Вырвічу ажно дух заняло. Менавіта за дзвесце дукатаў Лёднік калісьці і запрадаў сябе ў рабства – запазычыўшыся на рэдкія інгрэдыенты для здабывання філасофскага каменю. Пасля гэтыя грошы князь Багінскі ахвяраваў Лёдніку, каб той выкупіў сябе на волю і ў падзяку палез разам з Саламеяй у полацкія сутарэнні, здабываць рэліквію для будучага караля. Якім, вядома, павінен быў стаць Міхал Багінскі. За дзвесце дукатаў многа можна купіць! Гэта два гадавыя заробкі падхаружага Вырвіча!
– Думаецца, які —небудзь малады драгун мог бы і ўзяцца, – задумліва прамовіў Пранціш. – Плата някепская… Толькі…
Юдыцкі, які звык аrgenteis hastis pugnare, змагацца срэбнымі дзідамі, па-свойму растлумачыў ваганні маладога госця і дадаў:
– Прабачце, ваша мосць, маю някемнасць… Вядома, мне трэба было адразу назваць плату ў трыста дукатаў!
Вырвіч няпэўна хмыкнуў, спрабуючы схаваць узрушэнне. І мімаволі прыпомніў папярэджанне Лёдніка, што самы смачны кавалачак сала гаспадар кладзе ў пастку. Успамін пра доктара тут жа матэрыялізаваўся, бо Юдыцкі зноў лісліва ўсміхнуўся бледнымі адтапыранымі вуснамі, словы яго ліліся, як мёд на заручынах непрыгожай старой дзеўкі:
– Ваш камандзір ацэніць, калі выканаеце гэтую справу, дарагі пан Вырвіч, магчыма, і наконт вашага павышэння па службе справа зрушыцца. Але вось незадача… Для суправаджэння хворага патрэбны не толькі вой, але і доктар. І самы таленавіты. Вось бы такі майстар, як ваш сябар, прафесар Лёднік! Для яго была б і цікавая практыка, і ганарар шчодры! Але, выбачайце, я разумею, што гэта немагчыма, прафесар заняты, да таго ж, не дужа прыслухоўваецца да маладзейшых… – Юдыцкі перабольшана сумна ўздыхнуў. – Наўрад пан Вырвіч мае на яго цяпер нейкі ўплыў. Не думаю, што доктар – а ён цяпер такая важная персона – згадзіўся б паехаць з панам Вырвічам, простым драгунам, у Гуту.
Вырвіч раздражнёна прыкусіў губу. Юдыцкі што, лічыць, быццам сын полацкага гарбара цяпер настолькі ўзняўся над нашчадкам Палямона?
– Вось яна, сваволя Фартуны… – пацягваў Юдыцкі, робячы выгляд, што не заўважае перайманняў госця. – Учорашні слуга сёння камандуе сваім панам… Хаця, між намі кажучы, – голас Юдыцкага зрабіўся агідна-змоўніцкім, – зараз шаноўнаму прафесару лепей за ўсё таксама на час з’ехаць з Вільні. Пасля ягонага вельмі смелага дакладу.
Нельга сказаць, каб Пранціш зусім не западозрыў падвойнага дна. Больш за тое – Пранціш быў упэўнены, што гэтае дно існуе, і вельмі гразкае. Але зарабіць за які тыдзень-два трыста з верхам дукатаў! А галоўнае, Вырвіча вельмі пакрыўдзіў намёк суддзі, што Лёднік ім камандуе, пагарджае меркаваннем былога гаспадара. І праўда, чаму пан Пранціш Вырвіч даў над сабою столькі ўлады нейкаму прасталюдцу, якога некалькі год таму меў права сцябаць бізуном з ранку да вечара! Цёмнае, балючае адчуванне несправядлівасці, якое сапсаваны французскай філасофіяй драгун апошнія гады душыў у сабе, выплюхнулася вонкі… Ён – шляхціц! Калісьці, у родным Падняводдзі, пан Даніла Вырвіч прымушаў вясковых хлапчукоў цалаваць у ручку малога Прантасія Вырвіча кожны раз, як той зробіць ласку пагуляцца з імі ў чыжа. Хаця паніч бегаў такі ж босы, як і яны. Фартуна можа адвярнуцца ад шляхціца, але кроў ягоная застаецца такой жа высакароднай, і ён мае магчымасць стаць і вялікім гетманам, і нават каралём.
