– Прывітанне, Ганна.
– Прывітанне, Юрась.
Спадзяюся, у маім голасе было дастаткова льдзінак. З былымі мужамі трэба размаўляць голасам Снежнай Каралевы.
А Юрась здорава змяніўся… У плячах стаў шырокі, а вусны, калісьці па-юнацку пульхныя, усмешлівыя, сурова сціснутыя. На шчацэ з’явілася некалькі шнараў. І валасы коратка стрыжэ, гэткі непаслухмяны цёмны «вожык» атрымаўся – а калісьці хадзіў з доўгімі валасамі, як паэт эпохі рамантызму. Толькі вочы па-ранейшаму сінія, і бровы прамыя, сыходзяцца ўпарта над пераноссем. Недагледжаны нейкі… Рукавы швэдару даўжэзныя, джынсы працёртыя… Але на руцэ блішчыць заручальны пярсцёнак (ператвараюся ў старую дзеўку, якая імгненна і зайздросна заўважае падобныя дэталі). Адзінаццаць гадоў, як апошні раз бачыліся. Дый колькі мы па-сапраўднаму былі разам – смешна прызнацца. Здараецца, букет хрызантэмаў даўжэй прастаіць… Студэнцкае вяселле, так бы мовіць. Ідыётка… Не, каб прыняць заляцанні Аркадзя, сына загадчыцы сталоўкі, была б сёння такой жа дагледжанай і не стаяла б за кніжным прылаўкам.
– Нармальна, Анэта. Ты хоць кніжкі прадаеш, а я з унітазаў пачынаў,– Аркадзь, відаць, заўважыў, што я бянтэжуся. – Так-так, сем гадоў таму я сантэхніку вазіў з Польшчы. Пасля магнітафоны з Нямеччыны… Потым аўто ганяў ажно з Галандыі.
– А цяпер што возіш? – змрочна запыталася я.
Страшэнна злавала, што Юрась моўчкі глядзеў убок, нібыта баяўся падняць на мяне вочы.
Аркадзь шчыра зарагатаў:
– Цяпер нічога вазіць не трэба! Таму што нерухомасцю займаюся. Не-ру-хо-мас-цю! Другім прадаю, сам купляю. Я цяпер усё роўна што князь – замак маю!
Юрась спадылба кінуў на сябрука скептычны позірк, і Аркадзь раздражнёна ўдакладніў:
– Ну не замак, не замак… Вежу. Але дзе? У Старавежску, на пляцы! У цябе яшчэ вялікі артыкул пра гэтае мястэчка быў, памятаеш?
Яшчэ б не памятаць! Пасля гэтага артыкула мяне і пагналі з газеты. Аркадзь ззяў, як дзіця, якому купілі дарагі канструктар. Кабета ў жоўтым мешкаватым пінжаку адсунула гасцей ад майго прылаўка, каб пагартаць таўшчэзны том ілюстраванай «Энцыклапедыі эзатэрычных сімвалаў». Але я не расхваліла ёй «захапляльны трактат таемных ведаў», а пачала распытваць Аркадзя з былой журналісцкай «хваткай»:
– Чакай, як табе маглі прадаць ратушу? Гэта ж гістарычны помнік!
– Вядома, гістарычны, – задаволена згадзіўся былы аднакурснік. – Чатырнаццатага стагоддзя пабудова. Але ты ж сама пісала, у якім яна жахлівым стане, развальваецца. Даху няма. Унутры – дрэвы растуць. Яшчэ крыху – засталася б груда камянёў. Раённае кіраўніцтва радуецца, што збылі. Каму справа?
– Ну хаця б мясцовым краязнаўцам! – абурылася я. – Сама з імі сустракалася. Зацятыя…
Аркадзь толькі паціснуў плячыма.
– Знайшла сілу – «краязнаўцы»… Вялікіх падзей з той вежай не звязана, партызаны ў ёй штаб не ладзілі… А я адрэстаўрую і адчыню шыкоўны гатэль і рэстаран. Турыстычны комплекс будзе! Вакол запаветныя лясы, на паляванне ды рыбалку з усяго свету людзі ездзяць. А ты, Анэта, дарэчы, не думаеш працу мяняць? Мне добрыя менеджэры патрэбныя. А ты ж у нас на курсе «зорка» была. Самая таленавітая. Да таго ж мовы ведаеш… З тваёй польскай ды нямецкай можна хоць у амбасаду перакладчыцай!
