Юстыцыя - Фридрих Дюрренматт 13 стр.


 Госпадзе, да чаго ж вы цырымонная асоба,  сказаў Штусі-Лойпін.  Сядзьце як сядзелі.

Я сеў, ён зноў наліў. Сцены пайшлі ў зямлю, пражэктары патухлі, мы зноў апынуліся ў садзе.

Штусі-Лойпін нерухома глядзеў перад сабою.

 Маёй жонцы хапае душэўнай велічы, каб выбавіць мяне з пакутніцкай мусовасці сядзець каля яе смяротнага ложка,  сказаў ён раўнадушна,  удадатак у яе пабываў святар, а цяпер там лекар і сястра. Мая жонка, хай вам будзе вядома, Шпэт, не проста чорт ведае якая жыццелюбка, чорт ведае якая багатая і чорт ведае якая пабожная, яна да таго ж яшчэ чорт ведае якая прыгожая. Смешна гучыць, праўда? Цэлае жыццё яна ашуквала мяне. Лекар, які цяпер сядзіць каля ложка, быў у яе апошні каханак. Зрэшты, я яе разумею. Такі мужчына, як я, жанчыне ўсё адно што атрута.

Ён зноў рагатнуў і без пераходу памяняў тэму. І паведаміў мне, што я дурань, раз лічу доктара Ісака Колера вінаватым. Увогуле, шчыра кажучы, ён, Штусі-Лойпін, таксама так лічыць. Праўда, паказанні сведкаў супярэчлівыя, праўда, прылада забойства так і не была знойдзена, праўда, і матыву таксама няма, але ўсё адно мы яго прызналі вінаватым. А чаму мы прызналі яго вінаватым? Ды таму, што забойства было ўчынена ў перапоўненым рэстаране. І прысутныя гэта неяк заўважылі, нават калі іх паказанні супярэчаць адно аднаму. Дык вось, хоць мы і ведаем не напэўна, але мы напэўна ў гэтым перакананыя. Што моцна здзівіла яго ўжо ў ходзе судовага разбіральніцтва. Ні рэвальверам ніхто не цікавіўся, ні сведкаў не дапыталі, і суддзя цалкам задаволіўся паказаннямі начальніка паліцыі, які хоць і сядзеў паблізу ў момант забойства, але ні словам не акінуўся, на свае вочы ён бачыў забойства ці пакладаецца на сведкаў, удадатак абаронца быў пустое месца. А Емэрлін, наадварот, у выдатнай форме. Нам каштавала вялікіх намаганняў ураўняць нашае веданне віны Колера з нашай перакананасцю. Наша веданне пляцецца следам за ёюды спрытны абаронца ўжо з адной гэтай супярэчнасці збудаваў бы апраўдальны вырак. Але мы павінны былі даць нашаму добраму Емэрліну шанец дакапацца да прычынаў. Колер даў выгаднае даручэнне мне, бо я нічога не кемлю ў більярдзе. З гэтага я зрабіў выснову (Штусі-Лойпін уважліва выслухаў мяне), што Колер страляў, каб назіраць, забіў, каб даследаваць законы грамадства, а матыў не прывёў толькі таму, што суд усё адно ў такі матыў не паверыў бы. Дарагі дружа, ён, Штусі-Лойпін, можа сказаць на гэты конт толькі адно: матыў атрымаўся занадта літаратурны. Іх выдумляюць толькі літаратары, хоць і ён таксама перакананы: у чалавека, як Колер, і матыў павінен быць які-небудзь незвычайны. Незвычайнытак, незвычайны, але які менавіта?

Штусі-Лойпін задумаўся.

 Вы зрабілі памылковую выснову,  сказаў ён, бо нічога не разумееце ў більярдзе. Колер гуляў ад борта дубэльтам.

 Так-так, ад борта,  раптам азарыла мяне.  Аднаго разу Колер менавіта гэта сказаў. За більярдам у «Du Théâtre». «Ад борта дубэльтам. Толькі так можна знайсці ўправу на Бэна».

 А як ён пасля гэтага згуляў?  пацікавіўся Штусі-Лойпін.

 Дакладна не памятаю.  Я спрабаваў успомніць:Ён, здаецца, даў шар у борт, ад борта шар адскочыў назад і штурхнуў шар Бэна.

Штусі-Лойпін наліў сабе віна.

 Колер забіў Вінтэра, каб такім спосабам расправіцца з Бэна.

 Але навошта?  разгублена спытаў я.

 Ну, Шпэт, вы яшчэ наіўнейшы, чым я думаў, - не схаваў свайго здзіўлення Штусі-Лойпін.  А здавалася ж бы, фраў Штаерман падкінула вам ключ да рашэння. Колер вядзе яе справы. Нават з турмы. Ён там не толькі пляце кашы. Штаерман патрэбен Колер, а Колеру патрэбна Штаерман. Людэвіцпадстаўная фігура. Але хто тут гаспадар і хтослуга? У пэўным сэнсе дачка Колера мае рацыю. Гэта было забойства з ласкі. А чаму б і не? Таксама свайго роду шантаж. У Штаерман ляжаць незлічоныя мільёны, і тыя дваццаць мільёнаў таксама ёй належалі, тут ужо, трэба думаць, Колер навёў даведкі, а потым і расправіўся з Бэна праз Вінтэра. Па жаданні Штаерман; магчыма, ёй нават не давялося выказваць сваё жаданне ўголас, магчыма, ён адгадаў яго.

 Дапушчэнне яшчэ больш неверагоднае, чым праўда,  сказаў яШтаерман кахала Бэна, бо яго кахала Дафна, і адраклася ад яго толькі тады, калі Дафна адраклася ад яе.

 Не, дапушчэнне больш рэальнае за праўду. А сама праўда часцей за ўсё непраўдападобная,  запярэчыў Штусі-Лойпін.

 Ніводзін чалавек не паверыць у ваша дапушчэнне,  сказаў я.

 Не, ніводзін чалавек не паверыць у праўду, ніводзін суддзя, ніводзін прысяжны, нават Емэрлін і той не. Бо праўда разыгрываецца на ўзроўнях, недаступных правасуддзю. Калі назначаць перагляд справы, дык адзіная думка, якая ўзнікне ў суда, будзе наступная: Вінтэра забіў доктар Бэна. Бо толькі ў яго ёсць канкрэтны матыў. Нават калі ён невінаваты

 Нават калі невінаваты?

