Вырвіч зарагатаў: так смешна агучваў Міхаська неверагодныя прапановы! Адразу ўспомнілася, як яны разам прыдумлялі страшныя клятвы, якія мусіў даваць кожны чалец іхняй банды ў калегіюме. Уласныя зубы ў бот ссыпаць, пячонку змеям скарміць. Ну, Дамініку ў любым выпадку ўмешваць сюды нельга. I з хамутом на шыі нават жартам сябе ўявіць немажліва. Вось Лёднік з ягонай злавеснай поснай фізіяноміяй, які раздае картыгэта смешна!
Пранціш адсёрбнуў віна. У вушах шумела. Ну, давай, Фартуна, дары сваю ўсмешку! Жалуды і кубкі на картах мітусіліся, як мурашкі.
Ну што ж, пан Вырвіч, мы ўжо і так загуляліся занадта Панам Факльштайну ды Пшадзецкаму час дамоў. Не сумняюся, што пан трымае слова і гонар шляхецкі шануе. Ці не так?
Вырвіч мыкнуў у пацверджанне.
А нараніцу і зясавалася наконт гонару і слова. Аказваецца, Вырвіч прайграў учора ў карты год працы Лёдніка ў гэтым гульнявым доме, у заклад ста тысяч злотых.
Не, усё не так жорстка, не ў якасці прыслугі і тым больш вязня. Пан Лёднік проста стане асабістым памочнікам графа Лудуса, паселіцца ў найлепшых пакоях і нават займее працэнт ад даходу. А тады, як рассмакуецца, сам не захоча гэтую справу кідаць. Мільянерам станез ягонымі здольнасцямі!
Пранціш глядзеў на вясёлага гаваркога Міхася Міцкевіча, які распісваў перспектывы доктара ў гульнявой справе, галава гула, як разгайданы звон, і хацелася праваліцца скрозь паркетную падлогу, а тады яшчэ ніжэй. Бо побач стаяў Баўтрамей Лёднік, і перавесці на яго вочы было страшна.
Вырвіч, вы што, мяне ў карты прайгралі?
Пранціш спрабаваў аднеквацца. Але тут жа зявіліся ўчорашнія напарнікі па гульні і ўсчалі вэрхал пра святасць картачнага доўгу.
Вядома, Лёднік мог адмовіцца расплачвацца за сябра. Тады таму належала здабыць сто тысяч злотых, што была сума проста фантастычная. Адмовіцца выплаціць такі доўгганьба, усё роўна, як пабаяцца пайсці на двубой. Уся шляхецкая грамада адвернецца, у дамы не пусцяць. Даўжніка маглі аддаць пад суд, забраць усю маёмасць.
Некаторыя ў такіх выпадках страляліся.
Міхась, ды нашто табе Бутрым?
Граф Лудус таямніча ўсміхнуўся і перайшоў на шэпт:
Я ніяк не магу ўпусціць чалавека, які адным поглядам здольны кіраваць шарыкам рулеткі.
Вось жа, адгукнулася недарэчная Лёднікава міласэрнасць!
Думаю, доктар, вы і карты з лёгкасцю адгадваеце.
Лёднік сціснуў зубы, прасіпеў.
Паверце, граф, вы б не хацелі пазнаёміцца з усімі маімі здольнасцямі.
Выгляд у Лёдніка быў злавесны, але граф Лудус не спалохаўся ні на каліва.
Што вы чалавек небяспечны, пан Лёднік, не сумняюся. Чуў я пра аднаго Чорнага Доктара, якога ў Менску асудзілі за забойства дзяўчыны.
А вось гэта ўжо кепска. I тут наперад выйшаў Алесь Лёднік.
Вашыямосці, дазвольце ўдакладніць. Наколькі я разумею, фармулёўка была наступная: «Пан Лёднік мусіць год дапамагаць графу Лудусу ў гульнявым доме». Так ці не? Вы пацверджваеце кожнае слова?
Прысутныя заківалі.
Выдатна! Япан Лёднік, і я застаюся на год у доме графа.
Вырвічаў аднакласнік разгубіўся. Сапраўды, не прычэпішся. Але нашто яму гэты смаркач? Хіба што і ён. Алесь цвёрда зазначыў:
Мушу расчараваць, я не ўспадчынніў здольнасць да магіі. I картаў у руках нават не трымаў. Так што не ведаю, як вы мяне скарыстаеце, граф.
Пана Аляксандра нельга скарыстоўваць! Ён рыцар!