У былыя часы я б зацялася і пачала абараняць гістарычны помнік ад чарговага нуворыша… Але юначы рамантызм даўно сышоў з мяне, як пазалота з вокладкі забытай пад дажджом кнігі… Дый Юрась ранейшы нават рукі б не падаў чалавеку, які перарабляе вежу чатырнаццатага стагоддзя на турыстычны комплекс. «Вернем свае фальваркі, вернем лясы і паркі, і калісьці непазбежна мы адродзім усю краіну…»
Ага, адраджаем… Забяспечваем польскімі ўнітазамі і расейскай бульварнай літаратурай…
Кірмаш гуў, як мора ў ракавінцы, прыкладзенай да вуха, то сціхаў, то мацнеў, і нельга было зразумець, дзе ягонае сэрца. Кабета ў жоўтым пінжаку адышлася, так і не адшкадаваўшы грошай на «Энцыклапедыю эзатэрычных сімвалаў».
– Дзякуй, Аркадзь, за прапанову… Але… Аркадзь не пакрыўдзіўся.
– Добра, падумай. Вось табе мая візітоўка… І ты тэлефончык скажы, а то знікнеш у сваёй звычайнай манеры – моўчкі і бясследна, як Снягурка.
Я атрымала з панскіх рук візітоўку з залатымі літарамі і… гербам. Вось табе і сын загадчыцы сталоўкі! У абрысе шчыта, падобнага да вакенца ў дэкарацыі мальераўскай п’есы – вежа. Сапраўды заманулася Аркадзю Баркуну князем стаць.
– А ты, Юрась, таксама гандлюеш? – як мага больш абыякава спыталася я.
– Я рэстаўратар, – ціха прамовіў мой былы муж, нарэшце на мяне зірнуўшы.
Мне не ўдалося схаваць здзіўлення.
– Ты ж на журфаку вучыўся!
– На журфак мяне бацькі ўладкавалі, быццам не ведаеш, – Юрась усміхнуўся ранейшай юнацкай усмешкай. – Які з мяне журналіст. Гульню ў словы я не люблю. Калі мяне адлічылі – я не сумняваўся, што правільна. Адслужыў у арміі, скончыў Віцебскую мастацкую вучэльню, працую вось…
– Ён проста занадта сціплы, – дакорліва сказаў Аркадзь. – Юрась у нас – знаны спецыяліст. Я і сам з ім раюся, і кліентаў сваіх скіроўваю. Дарэчы, пра птушак… А ці не паспяшацца нам, сябра? Спознімся… Ну, Анэта, рады быў пабачыцца. Тэлефануй!
Юрась прамовіў сваё «бывай», і ўладальнік вежы пацягнуў яго ў бок лесвіцы, дзе быў антыкварны салон. Апоўдзень там чакаўся аўкцыён.
Я зноў уладкавалася на сваё крэселка за прылаўкам. Прыйшла восень, самотная, пакрыўджаная, адгарадзілася ад свету халоднымі кратамі дажджоў і лістабоем. Рудых заўсёды крыўдзяць, а я – таксама рудая, як восень… І такая ж самотная. Хацелася схавацца, скруціцца клубком, як кацяняці… Што я зрабіла са сваім жыццём? Вось – з’явіўся чалавек, які – маё першае каханне, і нічога асаблівага ў душы… Вядома, нешта зварухнулася, абарвалася ў грудзях – але разбітае акно выклікала б болей эмоцыяў.
Прыкмецілі мы адно аднаго яшчэ на першым курсе. Я была гэткай самаўпэўненай дзяўчынкай з рудой касой да пояса і страшэнна баялася выявіць сваю «правінцыйную», як я лічыла, сарамяжлівасць, нешта зрабіць «не па-сталічнаму» (і колькі глупстваў зроблена з-за гэтага!). А Юрась Дамагурскі быў трохі няўклюдным гарадскім юнаком з доўгімі кудламі, старасвецкай выхаванасцю ды начытанасцю. Усе ведалі, што Юрасёў бацька – мовазнаўца, і не дзіваваліся, што Юрась размаўляў паўсюдна на мове. А я вырасла на раманах Караткевіча, маці мая выкладала беларускую літаратуру і як найвялікшыя рэліквіі збірала кнігі з аўтографамі беларускіх паэтаў… Таму калі на лекцыях выкладчык пачынаў расказваць, напрыклад, пра гераічнае змаганне беларускага народа з Напалеонам, Юрась гучна згадваў пра Радзівілаў, якія былі на баку французаў, а з другога кута аўдыторыі я задавала сваё пытанне пра вызвольны полк Княства Літоўскага, які французы набіралі на нашых землях. Выкладчык нерваваўся, а мы лічылі сябе ледзь не інсургентамі.
