Юстыцыя - Фридрих Дюрренматт 6 стр.


Па-першае, гістарычна, архітэктанічна, па-філасофску. Важнае для ўнутранага жыцця патрабуе дакладнай акрэсленасці. Гэтак сама і ў гістарычным аспекце. Таму я сабраў самыя дакладныя звесткі пра Колераву вілу. Нават пакалупаўся ў матэрыялах гарадской бібліятэкі і высветліў, што гэта былая рэзідэнцыя Нікадэмуса Мольха. А Нікадэмус Мольх, мысляр на зары дваццатага стагоддзя, эўрапеец з Майсеевай барадой, невядомага паходжання і невядомай нацыянальнасці (паводле адной легендызаконны сын аўстралійскай спявачкі ад Аляксандра Трэцяга, паводле другойбылы падсудны за разбэшчванне малалетак настаўнік другой ступені Якаб Хэгер з Бургдорфа), узначальваў незалежную акадэмію, якая субсідавалася багатымі ўдовамі і палкоўнікаміаматарамі прыгожага, перапісваўся са старым Талстым, сярэдніх гадоў Рабіндранатам Тагорам і маладым Клагесам, запачаткаваў касмічны рух абнаўленцаў, абвясціў сусветны вегетарыянскі ўрад, так нікім усур'ёз і не прызнаны (інакш, магчыма, удалося б пазбегнуць першай сусветнай вайны, пазбегнуць Гітлерахоць і вегетарыянца,  Другой сусветнай, а таксама ўсіх наступных ліхотаў), выдаваў часопісы, часткова акультнага, часткова парнагарафічнага зместу, пісаў драмы-містэрыі, пазней звярнуўся да будызму, каб яшчэ пазней, калі ўжо паўсюль былі парассыланыя арыентыроўкі з апісаннем ягоных прыкметаў, заблытаўшыся ў процьме банкруцтваў і пазоваў да прызнання бацькоўства, завершыцца сакратаром далай-ламыале гэта па неправераных чутках, бо некаторыя нашыя грамадзяне, удзельнікі кінаэкспедыцыі, нібыта і пазналі яго ў тапёры аднаго шанхайскага бара ў трыццатыя гады.

Размяшчэнне вілы. Як на адваката, які вырас у бедных, а дакладней, у ніякіх умовах, які толькі-толькі прыняў рашэнне ўчыніць сальта-мартале (цытую Фрыдлі) у гушчыню салодкага жыцця, дарога ад машыны Лінгарда да дзвярэй доктара h.c. Ісака Колера была даволі прыемная, яна вяла праз парк, дзе нават сама прырода дыхала багаццем. І флора тут не збеднілася сваімі дарамі. Дрэвы ўсе чыста велічныя і дагэтуль у летняй раскошы. Нават фён і той тут не адчуваецца, нават па гэтым пытанні быў падпісаны дагавор з нейкімі невядомымі інстанцыямі, бо то ж багатым людзям і такое па кішэні. (Для недасведчаных: пад фёнам у нашым горадзе разумеюць такую метэаралагічную сітуацыю, з якое вынікаюць болі ў галаве, самазабойствы, сужэнскія здрады, дарожныя выпадкі і акты насілля). Я ішоў па дбайна выпалатых, расчышчаных і пасыпаных друзам дарожках. Увогуле гэта быў парк далёкі ад цяперашніх. Хутчэй культываваны пад даўніну. Падстрыжаныя кусты і жывыя агароджы. Замшэлыя статуі. Голыя барадатыя божышчы з маладзецкімі сцёгнамі і такімі самымі лыткамі. Ціхія сажалкі. Велічная пара паваў. І гэта пры тым, што парк ляжаў у цэнтры горада, дзе кожны квадратны метр зямлі каштаваў астранамічных грошай. Вакол яго грукаталі трамваі і ліўся паток машын, транспарт, як акіянскі прыбой, разбіваўся аб чыгунную рашотку з пазалочанымі слупамі, бушаваў, трызвоніў і дудзеў, але ў парку ў Колера панавала цішыня, адкуль толькі яна тут бралася. Магчыма, гукавым хвалям проста забаранілі сюды ўрывацца. Чутно было толькі птушынае ціліліканне.