– Прабачце, ваша мосць пан Вырвіч, што закрануў непрыемную тэму наконт слугаў, якія робяцца панамі. Забудзьцеся, што я казаў пра доктара, нават не гаварыце з ім пра гэта. Ён вас усё роўна не паслухаецца, а вам, нашчадку Палямона, арыстакрату, залішняе прыніжэнне…
Хітрыя словы Юдыцкага Пранціш ледзь чуў – так ад гневу шумела ў вушах кроў…
– Вашамосць памыляецца! Калі я скажу, Баўтрамей Лёднік адразу ж паедзе са мной у Гуту! Слова шляхціца! – выгукнуў раззлаваны Вырвіч з усёй шчырасцю, бо Лёднік даў жа яму слова, што паедзе выручаць паненку Ганну.
Суддзя ўсім выглядам паказаў асцярожны недавер.
– Не магу сумнявацца ў словах вашай мосці… Але, паўтару, доктар чалавек важны, заняты…
– А я кажу, што ён са мной паедзе!
Юдыцкі паважліва пакланіўся.
– Ваша мосць народжаны для вялікіх справаў. У такім разе вы не адмовіцеся прыняць грошы наперад? Магчыма, і за доктара таксама? А па выкананні высакароднай справы вас будуць чакаць і іншыя ўзнагароды…
Суддзя падаў камусьці знак і зноў засяродзіўся на пачастунку.
Гнеў схлынуў з драгуна, як халодная вада. І ў душы заварушыўся агідны вусень раскайвання – а так бывала амаль заўсёды пасля такіх вось гнеўных прыпадкаў, ад якіх Лёднік Пранціша ўвесь час засцерагаў. Цяпер Вырвіч адгадваў у дробных рысах твару суддзі зласлівую радасць. Што ён нарабіў! Не, драгун – не муха, якая даверліва ляціць на саладуху з мухаморамі, пастаўленую рупным гаспадаром у сподачку на падваконні.
– Вельмішаноўны пан суддзя так і не назваў імя хворага… – нагадаў Пранціш. Юдыцкі выплюнуў на срэбны паднос яшчэ адзін перажаваны кавалачак. Лёкай адыйшоўся, з цікаўнасцю паглядаючы на чарговую дзівосную страву, да якой пацягнуўся відэлец пана. Ясная рэч, усё, што на стале застанецца – а застанецца шмат – даядаць будзе прыслуга.
– Гэта адна з умоў нашага кантракту, дарагі пан Вырвіч, – у голасе суддзі трошкі дадалося металу. – Ніякіх імёнаў, ніякіх роспытаў. Не варта назаляць цікавасцю і без таго абяздоленай персоне, і не варта распаўсюджваць звесткі, што ў паважанай сям’і ёсць такі… прэцэдэнт.
Між тым іншы слуга прынёс і паклаў на стол два цяжкія мяшэчкі, у якіх спакусна бразнулі манеты. Вырвіча раздзірала на часткі, як гаспадара прабітага пасярэдзіне ракі чоўна, які і мех з золатам кінуць не хоча, і разумее, што з гэтай ношкай да берага не даплыве. Не, мусіць, трэба ўсё ж з доктарам параіцца…
– Няхай вашамосць дасць мне час абдумаць гэтую пачэсную прапанову.
Юдыцкі не пакрыўдзіўся і не засмуціўся.