 А вас гэта бянтэжыць? Яго ж невінаватасцьтаксама дапушчэнне. І ён адзіны, хто мог зрабіць так, каб рэвальвер прапаў. Дружа мой, вазьміце гэты працэс на сябе, і праз некалькі гадоў вы станеце нароўні са мною.

Зазваній тэлефон. Ён зняў слухаўку, потым зноў паклаў.

 Жонка сканала-такі, - сказаў ён.

 Прыміце мае спачуванні, - пралепятаў я.

 А, пра што тут гаварыць.

Ён хацеў зноў наліць сабе, але бутэлька была ўжо пустая. Я ўстаў, наліў яму і паставіў сваю бутэльку каля пустой.

 Мне яшчэ ехаць,  сказаў я.

 Разумею,  адказаў ён.  Да таго ж «поршэ» даўся вам у капеечку.

Садзіцца я больш не сеў.

 Гер Штусі-Лойпін, я не збіраюся весці гэты працэс, і з даручэннем Колера я таксама не хачу мець нічога на сэрцы. А сабраныя матэрыялы я проста знішчу.

Ён паглядзеў сваю чарку на святло.

 Колькі вы атрымалі задатку?

 Пятнаццаць тысяч плюс дзесяць на выдаткі.

Па лесвіцы сышоў чалавек з чамаданчыкам, яўна лекар, ён павагаўся, прыкідваючы, падыходзіць яму да нас ці не, але тут з'явілася ахмістрыня і правяла яго.

 Вам нялёгка будзе выплаціць такія грошы нават у растэрміноўку,  сказаў Штусі-Лойпін.  А ўсяго колькі?

 Трыццаць тысяч плюс накладныя траты.

 Прапаную сорак, і вы аддаяце мне ўсе матэрыялы.

Я замяўся.

 Вы што, хочаце ўзяцца за перагляд?

Ён па-ранейшаму разглядаў на святло чарку з чырвоным «тальбо».

 Мая справа. Ну як, прадаяце?

 Мусіць, мушу прадаць,  адказаў я.

Ён дапіў чарку.

 Нічога вы не мусіце, вы хочаце.

Потым зноў напоўніў чарку і зноў паглядзеў яе на святло.

 Штусі-Лойпін,  сказаў я, адчуваючы, што ўжо станаўлюся нароўні з ім.  Штусі-Лойпін, калі працэс адбудзецца, я буду абаронцам Бэна.

І я пайшоў. Калі я ўступіў у цень аднаго валуна, Штусі-Лойпін гукнуў мне ўслед:

 Вас пры гэтым не было, Шпэт, і зацеміце сабе на носемяне таксама.

І ён дапіў сваю чарку і зноў заснуў.

