Авантуры Вырвіча з банды Чорнага доктара - Рублеўская Людміла


Людміла РублеўскаяАВАНТУРЫ ВЫРВІЧА З БАНДЫ ЧОРНАГА ДОКТАРАРаман прыгодніцкі і фантасмагарычныКнніга пятая

ПРАЛОГ

Алрымліваць у лоб агрызкам яблыка крыўдна.

Асабліва калі яго шпурнула ў цябе не гуллівая дзявочая ручка, а выпацканая атрамантам рука аднакурсніка.

Зрэшты, вакол самага ўпартага студыёзуса Віленскай акадэміі Аляксандра Лёдніка па мянушцы «Ланцэлот», што застыў слупам пасярод галерэі ўніверсітэцкага дворыка, валялася смецця, як пасля шляхецкай пагулянкі. Арэхавае шкарлупінне, папяровыя камякі, ды што там яшчэ студыёзусы намацалі ў сваіх бяздонных, як Тураў калодзеж, кішэнях. Сёй-той, спяшаючыся ў аўдыторыю, яшчэ і штурхаў даўгалыгага юнака з дзюбатым носам і цёмнымі вачыма. Але той, упарта падціскаючы вусны, вяртаўся на месца, нібы навязаны на нябачны ланцуг.

Урэшце штурханіну ў галерэі заўважыў пахмуры выкладчык граматыкі пан Садоўскі па мянушцы Бабрышча. Ён злосна ашчэрыў жаўтаватыя, як у бабра, зубы:

 Аляксандр Лёднік, зноў вылучыўся? Чаму не ідзеш на лекцыю?

 А ён не можа!  здзекліва адказаў хтось.  Ён дэкляраваў, што з месца не скранецца!

 Пакуль чароўная панна сястра Петрака Бадонаса, яго не прабачыць за нягжэчныя паводзіны!  са смехам удакладніў яшчэ адзін падшыванец.

 Якая панна? Што за штукарствы?  бледны твар Бабрышчы набыў колер кармазіну.

Паколькі віноўнік тлуму захоўваў ганарыстае маўчанне, гісторыю агучылі добраахвотнікі. Было так

Да Петрака Бадонаса, які ў святых акадэмічных мурах другі год біўся шырокім ілбом аб сцяну навук юрыдычных, прыехала радзіна. Бацька, пан Бадонас, падстолій Крэцінгенскі, з сужонкай і дачкой, абедзве масластыя ды кашчавыя. Радавітыя госці пасля месы ва ўніверсітэцкім саборы Святых Янаў былі ўрачыста праведзеныя ў кабінет да рэктара. А пан Алесь Лёднік той жа галерэяй нёс слоік з нейкай паддоследнай жыўнасцю.

Высакародныя дамы не павінны сузіраць усялякую гідкасць. Вунь аднойчы блазан расейскай імператрыцы Лізаветы Пятроўны па прозвішчы Аксакаў прыпёр ёй ва ўласнай шапцы вожыка: пацешыць, падлабуніцца. Ды венцаносная асоба так пералякалася, што блазна зараз жа адправілі ў катавальню: замах на імператрыцу!

А ў Лёдніка ў слоіку плёхалася рапуха.

Тлустая, як нябожчык кароль Аўгуст Сас, брунатна-зялёная, як згнілая конская скура, пухірчатая, нібы глеба пякельная.

Небарака не падазравала, што цыбаты даследчык збіраўся правяраць на ёй тэорыю швейцарца фон Галера пра адсутнасць сувязі між раздражнёнасцю цягліцаў і нервовай сістэмай.

Хтось са студыёзусаў адчувальна штурхануў натураліста, і рапуха адправілася ў палёт, абвяргаючы прыродныя законы. Да паненчынай аксамітнай спадніцы якраз даляцела.

Юны Лёднік, абдымаючы апусцелы слоік, як і належыць шляхетнаму пану, выбачэнні шчырыя прынёс, сцярпеў кручэнне вуха ад прарэктара

 Гэта сын вядомага доктара Лёдніка, нашага былога выкладчыка,  ліслівіў прарэктар.  Вось Працягвае доследы бацькі ў навуках прыродазнаўчых.

Твар ягамосці суддзі Бадонаса яшчэ болей прыпадобніўся недапечанай булцы.

 Чаго яшчэ чакаць ад гэтых «новых шляхціцаў»! Скуль ім ведаць, як перад высакароднымі дамамі паводзіцца!