– Мы не развітваемся, пан Вырвіч. Вашу долю вазьміце, а доктараву забярэце пасля. Шчырыя прывітанні ад мяне пану Лёдніку! Перадайце, што я строга выконваю ягоныя рэкамендацыі, чаму вы былі сведкам.
Толькі на вуліцы Вырвіч зразумеў, як увесь гэты час яго не пакідала напруга. Так што зараз нібыта ўпалі нябачныя ланцугі. Але што за хітраван гэты суддзя—угаварыў Пранціша на сваё даручэнне, хаця той ад пачатку ні дробачкі даверу не меў.
Трыста талераў… Пранціш узважыў у руцэ цяжкі мяшэчак. Прыкупіць зямлі ў радавым Падняводдзі, якое калісь усё належала продкам… Вярнуць славу роду… Арабскага жарэбчыка набыць, як у пана палкоўніка… Маністы для адной гожанькай кабеты з вуліцы Шкельнай… Толькі курыца ад сябе грабе. Вось толькі што Лёднік скажа? Слова сваё назад не забярэ, але…
Па дарозе Пранціш зноў завітаў у знаёмую карчомку, дзе падавалі піва, моцнае, як шляхецкае слова, і з куфлямі бегала гожанькая шынкароўна Рыўка, з вуснаў якой у цёмным закутку драгун сарваў не адзін салодкі пацалунак. Шынкароўна госцю ўзрадвалася, піва было на славу…
“Па вуліцы, ля студніцы мне з табою не хадзіці,
Чарнявае, бялявае за ручаньку не вадзіці!”, – выводзіў нястройны хор п’яных галасоў, і жыццё на некалькі туманістых хвіляў набыло сэнс.
Так што калі Вырвіч вярнуўся ў дом з зялёнымі аканіцамі, мяшэчак з манетамі быў трохі лягчэйшы, а вусны самі сабой напявалі песеньку пра сівога каня, які ўсё бяжыць-бяжыць, пакуль дзяўчыначка да шлюбу не з тым малойцам ідзе…
А ў доме быў госць.
Вырвіч нават рот па-дзіцячы раззявіў, утаропіўшыся ў прыхадня, як гусь на бліскавіцу. Маленькі шчуплы старэча з жоўтым зморшчаным тварам, з вузкімі, як прарэзанымі нажом, вачыма быў апрануты ў сіні халат і смешную шапачку з пампонам, бародка і вусы рэдкія, так, некалькі сівых валасінак. Але, калі ўгледзецца, ад усяго аблічча сыходзіў ціхі спакой, на дне якога драмала нешта небяспечнае, як у сухім калодзежы кубло гадзюкаў. Кітаец, ці што? Адкуль Лёднік яго выпараў?
Не тое, каб Пранціш ніколі раней не бачыў людзей з далёкіх краінаў – пры магнацкіх дварах былі і мурыны, і эскімосы, і індыяны. Падумаеш! Кожны князь альбо манарх імкнуўся пазбіраць у палац яшчэ і розных пачвараў, – не робячы розніцы паміж карлікамі, гарбунамі і двухгаловымі цялятамі. Многія свята верылі ў існаванне цыклопаў, латафагаў ды іншых неверагодных народаў. Як пісаў мніх з Корбі Ратрамн прасвітэру Рымберту ў пасланні пра кінакефалаў, “Падобна таму, як у кожным народзе сустракаюцца людзі, якія, здаецца, нарадзіліся на свет насуперак законам натуры, напрыклад, двухгаловыя, трохрукія, карлікі, гермафрадыты ці андрагіны і шматлікія іншыя, якія жывуць насамрэч не насуперак законам прыроды, але выконваюць сваю прызначэнне, бо законы прыроды ўсталяваныя Госпадам, гэтак жа сярод рода чалавечага натуральным чынам існуюць тыя, якія лічацца звыродлівымі стварэннямі, – напрыклад, пігмеі, антыкаўды, – у адных памер цела дасягае локця, у другіх ступакі вывернутыя назад, а на нагах па восем пальцаў. Гіподы – людзі, што спалучаюць чалавечае аблічча з конскімі нагамі. Макробіі, якія амаль удвая вышэй за людзей, а ў Індыі ёсць племя жанчын, якія зацяжарваюць у пяць гадоў і жывуць не долей васьмі, а таксама шмат іншых, у існаванне якіх з цяжкасцю верыцца”.
