Вiктар Пятровiч ужо набраў поўныя грудзi паветра, каб сказаць гэта, але Ванда Мiкалаеўна перапынiла. Яна нечакана расплюшчыла вочы, цяжка, пакутлiва паглядзела на Аляксандрава, прашаптала:
– Памятаеш, як добра ўсё пачыналася?
Вiктар Пятровiч не адказаў, цяжка праглынуў даўкi камяк, згодна кiўнуў.
– Я кахала цябе, – зноў заплюшчыла вочы Ванда Мiкалаеўна.
– Я таксама, – выдыхнуў Вiктар Пятровiч.
– Роўна месяц… І што ты знайшоў у той кiтаянцы?
– Адкуль ты яе ведаеш? – насцярожыўся Аляксандраў. Ён даўно ўзгадаў Мэй Лi – сваё першае заданне, трывожна зашчымiла сэрца. – Я не памятаю, каб вы сустракалiся.
– А я была тут, – Ванда Мiкалаеўна выпiла газiроўкi, абвяла позiркам пакой. – Бачу, нiчога не змянiлася, толькi партрэты кудысь падзелiся…
– Мама, табе нельга хвалявацца, – Трухан паспрабаваў змянiць тэму гаворкi, але мацi адмахнулася:
– Мне ўжо добра.
I сапраўды, лекi пачалi дзейнiчаць, мiльгаценне ў вачах знiкла, твар трошкi паружавеў, але зрабiўся нейкi скамянелы.
– Была я ў гэтай кватэры, была! – цвёрда заявiла Ванда Мiкалаеўна. – Ты не прыехаў, i прыйшлося мне, дурнiцы, клэпаць зноў у Маскву. Шукала бедненькага, гаротнага студэнцiка ў iнтэрнаце, а знайшла ў гэтай шыкоўнай, па тым часе, кватэры. Ды не аднаго, а з жонкай-кiтаянкай…
Нечакана Аляксандраву стала цяжка стаяць, нядобрае прадчуванне, быццам абцугамi, сцiснула скронi.
– Хто цябе сюды прыводзiў? – выцiснуў Вiктар Пятровiч i сеў у крэсла. Ён ужо ведаў, што скажа Ванда Мiкалаеўна.
– Тыя, для каго ты быў «дзяржаўным» чалавекам, – iранiчна ўсмiхнулася Ванда Мiкалаеўна i строга паглядзела на сына. – Вiктар, пакiнь нас адных.
Размова бацькоў нечакана зацiкавiла сына, ён умольна зiрнуў на мацi, але яна настойлiва i цвёрда паўтарыла:
– Пачакай на вулiцы.
Калi за сынам зачынiлiся дзверы, Ванда Мiкалаеўна больш не стрымлiвалася, выплеснула ўсё, што было на душы, усё, чым балела сэрца.
– Мяне прывяло сюды тваё начальства, а калi дакладней, спярша тваё, а потым i маё…
– Што? – ускрыкнуў Аляксандраў. – Ты працавала ў КДБ?
– Палкоўнiк Iваноў расказаў, хто ты, – прапускаючы мiма вушэй пытанне Вiктара Пятровiча, працягвала Ванда Мiкалаеўна. – Мне паказалi шлюбныя здымкi з кiтаянкай i «параiлi» не ўмешвацца ў тваё жыццё. Добра, што хапiла розуму не сказаць пра сына, iнакш…