Ды нават тут, у Венецыі, трыста год таму інжынер Джавані дзі Фантана прапаноўваў падымаць людзей з дапамогай нагрэтага паветра, няўважна тлумачыў Лёднік. Пасля Франчэска Лана-Тэрцы хацеў скарыстаць для таго ж сферы з вакуумам. Ну, гэта бескарысна. А вось цяперашнія доследы Жака Шарля з рознымі газамі
Віват! Мы зробім паветранага змея! падскоквала на цвёрдай лаўцы італьянскай карчмы Рэгінка.
А Лёднік дастаў свой нататнік і давай штось крэсліць, пад пільнай і трохі раўнівай увагай сына. Ясна, хлапец улучыцца ў вынаходніцтва. Пан Гервасій жа, сумленны шляхціц, руды, адважны і прамы, як прадзедаўскі меч, дзіваваўся і піў з празрыстага сіняга келіха венецыянскае хмяльное пітво, радуючыся ў сэрцы сваім віну, сяброўству і мілай дачушцы.
Татуся, а мяне пан Пранціш замест ангельскай песні пра ром ліцвінскай навучыў:
Ад панядзелка да панядзелка
Дробны дождж ідзе.
Сабрала-ася бедна басота,
Ды гарэлку пе.
Князёўна выводзіла так старанна пранізлівым галасочкам, што госці па ўсёй карчме заазіраліся, ці не трэба каму сольда кінуць. Каб сціх.
Пем мы гарэ-элку,
Пем мы вішнёву,
Будзем піць віно-о.
А хто пры-ыдзе, з нас пасмяецца,
Будзем біць таго-о-о.
І пан Агалінскі зноў заперхаўся, небарака.
Раздзел восьмыЯК АЛЯКСАНДР ЛЁДНІК НАД ВЕНЕЦЫЯЙ ЛЁТАЎ
Ягамосць Караль Радзівіл біцца ў маладосці любіў. Тут галоўнае было майстэрства з боку прыдворныхпаддацца так, каб княжыч застаўся ва ўпэўненасці, што атрымаў годную вікторыю. Толькі пан Рысь, сын арганістага, калісьці ўсыпаў юнаму Каралю, калі пасварыліся ў двары нясвіжскага палаца з-за птушкі па імені паўлін. Чым, аднак, выклікаў сяброўства на ўсё жыццё.
Вось пан Гервасій Агалінскі прыхільнасць княскую страціў. Пане Каханку намагаўся не глядзець на былога альбанчыка, які застыў у нізкім паклоне побач з панамі Вырвічам і абодвума Лёднікамі.
Венецыянскі палац нясвіжскага ардыната быў раскошны, не горш, чым на радзіме. Карцін, статуймесца пустога на сценах няма, аж уваччу стракаціць ад антычных багінь. Князь узяў з залатога падноса цэлую жменю падсмажаных арэхаў і закінуў у рот. Тут жа клапатлівая рука лёкая паднесла пану келіх. Ясная рэч, залаты.
Ну, дзе рог святога Юрыя, пане каханку?
Фраза гучала трохі няўцямна з-за арэхаў у княскім роце.
Радзівіл з відочным задавальненнем выслухаў план неверагоднага паветранага прадстаўлення, пакруціў у руках чарцяжы:
Даўно я гэтых лодачнікаў не цвеліў! Давайце праз тыдзень балаган зладзьце, якраз нос падцяру пракуратару Андрэа Трону. Хто пойдзе на яго блазнаў глядзець, калі ў нас такое! Хваліўся, што пяць тысяч дукатаў на свята ў гонар свайго абрання даў, восем тысяч лір на адныя бісквіты, і ніхто яго не пераўзыдзе. Лодачнік! У іх, бачыце, законы такія, што дожам ганебна размаўляць з замежнікамі. Грэбуюць! Як ад чумы, уцякаюць! Грошай не шкадуйце, людзей наймайце не менш за сотню. Радзівіл дукатаў не лічыць! А хто ж птушкай у вас будзе?