А вось гэтага пану суддзі гаварыць зусім не варта было Гэта як у прысутнасці караля Станіслава Панятоўскага згадаць цяля. Былога каханка расейскай імператрыцы дражнілі Цялком за не самае высокае паходжаннеад дробнага шляхцюка па прозвішчы Цёлак. Для пана Аляксандра Лёдніка радавод таксама быў тэмай балючай. Усіх раздражняла, што Алесь выяўляў з сябе нейкага Ланцэлота, а самсынок клісцірніка, доктара-чараўніка, у якога, кажуць, уся спіна бізунамі злупленая!

Што праўда, таварышаў Лёднік-малодшы ніколі не здаваў, хутчэй за чужую правіну ў карцары адседзіць. Але як не штурхануць нібыта неўзнарок гэтага шляхцюка па патэнце! Тым болей прафесары не надта заступаюцца, нягледзячы на тое, што старэйшы Лёднік па мянушцы Чорны Доктар у гэтых мурах сам выкладаў. Кажуць, яшчэ больш за сына фанабэрысты, ды яшчэ суровы і баявіты. Алхімік, маг і майстар фехтавання.

Таму і вырвалася ў Алеся ланцэлотаўскае: «З месца не скрануся, пакуль яемосць панна судовая літасціва не прабачыць за сапсаваную сукенку». Хоць паненка яму спадабалася не больш, чым ягонай рапусебот трокскага суддзі. Да таго ж зберагаўся ў сэрцы юнага Лёдніка таемна і пачціва вобраз сапраўднай прыўкраснай дамы, з чорнымі броўкамі ды шэрымі вачыма, з маленькімі строгімі вуснамі, з імем гаркавым, як палын, і сухім, як стрэл мушкета: Праксэда.

Дарэмна пан Баўтрамей Лёднік вучыў сына не ўлазіць у гульню «хто радавіцей», не саромецца дзедаполацкага гарбара

І вось застыў слупам пасярод універсітэцкай галерэі студыёзус. Хоць ясна, толку ад гэтага стаяння не болей, чым ад прывіднага зайца на месяцы альбо клізмы з табачнага дыму, якой у Еўропе ўзяліся лячыць усё, ад істэрыі да ганарэі. Сысці, слова парушыцьганебна, трывацьбалаган бясплатны.

Начальства ўніверсітэцкае, аднак, балаган той доўжыць не збіралася. Да рыцара-стоўпніка наблізіўся невялічкі атрад За рукі, за ногі, за каршэнь Ланцэлотаі ў карцар.

Па вільготнай каменнай падлозе карцара паўзла рудая мурашка, худая і драбнюткая. Можа, асуджаная на баніцыю з роднага мурашніка?

У Акадэміі юны Лёднік часам і сам адчуваў сябе казюркай, заціснутай дзеля доследу між шкельцаў. Тыя, хто памятаў прафесара Лёдніка, параўноўвалі з ім сына. А Чорны Доктар персонай быў цяпер не самай папулярнай. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Панятоўскага, які на крэс дзяржавы маладушна пагадзіўся, лічылі здраднікам, ягонага паплечніка Антонія Тызенгаўза ненавідзелі яшчэ больш. А пан Баўтрамей Лёднік па загадзе Тызенгаўза разам з жабаедам-рэспубліканцам Жыліберам ствараў медычную школу ў Гародні і ўваходзіў у Адукацыйную камісію, якая адбірала калегіюмы ў манаскіх ордэнаў. Ды яшчэ гэтыя чуткі пра асаблівую міласць да Чорнага Доктара расейскай імператрыцы Кацярыны

Алесь з уздыхам дастаў з валасоў пажаваны папяровы шарык, апошнюю зямную рэінкарнацыю нечага трактата. Sic transit gloria mundi Вада ў жвір, пацалунак на вецер Пра Лёднікавы подзвігіа ён выратаваў на полі бойкі вялікага гетмана Радзівіла, чым здабыў шляхецтва, абараніў ад арышту студыёзусаў Віленскай акадэміі, вытрываўшы катаваннізабыліся. Даводзілі ўласны патрыятызм, ганьбячы здраднікаў. А зусім нядаўна, на Варшаўскім сойме, дзе дэпутатаў было, як маку ў велікоднай булцы, адзін Тадэвуш Рэйтан запярэчыў супраць падзелу дзяржавы ды лёг у дзвярах крыжам І нічога. Панове дэпутаты праз пана Тадэвуша спакойненька пераступілі і папраставалі палітычнымі гасцінцамі.