Доктар h.с. Ісак Колер тэлеграмай паведаміў мне пра сваё прыбыццё: ён павінен прызямліцца паслязаўтра ў 22 гадзіны 15 хвілін рэйсам з Сінгапура, тады я застрэлю яго, а потым застрэлюся сам. Таму ў мяне застаюцца толькі дзве ночы, каб давесці справаздачу да канца. Тэлеграма Колера застала мяне знянацку, бо, мабыць, я ўжо не верыў у ягонае вяртанне. Шчыра прызнаюся, я п'яны. Я быў у «Хеку», апошнім часам я рэгулярна бываю ў «Хеку», за даўгім драўляным сталом, побач з такімі сама п'янымі. Жыву на сродкі Гізэлы і іншых паненак, якія пасля смерці Маркіза перабраліся да нас не з Нойшатэля, а з Жэневы і Бэрна, тым часам як многія з нашых сваёй чаргою перабраліся ў Жэневу і Бэрн, адбываецца шмат службовых перамяшчэнняў, якія асабіста мяне зусім не датычацца, бо афіцыйна я не маю права нічым займацца, акрамя як чакаць, калі прыйдзе тое паслязаўтрае. 22 гадзіны 15 хвілін. Месца Луцкі заняў Нольдзі Архідэйны, ён, здаецца, ураджэнец Залатурна, кар'еру зрабіў у Франкфурце і ўвесь з сябе такі далікатны, усе ягоныя паненкі цяпер ходзяць з архідэямі, а паліцыя ўся скапыцілася, нельга ж бо забараніць насіць архідэі, нейкая дама-юрыстка з Базэля, якая каля гадзіны ночы ў раёне Бэльвю ішла па вуліцы з архідэяй на блузцыяна вярталася з тэледыскусіі пра выбарчае права жанчын,  была затрымана, дакументаў у яе пры сабе не было, скандал выбухнуў страшэнны, паліцыя і начальнік паліцыігэта з няўклюднага афіцыйнага абвяржэннявыставілі сябе на агульнае пасмешышча. Нольдзі Архідэйны атрымаў неабмежаваную ўладу, завёў сабе адваката Віхертэна, аднаго з даволі паважаных нашых адвакатаў, які з чыста сацыяльных меркаванняў мае намер выступіць у абарону гэтых дам, бо яны, калі ўжо на тое, спраўна плацяць падаткі; ён нават падняў пытанне пра стварэнне салонаў масажу. Асабіста мне Нольдзі Архідэйны намякнуў, што я «з сваім ладам жыцця» непрымальны больш у іхнім інтэрасе, аднак ён не дапусціць, каб я канчаткова ляснуўся, гэта яго святы абавязак перад нябожчыкам Луцкі, што ён ужо пагутарыў са сваім персаналамуласныя словы Нольдзіі што мне дазволена жыць і далей у «Хеку», начальнік паліцыі з таго часу таксама ні разу не назаляўся мне са сваёй увагай, мяркуючы па ўсім, нікога больш не цікавіць, як загінулі Луцкі і Маркіз, ды і нераскрытае забойства Дафны забыта. Такім чынам, мяне хоць і не ўтрымліваюць, але ўсё-такі падтрымліваюць. Калі ў «Хеку» госці просяць у мяне адрасочка, якога я даю бясплатна, і тады госціу большасці геры ў векуплацяць за мой віскі, гэта выглядае досыць высакародна, ну, і натуральна. Вось чым я магу абгрунтаваць свой нападпітак, кепскі почырк і паспешлівасць, бо, прызнаюся шчыра, атрымаўшы тэлеграму Колера, я для пачатку даўся ў запой, а потым сяк-так-неяк дабраўся да Шпігельгасэ, а цяпер вось, праз дваццаць гадзін, сяджу за сваім пісьмовым сталом. На шчасце, у мяне пры сабе бутэлька «Джоні Ўокера», на маё, я б сказаў, вялікае здзіўленне, хоць не, цяпера я прыпамінаю зубнога лекара з Туна, які знайшоў мяне ў «Хеку» і якога я ў «Манака» пазнаёміў з Гізэлай, так, атрымліваецца, я прыйшоў не з «Хека», як, магчыма, казаў раней, а з «Манака»паспешнасць, якая патрэбна пры маіх запісах, не дае мне ні прачытаць напісанае, ні замоўчваць тыя альбо іншыя акалічнасці. Такім чынам, сваё пуздэрка я зарабіў сумленна, на Гізэлу зубнік не зрабіў ніякага ўражання, наадварот, ён усяляў у яе жах, за «Удавой Кліко»гэта была другая бутэлькаён дастаў з рота свае сківіцы, спачатку верхнюю, пасля ніжнюю, абедзве свайго ж вырабу, каля левага верхняга зуба мудрасці ён прадэманстраваў нам свае ініцыялы Ц.В., потым узяў сківіцы ў руку, пастукаў імі адна аб адну і паспрабаваў укусіць імі Гізэлу ў грудзі. У Хіндэльмана за суседнім столікам слёзы закапалі на жывот ад смеху, асабліва калі дантыст упусціў з рук сківіцы і яны ўпалі не толькі пад наш стол, але і пад стол Хіндэльмана, а той сядзеў з Мэрылін, гэтай новенькай з Ольтэна, адкуль, дарэчы, і сам Нольдзі Архідэйны, войне, ён з Залатурна, ба, а можа-такі з Ольтэна?  пасля чаго дантыст палез ракам за сваімі сківіцамі, якія мала таго, што ніхто не хацеў падымаць, але нават жа і наадварот, усе адграбалі нагамі пад суседні стол. Нарэшце Гізэла ўсё-такі ўмілажалілася, а мы рагаталі-рагаталі, аж ужо на змярканне пайшло і я атрымаў сваю бутэльку «Джоні». А дурны рогат Хіндэльмана раззлаваў мяне таму, што ў працэсе Колера ён паказаў сябе нікчэмным прадстаўніком абвінавачання. Гэта быў разгляд, я не абмовіўся, не перагляд, а разгляд. Усе лічылі, што Штусі-Лойпін вядзе справу да перагляду, але ён уразіў усіх тым, што падаў апеляцыю ў дэпартамент юстыцыі. Доктар h.с. Ісак Колер ні разу не прызнаваўся, што застрэліў германіста, прафесара Адальфа Вінтэра, у рэстаране «Du Théâtre». Адных паказанняў сведкаў недастаткова, калі сам злачынец аспрэчвае факт злачынства, урэшце ж сведкі могуць і памыляцца. З гэтай прычыны справа Колера падпадае не юрысдыкцыі кантанальнага суду, а суду прысяжных. І значыцца, трэба ўжыць усё магчымае з пункту гледжання правасуддзя і закона, каб ануляваць стары прысуд і перадаць справу Колера суду прысяжных, як яно і належыцца. Гэтая апеляцыя Штусі-Лойпіна, якая выклікала сутаргавае ператрэсванне актаў і пратаколаў, якое, на вялікі жах галавы нашай юстыцыі Майсея Шпрунгліна, пацвердзіла адсутнасць прызнання з боку абвінавачанага, бо за прызнанне былі памылкова прыняты філасофскія выверты Колера, мела вынікам, што галава нашай юстыцыі датэрмінова спраторыў на пенсію старшыню, суддзю кантанальнага суду Егерленэра, а чатыром членам судовай калегіі, як і пракурору Емэрліну, вынес асуджэнне, а справу Колера перадаў суду прысяжныхз пункту гледжання юрыдычнага акцыя крыху паспешлівая. Шалёная атака Емэрліна ні да чога не прывяла, пратэст, унесены ў федэральны суд, быў з такой самай, можна сказаць сенсацыйнай, хуткасцю адхіленыз'ява проста-такі ўнікальная для ўладаў, якія ад вечнай перагрузкі працавалі звычайна з хуткасцю слімака; адным словам, новы працэс адбыўся ўжо ў красавіку 1957 года.