Чым жа можа здзівіць дзядок-кітаец?
Але вось так пабачыць яго ў хаце Лёдніка, да таго ж, падобна, ён тут госць звыклы… Ды і займаліся госць і гаспадар, якія сядзелі па розныя бакі доўгага абедзенага стала, нечым дзіўным. Паміж імі – на адлегласці сажня ад абодвух – стаяла свечка, яе агеньчык свяціўся спалоханым памаранчава-блакітным вокам. Лёднік і кітаец узіраліся ў гэтае вока, нібыта ў марскую далеч, не зважаючы на зухаватага драгуна, які застыў у дзвярах. Раптам Лёднік маланкавым рухам выкінуў у бок свечкі сціснуты кулак – нават агеньчык трохі здрыгануўся. Што за фокусы? Твар прафесара зрабіўся кіслы, як бы агрэст разжаваў.
– Вы недастаткова канцэнтруеце сваю энергію, пан доктар, – смешна перакрыўляючы словы, прамовіў тонкім галаском дзядок. – Мы з вамі пра гэта ўжо гаварылі… Я нават не адчуў вашай сілы – хаця яна ў вас ёсць.
Кітаец таксама выкінуў наперад і прыбраў кулак – прычым рух ягоны быў яшчэ больш імклівы, чым у Лёдніка, хоць уявіць такое цяжка, і здарылася дзіўнае: агеньчык свечкі зараз жа згас, як бы хтось прыціснуў кнот. Доктар пры гэтым відовішчы ўпарта нахмурыўся, ноздры ягонага дзюбападобнага носу пагрозна раздзімаліся, рука паднялася…
За вокнамі пачуўся звонкі крык:
– А ну, давай! Наперад! Давай, Піфагор! Што ж ты!
Паніч Алесь Лёднік муштраваў на двары дабрэннага сабаку. Піфагор радасна гаўкнуў – падобна, не разумеючы карысці баявой навукі. А ў пакоі з партрэтам Арыстоцеля прафесар Віленскай акадэміі зноў паспрабаваў забіць свечку, хаця яна яму дакладна нічога кепскага не зрабіла.
– Пайшлі, не перашкаджай ім… – прашаптала за спінай Пранціша Саламея. – Яны яшчэ з гадзіну будуць мэнчыцца.
У другім пакоі, дзе на каміне стаяў сіні галандскі гадзіннік-ваза і вісеў партрэт сэра Ньютана, Пранціш нарэшце змог задаволіць цікаўнасць.
– Кітайца завуць Чунь Лі, кухарам працуе ў графа Разанцава, – патлумачыла пані Лёднік. – Той яго ажно з Сібіры прывёз. Модна зараз мець па некалькі кухараў-іншаземцаў. А гэты так прыгатуе, што не зразумееш ні па выглядзе, ні па смаку, што ясі – рыбу, мяса, гародніну ці ўвогуле якуюсь жамяру. Час ад часу прысылае нам ад графскага стала пакаштаваць сваіх вырабаў. Праўда… – Саламея замялася, – неяк яно не надта нам смакуе, не кажы толькі нікому. Дзядок няпросты, і медыцынай займаецца, і ўсялякімі баявымі штукарствамі. Бутрым неяк падгледзеў, як ён забіў добрага такога бычка, адкормленага дзеля панскай кухні… Няўзброенай рукой. З аднаго ўдару. А ты ж ведаеш, наш Фаўст ніколі не адмовіцца ад новых ведаў. Ну і паразумеліся… Бутрым яшчэ і кітайскую мову засвойвае.