Сам будынак. Увогуле ён часам выглядаў проста пачварай з ахітэктурнага гледзішча, наш паўночны мысляр сам накідаў яго праект. І як удалося кантанальнаму радцу ператварыць гэты жах у нешта жылое і людзкаегэта адна з ягоных таямніц. Мабыць, давялося адбіць процьму купалоў, вежак, эркераў, анёлкаў і задыякальных фігурак (Нікадэмус Мольх між іншым прыпадаў слабасцю і да астралогіі), перш чым з архітэктурнага монстра выкуклілася віла, хоць і па-ранейшаму з шчытом-франтонам, але ад гэтага яшчэ больш зграбная, увітая дзікім вінаградам, блюшчом, бружмелем і ружамі, вялікая і ўкладзістая, такою ж аказалася яна і ўсярэдзіне, калі я, апошні раз акінуўшыся вокам на «поршэ», які адгэтуль выглядаў толькі чырвонай плямай, пераступіў яе парог. Архітэктары парупіліся як мае быць, яны павыломвалі сцены, накрылі падлогу дыванамі і гэтак далей, усё тут было зручнае і лёгкае. Антыкварная мэбля, кожны прадметтвор мастацтва, на сценахславутыя імпрэсіяністы, далейпознія фламандцы (па доме мяне вяла пакаёўка). У кабінеце гера радцы мяне пакінулі чакаць, кабінет быў шырокі, пазалочаны сонцам. Дзверы насцеж вялі ў парк, два акны абапал дзвярэй даходзілі амаль да падлогі. Каштоўны паркет, неабсяжны пісьмовы стол, глыбокія скураныя фатэлі, на сценах ніякіх карцін, адно толькі кнігі і кнігі пад самую столь, натуральныя навукі і матэматыка, салідная бібліятэка, да якой неяк зусім не пасаваў більярд. Стаяў ён у ёмістай нішы, на зялёным полі ляжалі тры шары, каля сцяны цэлая калекцыя більярдных кіёў. Шмат старадаўніх з надпісамі. Кій Анарэ дэ Бальзака, кій Готфрыда Келера, генерала Дзюфура, кій Бісмарка, а адным па ўсёй верагоднасці калісьці ганяў шары сам Напалеон. Я агледзеўся крыху збянтэжана. Прысутнасць старога доктара h.c. адчувалася рыхтык ва ўсім, быццам ён кожную хвіліну мог увайсці з парку, быццам я чуў яго смех, быццам на мне спыніўся яго пільны позірк.

