Хмары было цiкава даведацца, за каго прыняла яго сястра Шапавалава, але смех праглынуў прызнанне жанчыны. Хвiлiн пяць яны глядзелi адно на аднаго i рагаталi.
– Ад мяне ўпершыню ўцякае мужчына! Нават ручкi паадрываў!
– А я думаю, правакацыя… усё – трапiў у пастку…
Першай ачомалася Казакова. Яна ўвiшна, не зважаючы на Хмару, устала з канапы, загарнулася ў прасцiну, знайшла халат, выцягнула ключы i адамкнула дзверы, якiя пяць хвiлiн таму штурмаваў Хмара. З ваннай данеслася плескатанне вады. Казакова вярнулася апранутая, быццам нiчога не здарылася, прывяла ў парадак канапу, падбiла падушкi i, прыладзiўшы на ранейшае масца перламутравую шпiльку, зiрнула на гадзiннiк.
– Я i сапраўды чакаю гасцей.
– Пагаворым на кухнi, – прапанаваў Хмара i зноў адчуў няёмкасць. У гэтай жанчыне было столькi спакуслiвай жыццёвай сiлы, што лейтэнант вымушаны быў хаваць вочы, каб не выдаць свайго душэўнага стану.
– Ручку адарвалi! – са скрухай упiкнула лейтэнанта гаспадыня. – Можа, i ў агульны калiдор дзверы адамкнуць? Там ручка дарагая, зробленая на заказ.
– Я адкуплю замок, – вiнавата буркнуў Хмара i, спадылба зiрнуўшы на Казакову, прапанаваў: – Калi спяшаецеся, я пакiну позву, пагаворым заўтра ў аддзеле.
– На гэта не разлiчвайце, – Казакова крутнулася да плiты, бразнула чайнiкам, чыркнула электрычнай запальнiчкай. – Будзем гаварыць сёння, госцi пачакаюць.
Хмару гэта задавальняла, напэўна, больш чым гаспадыню. Ён уздыхнуў вальней, падсунуў да акна крэсла, уладкаваўся так, каб свежае паветра з расчыненай форткi абвявала твар.
– Вы на самай справе лiчыце, што Iван памёр не сваёй смерцю? – стоячы спiнай да лейтэнанта i нешта штукуючы над плiтой, насцярожана спыталася Казакова.
– Мы правяраем розныя версii, – адказаў Хмара i адчуў сябе нiякавата.
Версiя пра тое, што Шапавалава маглi забiць, што легкадумна зляцела з языка, цяпер патрабавала тлумачэнняў, а гэта не ўваходзiла ў планы следчага. Няўпэўненасць – дрэнны памочнiк, асаблiва ў выпадку з Казаковай.
– Вы мне туману ў вочы не напускайце, каб так сцвярджаць, трэба мець факты! – з завiднай упэўненасцю брала iнiцыятыву гаспадыня.
«Лепш было б перанесцi размову на заўтра, за апошнiя пятнаццаць хвiлiн яна другi раз заганяе мяне ў кут», – са скрухай падумаў лейтэнант. Ён хацеў сказаць нешта пра магчымых ворагаў Шапавалава, пра тое, што ў гэтай гiсторыi не зразумелая роля Александровiч, але, замацоўваючы сваю перавагу, Казакова iшла ў наступ.
– Толькi не трымайце мяне за дурнiцу. Па адукацыi я – урачтэрапеўт i вынiкi судова-медыцынскай экспертызы чытала, кумекаю што да чаго… Гэта – першае, а другое i асноўнае ў тым, што мiлiцыя нiколi не шукала i не будзе шукаць работу, асаблiва там, дзе эксперты сказалi сваё.
«Каб твае словы ды Мiкулiчу ў вушы!» – падумаў Хмара, а ўголас запярэчыў:
– Усе пад Богам ходзiм, эксперты – таксама людзi.
– Згодна, – пагадзiлася Казакова, – але ж памылкi, наколькi вядома, няма. Што вы накапалi такога, каб адпрацоўваць версiю забойства?
Хмара марудзiў. Ён дачакаўся, пакуль гаспадыня напоўнiць вадой кубачак з растваральнай кавай, ад цукру адмовiўся i, прымаючы пахучы напой, спакойна, але цвёрда зазначыў:
– Прапаную памяняцца ролямi. Я, Марыя Васiльеўна, буду задаваць пытаннi, а Вы – адказваць.
Казакова ўзняла на Хмару вялiкiя здзiўленыя вочы. Нечакана ў iх заскакалi няўрымслiвыя, гарэзлiвыя агеньчыкi.
