Не, фраў Штаерман.
Годзе маліцца, скамандавала яна.
«Узбекі» падвяліся з каленяў. Той, што прынёс карліцу, зноў узяў яе на рукі. Я таксама міжволі прыўстаў, усё яшчэ трымаючы шклянку віскі з лёдам. Дадзенае мне даручэнне я выканаў і цяпер хацеў адкланяцца.
Сядзьце, адвакат, загадала яна.
Я паслухаўся. Седзячы на руках у «узбека», яна глядзела на мяне зверху ўніз. Цяпер у яе ў вачах з'явілася нешта пагрозлівае. Прысуджаная да маленькага, выродлівага цела, яна магла выяўляць сябе толькі вачыма і голасам.
Нож, сказала яна.
Адзін «узбек» адчыніў нож і падаў ёй.
Да фотаздымкаў, - сказала яна.
«Узбек» паднёс яе да сцяны, і яна пачала спакойна, быццам рабіла аперацыю, рэзаць доктара Бэна, таго, дзе ён смяецца, рэзаць доктара Бэна, калі ён есць, рэзаць доктара Бэна, калі сядзіць, рэзаць доктара Бэна, калі задумлівы, калі спіць, калі ззяе, калі п'е, яна разрэзала доктара Бэна ў фраку і доктара Бэна ў смокінгу, у гарнітуры ад краўца, у гарнітуры для язды вярхом, разрэзала, разрэзала, разрэзала доктара Бэна, апранутага маскарадным піратам, у плаўках, без плавак, разрэзала доктара Бэна ў тэнісным касцюме, доктара Бэна ў піжаме, доктара Бэна, доктара Бэна, мы адступалі, даючы дарогу, «узбекі» абступілі мяне, а той, што трымаў яе на руках, апісваў колы ў пякельнай гарачыні кабінета, падлога якога спакваля пакрывалася абрэзкамі здымкаў. Калі былі парэзаны ўсе да апошняй, мы занялі ранейшыя месцы, быццам нічога не здарылася. Карліцу зноў сунулі мне на рукі, і я сядзеў, быццам бацька вылюдка.
Гэта пайшло мне на карысць, спакойна сказала яна. А зараз хай Дафна падае. А я ўжо паклапачуся, каб яна зрабілася тым, чым была раней.
Карліца, якая сядзела ў мяне на каленях, павярнула галаву і знізу ўгору зірнула на мяне. І ўсё ж мне здавалася, быццам карлік я, а не яна.
Кланяйцеся ад мяне старому Колеру, сказала яна, ён часта бываў тут, і калі я на яго злавалася за тое, што ён усё хацеў зрабіць па-свойму, я лезла на кніжныя паліцы і шпурляла ў яго кнігамі. Але ён заўсёды ўмеў настояць на сваім. Ён і цяпер вядзе мае справы. З турмы. У тым, што я замест оптыкі і электронікі перайшла да вытворчасці супроцьтанкавай зброі і зенітных гармат, мартыраў і гаўбіц, ягоная заслуга. Думаеце, Людэвіц на гэта здольны, не кажучы ўжо пра мяне? Вы толькі зірніце на мяне.
Карліца памаўчала.
У мяне ў галаве адны мужыкі, - сказала яна пасля; і тая насмешка, тая пагарда, якую адчувала гэта выродлівая істота да самое сябе, выразна гучала ў яе голасе. Выносьце, загадала яна.
«Узбек» зноў узяў яе на рукі.
Ад'ё, адвакат Шпэт, сказала яна, і зноў у яе голасе пачулася спакойная, пакеплівая перавага.
Адчыніліся дзверы, і «узбек» вынес Моніку Штаерман. Дзверы зноў зачыніліся. Я застаўся сам-насам з тымі двума, што мяне сюды прывялі. Яны падступілі да майго скуранога фатэля. Адзін узяў у мяне з рукі шклянку, я хацеў устаць, але другі прыціснуў мяне да фатэля, потым мне плюхнулі з шклянкі ў твар, лёд ужо растаў. Абодва тузанулі мяне ўверх, вынеслі з кабінета, пранеслі праз вестыбюль, праз дзверы ўніз, праз парк, міма гномаў, адчынілі вароты і кінулі мяне да майго «поршэ». Пажылая пара, якая прагульвалася па тратуары, з подзівам вырачылася спачатку на мяне, пасля на абодвух «узбекаў», якія тут жа зніклі ў парку.
