Юстыцыя - Фридрих Дюрренматт 9 стр.


Я наліў.

 А гэта вам не зашкодзіць, Моніка?

 Дробязь. Я п'ю як конь.

І паплялася назад.

Калі я ўвайшоў да яе, яна ляжала ў ванне і намыльвалася.

Я наліў.

 Ну і шчыпаецца,  паскардзілася яна.

Я сеў на край ванны. Яна нахмурылася.

 Вы ведаеце, што я зараз хачу зрабіць?  спыталася яна і, як што я не адказаў, дадала:Канец. Пара канчаць.

Я ніяк не рэагаваў.

 Я не Моніка Штаерман,  абыякава сказала.

Я здзіўлена паглядзеў на яе.

 Я не Моніка Штаерман,  паўтарыла яна і далей ужо спакойна:Я толькі вяду жыццё Монікі Штаерман, а насамрэч мой бацька прафесар Вінтэр.

Маўчанне. Я не ведаў, што і падумаць.

 А ваша маці?  спытаў я, і яшчэ не дагаварыўшы, ведаў, што задаю дурное пытанне. Ну, бо і што мне да яе маці?

Зрэшты, яна прыняла маё пытанне спакойна.

 Настаўніца,  адказала,  у Эмэнтале. Вінтэр яе кінуў. Ён заўсёды кідаў усіх настаўніц.

Яна канстатавала гэта нязлосна.

 Мяне завуць Дафна. Дафна Мюлер.  Яна раптам засмяялася.  Нармальны чалавек не павінен так звацца.

 Але ж калі вы не Моніка Штаерман, хто ж тады Моніка Штаерман?  разгубіўся я.  І ці ёсць яна наогул?

 Папытайцеся ў Людэвіца.

Пасля раптам пачала агрызацца.

 Гэта што, допыт?  спыталася.

 Вы пыталіся пра адваката. Акурат яадвакат.

 Калі вы мне спатрэбіцеся, я паведамлю вам,  задумліва адказала яна з нечаканай варожасцю ў голасе.

Паявіўся Лінгард. Я не чуў, як ён увайшоў. Проста раптам узнік перад намі і набіў сваю «данхіл-лок».

 Вы задаволены, Шпэт?  спытаў ён.

 Не ведаю,  адказаў я.

 А ты, Дафна?

 Так сабе.

 Я прынёс табе тое-сёе з вопраткі.

 У мяне ж ёсць піжама Бэна.

За акном завыла сірэна «хуткай дапамогі».

 Мабыць, зноў сэрца ў нашага Емэрліна,  холадна патлумачыў Лінгард.  Я ўручыў яму шэсцьдзесят ружаў.

 Ды яшчэ мяне голую пабачыў, - засмяялася яна.

 Ну, у цябе гэта часта.

 Паслухайце, Лінгард, адкуль вы, зрэшты, ведалі, хто такая Дафна?  спытаўся я.

 Ды так, выпадкова даведаўся,  адказаў ён і закурыў.  Эй, фройляйн Мюлер, куды скажаш цябе даставіць?

 У «Аскону».

 Завязу.

 Які паслужлівы,  пахваліла яна.

 Усё будзе ў рахунку,  сказаў Лінгард.  А плаціць вось ён.  Лінгард кіўнуў на мяне.  Ён набраўся тут каштоўнай інфармацыі.

 У мяне таксама ёсць яму даручэнне,  сказала Дафна.

 Якое?

Не зусім заплылае вока Дафны бліснула, левай рукой яна пагладзіла свае чырвоныя, як кінавар, валасы.

 Хай ён перадасць сапраўднай Моніцы Штаерман, гэтай паскуднай лесбіянцы, што я больш не хачу бачыць яе. Калі гэта скажа адвакат, атрымаецца больш афіцыйна.

Лінгард засмяяўся.

 Дзяўчынка, ты нават не ўяўляеш сабе, які выйдзе скандал.

 А мне пляваць,  сказала яна.