– Паўгадзiны таму Вы былi зусiм iншы!..
– Час мяняе людзей, – буркнуў Хмара i зрабiў невялiкi глыток. Кава была своечасова, яму даўно хацелася прамачыць горла. – Такiм чынам, я хачу ведаць, хто выклiкаў Вашага хворага брата дваццаць шостага лiпеня ў клуб «Каму за трыццаць».
– Напэўна, той, хто прынёс Iвану грошы…
– Семсот баксаў?
– Семсот… І хто ж гэта? – Казакова неяк здзiўлена паглядзела на Хмару. – Навошта ж даўжнiку было пазбаўляцца ад Iвана? Аддаць, каб праз гадзiну забiць?
– А калi дапусцiць, што вярнулi толькi частку? – загарэўся лейтэнант.
– Выключана, – запярэчыла Казакова. – Напярэдаднi мы сустракалiся, i Iван казаў пра семсот долараў. Ён сядзеў за гэтым самым сталом i радаваўся, як дзiця: лiчыў, што грошы прапалi, аж не – вярталiся, i менавiта семсот… А вось пра даўжнiка змаўчаў, хоць я i пыталася.
– Вядома, што Шапавалаў у той вечар быў з Александровiч.
– Толькi не Галька! – ускрыкнула, замахала рукамi Казакова. – Яна мужыкам даўгi не вяртае, iншым разлiчваецца…
– Нават так? – здзiвiўся Хмара. – Мабыць, Вы Галiну Вiктараўну добра ведаеце?
– Са студэнцкiх часоў, разам у медiнстытуце вучылiся.
– Сябравалi?
– Цяжка сказаць, – Казакова на iмгненне задумалася, спахмурнела. – Быў час, i сябравалi.
– А калi дапусцiць, што новы кавалер Галiны Александровiч быў вiнен Шапавалаву грошы? Быў жа выпадак, што яны пабiлiся. Можа, зусiм i не грошы таму прычынай, а рэўнасць?
– Хто гэта Вам пра рэўнасць наплявузгаў? – пляснула ў далонi сястра Шапавалава. – Цi не плямяш мой?
Хмара насцярожыўся, ён больш не хацеў анiякiх сюрпрызаў ад непрадказальнай Казаковай.
– Суседзi Александровiч упэўнены, што Шапавалаў быў неабыякавы да Галiны Вiктараўны.
– Лухта! – сказала, як адрэзала, Казакова. – Папаўся Сiдоркiн пад гарачую руку… Галька ў сваiм амплуа, любiць зводзiць мужыкоў. І прычына бойкi не ў рэўнасцi, а ў тым, што Александровiч, пакуль Iван быў у рэйсе, залезла ў ложак да ягонага сына. Сцерва яна, а мужыкi морды б’юць адзiн аднаму. Усунуў нос Сiдоркiн не ў сваю справу i атрымаў кухталёў.
– Я зусiм заблытаўся, – цяжка ўздыхнуў лейтэнант. – Шапавалаў што, працягваў сустракацца з Александровiч? У той вечар яна была на месцы трагедыi з iм.
– Нiчога Вы не заблыталiся, – засмяялася Казакова. – Трэба ведаць Гальку, яна спала з iмi ўсiмi i пасля разборак… Напэўна, тым вечарам Сiдоркiна побач не было, вось i крутнулася да Iвана. А праз два днi паляцела на Канары. Вось так, мiл чалавек, жыццё складваецца…
– А што з сябе ўяўляе гэты Сiдоркiн?
– Завуць Сцяпанам, займаецца нейкiм бiзнесам.
У гэты момант у калiдорчыку зацяўкаў сабака, i адразу пералiвам зайшоўся званок. Гаспадыня падхапiлася, машынальна паправiла прычоску i ўжо з прачыненых дзвярэй, па-змоўнiцку прыклаўшы ўказальны пальчык да пульхных вуснаў, гарэзлiва прашаптала:
– Я яго хутка справаджу.
Было зразумела, што завiтаў той, каго чакала гаспадыня, для каго былi падрыхтаваны i шчодрая пачостка, i канапа з гарой бялюткiх падушак.
З калiдора данесліся прыглушаны мужчынскi бас i пералiвiсты смех Казаковай. Хмара насцярожыўся, прыслухаўся, мiжволi падумалася: а што ён скажа, калi застукаюць на кухнi з кубачкам кавы ў руках? Лейтэнант падхапiўся, зрабiў крок, але адразу ж спынiўся, панура ўставiўшыся на ногi. Праз хвiлiну ён вярнуўся на месца. Рашучасць i пыха знiклi, выветрылiся, як i не было.