Гастарбайтэрысказаў я і ўзяў штрафны талон, засунуты паліцэйскім пад «дворнік». Нельга было ставіць машыну перад варотамі.
Справаздача з прычыны адной справаздачы наконт справаздачаў. Праз тры дні пасля майго візіту да Монікі Штаерман у нашай сусветна вядомай гарадской газеце было апублікавана з-пад пяра нацыянальнага радцы Эшысбургера, даверанага ў справах Дапаможных майстэрняў «Трог» А/О, камюніке наступнага зместу: «Асоба, якую дзесяць гадоў таму назад нейкі пансіён Блакітнага берагу нацкаваў на наша беднае грамадства і якая бесперастанку калаціла горад сваімі скандаламі, зусім не Моніка Штаерман, за якую яна сябе выдавала, карыстаючыся прыхільным дазволам фізічна нямоглай спадчынніцы Дапаможных майстэрняў «Трог» А/О, а Дафна Мюлер, якая нарадзілася 09.09.1930 г., пазашлюбная дачка Эрнэстыны Мюлер, настаўніцы з Шангнаў (кантон Бэрн), якая памерла 02.12.1942 г., і забітага 25.03.1955 г. Адальфа Вінтэра, экстраардынарнага прафесара мясцовага ўніверсітэта». Гэтая бесцырымонная інфармацыя, якая добра адпавядала характару нацыянальнага радцы, выклікала той скандал, на які і разлічваў Эшысбургер. Друк, раней больш чым паблажлівы, зрабіўся больш чым бязлітасным, нават бойка ў Брайтынгергофе» была распісана самым дакладным чынам. Пэдролі спадзяваўся, што за ўсё заплаціць Моніка Штаерман, а цяпер выходзіць, што Моніка зусім не Моніка, аднак і Дафна і Бэна зніклі без следу, і натоўп кінуўся на мяне, балазе, Эшысбургер намякнуў, што я пабываў у сапраўднай Монікі Штаерман. Ільза Фройдэ адбівалася, як тыгрыца, аднак некаторым рэпарцёрам удалося да мяне прарвацца, я хаваўся за няпэўнымі, расплывістымі адгаворкамі, пераадрасоўваў іх на Лінгарда, неасцярожна ўзгадаў Куксгафэна, пра якога змоўчаў Пэдролі, банда рынулася ў Рэймс, але трошкі прыпазнілася: пры пробным заездзе на новым «мазэраці» адбыўся выбух, і прынц разам з машынай разляцеўся на запчасткі, тады рэпарцёры, зноў вярнуўшыся ў наш горад, узялі ў аблогу «Мон-рэпо», цэлыя калоны машын згрудзіліся на Вагнерштуцвэг, у парк ніхто не быў дапушчаны, ужо не кажучы пра вілу, адзін адорвень, які ў цемры ночы, увешаны ўсемагчымай тэхнікай, пералез цераз агароджу, ачуўся раніцай у лужыне перад варотамі, без вопраткі і без оптыкі, прычым ён нават не мог бы толкам расказаць, што з ім адбылося: за адну ноч рухнулі шанцы і на камюніке, і на працяг восені, вецер садраў з дрэў іржавачырвонае і жоўтае лісце, ісці цяпер даводзілася па галінках і лістоце, а там лінуў і дождж, а за дажджом паваліў снег, а за снегамзноў дождж, вуліцы горада ператварыліся ў бруднае месіва, і ў гэтым месіве, ляскаючы зубамі ад холаду, стаяў рэпарцёр. Але скандал не толькі скалануў прэсу, але і развярэдзіў фантазію. Па горадзе цыркулявалі самыя дзікія чуткі, на якія я надта доўга не зважаў. Мяне больш цікавіла маё ўласнае становішча. Кліенты пачалі адзін за адным пакідаць мяне, паездка ў Каракас сарвалася, выгадны працэс па скасаванні шлюбу мне не перапаў, у падатковага ўпраўлення я раптам не зыскаў даверу. Перспектыўны пачатак абярнуўся бесперспектыўным, Колераў аванс увесь разышоўся, я здаваўся сабе марафонскім бегуном, які рвануў з месца, бы спрынтэр; цяпер перад мною ляжала бясконцая дыстанцыя, якая аддзяляла мяне ад прыбытковай адвакацкай практыкі. Ільза Фройдэ пачала шукаць сабе новага месца. Я рашыў заклікаць яе да адказу.