Алесь і захапляўся бацькам, і злаваўся на яго: шляхту высмейвае, ад ганаровых пасадаў адмаўляецца На апошніх вакацыях проста карцела яму пярэчыць, бачыць разгубленасць у цёмных вачах. Малодшы Лёднік і не супраць вучыцца спадчыннаму рамяству Але ж вайсковыя подзвігі вабяць! Бо ўсё жыццё чуць у свой бок «клісцірнік»

Пан Пранціш Вырвіч Алесевы перайманні разумеў куды лепей. Яму, шарачковаму шляхцюку, таксама даводзілася кулакамі і зброяй гонар абараняць. Пранціш неяк і намякнуў Алесю, каб заахвоціць да рыцарскіх цнотаў, пра высокае паходжанне. Пані Саламея Лёднік, як бы Алеся ні любіла, якой гожай ды разумнай ні была, насамрэчмаці прыёмная. Хто ж сапраўдная ягоная маці, юнак не ведаў. Натуральна, часам у рамантычных мроях уяўляў сябе згубленым прынцам.

Гэтак жа, як панну Праксэдузгубленай прынцэсай.

Таямнічая і недасяжная. Хаця падумаешстарэйшая ўсяго гады на чатыры. І яшчэ трэба прызнацца: высакаватая, як для дзеўкі. За Чорнага Доктара, можа, на пару вяршкоў усяго ніжэй, а Алесь знізу ўверх глядзіць на сваю Прыўкрасную Даму.

Ну і што? Па ўсім відацьшляхцянка. На тонкіх пальчыках сыгнеты мусілі ззяць, русявыя валасыпышным напудраным воблакам уздымацца. А пайшла ў павітухі, нізкае рамяство, засвойваць якое ёй дапамагалі Алесевы бацькі. Дзяўчына аднойчы трапіла ў іхні шпіталь проста з вуліцы непрытомнай, з запаленнем лёгкіх і выснажэннем. Потым высветлілася, што паненцы няма куды пайсці, а веды ў навуцы медычнай у яе адкульсьці меліся.

Вось каб хоць адзін разочак зірнула на гаспадарскага сына, не як на хлапчыску, хоць і разумненькага А то яна з ім, як з ягонай малодшай сястрычкай Сафійкай.

А як паказацца строгай панне Праксэдзе, аматарцы навук, на вочы, калі з Акадэміі з ганьбай вытураць? Для яе тут быцьмара недасяжная, а Алесь сам усё прамантачыў.

Была яшчэ адна падстава разладу з бацькам. Успамін, як агідны слімак у самай глыбокай трэшчыне валуна. Выпадкова падгледзеная скрозь прыадчыненыя дзверы бацькавай лабараторыі сцэна

Алесь краўся на дыбачках па цёмным калідоры іхняга гарадзенскага дома, куды пераехалі з Полацка дзеля медычнага інстытута (у слоіку, прыхаваным у сенцах, якраз мусіла ачуняць яшчэ адно гідкае стварэнне). З лабараторыі даносіўся часты металічны стукатштосьці драбнілася ў ступцы. Дрыготкае святло свечак рабіла бацькаў твар, схілены над сталом з рэактывамі, яшчэ больш суворым, нос яшчэ больш драпежным, чорна-сівыя пасмы звесіліся Згадвалася старая бацькава мянушка «Фаўст», якую ўспамінала пані Саламея, калі гневалася на мужа. Доктар засяроджана вывучаў аркуш з формуламі І не зварухнуўся, калі стукат у куце лабараторыі сціх, і да ягонай шчакі, пазначанай глыбокім ценем, нясмела, як да агню, пацягнулася тонкая дзявочая рука. Пакутліва марудна, нібыта праз страшны боль, нібыта нейкая неадольная сіла змушала Асцярожна, ледзь-ледзь, дакрануліся дрыготкія пальцы да твару Баўтрамей, не азіраючыся, цвёрда адвёў чужую даланю ад свайго змрочнага аблічча.

 Не трэба. Вы самі ўсё разумееце, Праксэда. Вы ж кемная. Давайце памолімся святому Кіпрыяну і святой Юстыне

Голас гучаў мякка-спачувальна.

У Алеся глуха стукала ўвушшу кроў, калі ён ірвануў у свой пакой І пастараўся выкінуць убачанае з галавы.