I Рэгінка выскачыла са сваёй абаронай, кулачкі сціснула.
I, дарэчы, я таксама. пан Лёднік! Антоній Лёднік! Можа, вы мяне ў карты выйгралі?
Вырвіч глыбока ўздыхнуў. Што ж, за свае хібы трэба адказваць самому.
Спыняем гэты фарс. Мой пройгрыш. Я афіцыйна абяўляю сябе банкротам, бо не ў змозе расплаціцца. I гатовы за гэта ісці ў турму. Давай, Міхась, выклікай варту.
Граф Лудус злосна ашчэрыўся. Цяпер Пранціш бачыў, як мала ў тым засталося ад колішняга пракудлівага Міхаські.
Калі вы так настойваеце, пан Вырвіч.
Далібог, адправіць у вязніцу. Больш за тоезгноіць там. Пакуль не адсудзіць дзеля выплаты святога картачнага доўгу ўсю маёмасць, і Вырвіча, і ягоных сваякоў. Воўк, і законы ваўчыныя.
Давайце сыграем з вамі, граф. Вы ставіце доўг пана Вырвіча, ягод свайго жыцця.
Лёднік не выказваў ні гневу, ні злосці. Ён быў спакойны і засяроджаны. Нават расслаблены. Як заўсёды перад двубоем.
Пан Міцкевіч ледзь стрымаў пераможную ўсмешку.
Ну, за рулетку я з вамі не стану. Косткі? Баюся, вы з імі можаце тое ж, што з шарыкам рулеткі. Карты.
Доктар ганарыста ўскінуў галаву:
У карты не гуляюбо пакляўся.
Вырвіч, і праўда, не мог прыпомніць, каб Бутрым трымаў у руках карты ці косткі. У Лондане замест гульнявога дому доктар пайшоў у байцоўскі клуб, супраць бандзюганаў біўся, калі спатрэбіліся сродкі на выкуп лабараторыі доктара Дзі. А ў рулетцы сапраўды, кіруючы шарыкам, можна мільёны наварыць. Але калі змагацца без магіі. Граф Лудус, мяркуючы па ўсім, майстар найвышэйшы. Куды Бутрыму супраць яго?
Застаецца більярд. са знарочыстым сумнівам прагаварыў граф. Гэта не грэх, гэта амаль што фехтаванне. Вы ўмееце гуляць у більярд, пан Лёднік?
Бутрым не змяніўся ні рысачкай.
Калі вы нагадаеце мне правілы, думаю, прыпомню.
Вырвіч ажно ў валасы ўчапіўся.
Глядзі ж, Лёднік, без твайго штукарства. Як пабачу, што шар коціцца не ў той бок, а я пабачу гэта, не сумнявайся, атрымаеш пяро пад скабы.
Вочы Міхася Міцкевіча гарэлі нейкім жоўтым агнём: усё-ткі гульня была ягонай жарсцю, а тут чакалася адметная баталія.
У пакой з більярдным сталом адразу ж набілася народу. «Сам граф будзе іграць!», «Лудус за кій бярэцца!» Пра ягонага суперніка распытвалі з паблажлівай шкадобай. Яго прадставілі як пана Айсманагэта была старая мянушка Бутрыма. Пранціш, які і без таго адчуваў сябе вінаватым, быў у адчаі: ці ж выйграеш у логвішчы шалбера! Вунь Пане Каханку прыдумаў у Нясвіжы якое штукарства: у пакоі з більярдным сталомрухомая падлога. Калі супернік Радзівіла прыцэльваўся, слугі пераходзілі на адзін бок пакоя, падлога нахілялася, і цэліцца трапна было немагчыма.
Між тым Чорны Доктар няўважна слухаў, як яму ахвотныя тлумачаць правілы гульні. Дзіўна, паненка Рэгінка звонка сакатала з веданнем справы: падобна, пан Гервасій Агалінскі дачушку і да більярда прывучыў. Бедны малы Штакельберг, ну і жонку ён атрымае праз гады, калі яму не пашанцуе адмяніць шлюб!
Бутрым скінуў каптан, застаўшыся ў адной кашулі, і нават рукавы падгарнуў. Той-сёй з цікаўнасцю ківаў на рукі доктарадалоні ўпрыгожвалі шнары, нібыта іх калісьці прабілі цвікамі. Пану Айсману дазволілі на спробу трохі паарудаваць кіем. Гледачы гучна каментавалі памылкіне так трымае, не так цэліць. Праўда, няўклюдным прасцяком Бутрым не выглядаў: высокі, жылісты, гнуткі, нават з-пад маскі відацьдзюбаносы, сапраўдны драпежнік. Граф Лудус толькі ўсміхаўся паблажліва.