Яна сядзела ў прыёмнай за машынкай, паставіўшы на клавіятуру люстэрка, і фарбавала губы ў кармінна-чырвоны колер. Яе валасы, яшчэ ўчора саламяна-жоўтыя, сёння сталі сіне-чорныя, так што нават адлівалі зялёным. Было пяць хвілін на сёмую.
Вы за мной шпіёніце, гер адвакат! абурылася Ільза, наводзячы марафет.
Хто ж вінаваты, што вы так гучна гаворыце па тэлефоне пра новае месца, абараняўся я.
Кожны чалавек мае права на зандаж глебы, сказала яна, скончыўшы пафарбоўку. Але не рабіце сабе клопату, цяпер, калі вас чакае такая вялікая праца, я вас не пакіну.
Якая яшчэ вялікая праца? шчыра здзівіўся я.
Спачатку Ільза ўвогуле не адказвала, яна паставіла на стол бітком набатаваную сумку і нядбала закінула ў яе люстэрка і шмінку.
Гер доктар, пачала яна, хай сабе вы і выглядаеце даволі бяскрыўдна, хай у вас як на адваката надта дабрадушлівы твар, адвакаты павінны глядзецца інакш. Я іх ведаю, яны сваім фасонам альбо выклікаюць давер да сябе, альбо падобныя на людзей мастацтва, як піяністы, толькі без фрака, але ж вы, гер доктар
Куды вы хіліце? нецярпліва перапыніў яе я.
А туды я хілю, гер доктар, што вы пры ўсім пры тым працмыга і касталыга, якіх свет не бачыў. Вы не падобны на адваката, але вы адвакат. І яшчэ вы хочаце вызваліць з турмы ні ў чым не вінаватага кантанальнага радцу.
- Ільза! Што ты вярзеш?
А навошта ж тады вы прынялі ад кантанальнага радцы пятнаццаць тысяч франкаў?
Я анямеў.
А вам гэта адкуль вядома? рыкнуў я.
Ну, мне ж даводзіцца час ад часу дбаць, каб вам ладзілася за вашым сталом, зашыпела яна ў адказ, там такі кавардак. А вы яшчэ і крычыце на мяне.
Яна прамакнула вочы хустачкай.
Але вы гэтага не дастанеце. Вызваліце нашага добрага Колера. І я вас не пакіну. Я абаўюся вакол вас ліянай. Мы разам гэтага даб'емся.
Вы думаеце, стары Колер ні ў чым не вінаваты? здзівіўся я.
Ільза Фройдэ элегантна ўстала, нягледзячы на сваю рэспектабельную паўнату, і павесіла сумачку на плячо.
Увесь горад ведае, адказала яна. Увесь жа горад ведае, хто сапраўдны забойца.
А гэта ўжо цікава, сказаў я, і па спіне ў мяне раптам пабег халадок.
Доктар Бэна, сказала Ільза. Ён быў чэмпіёнам Швейцарыі ў стральбе з пісталета, пра гэта пішуць усе газеты.
