Дарэчы, нашага сына мы назвалі Францыскам Казімірам. Гервасій у гонар нараджэння нашчадка ледзь увесь форт не спаліў, феярверкі з сябрукамі ладзячы. Індзейцы мужа баяцца, як злога чараўніка, што кіруе вогненным богам. А Гервасій спрабуе іх мову вывучыць, каб байкі новыя запісваць. Трохі расчараваны, што тут, дзе мы пасяліліся, няма джунгляў і маленькіх рознакаляровых птушачак, затое тут горы, парослыя лясамі, чорныя мядзведзі з кіпцюрамі, як у цмока, і такія вялізныя дрэвы, што, магчыма, з вершаліны бачная Вільня. Гервасій спрабаваў праверыць”.
І ніжэй – радок, літары ў якім таньчылі п’янога гапака:
“Паколькі гэты малы нарадзіўся не чарнявым, а, як належыць, рудзенькім, можаш, пан Вырвіч, доктара пугай не сцябаць! Пан Гервасій Агалінскі”.
Апошняя літара заканчвалася пісягом, як бы хто ў аўтара вырваў з рук пяро. Далей зноў быў почырк Паланэі:
“Спадзяюся, пан Лёднік разумее, што Гервасій яшчэ не скончыў святкаваць нараджэнне сына, таму няхай не крыўдзіцца за нядобрыя намёкі. А я ад свайго імя пану Агалінскаму ўжо ўсё выказала”.
І зусім крывы і няроўны запіс:
“Ой, выказала! Моцна і балюча! На каленях стаю і маёй жоначцы ножкі цалую!”.
Лёднік, чытаючы, то бялеў, то чырванеў, пад канец прамармытаў нешта кшталту: “Блазнюкі як ёсць…”. У словах пана Агалінскага быў намёк на даўнюю гісторыю, вакол якой накруціліся жарсці і трагедыі не менш чым у шэкспіраўскіх п’есах: малы Алесь насамрэч быў сынам Лёдніка і пані Галены Агалінскай, жонкі старэйшага брата пана Гервасія, што пан Гервасій доўга доктару не мог дараваць.
Лёднік аддаў ліст Пранцішу з нечытэльным выразам на абліччы, што трэба было разумець як прызнанне віны.
– Прабач, пан Пранціш. Я сапраўды вінаваты перад паннай Ганулькай. За паўгады шмат што магло з ёй здарыцца. Разумееш, Саламея пра яе лёс нічога не ведала – жонку трымалі асобна ад другіх манашак. Нам і ў галаву не прыходзіла, што твая Чароўная Дама можа так абысціся з вернай кампаньёнкай. Таму, як вырашыш справы з Юдыцкім, паеду з табою ў Гутаўскі кляштар. Слова даю.
Вырвіч сурова кіўнуў, хаваючы радасць: як ён засумаваў па прыгодах на пару з Лёднікам!
– Ну што, пайшлі вячэраць? А пасля пакажаш мне сваё фехтавальнае майстэрства… драгун, – звыкла з’едліва сказаў доктар.
– Думаеш, ты такі непераможны, Бутрым? – не менш з’едліва адказаў Пранціш. – Змірыся – у баявых майстэрствах патрэбныя маладыя цягліцы! Маладая жарсць! Вайсковы досвед!
Лёднік нічога не адказаў, толькі бровамі скептычна варухнуў.
А потым Пранцішу давялося стукацца сваймі “маладымі цягліцамі” аб сцены пакоя, дзе Лёднік зладзіў трэніровачную залу. Таму што доктар увесь час зухаватага драгуна да тых сценак змушаў прыціскацца. І нават – гэта было з боку прафесара чыстае хлапецтва, – прадэманстраваў скачок, які сапраўды можна ў балагане паказваць. Пранціш нават не ўцяміў, як гэта ў Бутрыма атрымалася – вось ён перад табой, а вось адштурхнуўся нагой ад сцяны – і прыстаўляе шаблю табе між лапатак.
– Ты мяне такому не вучыў! – абурыўся Пранціш. – Гэта чараўніцтва нейкае! Несумленна!
– Не чараўніцтва, – павучальна сказаў Лёднік, у душы, па ўсім відаць, страшэнна задаволены сабой, – а добрае веданне анатоміі і механікі цела. Ну і трэнінг, трэнінг, Вырвіч! Арганізм чалавека здатны на такое, што можа падацца магіяй, а гэта проста звычайныя, але забытыя веды.
