Юстыцыя - Фридрих Дюрренматт 14 стр.


 Шпэт, дружа,  закончыў ён велягурыстыя і мала зразумелыя разважанні, - мне вас да душы шкада. Надта ж бо ў вас усё нягегла атрымалася.

Пасля гэтай размовы я больш ні разу не пераступаў парога ягонай майстэрні. А чаму я расказваю вам пра гэтую размову, гер начальнік? Ай, ды таму, што гэты дойлід, якога нядаўна ўшаноўвалі ў Венецыі, проста чортведама які слушны. Я чалавек з рэторты, я выгадаваны ва ўзорнай лабараторыі, настаўлены ў адпаведнасці з прынцыпамі выхаваўцаў і псіхіятраў, прадукаваных нашай краінай паралельна з высокадакладнымі гадзіннікамі, псіхатропнымі сродкамі, тайнай банкаўскіх укладаў і вечным нейтралітэтам. Я б і быў узорным прадуктам гэтай даследчай гаспадаркі, але ў ёй не хапала більярднага стала. Вось мяне і запусцілі ў свет, не надзяліўшы ўменнем разгадаць яго, бо да гэтага часу ў мяне не было з ім кропак судакранання, бо я ўяўляў сабе, нібыта і тут пануюць норавы сіроцкага прытулку, у якім я вырас. Без ніякай падрыхтоўкі мяне сутыкнулі з законамі драпежных звяроў, што пануюць у людстве, без ніякай падрыхтоўкі я ўгледзеў сябе сам-насам з тымі пачуццямі, якія надаюць чалавечыя рысы звярыным законам,  з годнасцю, адчуваннем меры, розумам, каханнем, нарэшце ж. Чалавечая рэальнасць пацягнула мяне за сабой, як бурлівая рака цягне таго, хто не ўмее плаваць, супраціўляючыся блізкай пагібелі, я на парозе яе сам зрабіўся драпежным зверам, і да гэтага звера пасля начной размовы з Штусі-Лойпінам, калі я прадаў свае матэрыялы, якія павінны былі апраўдаць забойцу, з'явілася дачка забойцы: так, Элен чакала мяне ў маёй адвакацкай канторы на Цэльтвэгэ, у маёй шыкоўнай трохпакаёўцы, якая дасталася мне ад Бэна. Цяпер толькі я скеміў, што яна чакала мяне не перад дзвярмі, а ўсярэдзіне. У крэсле каля майго пісьмовага стала. І што яна выдатна арыентавалася ў кватэры. Зрэшты, Бэна, Бэна,  хто ўстояў бы перад ім! І вось яна прыйшла, бо давярала мне, і вось яна аддалася мне, бо я хацеў яе, але не хапіла мне тае ночы ні адвагі даверыцца і ёй, ні перакананасці, што і яна хоча мяне, бо кахае. Так мы размінуліся з нашым каханнем. Я ўтоіў ад яе, што ніхто не змушаў яе бацьку ўчыняць забойства (нават калі чортава ліліпутка таго так моцна жадала), што яму проста падабалася на нашай грэшнай планеце строіць з сябе Госпада Бога, што сам я двойчы прадаўся, адзін раз яму, другі разпрыма-адвакату, якога цешыла магчымасць давесці да канца гульню правасуддзя, падобна гросмайстру, які велікадушна дагульвае партыю, пачатую з пачаткоўцам. І мы спалі тае ночы, не размаўляючы і не падазраваючы, што шчасце без слоўнепамыснае. Таму, мусібыць, і існуе мімалётнае шчасце, яго я меў у тую ноч, калі пачаў здагадвацца, кім мог бы зрабіцца, неверагодныя магчымасці, якія былі ўва мне закладзены і якіх я не спраўдзіў, а як што я тады адчуваў сябе шчаслівым цэлую ноч, дык быў перакананы, што зраблюся тым, кім так і не зрабіўся. Але раніцай, калі мы зірнулі адно на аднаго, нам ужо было ясна, што ўсё закончылася. А цяпер мне пара ў аэрапорт.

III

Пасляслоўе аўтара. Нейкім дзіўным чынам я, калі задумацца, пазнаёміўся з некаторымі людзьмі, пра якіх толькі пазней даведаўся, што яны не проста былі замешаныя ў гэтую шматпланавую прыгоду, але і былі ў ёй галоўнымі персанажамі.

