Любы, калi гэты следчы сапраўдны мужчына, ён табе толькi пазайздросцiць.
Смаляк прайшоў на сярэдзiну пакоя, каб не чуць размовы закаханых. У палаце стаялi два ложкi, адзiн з якiх быў свабодны i запраўлены замытым да жаўцiзны прасцiрадлам з неахайнай лапiнай пасярэдзiне. На другiм ляжаў загiпсаваны чалавек, у якiм немагчыма было пазнаць старую Шашок. У прыцемненым пакоi лунала нейкая своеасаблiвая загадкавая цiшыня, якая незразумелым цяжарам лягла на плечы, прымусiла часцей бiцца сэрца, сцiснула грудзi так, што перахапiла дыхалку. Следчы паспешлiва падышоў да вакна i адчынiў фортку. Разам са свежым паветрам у пакой уварвалася рознагалоссе гарадской вулiцы, здалося, уварвалася жыццё.
Бiнты на галаве пацярпелай ружавелi крывяной плямай, загiпсаваныя правая рука i левая нага высiлiся на нейкiх мудрагелiстых металiчных канструкцыях. Да левай рукi лiпучкамi мацавалася iголка з празрыстай трубкай, па якой з бутэлечкi рытмiчна па кропельцы сцякала ў сiнюшную вену мутнаватая вадкасць. На безжыццёвым, сухарлявым, хваравiта-спалатнелым твары стала меней зморшчын, на iм застылi пакорлiвасць i цiхамiрнасць.
Яна безнадзейная, вынес жорсткi прысуд Зайцаў, якi нячутна ўвайшоў у палату. Мы зрабiлi ўсё, што змаглi, але ж цудаў не бывае
Я хачу паглядзець яе рэчы, чамусьцi шэптам папрасiў Смаляк i накiраваўся да выхаду.
А рэчы забраў сын, услед прагаварыў доктар.
4
Праз гадзiну Смаляк адчыняў веснiчкi са знаёмай шыльдай «Сцеражыцеся, злы сабака!». У гэты момант жоўтыя «Жыгулi» вырулiлi з гаража на сярэдзiну панадворка, з машыны выйшаў мужчына гадоў пяцiдзесяцi i, не заўважаючы Смаляка, нервова бразнуў дзверцай. Ён быў высокi, хударлявы, крыху сутулы, з капой нячэсаных рудых валасоў, якiя доўгай пасмай спадалi на лоб, i яму прыходзiлася штохвiлiнна матляць галавой, скiдаючы iх з вачэй. Даўгалыгi, як яго адразу ахрысцiў следчы, нешта мармычучы, зайшоў у прыземiсты цагляны гараж, а ўслед з машыны выпырхнула ўжо знаёмая бялёсая Кацярына. Смаляк зрабiў некалькi крокаў i, шукаючы «злога сабаку», прыпынiўся, агледзеўся. Каля будкi яго не было, ланцуг з ашыйнiкам сiратлiва валялiся на траве, а крыху далей, за драцяной сеткай, калупаліся ў пяску куры. Два маладзенькiя цыбатыя пеўнiкi пагрозлiва кружылiся ў байцоўскiм танцы, але справа да бойкi не даходзiла, яны толькi падскоквалi, растапырыўшы пере, выцягвалi худыя шыi, хлопалi крыламi, быццам высвятляючы, хто з iх больш грозны i жахлiвы. Аўчарку Смаляк убачыў за сваёй спiнай, на сцяжынцы, ля самых веснiчак. Яна пiльна сачыла за iм, усёй сваёй паставай паказваючы, што дарога да адступлення адрэзана.
Вам каго? нечакана прагучаў хрыплаваты прастуджаны голас.
Смаляк азiрнуўся. Да яго, выцiраючы рукi прамасленай анучай, падыходзiў даўгалыгi. Шэрыя, глыбока пасаджаныя вочкi-калючкi свiдравалi яго з непрыхаванай варожасцю, нават злосцю.
Старшы следчы пракуратуры Смаляк, афiцыйна адрэкамендаваўся Смаляк. А калi Вы Станiслаў Мiкалаевiч Шашок, то я да вас.
Яны некалькi хвiлiн моўчкi вывучалi адзiн аднаго i, калi гульня ў маўчанку зрабiлася нясцерпнай, следчы працягнуў службовае пасведчанне:
Вось мой дакумент.
Ну, я Станiслаў Мiкалаевiч, нарэшце выдыхнуў гаспадар. Толькi са мной ужо гаварылi ў мiлiцыi, i новага нiчога не скажу.
