Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Рублеўская Людміла 3 стр.


– Вось, дзіця напалохаў… – з дакорам прагаварыла пані Саламея. Лёднік падхапіў сына на рукі, пацалаваў, худы змрочны твар доктара прасвятлеў, памякчэў – што ж, за права называць гэтага хлопчыка сынам прафесар заплаціў вельмі дорага.

– Пусці, я ўжо вялікі! Я шляхціц!

Хлопец выкруціўся з рук бацькі, саскочыў на зямлю і прыняў гордую паставу. Пранціш схаваў усмешку – характар у Аляксандра Баўтрамеева Лёдніка быў відавочна таткаў.

– Ой я, малада, дзе розум падзела?

За жаўнера, за зладзея сама захацела,

– завёў побач песеньку лірнік, і ягоны паплечнік, замурзаны хлапчыска ў аблезлай камізэльцы з футра ўжо невызначальна якой жывёлы, ускінутай паўзверх падранай кашулі, зашнырыў з шапкай ля мінакоў.

– Ой, пайду я ў поле: жыта палавее.
Добра мая галованька, што не акалее, —

жаласна выводзіў надтрэснуты голас. Пранціш кінуў у падсунутую шапку грош і сярдзіта папрасіў больш баявітых песень. Няма чаго жаўнераў ганьбіць.

Услед зараз жа панеслася “баявітае”, на заказ:

– Збройныя дзеі пяю, ваяводаў, Літоўскага Марса.
Караляў збройных пяю: іх харугвы варожыя разам
Бачылі землі Барэя і месца паўночнае – Рыга,
З імем адным – ды з адрозным і лёсам, і сілай ад Бога…

Пранціш ажно спатыкнуўся… Жабрак выпяваў “Караламахію” Хрыстафора Завішы, ды яшчэ ў перакладзе з лаціны! Трэба вярнуцца…

Драгун са скрухай углядаўся ў спаласаваны шнарамі і зморшчынамі твар лірніка, паўз якога нядаўна прайшоў з няўважнай пагардай. Гэта не быў твар неадукаванага палахлівага мужыка… Вочы выхоплівалі падрабязнасці, з якіх складаўся партрэт горкага лёсу: мыліца, прыхінутая да ліпы, пад якой прыладзіўся спявак, шнар ад шаблі праз увесь твар, старая жаўнерская дзяга, што сцягвала лахманы…

– Ваяваў, васпан? – ціха спытаўся Пранціш. Сляпыя вочы лірніка былі паўпрыкрытыя, і ўсе аблічча здавалася “сляпым”, невыразным. Адно што – адчувалася за гэтай невыразнасцю застарэлая пагарда, амаль інстынктыўная нянавісць да тых, ад чыёй літасці ён зараз залежыць.

– Так, ваяваў, літасцівы пане, з туркамі біўся, са шведамі, з маскоўцамі. У войску слаўнага караля нашага Жыгімонта, няхай уладзяць яго светлыя янголі ў нябёсным палацы, – голас гучэў, як бы чалавек столькі разоў паўтараў сваю гісторыю, што смяротна стаміўся, і абрыдлі яму чуллівыя падрабязнасці, бо не расчульваюць яны сэрцы.

– А вучыўся дзе?

– У піяраў, ваша мосць, у Зэльвенскім калегіюме.

Вырвіч абшарыў кішэні і высыпаў у шапку, зараз жа падстаўленую мурзатым хлапчыскам, усё да грошыка.

– А гэта ад нас! – важна прамовіў дзіцячы голас, і пан Алесь Лёднік, відаць, пасланы бацькамі, таксама кінуў манеты.

Няўжо няма справядлівасці ў гэтым свеце нават для тых, хто праліваў кроў за Айчыну? Няўжо яна – таксама бязлітасная дама, якая прымушае за сябе паміраць, але ўдзячнасці ад якой не дачакаешся? І ці не здарыцца так, што калісь Пранціш Вырвіч, стары, скалечаны, аслеплы, будзе вось так соўгацца, выпрошваючы на хлеб і ціха ненавідзячы фанабэрыстых абыякавых багацеяў?