Але слімак нікуды не падзеўся. Ён жыў, варочаўся пад сэрцам, змушаў пільна прыглядацца да жэстаў і поглядаў, услухоўвацца ў інтанацыі

Падазронага больш не было. Цёмныя вочы бацькі заўсёды цяплелі, калі ён глядзеў на жонку. З паннай Праксэдай, як з усімістрогі і ветлівы. Панна абвязвала шчыльна галаву белай хусткай, як паслушніца, гаварыла мала, шчыравала ў шпіталі, як апантаная, пані Саламею шанавала А тая часам паглядала на памочніцу з сумным жалем, як на цяжка хворага, што хавае сваю хваробу.

Алеслімак пад сэрцам Алеся жыў. І час ад часу ўзбураў цёмную пену недарэчнага гневу.

Бразнулі дзверы. На парозе карцара стаяў пан суддзя менскага замкавага суда пан Вырвіч. Ладны, русачубы, блакітнавокі Вось толькі штось не так было з вачыма пана, звычайна такімі ўсмешлівымі.

 Я забіраю цябе з Акадэміі, Аляксандр. Ідзі па клункі, адпраўляешся дадому.

Сярод семестра?

За што Алесь яшчэ больш паважаў дзядзьку Пранцішатой ніколі не хаваў ад яго праўды.

 Бацька твой зняволены. У акрутным забойстве вінавацяць.

Юнак змусіў вусны не дрыжэць. Ясна жабвінавачванне лжывае. Двубойтак, Алесь не раз бачыў, як доктар шабляй свой гонар абараняе. Алеакрутнае забойства? Бутрым Лёднік, выбітны фехтавальшчык, і ў вірах ваенных не хацеў нікога пазбаўляць жыцця, гадамі адпрацоўваў адмысловыя ўменні, як перамагаць, не беручы смяротны грэх на душу.

 А хто забіты?

Пан Вырвіч трохі прамарудзіў з адказам.

 Панна Праксэда, што ў вашым шпіталі працавала.

Вільготныя камяні вязніцы скалануліся. І мімаволі ўспомнілася Тонкая рука дрыжыць ад невымоўнай пакуты і цягнецца да худой шчакі змрочнага высокага мужчыны Нашто? Ён жа стары Худы Непрыгожы

Бацька невінаваты Невінаваты Невінаваты

Раздзел першыАПОШНЯЯ СПРАВА СУДДЗІ ВЫРВІЧА

У той год сабралася да прабацькі Абрама на піва самая старая жыхарка Менска, мяшчанка Ружа Твароўская.

Прабацька ўжо, мусіць, дзірку ў аблоках працёр, кабету выглядаючы.

Сто трынаццаць год, шэсць каралёў перажыта.

І абодва Сасы, за якімі еліся лыжкай кілбасы. І Ян Сабескі, што круціўся пад абцасікам каралевы Марысенькі. І Ян Ваза, езуіт суровы, кароль кісялёвы. І недалужны Вішнявецкі, які ад перайманняў за паразы вайсковыя маладым памёр. І кароль Стась Ляшчынскі, што двойчы трон губляў

А папраўдзе, дык за кожнай каралеўскай мосцю крывавай поліўкі ліцвіны ды іншыя народы Рэчы Паспалітай насёрбаліся, а цяперашні Цялок яшчэ горшага наварыў. Добра, Менску пакінулі Магдэбургскае права, а шмат якія гарады ліцвінскія страцілі яго: у Расейскай імперыі вольнасцям местачковым не існаваць. Цяпер там не ваяводствы, а губерні. У Менску ваявода застаўся, але прызначылі на гэтую пасаду гарбатага Юзэфа Мікалая Радзівіла, крэатуру Чартарыйскіх, які з задавальненнем кіраваў секвестраванымі маёнткамі сваяка-выгнанніка Пане Каханку.