Цыгарэта ў Лінгарда ніяк не раскурвалася ў пары ваннай. Ён яшчэ раз запаліў яе.

 Шпэт,  сказаў ён,  вось вам мая рада: не ўмыкайцеся ў чужую справу.

 Вы мяне самыя ўвамкнулі, - адказаў я.

 Таксама слушна,  засмяяўся Лінгард і потым Дафне:Добра, вылазь.

 Во, які вы гаварлівы,  сказаў я і выйшаў.

Потым з Цэльтвэга я патэлефанаваў Людэвіцу. Той кіпеў і шалеў. Але я такі ўжо ведаў занадта шмат. І ён панік. Такім чынам я мог зрабіць візіт сапраўднай Моніцы Штаерман.

Другі маналог да пракурора. Чым больш я пішу, ты менш падобнай на праўду выглядае мая справаздача. Я раблю творчыя намогі, я нават спрабую сябе ў лірыцы, я расказваю пра надвор'е, стараюся быць гранічна дакладным у сэнсе геаграфіі, звяраюся з планам горада, і ўсё гэта з той прычыны, гер Ёахім Фойзэр (вы ўжо даруйце, што нябожчык, які ляжыць у трупарні, зноў звяртаецца асабіста да вас), што вы вельмі цэніце літаратуру, у прыватнасці паэзію, і наогул лічыце сябе чалавекам з мастацкімі задаткамі, пра што любіце згадваць дарэчы і недарэчы, нават перад судом прысяжных, і, значыцца, можаце проста кінуць у кут мой рукапіс, калі ў ім не будзе літаратурных завіткаў. На жаль, мой опусне больш як набор літаратурных штампаў. Нягледзячы на паэзію. Вельмі шкада. Я сам сябе лічу аўтарам бульварнага рамана, дзе яфанатычны паборца справядлівасці, Лінгардцюрыхскі Шэрлак Холмс, а Дафна МюлерМесаліна Залатога берага, як прынята называць правы бераг нашага возера. Нават статуя з пругкімі грудзямі і ў непрыстойнай паставеякую я так і не заўважыў у Мока, залюбаваўшыся жывою Дафнаю, прыняўшы яе за статую,  нават гэтая пачуццёвая выява жанчыны ў расфарбаваным гіпсе (пра жывую статую я ўжо і не кажу) нашмат больш ярка захавалася ў мяне ў памяці, чым дзяўчына, якая вось зараз узнікне на старонках маёй справаздачы. Само па сабе, вядома, не мела ніякага значэння, спала яна з Лінгардам ці не спала, і калі спала, дык ці часта,  вой, з кім толькі яна, зрэшты, не клешчылася?  але ж для маёй справаздачы важныя ўнутраныя матывы і з'явы, важна, як у нашым заблытаным свеце адбываецца тая ці іншая падзея і чаму адбываецца. І вось, калі знешне ўсё супадае, унутраныя прычыны можна хай сабе і не вылічыць з поўнай пэўнасцю, але, прынамсі, адгадаць; калі ж знешнія акалічнасці не адпавядаюць праўдзе, напрыклад, нехта там з некім пераспаў, а ў справаздачы гэта не паказана, альбо, наадварот, у справаздачы паказана, а насамрэч нічога такога не было, дык спраўца завісае ў пустаце, у сферы няпэўнага. Вось так яно і тут. Якім чынам Лінгард утачыўся ў таямніцу псеўда-Монікі? Можа, таму, што спаў з ёю? Але ў такім разе таямніцу ведалі б і шмат хто яшчэ. Можа, таму, што яна яго кахала? Але тады б яна яму нічога не сказала. Можа, яна яго баялася? Не выключаецца. Цяпер калі ўзяць Бэна. Ці хацеў Лінгард з самага пачатку наводзіць падазрэнні на яго? Ці была прычынай гэтага Дафна? Я задаю гэтыя пытанні, бо на мяне вешаюць віну за смерць Дафны. Не след было мне хадзіць да сапраўднай Монікі. Але ж сама Дафна прасіла мяне. Мне трэба было даследаваць адну з магчымасцяў. Як што я прыняў даручэнне і ўзяў пятнаццаць тысяч франкаў задатку, хай сабе я і быў тады цвёрда перакананы ў немагчымасці гэтай магчымасці і застаюся пры сваім да гэтага часу. Што Вінтэра мог забіць нехта іншыгэта ўсяго толькі дапушчэнне, якое нічога не