У доме з зялёнымі аканіцамі іх чакала вячэра, радасны брэх рудога калматага сабакі па мянушцы Піфагор, прыгаворванні таўсманнага гультаяватага слугі Хвелькі і стройныя шэрагі кніг, якія мелі ўласцівасць разрастацца ў гэтым доме, як апенькі на збуцвелым пні, так што не было ніводнай сцяны, дзе калі не стаяла самавітая шафа – дык вісела паліца з папяровымі ці пергаментнымі суразмоўцамі. Шмат кніг прыбавілася пасля таго, як у мінулым годзе памёр Лёднікаў настаўнік і дарагі яму чалавек, полацкі аптэкар дзядзька Лейба, і адпісаў Бутрыму ўсю сваю бібліятэку.

Вырвіч так і не пераняў палкую любоў свайго ментара да навуковых трактатаў, але кнігі з выдумкамі, усялякімі фантастыкамі ды пра высокую навуку вершаскладання былі яму даражэй цяпер за келіх добрага віна. Драгун зняў з паліцы патрапаны томік: “Лапатачнік”. Што за прыпавесць? Пагартаў… Дапаможнік па варажбе на авечай лапатцы, перакладзены з трактату Пятра Егіпцяніна… Чаго толькі ў дзядзькі Лейбы не захоўвалася! А вось табе “Таямніца таямніцаў, Арыстоцелева брама”, больш вядомы ды самавіты твор, праўда, як запэўніваў Лёднік, да Арыстоцеля ніякіх адносінаў не мае. Том з “осьмі главізнаў”, у якіх і “о поведаніі ваёўным”, і “о прамудрасці парсуннай, яко заховаці цару жывот свой, піціем, і ядзеніем, і спаніем, і порты”, і пра куплю рабоў і рабыняў, а таксама – самае Лёдніку цікавае – лекавыя парады.

Пранціш пазнаў і гравюру з выявай Іерусаліму, якая раней вісела на сцяне ў аптэцы дзядзькі Лейбы: з мініяцюрнымі камяніцамі, пальмамі, паўлінамі і херувімчыкамі.

Драгун з замілаваннем разглядаў дом і гаспадароў, якія паскідалі парыкі і пераапрануліся ў хатняе. У чорных валасах Лёдніка з’явіліся срэбныя ніты, але ён усё гэткі ж упарты, жылісты і хуткі, не чалавек – змяюка. Напэўна, па-ранейшаму займаецца фехтаваннем – вунь нават некалькі драўляных мячоў у куце. Раней Лёднік такімі пагарджаў, трэніруючыся толькі на баявой зброі. Але як Вырвіч з’ехаў, дык, відаць, даводзіцца прафесару ў трэнінгах мець справу з дурнымі юнакамі, якія пакалечыцца могуць. Пранціш нават адчуў у глыбіні душы востры ўкол рэўнасці да тых незнаёмых вучняў.

Саламея Лёднік была ўсё гэткай жа гожай, толькі ў куточках вачэй з’явіліся таненькія зморшчынкі, якія пані не лічыла патрэбным хаваць пад слоем пудры. Яна нават цяпер, праз трывогу, свяцілася шчасцем, варта было пабачыць сына. Пранціш гадаў, ці памятае маленькі Алесь, што ў яго калісьці была іншая маці?

Між тым пані Саламея накрывала на стол – яна, дачка полацкага купца-кнігара, не грэбавала ўласнаручна займацца хатняй гаспадаркай, хаця ў дом прыходзіла і прыслуга дзеля чорнай працы. Але перад вячэрай Лёднік завёў Пранціша ў кабінет, дзе акрамя кнігаў грувасціліся хімічныя ды медычныя прылады і некалькі застрашлівых васковых муляжоў, што дужа рэалістычна ўяўлялі з сябе прэпараваныя фрагменты чалавека, замкнуў дзверы на ключ.

– Расказвай!

Пранціш моўчкі працягнуў ліст да Юдыцкага. Прафесар уважліва разгледзеў канверт, але ламаць пячатку не стаў.

– Ясна… Ісці да пана суддзі не хочацца?

– Яшчэ б! – фыркнуў Пранціш, касавурачыся на расфарбаванага васковага нябожчыка без паловы чэрапа, чый мозг, аплецены венамі, нагадваў кубло рознакаляровых рабакоў. —У цябе вунь дасюль шнар на лобе ад ягонай шаблі! Забыўся, як ён нас ледзь у слуцкія сутарэнні не заканапаціў? А потым у Менску я ж пад ягонымі вокнамі прывіда выяўляў, мяне з вартай лавілі. Ну і фізіяномія была тады ў пана!