Адбылося гэта прыкладна ў 1984 годзе. У Мюнхене. Дзённіка я не вяду, таму не варта залішне давярацца датам, якія я прыводжу. Па-мойму, было тое напрыканцы траўня, а ўсю гісторыя я ўспрыняў тады як выдуманую. Утульны парк, утульная віла сярод высокіх дрэў. У парку ўздоўж адной сцяны вілызасланыя сталы. Мілая гаспадыня. Выдаўцы, журналісты, людзі тэатра і кіно,  адным словам, разумна дазіраванае культурнае жыццё. Як звычайна, я кагосьці з кімсьці блытаю. Мне цьмяна здаецца, што вось тая ёсць менавіта тая, пра каго я думаю, што гэта якраз яна. Пасля высвятляецца, што яна ўсё-такі не тая самая. Пасля яшчэ нехта аказваецца зноў жа зусім не тым самым. Потым я з перапалоху сам палохаю аднаго галоўнага рэжысёра, у тэатры якога я калісьці ведаў усіх падрад, а цяпер ужо нікога падрад і не ведаю. Думаю, што ён думае, быццам я хачу ўціснуць яму сваю п'есу, а ён думае, быццам я хачу ўшыць яму сваю п'есу. Нейкі актор мітусіцца, як той кароль Лір, які забыў свой тэкст, і цяпер сам сабе рады не дасць: «Гіне тэатр. Няма новых п'ес». Іншага актора я столькі разоў бачыў па тэлевізары, што цяпер прымаю яго за свайго старога знаёмага, а ён бянтэжыцца, убачыўшы мяне ўпершыню. Нейкая жанчына вывозіць нейкага старца на калёсіках. Жанчына элегантная, фанабэрыстая, прыгожая. Гадоў пад пяцьдзесят. Я ведаю гэтую жанчыну, але не ведаю, як яе завуць. Яна стрымана вітае мяне, але звяртаецца да мяне на «ты» і называе мяне Максам. А які ж вам Макс? Вось і яна мяне з некім зблытала. Смех дый годзе! Яна перапрашаецца. Мне прыемна. Яна пераходзіць са мною на «вы». А хто ж гэты старац? Яе бацька. Мабыць, яму ўжо ого колькі! Так, сто, без хвосціка. Кволенькі, бясплотны. На дзіва жвавы. Скура ружовая. Рэдкія сівыя валоскі, падстрыжаныя вускі, дагледжаная бародка. Нешта паміж барадой і эспаньёлкай. Ён меў гутарку з баварскім прэм'ер-міністрам. Пра палітыку? Не, пра заснаванне фундацыі эфектыўных навук. Не разумею. Напладзілася столькі непатрэбных навук. Разумею. Яна ўсё яшчэ думае, што я яе ведаю, а я яе ведаць не ведаю. Гаспадыня гутарыць са старцам. Шчабеча з ім, часта смяецца. Мабыць, стары не без досціпу. Сяджу паміж невядомай знаёмай і ўдавой-немкай выдаўца-італьянца, з якім я аднаго разу ў Мілане меў знаёмства аж цэлы дзень. Знаёмая, імя якое ніяк не магу ўспомніць, здагадалася, што я не магу ўспомніць, як яе завуць. Яна змаўкае. Удава расказвае мне пра адну актрысу, у якую я быў калісьці закаханы. Актрыса збегла з пажарнікам. Пасля вячэрыу салон. Людзі кіно і тэатра тлумяцца вакол галоўнага рэжысёра. Гэта тыя, хто цікавіцца мастацтвам. Іншыявакол старога ў каталцы. Гэта тыя, хто цікавіцца рэчаіснасцю. Нейкі мастацтвазнаўца прамаўляе кароткае падзякаванне гаспадыні дома, на хвіліну спалучыўшы сваёй прамовай абедзьве сферы. Ён надта добра разбіраецца ў мастацтве, каб не недаацэньваць жыцця, і надта добрау жыцці, каб не пераацэньваць мастацтва. Потым сферы зноў распадаюцца. Адны спрачаюцца пра Бота Штраўса, другіяпра Франца Ёзэфа Штраўса. А якое думкі старац? Ён гісторык, а не метэаролаг. Што ён хоча гэтым сказаць? Гісторык робіць далёкія прагнозы. Ён метафізік. Ён пэўны, што авалодаў сусветным духам. А метэаролаг дазваляе сабе толькі блізкія прагнозы. Ён чалавек навукі. І не лічыць, што авалодаў атмасферай. Насамрэч свет неспасцігальны. Што даступна ў палітыцы? Спорае хірургічнае ўмяшальніцтва, а потымназіраннне за непрадказальным вынікам. Што ён хоча гэтым сказаць? Канцэрн, якому ён самахоць дапамагаў парадамі і якім несамахоць кіраваў, апынуўся ў цяжкім становішчы. Няма патрэбы апісваць яго падрабязна. Эканамічныя ўзаемасувязі куды складанейшыя, чым атмасферная абалонь, прагнозы тут яшчэ больш ненадзейныя. Старац гаварыў лёгка, няголасна і шпарка. Толькі час ад часу чулася паляскванне ўстаўных сківіцаў. І тады ўзнікала патрэба ці тое забіць чалавека, ці тое перадаручыць забойства каму-небудзь яшчэ. Агульная разгубленасць. Збянтэжанасць. Потым замілаванасць. Быццам старац намысліў расказаць любоўную гісторыя. Вядома, выносіць на абмеркаванне забойствагэта ж faux pas! Культурная сфера таксама натапырыла вушы. У гэтым ужо нешта было, як калі б старац, дапусцім, еў рыбу нажом. Хоць кароль, ды ўдадатак яшчэ кароль на парозе стагоддзя, мае права і на гэта.

