– А рэвалюцыя жартаў не любіць, – прыхадзень пачаў, здаецца, весяліцца. – Не сцы, Зойка, ворагаў трэ вынішчаць, тады і зажывем у ліманадзе, – і павярнуўся да Улада. – Ну, ты, рукі падымі…
Двое наставілі на Улада свае ружжы, бразнулі затворы, як магільныя лапаты аб вечка труны. Улад павольна ўзняў рукі. На яго бледных шчоках загарэліся чырвоныя плямы. На Зосю ён стараўся не глядзець. А тая адчайна крычала, тузаючы знаёмца за рукаў:
– Саша, Сашачка, ну зразумей жа… Гэта памылка. Гэта ўсё сябры. Беларусы. Таленавітыя, сумленныя… Рэспубліцы яны патрэбныя. Ну няхай яны… твае… апусцяць ружжы… Як жа мне далей жыць – з гэткім…
На апошніх словах голас дзяўчыны сарваўся на шэпт.
Аляксандр уладна абняў яе, страсянуў.
– Якая ты яшчэ… несвядомая. Ворага выкрыць – не сорам. Ворага выкрыць – пачэсна. А сведкі муляюць, гэта я разумею… Ну я ж сказаў, не сцы, дзеўка, я ўсё ўладжу. Сведкаў аніякіх не будзе.
І павярнуўся да знерухомелых людзей.
– Усім – на выхад!
– Дык човен толькі адзін, камандзір! – прахрыпеў прыхадзень у сялянскай світцы. Ягонае горла абкручваў брудны шалік, зроблены, падобна, з царкоўнае парчы. – У човен толькі пяцёра сядуць.
Аляксандр паціснуў плячыма:
– Значыць, астатнія самі паплывуць. Ну…
І імгненна, як палёт кажана, выхапіў з кішэні рэвальвер. Зося паспрабавала адвесці ягоную руку:
– Сашачка, не трэба!
– З імі хочаш? Дурніца! Яны – буржуі. А ты – пралетарка. Выбірай, з рэвалюцыяй ты або не?
Зося разгублена маўчала, перарывіста ўсхліпваючы.
– Была адна гісторыя на беразе Свіслачы, – скрозь зубы прагаварыў Беларэцкі.– Пабіліся з-за красуні два шляхціцы… Сплываюць крывёю, адзін другому і кажа: «Што ж мы, абодва памром, а панне нашай самотнай жыць… Пайшлі, пакуль на нагах, да яе – няхай выбера, каму памерці. А другі перавяжа свае раны і спазнае шчасце». Прыйшлі да дому панны, барваю шлях паліваючы – а з яе акна трэці, шчаслівы, вылазіць… Карацей, памерлі ўсе, – не зусім лагічна завершыў расповед пан Андрэй.
– Шкада, я не намалюю цябе, Зося, – ціха прагаварыў Ной і ўсміхнуўся. – З-за мяне можаш не пакутваць сумленнем. Ты не вінаватая.
І ступіў да дзвярэй…
– Пачакай, Ной! – Зося намагалася супакоіцца. – Добра. Добра, Саша. Я ўсё зразумела. Так. Гэта гонар. Я не саромлюся сведкаў. Няхай яны застаюцца. Забяры толькі таго, хто вам патрэбны.
Аляксандр шырока ўсміхнуўся:
– Падобна, нам патрэбныя ўсе. Нешта надта падазроныя ў цябе сябры, Зойка. Вядома, дзеўкай поўная вуліца, але жонкай поўная толькі печ, у хату з вуліцай не заходзяць. Адчыняй дзверы, кучаравы! Чаго стаў!
– Гэтыя дзверы адчыняць толькі агонь і кроў,– прагаварыў Улад, ірвануўся і, падаючы, скінуў на падлогу пахавальныя свечкі. Стрэлы, віскат… Агонь пабег па абрусе, па парцьерах… Загарэліся старыя газеты, раскіданыя абы-як па падлозе… А потым пралілася кроў…
І дзверы расчыніліся.
Для кожнага – свае.