Емэрлін не здаваўся, ён хацеў і тут выступіць абвінаваўцам, але Штусі-Лойпін адхіліў яго кандыдатуру як асобы прадузятай. Емэрлін змагаўся як леў і саступіў, толькі калі дачуўся, што з Штусі-Лойпінам не справіўся б і Фойзэр, прычым я толькі цяпер спахапіўся, што дагэтуль нічога не расказаў пра сам працэс, не расказаў, напрыклад, пра непрыглядную ролю, якую адыграў на ім начальнік паліцыі, паказаўшы, што не бачыў на свае вочы, як страляў Колер, а проста дапусціў гэта. Адным словам, Штусі-Лойпін схітрыўся націснуць на ўсе клавішы адразу. Не запярэчыш, ён быў цудоўны. Запрошаныя Штусі-Лойпінам сведкі так зацята супярэчылі адно аднаму, што прысяжныя часам заледзьве стрымлівалі смех, а публіка аж вішчала ад захаплення: тую акалічнасць, што рэвальвер так і не быў знойдзены, Штусі-Лойпін разыграў як па нотах, і, калі ранейшымі суддзямі яна была пакінута без увагі, інакш кажучы, пакінута па-за ўвагай, адсутнасць corpus delicti, гэта ўжо само па сабе ўважлівая прычына, каб апраўдаць Колера за недахопам доказаў. Паступова Штусі-Лойпін пачаў перанакіроўваць падазрэнне на Бэна: і на момант забойства Бэна быў у «Du Théâtre», і як бы там яно ні было, а ёнчэмпіён Швейцарыі ў стральбе з пісталета, і ўдадатак мае калекцыю зброі, якую (калі верыць Лінгарду) мерыцца прадаць з прычыны фінансавых цяжкасцяўтут па зале праляцеў шэпт,  далей Штусі-Лойпін дазволіў сабе нейкія намёкі адносна разладу паміж доктарам Бэна і прафесарам Вінтэрам, праз што і ўзнікла патрэба дапытаць Бэна; усе нецярпліва чакалі допыту, але Бэна не прыйшоў у суд. Я і сам шукаў яго ўжо каторы дзень. Я прыняў цвёрдае рашэнне ўзяць на сябе абарону Бэна, пра што я ўжо раней інфармаваў Штусі-Лойпіна, дзеля абароны мне трэба была атрымаць ад Бэна сякую-такую інфармацыю, каб далей расследаваць злачынства Колера, але нават у бары «Супакой маю журбу» пра Бэна ніхто нічога не ведаў. Фойхтынг падазраваў, што Бэна хаваецца ў Дафны. Дафнадобрая, шчырая душа і не пакідае ў бядзе былых мілоснікаў, нейкі Эміль Э., каміваяжор фірмы дэзадарантаў, які нядаўна пакінуў у яе на Аўрораштрасэ свой месячны прыбытак, сказаў, што ў яго склалася ўражанне, быццам на кватэры ў Дафны ёсць яшчэ нехта. Знайсці Бэна не ўдавалася. Усе думалі, што ён збег. Паднялі на ногі ўсю паліцыю, падключылі Інтэрпол, адбывалася прыкладна тое самае, што і пры арышце Ісака Колера. Складанасці ўзніклі з Дафнай, яна патрабавала, каб ёй прад'явілі ордэр пракурора на ператрус у яе кватэры; калі ж Ільза Фройдэ на раніцу пераступіла парог майго бюро на Цэльтвэгэ, яна ўбачыла, што спрытны рапірыст і цэлкі стралок вісіць на люстры і пры гэтым пакалыхваецца на скразьняку, бо вокны і так ужо былі адчынены, а Ільза, уваходзячы, натуральна, адчыніла дзверы. У Бэна захаваўся ключ ад яго былога бюро, ён залез на мой пісьмовы стол, які колісь быў ягным сталом, а я тым часам з Дафнай каб хоць такім чынам знайсці Бэна ад мяне яшчэ шмат дзён пасля патыхала рознымі эсэнцыямі памянёнага Эміля ЭМабыць-такі менавіта таму я і пішу з такой неахвотай пра сам працэс: на судзе абавязкова зайшла б гаворка пра мае новыя адносіны з Дафнай, прычым у прысутнасці Элен, калі б Штусі-Лойпін надумаўся дапытаць Дафну, а ён мусова надумаўся б, калі б Бэна не апярэдзіў яго сваім суіцыдам, які мусова ж быў бы патлумачаны як прызнанне віны. Доктар h.c. Ісак Колер быў з трыумфам апраўданы. Пакідаючы залу, ён затрымаўся каля мяне, паглядзеў халоднымі, бясстраснымі вачыма і сказаў, што разыгранае тут дзейства ёсць самае бессаромнае з усіх магчымых варыянтаў вырашэння праблемы, што мае фінансавыя складанасціГоспадзе ты Божа мой!  