Абедзве валькірыі, Багінская і Радзівіліха, атрымалі ад нікчэмнага клісцірніка Лёдніка гарбуза пад прыстойнай падлівай. Якраз у шпіталь завезлі некалькі хворых з тыфусам, і доктар запэўніваў, што баіцца прынесці ў палацы заразу.
Але ж Бутрым, аказваецца, і ў масонскую ложу, якую стварыў у Гародні Жылібер і куды ўступіў сам кароль, адмовіўся ўвайсці. Алергія ў яго, маўляў, на ўсялякія таемныя таварыствы.
А на днях даслаў з Італіі ліст пан Рысь, стары знаёмца, адзін з альбанчыкаў, банды Пане Каханку. Князю надакучыла туляцца па чужыне, у той час, як на радзіме ўладанні нішчацца. Себежскае ды Невельскае ваяводствы ўжо расейцы захапалі! Усе ўдзельнікі Барскай канфедэрацыі памілаваныя, вярнуліся, нават князь Багінскі А Караль Радзівіл сядзіць у Венецыі, як котка на распаленай блясе. У мінулыя гады яго два разы расейская царыца і Станіслаў Панятоўскі за рокаш прабачалі, дазвалялі вярнуцца, вярталі секвестраваныя маёнткі
І цяпер бы дазволіліале ж не за ўдзячную ўсмешку. Апошняе вяртанне каштавала князю надта дорага: давялося браць удзел у Радомскай канфедэрацыі, хуценька створанай з падначкі расейскага пасла. Потым заклікаць да таго, супраць чаго яшчэ нядаўна выступаў Шляхта ледзь даравала свайму ўлюбёнаму правадыру такі куншцюк. І яшчэ адной падобнай ганьбыпрасіцца, прыпаўзці на каленяхрэпутацыя пана Караля не вытрымае, як шмат разоў перагнутая падкова. Так што наўпрост звяртацца да Цялка, Кацярыны ці іх чыноўнікаў Радзівіл не хоча. Надзейней за ўсё дамовіцца праз трэціх асобаў. Нязначных, але прыбліжаных да ўладаў. Увесці тым уладам у вушы, што Пане Каханку не супраць вярнуцца, але каб яго самога публічна запрасілі, угаварылі, і найменш каб урону гонару было
Вось пан Рысь, канфідэнт Радзівіла, і прапанаваў такі гандаль павесці праз свайго прыяцеля, доктара Лёдніка, які з Тызенгаўзам кожны дзень бачыцца і каралю пра медычныя адкрыцці лекцыі чытае. А суддзя менскі замкавы пан Вырвіч дапаможа прыняць доктару патрыятычнае рашэнне.
Пранціш захапленне пана Рыся нясвіжскім ардынатам не падзяляў. Што гераічнага ў тым, што князь хоча і ў ваду не залезці, і рыбку зесці? Вырвіч цалкам пагадзіўся з устрывожаным Лёднікам: лезці паміж молатам і кавадлам, або Радзівіламі і каралём, не варта. Скарыстаюць і забудуцца, як на дзіравы чаравік.
Дарэмна раскормленыя пахолкі Капаніч, на ўсходні манер у шальварах і шаўковых халатах, з-пад турбаноў вытыркаецца салома ліцвінскага валосся, чакалі, пакуль паны добранька шкляному богу паклоняцца. Тады і слугам перападзе глыточак-кавалачак. Бутрым і збана медавухі не выпіў. Чым мог бы абразіць гаспадара, пана Гараўскага, каб той і так не ўважаў Чорнага Доктара за фармазона. Сумленны госць не мусіць на сваіх нагах з-за стала ўставаць. Нат за парог выйшаўшы, павінен выпіць з гаспадаром на штэмпель, каб сяброўства запячатаць, потым расхадуху, потым чарку аглаблёвую, а чарку страмяннуюужо на кані седзячы
А доктар на развітанне хуценька надаваў усім медычных парадаў ды пусціў каня лужыны восеньскія расплюхваць. Шлях няблізкі, а мусіў яшчэ ў Менск заскочыць. Былы езуіцкі калегіюм, адкуль Пранціш калісьці лататы даваў, ператварылі ў свецкую школку, і там праглі кансультацыі знакамітага прафесара Лёдніка, важнага чальца ўсемагутнай Адукацыйнай камісіі. Гэтыя запросіны Лёднік і скарыстаў, каб па дарозе завярнуць у Капанічы.