Візія. Тут адбылося нешта дзівоснае, я сказаў бы наватса свету відзежаў. Раптам я зразумеў кантанальнага радцу. Самому сабе нечакана. Гэтае разуменне як бы сышло на мяне. Я разгадаў прычыну яго ўчынку. Я ўгадваў яе ў каштоўных прадметах абстаноўкі, у кнігах, у більярдным стале. Я разгледзеў яе ў сувязі паміж строгай логікай і гульнёй, якая наклала свой адбітак на гэты пакой. Я пранік у яго таямніцу і ўбачыў ясна: Колер забіў не таму, што быў гулец. Не. Колер не быў чалавекам азарту. Стаўкі яго не цікавілі. А цікавіла яго сама гульня як гульня, раскат шароў па зялёным полі, разлікі, іх выкананне, магчымасці, закладзеныя ў кожнай партыі. Удача была для яго нішто (таму ён мог лічыць сябе абсалютна шчаслівым чалавекам і пры гэтым ані не хітраваў). Ён проста ганарыўся, што ў ягонай уладзе было вызначаць умовы гульні, любіў назіраць за ростам нейкай мусовасці, якую сам жа і стварыў. На чым палягаў ягоны гумар. Вядома, на тое былі таксама свае прычыны. Магчыма, вытанчаная прага ўлады, ахвота пагуляць не толькі шарамі, але і людзьмі, спакуса паставіць сябе нароўні з Богам. Вельмі нават магчыма. Але неістотна. Мне, як юрысту, след заставацца на паверхні, а не лезці ў нетры псіхалогіі і ўжо ж тым болей не дзерціся ў філасофію альбо ў тэалогію. Учыніўшы забойства, Колер проста пачаў новую партыю, і не больш. Цяпер усё ішло згодна з яго планам. Я ж быў толькі адным з шароў пад яго ўдарам. Ён дзейнічаў лагічна. Суду ён не назваў прычыны таму, што і не мог назваць яе. Забойцы звычайна дзейнічаюць па канкрэтных матывах. З голаду. З кахання. Духоўныя матывы сустракаюцца больш рэдка, і тое скажоныя ад дамесу палітыкі. Матывы рэлігійныя амаль не сустракаюцца і вядуць забойцу проста ў псіхіятрычную лякарню. А кантанальны радца дзейнічаў з чыста навуковых меркаванняў. Гэта гучыць абсурдна, але ён быў мысляр. І матывы ў яго былі не канкрэтныя, а абстрактныя. Вось на гэта яго і можна было падчапіць. Ён любіў більярд не як гульню, а таму, што більярд служыў яму за мадэль рэчаіснасці. Адным з магчымых яе спрашчэнняў (мадэль рэчаіснасцітут я ўжываю любімы выраз Мока, дойліда, які шмат займаецца фізікай, нямала лепіць і наогул непапраўны летуценнік, у яго майстэрні я апошнім часам часта заседжваюсяа дзе яшчэ загадаеце пасля дванаццаці шукаць выпіўку ў такой краіне, як наша?  гутарыць з ім пры яго глухаце даволі цяжка, хоць ідэяў ён мне падкінуў шмат). З той самай прычыны Колер займаўся прыродазнаўчымі навукамі і матэматыкай. Яны акурат гэтак сама пастаўлялі «мадэлі рэчаіснасці». Але ўрэшце гэтыя мадэлі перасталі яго задавальняць, і яму давялося пайсці на забойства, каб стварыць сабе чарговую мадэль. Ён эксперыментаваў над злачынствам, і смерць была для яго не больш чым метадам. Адсюль і даручэнне Кнульпэ высветліць наступствы забойства, адсюль і абсурднае заданне пашукаць іншага «магчымага» забойцу. Толькі цяпер у яго кабінеце сам-насам з прадметамі, якімі займаўся стары, я зразумеў сэнс нашай з ім гутаркі ў турме. «Даследаваўшы рэчавасць, дакладна вымераць і ўздзеянне аднаго ўчынку», і «нам трэба пераасэнсаваць рэчаіснасць, каб пранікнуць у сферу магчымага». Доктар h.c. адкрыў нам свае карты, але тады я не зразумеў ягонай гульні. Толькі прыняўшы гульню сур'ёзна, можна было знайсці матыў забойства: ён забіў, каб паназіраць, ён забраў у кагосьці жыццё, каб даследаваць законы, на якіх грунтуецца чалавечае грамадства. Зрэшты, калі б ён прывёў гэты матыў у судзе, яго палічылі б пустой адчэпкай. З юрыдычнага боку ён занадта абстрактны. А навуковае мысленне менавіта ж такое. Яго абстрактнасць служыць яму абаронай. Аднак, адзін раз вырваўшыся са свайго схову, яно можа наброіць бедаў. І мы будзем бяссільныя перад ім. Няма сумнення, што менавіта гэта і адбылося з эксперыментам Колера: духу навукі спатрэбілася забойства. Тым самым ні радца не апраўданы, ні навука не асуджана. Чым духоўнейшы матыў гвалту, тым страшнейшы сам гвалт, чым больш усвядомлены, тым менш яму апраўдання. Ён набывае рысы бесчалавечнасці. Блюзнерства. У гэтым сэнсе я разважаў слушна, і маё бачанне пацвердзілася. Яно засцерагло мяне ад захаплення Колерам, перашкодзіла мне хоць на хвіліну паверыць у яго невінаватасць. Яно дапамагло мне захаваць да яго агіду. Перакананне, што забіў менавіта ён, з гэтай хвіліны ўжо ніколі не пакідала мяне. Бяда ж у тым, што тады я не распазнаваў небяспекі партыі, якую Колер з маёй дапамогай задумаў згуляць. Я лічыў, быццам мой удзелгэта ўсяго толькі бяскрыўдная тэхнічная дэталь, без наступстваў. Я ўявіў сабе, быццам партыя будзе весціся далей у вакууме, так сказаць, выключна ў думках гэтага блюзнера. Гульня яго пачалася з забойства. Як жа я мог не здагадацца, што працяг яе прывядзе да другога забойства, да забойства, якое гэтым разам ужо давядзецца ўчыняць не доктару h.c., а нам, прадстаўнікам юстыцыі, з якою стары завёў сваю гульню?