«Ну, выкулюся я з гэтай цеснай кухнi, – разважаў Хмара, – тыцну пад нос хахалю Казаковай мiлiцэйскае пасведчанне, заяўлю, што я тут па важнай дзяржаўнай справе. А што далей? Той убачыць мяне босага – i нiякiх слоў не трэба».
Следчы толькi цяпер дапетрыў, чым можа абярнуцца такая неабачлiвая дробязь. Ён напоўнiў кубачак моцнай кавай i, адпiваючы гарачы напой маленькiмi глыткамi, прымусiў сябе супакоiцца i засяродзiцца на галоўным. А яму было над чым падумаць.
«Мiкулiч правы, – разважаў Хмара, – цяпер вiдавочна, што Шапавалаў прыйшоў у клуб „Каму за трыццаць“ не бавiць час, а па справе. Семсот долараў – грошы немалыя, i зразумела, чаму Шапавалаў махнуў рукой на хваробу. Доўг забраў i застаўся з Александровiч. І сапраўды, сцерва, а не баба – круцiла любоў i з Шапавалавым, i з Сiдоркiным, i з Шапавалавым-малодшым. Не сустрэлася б яна тым вечарам з Шапавалавым, як пiць даць, застаўся б чалавек жывы. Але ж якi крымiнал у тым, што нябожчык пацёгся за спаднiцай? Пiў, гуляў, кiнуўся ў шалёныя скокi – i надарваўся. Значыць, Мiкулiч будзе вымушаны паставiць кропку».
– На чым мы спынiлiся? – перапынiла Хмаравы развагi Казакова.
Жанчына выглядала ўзбуджанай, твар трошкi запунсавеўся, выразныя дзiкаватыя вочы iскрылiся жамчужынкамi. Яна не звяртала анiякай увагi на тое, што халат зашпiлены ўсяго на адзiн гузiк – вынiк даўгаватага развiтання з каханкам. Казакова нахiлiлася над сталом, узяла кубачак, прыгубiла i адразу капрызна зморшчылася:
– Фу, цярпець не магу халодную каву!
Хмара зноў убачыў тое, што не павiнен быў бачыць, i, адчуваючы, што чырванее, iмпэтна падхапiўся на ногi, крутнуўся да акна.
– Вы б зашпiлiлiся.
– Аднаму – расшпiлiся, другому – зашпiлiся! – засмяялася жанчына. – Не мужыкi, а нейкi дзiцячы сад. Зрэшты, я ў сябе дома i хаджу як хачу!
Хмара змаўчаў, ён адчуваў сябе вiнаватым у тым, што парушыў планы Казаковай. Але цяпер яго турбавала iншае. Лейтэнант хацеў убачыць чалавека, якi выйдзе з пад’езда, нават прыўзняўся на дыбачкi, але марна – замiналi балконы. У адчыненую фортку было чуваць, як завялася машына, i праз хвiлiну чорны блiскучы «джып» знiк у арцы дома.
– Прыходзiў не той, каго я чакала, – па свойму расцанiўшы маўчанне следчага, паведамiла Казакова i, трошкi счакаўшы, цяжка ўздыхнула: – Вось так усё жыццё…
«Чакала аднаго, клалася ў ложак са мной, у калiдорчыку флiртавала з трэцiм…» – ледзь не вырвалася ў Хмары, але ён своечасова стрымаўся i як мага спакайней зазначыў:
– У вас, Марыя Васiльеўна, не кватэра, а нейкi прытон.
– Што тут, лепш спытайцеся ў свайго калегi маёра Бараны! – iмгненна змянiлася Казакова, голас зазвiнеў, як напятая струна. – І не чытайце мне мараль, сама разбяруся! Шляюцца тут ўсякiя!
Маўчалi доўга. Хмара чакаў, пакуль гаспадыня памые кубачкi i зноў зварыць сабе кавы. Калi маўчанне зрабiлася зусiм невыносным, лейтэнант цiха спытаўся:
– А праўда, што Сiдоркiну пад шэсцьдзесят?
– Праўда, – кiўнула Казакова i з нейкiм жалем дадала: – Пашэнцiла з iм Галiне, канечне, калi дурнiцай не будзе…
– Пашэнцiла? – здзiвiўся лейтэнант. – Ён жа стары для яе.
– Што вы, маладыя, разумееце? – усмiхнулася Казакова. Раздражнёнасць знiкла, па яе твары блукаў загадкавы цень, вочы блiшчэлi хцiвымi агеньчыкамi. – Багаты мужчына старым не бывае!..
