Вацок з астатняй сажай таксама схавалі ў ларэц.
Ці вадзіў ты яго па зямлі, куды мы ўсе пойдзем? спытаў бацька.
Так, сказаў Міхал.
Тады атрымай трыццаць, бацька глянуў на Алеся і паправіўся, не, нават сорак восем дзесяцін Той клін, што за Лугавым. Каб табе і дзецям тваім было па якой зямлі хадзіць Гэта зямля вызваляецца ад пабору і давеку астанецца за тваёй сям'ёй.
Юрась, відаць, загадзя падрыхтаваны, стаў на калені, і Юры паклаў яму на рукі шчопаць падножнага.
Ці вучыў ты майго сына быць літасцівым да жывёл, як то належыць чалавеку?
Так.
Тады атрымай сем коней-двухгодак і дзве каровы для жанчын.
Веі ў Алеся былі вільготныя. Што б там ні было, а гэта яго, Алеся, прадавалі зараз, і ў гэтым было яго падабенства з другімі людзьмі ў белым.
Дом твой будзе моцны, сказаў пан Юры. Пад кожную пяту твае хаты і хаты сыноў ты пакладзеш па дзесяць рублёў, бо выхоўваў у працы і поце майго сына. Шэсць сыноўдзвесце сорак рублёў
Скураны мяшочак бразнуў, упаўшы паміж двума строямі.
Пасля Алеся пасадзілі на Ургу і пан Юры павёў яго вакол маёнтка. Астатнія ішлі за ім. Бацька спыніўся на высокім урвішчы Дняпра і абвёў рукою ўсё, што вакол.
Гэта тваё, сказаў ён. Твая зямля і тваё неба. Помні, усё жыццё ты будзеш піць ваду з Дняпра і абмываць гэтай вадой сваіх нованароджаных. І адабраць гэта ў цябе не можа ні чалавек, ні бог, ні д'ябал. Адна смерць.
Кірдун падышоў да Алеся і прышчапіў да яго збройнага раменьчыка кінжал і пісталет. Потым падаў бацьку кароткі корд у срэбных, з залатымі травамі похвах.
Бацька стаў побач з канём і засунуў шаблю ў пятлю высокага сядла.
Ты носіш добрую зброю, каб не злоўжываць ёю, і багатую вопратку, каб не ганарыцца ёю перад астатнімі.
І ён злёгку пацягнуў сына нагайкай па спіне, а потым прымацаваў гарапнік да другой пятлі сядла.
Помні.
За ўсімі гэтымі цырымоніямі не заўважылі, як стамілася пані Антаніда. У яе забалела галава, і пан Юры нават з некаторай радасцю адпусціў яе.
Стаміўся? спытаў бацька, з паблажлівай ласкавасцю заглядаючы ў вочы сына.
Не.
Гэта добра. Зараз, браток, пачнем абрад, на якім нікому не дазволена прысутнічаць, акрамя нас Добра запомні Бо давядзецца перадаваць сыну
Твар ягоны быў стомлены, відаць было, што яму абрыдзела ўсё гэта, але нават ён знаходзіцца зараз пад страшным цяжарам нечага абавязковага, наканаванага і непахіснага.
Яны мінулі палац і пайшлі па незнаёмай алеі ў тую частку ірэгулярнага парку, куды бацька дагэтуль ніколі не вадзіў Алеся.
Тут, відаць, і наогул мала хадзілі: травы, што прарасла праз жвір, вельмі даўно не палоў садоўнік. Замест светлых ліп, ясакараў і італьянскіх таполяў паабапал алеі ўсё часцей трапляліся чорныя і нейкія зімнія яліны ды змрачнаватыя векавыя дубы. Яленец суцэльным магутным дываном укрываў палянкі, нечапаная папараць клубілася над зрынутымі дрэвамі. Парк быў ужо сапраўдным лесам.
І тут бліснуў у непралазным гушчары празрысты, відаць, ад магутных крыніц, стаў, а над ім, на цьмянай ад ценю паляне паўстала дзіўная будыніна, вузкая і высокая, змураваная з шэрага і ружовага каменя-дзікуна.
