Пан Малішэўскі кінуў на Вырвіча насцярожаны позірк.
– Што ты – чарнакніжнік, і наслаў на яго слабасць у нагах. І не, не трэба хапацца за шаблю і зноў бегчы абараняць уласны гонар, наўрад пан Свентажыцкі памятае, што ўчора плявузгаў. Але падобныя рэчы западаюць людзям у памяць, і любую дробязь спалоханы розум пачне вытлумачваць перабольшана. Скажы, пан Вырвіч, – паручнік замяўся, апусціўшы вочы на кубак. Склера вачэй у пана была жаўтаватая, на руках – характэрныя плямы, што сведчыла пра нездаровыя ныркі. – Ты ніколі не быў замешаны ў нечым… вядзьмарскім? Пагаворваюць пра тваё блізкае знаёмства з адным такім… віленскім Фаўстам, доктарам-чарнакніжнікам, які золата ўмее рабіць і мёртвых ажыўляць.
Праўду казалі лаціняне, fama bona volat lente et mala fama respente, добрая слава ў кошыку ляжыць, а благая па дарожцы бяжыць.
– Даю слова гонару пану паручніку, што я добры хрысціянін, гэтак жа, як і мой настаўнік, пан Баўтрамей Лёднік, – холадна прамовіў Пранціш. Пан Малішэўскі сумна кіўнуў галавою.
– Веру пану падхаружаму, і болей пытацца не стану. І пра доктара Баўтрамея Лёдніка чуў, і як ён у Полацку за вялікага гетмана біўся, і колькі хворых ацаліў… Нават жонка мая да яго збіралася сынка везці, калі той пакалечыўся, у старую студню зваліўшыся. Нагаварылі ёй пра цуд-лекара, дык кабета гатовая была ўсё майно аддаць, абы лекаваць узяўся, чарнакніжнік ён ці не… Але не паспелі мы нічога, памёр сынок. Божая воля…
Пан паручнік уздыхнуў, адставіў кубак і палез у шуфляду сакрэтніка.
– Вось пану сто злотых на дарожныя спажыткі, вось ліст… І не спяшайся вяртацца, пан Вырвіч. Пагасцюй у Вільні. Магчыма, цябе аб нечым папросіць той, каму ліст завязеш. Калі спатрэбішся, я прышлю па цябе сам.
Вырвіч ледзь стрымліваў гнеў і крыўду. Фактычна, яму ветліва паведамлялі, што могуць адправіць у адстаўку. Але – на каго крыўдаваць? Пан Малішэўскі да яго па-добраму, ратуе ад непрыемнасцяў. Сябе самога трэба вінаваціць. Упадабаў расцвельваць невукаў псеўдафіласофскімі гутаркамі… Самому весела, а дурні ўсё ўсур’ёз прымаюць. І кот з вусамі, а ганяецца за мышамі.
Пранціш ганарыста выпрастаўся, усміхнуўся зухавата.
– Няхай пан паручнік не сумняецца, выканаю як найлепей! А каму перадаць ліст?
– Ягонай мосці, пану суддзі Міхалу Юдыцкаму, асабіста ў рукі.
Пан паручнік пасля нейкі час гадаў, ці яму падалося, ці ягоны падначалены, бясстрашны пан Вырвіч сапраўды збялеў і разгубіўся, калі пачуў адказ на зусім простае пытанне? Але на вуліцы завішчэла нейкая дзеўка, зараўлі п’яныя галасы… І чарадзейны падхаружы вылецеў у пана Малішэўскага з галавы, як злятаюць воляю першага ж ветрыка пухнатыя парушынкі з лысай галавы дзьмухаўца.
Раздзел першы. Даклад прафесара Лёдніка
Зала Віленскай акадэміі была напоўненая вучонымі людзямі, бы куфэрак ліхвяра – чужымі манетамі. Здавалася, ад назапашанай тут мудрасці багавейліва трымціць нават паветра. Праўда, чамусьці да багавейлівасці адчуваўся ладны дамешак зусім іншага пачуцця. Праз высокія вокны шчодра прасявалася святло сонца, не ў змозе пазалаціць строгую вопратку, драўляныя лаўкі ды насцярожаныя позіркі.