…Чырвоны карбункул свяціўся ў чорных халодных хвалях, толькі што вызваленых з-пад лёду. Мастак пазіраў з моста ў Свіслач. Шматкі газетнага ліста белымі матылямі кружлялі над вадой, апускаліся на хвалі. Самае месца для несправядлівых слоў. А пачыналася ўсё так добра… Персанальная выстава, замова на роспісы для Дому селяніна… Абстракцыянізм – рука імперыялізму. Выкармыш, вылюдак, вораг… Словы пазбаўляліся звычайнага сэнсу. Божа мой, ну чаму ён не можа маляваць як усе – партрэты важдзей, шчаслівых калгаснікаў, стаханаўцаў… Спрабаваў жа – не так, занадта трывожна, занадта складана… Карціны, мусіць, ужо вывезлі з майстэрні. Цікава, разбяруць па лецішчах альбо спаляць? А куды вывезуць яго, іх стваральніка? Самае страшнае – гэта ўжо ён ведаў – заступацца і нават спачуваць ніхто не стане. Ён сам яшчэ нядаўна пераконваў сябе, калі даведваўся пра арышты знаёмых: гэты, недарэка, нарабіў памылак… А той, мабыць, і праўда замаскаваны вораг. А гэты, ясна, невінаваты. Але – разбяруцца без нас, выкруціцца, апраўдаецца. Цяпер прыйшлі па яго. Карбункул свяціўся праз хвалі. Самы час паспрабаваць дастаць…
Бліскучая зала Дома прафсаюзаў узарвалася апладысментамі. Дырэктарка ўзорнай дзіцячай выхаваўчай калоніі, зграбная, з каротка стрыжанымі рудымі валасамі сыходзіла з трыбуны, шырока ўсміхаючыся. Даклад быў добры. Правільны даклад. Але справы двух пяцікласнікаў учора зніклі. Бедныя Палінка ды Алесь. Дзеці ворага народа. Яна, выпраўляючы колішнюю памылку юнацтва, ратавала такіх дзяцей, як магла. Чым яны вінаватыя? Мяняла прозвішчы, перапраўляла гады нараджэння. Вучыла, як адказваць: сірата, бацькоў не памятаю… Намеснік па камсамольскай рабоце, нядаўна прысланая з Уралу, учора нешта намякала – пранюхала, паразітка. Што ж, рана ці позна…
Чалавек у ватоўцы, са спакутваным чорным тварам, сядзеў на драўлянай вакзальнай лаўцы, спрэс парэзанай ножыкамі. Худы вузельчык ляжаў ля ног, абутых у прывіды колішніх чаравікаў.– перавязаныя вяровачкамі, дзіркі заторкнутыя газетамі.
– А што гэта, грамадзянін, у вас за газетка тырчыць?
Чалавек звыкла паслухмяна ўзняўся, рукі самі склаліся за спінай. Адзін з патрульных нахіліўся. Тузануў за край паперы, што паказваўся з чаравіка незнаёмца.
– Ты… ты гэта што? Партрэт таварыша Берыі бэсціць? Ану, дакументы!
Чалавек дрыготкай рукой дастаў з-за пазухі паперкі.
– А-га, вяртаемся з месцаў далёкіх. Вызвалены за актыўны ўдзел у агітбрыгадах. Артыст, значыць… Камандзіраваны ў Віцебскі тэатр… Хто гэта ў вас такі добранькі ў начальніках? Разбярэмся, гніда! Ану, пайшоў…
– Гэтая рэформа правапісу не адпавядае самой прыродзе нашай мовы, – голас загадчыцы кафедры, высахлай кабеты з рана пасівелымі, калісьці чорнымі, косамі, укладзенымі каронай, быў ціхі, роўны, зусім пазбаўлены эмоцыяў. Але прысутных апаноўваў жах, нібыта яна нема крычала. – Набліжэнне да расейскай мовы – не той шлях, на якім наша нацыянальная культура можа напоўніцу раскрыцца. Бо кожная мова – жывы арганізм, які развіваецца па сваіх законах, і культурны чалавек мусіць берагчы ўсе мовы свету, не даваць ім знікаць і страчваць самабытнасць. Тым больш мы, беларусы, мусім ганарыцца сваёй мовай, на якой пісаліся Статут Вялікага Княства Літоўскага і прадмовы Скарыны, і захоўваць яе.
Два маладыя выкладчыкі, кідаючы адзін на аднаго насцярожаныя позіркі, паспешліва занатоўвалі словы куратаркі. Адзін з іх мусіў паспець дакласці куды трэба першым, і тым выратавацца.