Такой яна была на вышыню аднаго паверха. Вышэй камень быў абчэсаны, былі нават там-сям раманскія арачкі. А яшчэ вышэй, амаль да верхавін пяцісотгадовых замшэлых дубоў, узносіліся дзве карункава-змрочныя гатычныя вежкі. Змрачнаватая, значна большая ў вышыню, чым у даўжыню і шырыню, будыніна думала аб чымсьці, што не датычылася двох чалавек, якія зараз ішлі праз заценены луг да яе дзвярэй, і гэты яе спакой быў спакоем канца.
Перад ёю, у высокай траве, ляжалі па крузе сем абчасаных камянёў, а ў цэнтры круга ляжаў восьмы, з правільна круглым заглыбленнем наверсе.
Сядай на зямлю, сказаў пан Юры. І слухай.
Неўсвядомлена пранікаючыся нечым страшнаватым, Алесь сеў.
Глядзі, сказаў бацька.
На баку цэнтральнага каменя быў выбіты няўмела парушаны ва ўсіх прапорцыях вобраз добрага пастыра, які нясе на плячах агнца.
А цяпер уяві, што сорак доўгіх чалавечых жыццяў ляжыць паміж табою і гэтым пастырам. Сорак. А ты сорак першы.
Яны маўчалі, схіліўшы галовы. Пад вяршынямі дрэў быў такі спакойлісток не шалахнецца.
Сорак. Гэта тыя, што былі да нас, і мы, і тыя, што яшчэ будуць. І кожнаму наступнаму цяжэй, бо ён нясе большы цяжар. Будуць і тыя, каму зробіцца нясцерпна цяжка, і я малюся богу, каб гэта не быў ты. Таму што ніхто не пазбегне. Кожны павінен будзе несці на рамёнах слабага, ягоны боль і ягоную крыўду. Хто гэты слабейшыкожны выбірае сам. Друг, вера, жанчына або яшчэ нешта, пакуль невядомае А цяпер паглядзі: на другой грані яшчэ больш старыя рысы. Гэты маладзікгэта серп, а гэтыя калматыя трысцінкікаласы. Хто будзе жацьаб гэтым маўчаць гады і маўчаць стагоддзі. Ніхто яшчэ не дадумаўся, бо той, хто іх выбіў, памёр і не скажа Пасядзі хвіліну, сыне, падумай або проста памаўчы.
Алесь маўчаў і так. Яго краналі не словы, а проста мёртвы сон камянёў, дрэў, будыніны, якую абкружалі, сціскалі дубы.
Тут было паганскае капішча, сказаў нарэшце бацька. Якому богу яны малілісяніхто не ведае. Бо з іх не ўцалеў ніхто Яны пакінулі гэтыя камяні і гэты серп маладзіка і зніклі, як аблокі. Тут яны збіраліся, а гэты камень і чаша на ім былі, відаць, ахвярнікам. Колькі год так былоневядома. А потым з Полацка прыйшоў Дняпром бліжні дружыннік Глеб, і тады гэтыя людзі ўбачылі кроў. Не варта было, калі не хацелі крыжа? Вядома. Але хто звяртаў увагу на тое, чаго хоча і чаго не хоча мурашнік? Не звяртаў і Глеб Капішча шукалі доўга. І знайшлі І вось пад гэтымі камянямі загінулі ўсе яго абаронцы. Да аднаго.
Бацька памаўчаў.
Тут было раней два рады камянёў. Вонкавы ўзялі і залажылі ў падмурак будынка. Але потым Глеб раздумаў. Відаць, таму, што тут быў такі спакой і нельга было не палюбіць гэтага месца. Таму ён проста загадаў асвяціць галоўны камень вобразам пастыра, але тых камянёў з падмурка не выняў. Ты іх можаш убачыць Спачатку пабудавалі першую частку будыніны, самы ніз. Другую трэць надбудавалі праз трыста год, калі ўжо і косці Глеба згнілі ў Куцеянскіх пячорах. Вежкі надбудавалі яшчэ праз дзвесце год І вось усё гэта стаіць: камяні на беразе става, дубы, што ў тры разы маладзейшыя за іх, і камяніца.
Што гэта? спытаў Алесь.
Гэта магільня Загорскіх, сыне.
Бацька павольна адхінуў траву ад вобраза пастыра.
Калісьці мы, напэўна, маглі быць вялікія, але не здолелі. Наша палітычнае быццё скончылася. У настолькі магілы. Толькі адны магілы, раскіданыя па гэтай зямлі. Курганы на беразе Дняпра, капцы на сялянскіх могілках, твая і мая магільня, сыне Вось яна
Моўчкі, быццам усё было сказана, яны пайшлі да магільні.