Пранціш паспрабаваў таксама скочыць на сцяну, але ледзь не паваліўся, і выйшаў з пакою злосны, як выкураная з вулею пчала.
Цікава, адкуль сам Лёднік здабыў тыя “забытыя веды”? Хіба рукапіс які старажытны адкапаў?
Лёдніка перастрэла пані Саламея, нейкая вінавата-збянтэжаная:
– Там жанчына прыйшла… Цяжарная… Просіць, каб яе паглядзела менавіта я.
Доктар нахмурыўся.
– Я ж табе казаў… Не прываджвай іх. І выкінь з галавы глупства пра ўласную практыку. Не хапала яшчэ, каб за цябе зноў узяліся, – паглядзеў на засмучоны твар Саламеі, якая, здавалася, ледзь змушала сябе не пярэчыць. – Добра, раз прыйшла кабета – паглядзі яе. Выконваючы хрысціянскі доўг. Але – ні слова лішняга! І каб нічога ў аплату табе не сунула!
Пані Лёднік апусціла вочы, у якіх згаслі, не паспеўшы бліснуць, гнеўныя маланкі, і пайшла.
Пранціш утаропіўся на доктара, які стамлёна ўсеўся ў фатэль ля каміну – сын адразу падбег да таткі і расставіў на парэнчах фатэлю сваіх жаўнерчыкаў.
– Ты што гэта, Бутрым, не толькі мяне на лейцах спрабуеш вадзіць? Дзе ж твае прагрэсіўныя ідэі наконт жаночай адукацыі?
Лёднік адкінуў чарнавалосую галаву на спінку фатэлю, пад заплюшчанымі вачыма былі цені стомы.
– Мая галоўная ідэя – зберагчы сваю сям’ю. Высакароднага пана Вырвіча, так ужо сталася, запісваю таксама ў катэгорыю сямейнікаў, калі ён не грэбуе. Саламеі заманулася стацца доктарам, – Лёднік пакрывіў вусны. – Паказвае як прыклад на нейкую шалберку Русецкую-Пільштынову, якая па свеце швэндае ды лечыць то жонак турэцкага султана, то расейскую царыцу, то Радзівілаў, ну і каханкаў па дарозе мяняе. Але хто ж такую ўсур’ёз прыме? Таксама мужа-лекара мела, ад яго і навучылася. А Саламея – жанчына сур’ёзная, самавітая. Яе баяцца стануць. У вядзьмарстве ўжо абвінавачвалі – забыўся, як мы ледзь яе адбілі? У мяне рэпутацыя таксама сумніўная, не абараню. Падай мне з паліцы тую таміну, у рудой вокладцы.
Пранціш здабыў Лёдніку вялізны фаліянт. Папера яго шаргатала, нібыта абуралася, што яе нарэшце патрывожылі.
– О, для прыкладу… Выпіскі з працэсу пінскага гродскага суда 1630 года, – торкнуў пальцам у старонку Лёднік, як у выкрытага шпега. – Жонка пінскага вознага Вячоркі Высоцкага Федзя звяла са свету жонку пінскага войскага і падстаростага Мікалая Ельскага. Адкапала на могілках чалавечую костку, жалезныя цвікі ад труны і трохі пяску і загадала сваёй пляменніцы Сазонаўне, якая прыслужвала ў жонкі Ельскага, тры разы паскрэбці костку, змяшаць з пяском і ўсыпаць ва ўлюбёны ранішні напой пані, а менавіта цёплае піва з маслам. А костку з цвікамі і пяском пакласці, абысці тры разы супраць сонца са словамі: "Як тая косць мёртва, як тая косць анямела, так і пані маёй няхай то будзе". Самае цікавае, што праклён павінен быў здзейсніцца толькі на чацвёртым годзе. Жонка вознага памерла, і чарадзейства выявілася.
– Як? – зацікавіўся Пранціш.