вартае, а калі, шукаючы гэтай магчымасці, упускаеш не заўважаныя раней факты, гэта тлумачыцца самым характарам дапушчэння, быццам забойцане Колер, дапушчэнне, на якое мне прыйшлося пайсці дзеля далейшых пошукаў. Зрэшты, маёпісаць праўду і трымацца праўды, хоць чаго вартая тая праўда, схаваная за іншай праўдай? Перад мноюгурба дапушчэнняў, я перабіраю іх навобмацак. Што адпавядае праўдзе? Што перабольшана? Што сфальшавана? Што замоўчана? Што я павінен паставіць пад сумненне? Што прыняць напавер, што напаняверку? Ды і ці ёсць што-небудзь праўдзівае, надзейнае, пэўнае за ўсімі гэтымі падзеямі, за ўсімі гэтымі колерамі, штаерманамі, штусі-лойпінамі, лінгардамі, эленамі, бэнамі, каб іх, каб на іх, якія перайшлі мне дарогу, нешта праўдзівае, надзейнае за нашым горадам, за нашай краінай? Ці не больш слушна было б дапусціць, што ўсё наглуха замкнута ў футарал, безнадзейна адарвана ад законаў і прычынаў, што дораць жыццё і дадаюць разлёту ўсяму астатняму свету? А ўсё, што тут жыве, кахаецца, жарэ, маталыжыць, махлюе, шмуглюе, круціць гешэфты, плодзіцца, арганізуецца, ці не ёсць усё гэта загуменнае, пасрэдна-сярэднеэўрапейскае, правінцыйнае і нерэальнае? Што такое мы? Што сабою ўвасабляем? Ці засталося хоць каліўца сэнсу, хоць дробачка значэння ў апісаным мною наборы? Зрэшты, магчыма, адказ на пытанні, якія хвалююць мяне, затаіўся ўсюды, ззаду ўсіх і ўсяго, можа, ён нечакана і неспадзявана акажа сябе, вырвецца з любой сітуацыі, як з засады? І адказ гэты будзе нам усім прысудам, а праўдавыкананнем яго. Верую. Зацята, жарасна. Мне хочацца ашчадзіць астатнія рэшткі чалавечнасці не на карысць таму здалікачанаму грамадству, у якім я мізарнею, не на карысць тым агідным рэліктам, якія абступілі мяне з усіх бакоў, а ў імя справядлівасці, дзеля якой я працую і абавязаны працаваць. Патэтычна, урачыста, узнёсла, святая сур'ёзнасць пад гукі арганавось што ў мяне атрымліваецца, але я не буду выкрэсліваць, не буду папраўляць, навошта тыя папраўкі, на халеру мне стыль, не літаратурныя ж амбіцыі водзяць маёй рукою, а намер учыніць забойства, між іншым, гер пракурор, я не п'яны, вы памыляецеся, зусім жа не п'яны, а цвярозы, я поўны ледзяной цвярозасці, смяротнай. Вось чаму ў мяне няма іншага выйсця (ваша здароўе, гер пракурор!), апрача як піць, бэсціцца, пісаць справаздачу, паведамляць пра свае сумневы, расстаўляць свае пытальнікі і жадаць, чакаць, пакуль адкрыецца праўда, пакуль жорсткая багіня не скіне покрыва (Госпадзе, да чаго ж літаратурна, аж з душы верне!). Але на гэтых старонках праўда не адкрыецца, яна не формула, якую можна запісаць, яна за межамі любых моўных намогаў, па-за любым пісальніцтвам, яна перад дзвярыма суду, у гэтым вечным самаздзяйсненні справядлівасці праўда робіцца рэальнай, і яе можна адчуць. Праўда з'явіцца толькі тады, калі я стаяцьму перад доктарам h.c. Ісакам Колерам, твар у твар, калі я ўчыню акт справядлівасці і выканаю прысуд. Тады на адно імгненне, на адзін штуршок сэрца, на адну маланкавую вечнасць, на выбуховую секунду стрэлу праўда ўспыхне яркім святлом, тая самая праўда, якая цяпер, пакуль я раздумваю, вынізваецца ад мяне, якая здаецца цяпер усяго толькі дзівоснай, чорнай казкай. Прыкладна так бачыцца мне і мой візіт да сапраўднай Монікі Штаерман: хутчэй насланнё, чым рэальнасць, хутчэй легенда, чым жыццёвы факт.