 Ён непаўторны,  прашаптала адна актрыса, якую я таксама калісьці бачыў, ці тое па тэлевізары, ці тое ў кіно, альбо ж думаў, што бачыў. Экран кіно і тэлевізара сплаўляе ўсе твары ў адзін. Добры дзесятак актораў на адзін твар. Старац папрасіў шампанскага. Адпіў. Паявіўся адзін рэжысёр і артыст, мой даўні прыяцель. З паходжанняшвейцарац. З выглядурасейскі вялікі князь, які прывык мець справы з прыгоннымі, рослы, станісты, але ўжо пасля страты спадчынных маёнткаў. Дагледжаная бародка, прадумана лёгкая прастата ў вопратцы. Пацалаваў у ручку гаспадыні, заўважыў пэўную разгубленасць прысутных, не без прыемнасці абвёў усіх вачыма і з уласцівай толькі яго сэрцу салодкай галантнасцю прамовіў: «Вітаю вас, гер радца! Вітаю цябе, Элен!», пасля чаго, зычліва зрабіўшы мне ручкай, сказаў: «Бачу, гер радца пачаў расказваць сваю гісторыю. Фантастычная гісторыя». Потым наліў сабе шампанскага і сеў. А старац вёў сваё далей. Ад яго зыходзіла нейкая ўладная сіла, якая ўсіх пад сябе падбірала. І ўсё было не ў тым, што ён казаў, а ў тым як. Вось чаму немагчыма ўзнавіць гэтую гісторыю так, як яе расказваў ён. Хай гаспадыня не зышча з яго за тое, што ён без усякіх там ухілак гаворыць пра забойства. Яму задалі пытанне, прыкладна ж так ён і паведаміў, што лічыцца палітычна магчымым. Палітыка і эканоміка падпарадкоўваюцца адным і тым самым законам, а менавіта палітыцы ўлады. Што стасуецца і з вайною. Гэта перад усім эканоміка ёсць працяг вайны іншымі сродкамі. І як бываюць войны паміж дзяржавамі, так бываюць войны і паміж канцэрнамі. А грамадзянскай вайне адпавядае барацьба за ўладу ў межах аднаго канцэрна. Усюды зноў і зноў узнікае патрэба альбо кагосьці адлучыць ад улады, альбо быць адлучаным самаму. І ў такой сітуацыі аператыўнае хірургічнае ўмяшальніцтва вельмі нават дарэчы, пасля чаго след пачакаць, каб пераканацца, ці дало яно карысць, а ці не. У выключных, хто скажа што супроць, але толькі ў выключных выпадках тут не абысціся без забойства. Само па сабе забойстваметад вельмі неэфектыўны. Тэрарызм пакідае толькі драпіны на паверхні сусветнай структуры. А вось забойства, учыненае ім, было неабходнасцю. Ясна, ён мог перадаручыць забойства. На любую справу можна каго-небудзь наняць замест сябе. Але яму неўзабаве ўсе сто, а ён, каб вы ведалі, яшчэ сам сабе завязвае шнуркі. Далей спатрэбілася яшчэ некалькі забойстваў, ну, але ўжо яны не вымагалі ніякага клопату. Пры стварэнні свету ўмяшальніцтва Бога спатрэбілася ўсяго адзін раз. Хапіла першага штуршка. Вось і на яго рашэнне праблемы сышло з хуткасцю маланкі. Старац выскаліўся. Больш за трыццаць гадоў таму яму давялося суправаджаць з прыватнай клінікі ў аэрапорт аднаго гэтак жа вядомага ў тыя часы, як і непапулярнага палітычнага дзеяча. У клініцы ён убачыў, што памянёны дзеяч, ужо ў зімовым паліто, разгублена стаіць каля ложка. Яго ўсе ганяць і пераследуюць. Уведзены ім падатак на спадчыну збанкруціў надта многіх. Ён вымушаны абараняцца. І ён дастае з кішэні рэвальвер. Вось чым ён прыстрэліць кожнага спадкаемцу, які застаўся без спадчыны. Сястра з лямантам «Ратуйце!» выскачыла з палаты. Тады ён зноў засунуў рэвальвер у кішэню. Прыляцеў доктар з двума санітарамі. Палкоўнік падчас вайсковай службы, грубы мяснік у медыцыне; ён паставіў такі дыягназ: хвароба цяпер дабралася да мозгу, ну, з медыцынскага боку гледзячы, праблемаў няма, ён яшчэ раз нашпігуе пацыента транквілізатарамі, і хай сабе вымятаецца на радзіму, інакш аддасць канцы проста тут. Бедалагу пасля кароткай звалкі, падчас якой быў накаўтаваны адзін санітар, вытраслі з паліто рэвальвер, увалілі яму ў задніцуах, пардон, пардон, пры дамах!  поўны шпрыц, зноў запакавалі ў зімовае паліто і запхнулі ў «ролс-ройс». І вось ён паехаў з узброеным і ачмурэлым дзяржаўным дзеячам назад у горад. Дзівосны вясновы вечар. Прысмеркі. Недзе каля сёмай. Як што ў нас устаюць рана, дык і вячэраюць таксама рана. Калі ён разам з задрамалым фінансавым геніем праехаў па Рэміштрасэ і ўбачыў людзей, што сцякаліся ў рэстараны, у яго ў галаве мільганула ідэя, як самым элегантным чынам вырашыць сваю праблему. «Божа,  сказала нямецкая ўдава італьянскага выдаўца,  як займальна!» Асоба, ад уплыву якое ён павінен быў асланіць канцэрн, мела прызвычайку ў гэты самы час вячэраць у вядомым усяму свету рэстаране. Старац высербаў другі фужэр шампанскага. Ён сказаў шафёру спыніцца, дастаў рэвальвер з кішэні міністра, які ціхенька пахропваў, прайшоў у рэстаран, убачыў, што ягоныя разлікі правільныя і памянёная асоба там, застрэліў яе, адтульзноў у «ролс-ройс», засунуў рэвальвер у кішэню міністра, даставіў яго, шаноўнага міністра яе вялікасці, у аэрапорт, пасадзіў у самалёт, які спецрэйсам пераправіў хворага лідэра партыі на родную выспу, дзе той, яшчэ не паспеўшы толкам прыляцець, ужо прывёў да канчатковага фінансавага краху калісьці сусветную імперыю. Ціхае пасмейванне дзеячаў культуры. Дачка захоўвае велічную, амаль злавесную абыякавасць. Калі б яе бацька расказаў, што быў начальнікам канцлагера, яна і тады не змаргнула б. Мы ўсе слухалі, як зачараваныя. Як страшную казку. І ўсё ж не без прыемнасці, нават з пацехай, зачараваныя лёгкасцю і сарказмам, з якім старац апавядаў, усё як бы ссоўваючы ў сферу абстрактнага, нерэальнага. Толькі адзін выдавец разгублена спытаўся: «Ну, а вы?»