Хмара ўсё зразумеў, зрэшты, i пытанняў да Казаковай больш не было. І ўсё ж лейтэнант не спяшаўся, марудзiў. Яму да няўсцерпку карцела даведацца, за каго прыняла яго Казакова, чаму пацягнула ў ложак i якая роля ў гэтым маёра Бараны.
– Позна, – цiха ўздыхнула гаспадыня, – i пытаннi ў Вас скончылiся.
– А Вы дзе працуеце? – нечакана для сябе спытаў Хмара.
– Часова ў фiрме «Венера», – з сумам адказала жанчына i працяжлiва дадала: – Кан-суль-тан-там…
– Разам з Александровiч?
– Так.
– Чамусьцi нiхто не пацвердзiў месца працы Галiны Вiктараўны.
– І не пацвердзяць. Мы з Галiнай прайшлi перападрыхтоўку i з тэрапеўтаў пераквалiфiкавалiся ў сексапатолагаў. Цяпер працуем у «Венеры» пазаштатнымi кансультантамi, пакуль атрымаем лiцэнзii на самастойную практыку.
– А што, тэрапеўты сталi менш патрэбныя? – з’едлiва спытаў Хмара, але, убачыўшы вочы Казаковай, адразу пашкадаваў аб неабачлiвай вольнасцi. Толькi было позна, гаспадыня адрэагавала iмгненна, сцебанула наводмаш i з вiдавочнай асалодай:
– Калi такая жанчына, як я, напалохала Вас – справа дрэнь. Вам, малады чалавек, абавязкова трэба звярнуцца да сексапатолага. І чым хутчэй, тым лепш.
Лейтэнант нечакана ўсё зразумеў.
– Колькi ж каштуе кансультацыя?
– Вам не па кiшэнi.
– А Баране?
– Ведаеце, чым адрознiваецца мiлiцыянер ад доктара? – прапускаючы мiма вушэй пытанне Хмары, у сваю чаргу пацiкавiлася Казакова.
Хмара адмоўна пахiтаў галавой.
– Праўда для доктара – выратаванне для пацыента, а праўда, сказаная мiлiцыянеру, звычайна заканчваецца лаўкай падсудных.
– Цiкавая фiласофiя, – усмiхнуўся Хмара, – толькi я не разумею…
– Зараз зразумееце, – перапынiла лейтэнанта Казакова. – Яшчэ адзiн рэбус: а чым падобныя доктар i мiлiцыянер? – жанчына перавяла дыханне i, не даючы следчаму часу на роздум, сама ж адказала: – Тым, што i аднаму, i другому трэба гаварыць праўду i толькi праўду, бо iнакш не дапаможаш… А цяпер – рэзюме: мне не падыходзiць нi першае, нi другое, а толькi трэцяе: спытайцеся ў самога Бараны…
9
Лейтэнант Хмара суха i лаканiчна дакладваў Мiкулiчу пра падзеi мiнулага дня. Праўда, засталося за кадрам тое, як ён ледзь не трапiў у ложак да Казаковай, але гэтая недарэчнасць да справы Шапавалава не мела нiякiх адносiн, i Хмара не ўзгадваў учарашнюю прыгоду. Канечне, паводзiны Казаковай i тым больш напаўлегальная праца ў «Венеры» заслугоўвалi ўвагi, але, як лiчыў Хмара, не следчага камiтэта, а мiлiцыi нораваў. Падчас даклада лейтэнант не без задавальнення для сябе адзначаў, што Мiкулiч расчараваны. Хмара быў перакананы, што Мiкулiч усумнiўся ў ягонай прафесiйнай годнасцi, i гэта закранула за жывое, балюча сцебанула па самалюбстве. Лейтэнант трыумфаваў i нават не хаваў празмернай радасцi, якая бруiлася з вачэй, вусны не-не дый крывiла скептычная ўсмешка. Вопытны Мiкулiч бачыў i разумеў прычыну ўзнёслага настрою падначаленага, яму iмпанавала тое, што Хмара – не сляпы выканаўца, мае гонар i прафесiйную злосць у добрым сэнсе гэтага слова. Мiкулiч чакаў, што следчы падвядзе вынiк сваёй працы, але лейтэнант лоўка ўхiлiўся ад усялякiх высноў, абачлiва пакiўнуўшы апошняе слова за iм, начальнiкам.
«Разумны, толк будзе», – у думках ухвалiў падначаленага Мiкулiч, а ўголас нечакана для лейтэнанта спытаў:
– Вы думаеце, што мне няма чаго рабiць, калi прымусiў правяраць i пераправяраць даўно вядомае?
