Паперы з акаўскіх скрынь вырашылі разбіраць, не спяшаючыся, дома. Вынеслі зброю, начынне, панцыры і ўсё астатняе, што траплялася пад рукі. Равіч аглядаў кожны прадмет, Стэфанія іх фатаграфавала, Паліна прыклейвала да маркіраваных пісталетаў біркі і пісала на іх нумары. Міхаіл запісваў усё ў тоўсты агульны сшытак. Скаргу і двух Казіміраў выкарыстоўвалі выключна ў якасці бясплатнай працоўнай сілы. Здаралася, Казімір старэйшы, раскапаўшы, як яму здавалася, цікавую рэч, падыходзіў па кансультацыю да эксперта, які праменіўся задаволенасцю, тады ўся праца спынялася, усе гуртаваліся вакол Равіча і слухалі яго грунтоўныя каментары.
- Гэта не манеты, гэта памятныя медалі, - вучоны ўзброіўся магутнай лупай, - хутчэй за ўсё срэбныя, арыгіналы. Вось гэтая адлітая ў 1547годзе пры каралі Жыгімонце Старым, у гонар князёўны Альжбеты Радзівіл. Гэты - у гонар узяцця Смаленска канцлерам Вялікага Княства Літоўскага і вялікім гетманам Рэчы Паспалітай Сапегам і паланення ім ваяводы маскоўскага Васілія Шуйскага ў 1557 годзе. А гэты... - твар Міхаіла зрабіўся сур’ёзным, - гэта наогул унікальная адліўка пачатку нашай эры, думаю
- рымскі. Так, рымскі часоў імператара Ціта, прысвечаны ўціхамірванню Юдэі і руйнаванню Вялікага храма Саламона. Вось табе на! Вось гэта знаходка! Дзе ты іх знайшоў?!
- Ды там, у кутку, на падлозе валяліся, у нейкім спарахнелым капшуку.
- А капшук, дакладней, кашэль - дзе?
- Там і застаўся, ён жа гніляк, што там цікавага?
- Як гэта што? Нясі яго сюды, і яшчэ там памацайце, можа, што выкацілася... Ты хоць ведаеш, што адзін гэты медаль можа на аўкцыёне быць ацэненым у некалькі сотняў тысяч даляраў?
- Ого! Бягу, прафесар!
Медалёў больш не знайшлося, кашэль ніякай маркіроўкі ды іншых пазнак, якія вызначалі б яго гаспадара, не меў, і праца зноў пайшла ў звыклым рытме.
Пад вечар цікавы артэфакт раскапаў Скарга. Чорны дыск памерам з вялікую патэльню, з адтулінай пасярод, разбіты на сектары, спярэшчаныя нейкімі загадкавымі знакамі. Знакі былі з абодвух бакоў. Равіч доўга круціў яго ў руках, хітаў галавой, спрабаваў біць па ім малатком. Малаток слядоў на паверхні не пакідаў, гук удараў быў глухім, як быццам білі не па металу, а па каменю ці нейкаму невядомаму сплаву. Яшчэ гэтая рэч уражвала сваёй лёгкасцю і прыгажосцю. Усе фігуркі і пазначкі былі выразаныя ці адлітыя настолькі па-майстэрску, што імі нельга было налюбавацца.
- Нейкі нябесны дыск! - захоплена крыкнула Стэфанія. - Вось дык вось! Я ўжо, праўда, не дзіця, але яшчэ моладзь, і таму мне таксама належыць які-небудзь падарунак. Праўда, Казімір?
- Пра што гаворка! Мы з Палінкай дорым вам гэтую цацку, а я, як старэйшы, яшчэ і дабраслаўляю з сённяшняй начы спаць са Скаргам у адным пакоі і ў адным ложку. Амэн!
- Паслухай, і бацюшка, і ксёнз, і патрыярх сямейства ў адным флаконе! Чуе маё сэрца, што вы там, у пячоры гэтай, алей твой ужо да дна ўгаварылі, - жартаўліва пагражаючы мужу пальцам, сказала Паліна. - А патэльню гэтую нябесную забірайце, можа, калі на бліны пазавяце ці ў адведкі.
Заўважыўшы незадаволены твар дырэктара музея, заступіўся за жонку гаспадар:
- Міхась, ты не крывіся, мы ж не скарб нічыйны, схаваны ў зямлі ці ў іншым месцы, разбіраем. Мы вопіс маёй спадчыны складаем. І працуеш ты тут не бескарысна, грошай, вядома, у мяне, акрамя тых сапрэлых баксаў, няма. Я, як чалавек прыстойны, і паколькі ты сябар майго родзіча, ды і мне асабіста прыемны, цябе не пакрыўджу. Мы з табой абавязаны быць карыснымі адзін аднаму. Згодны?