«Дружа мой,  адказаў старац, дастаючы з футарала масіўную цыгару (зыходзячы з вопыту, набытага мною за час, калі я курыў, здагадваюся, што гэта была «Топерс»),  дружа мой, вы пакідаеце па-за ўвагай дзве акалічнасці. Першаяу якіх колах мы з вамі абарачаемся, і другаяюстыцыя, бо яна хай хутчэй несвядома, чым свядома, арыентуецца на грамадскія колы, якія падупадаюць яе суду, хоць часамасабліва ў адносінах да людзей прывілегіяваныхяна любіць дзейнічаць з залішняй суровасцю, каб пазбегнуць дакораў за прадузятасць менавіта таму, што яна яе мае». Зрэшты, каб не знудзіць: яго арыштавалі, кантанальны суд прызнаў яго вінаватым, а суд прысяжных пазней апраўдаў, хоць забойства было ўчынена ўва ўсіх на вачах. З неабходнасці. Не хапала доказаў. Паказанні сведкаў былі супярэчлівыя. Зброя так і не была знойдзена. Ну, бо і хто ж будзе трэсці міністрава паліто?! І матыву злачынства таксама ўстанавіць не ўдалося. Канцэрн ёсць нешта непранікальнае для пракурора. Удадатак, таксама выпадкова, у рэстаране быў былы чэмпіён Швейцарыі ў стральбе з пісталета, але, калі яго хацелі дапытаць, ён узяў ды павесіўся сабе на здароўечка. Проста трэба, каб усё так удала склалася, зрэшты, нельга выключаць, што і чэмпіён мог стрэліць якраз у тую хвіліну, калі ён, а яму было тады семдзесят, намерыўся страляць; адзіна рэальнае ва ўсёй гісторыігэта сам нябожчык, які ўткнуўся тварам у філе а-ля Расіні з зялёным бобам, наколькі ён памятае, але вось якім чынам гэтая рэальнасць спраўдзілася, па сутнасць ролі не грае. Старац раскурыў цыгару, якою да таго размахваў, як дырыжор палачкай. І раптам усе грымнулі рогатам, сёй-той нават запляскаў, адзін тоўсты журналіст адчыніў акно і рагатаў у ноч. «Нечуваная дасціпнасць». Усе былі перакананыя ў невінаватасці старца. Я таксама. А чаму? Ад яго абаяльнасці? Ад узросту? Файна!  заззяла нямецкая ўдава італьянскага выдаўца, гаспадыня выказалася ў тым духу, што жыццё піша найневерагоднейшыя гісторыі, дачка паглядзела на мяне холадна і пільна, быццам хацела даведацца, паверыў я ці не. А старац курыў цыгару, у той самы час робячы трук, які ніколі не ўдаваўся мне,  выдыхаў дым колцамі. Ён разумее, гаварыў далей старац, што несправядліва асуджаны не такі недасяжны, як забойца, адсюль і шчырыя воплескі, такі ўжо ў яго лёс, што ніхто не хоча лічыць яго забойцам. Вось і я, мабыць, не веругэта старац ужо звярнуўся да мяне,  я, хто ў сваіх камедыях цэлымі гуртамі запраторвае сваіх герояў на той свет. Новы выбух рогату, агульнае ажыўленне. Падалі чорную каву, каньяк. Застаецца толькі пытанне маралі, зноў пачаў стары, засяродзіўшы сваю ўвагу на попеле цыгары, які ён не страсаў, а старанна нарошчваў. І раптам зрабіўся зусім іншы. Ужо не стогадовым старцам, а чалавекам без узросту. Учыніў ён забойства насамрэч альбо толькі збіраўся, сказаў старац, з пазіцыі маральнасці важны толькі намер, а не выкананне. Але пытанне маралі ёсць пытанне апраўдання дзеянняў, якія не адпавядаюць законам грамадства, якімі гэта грамадства нібыта кіруецца. Для апраўдання ж мы павінны скарыстацца дапамогай дыялектыкі. З пазіцый дыялектыкі можна знайсці апраўданне абсалютна ўсяму, тым самымі з пазіцый маралі. Таму ён лічыць усякае апраўданне лішнім альбо, калі давесці гэтую думку да абсурду, усякую мараль амаральнай, ён мог бы заявіць, што дзейнічаў у інтарэсах канцэрна, які дарэчы, пазней усё адно збанкрутаваў, так што ягонае рафінаванае забойства аказалася непатрэбным незалежна ад таго, хто яго ўчыніў, ён сам ці хто іншы, а таму ён мог бы наступным чынам адказаць на пытанне, чаго можна дасягнуць сродкамі палітыкі: калі нечагась можна дасягнуць толькі дзякуючы выпадку альбо нешта дасягнута толькі выпадкова, дык яно ёсць поўная процілегласць таго, чаго хацелі дасягнуць на самай справе. Далей стары перапрасіўся. Ён пакорліва просіць высокашаноўную гаспадыню прабачыць яму сыход, а дачку Элендаставіць яго ў гатэль «Чатыры пары года». Дачка выкаціла старога, не зірнуўшы на мяне. Я палічыў усю гэтую гісторыю выдумкай. Ну хто, скажыце вы мне, так забівае? Аднак нельга было не заўважыць, што стары сваім часам меў не абы якую ўладу, ды і цяпер яшчэ мае не абы якія ўплывы, а то з якое такое рацыі яго прымаў бы Штраўс. Мне ён падаўся прыдуманым варацілам, у якога на сумленні шмат чаго ёсцека-такі, але расказваць пра біржавыя махлярствы больш складана, чым пра забойствы, вось ён і распісвае няўчыненае забойства, бо можа не сумнявацца, што ва ўчыненае ім забойства ўсё адно ніхто не паверыць, як паверылі б у біржавыя спекуляцыі. У таксі я паспеў забыць яго гісторыю, раздумваючы толькі пра дыялектыку, якую ён падпарадкаваў маралі, і раптам успомніў ягонае імя: Колер, Ісак Колер. Аднойчы на банкеце ў сваіх сяброў я сядзеў якраз насупраць яго. Побач з яго дачкою. Калісьці. Шмат гадоў таму назад. Колер тады быў вельмі бадзёры і загарэлы. Дачка расказвала, што ён толькі што вярнуўся з падарожжа вакол свету.