На другім курсе паслалі нас «на бульбу». І неяк вечарам Юрась павёў мяне на ўскраіну вёскі – з кім яшчэ мог падзяліцца адкрытым цудам? Над зарасцямі шыпшыны ўздымаўся чорна-сівы ад часу слуп, наверсе якога, нібы старажытны трохкутны капялюш, красаваўся разьбяны дах. Ніжэй мацавалася круглая рама з раслінным узорам – птушачкі на галінках, драўляныя ружы – нібы вянок. Майстар дзівосны… Нават счарнелая, патрэсканая разьба ўражвала.
– Гэта аброчны крыж! – усхвалявана распавядаў Юры. – Тут калісьці праходзіла дарога… На крыж навязвалі рушнікі, каб шлях быў лёгкі. Папярочную перакладзіну адламалі… Бачыш, тут яна мацавалася. І распяцце садралі, варвары… Толькі абрамленне засталося. А гэта ж сямнаццатае стагоддзе, не пазней!
Юрась гладзіў, нібыта жывое, счарнелае дрэва.
– Аднавіць можна! Якая прыгажосць!
Я таксама дакранулася да слупа – яго паверхня была цёплай і шурпатай, нібы спрацаваная даланя…
Юрась паклаў сваю руку на маю… На небе запаліліся першыя зоры…
– А яны цалуюцца ў кустах, смаркачы!
Выкладчыца рускай літаратуры, нашая «бульбяная куратарка», захлыналася ад абурэння.
– Ганна! Я думала, ты сціплая прыстойная дзяўчына! А ты – распусніца! Косы, бач, запляла, а сама…
Словы ляцелі ў мяне, нібы камякі бруду і, здавалася, пакідалі відочныя сляды. Ды яшчэ тут, каля старажытнага крыжа, на які малілася столькі пакаленняў вандроўнікаў! Я залілася слязьмі ад знявагі. І тады Юрась цвёрда прамовіў, што я – ягоная жонка, і ён нікому не дазволіць мяне абражаць. Пазней аказалася, што гэта былі не проста словы, а план помсты і ўратавання майго гонару. Як Юрасю ўдалося ўгаварыць мяне на авантуру – мусіць, я была надта знерваваная…. Але я аддала яму свой пашпарт. Назаўтра Юрась пайшоў у сельсавет, не ведаю, у колькі яму гэта абышлося, але… нас распісалі. Увечары мой нечаканы муж з’явіўся да выкладчыцы з нашымі пашпартамі, у якіх стаялі новенькія штампы. Дзеля словаў прабачэння, якія мая крыўдзіцелька, высахлая да свісту старая дзеўка, выціснула з сябе, варта было згаджацца на гульню ў нявесту…
Але гульня зацягвалася. Нас чакала вяртанне ў горад, вучоба, гаворка з бацькамі… Напачатку гэта было нават весела – бацькі Юрася, «пераварыўшы» навіну, перасялілі да сябе ягоную бабулю, і мы апынуліся ў ейнай кватэры. Як я пасля зразумела, сваякі майго мужа былі пэўныя, што гэткі маланкавы шлюб мог адбыцца толькі з прычыны цяжарнасці нявесты. Сваёй маці я нават не стала нічога паведамляць – абавязкова захацела б зладзіць у нашым мястэчку вяселле. Мы з Юрасём па-сапраўднаму сталі мужам і жонкай, гэта было цудоўна… Для першай шлюбнай ночы купілі пунсовага атласу – прасціны з казачных ветразяў! А яшчэ Юрась прачытаў, як рэжысёр Параджанаў упрыгожваў пакой для Марыны Уладзі і Уладзіміра Высоцкага – і гэтаксама выклаў усю падлогу апельсінамі, а між іх расставіў запаленыя свечкі… Шчаслівы ўзрост, калі аздобы даюць адчуванне шчасця. А яшчэ – воля! Незалежнасць! Можна ўсю нядзелю валяцца ў ложку і есці цукеркі. Можна тыдзень складваць нямыты посуд у кошык. Можна ўсю ноч дзе-небудзь блукаць.