Па-другое, духоўна. Кожная сустрэча патрабуе не толькі строгіх рамак, яна прэтэндуе таксама і на тое, каб яе правялі ў прыстойных манерах. З чаго вынікае: п'янка без пярэсыху і дзеўкі. Выпіў я спачатку літр-другі яблычнага віна, мавэтон, сам разумею (пытанне цаны), але піў я толькі дзеля таго, каб увесці сябе ў патрэбны настрой; калі да мяне далучылася паненка, я перайшоў на каньяк. Не хвалюйцеся: шлункі ў мяне як прасмоленыя. Дарэчы, пра паненакгэтым разам яна была не Гізэла (ну, тая, станістая), а Моніка (ці Марыя, ці Марыяна, чорт іх разбярэ, прынамсі, нейкае «М» было), справа ў нас пайшла на высокім узроўні, яна праспявала мне процьму народных песняў з нямецкіх фільмаў, пад яе спевы я і заснуў, а пазней яна змылася з усёй маёй наяўнасцю. Я, тым часам перайшоўшы на «грушаўку», знайшоў яе непадалёк ад Бэльвю ў нейкай кавярні, дзе не падавалі моцных напояў. Заспеў я яе не адну, а з Гізэлай і Гізэліным хахалем (той самы Луцкі, пра якога ўжо згадвалася раней), які, як выявілася, быў яе патронам. Я паклікаў яе да адказу, а ён самым найгуманнейшым чынам урэгуляваў маю фінансавую праблему. І Марлен, ці як там яе, давялося раскашэльвацца. Увогуле ўсё адбывалася вельмі па-людзку. Я б нават сказаўвысакародна: так, афіцыянтка, напрыклад, заплюшчыла вочы на тое, што я прынёс з сабою бутэльку «вільяміну», і мы выпілі ўчатырох. Потым прыйшла Элен, больш чым неспадзявана, больш чым раптоўна, проста як з'яўленне з іншага свету. З горшага. Убачыўшы яе з Штусі-Лойпінамкалі гэта, папытаюся я, было такое два месяцы назад, тры месяцы назад, паўгода?  я больш не думаў пра яе, хоць не, яшчэ раз, неяк ноччу, пад раніцу, калі над мною, як Буда, пакалыхвалася Гізэла, але ўжо пасля таго больш не думаў, напэўна не думаў, хіба што мімалётна, подбегам успомніў, пераходзячы мокрую пасля дажджу вуліцу каля Бэльвю, але гэта не ў залік, проста рэзкія перамены надвор'я кранаюць псіхіку,  і вось яна ўзнікла перад мною, ёй, бачыце, спатрэбілася пашукаць мяне ў кавярні. Я міжволі засмяяўся, усе засмяяліся. Элен захоўвала спакой, прыветлівасць, перавагу, яснасць погляду, ну, словам, усё, што патрэбна па лініі бездакорнай вытрымкі. У тым і быў жах, што яна заўсёды валодала сабою, заўсёды была спакойная, прыветлівая, ясна ўсё бачыла. Я быў здольны забіць, зарэзаць, задушыць, згвалціць яе, зрабіць шлюхай, апошняенайахвотней.

 Мне трэба перагаварыць з вамі, гер Шпэт,  сказала Элен, запытальна зірнуўшы на мяне.

 Што гэта за паненка за такая?  пацікавілася Гізэла.

 Гэта вельмі высакародная паненка,  адказаў я,  паненка з добрага дому, дачушка аднаго забойцы.