Налета ці тое, магчыма, на пачатку верасня памёр бацька адной маёй знаёмай, пэўнай Штусі-Моозі. Гадоў пятнаццаць таму яна служыла ў нашым доме. Яна паведаміла мне, што прадаецца двор яе бацькі. Я ведаў гэты двор. Ён быў стары, паўразбураны. Я рашыў яго купіць. Выгляд адтуль вельмі ўражваў. Унізедаліна Штусі, на дне яе Штусікофен, потым Флётыген, Верхнія Альпы. За домам крута абрываецца скала. Сама вёскагняздзечка, гэта яшчэ не самыя Альпы. Старыя дамы. Капліца. Куды час ад часу наязджае з казанню флётыгенскі пастар. Гатэль. Проста дзіва, што яшчэ захаваліся вёскі, куды не заглядваюць турысты. Весці перамовы мне належала з хадайнікам па справах, «хадыкам»як там называюць адвакатаў. Хадыка займаў пакой у гатэлі «У Лоенбэргера», а справы праварочваў унізе, у кнайпе, дзе слухачамі былі мясцовыя сяляне. Ён быў, бадай, нечым накшталт вясковага суддзі, да моманту майго прыезду ён якраз уладжваў адну бойку. Селянін з перавязанай галавой, памінаючы ліхім словам чорта, пакідаў залу. Праз столькі гадоў мне цяжка дакладна апісаць, як выглядаў той хадыка. Гадоў так на пяцьдзесят. Хоць, магчыма, і маладзей. Хранічны алкаголік. Ён піў «бэці»гатунак гарэлкі, якую ў іншых мясцінах называюць пладова-ягадным кампотам. Ён здаваўся ўнураным, хоць і не быў такі. Зласліва-жоўцевы. Твар азызлы, але не без выразу адухоўленасці. Вадзяніста-блакітныя вочы, налітыя крывёю. Часцей шальмаватыя, часам летуценныя. Дзеля пачатку ён спрабаваў мяне абмішуліць. Загнуў цану ўдвая большую за тую, на якую намякала наша былая ахмістрыня. Расказваў велягурыстыя байкі наконт цяжкасцяў, якія мусова ўзнікнуць з боку абшчыннай рады ў Штусікофэне. Разводзіў нешта пра няпісаныя законы. Назваў двор праклятым, гаспадар яго, Штусі-Моозі, павесіўся. Кожны Штусі-Моозі тут вешаўся. Сяляне з нахабнай шчырасцю слухалі нашую гутарку, мімікай паказвалі ўдушэнне, калі ён гаварыў пра шыбенікаў, задзіралі правую руку над галавой, быццам зашморгваючы шворку, закочвалі вочы пад лоб, высалопвалі язык. Я скеміў, што хадыка зусім не збіраецца мяне абмішульваць, а проста хоча перашкодзіць здзелцы,  затое пазней ён спрытна ашукаў сям'ю нашай ахмістрыні. Ён прадаў двор за кідкую цану камусьці з Штусі-Зютэрлінаў. Адчуўшы, што мая цікавасць да куплі прыкметна астыла, хутчэй ад варожых адносінаў сялян, чым ад ягоных хітрыкаў, ён папрыветлівеў. Дарэчы, ён быў ужо нападпітку, хоць і не зрабіўся ад гэтага менш сімпатычным. Нават наадварот. У яго прарэзаўся гумар. Праўда, з'едлівы. Ён пачаў расказваць. Сяляне згуртаваліся цясней і пачалі пад'юджваць баяра. Ягоныя гісторыі, па ўсім мяркуючы, яны ўжо ведалі напамяць. І слухалі, як слухаюць гавэнды казачніка. Дык вось, ён бажыўся, што быў славутым адвакатам у самым вялікім горадзе нашай краіны. «Усрацца можна якім славутым», так і сказаў. І грошы шуфлем гроб. Зарабляў у асноўным на банках, на самых багатых сямействах горада. Але наймілейшай кліентурай былі яму прастытуткі. «Мае прасталытачкі», як ён сказаў. Ён выдаў пропадзь розных погудак, асабліва пра нейкага Нольдзі Архідэйнага. Большасць іх здаліся мне выдумкай, але я слухаў з неаслабнай увагай.