Вырвіч глядзеў услед вершніку, хударляваму, але дужаму ды жылістаму, небяспечнаму, як загартаваная шабля, усё яшчэ чарнавалосаму, толькі з нітамі сівізны, і не мог даць веры, што калі яны першы раз сустрэліся, Лёднік меў гадоў амаль столькі ж, колькі Пранцішу зараз А было гэта на скрыжаванні за Менскам, па дарозе на Валожын, калі бегламу шкаляру праезджы пан прадаў за шэлег свайго непакорлівага раба-зоркаведа, выкінуўшы таго з карэты проста ў гразь Тады выпадкова набыты полацкі алхімік, які страціў волю, бо нарабіў даўгоў, здабываючы філасофскі камень, здаваўся Пранцішу зусім сталым, можна сказаць, старым Вырвіч слугу паблажліва шкадаваў: жыццё спляжыў. А колькі пасля шчэ адмерылася таго жыцця абодвум, ды з такімі выкрутасамі Фартуныто цябе да прыступак трону падкіне, то ў сутарэнне вязніцы шпурне
Подзвігі, здрады, каханні і страты Меле каменне млынар каля хаты Стогнуць магутныя жорны, як душы. Пылам каменным твой шлях зацярушаць. Вочы сляпыя млынар не падыме Пыламімёны, і справы за імі, пыламтвой гонар, і слава, і цноты Дзеці твой чэрап качаюць за плотам
Так, ён усё яшчэ пісаў вершы, пан Вырвіч, былы шкаляр, студыёзус, драгун, канфедэрат, суддзя, ліцвін.
І мусіў выпраўляцца ў Менск, бо шляхціц не павінен пагарджаць сваім доўгам перад Айчынай. І калі можна дадаць у гэты жорсткі свет хоць каліўца справядлівасці, трэба гэта зрабіць.
У Менску чамусьці ля кожнага старога пажарышча, абгарэлага, сляпога дома трэслі залатым лісцем маладыя бярозкі, як цыганачкі маністамі. Гэта й урэзалася ў памяць: аблічча горадавугаль і золата.
Пана Вырвіча завялі ў судовую залу ледзь не пад рукі: а радасць якая, быццам каранаваць збіраліся. «Пане-дабрадзею, сонейка наша яснае пан суддзя» Хутка зясавалася прычына паспешлівасці і некаторай таямнічасці. У Менск нечакана заявіўся сам вялікі канюшы і падскарбій літоўскі пан Міхал Брастоўскі. Вось ён, у зале судовай. Першую лаўку заняў, наперад падаўся, на шаблю-карабэлу абапершыся, гатовы ўвобмірг сарвацца з месца ды судовых на капусту пасячы. Твар гожы. Але нервовы і трохі азызлы, бледны, як цеста. Вочы, абкружаныя ценямі ці ад гаравання, ці ад балявання, змрочна блішчаць з-пад сабалінай шапкі з дыямантавым гузам велічынёй ледзь не з кулак Людзі магнацкія паўсюль, гайдукі, венгрыкі. Злосна шчэрацца. І таксама зброю не пакінулі за дзвярыма судовай залы, як належала, і рукі ад дзяржальнаў не адліпаюць
Пранціш адчуў, як шыла пад рабром: змова! Патрапіў абцас у смалу І світа з трох гайдукоў капаніцкіх не выратуе. Ніводнага добрага знаёмца, а хто ёсць са знаёмых, альбо вочы хаваюць, альбо глядзяць нахабна, чакаючы, калі з суддзі звараць булён.
Пачалося агучванне справы. І Вырвіч вушам не верыў. Малодшую дачку канюшага, паненку Праксэду Брастоўскую, знайшлі забітай на Плябанскіх Млынах у Менску. Ахвяра была страшэнна здратаваная і кінутая ў Свіслач.
Вырвіч пачаў прыпамінаць усё, што ведаў пра падскарбія літоўскага: здаецца, жанаты з Багінскай, ваевадзянкай Трокскай, і дачка ёсць, Барбара Адкуль узялася яшчэ адна дачка?
Далей яшчэ дзіўней.
Аказваецца, паненка з дому ўцякла два гады таму, і сляды зацярушыліся. Паколькі вызначалася дзяўчына сціпласцю і пабожнасцю (на гэтым дакладчык асабліва настойваў, лісліва паглядаючы на насупленага пана), падазравалі чарадзейства альбо прымус.
І не памыліліся.