 А з кім яна спіць?  хацелася ведаць Марыяне (ці Магдалене, ці Мадлене).

 Яна знюхалася з адным суперадвакатам,  патлумачыў я,  з найсвяцілейшым свяцілам з усіх юрыдычных свяцілаў, з добра выхаваным шыбенікам, з вялікім адвакатам на ўсе рукі майстрам Штусі-Лойпінам. Таму акт у іх бывае не полавы, а юрыдычны.

 Гер Шпэт,  сказала Элен.

 Прысядзьце, прашу вас,  адказаў я.  Ці заўгодзіцца вам сядзець на каленях у патрона гэтых дзвюх паненак, вялебнага гера Луцкі, чыім давераным я маю гонар быць, альбо, магчыма, вам больш даспадобы фатэль?

 Фатэль,  ціха сказала Элен.

Луцкі падсунуў ёй крэсла, ласкава, рафінавана, з галавы да ног свецкі Луцкі, вускі чорныя, твар як з касметычнай рэкламы, каравокі апостальскі позірк, ён нават пакланіўся, пасоўваючы крэсла і на сто міль навокал патыхаючы туалетнай вадой і цыгарэтамі «Camel». Элен нерашуча села.

 Я, шчыра кажучы, хацела б пагутарыць з вамі сам-насам,  сказала Элен.

 От ужо што лішне, тое лішне,  засмяяўся я,  у нас у чацвярых няма сакрэтаў адно ад аднаго. З фройляйн Гізэлай я ўжо каторы тыдзень як сплю, з дабрадзейнай Монікай, ці Марыянай, а хвароба яе ведае, як насамрэч, спаў мінулае ночы. Як бачыце, у нас усё досыць непрэтэнцыёзна. Адным словам, выкладвайце.

У Элен на вочы набеглі слёзы.

 Вы неяк у мяне пра нешта пыталіся.

 Пытаўся.

 Калі мы з герам Штусі-Лойпінам пілі каву

 Мне ясна, пра што вы кажаце,  перапыніў я,  не трэба толькі перад імем гэтага пацяробка ўжываць слова «гер».

 Я таго разу не зусім даўмелася да сэнсу вашага пытання,  ціха сказала яна.

І вакол нас таксама зрабілася ціха. Гізэла спырхнула з маіх каленяў і пачала асвяжаць макіяж. Я асатанеў ад злосці, разліў «вільямін» у чаркі і раптам заўважыў, што валасы ў мяне зліпліся, твар заліўся потам, што вочы пячэ, што я не паголены, што ад мяне кепска патыхае, раптоўная збянтэжанасць дзяўчат мяне страшэнна раззлавала, здавалася, быццам яны засаромеліся перад Элен, быццам сярод нас павеяла духам Арміі выратавання, я быў гатовы разнесці ўсё ўшчэнт, свет быў зладжаны шыварат-навыварат і дагары нагамі. Гэта Элен трэба было поўзаць на пузе перад гэтымі дзяўчатамі, але нічога, яна ў мяне яшчэ напоўзаецца. Я ўсё больш падліваў сабе, не кажучы ні слова, проста моўчкі глядзеў у спакойны твар з вялікімі цёмнымі вачыма.