Нарэшце доктар кіўнуў, што гатовы. Граф вытанчаным рухам нахіліўся над сталом. Шары пакаціліся па зялёным сукне.
Ён можа так усе і загнаць у лузы адзін за адным, не даць суперніку нат ударыць. з захапленнем прагаварылі за спінай Пранціша.
Але граф, відаць, вырашыў пакрасавацца, дазволіць Лёдніку праявіць няўмельства. I шырокім жэстам паказаў: ну, давай, даражэнькі. Бачыш, я табе нават ход саступаю!
Усмешкі, аднак, вельмі хутка з твараў пазнікалі. Доктар метадычна біў, нібыта перацякаючы з месца на месца, шары падалі дакладненька.
На некалькі імгненняў доктар застыў на месцы.
К-курва!
Каржакаваты спадар, які прысунуўся да Лёдніка, раптам з лаянкай паваліўся на спіну. Вырвіч паспеў краем вока заўважыць, як перад гэтым Рэгінка падскочыла і з усяе моцы падбіла мацака пад калена. Ля правай рукі пана па паркеце зазвінеў доўгі стылет.
Граф злосна ашчэрыўся на паваленага хлапчыскай, і таго звалаклі:
Кеп няшчасны!
Лёднік не зважаў на інцыдэнт, зноў працягваў рухацца хутка і метадычна. Стук! Стук! Стук! Ягоная кашуля, справа на паясніцы, была парэзаная.
Вырвіч зараз жа заняў пазіцыю за спінай доктара, перасоўваючыся разам з ім. Алесь прыпыніў слугу, які ўпарта соваў гульцу кавалак крэйды на срэбным падносе, схапіў тую крэйду, памацаў і схаваў у кішэню, шапнуў Вырвічу:
Мылам намазана.
Стук! Стук!
Лёднік заканчваў партыю. Але апошнія шары раскаціліся неяк вельмі няўдалаі вельмі нечакана. Рэгінка тузанула Вырвіча за рукаў:
Вунь той дзядзька сунуў руку пад стол, націснуў, і шары ўбок пайшлі.
Вось халера! Граф Лудус выскаліўсяну дакладна воўк. Лёднік трохі падумаў, нешта павылічваў. Прыцэліўся.
Гэта сапраўды было падобна да магіі. Шар закруціўся ваўчком, пайшоў неяк па дузе.
Міхась Міцкевіч, былы шкаляр менскага езуіцкага калегіюма, моўчкі глядзеў на пусты зялёны стол, і вось цяпер Вырвіч яго пазнаваў. Гэтак жа сябрук выглядаў, калі настаўнік адабраў ягоныя ўлюбёныя астрагалы.
Публіка была ў захапленні. Пляскалі ў ладкі. Перагаворваліся, пераводзячы позірк з графа Лудуса на пана Айсмана. Людцам заўсёды ў радасць, калі хтось занадта ўмелы атрымлівае па носе, і графа ніхто не шкадаваў.
Пранціш паправіў змакрэлую аксамітную маску на твары і пакляўся сабе, што ніколі не возьме ў рукі карты.
Прынамсі, пасля таго, як выпе.
Больш бутэлькі.
А гаварыў, што гуляць не ўмееш.
У мяне была бурлівая маладосць, меланхалічна прагаварыў Лёднік, апранаючы каптан. У Лондане я хадзіў у адзін клуб пры Медычным таварыстве. Там быў такі маркёр, Джон Дзью, ён яшчэ пасля трактат напісаў пра майстэрства гульні ў більярд. Яно сапраўды блізкае з фехтаваннем. Займаўся са мною. Але я праўду казаўне гуляў даўно, сучасных правілаў мог не ведаць.
Пазёр.
Трэба было ўцякаць, пакуль раззлаваны ўшчэнт граф не прыдумаў якой помсты.
Ля ганка пахістваўся светлавалосы юнак у расшпіленым камзоле, ягоныя вочы былі чырвоныя і запухлыя ад недасыпу, слёз і віна. Камяк бруду паляцеў у спіну Лёдніка:
Здраднікі! Знішчылі Польшу, цяпер балююць!
Прайграўся ўшчэнт і адразу стаў патрыётам.