Вырвіч засмяяўся ўспамінам. Лёднік задумліва пакруціў ліст.

– Баяцца табе цяпер няма чаго. Як Пане Каханку за мяжу ўцёк, Юдыцкі ўплыву мае мала. Да таго ж ягоны стрыечны брат, рэчыцкі суддзя, утварыў бяды – зрабіў наезд на сеймік, дзе яго не хацелі маршалкам выбіраць, людзей пасек. Каб яго схапіць, расейскія войскі запрасілі. Дык узялі пана толькі ў радавой усыпальніцы – сядзеў на труне прадзеда з двума пісталетамі. Цяпер, кажуць, на расстрэл асудзілі – надта ўсё жорстка і беззаконна, ніхто не заступіўся. І наш Юдыцкі ад брата паспяшаўся адрачыся: маўляў, хоць і скруха на сэрцы, але пан-брат сам вінаваты, закон парушаць нельга. Такія, як суддзя, ворагаў і сяброў мяняюць, бы модная паненка кавалераў. Ты ведаеш, што ён яшчэ ў мінулым годзе да мяне на прыём прыходзіў?

Вось табе на! Вырвіч успомніў, як Лёднік, едучы ў турэмнай карэце на расправу, “прыпёк” Юдыцкага дыягназам, што ў таго пячонка не ў парадку, і мужчынскай сілы няма.

– Ну і як, вярнуў суддзі мужчынскую сілу?

Доктар нават не пасміхнуўся.

– Прабач, пан Вырвіч, але лячэнне пацыента – справа між ім і доктарам.

Пранціш аж пачырванеў. Вось зануда гэты былы алхімік… Мала, што лечыць колішняга смяротнага ворага, дык яшчэ ад найбліжэйшага свайго сябра падрабязнасці хавае.

– Адзінае – калі Юдыцкі пачне ў які закалот намаўляць, не лезь! – задумліва прамовіў Лёднік. – Пане Каханку зараз у эміграцыі, але ж сувязь тут мае ўвесьчасную. Чуў, можа, што на гузіках ягоных быў выціснены дэвіз – “Fiducia amicorum fortis”, моцны вернасцю сяброў?

– Але не жончынай, – зласліва зазначыў Пранціш. – Пані Тарэза з Ржавускіх за мужам у выгнанне не паехала, на балях у Панятоўскага скача, каралю амуры строіць. А атрыманыя ад Радзівіла лісты ў каралеўскім палацы ўслых зачытвае, каб усе пасмяяліся.

Лёднік уздыхнуў.

– Што ж, дзе густа, дзе пуста. Мне расказвалі, што ў гэтай пані ў спачывальні вісіць жалезная клетка, куды яна садзіць ворагаў – каб цешыцца іхнімі стогнамі ды крыкамі, зусім як князь Геранім Радзівіл. Нездарма Пане Каханку ад жонкі ў кляштары хаваўся. Затое альбанчыкі, сябры радзівілаўскай банды, маёнткі пана ў арэнду бяруць, пільнуюць, прыбытак пану пасылаюць… Так што Радзівіл пусціў чутку па ўсёй Еўропе, што ў яго маецца неразменны залаты дынарый памерам з жорнаў. Патоцкія і Браніцкія таксама лезуць смаліцай у вочы, пра карону мараць. І Панятоўскаму яшчэ доўга давядзецца за моц свайго трону змагацца. А грошай у яго на гэта няма.

Вырвіч здзівіўся.

– Як гэта – у караля ды грошай няма!

Васковы чалавек з адзіным вырачаным вокам дакорліва глядзеў на Лёдніка, сына полацкага гарбара, які разважаў пра палітыку без усялякай трапятлівасці.