Крыху пазней я абедаў у «Du Théâtre». З Мокам. Мок сам запрасіў мяненечувана, як на старога жмінду. Я прыняў запросіны, хоць ведаў, што Мок запрашае толькі тады, калі разлічвае на адмову. Але мне карцела даведацца, ці правільныя чуткі, што пасля забойства Вінтэра Мок звычайна садзіцца за ягоны столік. Чуткі пацвердзіліся. На маё вялікае дзіва, Мок радасна прывітаў мяне, але не паспеў я заняць месца, як за столік падсеў начальнік паліцыі, першы раз за час нашага знаёмства падсеў да нас, высветлілася таксама, што нашу сустрэчу зладзіў менавіта ён, што ён узяў на сябе ўсе выдаткі, і сапраўды, у канцы заплаціў за нашу трапезу. А Мок быў толькі насадкай. Начальнік замовіў суп з фрыкадэлькамі з печані, філе а-ля Расіні з пом-фры бобам і, нарэшце бутэльку шамбэртэна ў памяць пра Вінтэра, як ён сказаў, той, праўда быў нязноснае трапло, але куды к чорту які ўпраўны ядок. На яго прыемна было глядзець, калі ён есць. Я паднасеў. Мок накладваў сабе смажаніну і пюрэ з сэрвіравальнага століка. У самой нашай трапезе было нешта злавеснае. Мы елі ў такім глыбокім маўчанні, што Мок нават паклаў слухавы апарат побач з талеркай, каб нішто не адцягвала яго ад ежыва. Потым начальнік замовіў шакаладны мус, а я пераказаў яму сваю гутарку з Ільзай Фройдэ.
Вы нават уявіць сабе не можаце, Шпэт, якую рацыю мае гэты унікум у спадніцы, які выконвае ў вас абавязкі сакратаркі. Чуткі нарадзіліся ў турме. Дырэктар і ахоўнікі ў аднін голас божацца, што Колер не можа быць забойцам. Як стары прайдоха знайшоў на іх сваю ўправуані цяму. Але калі адны ўверацца ў якой-небудзь бязглуздзіцы, у ёй уверацца і іншыя. Гэта ўсё адно як снегавая лавіна. З гары коціцца ўсё большая маса бязглуздай веры, а скончыцца тым, што людзі з камісіі па расследаванні забойстваў таксама ў яе павераць. Шчыра кажучы, асабіста вас гэта ніяк не тычыцца, але лейтэнанта Хэрэна падначаленыя недалюбліваюць, і ягоная каманда вой як бы радавалася, калі б арышт Колера стаўся памылкай, а што да іншых паліцэйскіх чыноў, дык яны зайздросцяць камісіі, а калі ўзяць усю паліцыю ў цэлым, дык яе сваім цягам недалюбліваюць, марна кавэнчацца ад комплексу непаўнавартасці пажарнікі і службоўцы грамадскага транспарту. І вось ужо лавіну не стрымаць, яна ўжо дакацілася да шырокіх пластоў насельніцтва, і пайшло-паехалалюд і без таго радуецца з кожнай нашай прамашкі, маёйасабліва. А тым часам забойца як бачужо і бязвіннае ягнятка. Дадайце да гэтага, што само забойства набыло шырокі розгалас, вельмі прыдалося многім і вельмі шмат каму, што ўправа гільдыі і наогул блізкае атачэнне Колера, усе гэтыя парламентары, нацыянальныя радцы, урадавыя радцы, кантанальныя і гарадскія і хто там яшчэ завязаны на гэтай справе, усе гэтыя генеральныя дырэктары і простыя дырэктары, босы і шэфы моршчацца ад актыўнасці Емэрліна і несаступлівасці суддзяў. Яны не супраць асуджэння ў прынцыпе, але яны разлічвалі на ўмоўны прысуд альбо на апраўданне з прычыны псіхічнай няздатнасці, за якую ніхто не лічыць палітычнага дзеяча сапраўды недзеяздольным. Адным словам, невінаватасць Колера была б бальзамам на процьму ранаў.
Мок адсунуў талерку і пачапіў на вуха слыхавы апарат.
Вы атрымалі ад Колера больш чым дзіўнае даручэнне, а цяпер вось гэтыя ідыёцкія чуткі, што Колер нібыта ні ў чым не вінаваты і што сапраўдны забойцапаршывец Бэна. Толькі таму, што ён быў калісьці чэмпіёнам у стральбе, і гэта ў нашай краіне, дзе кожны лічыць сябе такім самым. Але якое халеры гэты дурны ўбоіна дзесьці хаваецца, сказаў начальнік і заняўся сваім мусам. Вось што мне не падабаецца. Даручэнне Колера, чуткі, што нібыта ён не вінаваты і знікненне Бэна нейкім чынам звязаныя паміж сабою.