І не спаслала Неба нам ані кахання, ані цярплівасці…
Ды і завошта былі б нам тыя вялікія дарункі? Юрась штовечар бавіўся то ў рыцарскім клубе, то ў майстэрні знаёмага мастака. А калі заставаўся дома, то важдаўся з нейкімі старымі жалязякамі, падабранымі на сметніцы, каб потым урачыста запаліць іржавы прымус або завесці будзільнік, які тахкаў, быццам трэслі гарох у жалезным вядры. Асабліва Юрась ганарыўся памятым, парэпаным гадзіннікам-«цыбулінай», які рамантаваў цэлы месяц, і які, па словах майго мужа, належаў калісьці Вацлаву Ластоўскаму… Чаму менавіта Вацлаву Ластоўскаму – ўцямных доказаў я не атрымала, але Юрась толькі злаваўся, калі я выказвала сумніў, і прычапіў да гадзінніка ледзь не якарны ланцуг, які звешваўся з кішэні ягонай джынсоўкі, нібыта адтуль збіраліся ўцякаць зняволеныя карузлікі. А я хадзіла па літаб’яднаннях ды тэатрах, а пад’есці бегала да цёткі Алі, мамінай стрыечнай сястры, якая жыла непадалёк і апекавалася «беднай студэнтачкай»… Восеньскія дажджы закрэслівалі вокны празрыстымі кратамі, ноччу болей не было відно зорак… А старажытны гліняны кубак, з тых, што Юрась прыносіў у дом і прымушаў піць гарбату толькі з іх, каб адчуць повязь са шляхетнымі продкамі, трэснуў у маіх руках, і я абварыла калена. Мяняцца, прырастаць адно да аднаго не было ні жадання, ні сэнсу. Пасля чарговай сваркі – Юрась занёс мае ўлюбёныя касеты нейкаму сябруку, ды яшчэ на мае крыкі па-хлапечы тузануў за касу – я запхнула рэчы ў сумку і вярнулася ў інтэрнат. А назаўтра падала на развод… Калі мы разышліся, на падаконніку нашай кватэры яшчэ ляжала некалькі падвялых апельсінаў нашай першай шлюбнай ночы.
Пад канец года былога мужа адлічылі з журфаку. Юрасёва абыякавасць да маёй улюбёнай прафесіі злавала яшчэ больш, чым ягоная звычка паўсюль насіць з сабой уключаны дыктафон, з якога чуліся хрыпатыя спевы Шалкевіча або лірычныя трэлі Данчыка. «Мне чужых краёў не трэба…» Яшчэ на лбе сабе зрабіў бы татуіроўку: «І love Belarus». Легкадумны ёлуп! Не хачу мець з ім нічога агульнага! Сяброўка ўгаварыла мяне «згубіць» пашпарт. Я заплаціла штраф і атрымала новенькі дакумент, без аніякае згадкі пра «памылку жыцця». Мяне паслалі на год на стажыроўку ў Польшчу, потым я выйграла ў конкурсе на лепшы краязнаўчы рэпартаж і патрапіла на два месяцы ў Германію… А па вяртанні мяне запрасілі ў прэстыжную газету. Карацей, удалая творчая кар’ера дапамагла забыцца на ўсе колішнія захапленні.
А цяпер я спрабую забыцца на ўдалую творчую кар’еру.
Як добра, што няма пакупнікоў… Залы амаль пустыя. Вядома, выручкі не будзе. Затое можна яшчэ падрамаць. Толькі б зноў жахі сярэднявечныя не прымроіліся.
– І шмат ты, даражэнькая, такім чынам нагандлявала? – голас Кацярыны Пятроўны, гаспадыні маёй «гандлёвай кропкі», дрыжэў ад праведнага гневу. Я ўсхапілася.
– Ды пакуль нічога…
– Не дзіўна, – Кацярына Пятроўна, падцягнутая брунетка ў белым джынсавым касцюме ў ружовыя кветачкі, маладзейшая за мяне на два гады, агледзела прылавак. – А чаму не выклала «Энцыклапедыю эзатэрычных сімвалаў»? Яе добра купляюць.