Колы брычкі падскоквалі на брукаванцы. Вінаваты Пранціш маўкліва сядзеў за фурмана. Дзесьці раставалі прывіды палаца, карэты і вёскі.
Дзякую, сын.
За спінай Вырвіча Лёднік абняў Алеся.
Ты ж тое самае для мяне рабіў. Але ў нас ёсць сапраўдны герой. Гераіня!
Чорны Доктар павярнуўся ў другі бок і пачціва пацалаваў руку паненкі:
Вы выратавалі мне жыццё, панна Рэгіна! Я вам абавязаны.
Яе вусны, вечна ўсмешлівыя, дрыжэлі.
Ён мог забіць вас, пан магік. I мяне.
Лёднік абняў дзяўчынку, прытуліў: усё-ткі дзіця, усё-ткі спалохалася. Князёўна трохі пасапла ў плячо Чорнага Доктара, паўздыхала.
А вы за гэта падорыце мне кінжальчык, пан доктар-магік? I марцыпаны. Многа.
Раздзел сёмыЯК ВЫРВІЧ З ЛЁДНІКАМ АМЕРЫКАНЦА З КАЛОДЗЕЖА ДАСТАВАЛІ
Бліскучыя ў вечаровым змроку градзінкі балюча ўдарылі па тварах
У кожнай хавалася маленечкая цукерка, і каб Вырвіч быў вечна галодным менскім шкаляром, яму было б крыўдна, што столькі дабра падае ў чорныя воды канала.
Але кампанія ў дзіўных уборах і масках, стоячы на мосце, шчодра сыпала рогат і карнавальныя пачастункі на праплываючыя ў святле паходняў і зораў гандолы, падобныя да чорных стручкоў. Парцалянавыя абліччы дзівоснай і мёртвай прыгажосці А вунь дзюбатая застрашлівая маска Чумнога Доктара. Лёднік калісьці ў такой сапраўднай хадзіў, без блішчынак
Ragazzo! Sei un bel ragazzo!
Дамы ў масках махалі юнаму зграбнаму шляхціцу, што стаяў у гандоле, дзівячыся на горад, нават зоры над якімбыццам канфеці, шпурнутыя сюды гіганцкай рукой тысячагоддзі таму.
Сядзь, Алесь, а то зараз прыйдзецца з вады вылоўліваць А ў гэтых прыўкрасных каналах гніль ды смяццё, прабурчэў старэйшы пан, захутаны ў чорны плашч, у чорным капелюшы і простай паўмасцы з серабрыстай тканіны, якая не магла схаваць драпежнага носу і пагардлівых вуснаў.
Ды хопіць, Бутрым, лекцый Дай хлапцу вольным паветрам падыхаць!
Ладны пан у пунсовым уборы з залатымі галунамі і масцы Арлекіна з чырвона-сінімі пісягамі шырока ўсміхаўся. Яшчэ адзін пасажыр гандолы, хлопчык гадоў дзесяці ў залацістым гарнітурчыку з белымі карункамі весела лавіў канфеці і тут жа спрабаваў іх на смак, пускаючы абгорткі, як матылькоў, у чароўную ноч.
Гандальер у паласатай куртцы завёў саладзенькую песню. Пан у чорным плашчы штосьці сярдзіта прамовіў спеваку, той на пару імгненняў змоўк, абварыўшы чужынца пагардлівым позіркам, і зноў заспяваў, яшчэ грамчэй.
Да чаго бязглузды горад.
У Пранціша не было чым абвергнуць крыўднае для самага чароўнага горада свету вызначэнне. Сапраўды, тры дні як у Венецыі, а нічога не дабіліся. Да Пане Каханку не дабраццаразязджае па балях дзень і ноч. Самы шал карнавалу! Ні дожа, ні судовага, ні дробнага пісарчука Найсветлай Рэспублікі Серэнісіма не адловіш для сурёзнай гаворкі. Толькі і патрапілі, што схадзіць на пляц ля сабора Святога Марка ды падзівіцца на калоны. Пранціш змушаны быў прызнацца, што нат у шкалярскім юнацтве не ўскараскаўся б Затое паненка Агалінская заявіла, што ўзлазіла на куды вышэйшае дрэва сяквою, з вершаліны якога, як сцвярджаў ейны пан-бацька, ліцвінская зямля відаць. Размаўляла паненка зараз трохі прышэптваючы, бо за час падарожжа выпаў верхні зуб.