Не так тыя пагудкі, як за схаваную ў іх сацыяльную крытыку. Гэтая крытыка мела нейкі анархісцкі характар. Яна не вязалася з рэальнасцю. Яна адпавядала яго розуму. Ён заглыбіўся ў нетры гісторыі суду над нейкім забойцам. Ён граў ролі абвінавачанага і пяцёх членаў судовай калегіі. Сяляне рагаталі, аж заходзіліся ад захаплення. Ён, як абаронца, выйграў працэс. Пасля дадаў, што апраўданы ўсё-такі быў забойца. Апраўданы, урадавы радца, спрытна абдурыў і яго, і пяцёх членаў суду. Сяляне весяліліся, цяпер яны таксама налеглі на «бэці». Гісторыя гэтую яны яўна слухалі не ўпершыню і ўсё ніяк не маглі наслухацца. Яна зноў і зноў вымагала паўтору, а ён капрызіў, капыліў нос, аднекваўся, яму паднеслі чарачку, ён паказаў на мяне,  можа, чалавеку зусім і не цікава, а вы мне тут мне таксама паднеслі чарачку, не-не, вельмі нават цікава.

Хадыка пачаў расказваць, як ён спрабаваў дабіцца перагляду справы, але гэтаму ўсупрацівіўся ўрад, а пад канец і федэральны суд. Урадавы радцаён і ёсць урадавы радца. Кожная юрыдычная перашкода, кожная інтрыга выклікала выбух здзеклівага рогату. «Вось яна, ваша вольная Швейцарыя!»крыкнуў адзін селянін і заказаў яшчэ па шкляначцы. І тады, расказваў далей хадыка, ён пачаў дзейнічаць на сваю рызыку. Ён дачакаўся, калі радца вярнуўся з падарожжа вакол зямлі. З прэсы даведаўся пра час вяртання. Пасля паведаміў пра свае планы начальніку паліцыі. Той загадаў ачапіць аэрапорт. Але хадыка, пераадзеўшыся прыбіральшчыцай, ушыўся ў брыгаду смецяроў. А ў накладным штучным бюсце схаваў свой рэвальвер. Адзін паліцэйскі спрабаваў схапіць яго за накладны бюст, але хадыка нарабіў крыку, быццам яго хочуць згвалціць. Начальнік прынёс прабачэнні, а паліцэйскага загадаў адправіць у арыштанцкую пры аэрапорце. Сяляне з радаснымі крыкамі ляпалі сябе па сцёгнах. Далей хадыка паведаміў, як ён застрэліў забойцу, апраўданага дзякуючы ягоным жа намогам. Па дарозе да залы пасажыраў першага класа. Пасля чаго радца грымнуўся галавою наперад проста ў бак на смецце. Падобна да Тэля, які прышыў у той цясніне Геслера, ён прышыў зладзея, радасна загаласіў адзін селянін, а астатнія радасна закрычалі. Дзікі ўсчаўся вэрхал. Вось яна, сапраўдная справядлівасць. Хадыка пачаў у асобах паказваць гісторыю свайго затрымання. Паказаў, як начальнік сарваў з яго накладны бюст. Залез на стол. Сказаў абарончую прамову перад пяццю сябрамі, якія сваім часам апраўдалі забітага, а цяпер, адпаведна, не маглі не апраўдаць яго забойцу. Пасля чаго кінуў проста ў твар суддзям: «А прападзіце вы пропадам з вашым правасуддзем»і зрабіўся хадыкам па справах у даліне Штусі. Тут апавядальнік зноў грымнуўся на сваё крэсла. Адзін селянін устаў з напалавіну распітай бутэлькай «бэці» ў левай руцэ, паляпаў апавядальніка па плячы, заявіў, што сам ён Штусі-Штусі, а хадыкаадзіны не Штусі ў Штусікофэне, але, нягледзячы на гэта, ён швейцарац «што нада», пасля чаго да дна асушыў сваю бутэльку, паваліўся на стол і захроп. Астатнія зацягнулі адменены гімн:

Слаўся вавекі, Гельвецыя!

Яшчэ ёсць у цябе сыны,

як убачыў іх Якаў Святы,

заўсёды гатовыя ў бой.

Гісторыя здалася мне на дзіва знаёмай. Я хацеў высветліць сякія-такія нюансы, але хадыка быў надта п'яны, каб адказваць на пытанні. Некаторыя сяляне пагрозліва паўставалі з месцаў, пакуль іншыя дапявалі канец другой страфы:

Там, дзе вяршыні гор

ворагу не дадуць адпор,

Бог наша цвердзь,

самі ўстанем гарой,

кожны з нас герой.

Нас не палохае смерць.

А хадыку мне было шкада. Бліскучы прыма-адвакат зрабіўся затурканым правінцыйным адвакатам-хадыкам. Ён учыніў забойства, ён выйграў свой працэс, але забойства, ім учыненае, даканала яго. Я цалкам адмовіўся ад думкі купіць двор. Мне след было вымятацца, у даліне Штусі не прывячаюць прыхадняў з горада, а як што яны па нумары маёй машыны ўжо скумекалі, што я з Нойшатэля, я быў ім удвая чужы, прыблудзень, хоць і гаварыў з імі на адной мове, хай нават не так пявуча. Я пакінуў гасцініцу. Услед мне грамавое:

Явіся раніцай, Гасподзь прамяністы,

мы дружна Табе заспяваем гімн чысты,

асветляцца ледзьве вяршыні гор,

узносіць малітвы швейцарцаў хор.

Сваёй душой богабаязнай

айчыне служым увесь час мы.

Гэта сяляне перайшлі да новага гімна.