цалкам зразумелыя, і чаму замест таго, каб прыйсці да яго, я перадаў вынікі сваіх росшукаў Штусі-Лойпіну, які і зладзіў гэты брыдкі балаган правасуддзя, апраўдальны вырак, цьфу і яшчэ раз цьфу, такая ганьба чалавекувыглядаць нявіннай авечкай, ды і дзе ёсць яны, тыя нявінныя авечкі; а пасля ён дадаў фразу, якая канчаткова давяла мяне да белага накалу і пацвердзіла, што забіць Колерагэта мой абавязак, бо павінен жа нехта аднавіць патаптаную справядлівасць, каб яна канчаткова не перарадзілася ў фарс. А сказаў Колер наступнае: калі б я перадаў матэрыялы расследавання яму замест таго, каб перадаваць іх Штусі-Лойпіну, Бэна і без ніякага суду гушкаўся б на люстры; з гэтымі словамі Колер штурхнуў мяне, як нейкага бадзягу, я адляцеў на Мока, які стаяў за мною, укладваючы ў кішэнь свой слыхавы апарат, а калі я штурхнуў яго, сказаў: «Так-так, а як жа, як жа». Колер пакінуў будынак суда. Банкет пераможцаў у Доме гільдзій, «У страказы». Тост прэзідэнта, вытрыманы ў гекзаметрах, адкуль Колернапрасткі ў Аўстралію, а я са сваім рэвальверам спазняюся да адлёту. Гэтая гісторыя ўжо вядомая. З таго часу прайшло паўтара гады, зноў прыйшла восень. Заўсёды восень. Госпадзе, а я зноў п'яны, баюся, што мой почарк будзе зусім неразборлівы, а час адзінаццаць гадзінзасталося яшчэ 35 гадзін 15 хвілін,  калі піць далей, будзе катастрофа. Жахліва, калі Элен дагэтуль кахае мяне, мне гэта было б тое самае, што смяротны вырак. Магу толькі запэўніць, што я яе кахаў, а можа, кахаю і дагэтуль, хоць яна і спіць з гэтым старым атопкам Штусі-Лойпінам, а днямі я сустрэў яе з Фрыдлі, ён ахапіў правай рукой плечы Элен, быццам ужо даўно лічыць яе сваёй уласнасцю; зрэшты, усё гэта не мае аніякага значэння. Пісаць пра наша каханне не мае ніякага сэнсу, як не мае сэнсу перадаваць маю папярэднюю гутарку з прапаведнікам секты Бэргерам на лесвіцыпапярэдне я ж яшчэ раз наведаўся ў «Хек», але няўдала, з віскі выйшла асечка, аматары глядзелі футбол і былі не ў гуморы, бо швейцарцы гулялі нікудышне, а ў тыпаў, якія звычайна пытаюцца адрасы, настрой быў яшчэ горшы. «Манака» быў зачынены. Я выйшаў зусім без грошай, я пакінуў дома кашалёк, мне дазарэзу патрэбен быў віскі, я пацягнуўся ў «Du Théâtre», таксама нікога, Альфрэда, калі, вядома, гэта быў Альфрэда, неяк дзіўна на мяне паглядзеў, Эла і Клара рашуча выйшлі аднекуль з глыбіні залы, нехта вымавіў маё імя, Штусі-Лойпін сядзеў за сталом, дзе сваім даўнім часам паседжваў Джэймс Джойс, і кіўком рукі запрасіў мяне падсесці да яго. Эла і Клара надзьмуліся, але Штусі-Лойпінён і ёсць Штусі-Лойпін. Ён сказаў, каб я не бегаў з расшпіленай прарэхай, а калі я прыняў запрашэнне, сказаў яшчэ, што я пайшоў уразнос, і падліў вішнёўкі ў сваю каву. А мне патрэбна бутэлька віскі, неўпапад адказваў я, стан у мяне быў безнадзейны, я зразумеў, што без віскі не магу жыць, мяне ахапіў панічны страх, а раптам не разжывуся віскі, усё ўва мне супрацівілася думцы выпіць замест віскі што-небудзь іншае, віно, альбо, скажам, піва, альбо гарэлку, хай нават і пракіслы сідр, які хлебчуць клошары (не дзіва, што ў іх хоць і развіваецца цыроз вантробы, але затое не бывае раматусу), рэшта чалавечай годнасці ўва мне патрабавала віскі, толькі віскі, у імя справядлівасці, якая даканае-такі мяне, але тут ужо Элен паставіла перад мной шклянку. Даліне Штусі зноў патрэбен адвакат, холадна пачаў Штусі-Лойпін, яго пераемніка, хадыку Штусі-Зютэрліна, падстрэлілі на паляванні, нехта прыняў яго за сарну, ці тое Штусі-Бірлін, ці тое Штусі-Фойзі, не выключана, зрэшты, што гэта быў Штусі-Моозі, следчы ў Флетыгене паклаў справу ў архіў, страціўшы надзею яе раскрыць, вось належнае для мяне месца, вёска ўпершыню атрымала б у хадыкі аднаго не Штусі, ну, а там можна неяк уладзіць, каб я зноў вярнуў сабе свой патэнт. І гэта ён прапануе менавіта мне, сказаў я, залпам выпіўшы сваю шклянку; менавіта вам, адказваў ён, ведаеце, Шпэт, працягваў ён, настаў час, каб вы зрабілі высновы.