Над верасовай пусткай гарэла вострая зорка, цені Дзікага Палявання слізгалі над зямлёй… Андрэй Беларэцкі здушыў крык і кінуўся бегчы ў лаўжы, што цямнелі побач. Цяпер ён не мог бегаць так хутка, як у маладосці. Ды і вочы, саслабелыя ад працы над неразборлівым почыркам сярэднявечных перапісчыкаў, нават поўню бачылі ў выглядзе светлай расплывістай плямы – нібыта паркалёвы каптур закінуты ў печку. Дом на Плябанскіх Млынах рабіўся сумным паданнем, ператвараючыся ў попел.
– Стой, гад! – Стрэлы за спінай ужо не турбавалі. Светлая беларуская будучыня была тут.
Скокі смерці
Гатычны раман
Свет добры. Свет мяне паўторыць.
Ну а не свет – дык Беларусь.
Мне досыць.
Яны круціліся ў вар’яцкім карагодзе вакол ратушы ўжо дзясятую гадзіну. Неба зрабілася чырвоным, як распаленае жалеза. Цяжкі дым вогнішчаў, якімі адпалохвалі пошасць, слаўся па бруку, нібыта душы, што дарэмна праглі перад смерцю апошняга прычасця, не хацелі пакідаць зямлю…
– Ю-ры, Ю-ры, па-ра-туй!.. Ю-ры, Ю-ры, па-ра-туй!..
Выкрыкі былі ўжо мала падобныя да чалавечых. Анэта адчувала, што з яе надарваных грудзей выходзіць толькі хрыплы свіст. У моманты прасвятлення ўсведамлялася, якія халодныя рукі ў тых, хто побач: справа – худы і светлы, як трыснёг, мніх-мінарыт, у бурым плашчы са спічастым каптуром; злева – сівагаловы мечнік Лаўрын, у якога нядаўна памерла ўся сям’я… І ў таго, і ў другога далоні – як ільдзяныя абцугі. Нібыта цябе трымае сама смерць… А хіба не так? Нехта паспрабаваў вырваць Анэту з людскога кола…
Голас Богуша гучаў зусім побач:
– Ачніся! У імя Госпада! Пайшлі дадому!
Не, не ў змозе чалавечай спыніць гэтыя скокі… Імчаць, імчаць па коле… Але яна не можа… Не можа больш… Упасці… Стаць зямлёй… Пылам пад чужымі нагамі…
На царкоўнай званіцы ўдарыў звон – няўмольна-ўладарна. І карагод закруціўся з новай сілай.
– Ю-ры! Ю-ры! Па-ра-туй!
Пошасць прыйшла ў Старавежск з восеньскім ветрам, перавітым сівым павуціннем, з горкім пахам верасу, і як павуцінкі бабінага лета, паляцелі лёсы ў невядомы вырай, пакідаючы жывым адчай збуцвелай лістоты. Спыняліся млыны, пераставалі стукаць молаты кавалёў, абміналі горад шаноўныя купцы, і тыя, хто застаўся жывы, не мелі чым прывязаць душу да цела… Вялікі князь абяцаў дапамогу. За гэта горад мусіў расплаціцца часткай волі. Але пра старавежцаў суседзі нездарма казалі: «Хоць лоб медны, але ж мур каменны», ды яшчэ пляткарылі, як старавежцы сеялі ваўчыныя зубы вакол студні, каб выраслі пакрытыя поўсцю воі, ці пра тое, што ў падзямеллях гарадскіх цякуць мядовыя крыніцы, і што кожны старавежац умее апоўначы шапкай злавіць чырвоную мятлушку, каб смажыць блінцы на яе незгасальным агні. Пасланцы Вялікага князя атрымалі «гарбуза». Ды, пакуль яны ўгаворвалі ўпартых месцічаў прымірыцца з князем, сталася яшчэ горш – за пошасцю пачаўся шал… Карагод смерці.
Біскуп, дасланы ў Старавежск Вялікім князем, спалохана і трохі грэбліва назіраў з вакна ратушы за шаленцамі, трымаючы ля носу ладанку з зёлкамі.
– Прасвяты Божа, што рабіць? Палова магістрату скача… Настаяцель храма! Цэлы дзень сядзім тут, як у аблозе… Можа, паслаць варту – спыніць іх?