Леўвунь стаіць, на вяршыні слупа. Лёднік заявіў, што драпежніка перарабілі з паганскай хімеры. Ды няхай хімера А як дастаць? Тут жа, перад Палацам Дожаў, дзень і ноч варта. Нат карнавальныя хвалі аб гэтых малойцаў у мундзірах разбіваюцца. Бо дожыгэта не ліцвінскія магнаты, якія хаця б на словах шануюць адносіны «пане-браце». Ніводзін з іх, як Пане Каханку, з пянымі шляхцюкамі абдымацца не будзе. На іх простым смяротным толькі здалёк глядзець: ходзяць у сваіх высокіх дзіўных капелюшах, як жывыя помнікі, а вакол ахова.
І самае крыўднае, што пан Гервасій Агалінскі дзесь тут, у Палацы Дожаў з вытанчанымі каменнымі карункамі арак і калон. Не ў пакоі з пазалочанай ляпнінай, а ў адной з дзевятнаццаці жахлівых камер падземнай турмы Поццы, або Турмы калодзежаў. Пад самым дахам палацаПёмбі, Свінцовая вязніца. Але туды садзяць толькі дзяржаўных злачынцаў высокага палёту. А пана Гервасія здалі Трыбуналу, як звычайнага забойцу.
І без асабістай просьбы Караля Радзівіла, на якога нібыта рыхтаваў замах Агалінскі, у мясцовы Трыбунал не сунешся.
І вось чарнавусы пан Рысь са світы Пане Каханку, той самы, з-за чыйго ліста заварылася каша, паведаміў: ёсць шанец! Князь прыедзе з Мурана, з загараднага вясёлага дома ў тэатр. Трэба лавіць яго ў ложы.
Вось і слізгалі яны цяпер у гандоле па чорных каналах, пад гарбатымі мастамі, адным з якіх праводзяць вязняў у страшную венецыянскую турму.
«Аморэ! Аморэ!»
І кянці не трэба, каб апянець ад гэтых мігатлівых агнёў і звонкіх руладаў, ад рухавых таямнічых постацяў Каламбін і Смеральдзінці пацалунак атрымаеш, ці стылет пад скабы? Заваблівы жаночы смех растае ў вузкім, як сцежка да смерці, завулку, і так хочацца забыцца на ўсёі бегчы, даганяць кароткае карнавальнае шчасце-ачмурэнне Хай і вылавяць назаўтра тваё цела ў адным са смярдзючых каналаў незадаволеныя смеццярыда тваіх мёртвых вуснаў прыліпла шчаслівая ўсмешка, што ператвараецца паступова ў жаласны выскал Ніхто не зважыць на след ад каралавай памады, што не змыла марская вада з тваёй шчакі, як змыла з тваёй кашулі кроў. Ніхто не будзе шукаць, чый залацісты волас змяіцца між тваіх скурчаных пальцаў.
А ўладарка гэтага золата ўсё гэтак жа смяецца з-пад белай парцалянавай маскі на адным з гарбатых масткоў, і паказваецца з-пад чорнага аксаміту плашча вострая дзюбка серабрыстага туфліка
Чароўная і згубная, як найлепшае віно, Венецыя!
Ад Пане Каханку сапраўды за тры сажні патыхала віном. Ён, апрануты ў сармацкі стройсерабрысты жупан, гранатавы кунтуш, мусіць, і гузікі на жупане з тым жа надпісам«fiducia amicorum fortis», асунуўся ў выгодным фатэлі і драмаў, не зважаючы на позіркі.
А пазіралі на ягоную ложу ўвесь час: уладальнік шаснаццаці гарадоў з далёкай Сарматыі быў знакамітасцю. Хадзілі легенды, як на княскіх прыёмах жывыя верабі выляталі са шматпавярховых пірагоў, білі фантаны віна, замест напояў у кубках на сталах аказваліся залатыя манеты. Але стравы падаваліся такія тлустыя, цяжкія для страўніка, што толькі ў дзікай сармацкай краіне падобнае могуць есці.
Твар князя быў чырвоны, як і ягоная лысіна, а вочы не адплюшчваліся. Хаця на сцэне на ўсе засаўкі буялі жарсці, і чароўная Беатрычэ ніяк не магла зяднацца з адважным Фларында. У глыбіні ложы стаілася пышная пані, лена абмахваючыся веерамвідаць, мясцовая княская метрэса, бо Пане Каханку любіў такіх кабетаў, каб адной рукой не абхапіць. Мо таму жвавенькая Тэрэза Ржавуская не выклікала ў яго сімпатыі?