Падскарбічанку падманам звезлі і зрабілі прыслугай. Ганьба якая! Змусілі даглядаць хворых у шпіталі, шалупонь усялякую, ды рыхтаваць лекі, да такога рамяства іначай як пад ачмурэннем высакародная паненка не сышла б А калі дзяўчына паспрабавала ўцячы, чарнакніжнік, на якога няшчасная працавала, яе дагнаў і акрутна забіў.
А вось і злачынец
Цяжкія дубовыя дзверы расчыніліся з несамавітым грукатам. Пранцішу здалося, што ён патрапіў ці ў начны блёкат, ці ў кепскі тэатр. Да месца падсуднага валаклі Лёдніка.
Калі б Вырвіч не ведаў таго так добра, дык убачыў бы змрочнага фанабэрыстага тыпуса, з якога нат штуршкі вартавых не могуць гонар збіць. Але Пранціш ясна заўважаў, што доктар разгублены.
Страшэнна, як ніколі, разгублены, хоць і захоўвае ганарыстую міну.
Здаецца, Бутрыма пакуль не збівалі. Толькі на бялюткім манжэце, што выглядаў з-пад рукава чорнага сурдута, нейкі цёмны пісяг.
Застаецца спадзявацца, што не кроў.
Кепска, што Бутрым у нямецкім строі. Цяпер гэта расцэняць як пагарду да шляхецкіх звычаяў. Сёння нат тыя, хто нядаўна заказваў з Парыжа пудраныя парыкі, паўздзявалі бацькавы кунтушы ды жупаны. І чым больш паношаны жупан, тым зараз ганаровей: памяць продкаў беражэцца! Патрыёты праз дзедавы боты
Праўда, Брастоўскіпрыхільнік Фаміліі, барскіх канфедэратаў знішчаў з усёй жорсткасцю Юнацтва правёў у каралеўскім нямецкім палку, і сармацкія традыцыі парушаў лёгка, бо, відаць, уважаў за дзікунства. Тое, што ён сёння ў сармацкім строі, таксама дэманстрацыя: нобіль прыехаў спаганяць з бязроднага крыўдзіцеля!
Лёднік сустрэўся поглядам з суддзёй і нават не вельмі здзівіўся, што судзіць яго пакліканы былы вучань. Толькі губу прыкусіў.
Далейшае нагадвала добра разыграны спектакль. Сведкі адзін за адным, хто баязліва, хто лісліва паглядаючы на змрочнага вялікага канюшага, распавядалі, як злачынны доктар віхрам уварваўся на кані ў Менск, вядома, даганяючы ахвяру. Як ля месца забойства бачылі падазроную постаць: высокі, у цёмным Самае галоўнаеу валізцы Чорнага Доктара знайшлі скрываўлены срэбны медальён, які належаў паненцы Брастоўскай.
Зачыталі і ліст з Гародні ад нейкага пісарчука, які сведчыў пра ганебную прымусовую працу паненкі на карысць злачынцы і яе няздольнасць уцячы, бо знаходзілася пад чарамі.
Для чаго доктару спатрэбілася скрадаць настолькі высакародную асобу, каб змусіць прымаць роды ў мяшчанак, нікога не цікавіла.
Не атрымаў уцямнага адказу і Пранціш. Ён выдатна памятаў панну Праксэду, якая і праўда дапамагала пані Саламеі і Лёдніку ў справах медычных і нат жыла ў іх гарадзенскім доме, з ласкі каралеўскае вылучаным, і не як прыслуга, а хутчэй як прыёмная дачка. Дырба такая, вышэй за Пранціша да крыўднага, хаця тварык нічога. Вырвіч яе пабойваўся: гаворыць мала, але позірк шэрых вачэй пранізлівы, не раўнуючы як у Лёдніка. Той усё бедаваў, што разумніца Праксэда жаночага полу, ва ўніверсітэты не пашлеш. А такі дыстынгнаваны навуковец атрымаўся б! Не, ніяк не падобная была панна да спешчанай магнацкай дачкі, і тым болей да нявольніцы.
Найбольш палохалі не крыкі ахвочых прытаптаць Чорнага Доктара ў зямельку, а маўчанне Брастоўскага. Той не варушыўся і не адводзіў вачэй ад забойцы. Нат на расповед таго пра акалічнасці зяўлення панны Праксэды ў доме Лёднікаўхворай, зняможанай, без граша ў кішэнініяк не адгукнуўся.