- Згодзен, - з відавочным сумам у голасе вымавіў Равіч.
Неўзабаве Паліна з дзецьмі і Стэфаніяй пайшла даглядаць скаціну і гататаваць вячэру.
Мужыкі загрузілі спадчыну на трактар і ў дзве ходкі перавезлі ўсё ў стары прасторны свіран, які служыў новаму гаспадару майстэрняй і музеем вясковага побыту. Чаго толькі тут не было! Косы, сярпы, сячкарні, калаўроты, кросны, цапы, драўляныя пранікі, ступы, куфры, дзежкі, бочкі, карыты, жорны ды іншае, іншае, іншае.
- Казімір, няўжо гэта ўсё жыло на гэтым хутары? - шчыра здзівіўся Скарга.
- Ну, не ўсё, але большая частка мая, - не без гонару адказаў гаспадар.
- Тут ёсць рэчы, яшчэ маім прапрадзедам зробленыя. Вось гэта мне да душы, а гэтыя панскія цацкі... - ён кіўнуў галавой на прычэп, - ну аніякага трымцення ў мяне не выклікаюць. А тут, у свіране, і маё, і чужое. Што людзі прынеслі, што сам забраў з хутароў... - ён цяжка ўздыхнуў. - Улада ж наша якая - ёй план выконваць трэба. План, а там хоць жыта не расці! А як без догляду ды без любові да зямлі ад яе, беднай, ураджаю дамагчыся? Ну, хімію сыпаць па дурному, на касое вока адмерыў - і давай, атручвай усё жывое. Вунь на вакольных палях жаўрукі жыць перасталі, на маіх малых надзелах жывуць, а там - не. А жаўрук - птах божы, ён сонца і неба хваліць. А хіміі ды іншай атруты начальству і раённаму, і абласному, ды і мінскаму здалося мала. Вось і вырашылі нішчыць хутары. Стаіць сабе падворак, з пабудовамі, садам, калодзежам, праўда, даўно ніхто там не жыве, пазарастала ўсё... Старыя памерлі, моладзь з’ехала. Цяжка зямлёй зарабляць, у горадзе, як-ніяк перабіцца можна, асабліва не надрываючыся. Але замест заклікаў і стымулаў вяртацца назад хутары гэтыя проста спальваюць. Прыязджаюць малойцы, салярачкі плюхнуць - і запалкай чыркнуць, гадзіны праз два ўжо нічога няма, папялішча. Хтосьці датэлефануецца да радні, тыя прыкоцяць - ды позна. Адказ адзін: стаяла кінутае, нехта спаліў, аднаўляць будзеце? Не? Падпішыце адмову. І ўсё. А можа, праз нейкі час унукі б падраслі, можа, разумнейшыя за бацькоў сталі б ды да дзедаўскага кута і вярнуліся б? А няма ўжо нічога. Сад неўзабаве спілавалі, папалілі, карчы ў яму разам з галавешкамі скінулі, зраўнялі - і ўсё: землі пайшлі ў севазварот. А ўлічваць іх не спяшаюцца. Вось табе і ўраджайнасць уверх паперла. Вось табе і стужкі, і прэміі, і ваза крыштальная. Вось табе і перадавікі, маць іх! Імгненная выгада, а шкода на стагоддзі, жыццё на зямлі зводзяць! Вы вунь гляньце вакол: воку зачапіцца няма за што, усё папалілі, пакарчавалі, адны палеткі. Не Беларусь спрадвечная, калыска славянства, а стэп нейкі цалінны. Мала ім хутароў, дык за гасцінцы, за дарогі ўзяліся. Дзяды яшчэ тыя елкі, ліпы, клёны ды сосны з бярозамі саджалі. Шлях як шлях быў. Дрэвы і тыя таксама знішчылі, папалілі, пянькоў і тых не знойдзеш. Дні і ночы тэхніка, як на вайне, вые, колькі грошай спалілі, а ўсё з-за прырэзкі прыдарожнай паласы да гэтага, будзь ён пракляты, севазвароту. Вунь па Еўропе едзеш -дарогі ў сельскай мясцовасці ўсе паабсаджаныя, дагледжаныя. Старое дрэва збутлее - яго спілуюць і новае пасадзяць. Сядзібы вакол маляўнічыя, вока цешаць, і, галоўнае, ні калгасаў, ні СПКа няма, а гаспадар ёсць, і ежы заваліся. Вось вам і ўвесь парадак. Вы мне прабачце, ужо вельмі балючая для мяне гэтая тэма. Вось так: на дзяцей і ўнукаў адна надзея... Ну, здаецца, усё на месцы, - правёўшы гаспадарскім поглядам расстаўленае па стэлажах багацце, падсумаваў Казімір. - Хадзем, хлопцы, у лазню, а чысценькімі - да агню, мяска смажыць. Мяса і брага - не бабская справа, так у нас спакон веку было. А дзеўкі тым часам хай парацца. Згода?