Бацька адчыніў дзверы. У верхнім памяшканні было ціха, праз вузкія вокны лілося пыльнае святло. На сценах віселі старыя чаканы, двухручныя мячы, кальчугі. У нішах, пад замком, ляжалі скруткі нейкіх дакументаў, кнігі ў драўляных вокладках. Паміж імі стаялі срэбныя каўчэгі для асабліва важных манускрыптаў.
Бацька зняў з цвiка доўгую гнуткую кальчугу.
Бачыш, гэта пра яе сказаў Сімяон Вежа: «Бог сведка, тады было гора. Я сам бачыў чалавека, у якога на кожным дробным кольцы кальчугі была выбіта назва месца, дзе яны рабіліся: сутычкі і сечы, змовы і паядынкі Чалавек той быў мой бацька».
Кальчуга пералівалася ў руках бацькі.
Бачыш, на грудзях і жываце ніводнага вольнага кольца
Па каменных плітах падлогі пан Юры прагрукаў да адной пліты, у якой было кольца.
Пашча ямы адкрылася перад імі. Прыступкі вялі ўніз. Пан Юры першы спусціўся туды. Працягнуў Алесю руку.
Потым унізе пыхнула губа, а за ёю кнот тоўстай і высокай, у рост хлопца, чырвонай свячы ў нізкім свечніку.
Глыбокае і вузкае памяшканне было паточана на сценах нішамі, падобнымі да пячных чалеснікаў. Частка іх, не больш трэці, была закрытагэта былі месцы пахавання. Налой з евангеллем, свяча і нішыбольш нічога. Ды яшчэ на столі старая чырвоная фрэска: архангел з мячом у адной руцэ і царквою на далоні ў другой.
Вось, сказаў бацька. Гэта ўсё яны. Гэта ніша Акіма Загорскага. А тут яшчэ дзве пустыя. Старога Вежы і мая
Яму было цяжка гаварыць.
У наступную палажы гэта.
Ён выцягнуў з-за пояса жалезную скрыначку, тую самую, у якую клалі сёння сажу.
Ідзі, сказаў ён. Праз сто год гэта пакладуць табе пад галаву.
Алесь падышоў да цёмнай нішы і засунуў у яе куфэрачак.
А цяпер ідзі сюды.
Яны стаялі ля свечніка. Бацька апусціў руку на плячо сына.
Полымя свячы рабіла ягоны твар суровым, бадай велічным. Толькі гэта давала Алесю змогу не адчуваць гідоты і пратэсту супраць усяго, што тут рабілася, супраць самай думкі пра трэцюю нішу.
Паўтарай за мной, хлопчык, сказаў бацька.
Добра, шэптам сказаў Алесь.
Я прыйшоў да вас, шэптам сказаў бацька.
Я прыйшоў да вас.
У мяне няма нічога, акрамя вас.
У мяне няма нічога акрамя вас, ужо больш цвёрдым голасам паўтараў малады.
У мяне няма нічога, акрамя магіл, бо я ваш сын.
У мяне няма нічога, акрамя магіл, бо я ваш сын.
Бацька выпрастаўся, як ад нейкага натхнення.
Я клянуся любіць вас.
Я клянуся любіць вас.
Я клянуся абараняць вашы магілы мячом і зубамі, нават калі мая магіла будзе далёка ад вас.
Я клянуся далёка ад вас.
Бо я ўсё адно буду тут, з вамі. Ба мяне нельга аддзяліць ад вас.
Бо я з вамі Бо мяне нельга аддзяліць ад вас.
Пакуль не скончыцца жывот людскі на зямлі.
Пакуль не скончыцца жывот людскі на зямлі.
Аман.
Аман.
VII
Лёгкі звон рынуў з вышыні званіцы на цвінтар, на людзей, што выходзілі з царквы, на навакольны парк. Званіца стаяла наўздалёк ад стройнай, са святла пабудаванай царквы, і ў вяроўках званоў біўся, як муха ў павуцінні, клышаногі званар Давід. Дзярбаніў і падцілінкваў так, што званіца як не бурылася.
А з царквы насустрач сонечнаму ліпеньскаму дню выходзілі людзі.
