VIII
Кірдун ледзь не луснуў са злосці за тыя дзве гадзіны, якія прайшлі з пастрыжэння. Здавалася, усё ішло добра. Здавалася, больш ганаровай пасады, чым тая, якую далі на гэтыя гадзіны яму, Кірдуну, нават быць не магло. Сядзі на ўзгорку, адкуль відна дарога і паварот з яе на загоршчынскі «прэшпект», трымай y руках падзорную трубу і, ледзь толькі ўбачыш карэту ці кабрыялет, якія паварочваюць з дарогі на алею, давай загад тром мужыкам, што завіхаюцца трохі ніжэй, y лагчынцы, ля гармат. I адразу залп. Усё добра, усё чынна. Дык не, прынесла ў апошнюю хвіліну немца, каб на яго пошасць.
Стаіць сабе, чортава пуза, акурат ля яго і глядзіць на дарогу. I такі спрытны, што заўважае ўсё раней, чым Халімон. I гэта так крыўдна, быццам немец y яго хлеб адбівае. Па ўласнай, ці ведаеце вы, ахвоце прыцёгся. Добра б ужо, каб нехта пасылаў. A то ж сам.
Выгляд y чорта важны, паблажлівы. Стаіць, як Банапарт багамерзкі, пуза наперад, і, кожны раз, як ударыць гармата, як ты яму, скажы, цацку нехта даў, такое задавальненне на бязвусай мордзе.
Einem Löwen gleich далятаюць да Кiрдуна асобныя словы. Nüch?
I, скоса пазіраючы на Фельдбаўха, які абапіраецца на лёску, як на шпагу, Кірдун бурчыць пад нос:
Das ist ihm Wurst Гэта яму каўбаса, ці ведаеце I ўсё «нюх» ды «нюх» Нюх ты і ёсць нюх. Нюхала нямецкае Каб цябе ўжо на тым свеце так чэрці нюхалі смярдзючымі сваімі насамі.
Кірдуну зусім дрэнна. Але спраўна грукоча гармата, a то і тры, гледзячы на тое, які госць зварочвае на алею.
Гэта яшчэ хто? Шарабан старэнькі, конь ледзь перастаўляе відавочна парэпаныя капыты. I тут мужык-запальшчык адказвае:
То ж гэта высакародны пан Мнішак едзе на сваім Панчоху.
Ну, гэтаму хопіць і аднаго стрэлу.
А гэта? Пара сытых коней. Тарантас лакіраваны. Ага, едзе дзедзіц Іван Таркайла. Гэтаму можна грымнуць з дзвюх.
Карэта шасцерыком. Коні ў яблыках. Гэтыя, відаць, рэйнвейн п'юць, як пан Юры ў Кёльне, і хоць коні не чыстакроўкі
Страляй Страляй з усіх чатырох. Хаданскія коцяць!
A немец стаіць. A немец чорт ведае чаго сюды прыцягнуўся. Мог бы стаяць сярод гасцей, не, собіла яму, нюху праклятаму.
Кірдун глядзіць на тэрасу, бачыць там фігурку маладога Загорскага, і жаль працінае яму сэрца, прымушаючы і пра немца забыць Божа мой, нашто гэта? Дзіця цэлы дзень на нагах!.. Мораць, забіваюць дзіця. Паны і ёсць паны. Немец, відаць, усё ж не самы горшы Прынамсі, любіць паніча, не мучыць яго, як тыя Тое, што ён мяхом стукнутыгэта ўсё лухта: без радзімы таксама, гаротны. A без радзімы хто хочаш ашалее Таксама пашкадаваць трэба Тым больш бясшкодны зусім, паскудстваў нікому не чыніць. Толькі што прыйдзе ўвечары да аканомкі і просіць: «Гнедзіге фрау Айн гляс шнапс» Лузне сабе, бедалага, ды і пойдзе I правільна кажа, бо ў немцах амаль усе жанчыны гнядыя, a аканомшавылітая немка. Гнядая і ёсць Толькі б тут не стаяў, a так зусім прыстойны немец I паніча любіць Чорт з ім, няхай стаіць, калі гэта яму цацкі Немцы, яны немцы і ёсць. Усе чыстаяк дзеці. Толькі б ім грымела ды блішчала Так бы і гулялі ў салдацікі да сівых валасоў Але ж як там дзіця?.. Беднае дзіця!