І калі ён, Штусі-Лойпін, аж так нястрымна рупіцца вызваляць з пашчы нашай юстыцыі нават невінаватых, калі ў іх ёсць хоць самы малы шанец не быць праглынутым гэтай пашчай, каб заставацца ў рамках зададзенага вобразу,  дык зусім жа не з мэтай паглуміцца з правасуддзя. Адвакатгэта адвакат, а не суддзя, верыць ён у справядлівасць і ў закон, заснаваны на ідэі справядлівасці, альбо не верыцьяго асабісты клопат, урэшце ж, гэта наогул чыстая метафізіка, як, напрыклад, пытанне пра сутнасць лічбы, але, будучы адвакатам, ён абавязаны разабрацца, як павінна правасуддзе ўспрымаць суб'екта, які трапіў у яго лапы, як вінаватага альбо як невінаватага, незалежна ад таго, вінаваты ён ці невінаваты на самой справе. Элен расказала яму пра маё падазрэнне, але маё расследаванне не было даведзена да канца. Элен хоць і была тады сцюардэсайГоспадзе, гэта ж людзі ў тыя часы яшчэ наіўна думалі, быццам гэта няма ладу якая прэстыжная прафесія!  але не ў тым самалйце, якім ангельскі міністр вяртаўся да сябе на востраў. А вяртаўся ён на ангельскім ваенным самалёце, які наўрад ці абслугоўваўся сцюардэсай кампаніі «Свісэйр». Чаму Элен так цьмяна адказала тады на маё пытанне, зразумець няпроста, яна не адразу ўлавіла сэнс майго пытання, а што да слоў, якія сказаў мне Колер і якія перадаў яму, Штусі-Лойпіну, Мок, дык асабіста хоча выглядаць нявіннай авечкай, яму б трэба прызнаць, што ён прыхлопнуў старога сябра ПЭН-клуба, і растлумачыць, чорт вазьмі, куды ён пасля гэтага падзеў рэвальвер. У яго, Штусі-Лойпіна пачуццё самае непрыемнае; вызваліць старога з пазуроў правасуддзя было яго юрыдычным абавязкам, цяпер жа, аднак, яму здаецца, што ён выпусціў на волю драпежнага звера, адзінца, самага небяспечнага, за паводзінамі Колера крыецца матыў, але абнародаваць яго Колер не хоча, спачатку ён, Штусі-Лойпін, лічыў, быццам Штаерман выкарыстоўвае Колера дзеля сваіх мэтаў, а цяпер яму здаецца, што гэта Колер выкарыстоўвае яе. Вінтэр, Бэна, Дафна, два сутэнёрыці не залішне шмат нябожчыкаў, - а прыйдзе дзень, калі, вядома, я не ўрымшчуся, мяне таксама выцягнуць з Зіля. Так, пасля гэтай прамовы я атрымаў бутэльку, а ўжо як я дабраўся да Шпігельгасэ, пра тое змоўчу; пакуль Штусі-Лойпін частаваў мяне сваімі меркаваннямі Эла прынесла мне яшчэ адну шкляначку віскіцуд, што я ўвогуле быў здольны перадаць сваю з ім гутарку, а цяпер палова другой ночы; мабыць, я ненадоўга задрамаў, застаецца крыху больш за дваццаць гадзінне, дзевятнаццаць, я памыліўся, цяпер палова трэцяй,  і тады Колер, доктар h.c. Ісак Колер А гутарка з Сымонам Бэргерам, верагодна, адбылася на лесвіцы, калі я з бутэлькай віскі вярнуўся на Шпігельгасэ. Прайшло, па-мойму, некалькі тыдняў з таго часу, як аціхлі псальмы «Святых з Ютлі», яны там проста перасталі драць горлыШтубер з паліцыі маральнасці якраз сядзеў у мяне і даволі недвухсэнсоўна намякаў, што начальства па-ранейшаму падазравае наяўнасць сувязі паміж мной і арганізаванай прастытуцыяй, як раптам рэзка, на паўслове абарвалася псальма «О Хрыстос, твае пакуты»за гэтым пайшлі крыкі, лямант, пратэсты, галашэнні, шум, якога там зроду не бывала, і тупат мноства ног уніз па лесвіцы, далеймёртвая цішыня, і Штубер далей выкладваў свае падазрэнні. Вось чаму мне трэба было б здзівіцца, калі я ўбачыў паверхам ніжэй каля дзвярэй малітоўнай залы іх прапаведніка. Ён стаяў нерухома, прыхіліўшыся да дзвярэй. Я хацеў прайсці міма, але ён паваліўся на мяне і ўпаў бы, калі б я не падхапіў яго. Адпіхваючы Бэргера, я ўбачыў, што ў яго абпалены твар і няма вачэй. Я ў жудасці хацеў ісці далей угору па лесвіцы, да сябе, але Бэргер не пускаў, ён учапіўся ў мяне і крычаў, што глядзеў на сонца, каб убачыць там Бога, а ўбачыўшы Бога, зрабіўся відушчы. Раней ён быў сляпы, цяпер відушчы. Відушчы, і пад гэты крык ён тузануў мяне так, што абодва мы ўпалі на прыступкі, якія вядуць да мяне. Ужо і не памятаю, чаго ён мне тады нагаварыў, я быў надта п'яны, каб разумець, што гэта поўная нялепіца, тое, што ён тут трызніў пра ўнутранасці сонца, пра поўную цемру, якая там пануе і непарыўна злітая са схаванасцю сонца, з неспатольнай прагай убірае ў сябе сонца, паглынае, не робячыся ад гэтага большай, быццам яна, цемра,  бяздонная дзіра, бездань безданяў, найбяздоннейшая бездань безданяў, і па меры таго, як сонца пусцее ўсярэдзіну, да цэнтра, яна расшыраецца вонкі, пакуль яшчэ нічога не прыкметна, але заўтра, прыкладна апалове адзінаццатай вечара, настане вялікі момант, сонца, захаваўшыся толькі ў выглядзе святла, успыхне, разрасцецца з хуткасцю святла і ўсё спаліць, зямля ад гэтага неверагоднага ззяння выпарыццапрыкладна так ён гаварыў, як п'яны п'янаму, я і быў тады п'яны і такі застаўся, толькі яшчэ п'янейшы, чамуі сам не магу зразумець, дзеля чаго я вось пішу тут пра гэтага прапаведніка, які стаў у пакрывале перад сваёй абшчынай, абвясціў ім хуткі канец свету і запатрабаваў, каб яго прыхільнікі дазволілі сонцу выпаліць ім вочы, як дазволіў гэта ён, пасля ён сарваў з галавы пакрывала, крыкі, пратэсты, галашэнні, небывалы шум, які мне тады давялося пачуць, і тупат цэлай абшчыны ўніз па лесвіцывось які быў адказ на ягоныя словы. Я перачытаў напісанае. Засталося гадзіны тры да таго, як мне ехаць у аэрапорт. Начальнік ужо з раніцы пабываў у мяне прыкладна апалове восьмай, а можа, яшчэ і паловы не было, ён сядзеў перад сваёй сафой, я вельмі здзівіўся, калі, прачнуўшыся, убачыў яго перад сабою, правільней сказаць, я заўважыў яго, калі мяне званітавала і я вярнуўся з туалета і хацеў зноў легчы. Начальнік спытаўся, ці не запарыць кавы, і, не дачакаўшыся майго адказу, прайшоў у кухонную нішу, а я зноў заснуў. А калі прачнуўся, кава была ўжо