– А ліха яго ведае, – меланхалічна прамовіў Лёднік, падняўшы вочы ад кнігі. – Каму што памсцілася… Але дзяўчыну Сазонаўну тут жа аддалі на катаванні, яна і прызналася. Ну і цётку ейную арыштавалі. Нават Галоўны трыбунал, куды пінскі возны звярнуўся, не дапамог. Так што механізм просты, – Лёднік глядзеў, як сын зацята перастаўляе мізэрных жаўнерыкаў з волава, змушаючы іх забіваць адно аднаго, у выніку нехта з небаракаў з грукатам падаў на падлогу. – Памірае любы з пацыентаў Саламеі… На ягоным целе, вопратцы ці ў доме таксама знаходзяць прыкметы чараўніцтва. Драпіну, латку, іржавы цвік, гнілы арэх… Вінаватая вядзьмарка! І – на катаванні яе… – Лёднік рэзка закрыў кнігу. Аж пыл ад жоўтых старонак пайшоў. – Помніш, як на млыне пазнаёміліся з дзяўчынай-зельніцай Саклетай, якую ўсё наваколле сабралася забіваць? Сверб, маўляў, на вёску наслала! А ў яе толькі і былі зёлкі ды кніга па фармацэўтыцы ад маці. Я – мужчына, доктар, маю ўніверсітэцкі дыплом, сябар навуковых таварыстваў, прафесар акадэміі… Я магу быць блюзнерам, а не ведзьмаком, але многія падазраюць мяне і ў першым, і ў другім. Так, Саламея хадзіла слухаць лекцыі ў полацкім калегіюме, але гэта толькі пацверджвае ейнае “вядзьмарства”.
– Слухай, ты мяне пераконваеш ці сябе, што маеш рацыю, калі забараняеш Саламеі лекаваць? – сярдзіта спытаўся Пранціш. Лёднік памаўчаў, апусціўшы вочы.
– І тое, і другое, пан Вырвіч…
Маленькі Алесь пачаў выкарыстоўваць для баявых дзеянняў сваёй алавяннай арміі вялізную кнігу, што ляжала на таткавых каленях, і суровы доктар намагаўся не варушыцца, каб цацачнае войска не пападала. І Пранціш падумаў, што Лёднік дорага заплаціў за бяспеку ўсіх сваіх бліжніх, кожнага з якіх мог страціць назаўсёды. Таму й трасецца, каб з імі зноў чаго не здарылася.
– Ведаеш, мяне таксама ў палку чарнакніжнікам лічаць, – горка пасмінуўшыся, прызнаўся Пранціш. – Не напіваюся, кніжкі чытаю…
– З вядомым чарадзеем Лёднікам таварышуеш, – сцвердзіў доктар. Алесь падняў зацікаўлены пагляд на бацьку:
– Пане-бацька, а ты чарадзей?
Лёднік пагладзіў хлопчыка па галаве.
– Я – вучоны. Толькі невукі вераць у чарадзейства, запомні, сын. Ты яшчэ пабачыш, як навука зменіць свет!
Уздыхнуў, як апошняга каня прадаўшы.
– Хаця ці зменіць яна яго да лепшага – гэта яшчэ вялікае пытанне.
Саламея вярнулася з вінавата апушчанымі вачыма, павяла сына спаць, паабяцаўшы яму, што ўсе забітыя жаўнерыкі назаўтра ажывуць і стануць яшчэ больш баявітымі.
Каб жа так было і ў жыцці…
Але ў жыцці ўсё няпроста. І Пранціш разумеў, чаму неўтаймоўная калісьці пані Саламея толькі ўпотай уздыхае і намагаецца не паказаць крыўды. Адчувае віну, што так і не змагла нарадзіць каханаму мужу дзіця. Пранціш падазраваў, што справа ў тым, што калісьці, падчас зняволення ў Слуцкім замку, пані моцна застудзілася – Геранім Радзівіл змушаў упартую палонніцу да пакоры ўсялякімі сродкамі. Што ж, шавец без ботаў, а дактары свае хваробы вылечыць не могуць.
А Вырвіч, толькі апынуўшыся сам у пакоі, змог даць волю гору… Якім абарочваецца шчасце тваёй каханай – з іншым. І трэба мець вялікае сэрца, каб пажадаць ёй і надалей таго шчасця.
Драгун Пранціш Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр так і пастараўся зрабіць.