Алесю і сапраўды даводзілася цяжкавата. Ён стаяў на тэрасе, адступіўшы на некалькі крокаў ад дзвярэй y дом, так што кожны госць павінен быў прайсці непадалёку ад яго. I з кожным трэба было раскланьвацца. Бацькі стаялі далей, яны абменьваліся з кожным парай слоў, усміхаліся, ім было не да яго, ён быў нешта накшталт перадавога паста, высунутага ў самае размяшчэнне ворагаenfant perdu, загубленае дзіця.
Bonjour, madame.
Мадам сто год. На руках y яе абрыдлівая, кірпатая балонка. Мадам мінае яго, і ён чуе, як яна кажа маці:
Il est charmant.
Часам на адну хвіліну да яго падыходзіць, каб памагчы, француз: шэпча, якога госця ён павінен сустрэць зараз, ці павінен сказаць яму некалькі слоў.
Некаторыя з гасцей выклікаюць y яго агіду. Па сваёй ахвоце ён ніколі б не паехаў да такіх y госці. Так і хочацца сказаць:
Je faut que rècurez la maison de votre présence.
Але так нельга. I ён паважна схіляе галоўку з падплоенымі на канцах валасамі, робіць рукой гасцінны жэст і кажа:
Bonjour, monsieur.
Бацька бачыць усё гэта аж занадта добра. У самай спіне хлопчыка невыказная пакута. Але ён усміхаецца і шэпча маці:
Глядзі, што ён вытварае Les merweilles gymnas tiques.
Падыходзіць пан Мнішак Гэтага шкада Такі стрыманы гонар y вачах, і такі змучаны твар Кажа нешта па-польску Зразумець нельга, хаця гукі і некаторыя словы падобныя
A вось гарматы грымнулі тройчы. Лёкай абвяшчае недзе пад тэрасай:
Віцэ-губернатар, іх яснавяльможнасць граф Ісленьеў.
На тэрасу падымаецца гнуткі і станісты стары ў мундзіры палкоўніка. У старога сівыя бакенбарды і зусім малады, без ніводнай зморшчынкі, румяны твар з яснымі вачыма.
Пра гэтага Алесь ведае. Выпадкова чуў размову бацькоў.
Граф не зробіць кар'еры. У яго занадта многа сваякоў, замешаных y той няшчаснай гісторыі, пра яе ніхто толкам не ведае, яна адбылася год за трынаццаць да Алесевага нараджэння, калі «ныне здраўствуючы» цар страляў з гармат па людзях. Невядома, што хацелі рабіць тыя людзі. Але стары прыемны. I ён не мучыць яго, Алеся. Ён ласкава, са старамоднай галантнасцю ківае яму галавой і адразу праходзіць да бацькоў.
Голас маці, y якім, як заўсёды, гучаць бездапаможныя інтанацыі. Яна пытае графа Нешта аб пераводзе ў Вільню Граф стрымана смяецца:
Мне добра ў вашым доме Рыцарства заняпала. Яго няма. Мы з вамі, як дрэвы на лядзе. Іх пакінулі выпадкова побач, і яны радуюцца гэтаму. Чаго яшчэ патрабаваць ад жыцця? Спадзяюся, ваш малады князь будзе, як вы.
Я спадзяюся, што ён будзе лепей за нас, строга адказвае бацька.
Іх не можа чуць ніхто. Іх не чуў бы і Алесь, каб не яго выключны слых, аб якім яны не ведаюць.
Ідзе цэлая кампанія: поўны сівы чалавек y бездакорным фраку, старая ў чорных карунках і хлопец, можа, гады на два старэйшы за Алеся.
Граф Мікіта Хаданскі!.. Графіня Альжбета Хаданская Граф Ілья Хаданскі.
У старога графа паблажлівы, бо не прыродны, a прыдбаны выхаваннем, выраз на поўным, сінім ад брытвы абліччы, такі выраз можна бачыць на старых партрэтах. Ён ні да чаго не абавязвае, гэты выраз. Румяныя вусны завучана ўсміхаюцца, нават ямачка амура на адной шчацэ. Відаць, быў y свой час селадон, ведаў сабе цану.
Калі спытаць аб такіхдобразычлівы чалавек толькі і скажа: «Il a de l'esprit», таму што больш y заслугу ім сказаць няма чаго.