гатовая, і мы моўчкі выпілі яе. Пасля чаго начальнік спытаўся, ці вядома мне, што якожны дзесяты; а на маё пытанне, як разумець гэта дзіўнае пытанне, адказаў, што пакідае на волі кожнага дзесятага і яу іх ліку. Інакш ён быў бы проста абавязаны арыштаваць мяне яшчэ каля труны Дафны; як і я, ён быў адвакат, як і янешанцаўлівы, толькі зрэд-часу яго прызначалі афіцыйным абаронцам, вось ён і асеў у паліцыісябры па партыі, якія ў жыцці і не падумалі б да яго звярнуцца, калі б у іх узнікла патрэба ў адвакаце, сасваталі яго як сацыяліста юрысконсультам у крымінальны аддзел гарадской паліцыі, а калі ён потым прасунуўся ўгору, а пад канец нават прапхнуўся ў начальнікі, дык гэта зусім не ў выніку нейкай там выдатнай адмысловасці ў заслугах, а чыста палітычных інтрыгаў, яны ж узнеслі яго на сваёй хвалі, прычым нешта падобнае адбываецца і на іншых узроўнях юрыдычнага апарата, не, ён зусім не намякае на карупцыю, Божа барані, але прэтэнзіі юстыцыі прадстаўляць сабою нешта аб'ектыўнае, нейкае стэрыльнае прычандалле, свабоднае ад якіх бы там ні было грамадскіх меркаванняў і прымхаў, настолькі не адпавядаюць сапраўднаму становішчу, што ён і выпадак з Колерам успрымае далёка не так трагічна, як успрымаю яго я; хто б пярэчыў, я зрабіў памылку, спачатку прыняўшы даручэнне Колера, а потым перадаўшы Штусі-Лойпіну матэрыялы, з дапамогаю якіх Штусі-Лойпін здолеў загнаць Бэна на люстру і выйграць працэс, але незалежна ад таго, вінаваты Колер ці не вінаватыа ўсім жа і кожнаму вядома, што менавіта гер кантанальны радца прыстрэліў гера ўніверсітэцкага прафесара, ён, начальнік паліцыі, таксама ў гэтым упэўнены,  але вось як ён паглядзіць на мяне, як падумае, куды мяне завяло маё бурнае абурэнне апраўдальным прысудам, хай сабе і ўнікальным юрыдычна, але ж бездакорным і таму цалкам зразумелымхай нават справядлівасці тут быў пастаўлены шах і мат,  дык і ўбачыць, што, калі я і далей буду практыкавацца ў справядлівасці, у мяне не застанецца іншага выйсця, як толькі засудзіць Колера, а заадно і сябе самога на смерць і выканаць прысуд, дастаць рэвальвер, які я схаваў пад сафою, ды і пераправіць спярша Колера, а там і сябе на той свет, хоць асабіста ён, начальнік паліцыі, лічыць гэта хоць і лагічным, але бязглуздым, бо перад абліччам справядлівасці ў яе абсалютным значэнні, як ідэі, якою яна па сутнасці і ёсць, я выглядаю зусім не лепш за Колера, дастаткова хоцяж бы ўспомніць пра ролю, якую я адыграў у лёсе Дафны. Перад абліччам справядлівасці абодва мыаднолькавыя забойцы, што Колер, што я. А вось суддзя, той выконвае нармальныя абавязкі. Яго справасачыць, каб неяк функцыянаваў такі недасканалы інстытут, як юстыцыя, пакліканая клапаціцца, каб на гэтым свеце захоўваліся вядомыя правілы чалавечай гульні. Суддзя гэтак сама нікому нічым не абавязаны, як папаверуючым. Але калі асобны чалавек надумае чыніць справядлівасць на свой лад, атрымаецца няма ладу як бесчалавечна. Ён абавязкова выпусціць з-пад увагі, што махлярства часам бывае больш гуманнае, чым непагрэшнасць, бо ўсясветны механізм час ад часу трэба шмаравацьгэты занятак найбольш прыстойны для нашай краіны. Фанатычны заступнік справядлівасці павінен быць і сам справядлівы, а ці насамрэч я справядлівы, меркаваць пра тое мне, а не яму. Як бачыце, начальнік, я здольны больш-менш дакладна перадаць сэнс нашай гутаркі, правільней, не гутаркі, а вашай лекцыі, бо асабіста я не сказаў ні слова, ляжаў сабе, прабляваўшыся, ды слухаў вас; не здзівіла мяне таксама, што вы адгадалі, якое было маё рашэнне з першага дня, можа, я менавіта таму і не ўпіраўся, падаючы, можа, я менавіта таму і дапамог Луцкі і Маркізу з Нойшатэля зварганіць алібі, можа, я менавіта таму і стаўся такім, які я ёсць,  нават на думку Нольдзі Архідэйнага занадта апушчаным, ніжэй годнасці тых дам, чый інтэрас ён прадстаўляе,  каб на свой лад стаць не менш вінаватым, чым h.c. Ісак Колер, але ўжо тады мой прысуд і выкананне яго робяцца для мяне самай справядлівай акцыяй на свеце, бо справядлівасць можа правіцца толькі паміж роўна-вінаватымі; так, існуе толькі адно распяцце Ізэнгаймскага алтара, дзе на крыжы вісіць укрыжаваны волат, знявечаны труп, пад чыім неверагодным цяжарам гнуцца бэлькі, да якіх ён прыбіты, Хрыстос, яшчэ больш страшны, чым тыя, для каго намалявана гэта распяцце, чым пракажоныя; калі яны бачаць на крыжы такога Бога, паміж імі і гэтым Богам, які паводле іх разумення наслаў на іх праказу, устаноўліваецца справядлівасць: такі Бог па справядлівасці быў укрыжаваны дзеля іх. Я пішу на цвярозую галаву, гер пракурор Фойзэр, я дастаткова цвярозы, менавіта таму і прашу вас не вінаваціць начальніка паліцыі ў тым, што ён не адабраў у мяне рэвальвер, уся наша гутарка, правільней, увесь ягоны добрапрыстойны маналог быў прамоўлены зусім не бацькоўскім тонам, а гэтая гісторыя наконт кожнага дзесятага, якому ён дазваляе збегчы,  хай у яе верыць той, хто здатны верыць, можа, ён быў бы рады, калі б мог хоць злавіць кожнага дзесятага, усё разам узятае было б правакацыяй; заднім чыслом ён будзе злавацца, што не затрымаў мяне тады, на могілках, калі паляцеў парасон, а ён узяў у мяне з рук стылет; але я яго добра ведаю, ён мысліць хутка, ён зразумеў, што тады давялося б не проста нанава падняць пытанне пра тое, хто забіў няшчасную Дафну Мюлер, але і пра тое, хто забіў забойцаў Дафны, што такім чынам ён трапіў бы ў арбіту Монікі Штаерман. А хто ж бо табе з добрай волі ды з добрага дзіва захоча звязвацца з пратэзнай імперыяй, якая намерылася зноў заняцца вытворчасцю зброі? Але затое, калі гадзіны праз дзве, дакладней, праз дзве гадзіны трыццаць хвілін я стрэлю ў доктара h.c. Ісака Колера, начальнік