Шашок вiдавочна хваляваўся, унiкаў глядзець Смаляку ў вочы i ўвесь час нервова круцiў у руках анучу, не ведаючы, куды яе дзець.
Тата, куды пакласцi бабулiна адзенне? тузанула бацьку за рукаво кашулi Кацярына i насцярожана-недаверлiвым позiркам утаропiлася ў Смаляка.
Шашок схамянуўся, паспешлiва выхапiў з рук дачкi невялiкi клунак i борздзенька пашыбаваў у хату, кiнуўшы на хаду:
Я сам аднясу, ён вiдавочна хваляваўся.
Праз некалькi хвiлiн ён падыходзiў да Смаляка ўжо спакойным i ўпэўненым у сабе чалавекам, ад узбуджанасцi i няўпэўненасцi не засталося i следу, толькi ў шэра-халодных вачах яшчэ не-не ды ўспыхвалi трывожныя, палахлiвыя агеньчыкi.
На твар Смаляку звалiлася некалькi халодных, нечаканых дажджынак. Ён, прыжмурыўшыся, з надзеяй паглядзеў на нiзкiя хмары, якiя няўмольным чорным крылом напаўзалi на горад. Усё наўкол напружана сцiшылася, нават ваяўнiчыя пеўнiкi знерухомелi i спалохана цiснулiся адзін да аднаго, здзiўлена плюскаючы вачыма. Яны таксама чакалi дажджу, але адначасова i баялiся няведамай iм стыхii.
Ну, нарэшце дачакалiся, з-пад далонi паглядзеў на аблокi Шашок i iранiчна дадаў: Па радыё дождж абяцалi яшчэ заўчора Зойдзем у хату, там i пагаворым, хаця ён недагаварыў, абыякава махнуў рукой i, не азiраючыся, пашкандыбаў у прачыненыя дзверы.
«Што крыецца за Шашковым хаця͗? iдучы следам, падумаў Смаляк. Цi не звязана гэта з ягонымi паводзiнамi ў бальнiцы? Чаму там ён, бы зваряцелы, крычаў, што мацi хацелi забiць, i слухаць не хацеў пра няшчасны выпадак? Калi так, то якая прычына, каму перайшла дарогу старая? Такога разважлiвага чалавека, як Шашок, не проста выбiць з каляiны, i тым не менш А цяпер ён трагедыю ўспрымае, як няшчасны выпадак, i ўсё ж ён нервуецца, i ў першыя хвiлiны сустрэчы быў вельмi напалоханы, ледзь узяў сябе ў рукi. А зменлiвыя паводзiны ягонай мацi падчас допыту ў пракуратуры i апошняй сустрэчы Не, вiдавочна, гэтыя Шашкi нешта замоўчваюць, адчуваю, што ёсць таямнiца, якая, па ўсiм, i прывяла да трагедыi, а калi так, то i паводзiны сына ў бальнiцы знаходзяць лагiчнае паразуменне. Трэба з гэтым разабрацца».
Шашок нецярплiва чакаў Смаляка ў прасторнай, светлай верандзе. Справа ад увахода стаяў адшлiфаваны да бляску мажны круглы стол на мудрагелiстых тоўстых ножках, зробленых у выглядзе лiчбы «2». Вакол прыслужлiва высiлiся чатыры самаробныя драўляныя крэслы з конусападобнымi набалдашнiкамi на спiнках. Крэслы выглядалi маўклiвымi ваярамi-ахоўнiкамi свайго блiскучага гаспадара-стала, а крыху далей, каля сцяны, абклеенай блакiтнымi шпалерамi, нясмела тулiлася, быццам баючыся гэтых мажных крэслаў-ахоўнiкаў, вузенькая белая шафа, у якой за шклом задзiрлiва, нават з выклiкам, блiшчэлi крышталёвыя шклянкi, iншы каштоўны посуд.
Справу аб дарожна-транспартным здарэннi вядзе мiлiцыя, сядаючы ў вялiкае рыпучае крэсла, адразу прагаварыў Смаляк i, каб папярэдзiць магчымыя пытаннi, патлумачыў: Я ж праводжу расследаванне факта смерцi вашага суседа, нябожчыка Альховiка, i якраз ў пятнiцу, напярэдаднi няшчаснага выпадку, быў тут, размаўляў з Казiмiрай Францаўнай.
Смаляк з цiкаўнасцю зiрнуў на Шашка, спадзеючыся ўбачыць рэакцыю на гэтыя словы, але той i брывом не павёў, не змянiў паставы, прытулiўшыся да дзвярнога вушака i, склаўшы рукi на грудзях, моўчкi чакаў, што скажа далей следчы. Толькi насцярожаныя палахлiва-халодныя вочы ды жаўлакi на скiвiцах выдавалi ягонае напружанне i хваляванне.
