад абед Вячаслава разбудзілі, падсунуўшы яму шчанюка. Убачыўшы неаблізаную прастору заспанага твару, Крабік, як яго пасля доўгіх дэбатаў было вырашана назваць, з радасцю прыступіў да сваіх шчанюковых абавязкаў.

- Стэфік, не трэба, я не памыўся, - спрабаваў праз сон ухіліцца Скарга.

Дружны рогат садзьмуў з яго рэшткі сну.

- Ну ты і гад, Скарга! - смяяўся разам з усёй раднёй яго любімы чалавек.- Хоць буду ведаць, як цябе будзіць.

- Ды ну вас! - шчаслівы і бадзёры, саскочыў з ложка малады чалавек.

- Дзе ў вас тут памыцца можна?

- Пакуль што маладзіца з вядра калодзежнай вадзіцай абалье, а вечарам у лазню пойдзем, - прабасіў швагер і сунуў у рукі шклянку з буршты- навым напоем.

Толькі селі за стол, як ля варотаў засігналіла машына: прыехаў Равіч, задаволены, як кот, які сцягнуў суседскую каўбасу.

Паелі - і ўсе разам пайшлі да схрона. Старэйшы Казімір ледзь не плакаў, так яму было цяжка расставацца з таямніцай хутара. Але рабіць было няма чаго, хаваць далей невядома што было небяспечна, як паказалі апошнія падзеі. Падагналі трактар з прычэпам, завялі дызель-генератар, і падзем’е, аслеплае ад лішку святла, страціла сваю таямнічасць ды імгненна ператварылася ў звычайны склеп з задушлівым, сапрэлым паветрам. Дзецям дазволілі зайсці яшчэ пры лямпе і паходнях, для мацнейшага ўражання. Прыціхлым і насцярожаным, ім прапанавалі пад пільным кантролем Міхаіла Сяргеевіча выбраць сабе па якой упадабалай штучцы і гужам выбрацца наверх - пагуляць, строга забараніўшы лазіць у старыя доты, дзе маглі быць змеі.

Назад Дальше