– Бескарысна, – Гервасі Бернацоні, лекар Вялікага князя, што прыехаў разам з біскупам, абыякава скрывіў тонкія вусны. – Я бачыў падобнае шмат разоў. У Фларэнцыі гэта называецца скокі святога Гюі. У Эльзасе – скокі святога Віта. У Кёльне шаленцы звярталіся да святога Ёгана… Тутэйшыя, ліцвіны, заклікаюць святога Юр’я… Я называю гэта скокамі смерці. Звычайна такое здараецца, калі пошасць забірае больш за палову жыхароў места.
Адна з жанчын шалёнага карагоду ўпала. Двое смельчакоў з варты падбеглі і адцягнулі кабету – яна была нібыта спруцянелая, толькі ногі ў збітых да дзірак кабцях усё яшчэ тузаліся, усё яшчэ працягвалі смяротны танец ды з вуснаў, на якіх засохла шэрая ад пылу пена, вылятаў ціхі хрып:
– Ю-у-у-ры-ы…
– Божы праклён… – пакорліва прашаптаў біскуп. Бернацоні скептычна паціснуў плячыма.
– Хто кажа – праклён, хто – наадварот… – Лекар прымружыў чорныя жорсткія вочы, углядаючыся ў рух на пляцы. – Дзвесце гадоў таму маленькі пастух з Клоэ пачуў голас з неба і павёў тысячы дзяцей у крыжовы паход, адваёўваць Святую зямлю… Яны гэтаксама скакалі і крычалі, прарокавалі і круціліся да знямогі. А Папа іх блаславіў, як абранцаў Божых.
– Дзеці – бязвінныя істоты, – важка прамовіў біскуп. – Яны бліжэй да анёлаў, чымся мы, грэшнікі… Святы Дух часцей гаворыць праз іх.
Бернацоні паківаў галавой і прамовіў з перабольшанай ветлівасцю:
– Праўда, мне нехта расказваў, тых блаславёных вашым Папам дзетак генуэзскія купцы пагрузілі на караблі і завезлі на турэцкія рынкі рабоў.
Біскуп зразумеў прыхаваную насмешку, але змаўчаў. Адкрыта пярэчыць Гервасію Бернацоні не наважыўся б ніхто: усе ведалі, што пры Вялікім князі ён больш чым лекар – таемны дарадца. З’явіўся пры двары яшчэ тады, калі князь звязаўся з ерэтыкамі-гусітамі і нават пляменніка паслаў па чэшскую карону… Тады і панаехала розных – мніхаў-раскольнікаў, худых, як бізун, з фанатычна палаючымі вачыма, вучоных шарлатанаў са змяінымі ўсмешкамі… Прага ўяўлялася біскупу вялікім Бабілонам. Бернацоні шмат гадоў жыў у тым вяртэпе, і чым займаўся, добраму хрысціяніну лепш не ведаць. Лекар сапраўды ён выдатны. І тлумач дзіўны, мабыць, нават на мове латафагаў гаворыць…
«Вось толькі на мове анёлаў табе, браце, не гаварыць», – помсліва падумаў біскуп.
– І ўвогуле, чаго вы так пераймаецеся? – працягваў Гервасі.– Я разумею, у гэтай краіне такое ўпершыню… Вы не ведаеце, што гаварыць новай пастве… Але каб не скокі, было б горай. Пошасць і шаленства – справядлівае пакаранне за гардыню. І своечасовае.
Біскуп з жахам зірнуў на смуглявы, у прыцемку бронзавы, твар лекара.
Бернацоні холадна ўсміхнуўся:
– Толькі не кажыце, святы айцец, што не ведалі пра невымерную гардыню гэтага горада – стацца ліцвінскай Генуей… Вялікі князь думае, як захаваць сваю дзяржаву, як прымірыцца з братам, як адбіць татараў і русічаў – яму не да выбрыкаў «вольнага места». Успомніце, як Вашая правялебнасць паводзілася мінулым днём, калі добрыя месцічы сабраліся пад гэтым вакном ды пачалі гарлаць сваё «Ганьба!» ды патрабаваць веча! Да таго ж, прыхільнікаў Папы ў горадзе не шмат… Ці не вы мяне прасілі неяк утаймаваць гарлапанаў?
Біскупа перасмыкнула.
– Я зусім не ўяўляў, што гэта станецца так… Гэта… больш падобна на жахлівае чараўніцтва.