Моніка Штаерман Другая. Віла, «Мон-рэпо», стаіць на ўскраіне горада, у такім велізарным, такім запушчаным парку, што сам будынак вось ужо каторы год амаль схаваны ад вачэй і толькі ўзімку можна часам з цяжкасцю разгледзець праз здзічэлыя сплёты старых дрэў на фоне Вагнербюля нейкія сцены і шчыт дома. Пра прыёмы ў «Мон-рэмо» памятаюць толькі нямногія. Ужо бацька і дзед «сапраўднай» Монікі ладзілі тут святы і юбілеі ў сваіх загарадных маёнтках на Цугскім і Жэнеўскім азёрах, а ў горад наязджалі, толькі каб працаваць (іх яшчэ можна было назваць чорнарабочымі прамысловасці), самыя ж прыёмы ладзілі на прыродзе, тым часам як дамы, наязджаючы ў горад, сяліліся калі ў «Долдэры», калі ў «Бор-о-лак», калі ў гэтым самым «Брайтынгергофе». «Мон-рэпо» спакваля робіцца легендай, асабліва пасля таго, як аднае раніцы трох рабаўнікоў, што прыехалі з Заходняй Германіі, былі выяўленыя каля варотаў парку збітыя да паўсмерці, паліцыя аніяк не пракаментавала. Да справы яўна падключыўся Людэвіц. Здавалася, апрача Дафны, якую ўсе прымалі за Моніку Штаерман, у доме ніхто не жыве, самым розным пастаўшчыкам належала згружаць тавар у пусты гараж каля тых самых варотаў, зрэшты, колькасць тых тавараў была даволі значная. Самая ж Дафна нікога на вілу не запрашала, у яе яшчэ была кватэра на Аўрораштрасэ. Я прыняў дзве таблеткі тройпеля перш чым выправіцца на Вагнерштуцвэг. Рэзкая перамена надвор'я праз нейкі час закончылася чарговай рэзкай пераменай, возера зрабілася падобным на ручай, настолькі блізка аказаўся другі бераг. Чатыры гадзіны паполудні. Каля варотаў я затармазіў і паставіў машыну двума коламі на тратуар. Вароты былі не замкнёныя, я ўвайшоў у парк крыху няўпэўнена. Мабыць усё яшчэ пад уздзеяннем таблетак. Пасыпаная гравіем дарожка вяла ўгору, сям-там на ёй пападаліся драўляныя прыступкі, але пад'ём быў не круты, як я думаў раней, мяркуючы па назве, бо нездарма ж «штуц»гэта круцізна. Парк быў недагледжаны, сцежкі, фантаны замшэлі, паміж фантанаўнепраходныя нетры і ўсюдыневерагодная колькасць садовых гномаў. Стаялі яны не паасобку, а купкаваліся сем'ямі, белабародыя, ружовыя, усмешлівыя ідыёты, некаторыя нават сядзелі на дрэвах, як птушкі, прымацаваныя да галінак, далей пайшлі гномы большыя, панурыя, я б нават