Раздзел другі. Даручэнне суддзі Юдыцкага
Старажытныя кёльты верылі, што калісьці ў Ірландыі над ручаём Тройцы раслі дзевяць кустоў ляшчыны з чароўнымі арэхамі цёмна-малінавага колеру: хто іх сарве ды з’есць, спазнае таямніцы сусвету. Разумнікаў, аднак, не знаходзілася, арэхі ціхенька сабе падалі ў ваду разам з таямніцамі, і там іх глыналі тлустыя лянівыя ласосі. Вось гэтыя рыбіны і зрабіліся наймудрэйшымі ў свеце, асабліва пасля таго, як чароўныя ляшчыны засохлі з-за цікаўнасці адной кабеты. А толку з мудрасці тых ласосяў? Што яны распавядуць? Хіба злавіць якога ды з’есці… Аднаму кёльтскаму герою, Фіну Мак Кумхэйлу, удалося такую рыбу сасмажыць ды зрабіцца мудрацом. А так – суцэльнае расчараванне: ласосі паныла сноўгаюць у рэчцы, шукаючы арэхаў, людзі вылоўліваюць ласосяў, спадзеючыся напаткаць патрэбнага…
Пан суддзя Юдыцкі, напэўна, таксама спадзяваўся праз паяданне рыбы зрабіцца мудрацом. Таму што зацята калупаўся ў кавалку ласасіны, запечаным з цытрынай. Увогуле стол, за якім сядзела ўсяго два чалавекі, суддзя ды ягоны госць, быў устаўлены далікатэсамі аж надзіва: мядзвежыя лапы пад вішнёвай падліўкай, бабровыя хвасты з ікрой, ласіныя ноздры з мігдаламі, смажаныя вожыкі і яшчэ нешта, чаму Пранціш Вырвіч і назвы не ведаў. Проста магнацкі баль… Другая дзіўната была ў тым, што гаспадар амаль нічога з гэтага не з’ядаў – прынюхваўся вострым носам, прыцмокваючы тонкімі бледнымі вуснамі, прагна паглядаў запалымі вачыма, клаў у рот мізэрныя кавалачкі… Жаваў, прыжмурыўшыся ад насалоды. А потым выплёўваў на спецыяльна падстаўлены лёкаем срэбны паднос. Драгуну Пранцішу Вырвічу, які аніяк не чакаў падобнага гасцявання, ад такога відовішча і насцярогі таксама кавалак у рот не лез. Суддзя, заўважыўшы неўразумелыя позіркі драгуна, патлумачыў:
– Ах, вашамосць пан Вырвіч, на жаль, жаданні чалавечыя пераўзыходзяць магчымасці чалавечага арганізма, адпушчаныя нам Госпадам і занепадаючыя за нашыя грахі. Быў час, калі я пагарджаў добрай шляхецкай ежай, і, выконваючы свой абавязак перад ягонай мосцю князем Радзівілам і Айчынай, паспяваў за дзень толькі ўкусіць сухой булкі… Колькі ж я ўпусціў простых радасцяў жыцця, ахвяруючыся дзеля вышэйшых ідэалаў! Certum est omnia licere pro рatria! (Належыць ахвяраваць усім дзеля радзімы – лац.)
Пан Юдыцкі закаціў вочы ўгару, як касцёльная дэвотка, і пачапіў на двузубы відэлец чарговы далікатэс. Пранціш успомніў, як Юдыцкі шчыраваў “дзеля вышэйшых ідэалаў”, калі хацеў употай прадаць “ведзьмака” Лёдніка князю Гераніму Радзівілу на пакуты.
– А потым надыйшоў час, – працягваў гаспадар, – калі нават самую простую і лёгкую ежу мой страўнік перастаў прымаць, і думаў я ўжо, што аддам у вогненнае мора залатыя ключыкі… Дай Бог здароўя шаноўнаму доктару пану Лёдніку, вашаму вучонаму сябру, – Юдыцкі злёгку пакланіўся Пранцішу. – Адратаваў мяне… Але ж прапісаў спецыяльную дыету! А як толькі мы чагосьці пазбаўляемся – тут і пачынаем прагна гэтага жадаць, грэшнікі… – скрушліва прамовіў суддзя і адправіў у рот кавалачак смажанага вожыка. – Таму й вырашыў я, не губячы здароўя дзеля чэраваўгодніцтва, усё-ткі спазнаць высакароднае мастацтва шляхецкай ежы. А якія радасці яшчэ ў жыцці ў мяне, хворага, страціўшага Фартуну, засталіся, дарагі пан Вырвіч!