Баўтрамей прысягаў, што нічога не ведаў пра паходжанне паненкі. Што гвалтам яе не трымалі. Жыццё адратавалі. Што не мае дачынення да яе смерці Ды хто яго слухаў? Дый пана суддзю таксама. Гарлалі, як на элекцыйным сойме. Падкінуты ў валізу доктара медальён забітай дэманстравалі на вялікім блюдзе з такім задавальненнем, як, прабач, Госпадзе, запэцканую прасціну пасля першай шлюбнай ночы. Дзякуй богу, што пра пані Саламею не згадвалі!
Смерць! Асудзіць на горла!
Пан суддзя, як мог, перакрыкваў натоўп, нагадваючы пра нестыкоўкі ў справе і нат відавочныя дурноты, пра тое, што падсудны віны не прызнаў.
Як супраць ветру плявацца.
Дык пан суддзя адмаўляецца выносіць справядлівы прысуд акрутнаму забойцу і чарадзею?
Маладзенькі шляхціц з вусікамі, што нагадвалі дзве вышчыпаныя з кудзелі шматочкі, верашчаў, ажно Брастоўскі паморшчыўся. Пранцішу самому давялося напружыць голас:
Я шмат гадоў ведаю пана Баўтрамея Лёдніка. Магу прысягнуць, што ён не здольны на такое злачынства. Нагадаю, панове, што тры гады таму ён выйграў тут жа, на пляцы ля ратушы, ардалію, Божы суд! Магу засведчыць, што панна Праксэда Брастоўская рабіла ўсё па добрай волі і авалодвала справай медычнай з хрысціянскіх пабуджэнняў У мінулы аўторак пан Лёднік гасцяваў у мяне, у Капанічах, і ніякай паненкі не пераследваў
Саўдзельнік! Схізматык! Ганьба!
Пранціш разумеў, што менавіта на ягоную адмову асудзіць сябра і разлічвалі. Тут жа ў падсудка знайшоўся ліст ад пана войта Юзэфа Радзівіла. За неадпаведныя дзеянні пан суддзя менскі Пранціш Вырвіч пазбаўляецца сваёй пасады, і на ягонае месца прызначаецца
Вырвіч нат не расчуў, хто менавіта пасуне яго з судзейскага крэсла, за ўхвальным ровам натоўпу. Новы суддзя тут жа абявіўся, варушачы, як жук, чорнымі вусамі, і няправедны суд прадоўжыўся Але зараз жа і скончыўся, калі загаварыў нарэшце ягамосць падскарбій вялікі літоўскі Брастоўскі. Вырвіч, якога, дзякуючы ягоным гайдукам з Капаніч, з залы не вытурылі, толькі да сцяны адсунулі, зноў вушам уласным не верыў. Падскарбій уладна запатрабаваў, каб забойцу дачкі аддалі пад ягоную юрысдыкцыю, як старосты ашмянскага, ён якраз збіраецца ў Ашмяны, вось і збярэ гродскі суд.
І каб быў Лёднік радавітым, успомніў бы хтось пра недатыкальнасць шляхціца, роўнасць усіх паноў-братоў і святасць Статутубо дапусці прэцэдэнт, гэтак любога вораг зможа забраць у сваю вотчыну на расправу Але Баўтрамей Лёднік быў бязродным, што ўмудрыўся ўкруціцца ў давер да каранаваных асобаў, і вось ужо яго выводзяць воі Брастоўскага І паблісквае абыякава вечаровае сонца, што здолела прабіцца праз пыльнае ваконнае шкло, на залатых галунах ды аголеных шаблях
Дарэмна Вырвіч крычаў пра каралеўскі Трыбунал, які толькі і мае права асудзіць шляхціца Дарэмна, успомніўшы, што пан Брастоўскі жанаты з сястрой князя Міхала Багінскага, нагадваў пра сваяцтва: жонка Пранціша, Дамініка з Гараўскіх, была дачкой зводнай сястры князя. Брастоўскі толькі злосна ашчэрыўся
Традыцыі для пана заканчваліся дыяментавым гузам на шапцы.
Чорны Доктар паспеў прагаварыць да Вырвіча, калі той прабіўся да яго бліжэй:
Прыглядзі за маёй сямёй Алеся забяры
Вось так Вырвіч і паехаў у Вільню.
Да першай прыдарожнай карчмы, дзе яны з Аляксандрам Лёднікам збіраліся ночыць, яшчэ заставалася вёрст дзесяць. Хмары ляцелі ў бок Менска, падабраўшы шэрыя фальбоны, быццам спазняліся да пачатку нябеснай асамблеі
Алесь выцер з твару восеньскі дождж.