– А што гэта яны са свечкай робяць? – зацікавіўся Пранціш.
– Спадар Лі вучыць Бутрыма сакрэтнаму ўдару на адлегласці, – стрымана адказала Саламея, якой, падобна, гэтая навука зусім не падавалася добрай.
– Гэта як? – не зразумеў Пранціш. Пані Лёднік паморшчылася.
– Калі ты не дакранаешся да цела ворага, але пашкоджваеш ягоныя тканкі так званай “вызваленай энергіяй”. Спадар Лі сцвярджае, што найперш закранаюцца ўнутраныя органы, і ўсе наступствы такога ўдару праяўляюцца паступова.
На прыгожым твары жанчыны была грэблівасць. Але Пранціш уявіў, як можна выкарыстаць такое ўмельства… Прыдатна!
– Учора Бутрым паўночы сядзеў і спрабаваў гэтак вось загасіць свечку на адлегласці, – змрочна прамовіла Саламея. – Каб яму хто паказаў, як ілбом мур разбіваць – страшна ўявіць, чым скончылася б. Вясной спадар Лі прапанаваў яму сабраць раструшчаны збан проста ў мяху, праз тканіну. Казаў – добрая трэніроўка для доктара, які складае паламаныя суставы і косткі.
– А сам кітаец сабраў? – здзівіўся Вырвіч.
– Сабраў, – адказала Саламея.
– А Бутрым?
– Два тыдні змагаўся, – пані Лёднік раздражнёна ўздыхнула. – Злосны быў – не падыходзь. Нібыта мала яму непрыемнасцяў у Акадэміі. Ну, ды Бог з імі, пайшлі на варыўню, павячэраеш. Чамусьці мне здаецца, што ў суддзі Юдыцкага пан падхаружы не асабліва наеўся.
Цяпер Пранціш ведаў, адкуль ягоны былы слуга навучыўся скакаць па сценах. Пэўна ж, кітаец досведам падзяліўся.
Бліны пані Саламеі сапраўды смачныя, ды яшчэ са смятанкай… Добра, што не пост, да таго ж Пранцішу не трэба было пільнавацца дыеты, як суддзі Юдыцкаму. Так што паспеў прыгаварыць бліноў пяць, пакуль кітаец не сышоў, і на варыўні не з’явіўся змрочны Лёднік. Відаць, удар на адлегласці так пану і не ўдаўся.
Доктар моўчкі выслухаў красамоўны расповед пра спакусную прапанову суддзі.
– Усё роўна нам жа трэба ў Гутаўскі кляштар!
– Нешта я не надта веру ў такія шчаслівыя супадзенні… – прабуркатаў Лёднік. – Спадзяюся, ты нічога не паабяцаў пану – ні ад свайго імя, ні ад майго?
Пранціш трохі замяўся… Але з самым сумленным выглядам падазрэнні доктара адпрэчыў. А загашальнік свечак сядзеў сумны, унураны, твар завешаны чорнымі патламі. Спытаў стамлёна:
– І чаму радзівілаўскім кляўрэтам патрэбныя менавіта твае ды мае паслугі, а, Вырвіч? За такія грошы маглі б наняць хоць Германа Ватмана, прафесійнага забойцу самага высокага рангу. Што ў нас ёсць такога, што адрознівае ад звычайных наймітаў?
Замест драгуна мужу адказала пані Саламея, вельмі ўстрывожаная расповедам:
– Ды проста вы не належыце да кола праціўнікаў караля! Вы праваслаўныя, сябруеце з расейцамі, у пана Вырвіча нават клопаты з-за гэтага ў войску, а ў цябе – у Акадэміі. Вас нельга западозрыць у закалоце супраць Панятоўскага і Расіі! Значыць, хочуць выкарыстаць вас для маскіроўкі нечага сумніўнага.
Доктар уздыхнуў.