Вось я i хачу пачуць, спакойна працягваў Смаляк, чаму Вы спярша заявiлi, што быў замах на жыццё Вашай мацi? Чаму
Смаляк недагаварыў. Шашок быццам чакаў гэтага пытання i адразу паспешлiва, з абурэннем перапынiў следчага.
А што я мог падумаць?! ускрыкнуў ён i, цяжка, роспачна ўздыхнуўшы, з горкiм сумам паглядзеў на Смаляка. Гэта ж мацi!
Смаляк заўважыў не толькi гэты сум, але i тое, што дзесьцi многа глыбей, можа, зусiм i не ў вачах Шашка, стаiлася спрактыкаванасць i нейкая незразумелая пiльнасць, нават палахлiвасць. Ён не адчуў у словах шчырасцi, i гэта насцярожвала.
Па-чалавечы я Вас разумею, цiха зазначыў Смаляк, а як следчы, не зусiм.
Шашок ускiнуў галаву i запытальна паглядзеў на Смаляка, спрабуючы разгадаць сэнс апошнiх слоў.
Я i сам толькi потым зразумеў, што мацi сама вiнаватая, старая, даўно за семдзесят перакулiла, вынес ён свой прысуд.
У гэты момант нечакана сцямнела, наляцеў вецер, захiсталiся, зашамацелi дрэвы, моцна бразнулi незачыненыя веснiчкi, i адразу буйныя кроплi дажджу, спярша зрэдку, нясмела, бы спрабуючы на моц шкло, сыпанулi па шыбах. Смаляк i Шашок, як па камандзе, павярнулi галовы i, утаропiўшыся ў вакно, колькi хвiлiн маўчалi, думаючы кожны пра сваё. А дождж з кожнай хвiлiнай мацнеў, i ўжо не кроплямi, а суцэльнай сцяной лiў з неба. Раптам чорныя хмары напалам рассекла крывулiстая страла-маланка, i ўслед грамыхнула раз, другi, трэцi i пакацiлася па небе i зямлi Перунова каляснiца, ды так, што, здалося, рассыплецца на дробныя кавалачкi гэтая веранда i ўвесь дом.
У мiлiцыi мне сказалi, што яны вядуць следства, быццам мiж iншым зазначыў Шашок i сеў у крэсла насупраць Смаляка.
Следчы разумеў, да чаго вядзе гаворку субяседнiк, i адказваць не спяшаўся, быццам i не чуў. Ён паволi дастаў з кiшэнi пачак цыгарэт.
Можна?
Смалiце, абыякава махнуў рукой Шашок i, выцягнуўшы з шуфляды стала попельнiцу, упершыню ўсмiхнуўся: Сам не смалю, а для гасцей трымаю.
Ведаеце, Станiслаў Мiкалаевiч, афiцыйным тонам прагаварыў госць, пасля таго як Казiмiра Францаўна трапiла ў аварыю, мяне не пакiдае пачуццё вiны.
А Вы тут пры чым? адразу насцярожыўся Шашок.
У тым уся i закавыка, што быццам бы i ні пры чым, разважаў Смаляк, але ж у аварыю яна трапiла ў той жа дзень пасля размовы са мной.
Ну ў Вас i работка! з палёгкай выдыхнуў Шашок. Так можна абвiнавацiць сябе ва ўсiх злачынствах, якiя здзейснiлi людзi, што да таго сустракалiся з вамi
У нечым Вы маеце рацыю, але ж у дадзеным выпадку Вы, паважаны Станiслаў Мiкалаевiч, прымусiлi мяне засумнявацца ў раней прынятых рашэннях.
Я ж казаў, што ў бальнiцы на мяне найшло нейкае насланнё, не памятаў сябе, як казалi медыкi, стрэс Разумееце? амаль закрычаў Шашок.
Вы супакойцеся, я не пра тое, прыпальваючы цыгарку, вёў сваё Смаляк. Проста мне прыйшлося на пэўныя сiтуацыi паглядзець пад iншым вуглом, напрыклад, пераасэнсаваць сам факт паступлення ў пракуратуру ананiмкi i заявы, у якiх сцвярджаецца, што Альховiк памёр не сваёй смерцю. А пляменнiкi нябожчыка бюць у званы, ужо i вiнаватага знайшлi Вярбiцкую.
I што з таго? Мы тут нi пры чым.