Хтосьці дапаможа?
З сядзельнай сумкі малодшага Лёдніка несамавіта высоўваў бліскучы нос мікраскоп.
Вырвіч і без павелічальнага шкла бачыў бяду.
Кароль рады Бутрыма з жыцця вытрасці, як каменьчык з бота. Тызенгаўз супраць не папрэ, Жылібер сведчыцьадразу пачаў пра Бутрыма рэзка адзывацца. Сам Жылібер спачувае, але што ён зробіць
На прыдарожным крыжы вісеў абраз, пасечаны нечай шабляй. Засталося адно цёмнае сумнае вока
А бацька жывы яшчэ?
Вырвіч і сам хацеў бы пэўнасціці мала няшчасных павісала ў петлях ды палівала крывёй шыбеніцы ў дварах магнацкіх палацаў
Суд яшчэ мусіць быць.
Самому б у гэта верыць.
А што, калі Да расейскай царыцы звярнуцца?
Вырвіч скасавурыўся на Алеся: наколькі шмат ён ведае пра стасункі бацькі і імператрыцы? Паколькі хлопец адвярнуўся і пачырванеўведае досыць.
І ў такім бядотным становішчы можна было і да царыцы Калі б мудры ганарысты Бутрым, які паставіў за мэту быць незалежным ад ласкі вяльможнай, якраз напярэдадні не спаліў сабе і гэты мастокпра што Вырвіч з расчараваннем даведаўся толькі пасля суда. Імператрыца пажадала пачуць, як дзейнічае Адукацыйная камісія, як працуе ў Гародні медычная школка У дэлегацыю, што мусіла пра гэта дакласці, згодна негалоснаму манаршаму распараджэнню, належала ўключыць прафесара Баўтрамея Лёдніка. А той упёрся Не варты, этыкету не навучаны, радаводам не выйшаў Ясна, што дзеля спакою каханай Саламеі ў вязніцу пойдзе за аслушэнстваале не дасць новай падставы брудным чуткам. Ніякіх больш палацаў і імператрыцаў
Панятоўскі дык толькі ўсцешыўся. Але ў Санкт-Пецярбургу ганарыстага доктара кляйном адпаведным пазначылі.
Я не паеду дадому.
Алесь Лёднік упарта падціскаў вусны. У глыбокай калюжыне ад сялянскіх калёс люстравалася неба падзеленай краіны.
Я з панам Вырвічаму Ашмяны.
Вох, які водар у старой прыдарожнай карчме, каб вы, дабрадзеі, ведалі! Ніводзін парыжскі парфумер не накалбоціць такой раскошы. Часнок, згорклае сала, кіслая капуста, тлушч, у якім смажылася не адно пакаленне каўбасак, можа, яшчэ з часоў Саса, гнілое сена. Плысці можна ў такім водары! У сціплую пабудову пад назвай «Эльдарада», чые шэрыя драўляныя скабы аж раздзімаліся ад напругі, шляхты набілася, як тых канкістадораў у карабель, што нясе да залатога горада. І шарачкі, што ганарыста выстаўлялі на пагляд захаваныя каштоўнасціу каго сыгнет, у каго зыркі, як вясёлка, дзядоўскі паяс ці дыяментавы гуз на пабітай моллю шапцы Кулялі чаркі і некалькі асобаў у дыхтоўных саетах.
Пюць піва мястэчкі,
Пюць піва і вёскі,
І паньства статэчна,
І люд вельмі просты,
Пе піва і худы,
Пе піва і тлусты,
І дзед сіваброды,
І хлопак бязвусы.
Музыкі былі не зусім сабе карчомныяу аднаго, вышэйшага, чарнавусага, у чырвонай світцы і сінім сукмане, мандаліна, у другога, маладзейшага і шчуплага, у блазенскім зялёным каптане з жоўтымі клінаміскрыпка, а на шапцы цэлы пук паўлінавых пёраў. Гралі-спявалі шалапуты «з каленцамі», мудрагеліста, відавочна звыкшы ўпрыгожваць слых уладальнікаў маёнткаў. Той, што з мандалінай, яшчэ ўмудраўся нагой кіраваць механічным барабанам з талеркамі, каб шляхетны слухач, нат адужаны Бахусам, не заснуў канчаткова і пад вясёлы грукат хоць шэлег ламаны адшкадаваў менестрэлям.