Шпэт залез у пастку, сказаў Мок і пачаў рысаваць грыфелем на абрусе пацука ў пастцы, які не выпускае з зубоў сала.
На Цэльтвэгу ў маім бюро сядзеў Лінгард.
А вы адкуль тут узяліся? не стрымаўся я.
Гэта не да справы, адказаў Лінгард і паказаў на пісьмовы стол. Справаздачы.
Вы што ж, думаеце, што Колер невінаваты? з прыкрасцю спытаўся я.
Не думаю.
Мок лічыць, што я ўлез у пастку, холадна сказаў я.
Залежыць ад вас, сказаў Лінгард.
Сто пяцьдзесят старонак. Уборысты тэкст. Тэлеграфны стыль. Я чакаў гіпатэтычнага выкладу цьмяных камбінацыяў, а маю перад сабою факты. Замест загадкавай незнаёмай асобы было ўголас названа імя. Самыя справаздачы мелі розную каштоўнасць, і ставіцца да іх трэба было з асцярожнасцю. Апытанне сведкаў, праведзенае Шонбэхлерам. Паказанні сведкаў звычайна супярэчлівыя, але тут памеры супярэчнасцяў проста палохалі. Прыклады: адна афіцыянтка сцьвярджае, быццам Колер крыкнуў: «Гад паўзучы», тым часам як пракурыст фірмы дамскай бялізны, які тады сядзеў за суседнім столікам («На мяне якраз пырснулі соўсам!»), паказвае, што Колер звярнуўся да Вінтэра са словамі: «Дзень добры, стары квач!» Трэці сведка нібыта на свае вочы бачыў, як Колер паціскаў руку прафесару. Адзін паказаў, што, застрэліўшы Вінтэра, Колер нос у нос сутыкнуўся з Лінгардам. Тут стаяў пытальнік і заўвага Лінгарда: «Наогул там не быў». І такія ж самыя супярэчлівыя паказанні на больш як пяцідзесяці старонках. Аб'ектыўных сведкаў не бывае. Кожны сведка падсвядома схільны дамешваць да сапраўды перажытага прыдуманае. Падзея, сведкам якое ён быў, адбываецца не толькі па-за сведкам, але і ў ім самым. Ён успрымае здарэнне на свой лад, адкладвае ў памяці, памяць пераўтварае адкладзенае, пасля чаго памяць кожнага ўзнаўляе саму падзею. Асабліва вялікая была недапасоўка яшчэ і таму, што Шонбэхлер у адрозненне ад паліцыі дапытаў усіх сведкаў, а чым больш сведкаў, тым, зразумела, больш супярэчлівыя паказанні. Больш за пяцьдзесят старонак паказанняў, якія адно адное выключаюць. І нарэшце розніца ў часе. Сама падзея была год і дзевяць месяцаў таму назад. Чалавечай фантазіі было дадзена дастаткова часу, каб учыніць у памяці неабходныя перамены, да гэтага дадалася яшчэ і пашыраная слабасць выдаваць пажаданае за рэальнае, выдурніванне і да таго падобнае, далейшыя пяцьдзесят старонак можна было б запоўніць паказаннямі тых, хто ўявіў, быццам ён сведка забойства, хоць насамрэч там яго і духу не было. Але Шонбэхлер зрабіў старанны адбор. А цяпер данясенне Фойхтынга. Ягоны метад самы просты. Задае пытанні ў лоб, і можа сабе гэта дазволіць, бо заўсёды задаваў пытанні без хітрыкаў. І калі ён пра што-колечы пытаўся, на гэта ніхто не звяртаў увагі, бо пытаўся ён абсалютна пра ўсё, нават калі яго пытанні не мелі ніякага сэнсу альбо такімі здаваліся. Нарэшце асобныя каменьчыкі складваліся ў Фойхтынга ў адно, хоць і не зусім проста, прапушчаныя праз безліч чарак марціні, але ўсё-такі складваліся, адсланяючы вачам сведкаў, прыведзеных у Шонбэхлеравай справаздачы. Так, напрыклад, некаторыя казалі, што доктар Бэна таксама быў у «Du Théâtre», другіяшто яшчэ да Колера ён падыходзіў да Вінтэра, трэціяшто сядзеў з Вінтэрам за адным сталом, а адзін нават увогуле паказаў, што Бэна пакінуў установу адразу пасля Колера, і, нарэшце, дама з бара паведаміла, што непасрэдна пасля забойства Бэна ўварваўся ў бар, падскокваючы ад радасці, біў чаркі і прыгаворваў: «Здох прусак, здох прусак!»