– У нейкi момант я i сапраўды пачаў схiляцца да таго, што смерць Шапавалава – не недарэчнасць, а хiтра спланаваная акцыя, – зноў ухiлiўся ад прамога адказу Хмара.
– Цiкава, цiкава, – задаволена крактануў у кулак падпалкоўнiк. – Напэўна, знойдзеныя ў нябожчыка семсот долараў пасеялi сумненнi?
– І не толькi, – Хмара завёўся з паўабарота. – Прымусiла ўсумнiцца Александровiч, якая падчас допыту вяла сябе не зусiм шчыра. Па-першае, схiтравала – прамаўчала пра свайго новага палюбоўнiка Сiдоркiна. Александровiч, як вядома, заявiла, што Шапавалаў – ейны каханак i без пяцi хвiлiн муж. Выходзiць, манiла?! І рабiла гэта наўмысна, каб выгарадзiць Сiдоркiна. Разлiк просты: нiхто не павiнен западозрыць, што смерць Шапавалава магла быць вынiкам звычайнай разборкi на глебе рэўнасцi. Як-нiяк, а мужыкi праз яе пабiлiся. Што, калi мiлiцыя дакапаецца?
– Лагiчна, – падахвоцiў следчага Мiкулiч.
– Цяпер – другое, i асноўнае. Александровiч утаiла, што яна ўрач-тэрапеўт i месцам працы пазначыла сумнiцельную фiрму. Не памылюся, калi скажу, што яна разлiчвала на нашу iнертнасць, што капаць глыбока не будзем. Дарэчы, так i здарылася. Псiхалагiчна разлiчыла правiльна: навошта турбаваць сяброўку нябожчыка, амаль нявесту? Чалавеку i без гэтага хапiла лiха. А цяпер, таварыш падпалкоўнiк, дадзiм юрыдычную адзнаку дзеянням доктара (падкрэслiваю: доктара!) Александровiч. Няма сумнення ў тым, што яна разам з Шапавалавым пiла гарэлку, шампанскае, яна падбухторыла мужыка на дваццацiхвiлiнныя скокi «танцавальнага марафона». Заўважце, што Александровiч ведала i пра шалёныя дозы антыбiётыкаў падчас лячэння запалення лёгкiх, i пра хворае сэрца палюбоўнiка. Як урач, а тым больш тэрапеўт, ведала i пра пэўныя абмежаваннi ў пiтве, ежы, фiзiчных нагрузках i магла прадбачыць развiццё падзей з такiм букетам хвароб, – Хмара замаўчаў, яму чамусьцi здалося, што Мiкулiч зараз пасмяецца з ягоных падазрэнняў, якiя, дарэчы, сам i пасеяў у душы. – Канечне, гэта толькi мае асабiстыя меркаваннi, i цяпер яны нiякага значэння не маюць. Вядома, што Шапавалаў пайшоў у клуб «Каму за трыццаць» па грошы, праўда, ягонага даўжнiка мы не знайшлi. Сустрэўся ў клубе з Александровiч, а вось выпадкова цi з яе боку быў нейкi зламысны намер – таямнiца. Што здарылася потым, не падпадае нi пад адзiн артыкул крымiнальнага кодэкса. Шапавалаву сiлком гарэлку не ўлiвалi, усё астатняе таксама ён рабiў не пад прымусам.
– У нечым ты маеш рацыю, – Мiкулiч прыхiльна паглядзеў Хмару ў вочы i нечакана спытаў: – А што скажаш пра судова-медыцынскае заключэнне? Калi так расклаў на лапаткi Александровiч, думаю, i экспертызу не абышоў стараной.
– Я не эксперт, – ужо дакараючы сябе за празмерную балбатлiвасць, панура ўздыхнуў Хмара, – але заключэнне медыкаў не канкрэтызавана. Мы не ведаем, што ў большай ступенi справакавала алергiчную рэакцыю, а што ў меншай: гарэлка, шампанскае, антыбiётыкi цi перабольшаная фiзiчная нагрузка? У дакуменце пазначана, што ўсё пералiчанае ў сукупнасцi выклiкала алергiчную рэакцыю.
– Правiльна, – засмяяўся Мiкулiч i задаволена пацёр далонi, – ты маладзец, i нашы погляды на справу Шапавалава супалi на восемдзесят працэнтаў, застаецца яшчэ дваццаць.
Хмара разгубiўся.
– Значыцца, справа не спыняецца? – толькi i змог выдыхнуць лейтэнант.
– Наадварот, толькi пачынаецца, i настала пара пазнаёмiць цябе вось з гэтым дакументам, – падпалкоўнiк дастаў з чорнай папкi жаўтаваты аркуш паперы, падаў лейтэнанту.