Пасля зноў прагал у памяці. Стары ў крэсле-каталцы, яго дачка, п'яны забойца ў штусікофенскай гасцініцы сярод п'яных сялянусё пайшло ў падсвядомасць, а згары наклалася прыкрасць, што я не магу купіць сялянскі двор. Між іншым, купіць яго я мерыўся не дзеля пустой прыхамаці, мне былі патрэбныя перамены. Вярнуўшыся дамоў, я прыступіў да рэарганізацыі. Было вымецена ўсё смецце, што набралася за сорак гадоў пісьменніцтва. Груды неапрацаванай карэспандэнцыі, рахункі, якія так і не трапілі мне на вочы і, аднак жа аплачаныя, каштарысы, так і не ўзятыя пад увагу, горы карэктураў, незлічона разоў перапісаныя рукапісы, накіды, фотаздымкі, малюнкі, карыкатуры, фантастычны кавардак, якому наканавана было часткова ператварыцца ў парадак, часткова знікнуць. Горы нечытаных рукапісаў, ужо шмат дзесяцігоддзяў пахаваных у плыні неапрацаванай пошты. Я наўздагад зірнуў у адзін з іх. Юстыцыя. Далоў макулатуру. Пры гэтым Пры гэтым я міжвольна кінуў позірк на першую старонку і прачытаў імя: h.c. Ісак Колер. Я зноў дастаў рукапіс з пластыкавага мяшка. Нейкі доктар Х. прыслаў мне яе з Цюрыха, але я ніколі не чытаю прысланых мне рукапісаў. Літаратура мяне не цікавіць. Я сам яе ствараю. Доктар Х. Я ўспомніў. Кур. 1957 год. Пасля даклада. У гатэлі. Я пайшоў у бар выпіць шкляначку віскі. Акрамя бармэнкі, дамы не першай свежасці, я застаў там яшчэ аднаго наведніка, які адразу, ледзь я паспеў сесці, назваў сябе. Гэта быў доктар Х., былы начальнік кантанальнай паліцыі Цюрыха, мажны чалавек, старамодна апрануты, з залатым ланцужком ад гадзінніка папярок жылеткі, як іх сёння мала хто носіць. Нягледзячы на ўзрост, вожык на галаве ў начальніка быў яшчэ бездакорна чорны, а вусы пушыстыя. Ён сядзеў каля стойкі на высокім зэдлі, піў чырвонае віно, курыў «Байанас» і звяртаўся да барменкі па імені. Голас у яго быў гучны, жэсты выразныя, словам, чалавек без ценю гульні, які гэтак жа прыцягваў мяне, як і адштурхоўваў. На раніцу ён давёз мяне на сваёй машыне да Цюрыха. Я пачаў гартаць рукапіс. Ён быў надрукаваны на машынцы, пад загалоўкам дапісана ад рукі: «Можаце рабіць з гэтым, што захочаце». Я пачаў чытаць рукапіс і прачытаў яго ўвесь. Аўтар, нейкі адвакат, не справіўся з матэрыялам. Яму надта перашкаджалі бягучыя падзеі. Пра самае важнае ён пачаў расказваць толькі ў канцы, але менавіта тут яму раптам не хапіла часу. Ён зрабіўся ахвярай сваёй паспешлівасці. У цэлым спроба дылетанцкая. Ды і асобныя мясціны знедаўмілі мяне. Узяць хай хоць бы назвы некаторых раздзелаў: «Спроба ўнесці парадак у беспарадак». Потым імёны. Хто такі Нікадэмус Мольх, хто Дафна Мюлер і хто Ільза Фройдэ? І хто расстаўляе ў сябе ў парку цэлую армію садовых гномаў? Начальнік нібыта гаварыў мне, што любіць Жан Поля? Але спытацца ў начальніка ўжо нельга, ён памёр. У 1970-м. Пасля я прачытаў ліст, прыкладзены начальнікам да рукапіса: «Я вяртаюся з пахавання. Ездзіў хаваць Штусі-Лойпіна, На пахаванне прыйшоў толькі Мок. Пасля чаго мы з ім паабедалі ў «Du Théâtre». Елі суп з лівернымі фрыкадэлькамі, філе а-ля Расіні з зялёным бобам. Пасля абеду мы доўга шукалі слыхавы апарат Мока. Афіцыянтка, як аказалася, знесла яго з посудам. А што да нашага дарагога фанатыка справядлівасці, дык яму і на самай справе ўдалося прабрацца ў аэрапорт. З камандай смецяроў. І стрэліць ён стрэліў, але адразу ад страху ўпаў галавой у бак са смеццем. На шчасце Колер нічога не заўважыў, бо якраз у гэты час падняўся чатырохматорны самалёт. Зрэшты, наш тэрарыст і не мог зрабіць большае шкоды. У адным ён пралічыўся. Я ўсё-такі заняўся падрабязней гэтым старызнікам. У альпійскім ражку былі правільна прэпараваныя халастыя патроны. Але пасля я абсалютна не ведаў, што мне рабіць з фанатыкам справядлдівасці. Ён быў чалавек прапашчы. Перадаваць яго ў рукі правасуддзя я не хацеў. Штусі-Лойпін (глядзі вышэй) паспачуваў яму і падшукаў яму працу. З таго часу прайшло некалькі гадоў. Ваш доктар Х., экс-начальнік. Я патэлефанаваў у Штусікофен. Да тэлефона падышоў гаспадар «Лойенбэргера». Я папрасіў хадыку. Памёр. На тым тыдні. Перабраў «бэці». Як яго звалі? Звалі як? Хадыкам. Дзе яго пахавалі? У Флётыгене, трэба думаць. Я паехаў туды. Могілкі ляжалі за вёскай. За каменнай агароджай. Чыгунная літая брама. Было холадна. Першы раз за гэты год я ўлавіў дыханне зімы. У могілках ёсць нешта блізкае майму сэрцу. У дзяцінстве я любіў гуляць на могілках. Гэтыя могілкі мелі сваё аблічча, у кожнага нябожчыка была свая магіла, магільныя пліты, чыгунныя крыжы, пастаменты, калоны, стаяў нават адзін анёл. На магіле нейкай Крыстлі Мёзер. Але Флётыгенскія могілкі былі даволі сучаснымі могілкамі, пачатымі дзесяць гадоў таму назад паводле пастановы абшчыннай рады Флётыгена. Ад тых, хто памёр больш за дзесяць гадоў таму назад, не засталося і следу. Як што тэрыторыя была строга абмежаваная і не не магла быць пашырананадта высокія сённяшнім часам цэны на зямлю,  супакоенаму дазвалялася не больш чым дзесяцігадовае супакаенне ў роднай зямлі. А паслянапрасткі ў вечнасць. Але ўжо дазволеным дзесяць гадоў належала ляжаць па стойцы «смірна». Ува ўсіх аднолькавыя пліты. На магілахаднолькавыя кветкі. Аднолькавыя пліты, надпісаныя адным і тым самым шрыфтам. І вось нябожчыкі пакоіліся строгімі радамі, а сярод іхі той, каго я шукаў. Беспарадкавы ў жыцці, упарадкаваны пасля смерці. Ён ляжаў апошні ў радзе, каля яшчэ пустой магілы. Пліта ўжо пакладзена, кветкі (астры, хрызантэмы) ужо пасаджаны. На пліце: ФЕЛІКС ШПЭТ, Хадыка, 19301984.

Назад Дальше