Я ў гэтым таксама ўпэўнены, але калi дапусцiць, што Казiмiра Францаўна нешта ведае? Смаляк наўмысна зрабiў невялiкую паўзу: Мог жа Альховiк перад смерцю ёй нешта даверыць?..
Нiчога яна не ведае! ускочыў на ногi Шашок. Не ўблытвайце нас у гэтую справу! кiнуў ён i, разважаючы аб нечым сваiм, мiтуслiва затупаў па верандзе. Усё, што здарылася з мацi, недарэчнасць, так склалiся абставiны. Следчы з мiлiцыi паказваў мне таго Цвiркуна, я яго бачыў: рукi трасуцца, тузаецца, бы ненармальны, балбоча чортведама што i ўвесь час плача. Хiба такi можа забiць? ён плюхнуўся ў крэсла i ўпершыню без боязi паглядзеў Смаляку ў вочы. Не, не здольны такi чалавек на забойства!
А Вярбiцкая? насцярожана спытаў Смаляк.
Вярбiцкая? недабразычлiва перапытаў Шашок.
Так, Таццяна Фёдараўна.
Пасля гэтых слоў надоўга запанавала цiшыня. Смаляк не прыспешваў субяседнiка, цярплiва чакаў, што ён скажа, якую дасць характарыстыку. Нарэшце Шашок, быццам вiнавацячыся, паглядзеў на следчага, кашлянуў у кулак i шматзначна, па-блазенску усмiхнуўся:
З выгляду яна, канешне, жанчына ладная, як кажуць, усё пры ёй Толькi ён зноў замаўчаў, вiдавочна збiраючыся з думкамi i падбiраючы патрэбныя словы. Толькi занадта крутая.
Не разумею, падаў голас Смаляк, што гэта азначае?
А азначае тое, што свайго Вярбiцкая не ўпусцiць, хоць бы ўзяць гэтага старога скнару Альховiка, акруцiла, як хлопчыка.
Вы яе добра ведаеце? губляючы цярпенне, незадаволена спытаў Смаляк.
Зусiм не ведаю, толькi са слоў мацi, i бачыў разы два, не болей.
Смаляк зразумеў, што размовы не атрымаецца. Ён устаў, прайшоўся па верандзе, прыпынiўся ля дзвярэй i падставiў далонь пад струмень дажджавой вады, што сцякала з даху.
Вось i пагаварылi, мне пара.
Куды ў гэткi лiвень, перачакайце, паспешлiва прагундосiў Шашок i, крыху памаўчаўшы, дадаў: Я тут прыгадаў, як Вярбiцкая на другi цi трэцi дзень пасля пахавання Альховiка вельмi крута, ён з непрыхаванай злосцю вымавiў апошняе слова, узялася гаспадарыць, узарвала ва ўсёй хаце падлогу, вырашыла пераслаць. Але не паспела, наляцелi пляменнiкi нябожчыка, прывезлi чалавека з суда i справу з рамонтам прыпынiлi. Я да таго, што не бабская гэта справа, старая падлога яшчэ б сто гадоў праслужыла. Я, праўда, хацеў перакупiць тыя дошкi, дык не прадала, сказала прадасць пасля таго, як стане законнай гаспадыняй, пасля суда, значыцца.
Раптам Шашок спынiўся на паўслове i гучна паклiкаў дачку. Дзверы з веранды ў хату адразу рэзка прачынiлiся, быццам дзяўчынка толькi i чакала, калi бацька яе паклiча, i на парозе зявiлася Кацярына, адной рукой трымаючыся за дзвярную ручку, а другой адхiнуўшы жаўтаваты цюль. Яна моўчкi, панура i непрыязна з-пад iлба глядзела на бацьку.
Мы нiкуды не едзем, пiльна ўзiраючыся ў твар дачкi, глуха скамандаваў Шашок.
Ён хацеў яшчэ нешта сказаць, але дзверы рыпнулi, i дзяўчынка гэтак жа хутка знiкла, не сказаўшы нiводнага слова. Шашок устрывожана паглядзеў на Смаляка i, убачыўшы здзiўленне следчага, пачаў паспешлiва i блытана апраўдвацца.
Пасля няшчаснага выпадку з бабуляй Кацярына стала як не свая, ёй трэба змянiць абстаноўку. Сёння хацеў адвезцi на вёску да цешчы, але ж пасля такога дажджу дарогi, пэўна, развязло, не даеду.
Пакiну Вам сваю вiзiтоўку, згаджаючыся, кiўнуў галавой Смаляк, магчыма, спатрэбiцца, у гэты момант позiрк зачапiўся за бальнiчны клунак, i ён вярнуўся да стала. Мне б яшчэ агледзець рэчы Казiмiры Францаўны.