 Фройляйн Элен Колер,  прамармытаў я заікаючыся і ўстаў, пахістваючыся, але ўстаў, - фройляйн Колер, я хачу зрабіць вам адну заяву, адну, але прынцыповую. Так-так, зрабіць заяву, гэта дакладная фармулёўка. Я застаў вас тады з вашым кныром-ёбарам Штусі-Лойпінамбез панікі, мілыя дамы,  я застаў вас, Элен Колер. Правільна. Я спытаўся ў вас, ці лёталі вы ў дзень забойства ці не, прычым менавіта тым рэйсам, які павінен быў даставіць ангельскага міністра на яго захлюпаны востраў. Правільна, правільна і яшчэ раз правільна. Вы адказалі на маё пытанне станоўча. А цяпер я хачу шпурнуць вам у твар самае галоўнае, так-так, Элен Колер, шпурнуць з усяе сілы. Рэвальвер быў у міністра ў паліто, вы яго адтуль дасталі, што для сцюардэсы не так ужо і цяжка, і гэта быў менавіта той рэвальвер, які паслужыў зброяй вашаму даражэнькаму татачку, так ніколі пазней і не знойдзенай зброяй забойства, што вы і без мяне выдатна ведаеце. Вы саўдзельніца, Элен Колер, вы не проста дачка забойцы, вы і сама забойца. Я ненавіджу вас, Элен Колер, я вас цяпер трываць не магу, ад вас, як і ад вашага паганага татачкі, нясе смуродам забойства, а не гарэлкі і распусты, як ад мяне. Зычу вам прасмерднуць жыўцом, Элен Колер, зычу вам рака ў вашу бясцэнную матку, бо, калі вам удасца выпладзіць на белы свет маленькага Штусі-Лойпіна, нашай зямлі настане канец, надта ж бо яна крохкая, каб насіць на сабе такую паскудную пачварыну. Мне ж будзе ад душы шкада нашай беднай зямелькі, нягледзячы на ўсе яе грахі, шкада за гэтых цудоўных патаскух, якім вы, любасная, у падноскі не вартая, якія займаюцца сумленным рамяством, мая пяшчотна каханенькая, а зараз згіньце з вачэй маіх, выпярдольвайце адсюль, каб я вас не чуў, не бачыў! І можаце з ходу падкаціцца пад свайго суперадваката

Яна сышла. Што было далей, прамятаю цьмяна. Я нібыта ўпаў, прынамсі, я ляжаў ніцма на падлозе. Не выключана, што разам са мною ўпаў і столік, а з бутэлькі выцякла рэшта змесціва (гэта я добра памятаю), нейкі госць у акулярах і з лобам мысляра паскардзіўся, на скаргу прыплыла гаспадыня, тыповая бандэрша, Луцкі, высакародны Луцкі, завёў мяне ў туалет, я раптам зразумеў, што мяне раздражняюць яго вускі, пачаў з ім біцца. Луцкі ў мінулым быў баксёрам-аматарам, але абышлося без крыві, я рухнуў галавою ў пісуар, было вельмі непрыемна, найперш таму, што на ўсім ляжаў тойсты, як тынк, пласт сімволікі, быццам у дрэнным фільме. Потым раптам явілася паліцыя, вахмістр Штубер і з ім яшчэ двое. Некалькі гадзін яны трымалі мяне ў пастарунку, допыт, пратакол і г. д.

Пасляслоўе. Даводзіцца з чыста тэхнічнага боку канстатаваць, што спроба расказаць пра маю першую сустрэчу з Элен правалілася. А расказаў я пра апошнюю сустрэчу, з чаго вынікае, што на будучае трэба прыняць некаторыя меры перасцярогі. Запісы, зробленыя нападпітку, патрабуюць адмысловай асцярожнасці. Кароткія сказы, толькі кароткія. Даданыя тояць у сабе небяспеку. Сінтаксіс спараджае вэрхал. А цяпер трэба дапісаць эпілог (толькі што атрымаў ад Колера чарговую паштоўку, гэтым разам з Рыо-дэ-Жанэйра, з палымяным прывітаннем, адтуль ён вылятае ў Сан-Францыска, а з Сан-Францыска на Гаваі, пасля на Самоа, карацей, часу мне хапае). А ўсё ў тым, што мне зрабіў візіт начальнік кантрольнай паліцыі. Візіт быў вельмі важны. Гэта я ўсведамляю. Дарэчы, гэтым, магчыма, і можна патлумачыць, што цяпер я цвярозы. Даказаць пакуль што нічога нельга, але, як я падазраю, начальнік здагадваецца, што я намысліў. Жах, калі гэта так. З другога боку, тады ён забраў бы ў мяне рэвальвер. Прыйшоў да мяне без ніякага папярэджання, гадзін каля дзесяці вечара, праз два дні пасля той злашчаснай сцэны ў кавярні. На дварэ была снежная плягота. І тут ён раптам з неба зваліўся ў маю мансарду. Унізе завывала секта:

Назад Дальше