– Тое, што шляхцюку – гара залатая, каралю абакрадзенай дзяржавы, які хоча рэформаў – каціныя слёзы, – стамлёна гаварыў Лёднік. – Сам падумай: прыбыткі ад партоў, капальняў ды падаткаў ідуць толькі на дзяржаўныя патрэбы. Уласных жа маёнткаў у караля паменела, дый ладу ў іх няма. А расейцы, хоць зброяй падтрымаюць, рэформы фінансаваць не стануць. Нашто ім добрыя законы ды моцная эканоміка ў дзяржаве, якую яны зжэрці збіраюцца? Вось, прызначыў Цялок сябрука, Антона Тызенгаўза, адміністратарам сваіх уладанняў, а той узяўся люстрацыі, рэвізіі зямельныя, праводзіць. А ты ўяві, колькі каралеўскіх земляў патрошку паадразалі сабе ўсялякія! Так што незадаволеных нават па гэтым будзе шмат. Дысідэнцкае пытанне таксама так проста не вырашыцца…

– Дык расейцы ж уціск праваслаўя галоўным злачынствам абвяшчаюць, а ягоную абарону – сваёй галоўнай задачай! – нагадаў Пранціш. – Мяне ў харугве за тое, што я не каталік, ледзь у расейскія шпегі не запісалі.

Лёднік цяжка ўздыхнуў.

– Разанцаў распавёў мне па сакрэце, канцлер Панін гаварыў, што не варта асабліва пашыраць тут правы пратэстантаў ды праваслаўных – бо сяляне з Расіі пачнуць збягаць. Патрэбна толькі з дысідэнтаў партыю, прыхільную імперыі, стварыць. Нікому насамрэч справы няма, добра нам ці блага жывецца. А тут, што ў Кароне, што ў Літве – нават у адной партыі няма згоды. Кароль марыць скасаваць ліберум вета, ягоныя дзядзькі Чартарыйскія баяцца з гэтае нагоды страціць сімпатыі шляхты… Пане Каханку з-за мяжы прыхільнікаў вярбуе… Карацей, на гэтым тле такія можна закруціць інтрыгі, што край крывёй зальецца. Заўтра пойдзеш да Юдыцкага – будзь асцярожны.

– Што ты мяне за дурня маеш? – пакрыўдзіўся Пранціш. – От зараз пану суддзі душу пачну адкрываць, як куфры са старымі кілімамі, ажно моль паляціць. І ўвогуле – як ты з гэтым расейскім графчыкам-баярынам так сышоўся? Не б’ецеся за палітыку?

Лёднік паціснуў плячыма.

– Разумны чалавек заўседы будзе паважаць перакананні іншага. А наконт баярына ты не маеш рацыі. Бацька Міхайлы простым купцом быў, яго цар Пётр Першы дваранінам зрабіў, у Галандыю вучыцца паслаў. І Міхайла ўсяго дамогся без пратэкцыі, уласным розумам.

Вось яно што… “Новыя дваране” – балючая тэма і ў Літве, і ў Польшчы, і ў Расеі. Лёднік са сваім “свежым” шляхецтвам не быў выключэннем – яшчэ ў 17 стагоддзі, пасля Гадзяцкае уніі, шляхецтва ад сойму Рэчы Паспалітае атрымалі некаторыя камандзіры сялянскіх атрадаў, якія біліся з маскоўцамі. Напрыклад, Мурашкі, Драні, што ў шляхоцтве зрабіліся Дранеўскімі. Але шмат было і тых, хто яшчэ “за Сасамі” проста купляў патэнт набілітацыі, ці выслужваўся не вайсковым подзвігам, а фаварыцтвам. А Панятоўскі, відаць, маючы на ўвазе прыклад Пятра І, шчодра надаваў шляхецтва невысакародным саслоўям, вядома, спадзеючыся прыдбаць сабе верных прыхільнікаў.

За што старая шляхта яго яшчэ больш зненавідзела. Гэтак жа, як і ягоных “хроснікаў на шляхецтва”.

Вырвіч заўважыў у куце нешта, накрытае зялёным сукном. Ужо здагадваючыся, падыйшоў, прыўзняў цяжкую тканіну. На яго зірнулі шэрыя шкляныя вочы з дасканала прыгожага васковага твару. Пандора… Лялька-аўтамат, сакрэт якой калісьці змусіў іх з Лёднікам цягнуцца аж за мора. Доктар паспешліва падыйшоў і акуратна ўхутаў васковую прыгажуню.

– Што, успамінаецца ледзі Кларэнс? – здагадаўся драгун. Прафесар памаўчаў, відаць, прагортваючы ў памяці прыгоды ў Ангельшчыне, падчас якіх яму давялося звесці блізкае знаёмства з чароўнай, але капрызлівай пані з абліччам гэта лялькі.