– Такім чынам, той шлях, які пазначыў Вязалій, аддаючы перавагу досведу і практычнаму спазнанню анатоміі, аказаўся куды больш плённым, чым шлях Галена, які вывучаў анатомію чалавека на трупах жывёлаў, што не ёсць ідэнтычным.
Голас дакладчыка, высокага фанабэрыстага пана ў чорнай прафесарскай мантыі і акуратным белым парыку, з драпежным носам, цёмнымі пранізлівымі вачыма і пагардлівымі вуснамі, гучаў упэўнена, як у пераможнага вайскаводцы. Хаця слухачы – шмат хто ў чорных сутанах – пазіралі на пана за кафедрай хто з жахам, хто з гневам, хто са шчырым здзіўленнем, як на жаўнера, які адзін бяжыць супраць цэлай арміі, узброены нават не вогненным мячом, а звычайнай шабелькай. Ад некаторых імёнаў, якія называліся, прысутных ажно перасмыкала. Той-сёй дык і жагнаўся. Дакладчык жа захоўваў непарушны спакой. Не звярнуў аніякае ўвагі, і калі цяжкія дубовыя дзверы прыадчыніліся, і ў залу асцярожна ўвайшоў малады драгун, чый русявы чуб зухавата выбіваўся з-пад шапкі, пры левым баку пагрозна паблісквала шабля, а чырвоныя боты нахабна рыпелі і цокалі па каменнай падлозе падкоўкамі. Іншыя вучоныя мужы незадаволена заазіраліся на прыпозненага наведніка, якога аніяк нельга было западозрыць у любові да прыродазнаўчых навук, хутчэй у тым, што зараз утворыць шляхецкага шуму. Але малады чалавек сціпла прысеў на апошнюю лаўку аўдыторыі, каля таксама нечаканых слухачоў – кабеты ў кунтушыку з цёмна-зялёнага шоўку, уздетым на светлую сукню, у парыку, прыкрашаным толькі зялёнай стужкай, і цемнавокага хлопчыка гадоў пяці ў нямецкім касцюмчыку, страшэнна важнага і сур’ёзнага. Па-праўдзе, кабета ў сціплым, але густоўным уборы магла апрануць радно альбо сает з залатой парчы, і аднолькава падавалася б казачнай каралевай. Такую велічную прыгажосць не псавалі нават гады – слухачка была не юнай, але час ад часу на яе тонкі профіль, дасканалыя ружовыя вусны, чорныя бровы, якія ганарыста ўзляталі над нясцерпна сінімі вачыма, аглядаліся і студэнты, і старыя прафесары. Але сінія вочы былі скіраваныя толькі на змрочнага дзюбаносага дакладчыка, які працягваў цвеліць аўдыторыю.
– A posteriori, гэтыя вынікі, якія дапамогуць пазбегнуць завялікіх стратаў крыві пацыентамі падчас аперацый у брушыне і нават на сэрцы, можна было б атрымаць хутчэй, калі б у нашай паважанай навуковай установе меўся свой анатамічны тэатр. Яшчэ Уільям Гарвей пісаў, што анатамы павінны вучыцца і вучыць не па кнігах, а прэпараваннем, не з дагматаў вучонасці, але ў майстэрні прыроды. Спадзяюся, панове пераканаліся, што вынікі маіх эксперыментаў пацверджваюць схему цыркулявання крыві ў арганізме, якую вызначыў Гарвей. Магу спаслацца таксама на працу “Элементы фізіялогіі чалавечага цела” фон Галера, а таксама даследванні Герарда Ван-Світэна і Антона Гаена з Венскай Академіі навук. Задумайцеся, панове – на двары другая палова васемнаццатага стагоддзя, ваду пампуюць з дапамогай пары, тканіны ткуць машыны, а вы ўсё яшчэ верыце, што жоўтыя рэчывы дапамагаюць ад жаўтухі, таму што колеры супадаюць, плады ў форме сэрца – ад сардэчных хваробаў, а кроў соўгаецца па артэрыях туды-сюды, як чаўнок у кроснах.
– Пані Лёднік, яго пасля на вогнішча не адправяць? – прашаптаў драгун на вуха засяроджанай прыгажуні. Тая ўздрыгнула, перавяла позірк на суседа, цень радаснай усмешкі крануў вусны:
– Пан Вырвіч! Якім чынам?