Бернацоні раздражнёна запярэчыў:
– Калі б гэтыя людзі ўжо не мелі ў сабе душэўнай хваробы, ім не пашкодзіла б нішто… І я, не варты, імчаў бы зараз з вамі да Вялікага князя з вялікай ганьбай…
– Але ў коле апынулася і некалькі нашых вояў!
Бернацоні холадна ўсміхнуўся:
– Што ж, небаракам не пашанцавала… Але калі чалавек апынаецца ў нядобры час у нядобрым месцы, хіба і ў гэтым няма праявы Божае волі? Гасподзь разбярэ на Судзе, хто праведны, хто грэшны. І Ён сам выбірае інструменты, якімі выконваецца Ягоная воля. Так што не дратуйце сваё сумленне, Ваша правялебнасць, гэта было неабходна. Падайце знак, каб паставілі вакол пляца варту, абвясціце скокі Божым праклёнам і чакайце.
Карагод трохі суцішыў рух. Яшчэ некалькі чалавек упала. Мніх заенчыў і паспрабаваў вырвацца з кола… Але зноў ударыў звон, і яму азваліся гадзіннікі ў ратушы – Бернацоні паўсюль вазіў за сабой сваю каштоўную калекцыю, нечуванае цуда для Старавежска. Тут нават на ратушу гадзіннік не сабраліся паставіць, як зрабілі гарадзенцы. Не да гадзіннікаў было гарадской радзе – войны бясконцыя… Толькі адбілі русічаў – татары… Вялікі князь даніны патрабуе, кароль польскі зманьвае да Кароны… Усім патрэбны слаўны Старавежск, усе хочуць садраць з ягонае ратушы белы штандар з чырвоным, нібыта ўзыходзячае сонца, коннікам…
А ў Бернацоні гадзіннікі, як у каралеўскіх палацах – падобныя да маленькіх храмаў, аздобленых рознымі фігурамі… І цэлых дванаццаць. Тахкаюць, нібыта кузні хохлікаў. Калісьці біскуп не супраць быў адзін займець. Але хіба пражскі прыхадзень падорыць… Не вымяняў і на велізарны аметыст у аправе з белага золата (у біскупа была свая слабасць да прыгожых рэчаў). Але цяпер, калі біскуп ведае моц гэтых гадзіннікаў, нізавошта не згадзіўся б трымаць такі ў сваім доме.
Між тым небаракі, апантаныя скокамі, нібыта гукі падагналі іх, закруціліся з новай моцай.
Сонца зусім схавалася за цёмным вострым абрысам царквы. У водблісках вогнішчаў, якія гарэлі на ўсіх кутах пляца, імкліва рухаліся злавесныя цені. Важкі залаты ланцуг, сведчанне доктарскага звання, цьмяна пабліскваў на грудзях княжскага лекара.
– І колькі гэта будзе доўжыцца? – з роспаччу прамовіў біскуп.
– Пакуль яны ўсе не памруць, – спакойна адказаў Гервасі.
– Анэта! Ачніся! Анэ-та!
Я страсянула галавой, пазбаўляючыся шматкоў жаху. Зноў задрамала на працы. Ну не прывыкла я ўставаць а пятай раніцы, спадарове. І зноў гэты сон! Хаця рэальнасць была таксама непрыветнай. Кнігі, якімі я гандлявала, стракацелі вакол, нібыта экзатычныя птушкі… Якія там птушкі – не ўсе з іх маглі прыпадобніцца нават да чучала, на якое паляўнічыя ловяць даверлівых крылатых ахвяраў…
– Анэта! Спіш, як на лекцыі! Вось дык сустрэча! А я думаю, чаго даўно тваіх артыкулаў не бачна. У бізнес падалася!
Аркадзь, колішні аднакурснік, гладкі і вясёлы, як новы парцалянавы гляк, усміхаўся на ўсе зубы. Не люблю, калі знаёмыя бачаць мяне за новым заняткам. Была журналістка – стала гандлярка… Наймічка…
І тут стракатае царства кірмашу на хвілю для мяне абязгучылася, быццам я нырнула пад ваду. Прычынай таму быў спадарожнік Аркадзя, сінявокі брунет у чорным швэдары, на погляд некаторых (а калісьці і мяне), досыць сімпатычны.