паліцыі адразу пачне актыўна дзейнічаць, нават калі мае стрэлы ні да чога не прывядуць,  аднак, гер пракурор, давайце ўмовімся: з аднаго боку, начальнік спрабаваў сваім душавыратавальным маналогам зрабіць так, каб стрэлы, калі нават я буду страляць, не зрабілі шкоды, але вось чаго вы ніяк не маглі западозрыць, гер начальнік, (я зноў звяртаюся да вас), я даўно памяняў халастыя патроны на баявыя. Таму й ні разу не заглыбляўся ў падрабязнасці наконт старызніка на ніжнім паверсе нашага дома. Падсвядома. Каб і вы не заняліся ім блізка. Гэты аднавокі тыпвялікі арыгінал, у яго можна купіць абсалютна ўсё. Можна было. Гэта таксама стала цяпер мінулым, гандляр ужо тры тыдні як выбраўся, памяшканне лаўкі на першым паверсе і кватэра на другім апусцелі, у «Святых з Ютлі» таксама цішыня і запусценне, а ўчора (ці тое заўчора, ці запазаўчора) я знайшоў у сябе заказны ліст, які атрымаў некалькі месяцаў таму назад, але неяк не сабраўся прачытаць, пісьмо ж такога зместу, што, маўляў, дом на Шпігельгасэ як помнік архітэктуры, які пад аховай дзяржавы, з прычыны аварыйнасці мае патрэбу ў неадкладнай рэстаўрацыі намаганнямі Фрыдлі, які перабудуе яго ссярэдзіны і пабудуе ў старых сценах раскошныя кватэрыгэта новы напрамак яго дзейнасціу сувязі з чым я да 01.10 павінен вызваліць занятую мною плошчу, а як што 01.10 даўно мінула, мне давялося блукаць па ўсім горадзе, каб арганізаваць сабе апошнюю бутэльку віскі, як учора ў Штусі-Лойпіна ў «Du Théâtre», а то я здолеў бы здабыць яе ў кватэры ў аднавокага, хай не віскі, а на благі канец бутэльку грапы, гэтак сама, як я знайшоў у яго лаўцы, у раструбе альпійскага ражка, патроны, а халастыя, гер начальнік, якімі вы заладавалі мой рэвальвер, ссыпаў у ражок. О, мы абодва, доктар h.с. Ісак Колер і я, памром даволі мілагучна, пад родныя напевы. Але раней чым яхай нават мая цвярозасць набывае ўсё больш пагрозлівы характар, настолькі пагрозлівы, быццам перад мною ўстае сонца, на якое я, як той вар'ят-прапаведнік, павінен глядзець вачэй не адводзячы,  раней чым я праз гадзіну без малога выеду ў аэрапорт) на сваім «фольксвагене», ён не вельмі добра перанёс рамонт, то бок я не даў закончыць яго за недахопам сродкаў), апошні зварот да вас, начальнік паліцыі. Я здымаю падазрэнне. Вы паводзіліся як прыстойны чалавек. Вы хацелі даць мне свабоду рашэння, не хацелі глуміць маю годнасць. Мне вельмі шкада, што я прыняў іншае рашэнне, не тое, на якое разлічвалі вы. А цяпер яшчэ адно, самае апошняе прызнанне. У гэтай гульні за справядлівасць я прайграў не толькі самога сябе, але і Элен, дачку забітага мною, які будзе маім забойцам. Мне ж такі давядзецца застрэліцца, бо ён будзе застрэлены мною. Futurum passiv. Зноў узгадваю ўрокі латыні, якія даваў мне ў прытулку стары святар, каб падрыхтаваць мяне да гарадской гімназіі. Я заўсёды з прыемнасцю ўспамінаю прытулак, нават у Мока ўспамінаў, хоць гаварыць з Мокам вельмі цяжка. Калі адзін пісьменнік расказваў пра смерць сваёй маці, да якое, мяркуючы па ўсім, быў моцна прывязаны, я пачаў абмалёўваць перавагі прытулака, а сям'ю паказваць як расаднік злачынстваў. Гэта ваша хвалёнае сямейнае шчасце, ад яго ж з душы вернечым яўна засмуціў пісьменніка. А Мок раптам зарагатаў. Мок, пра якога ніколі толкам не ведаеш, з чым ён згодны, а з чым не; я падазраю, што ён умее чытаць з вуснаў, бо зноў адклаў убок слыхавы апарат, хоць асабіста ён гэта адмаўляе (чарговая хітрасць). Вось калі я хвалюся, што вырас без бацькі і без маці, сказаў Мок, яму гэта здаецца жахлівым, на шчасце, працягваў ён па-своему шматслоўнапісьменнік тым часам даўно сышоў, - на шчасце, я стаў юрыстам і не збіраюся ў палітыку, хоць і гэта да канца не выключана, але чалавек, які расхвальвае сіроцкі прытулак, куды горшы за таго, які ў маладосці ваяваў ці тое са сваім бацькам, ці тое з маці, ці з абаімі адразу, як напрыклад, ён, Мок, які ненавідзеў сваіх старых горш за ясную халеру, як сам сказаў, хоць яны і былі добрыя сэрцам хрысціяне, ён іх усё роўна ненавідзеў за тое, што яны прывялі на свет восем дзяцей, і яго ўдадатак, не спытаўшыся ні ў кога з гэтай нетыповай па сваіх памерах пропадзі, ці хоча ён (альбо яна) быць прыведзеным на свет, рабіць дзяцейгэта злачынства, якое не ведае роўных сабе; калі цяпер ён люта б'е разцом па chemp (Мок так называе камень), ён уяўляе сабе, што такім чынам па заслугах аддае свайму бацьку і сваёй маці, але ў маім выпадку не пытаецца, што я за тып такі, што пускае сліні з прычыны сіроцкага прытулка. Хай у яго, Мока, у вантробах сядзіць нянавісць да тых, хто яго зачаў, нарадзіў, а потым не ўтапіў у памыйным вядры, ён выкрасае сваю нянавісць з каменя, ператвараючы яе ў фігуру, надаючы ёй форму, мілую яго сэрцу форму, бо ён сам стварыў яе, і якая, калі б умела адчуваць, магла б сваёй калейкай ненавідзець яго, як ён ненавідзеў сваіх бацькоў, якія тасама яго любілі, якіх ён таксама засмучаў; усё гэта вельмі чалавечна, кругазварот нянавісці і любові паміж творцам і творывам, але калі ён уявіў сабе такога, як я, які замест нянавісці да тых, праз каго ён існуе і за тое, што існуе, любіць установу, якая стварыла і сфармавала яго, і якая з самага пачатку была надзелена схільнасцю не да чалавечага, а да ідэалогіі альбо ўсяго толькі да якога-небудзь прынцыпуда справядлівасці, напрыклад, калі ж ён удадатак спрабуе ўявіць сабе, як такая асоба будзе пасля абыходзіцца з людзьмі, якія не адпавядаюць ягонаму прынцыпу, прынцыпу справядлівасці, каб ужо не прыводзіць іншага прыкладу,  а хто, скажыце, калі ласка, яму адпавядае?  у яго ад страху выступае халодны пот. Яго, Мока, нянавісць стваральная, а мая разбуральная, гэта нянавісць забойцы.

Назад Дальше