19
На наступную раніцу ўсе прачнуліся па-хутаранску рана. Якое ж было здзіўленне Казіміра, калі ён застаў Равіча а палове шостай з калуном ля цяжкіх асінавых калодаў.
- Вось гэта начальнік музея, вось гэта па-нашаму. Ну, малайчына, Сяргеевіч, давай дапамагу паскладваць паленні, іх спярша трэба трохі прасушыць. Мы такія кастры і складваем, а праз тыдзень, калі без дожджычка, дык і пад дах можна заносіць. Не пасушыш - зімой сапрэюць, грыбком возьмуцца.
- А я думаў, гэта дзеці гуляюцца...
- Вось мы і пагуляем. Скаргі яшчэ спяць, у іх жа першая сумесная ночка, атрымліваецца. І дай Божа, на дабро і насалоду. Будзіць не будзем, а мы з табой, чалавеча, пайшлі да свірана, разбяромся, што з таго табе трэба, а што можна пакуль у мяне пакінуць. Пакуль вы спалі, я тое-сёе на аўкцыёны выставіў, люд пісаць пачаў, цікавіцца...
- Казімір, ты мне проста ў душу музейшчыка плюнуў! Вось так, без мяне, без парады - і адразу ў інтэрнэт!
- Не злуйся, я толькі дзве рэчы і паказаў: цітаўскі медаль і латы ў пазалоце...
- Ну і што пішуць? - з крыўдай і цікаўнасцю ў голасе спытаў Равіч.
- Ты якія кошты выставіў?
- Дык патрабуецца экспертнае заключэнне, а потым ужо таргі.
- Правільна, а ты што думаў - увомірг да цябе ўвесь свет кінецца? Ты, спадзяюся, не са сваёй пошты хоць выстаўляў усё гэта?
- Са сваёй, а што?
- Хутаранін ты хутаранін, у добрым сэнсе гэтага слова! - дакорліва паківаў галавой Міхаіл. - Табе і сям’і тваёй паляка мала?! Аматары нажывы калі ўбачаць такія цуды на пошце нейкага селяніна, праз пару дзён твой маёнтак з усіх бакоў абкладуць, носа не высунеце. І нашыя мілыя ўлады прыпруцца высвятляць, што і дзе ўзяў.
- Ды што ты. А я і не падумаў пра гэта. Хацелася, каб хутчэй грошыкі ў гаспадарку запусціць. Можа, ты жартуеш?
- Не да жартаў. Пайшлі. Не дабро дзяліць, а да твайго кампа, сітуацыю выпраўляць будзем.
У хутаранца аказалася добра абсталяваная кампутарная кропка, з двума экранамі, магутным блокам, друкаркамі, сканерам, ксераксам і яшчэ нейкім прычындаллем, прызначэнне якога нават вучоны муж не ведаў.
- Сціплы куток убогага літвіна! Ты, Казімір, часам - не хакер?
- Не. Я ў гэтым не вельмі петру. Сын Казік тут пануе. Ён і фоткі ўчора выстаўляў, і перапісваўся сёння з антыкварамі. Казік! - кудысьці ў нікуды пракрычаў бацька, прыслухаўся. - Казімір, а ну давай сюды! - ужо ў поўную сілу лёгкіх раўнуў гаспадар.
- Іду-іду, тата! - адазваўся недзе за вакном хлапчук.
Ён увайшоў, папстрыкаў нейкімі тумблерамі - і ўся тэхніка са змяіным шыпеннем ажыла і пачала гудзець і міргаць.
- Сыну, мы ўчора з маёй пошты з тымі аб’явамі выходзілі? - вінавата спытаў бацька.