Графіня пабляклая, з прыпухлымі вачыма. Адразу відаць, што злая румза. Алесь чуў і пра яе. Дворня казала. Казала, што з «людзьмі» капрызная, бо ўсё жыццё плача аб першым сыне, які памёр немаўляткам.
Затое Ілья Хаданскі нічога сабе. Гэткі звярок, рухавы, спрытны, гарэзлівы. Вочы сінія і дурнаватыя, як y кацяняці, валасы залацістыя. Такім галубоў ганяць.
Вітаюцца, праходзяць да бацькоў Цікава было б зараз уцячы з гэтым Іллём і Мсціславам куды-небудзь y лес. Во пашукалі б!
Пан Таркайла! Панскi брат, Тодар Таркайла!
Гэтыя былі яшчэ больш дзіўныя. Абодва ў дыхтоўных, на сто год, сурдутах шэрага колеру, абодва трошкі занураныя, абодва пышнавусыя, яны чымсьці нагадвалі камічных шляхцюкоў з карціны «Бітва пад Оршай». Праўдзівей, нагадвалі б, бо ні ў аднаго з ix не было ў вачах дабрадушнасці. Насцярожаныя шэрыя вочы, жорсткі прыкус вуснаў. Старэйшы, Іван, той хаця намагаўся ўсміхацца краёчкам вуснаў, ды і наогул быў больш тоўсты і гладкі. Затое Тодар, худы, згорблены нейкай невядомай сілай, глядзеў падазрона і холадна.
Стоячы поруч, яны нагадвалі лічбу «20». Лічбу «20» in fiocchi, якая павольна рухалася да дзвярэй y дом.
Бацька глядзеў на іх. Потым перавёў позірк на спіну сына. Яна была занадта выразная, гэтая спіна. I таму ён усміхнуўся і адшукаў вачыма маладога Маеўскага.
Мсціслаў, ідзі да Алеся Пастой з ім трошкі, сынок Цяпер ужо нядоўга.
Алесю адразу стала лягчэй, калі ён пачуў крокі Мсціслава, a потым дотык яго рукі. Цяпер яны стаялі поруч, два юнакі. A сa сходаў, што вялі на тэрасу, плыў і плыў, насустрач ім і абцякаючы іх, стракаты людскі паток, y якім ужо бадай нельга было адрозніць твараў.
Пакінь, казаў Маеўскі. Ты ўсміхайся, a яны няхай сабе ідуць. Chacun son metier. З якой табе прычыны сіліцца ды ножкай дыгаць? Á propos de vieilles ganaches?
Вочы Мсціслава смяяліся.
Такая пані, як простасардэчнасць, сёння пакуль што na point paru. Нават прызнала лішнім de faire acte de présence ici. Няма чаго ёй тут рабіць.
Слухай, ціха спытаў Алесь, чаму гэта ўсе яны тут гавораць не так?
Прыкідваюцца ўсё Строяць з сябе больш годных, чым на самае справе.
Не, я не ў тым сэнсе. Чуеш, французская мова Яна заглушае ўсё. Напэўна таму, што вельмі-вельмі прыгожая. Але ж яны не французы, гэтыя Хаданскія і іншыя. A вось гучыць польскаядаволі моцны паток. A вось руская I ніхто пакуль што словам не абмовіўся на мужыцкай, акрамя цябе
A мне ўсё адно Бацькі ў мяне няма. Маці заўсёды на водах, хворая. Ніхто не прымушае.
Ды яшчэ Басак стары і бацькі, калі гавораць са мной, то гавораць па-мужыцку. У чым тут справа?
A хіба гэта мова для князя? усміхнуўся Мсціслаў. Гэта, брат, так Мужыкі гавораць, бо іх ніхто не вучыў. Хіба іх мову параўнаеш з французскай? Яна бедная і грубая.
Бадай што, і так, сказаў Алесь. Але ж чаму яны не саромеюцца гаварыць на гэтай грубай мове, калі загадваюць мужыкам: «Дашлі сёння сыноў з крыгай. Паны юшку будуць есці, дык, можа, якая рыбіна ўблытаецца?» I тут ужо не саромеюцца такіх грубых слоў, як «крыга», «ублытаецца». Нешта тут не да ладу. Табе што, таксама не падабаецца?