– З даручэннем паслалі, – шэптам адказаў драгун, абвёў вачыма аўдыторыю. – Спадзяюся, біцца тут не трэба будзе?
– Не ведаю… – трывожны позірк кабеты зноў вярнуўся да постаці ў цёмнай мантыі. – Ён жа неўтаймоўны… Лезе ўвесь час на гарачыя вуголлі…
– Пані маці, пан Вырвіч, ціха! Пан бацька гаворыць! – важна прашаптаў малы, і Пранціш пасміхнуўся, пазнаючы інтанацыі згаданага пана-бацькі, які зараз стаяў за кафедрай.
– Cogito ergo sum. Пакуль мыслю, існую. Усё новае напачатку здаецца нязвыклым, а таму няправільным, omnium quidem rerum primordial sunt dura, (пачатак заўсёды здаецца няправільным – лац.) – на лаціне завершыў сваё выступленне дакладчык. – Але калі новаўвядзенне дапаможа ратаваць жыцці, мы мусім яго засвоіць. Няхай дапамагае нам Гасподзь, амін.
Частка аўдыторыі горача запляскала ў ладкі, той-сёй нават усхапіўся з месца – у асноўным моладзь, але і самавітыя навукоўцы. Асабліва шчыраваў пан у багатым камзоле з шэрага атласу, у бялюткіх карунках, з разумным адкрытым тварам – пан з выклікам паварочваўся да тых, хто сядзеў і няўхвальна гуў. А потым пачаўся дыспут…
– Вельмішаноўны доктар Лёднік, напэўна, не ведае, што ў Сарбоне ягонага ўлюбёнага Гарвея, вучня алхіміка і блюзнера Бэкана, называюць не іначай як “цыркулятарам” – што абазначае шарлатана, – з’едліва пачаў стары навуковец з вострым носам і запалымі вачыма. – Abyssus abussum invocate. (Бездань прызывае бездань – лац.) І вы ўслед за ім адмаўляеце, што арганізм – гэта мікракосм, адухоўлены археем? Што ў крыві прысутнічае жыццёвы дух?
– Калі Уільям Гарвей апісваў разрыў сценкі левага жалудачка сэрца, ён знайшоў там абвапненне вянозных сасудаў, а вось архей адсутнічаў. Магу пацвердзіць сваймі назіраннямі, – яшчэ больш з’едліва адказаў доктар Лёднік. І панеслася… Вучоныя – і ў сутанах, і ў камзолах – раўлі на чысцюткай лаціне, як гандляры на старажытнарымскім рынку. Лёднік дыскутаваў, нібыта біўся на шаблях – атакуючы пры кожным спрыяльным выпадку. Дакладчыка абвінавачвалі і ў тым, што праводзіць рызыкоўныя аперацыі, заміж таго, каб пакласціся на волю Божую, крывепушчанне і мікстуры, і ў тым, што ён увогуле, ганьбячы званне доктара, працуе скальпелем і ланцэтам – бо саслоўе хірургаў спаконвеку належыць да цэху цырульнікаў, і павінна слугаваць дактарам. Сцвярджалі, што аперацыі на сэрцы і на пячонцы немагчымыя, бо там утрымліваецца жыццёвы эліксір, і калі Лёдніку нешта падобнае ўдаецца, дык ці не з дапамогай тых сілаў, да якіх добры хрысціянін ніколі не звернецца?
Знаходзіліся абаронцы і ў доктара, асабліва ўжо заўважаны Пранцішам пан у шэрым камзоле, які выкрыкваў дастаткова дзёрзкія рэплікі, што сведчылі пра добрую адукаванасць.
– Хто гэта, пані Саламея? – папытаўся Пранціш Вырвіч у доктаравай. Тая, тулячы да сябе сына, адказала пабялелымі ад трывогі вуснамі:
– Граф Міхайла Разанцаў. Расейскі консул у Вільні. Яны з Бутрымам сябруюць.