- Тат, я што - ку-ку? Я так усё правёў, што нават прэзідэнцкае аналітычнае бюро хрэн разбярэцца, не тое, што твае лахі пакупнікі. Галоўнае - ты ім нічога не адказваў сам? - падазрона прыжмурыўшы вочы, спытаў малы.
- Ну дзякуй Богу! - з палёгкай выдыхнуў Равіч. - А што там пішуць аматары нажывы?
- Зараз глянем. Я, дзядзька Міша, праз адзін хітры рэсурс з такімі рэчамі заходжу, недзе на востраве Мэн зарэгістраваны.
- Дзе? - навастрыў вушы бацька.
- Гэта, бацька, далёка, дзесьці аж пад Смаленскам, - хітра ўсміхаючы- ся, хутаранін спрытна плюшчыў клавіятуру, - вы ідзіце, чаго нада мной віснуць? Я вам усё раздрукую і прынясу.
Выйшлі на двор, на ганку, саромеючыся адзін аднаго і ўсяго свету, стаялі, узяўшыся за рукі, Вячаслаў са Стэфаніяй.
- О, радня! Добрай вам раніцы! Вы толькі не забудзьцеся пасля ўсіх вянчанняў і вяселляў, чыя хата вас парадніла, - весела пляскаючы іх па плячах, прамовіў гаспадар. - Малайцы, раненька прачнуліся. Вячка, пайшлі з намі, дзеўкі тут самі разбяруцца.
З хутара раз’ехаліся пасля абеду. Яшчэ раз перабралі нажытак з падзямелля, частку жалязяк Равіч адразу адабраў для музея, пра што падпісалі дамову: грошы на хутар павінны будуць прыйсці на працягу трох банкаўскіх дзён. Больш каштоўныя артэфакты вылучылі ў адмысловы спіс, дазвол на іх продаж павінна даць Міністэрства культуры ці нават урад.
Скарга патэлефанаваў знаёмым, і тыя парэкамендавалі мясцовага натарыуса, які дапаможа правільна аформіць пераход калекцыі ад бацькі да сына, пасля смерці першага.
Равіч паехаў у Нясвіж, а закаханая пара, усё працягваючы трымацца за рукі, як быццам іх нехта збіраўся разлучыць, захапіўшы вялікую частку польскіх папер, падалася ў Мінск.
Заехаўшы ў інтэрнат інстытута замежных моў і пакінуўшы Стэфу збіраць рэчы, - яна пагадзілася пераехаць да яго, - Скарга ламануў да Ягора Кузьміча. Чатыры разы ён, загружаны запаветнымі паперамі, падымаўся да яго на шосты паверх.
- Вось, Слава, у маладосці думай пра старасць і ніколі не згаджайся на кватэру першага і вышэй трэцяга паверха. Уяві, а калі б ліфт не працаваў? Давай, давай сюды ўсё гэтае багацце, на канапу грузі, каб ракам па падлозе не поўзаць. Ну вось, добра. Цяпер давай сюды прысунем вунь той доўгі столік, і цягні з кухні дзве табурэткі, ну і чайнік там пастаў.
- Вось, глядзіце, Ягор Кузьміч, у гэтых грунтоўных, у каленкоры, сшытках перапісаныя агентурныя данясенні, тэксты радыёграм у Варшаву і Лондан, адказы на іх. У гэтых шэрых - дзённікі баявых дзеянняў, страты праціўніка, свае страты, трафеі. Наогул, дзіўна, што канцылярыю яны вялі спраўна. Я бачыў нават дапаўненні і ўдакладненні па нейкіх пунктах.
- Так, родны Славік, і павінна быць, што на фронце, што ў партызанах. Вайна выйграецца на палях баёў, а пішацца па данясеннях, пры тым кожны з ваюючых бакоў піша яе па-свойму. Калі б не Лаўрэнцій Цанава, у нас была б вельмі пацешная гісторыя партызанскага супраціву. Па выніках тых данясенняў, што слалі амаль усе камандзіры ў Цэнтральны штаб партызанскі да Панамарэнкі, вымалёўвалася грандыёзная карціна. Народныя мсціўцы на нашых бедных суглінках столькі паклалі салдат супастата, падбілі танкаў і нейкім невядомым чынам назбівалі самалётаў, што, калі ўсё склалі і падлічылі - заплакалі. Я ўжо не кажу пра пушчаныя пад адхон варожыя саставы, іх безліч! Лаўрэнцій Фаміч, які любіў, трэба сказаць, пусціць пыл у вочы начальству, і той абурыўся гэтай ліпе. Пасля знакамітага партызанскага парада ён сабраў камандзіраў, раздаў сшыткі і прымусіў напісаць усё наноў ды падагнаць пад навуковым шляхам выведзеныя кантрольныя лічбы. Потым, каб б усё гэта замацаваць, выдаў пад сваім рэдактарствам фундаментальную двухтомную працу. Вунь яны там у мяне на паліцы стаіць, ты як-небудзь пачытай.