Алесь ішоў недзе пасярэдзіне працэсіі.
На тваім пострыгу будзе хлопец, якому дадуць трымаць тваю пасму, сказаў бацька. Потым ты аддзячыш яму тым самым. Гэта азначае, што вы ўжо ніколі не будзеце ворагамі. Не маеце права.
А калі і сябрамі не будзем?
Бацька легкадумна засмяяўся.
Ніхто не прымушае. Але я думаю, вам будзе добра разам. Гэто ўжо маці і я пастараліся. Гэта сын майго лепшага друга, нябожчыка, мяккая яму зямля, Мсціслаў Маеўскі.
І вось цяпер Алесь ішоў і напружана чакаў, які ён будзе, гэты невядомы хлопец, з якім яны цяпер не маюць права быць ворагамі. Тое чаканне прымусіла яго быць няўважлівым да царквы і да набажэнства. Помніў толькі суровыя, нечалавеча вялікія вочы анёлаў, іхнія трошкі азызлыя твары і нясмелыя, уседаравальныя ўсмешкі. Помніў застылыя ўсплёскі іхніх крыл над яго галавой і незразумелыя па колеры, ці ружовыя праз блакітнае, ці блакітныя праз ружовае, складкі адзенняў. Помніў пералівістую, фіялетавую з золатам фелонь папа і тое, як падала ўніз ягоная епітрахільпроста, бы драўляная.
Страшнае рыканне дыякана калыхала агеньчыкі свечак, прымушала часам дробна звінець шыбы. Страшнае, бы ў льва з пячоры, рыканне.
Усё гэта было як сон. Ён ведаў, што фрэскі іхняй старажытнай царквы былі дзівам, аб якім казалі ўсе альбомы, нават выдадзеныя ў Парыжы, што іхні пратаіерэй майстра і за гэта ўзнагароджаны камілаўкай, набедранікам і залатым наперсным крыжам, што загоршчынскага дыякана даўно збіраліся за яго дзівосны бас перавесці ў Магілёў і зрабіць іпадыяканам, каб прыслужваў толькі архірэю, ды пабаяліся псаваць адносіны са старым Загорскім. І ўсё гэта было як дурман, і ён бадай што ўзрадаваўся, калі набажэнства скончылася.
Ішоў з прыступак, скоса паглядаючы на новую асобу, якая звалася «пастрыжным бацькам». Пастрыжны ішоў з боку ад яго, ладны, чырвоны тварам, сівы грывай валасоў і кароткімі вусамі. На чырвоным загарэлым твары дзівоснымі здаваліся наіўна-сінія дзіцячыя вочы.
Гэта быў далёкі дзядзька Алеся, Пятро Басак-Яроцкі, гаспадар невялікага маёнтка, былы каўказскі афіцэр. На поясе ў Басака віселі срэбныя нажніцы.
І вось наперадзе Алесь убачыў кілім, а ля кіліма купку людзей. У баку ад іх стаяў хлопчык, якому было, напэўна, страшнавата ад урачыстасці цырымоніі. Белавалосы, з залацістымі вачымабы напоены сонцам мёд, відаць, трошкі слабейшы за Алеся, больш хударлявы, ён стаяў на кіліме, трымаючы ў руках медальён на доўгім залатым ланцужку. Дзівосныя сонечныя вочы глядзелі трошкі ўгору.
Алесь не ведаў, куды яму ісці, і таму ледзь не зрабіў памылкі, накіраваўшыся да купкі людзей.
Басак-Яроцкі паклаў руку яму на плячо.
Правей фронт, пляменнічак, ледзь чутна сказаў ён.
Цяпер Алесь ішоў проста на хлопца. І ледзь ногі яго ступілі на пушысты вялікі кілімса званіцы зноў грымнулі, радасна заліліся званы.
Хлопцавы вочы ласкава глядзелі на Алеся.
Глядзець весялей, шапянуў пастрыжны. Падайце адзін аднаму рукі.
Алесь адчуў у сваёй руцэ руку Мсціслава.
У той жа самы момант усе астатнія, акрамя гэтых трох на кіліме, нават бацька, апусціліся на адно калена.
Княжацкі сын Аляксандр Загорскі, сын Георгія, унук Данііла, праўнік Акіма і прапраўнік Пятра, схілі апошні раз сваю галаву.