– Яшчэ ягоная імператарская мосць Пётр Першы загадаў адкрыць анатамічны тэатр у Санкт-Пецярбурзе! – крычаў Разанцаў. – Таму што лічыў, як і знакаміты анатам Фрэдэрык Руйша, што вантробы чалавека – таксама доказ дасканалага Боскага майстэрства! Яны таксама Госпадам створаныя! Ягоная імператарская вялікасць асабіста прысутнічаў на практычных занятках у Шпітальнай школе, а калі бачыў, што нехта з прысутных грэбуе, змушаў уласнымі зубамі разрываць цягліцы трупа! Таму што доктар не павінен грэбаваць тым, што створанае Богам і што ён мусіць, прызываючы Госпада, ратаваць!
Ад уяўленай карціны з разрываннем зубамі цягліцаў Вырвіч у чарговы раз падумаў, што, відаць, медыцына – не ягоны шлях. Між тым гвалт дасягнуў тае кропкі, калі пачынаецца альбо натуральная бойка, альбо стома і зацішак.
– Я выклічу іх усіх на двубой! – заявіў малы Лёднік, ягоныя цёмныя вочы пагрозна блішчэлі. – Мяне пан-бацька вучыць фехтаванню!
І нават руку паклаў на дзяржальна маленькай шаблі ў сярэбраных похвах. Як кажуць, калі бацька – рыбак, дык і сын глядзіць на ваду.
– Вы вельмі смелы, пан Алесь, – пахваліў малога Пранціш. – Але думаю, прафесар сам справіцца.
Ды ад разварушанага вулею нельга адмахацца галінкай. Вырвіч шкадаваў, што недастаткова дасведчаны, каб далучыцца да спрэчкі – за два гады зусім адарваўся ад навукі. Урэшце гармідар спыніў рэктар. З ягонай прамовы вынікала, што, нягледзячы на павагу да навуковых дасягненняў прафесара Баўтрамея Лёдніка, асновы акадэмічнай-схаластычнай навукі ў Акадэміі ламаць не стануць, стварэння анатамічнага тэатру, гэтак жа, як медычнага факультэту, у планах кіраўніцтва пакуль не маецца, дый увогуле наконт працы самой кафедры практычных навук, якую ўзначальвае дакладчык, ёсць пытанні.
Лёднік прабіўся праз натоўп з такім фанабэрыстым ды злосным выглядам, што да яго баяліся чапляцца і з крытыкай, і з ухвалай.
– З’еду ў Вену! – скрозь зубы заявіў жонцы. – Там не трэба хавацца ў сутарэнні, каб нармальна вывучаць анатомію! Невукі!
– Супакойся, Варфаламей, – прамовіў граф Разанцаў, які ішоў услед за сябрам. – Сам жа казаў – новае заўсёды сустракаюць падазрона. Успомні, у Лейпцыгу аднаго нашага прафесара ўвогуле ў турму пасадзілі пасля падобнага ж дакладу. Як казаў Сенека, aequo animo audienda sunt imperitorium convincia (Належыць абыякава выслухоўваць папрокі невукаў – лац.).
Ага, скеміў Пранціш, значыць – яшчэ адзін Лёднікаў аднакурснік, скароны ягоным геніем. Відаць, Лёднік быў такім яркім персанажам ва ўніверсітэце, што яго ведалі ўсе. Міхайла Разанцаў паклаў руку на плячо доктара.
– Колькі разоў гаварыў, Варфаламей – ты павінен ехаць у Санкт-Пецярбург! Цябе прымуць у Расійскую акадэмію, я табе забяспечу практыку ў палацах – магчыма, і да самой царыцы дойдзем. Яе імператарская вялікасць мае вялікую схільнасць да навукі… Часопісы выпісвае з Еўропы… Што ты забыўся ў езуітаў? Прыдзе час, павер, ён не за гарамі – усё тут пераменіцца, і ў краіне, і ў адукацыі, акадэмія зробіцца цалкам свецкай, будзе і медычны факультэт… А можа, і асобны медычны ўніверсітэт. Тады і вернешся, калі захочаш.
– Пакуль магчыма нешта рабіць на радзіме, буду рабіць, – прабурчэў Лёднік. – Дарэчы, прывітанне пану Вырвічу…
Доктар, успомніўшы пра свецкія манеры, прадставіў Пранціша і графа адно аднаму, узяў сына за руку, усміхнуўся знерваванай жонцы і рушыў з аўдыторыі, выпрастаны, як аршын глынуў.