- Ужо праштудзіраваў, я ж думаў, па наіўнасці, што там пра “Котку” нешта будзе.
- Пра “Ката”, Слава, пра “Ката”. “Чорная котка” - гэта ў братоў Вайнераў. У старажытнасці прыгожая чорная котка была сімвалам закаханасці, можа, табе пара жаніцца, а?
- Дык ужо сабраўся, можа, сёння ці заўтра нявесту да мамы павязу знаёміць. Толькі вы мяне з панталыку не збівайце. Мне вось гэтыя паперы не зразумелыя. Па-першае, яны на нямецкай, а з дойчам у мяне яшчэ горш, чым з польскай, не кажучы пра французскую. Па-другое, мне здаецца, паперы гэтыя зашыфраваныя, занадта шмат лічбаў, скарачэнняў і знакаў. І, трэцяе, мне б да раніцы вызначыцца, што аддаць ва ўпраўленне як баявы трафей, апраўдаўшы сваю паездку, а галоўнае - падоўжыць камандзіроўку яшчэ на тыдзень.
- Тады давай расказвай усё па парадку, што там у вас адбылося. Паперы можна спакойна аддаваць, куды хочаш: і дзённікі баявых дзеянняў, і ўзнагародныя прадстаўленні. А самі ўзнагароды ёсць?
- Ёсць, скрынка ў машыне засталася, там яшчэ грошы нямецкія, нашыя і тысяча даляраў, усё з часоў вайны.
- Вось іх і цягні, ды і журналы агентурных данясенняў можна аддаць, іх усё роўна ніхто чытаць не будзе, сакрэціць таксама наўрад ці стануць, спусцяць у адкрыты архіў, а з архіва ты іх у любы час можаш запытаць. Ну, давай, расказвай, а я пакуль у паўвока над гэтымі нямецкімі дзівацтвамі паваражу.
Вячаслаў зноў здзівіўся здольнасцям свайго настаўніка. Здавалася, ён яго і не слухае: устае, дастае з паліц нейкія даведнікі, слоўнікі, кнігі, нешта піша, крэсліць, а потым нечакана пачынае задаваць пытанні пра зброю паляка, ці знайшлі яе? А яе не знайшлі, ды, прызнацца, у той мітусні ніхто і не шукаў. Больш пытанняў, на здзіўленне, было ў старога чэкіста па старадаўніх чарцяжах замка і здагадках Равіча.
- Гэта, мабыць, галоўная твая знаходка, Славік! Яе трэба зубамі трымаць, навука навукай, музеі музеямі, а пад замкам можа быць нешта больш значнае...
- Залатыя апосталы?
- Ну, апосталы - гэта ўсяго толькі вучні свайго настаўніка, прытым вельмі баязлівыя і слабаверныя. Іх статуі, калі яны існуюць, усяго толькі кавалкі золата, зберажэнні на чорны дзень. У тыя часы таксама падаткі належыла плаціць, а тут адліў апосталаў залатых - і гвалт па ўсёй Рэчы Паспалітай да самага Рыма, і гонар, і хвала! Паставіў статуі прылюдна ў касцёле, заўваж, у сваім касцёле, а праз нейкі там час, цёмнай ноччу, замяніў іх пазалочанай бронзай, а жоўты метал падалей схаваў. Словам, яшчэ ў тыя старыя часы гэтая справа лічылася цёмнай, а ўжо цяпер. - стары ўздыхнуў. - Колькі сябе памятаю, усе гэтых апастолаў шукаюць, і нашы, і экстрасэнсы, а цяпер яшчэ і засумавалы сенатар падключыўся. Свечкі ім у рукі, хай шукаюць. Я пра іншае скажу. Ты чуў, што Нясвіжскі замак пабудаваны на руінах старажытнага замчышча? А да таго замка там было нейкае старажытнае гарадзішча, а на яго месцы яшчэ больш старажытнае свяцілішча? Ты калінебудзь чуў тэорыю пра беларускае паходжанне славян і арыйцаў?