сказаўзлосныя, пракідаліся і гномы жаночага полу, яны былі большыя за гномаў-мужчын, такія страхотлівыя гноміхі, карліцы з велізарнымі галовамі. Мне здавалася, быццам яны гоняцца за мною, акружаюць, я прыспешваў крокі, пакуль, крута завярнуўшы за магутны стары ясень, не апынуўся раптам у нечых жалезных абдымках, адчуванне было такое, быццам мяне шпурнулі на сцяну, прычым я не мог уцяміць, хто прыняў мяне на свае грудзі, хто павярнуў у другі бок, хутчэй за ўсё гэта быў ахоўнік, і ўжо пасля гэтага рэшта дарогі мяне не так вяла, як несла. Пад дзьвярмі стаяў другі ахоўнік, такі буйнагабарытны, што, здавалася, займаў сабою ўсю пройму дзвярэй, ён прыняў мяне з рук у рукі і запхнуў усярэдзіну вілы, правалок праз вестыбюль, потым праз залу з запаленым камінам, там, па-мойму, гарэў цэлы камель, і, нарэшце, у салон, альбо, калі хочаце, не ў салон, а ў кабінет. Тут мяне ўкінулі ў скураны фатэль, і я разгублена разгледзеўся. Балелі плечы, балела спіна. Абодва ахоўнікі сядзелі насупраць мяне ў масіўных фатэлях. Яны былі нагола паголеныя. Твары быццам з апаленай гліны. Вочы скошаныя, скулякі што ў Луцкі. Вельмі прадумана апранутыя: цёмна-сінія гарнітуры з натуральнага шоўку, быццам на дварэ стаяла сярэдзіна лета, белыя, таксама шаўковыя гальштукі, але чаравікі як у штангістаў. Яны выглядалі калосамі, хоць насамрэч былі не такія ўжо і рослыя. Я кіўнуў ім. Каменныя твары. Я азірнуўся. На ашаляваных дошкамі сценах былі развешаны і прыклеены фотаздымкі ў такой колькасці, што здавалася, быццам цэлая сцяна аклеена шпалерамі, і з тым дзіўным пярэпалахам, які бывае пры кожным азарэнні, я раптам зразумеў, што ўсе здымкі зроблены з адной і той самай натуры, а менавіта ж з доктара Бэна, і толькі потым я ўбачыў каля сцяны, што насупраць закратаваных вокнаў, у нішы, не дужа прыстойны шэдэўр Мокаголую псеўда-Моніку, Дафну, толькі гэтым ужо разам у бронзе, яна падымала рукамі грудзі, як гіры, і рыхтык жа ў тую самую хвіліну, калі я заўважыў яе, адчыніліся дзверы ў сцяне, і трэці голены ахоўнік, больш магутны і больш шаўковы, чым тыя ў скураных фатэлях, унёс на руках зморшчаную, скурчаную істоту ростам з чатырохгадовае дзіця. На худзенькім выродлівым цельцы была недарэчная чорная сукеначка з глыбокім дэкальтэ, упрыгожанае бліскучым шафірам.