– Езуіты збіраюцца Бутрымаву кафедру прыкрыць, – дарогай цішком тлумачыла Пранцішу засмучоная Саламея, пакуль Лёднік і граф Разанцаў перагаворваліся, ідучы паперадзе. – Пакінуць яго загадваць аптэкай, каб надалей лекі рыхтаваў, напэўна, і лекцыі чытаць дазволяць па хіміі ці што там палічаць найменш шкодным. Не прападзем, вядома – лекарская практыка нікуды не падзенецца. Але Бутрым так марыў пра беларускую медычную школу, кшталту венскай ці лейдэнскай. А цяпер…
Ведаючы былога алхіміка, можна было прадказаць, што ён так проста не здасца і невядома што ўтворыць на сваю мудрую галаву.
Пранціш прыслухаўся: Разанцаў усё ўгаворваў свайго Варфаламея ехаць у Расею.
– Паслухай, зараз не тыя часы, калі ўрача Антона Нямчына на кавалачкі разадралі на Маскве-рацэ, а Лявону Жыдовіну, які лячыў сына Івана Трэцяга ад камчука, галаву адсеклі… Іншаземных дактароў у нас шануюць! Тым болей – ты адзінаверац.
Лёднік неахвотна адбіваўся:
– Нярускіх дактароў у вас не любяць па-ранейшаму, думаеш, не ведаю, што па Аптэкарскім дэпартаменце быў загад, каб рускія вучні елі і жылі асобна ад іншаземнага настаўніка, “дабы не оскверниться”. Дый увогуле лекар сёння – фігура несамавітая.
– Успомніў Аптэкарскі дэпартамент стогадовай даўніны! Гэта калі аптэкара Брэмбарга выгналі з Масквы за тое, што выставіў у вітрыне шкілет? Цяпер у нас Кунсткамера, у якой заспіртаваныя эмбрыёны, прэпараваныя дзіцячыя трупы з рознымі паталогіямі і нават скульптуры з костак, і кожны, хто лічыць сябе адукаваным, павінен туды схадзіць. А наконт самавітасці – ты хочаш, каб усе цябе баяліся, Варфаламей? Кінь! Не бачу нічога дрэннага ў тым, што народ смяецца, і над дактарамі, і над палітыкамі, – весела гаварыў Разанцаў. – Смех – адзнака здароўя. Бачыў я адзін спектакль, дзе да ложка хворага на іпахондрыю паклікалі кансіліум. Рускі доктар прапанаваў хворага напаіць, хаця б і сілком. Француз – пазнаёміць з дзеўкай. Немец – замкнуць і не карміць, спакушаючы з-за дзвярэй ежай, ангелец – уручыць пацыенту пісталет і даць магчымасць застрэліцца.
Лёднік мімаволі засмяяўся, Пранціш таксама ледзь стрымаў смех.
– Ну і які рэцэпт выкарысталі?
Разанцаў махнуў рукой.
– Сын хворага ўсіх нашых калегаў паганым венікам пагнаў. Пры гэтым ангелец на развітанне пабіў немца, немец пагразіўся разбіць у манаграфіі навуковы досвед ангельца, француз пайшоў, напяваючы, а рускі – галавой ківаючы.
Тут ужо зарагатала ўся кампанія. Каля ратушы, якая пасля пажару так і стаяла абгарэлым слупом, граф Разанцаў развітаўся з Лёднікам, у яго былі справы ў магістраце. І сямейства доктара адправілася далей, туды, дзе высіліся дзве камяніцы па мянушцы Рай і Пекла. Гарадскі гадзіннік адбіў тры папалудні, на ягоным масянжовым пляскатым твары па звычаі меўся надпіс “Vulnerant omnes, ultima necat” – “Усе гадзіны раняць, апошняя забівае”. Ля ганебнага слупа на пляцы тоўпіўся люд паспаліты, ахвочы да чужой пакуты. Лёднік скасавурыўся ў той бок.
– З маім шчасцем і я там калі-небудзь магу натоўп вакол сябе сабраць, больш, чым з кафедры.
– Не гарадзі лухты, Бутрым! Не спакушай Бога! – гнеўна сказала Саламея. – Мала табе ў жыцці прысаку ў поліўцы перапала?
– Я абараню цябе, тата! – важна прамовіў малодшы Лёднік, у ягоных цёмных вачанятах хавалася трывога.