– Як такое забудзеш… Ведаеш, – былы алхімік трохі павагаўся, відаць, не ведаючы, ці варта прамаўляць тое, што прасілася, – я часта разважаў, як мне патрапіла паддацца чарам той лэдзі… Ну так, прыгажуня, арыстакратка, угневаў бы адмовай – загадала б яшчэ ўсіх нас забіць… Але ж і я не хлопчык. І Саламея мне даражэй за ўсіх царыцаў свету. І я зразумеў, што каб не было гэтай лялькі, каб не мучыўся я столькі над разгадкай таямніцы мехзанізму, не ўразіўся б сустрэчай з жывым арыгіналам. А тады, у Лондане, калі я пабачыў, як ажыла мая механістычная задача, мая навуковая перамога… Ды што цяпер апраўдвацца…

Лялька маўчала пад зялёным сукном, але здавалася, што ў любы момант тканіна варухнецца.

Між тым Лёднік трохі павагаўся і палез у шуфляду сакрэтніка з чорнага дрэва, упрыгожанага выявамі купідончыкаў – антычныя бажаняты мелі таўсманныя хітраватыя абліччы і зблытаныя кудзеры. Здавалася, гэтыя шкадлівыя стварэнні цэлілі не ў сэрцы залатымі стрэламі, а ўхапіць з чужога стала булку альбо жменьку разынак, як віленскія шкаляры.

– Ёсць тут яшчэ адзін ліст да пана Вырвіча… Па-праўдзе, дык не вельмі хацеў я пану яго аддаваць. Чаго вярэдзіць старыя раны…

Пранціш выхапіў з рук былога свайго слугі сціплы канверцік, запячатаны зялёным сургучом з адбіткам знаёмага гербу “Агінец”.

– Давай я сам буду вырашаць, што мне вярэдзіць, а што не.

Драгун не ўтрымаўся, каб не паднесці ліст да твару: калі прынюхацца, можна ўлавіць слабы пах мора, а яшчэ – вярбены. Пах улюбёнай парфумы панны Паланэі Багінскай, цяпер – пані Агалінскай. Колькі ж міляў і вёрстаў паміж імі цяпер! Моры-акіяны…

Пранціш паспешліва дастаў з канверту аркушык, прачытаў, і гнеўна павярнуўся да Лёдніка, які з трывогай назіраў за былым вучнем.

– Калі гэта прыйшло?

– Ды прынеслі перад Вялікаднем, – з некаторай няёмкасцю адказаў Лёднік.

– І ты не пераслаў мне! – абурыўся Вырвіч. – Не паведаміў! Аберагаў хлапчыску ад нервовага зрыву! Можа, хопіць на лейцах мяне вадзіць? З-за твае дурной перасцярогі іншыя людзі пацярпелі! На, чытай!

Раззлаваны драгун кінуў ліст з далёкай Амерыкі Лёдніку, як мог бы кінуць кароль Ягайла данос падкаморага Гневаша на дабрадзейную каралеву Ядзвігу.

“Заўсёды памятаю шаноўнага пана Вырвіча, а наважылася нагадаць яму пра сябе вось з якой прычыны… З цягам часу шмат што пераацэньваецца, дарагі пан Вырвіч, і рэчы, якія раней здаваліся нязначнымі, усведамляюцца вельмі істотнымі, і робіцца сорамна за тое, што ты імі пагарджаў. Калі я ад’язджала, мая камерыстка Ганна Макавецкая ўсё яшчэ заставалася ў кляштары, дзе па маім загадзе мусіла выдаваць сябе за мяне, каб я магла бесперашкодна адправіцца ў наша ангельскае падарожжа. Па-праўдзе, у мітульзе падзеяў я зусім забылася на лёс Ганны, у якой ніякіх сваякоў не засталося. Буду вельмі ўдзячная пану Пранцішу, калі ён выканае, няхай са спазненнем, мой абавязак: даведаецца пра лёс беднай Ганулькі і перадасць ёй тое, што захоўваецца ад майго імя ў банкіра Мамоніча ў Вільні: банкіру я пасылаю асобны ліст з адпаведным загадам. Няхай панна Макавецкая прабачыць мяне за ўсё і скарыстаецца тым, што я ёй перадаю.

Назад Дальше