Мне падабаецца, пасля доўгай паўзы сказаў Мсціслаў. Мне нават здаецца, што яна мяккая, толькі іхняе вуха не чуе Тут, разумееш, нешта накшталт спеву рагоў на псовым паляванні. Італьянец ад яго вушы зацісне, гэта для яго, як Бетховен пасля Беліні, a між тым няма для вуха сапраўднага паляўнічага музыкі, саладзейшай за гэту.
Памаўчаў.
Толькі не нашага розуму гэта справа. Потым дадумаю.
У гэты момант y круг гонару ўз'ехала старадаўняя карэта шасцерыком. Спынілася перад сходамі.
Памыліўся, вочы Мсціслава смяяліся, з'явілася нарэшце і добрасардэчнасць. Во, брат, весялосці будзе.
Лёкай абвясціў нейкім асабліва высокім голасам:
Высакародная панi Надзея Клейна з дачкой.
Сажэннага росту лёкай скочыў з запятак і з ляскам адкінуў падножку, расчыніў дзверы.
Проша
У карэце нешта варушылася, не хочучы вылазіць.
Другі лёкай паспеў за гэты час памагчы фурману прыўзняць гальму (пані, відаць, увесь час загадвала трымаць яе на коле, баялася хуткай язды) і зняў з галоўнага каня хлапчыну-фарэйтара, y якога замлелі ногі, a з карэты ўсё яшчэ ніхто не выходзіў.
Зараз будзе смех, паўтарыў Мсцiслаў.
З карэты пачулася бурчанне. Потым нехта перадаў на рукі першаму лёкаю моську, вельмі тлустую і азызлую, аледзіва! зусім не агідную. Потым яшчэ адну. Лёкай дарэмна спрабаваў прытуліць іх да грудзей адной рукою, каб падаць другую камусьці, хто сядзеў унутры.
Сабакам нязручна, сказала з карэты буркатлівае старэчае кантральта. Трымай Кадошку лепей, чорт бязглузды. A Віялету апусці Ты што, не бачыш, што яна патрэбу справіць хоча?.. Ды не сунь ты мне сваю руку. Што мне, сто год?
Зноў дзіва: міма Алеся паспяшаў да сходаў бацька. Весела падміргнуў сыну. Збег уніз і, падышоўшы да дзверцаў, галантна падставіў руку.
I ты яшчэ тут, бацечка Не рассыплюся, пэўна, неяк.
I тут, нарэшце, з'явілася з карэты і стала павольна апускацца ўніз постаць старой жанчыны, такая незвычайная, што Алесь вылупіў вочы.
Старая была апранута ў карычневы строй з карункамі, такі шырокі, што ўся яе нізенькая постаць здавалася падобнай на невялікі стажок сена. На сівых буклях непрыступна ўзвышаўся беласнежны высокі чапец. Твар старой выглядаў асабліва цёмным пад гэтым чапцом, пергаментна-карычневым. Але цемната гэтая не была безжыццёвай, надта ўжо здаровы буры румянец выступаў на шчоках.
Ну-к, прагучала кантральта, давай пацалуемся хіба, ці што Пастарэў ты, лэйбус, пастарэў Спакайната стала ў вачах.
Якая тут спакайната, усміхнуўся бацька.
Я і не кажу, што зусім спакайната. Проста больш чым трэба яе стала. A малайчына быў. Памятаеш, мужа-нябожчыка як з вады выхапіў? Зух быў, зух.
Яна глянула на лёкая з іранічнай ухмылкай, бо той непаразумела глядзеў на Віялету, відавочна не ведаючы, што яму цяпер рабіць. Віялета ляжала, растапырыўшы ўсе чатыры лапы.
Вазьмі ўжо яе. Аддай Янку. Няхай ляжыць y карэце, калі пераела. Стрымацца не магла, тэльбушына прагная A сам ідзі ў людскую Выпі
Дапытліва зірнула на бацьку:
Спадзяюся, не паскупіўся ты на гарэлку для людзей?
Не паскупіўся.
Ну-ну. Тады ўжо як струбіш багаццепрыходзь да мяне. Хлігер адвяду для цябе дый для сабак тваіх.
I гукнула ў карэту:
Вылазь, Ядзя. Не бойся, не пакрыўдзяць.
З карэты другі лёкай дастаў маленькую і зграбную, як ляльку, дзяўчынку год дзевяці. Дзяўчынка была, таксама як лялька, апранута ў блакітную шаўковую сукенку, высока, амаль пад пахамі, перахопленую танюткім паяском. Валасы дзяўчынкі, попельныя, бязважкія, ляжалі ў доўгайна грэчаскі манерпрычосцы.