Я зірнула на кнігі і схаладнела. Шыкоўнае выданне знікла. Няўжо кабета ў жоўтым пінжаку пастаралася?..
Гаспадыня, відаць, заўважыла мае хваляванні і дзелавым тонам спытала-сцвердзіла:
– Скралі?
– Не ведаю…
– Затое я ведаю, што ты працуеш у мяне апошні дзень.
Дома я заварыла гарбаты з шыпшыны. Гарбата з адмысловых пакецікаў з выявай ружовай кветкі на цэтліках атрымлівалася бляклай, як дым, і нясмачнай. Але за словам «шыпшына» ў мяне ўзнікала столькі прыемнага, хвалюючага, значнага, што я не збіралася пераходзіць на іншыя напоі. Цяпер можна было сесці ў мой улюбёны фатэль, падкурчыўшы ногі, і ўявіць, быццам нічога, акрамя гэтага фатэлю, кубка з гарбатай і рэпрадукцыяў старажытных гравюраў на сценах у свеце не існуе.
На адной з гравюраў быў увасоблены тыповы для XV стагоддзя матыў – з вакна вежы высунуўся шкілет, у адной руцэ яго – каса, у другой – вагі. І маладая вядзьмарка з валасамі, распушчанымі па ветры, ляціць у начным небе, пад поўняй, чый круглы твар падзелены на дзве паловы – цёмную і светлую…. Дарэчы, трэба зняць гэтую карціну – з-за яе, відавочна, мае жахлівыя сны. Павешу Рэнуара і буду сніць парыжскія кавярні.
І жыццё трэба змяніць таксама. Правільна маці гаворыць – нельга жыць у ракавінцы, калі ты не смоўж. Кажуць, характар чалавека выяўляецца толькі ў экстрэмальных сітуацыях. Вось у вас падае з рук кубак з гарбатай. Адны яго маланкава падхопяць, няхай і абальюцца пры гэтым, другія знерухомеюць на імгненне, дазваляючы кубку разбіцца, а некаторыя – адразу ж адскочаць убок, як ад гадзюкі. Ды яшчэ і з пакою ўцякуць, запэўніваючы сябе, што там ніякага разбітага кубка на падлозе няма, і ўвогуле сёння яны гарбаты не пілі.
Я належу да апошніх.
Не было майго шлюбу, не было журналісцкай працы, не было «гандлёвай кропкі» з кнігамі…
«Мяне няма», як сцвярджае адзін філосаф. Чаму ж тады мне так дрэнна?
Таму, спадарыня, што табе трыццаць гадоў. Што ты ўсё жыццё кідаеш тое, што варта ратаваць. Таму што можна пачаць з унітазаў, а скончыць вежай чатырнаццатага стагоддзя. А можна пачаць з вежы, а скончыць…
Няхай маім першым крокам з ракавінкі, у якой я замкнулася ад непрыветнага свету, будзе гэты тэлефонны званок… Я набрала нумар, напісаны на візітоўцы з залатым гербам з выявай вежы.
– А хто пытаецца Аркадзя Мартынавіча?
Голас дзелавы, ані жывой ноты. Напэўна, патрапіла на сакратара. Я назвалася. Потым давялося тлумачыць, па якой справе тэлефаную… І пра тое, што сустрэла Аркадзя Мартынавіча выпадкова, першы раз за дзесяць гадоў. І што ёсць сведка размовы, наш аднакурснік Юрый Дамагурскі. Паступова я пачынала раздражняцца. Бач, якая служба бяспекі ў Баркуна пільная! І ўрэшце рэшт – Аркадзь Мартынавіч падысці не можа! Але я не паспела абурыцца, як прагучала тлумачэнне.
– Баюся, што працу вы не атрымаеце. Аркадзь Мартынавіч памёр.
– Як… памёр?!! Я ж з ім уранку размаўляла! Мой суразмоўца пагардліва засмяяўся:
– Бывае, грамадзяначка. Для гэтага адной хвілі хапае. Быў чалавек – няма чалавека. Дарэчы, скажыце на ўсялякі выпадак свой тэлефон.
Я не зусім зразумела, навошта, але паслухмяна прадыктавала.