 Я Моніка Штаерман,  сказала істота.

Я ўстаў.

 Шпэт, адвакат.

 Так-так, значыцца, адвакат,  заявіла маленькая галавастая істота.

Самае жудаснае былоголас. Быццам з пачварнага цела гаварыў іншы чалавек. Гаварыла жанчына.

 Ну, і што ж вам ад мяне трэба?

Целаахоўнік, які трымаў карліцу на руках, ані варухнуўся.

 Моніка

 Фраў Штаерман,  паправіла мяне карліца і паправіла на сабе сукенку.  Ад Дзіора. Элегантна, праўда ж?  У яе голасе гучала спакойная, пакеплівая вышэйшасць.

 Фраў Штаерман! Дафна больш не хоча вяртацца да вас.

- І вы маеце перадаць мне гэта?  спыталася карліца.

 Так, я павінен вам гэта перадаць,  пацвердзіў я.

Цяжка было адгадаць, як яна прыняла мае словы.

 Віскі?  спыталася.

 З прыемнасцю.

Хоць яна і не падала ніякага знаку, дзверы за маімі плячыма адчыніліся, і чацвёрты ахоўнік унёс шатландскі віскі і лёд.

 Чысты?  спыталася.

 З лёдам.

Чацвёрты наліў, але не выйшаў. Першыя два падняліся з месцаў.

 Скажыце, адвакат, як вам падабаюцца мае слугі?  спыталася карліца, і той, які трымаў яе на руках, паднёс шклянку ёй да вуснаў.

 Вельмі прэзентабельныя! Я нават быў падумаў, што гэта вашы целаахоўнікі.

 Прэзентабельныя, але тупыя, што ўбіў, то ўехаў, - адказала яна.  Узбекі. Расейцы падабралі іх недзе ў Цэнтральнай Азіі і адправілі ў Чырвоную Армію, а адтуль яны трапілі ў палон да немцаў, і, як што нацысцкія антраполагі не здолелі прыйсці да адной думкі наконт іх расавай прыналежнасці, ім захавалі жыццё. Мой бацька купіў іх у Інстытуце расавых праблемаў. Тады яны ішлі як тандэтпа дзяшоўцы. Як ні на што не прыдатныя адкіды чалавецтва. Я называю іх узбекамі, бо мне падабаецца гэта слова. А гномаў у садзе бачылі, адвакат?

Пот сцякаў у мяне па твары. Тут было лішне натоплена.

 Цэлае войска, фраў Штаерман.

 Часам я станаўлюся сярод гномаў, і ніводзін чалавек мяне не заўважае, нават калі я варушуся. Ваша здароўе!

«Узбек», які трымаў Моніку, зноў паднёс ёй шклянку да вуснаў. Яна выпіла.

 Ваша здароўе, фраў Штаерман,  сказаў я і таксама выпіў.

 Прысядзьце, адвакат Шпэт,  скамандавала яна.

Я сеў у скураны фатэль. «Узбек» спыніўся перад мною, трымаючы карліцу на руках.

 Значыцца, Дафна не хоча да мяне вяртацца,  сказала яна,  так я і ведала, што прыйдзе дзень, калі яна больш не вернецца.  Вялікая, амаль безвалосая галава панікла, у вялікіх вачах на маршчыністым твары заблішчалі слёзы.

Перш чым я паспеў прамовіць хоць слова, «узбек» перасадзіў карліцу мне на рукі, сунуў мне яе віскі, з трыма другімі ўпаў на калені перад акном, і ўсе яны дружна бухнуліся ілбамі аб падлогу, ускінуўшы ўгору магутныя задніцы.

Карліца сутаргава ўчапілася ў мяне. З шклянкамі ў абедзвюх руках я пачуваўся вельмі бездапаможна.

 Гэта ж яны зноў моляцца. Пяць разоў на дзень. А мяне часцей за ўсё садзяць на шафу,  сказала яна, пасля скамандавала:Віскі!

Я паднёс ёй шклянку да вуснаў.

 Праўда, Гайнц Алімпіец у нас красунчык?  спыталася без ніякага пераходу і толькі тады адным глытком выпіла свой віскі.

 Дзіва што,  адказаў я і паставіў пусты бакал каля крэсла на дыван. Пры гэтым фраў Штаерман за малым не звалілася ў мяне з каленяў.

 Глупства,  сказала яна глыбокім голасам, поўным пагарды да самой сябе.  Бэнаапоўзлы, вульгарны кабель, у якога я ўклюпалася. Я заўсёды ўлюбляюся ў такіх вульгарных суб'ектаў, бо ў іх улюбляецца Дафна.

Я адчуваў у сябе на руках маленькую жанчынку як малюсенькі шкілецік.

 Я дала Дафне сваё імя, каб яна вяла тое жыццё, якое я хацела б весці сама, і яна вяла яго,  казала карліца далей.  На яе месцы я б таксама спала з усімі падрад. А вы з ёю не спалі?  срытала яна раптам ледзяным тонам.

Назад Дальше