Юдыцкі мройна пажаваў кавалак і выплюнуў на паднос. Ага, калі не маніць наконт апошняй радасці – значыць, мужчынскую сілу Лёднік пану суддзі ўсё-ткі не вярнуў, зласліва падумалася Пранцішу. На здаровага чалавека суддзя не выглядаў: худы, зжаўцелы… Але не сказаць, каб кволы, а ўжо хітручы які! Нібыта сапраўды патрапіўся яму ласось, які з’еў чароўны арэх. Чаго гэтак абхаджвае маладога драгуна, як бы сам Радзівіл у дом завітаў, робячы выгляд, што забыўся на колішнюю варожасць? Пранціш больш за ўсё на свеце хацеў апынуцца падалей ад гэтага шыкоўна накрытага стала і запляванага перажаваным смакоццем срэбнага падносу.
– Ах, як шкада мне сённяшніх маладых людзей, адважных і кемных, якія не маюць яснай мэты і слаўнай кар’еры на полі бойкі! – амаль са шчырай скрухай завёў Юдыцкі. – Якіх магчымасцяў яны пазбавіліся, калі лепшыя сілы краіны апынуліся ў выгнанні!
Словы суправаджаў востры позірк, які правяраў паводзіны драгуна на гэтае прызнанне. Вырвіч надаў сваім блакітным вачам самы шчыры, наіўны выраз – як перад прафесарам на лекцыі, да якой не падрыхтаваўся. Суддзя вычыкаў трохі, але ж працягнуў, хаця й вельмі асцярожліва.
– Так, мала сёння, у наш сапсаваны час, людзей, якія заслугоўваюць даверу. Вось ягоная мосць пан Малішэўскі напісаў мне, што пан Вырвіч якраз рэдкае выключэнне. Нездарма я чуў, што пан Вырвіч збіраецца ў паломніцтва ў Гуту.
Вырвіча ажно скаланула. Эх, кругом шпегі… Гэта ж ён учора ў карчомцы, дзеля якой адклаў на дзень спатканне з Юдыцкім, сустрэў аднакурсніка родам з-пад Гуты, дый пачаў распытваць пра Гутаўскі кляштар, і ці ёсцека там прыгожыя мнішкі. Гаворка пасля пары-тройкі куфляў зрабілася куртуазнай і гучнай, перацякла ў другую карчомку, потым у трэцюю… Сябрук гучна абвяшчаў, што ягоны таварыш пан Пранціш Вырвіч – самы што ні на ёсць дабрадзейны і збіраецца ў паломніцтва… Карацей, Пранціш цьмяна памятаў падрабязнасці. Так што цяпер уся Вільня тэарэтычна магла ведаць, што драгун Пранціш Вырвіч збіраецца ў Гуту.
Юдыцкі паклаў відэлец, павольна перажагнаўся.
– Рэдка, рэдка сярод моладзі сустрэнеш такую ўхвальную пабожнасць.
Пранціш сціпла апусціў вочы, успомніўшы, як у карчомцы яны крычалі, што трэба ратаваць манашак, і якім чынам гэта належыць рабіць. Ці шпегі данеслі Юдыцкаму ўсё недакладна, альбо сам суддзя хітрыў, але Вырвіч пастараўся надаць твару выраз патрэбнай ступені пабожнасці.
– Хачу з панам Вырвічам параіцца, – мякка сцяліў суддзя. – Ёсць у мяне далёкі сваяк… Хварэе, небарака, пасля перанесеных няшчасцяў, і не толькі цялесна, але і, так бы мовіць, разумова. Няшчасце адно блізкім назіраць за ягонымі пакутамі. Адзінае выйсце – цуд Божы… Таму і вырашылі мы адвезці яго напачатку ў Менск, да цудатворнага абраза Маці Божай, з’яўленага на беразе Свіслачы і пісанага апосталам Лукою. Вы ж, пан Вырвіч, праваслаўны, гэты абраз таксама шануеце?
Пранціш старанна заківаў галавою. З якога перапуду везці хворага на галаву з Вільні ў Менск, прамінаючы іншыя святыні? Для старца міля не круг? Юдыцкі задаволіўся маўклівай згодай слухача і працягваў:
– А тады і ў Гутаўскі кляштар, дзе зараз захоўваецца дзясніца святога Лукініяна. Таму як пачуў пра намеры васпана, палічыў гэта знакам Божым. З Божай дапамогай сваяка майго перастрэнуць і давязуць да рымскага прастолу, дзе, магчыма, пан і будзе ацэлены. Але карэту трэба суправадзіць. А дзе знайсці надзейнага чалавека, які гэта зробіць? Апекуны хворага гатовыя такому заплаціць дзвесце дукатаў.