Шашок адразу замiтусiўся, хутка развязаў клункі i пачаў выкладваць перапэцканае крывёй i пяском матчына адзенне. Смаляк расчынiў невялiкую чорную сумачку з адарваным рамянём i перакулiў. На стол вывалiлiся падрапаны карычневы кашалёк, насоўка, выкарыстаны квiток на праезд у гарадскiм транспарце i самапiска. На квiтку дрыготкай рукой зялёным колерам былi напiсаны лiчбы, па ўсiм бачна, тэлефонны нумар. Следчы склаў рэчы ў сумачку i яшчэ раз пашкадаваў марна патрачаны час.
5
Цiхая чэрвеньская ноч усяго на некалькi гадзiн асланіла зямлю шэрым, цёмным пакрывалам i, як толькi зрэдку наляцiць непаслухмяны вятрыска, адразу зашамацiць лiсце, загойдаюцца вершалiны дрэў старога лесу. Нечакана над самай галавой вухне пугач, недзе непадалёк трэсне пад нагамi невядомага звера галiнка, i тады насцярожыцца, застрыжэ вушамi белы канёк, што запрэжаны ў фурманку. А праз хвiлiну зноў цiшыняадно дробны прыглушаны тупат па мяккім пяску ды аднастайны шоргат колаў на лясной дарозе. У фурманцы двое. Разгледзець iх немагчыма, i толькi калi адзiн зацягваецца папяросай, на iмгненне пакажуцца чорныя невялiкiя вусы, асвечаныя чырвоным агеньчыкам, у другога месяц добра высвечвае за плячыма вiнтоўку. На абодвух вайсковыя фуражкi. Яны едуць моўчкi. Лес пакрысе радзее, вось ужо і палявы пералесак. Фурманка казачным прывiдам выплывае з цемры i адразу трапляе ў бялюткi хiсткi туман, якi цягнецца з лугавiны.
Хутка будзем на месцы, па-начальнiцку гаворыць той, у якога за плячыма вiнтоўка, i адразу, бы пацвярджаючы ягоныя словы, недзе ўперадзе забрахаў сабака. Другi, што кiруе фурманкай, сонна кiваецца i, хутчэй па звычцы, цмокае на каня, якi не звяртае ўвагi на гэтыя «цмокi», бо звыклы да начных вандровак.
Сяржант, прачнiся, сiпiць чалавек з вiнтоўкай i груба пiхае вазнiцу ў бок. Спецыяльна праз лес кругаля далi, не хапае яшчэ праспаць хату папоўскага прыхвасценя.
Нам з Буланком усё адно, адкуль заязджаць, незадаволена буркнуў сяржант i, пстрыкнуўшы пальцамi, выкiнуў недакурак. Служба такая, можна сказаць, начная, расцягваючы словы, дадаў: Прывозiм Адвозiм
Пагавары ў мяне, зласлiва шэпча чалавек з вiнтоўкай, ураз Купрэеву далажу.
Сяржант нiчога не адказаў, быццам i не чуў, толькi крыху мацней нацягнуў ляйчыны i фурманка спынiлася. Ён лёгка саскочыў на зямлю.
Вазьму каня за цуглi, цiшэй будзе i надзейней, цвёрда прагаварыў сяржант i выцягнуў з-пад шыняля, што ляжаў у фурманцы, караткаствольны карабiн, закiнуў на плячо. А Купрэевым мяне, таварыш лейтэнант, не запужаеш, справай нашай мы моцна звязаны I, каб Вы ведалi, ён мяне тыдзень таму прадставiў да ўзнагароды. Як пiць даць, ордэн атрымаю А царкоўнага старасту не праспiм, я паскуду добра ведаю
Лейтэнант, убачыўшы сяржантаў лёгкi карабiн, каторы раз пазайздросцiў. Ягоны асабiсты табельны наган учора ранiцай на стрэльбах пачаў даваць асечкi, давялося здаць у рамонт. I вось цяпер ён, лейтэнант НКУС, iдзе на баявое заданне з цяжкай трохлiнейкай, якую ўпёр яму Купрэеў.
Нечакана туман скончыўся, i непадалёк, злева ад дарогi над кустамi навiс гмах доўгай будынiны. Сяржант спынiў каня, звёў з дарогi, прывязаў да дрэва i, кiнуўшы добры ахапак свежаскошанай канюшыны, паспяшаўся да лейтэнанта, якi, да нечага прыслухоўваючыся, стаяў ля плота.