з усімі задзіраўся і заявіў, што вось цяпер ужо з ёю ажэніцца. Слухачы палічылі, што гэта пра Моніку Штаерман, зычылі яму шчасця і прымалі ад яго запрашэнні. Усё гэта адбывалася ў бары «Супакой маю журбу», так называецца за свае моцныя напоі разбойніцкі вярцеп непадалёк ад Мюнстэра, дзе Бэна апошнім часам стаўся заўсёднікам. Гэта «апошнім часам» доўжылася ў Бэна больш за два гады. З прыстойнай сям'і, з прыстойным выхваваннем, пасля паспяховага выпуску з універсітэта, пасля спартыўнай кар'еры, пасля бліскучых дзелавых поспехаў, пасля заручынаў з Монікай Штаерман, самай багатай у горадзе нявестай, Бэна раптам як усё роўна спатыкнуўся, зрабіўся іншым. Людзі пачалі абыходзіць яго. Усюды лічылася, быццам Штаерман скасавала іх заручыны. Далейчатыры паездкі за граніцу, чуткі, што ён гулец. На першым часе ён яшчэ мог, хоць і не без цяжкасці, захоўваць кантакты з добрымі, багатымі дамамі, потым яго амаль перасталі запрашаць, а пад канец і зусім забайкатавалі. Па інэрцыі ён яшчэ жыў на ўсю раскошу, потым рэшткі гэтай раскошы пачаў распрадаваць: гравюры, мэблю, некалькі скрынак старога бардо. Шмат прадметаў з тых, што ён прадаваў, належалі не яму, напрыклад, некаторыя ўпрыгожанні, з прычыны якіх былі распачаты адразу два працээсы. (Устрымаюся ад дакладнага агалашэння агульнай сумы пазыкаў Гайнца Алімпійца, гэта была катастрафічная, можна сказаць нерэальная лічбабольш за дваццаць мільёнаў.) Дзіўным чынам факты, устаноўленыя Фойхтынгам што да Бэна, шмат у чым супадалі з тым, што ўдалося высветліць пра забітага Вінтэра (вядома, без уліку пазыкаў): частыя выезды за мяжу на кангрэсы ПЭН-клуба, якія, як выявілася, зусім не праводзіліся, але пра якія ён пазней доўга і падрабязна расказваў, чуткі пра частыя наведванні казіно. Выявілася, і Вінтэр, са сваімі вечнымі цытатамі з Гётэ, таксама ашываўся ў бары «Супакой маю журбу», толькі-толькі пакінуўшы стол для літаратурных застольнікаў на трэцім паверсе «Du Théâtre». Там ён сядзеў у коле выдаўцоў, рэдактараў, тэатральных крытыкаў і літаратурна-біяграфічных карыфеяў нашага горада, каб разам з імі не выпусціць з рук кіраванне нашай культурай. Выбраныя хоць і трывалі яго, але пасміхаліся і, як толькі ён пакідаў іх дзеля нідэрдорфскіх баядэрак, за вочы называлі «магараджам». Не можа быць ніякага сумнення, падсумаваў Лінгард, што, калі выключыць Колера як забойцу, патэнцыйным злачынцам можна лічыць толькі Бэна. Бэна прымаў Дафну за Моніку Штаерман, пасля паміж ім і Вінтэрам нешта адбылося. Разрыў Дафны з Бэна стаўся вынікам менавіта гэтага інцыдэнту, як і падзенне Бэна, якое адбылося следам за разрывам. Будучы жаніхом Штаерман, Бэна мог разлічваць на любы крэдыт, сам па сабеані на які. Тут я насцярожыўся. Версія Лінгарда супярэчыла фактам. Бо Дафна парвала з Бэна толькі пасля