Во пакутніца малая, сказаў пяшчотна Мсціслаў.
Алесь не смяяўся. Клейна не была яму смешная. Занадта добра, працягла, зусім як нейкая вясковая бабуля, гаварыла яна па-мужыцку. I было ў яе мове тое, чаго не бывае не ў вясковых людзей: закончаная меладычнасць кожнага сказа, уласцівая для мужыцкай мовы. Як удых і выдых. Колькі набрала паветра ў грудзістолькі і аддала ім і праспявала сказ, шчодра, не пакінуўшы для сябе ні драбніцы паветра, каб вымавіць яшчэ адно слова.
A малая Ядвіга і наогул кранала яго. Такая маленькая, як лялька. I раток лялечны. I вялізныя сінія вочы глядзяць з такой нявіннасцю і дабрынёй.
A старая ўжо скардзілася бацьку:
Што гэта за час пайшоў? Што ўжо за долечка такая ліхая, апошняя? Гасцінец каменем забрукавалі ірады гэтыя дурныя. Грукоча і грукоча пад коламі. Раней дык як добра было! Пыл мякенькі, як той дзьмухавец, рысораў табе гэтых ніякіх. A цяпер! I брук, і рысоры. Быццам каменнямі мяне ўсю дарогу білі, як першапакутніка Стафана, бог яму няхай за ўсё адплаціць дабром Рысораў напрыдумвалі Гэта ўжо горш за карабель, на якім да мужа на Каўказ ехала, так закалыхвала. Пасля іх гэта ўжо апошнія часіны нашы настаюць. Апошняя гадзіначка наша. Мудруюць людзі!
Ядзя прыціснулася лялечным тварыкам да яе рукі, і яшчэ больш пяшчотнай і свежай здавалася скура на шчоках дзяўчынкі ў параўнанні з цёмнымі пальцамі старой.
Глядзі, шапнуў Алесю Мсціслаў. Гэта яшчэ што?
У карэце яшчэ нешта заварушылася, a потым з яе вылез нехта такі дзіўны, што Алесь уздыхнуў. У гэтага дзесяцігадовага чалавека зусім не відаць было носа. Скура чорная, як вакса, і таму нос нельга было адразу заўважыць. Чорны, як сажа, стаяў ля карэты хлопец y блакітным курціку, і толькі вільготна блішчалі яго белыя зубы.
Гэта мой мурын, з некаторым гонарам растлумачыла старая пані. Саслужывец мужа-нябожчыка прывёз падарунак. Вымяняў аж y Турэччыне, калі хлот туды хадзіў
Мсціслаў падштурхнуў Алеся:
Пра гэтага і я чуў. Таркайлаў брат плётку пусціў, што гэта яна звычайнага хлапчука сажай вымазала для пыхі. Дык яна яго набіла. Проста так і набіла старэчым сваім кіем. Каб не плявузгаў.
A нашы і не ведалі
Вашы мала з кім сустракаюцца. Шляхта кажа: грэбуюць, заганарыліся Ды і я толькі што чуў пра яго. Але ж які чорны! Я і не думаў, што можна быць такім чорным.
Старая з дзяўчынкай і пан Юры ішлі ўжо да сходаў.
Ды нашто ён вам? спытаў пан Юры.
A я i сама не ведаю нашто. Але ж павагу аказаў чалавек, нельга не ўзяць.
Старая ўсміхнулася:
Мурын Розныя дзiвы бываюць ой, розныя!
I занепакоена спытала ў бацькі:
Быў жа, здаецца, святы з мурынаў? Ці, можа, не?
Быў, сказаў бацька. Здаецца, Хведар-мурын.
Ну вось, уздыхнула з палёгкаю Клейна. A я ж і спрачалася, што быў. Таксама, значыць, божыя душы. З сабак, скажам, a ці то з малпаў святых не бывае, не папусціць бог.
A людзі папусцяць?
Людзі, брат, за грошы ўсё што хочаш папусцяць. Люцыпару псалмы складаць будуць, бацькаўшчынай гандляваць, ды яшчэ і ў Бібліі адпаведнае месца адшукаюць, што бог, маўляў, і гэта ім дазволіў.