Новая рыдлёўкановыя грады. Альбо прыстасоўвайся да новых парадкаў, або Таму без прыхільнасці асаблівай прыняў пан суддзя менскі замкавы, ягамосць Пранціш Вырвіч з рук ліслівага вознага позву на пазачарговае паседжанне суда. Учора толькі з палявання ў Капанічы вярнуліся, бязлітасна абрэзаўшы ніткі лёсу дзіку ікластаму ды ласю губастаму. Сынок малы Янук ля ног шыецца«Тата, дай пастлаляць!» І касавурыцца на пісталет італьянскай работы, што нядаўна ўпрыгожыў насценную калекцыю. Жонка-разумніца, пані Дамініка з Гараўскіх, дакорліва паглядае: абяцаў жа яе новую карціну ацаніць, а сам, змораны, заснуў. Цесць, пан Гараўскі, які на хаўтурах па дзіку ды ласю анісаўкі сабе не шкадаваў, вось-вось прачнецца І вырашыць неадменна, што мала выпіта ў памяць замардаваных лясных істотаў. А пану Вырвічу трэба было б яшчэ мазгі добра праветрыць ад тае анісаўкі, на пару з панам Гараўскім учора выпітай, ды добра абдумаць нядаўні візіт пана Баўтрамея Лёдніка.

Пан Баўтрамей прыехаў у Капанічы з Гародні ўсяго на дзень. Собіла ж нерадавітаму і неільсціваму доктару патрапіць у сэрца палітычных інтрыг. Стваральнікі медычнай школы і даўнія сябры, Жылібер і Лёднік, былі прадстаўленыя Панятоўскаму. Кароль француза ўпадабаў, прыслухоўваўся да ягоных парадаў. З Лёднікам паводзіўся насцярожана, быццам не ведаў, як ставіцца да таго, хто разам з ім падзяляў прыхільнасць вялікай імператрыцы. Вядома, кароль суперніка ў доктары не бачыўтой увогуле патрапіў у Царскае Сяло, як арыштаваны за дзяржаўную здраду, і ўсяго на адну ноч там затрымаўся, пераканаўшы царыцу ў праўдзівасці сваёй версіі падзей у Віленскай акадэміі Дзеля чаго была зладжаная паказальная дуэль з парай дзясяткаў гвардзейцаў.

Відовішчная дуэль атрымалася. Кацярына ацаніла.

Інтарэс імператрыцы да «чарнявага палячышкі», як злосна называў яго царыцын фаварыт Арлоў, прыдворныя на скрыжалі сваёй памяці занеслі. І цяпер, як чалавек з бліжняга кола Тызенгаўза і Панятоўскага, былы прафесар Віленскай акадэміі зноў патрапіў на шахматную дошку палітычнага жыцця, хаця б і ў якасці чорнай пешкі. Уладу мае не той, у каго грошы, а той, у чыім распараджэнні каралеўскае вуха

А доктар у палітычныя гульні ўлазіць не хацеў. Таму праігнараваў запрашэнні ў папулярныя гарадзенскія салоны. Адноад княгіні Аляксандры Багінскай, у дзявоцтвеЧартарыйскай, жонкі вялікага гетмана Міхала Казіміра Багінскага. Пан Міхал жыў ад жонкі асобна, у набытым з яе пасагам Слоніме, ды высільваўся, каб у ягоным тэатры на сцэне караблі плавалі ды жывыя сланы тупалі. А пані Аляксандра, патомная інтрыганка, вірамі палітычнымі кіравала, як бог Няптун. З німфай параўнанне гучала недарэчы: пані Аляксандра была волатам, за свецкім абедам магла няўзнак скруціць трубкай срэбнае блюда, пальцамі змяць манету, на абед зядала шэсцьдзясят вараных яек і двух каплуноў, птушак страляла на ляту ў вока Падчас гарадзенскіх рэдутаў на ейных балях дамы танчылі згодна завезенай палюбоўніцай Панятоўскага маркізай дэ Люлі модай: у паўпразрыстых сукенках з аголенымі грудзямі, у сандалях, з пярсцёнкамі на пальцах ног Цьху, распуста, адным словам!

Другое запрашэнне было не менш ганаровым: ад яемосці Тэрэзы Караліны Радзівіл са Ржавускіх, жонкі пана Караля Радзівіла. Чарнявенькая жвавая пані Тэрэза, дачка гетмана Вацлава Ржавускага, сасланага ў Калугу, з каралём Панятоўскім была ў адносінах самых мілых. Мужа высмейвала, лісты ад яго ў Варшаўскім палацы ўслых зачытвала, каб прыдворныя пасмяяліся. Нораву ж акрутнага: пра тое, як з ворагамі распраўлялася, страшныя казкі хадзілі. Зявілася на гарадзенскія рэдуты з палюбоўнікам, Ігнацыем Богушам, былым кумпанам Пане Каханку, і ладзіла балі, супернічаючы ў раскошы з княгіняй Аляксандрай.

Дальше