таго, як ён яе горка знэндзіў. А Моніка Штаерман адпалася ад Бэна толькі пасля таго, як з ім парвала Дафна. Далей, Вінтэр і Людэвіц ведалі, што Дафнане Моніка Штаерман, і не толькі яны ведалі. Не так гэта проста, каб адзін чалавек выдаваў сябе за другога, звёўшы да нуля сваю асобу, тут патрабуюцца і іншыя прысвечаныя. Сярод прадстаўнікоў гарадской улады пра гэта напэўна сёй-той усё ведаў. А ўжо пра Колера і гаварыць няма чаго. Пра гэта мне, дарэчы, расказвала сапраўдная Моніка Штаерман. Карацей, маглі ведаць вельмі і вельмі многія. А пастка, у якую я ўскочыў, па словах Мока, магла заключацца толькі ў тым, што я вольна ці міжвольна засвоіў гэтую агульную веру ў невінаватасць Колера, хоць сам і не падзяляў яе. Я проста як бы згадзіўся падтрымаць яе, бо прыняў яго даручэнне. Паддаўшыся фальшываму ўяўленню, што забойца не Колер, я непазбежна павінен быў выйсці на іншую кандыдатуру: калі Цэзара забіў не Брут, значыцца, яго забіў Касій, калі не Касій, дык Каська. Вельмі магчыма. Магчыма нават, што чуткі пра невінаватасць Колера пайшлі не ад турэмнай адміністрацыі і не ад ахоўнікаў, а ад мяне. Адкуль начальнік даведаўся пра дадзенае мне даручэнне? Мёзер, ахоўнік, прысутнічаў, калі Колер мне яго даваў, сямейная пара Кнульпэ, Элен, Фэрдэр, асабісты сакратар Колера, несумненна, яшчэ некаторыя юрысты, ну, потым Лінгард, а з людзей Лінгарда хто? Яшчэ пра гэта ведала Ільза Фройдэ. Ці будзе яна маўчаць? Магчыма, даручэнне Колера даўно ўжо зрабілася тэмай агульнагарадскіх плётак, і хоць асабіста я быў перакананы, што Колер учыніў забойства з чыста навуковай цікаўнасці, але дзякуючы даручэнню мае пошукі вялі ўбок ад Колера, замест каб да яго. Ці не ў гэтым і быў сэнс яго даручэння? І даючы яму справаздачы пра свае пошукі, ці не сам жа я і наводзіў яго на недаступны майму розуму манеўр? Але становішча ў мяне было безвыходнае. Не сёння-заўтра Лінгард прад'явіць рахунак. Мне патрэбны грошы, а адзінай іх крыніцай можа быць толькі Колер. Значыцца, трэба мардавацца далей. Нягледзячы на ўсе сумненні. Альбо ж ці ёсць якое-небудзь іншае выйсце? Мне прыйшло ў галаву наведацца да майго ранейшага шэфа Штусі-Лойпіна і абмеркаваць сітуацыю з ім. Спачатку я вагаўся, пасля рашыў да Штусі-Лойпіна не хадзіць, справаздач не падаваць, і хай будзе што будзе. А потым канчаткова перастаў вагацца. Доктар Бэна паявіўся ў мяне ў ноч з 30 лістапада на 1 снежня 1956-га, з пятніцы на суботу. Пад апоўнач. Я добра запомніў. Бо ў тую ноч вырашаўся яго лёсі мой таксама. Я трэці раз перачытваў справаздачу, калі ён тузануў дзверы ў бюро, якое раней належала яму, дзе за ягоным сталом цяпер сядзеў я. Бэна быў рослы, мажны мужчына з доўгімі чорнымі валасамі, якія ён зачасаў так, каб прыкрыць лысіну. Пахістваючыся, падышоў да стала. Ён рабіў уражанне чалавека цяжкага свайму шкілету. Рукамі, якія здаваліся дзіцячымі ў параўнанні з масіўным целам, ён абаперся і, напалавіну асветлены настольнай лямпай, глядзеў на мяне. Ён быў яўна нецвярозы, прыгнечаны і кранальны ў сваёй бездапаможнасці. Я адкінуўся на спінку фатэля. Яго чорны гарнітур зашмальцаваўся ад доўгай носкі.