– Вось і я так думаю. І як жа мне гэта абрыдла… Быць інструментам у чужых руках. Усё, ніякіх авантур! Ніякіх спакусных прапановаў! У Гутаўскі кляштар з’ездзім самі.
Вырвіч пастараўся не паказаць расчаравання. Падобна, полацкага Фаўста не адразу ўдасца ўгаварыць. А патрабаваць, каб выканаў дадзенае слова, пакуль не хацелася – Пранцішу ўсё яшчэ было трохі сорамна за нядаўнія нядобрыя пачуцці да доктара, які любіў яго, як родны бацька.
У пакой забег малы Алесік, быццам уварваўся ветрык:
– Пан бацька, пані маці! Спадар Лі прыслаў яшчэ адну страву!
За малым гаспадаром сунуўся Хвелька, старанна несучы на выцягнутых руках цяжкі гліняны гаршчок, накрыты бялюткім ільняным рушніком. Ад гаршчка распаўсюджваўся незразумелы, рэзкі водар. Але на таўсманным твары слугі чамусьці не адлюстроўвалася зацікаўленасць у змесціве пасудзіны, хаця Хвелька не ўпускаў ніводнага выпадку перахапіць смачненькі кавалак. Гаршчок быў урачыста пастаўлены на стол, зняты рушнік і накрыўка… Сямейства насцярожана схілілася над падарункам, вывучаючы кітайскае смакоцце. На нейкі час запанавала маўчанне.
– Спадар Лі не сказаў, як гэта называецца? – папытаўся доктар. Алесік, які ўскараскаўся на зэдлік, каб зазірнуць у гаршчок, заківаў галавой:
– Гаварыў! Фан… фін… цзя… ця…
– Ясна… – уздыхнуў доктар. – Ну, хто пакаштуе?
Хвелька сціпла адыйшоўся ўбок.
– У мяне пячонка хворая, пан доктар ведае!
– А з чаго гэта зроблена, Бутрым? – папытаўся Пранціш, разглядаючы бела-чырвона-зялёную куламесу.
Лёднік уцягнуў доўгім носам вохкую пару:
– A prima facie (На першы погляд – лац.), кураціна тут дакладна ёсць. Лі неяк распавядаў пра нацыянальную страву “Цмок, тыгр і фенікс”, якая рыхтуецца з курыцы, коткі і змяі…
Хвелька гучна зглынуў, нібыта яго заванітавала. Пранціш скрывіўся.
– Ты што, думаеш, твой кітаец корміць графа Разанцава варанымі коткамі і змеямі?
– Ну, не так радыкальна, – меланхалічна прагаварыў Лёднік, пацягнуўся за доўгай лыжкай, памяшаў ёю ў гаршчку, ад чаго і Пранціш адчуў, як нешта падступіла пад горла. За лыжку чапляліся доўгія белыя локшыны, падобныя да чарвякоў, што плавалі ў чырвонай падліўцы. А самае застрашлівае – боўталася чыёсьці вока. Круглае, з вішню, з чорным зрэнкам, яно быццам пазірала з гаршка, ад гэтага не было зразумелым, хто каго збіраецца з’есці. Адразу ўспомніўся суддзя Юдыцкі, які выплёўваў пажаваныя кавалкі на паднос.
– У кітайскай кухні спалучаюцца неспалучальныя элементы, – адкашляўшыся і тыцнуўшы лыжкай у варанае вока, пачаў лекцыю прафесар. – Напрыклад, у страве “Буда пералятае праз сцяну” у адным гаршку знаходзяцца плаўнік акулы, кальмар, качаціна, кураціна, свіная нага, бараніна, парасткі бамбука, грыбы і яшчэ немаведама што. Паводле легенды, адзін падарожны гэткім чынам схаваў у гаршку ўсе свае прыпасы, і атрымалася такая смачная страва, што на яе пах з бліжэйшага кляштара палезлі праз сцяну манахі, апраўдваючыся, што гэтак зрабіў бы і сам Буда.