Гэта абвясцiў Басак-Яроцкi сваiм хрыплаватым басам.
Алесь схіліў галаву.
Отрак Аляксандр, сказаў пастрыжны, ты пастрыгаешся днесь у падлеткі, як гэта загадваюць звычаі гэтай зямлі. Бачыш ты свайго пастрыжнога брата? Абдыміцеся першымі мужчынскімі абдымкамі.
Яны абняліся. Алесь адчуў на плячы руку Мсціслава.
Скажыце адзін аднаму на вуха некалькі братніх слоў.
Вочы Мсціслава смяяліся недзе ля вачэй Алеся. Потым Алесь пачуў шэпт.
Папаўся? спытаў малады Маеўскі. Плюнь. Яны лічаць, што мы зеляпаны, дык давай мо прыкідвацца далей. Хай ужо цешацца.
А я і плюю, з нейкім раптоўным гарачым пачуццём да гэтага хлапца шапнуў Алесь.
Дарослыя з некаторым нават замілаваннем глядзелі на двух прыгожых падлеткаў, якія з такой відавочнай пяшчотай шапталі адзін аднаму на вуха словы братэрства.
Ты, брат, накшталт таго скоч-тэр'ера. Мсціслаў аж дрыжаў у абдымках Алеся ад прытоенага смеху. Ведаеш, як іхніх шчанюкоў пазнаюць, чыстапародныя ці не?
Ведаю, усміхнуўся Алесь. Бяруць за хвост і падымаюць у паветра. Сапраўдныя не вішчаць. Гонар трымаюць.
Вось і ты трымай гонар. Пастарайся ўжо не вішчаць, як дварняк. Гэта глупства. Нязручна, але затое нядоўга.
Яны не заўважылі, што вусы старога Басака неяк няўлоўна і падазрона паторгваюцца.
Пацалуйцеся, сказаў Басак-Яроцкі. І памятайце, вы казалі словы братэрства і цалаваліся яшчэ тады, калі былі дзецьмі.
Яны пацалаваліся. Басак-Яроцкі палажыў далонь на галаву Алесю.
Ты насіў дзіцячыя доўгія валасы, з якіх сёння ўпадзе адна пасма. Заўтра іх падкароцяць, і такімі яны будуць, пакуль ты не станеш сапраўдным мужам. А тады насі іх як хочаш, толькі памятай, што людзі нашай зямлі любяць насіць доўгія валасы і вусы, але не любяць і ніколі не насілі барады, калі яны не папы, не манахі і не мудрыя стогадовыя дзяды.
Ён узняў нажніцы.
З першай пасмай ты не будзеш дзіцём і зможаш сядзець з мужамі, бо сам займееш імя мужа З гэтай хвіліны памятай, князь, душа твая належыць толькі богу і гэтым палям, шабляваяводзе справядлівай вайны, жыццёусім добрым людзям, сэрцакаханай. Але гонар і чэсцьяны належаць толькі табе і больш нікому. Цябе пастрыгаюць у мужы, каб ты быў незалежны з моцнымі, братніз роўнымі, памяркоўны і добры з ніжэйшымі.
Цяпер ужо і Мсціслаў глядзеў сур'ёзна, быццам гэтыя словы краналі яго за душу.
Каб ты быў добры да дзяцей і жанчын, верны для сяброў і страшны для ворагаў, бо ты муж і зброя дадзена табе для таго, каб ты быў мужам і каб той, хто абразіў цябе, ніколі не абышоўся пустымі прабачэннямі, а крывёй плаціў за сваю абразу
Ляснулі нажніцы. Каштанавая пасма ўпала ў далонь дзядзькі Пятра.
Ён павольна працягнуў яе Мсціславу. І Мсціслаў таксама патрымаў пасму, а потым схаваў яе ў медальён, а медальён схаваў пад сарочку.
Сын князя Загорскага стаў мужам, сказаў Басак-Яроцкі. Памолімся за ягоны доўгі век, за яго дабрыню і высакароднасць. Памолімся за тое, каб бог паслаў яму вялікія дарогі і сілы на тое, каб усё, што з ім будзе, стала вялікімі здзяйсненнямі.
Аднекуль з-за палаца, з таго боку, дзе была магільня, данёсся празрысты, як лёд, і журботны, як галошанне, спеў срэбнай трубы.