Вочы князя гарэлі так, што было зразумела: сам гатовы паляцець, каб не камплекцыя ды не званне. Пане Каханку якраз любіў пра сябе сачыняць падобныя гісторыі: як на палове каня з бойкі ўцёк, васьміногага зайца ўпаляваў, з русалкай любошчамі займаўся, ад чаго селядцы нарадзіліся. А туту паветра ўзняцца!
Пан Агалінскі выпнуўся наперад, аддана ўпаў на калені на пухнаты персідскі дыван:
Я, вашамосць, гатовы!
На фізіяноміі пана можна было смажыць аладкі. Радзівіл толькі скоса зірнуў на нявернага альбанчыка, ад чаго той скіс, як забытае на сонцы малако.
Я прыдумаў, я і выпрабую на сабе, цвёрда заявіў Баўтрамей.
Вырвіч ведаў, што былы алхімік да гневу Саламеі ўсе свае вынаходніцтвы на сабе выпрабоўваў. Нават самыя небяспечныя ды атрутныя. А каб жонка больш не сварылася, мусіць, апошнія гады з дапамогай Праксэды з уласнага арганізма здзекаваўся. Не дзіва, што гэтак здружыліся з асістэнткай.
Літасціва прашу прабачыць маю дзёрзкасць, ваша княская мосць і пане-бацька, але я таксама браў удзел у прыдумцы, і я лягчэйшы, не менш цвёрда, хоць і ветліва, заявіў Аляксандр.
Князь махнуў рукой:
Самі вызначайцеся, каму на камяні гахнуцца. А што, пане каханку, ты ж алхімік? светлыя вочы князя з пачырванелымі бялкамі ўтаропіліся ў доктара. Можаш мяне ў тыглі перагнаць, а потым наноў адліць, каб я памаладзеў ды хваробаў пазбыўся?
Паспрабуй зразумей, сурёзна гаворыць, альбо блазнуе?
Я пакінуў алхімічныя штудыі, як і ўсялякія магічныя заняткі, вашамосць.
Баўтрамей перахрысціўся і пачціва схіліўся, але відаць па ўсім, напяўся, гатовы зноў плаціць за свае перакананні. Старэйшы брат пана Гервасія, чыім рабом Бутрым быў, цэлы год з яго скуру лупіў, спрабуючы змусіць складаць гараскопы, да чаго ў маладосці доктар быў вялікі майстар. І дарэмна. Але Радзівіл толькі пасміхнуўся:
Ну, тады давай лячы маю пячонку. Толькі калі, пане каханку, як іншыя мае эскулапы, запатрабуеш, каб я ні кроплі ў губу не браў, з лесвіцы паляціш без паветранага цмока.
І з крэхтам узняўся з фатэля, адпіхнуўшы рукі канфідэнтаў, што адразу пацягнуліся дапамагчы свайму сонейку.
Агляд і кансультацыя адбыліся ў княскай спальні, за зачыненымі дзвярыма. Вырвіч жа ў калідоры, пасярод дываноў і карцін з паўголымі німфамі радасна ўзважваў важкі мех з дукатамі, перададзены княскім прыдворным. Ды на такія грошы яны ўсю Венецыю ў паветра падымуць! Пан Гервасій Агалінскі, пакуль чакалі доктара, не сказаў ні слоўца. Па разгубленай фізіяноміі ясна: не можа паверыць, што князь-дабрадзей, з якім столькі келіхаў выпіта, такі з ім халодны. Алесь жа прыліп вачыма да адной з карцінаў: тры грацыі, ахутаныя празрыстымі вэлюмамі, круціліся ў манерным танцы вакол хударлявага дрэўца з рэдкімі лісцікамі. Грацыі ў параўнанні з насельніцамі іншых палотнаў былі худзенькімі, таму, мусіць, карціну, каб не абражаць густы гаспадара, сунулі між калонаў, у цень. Адна Грацыя, з мілым засяроджаным тварыкам і тонкімі рукамі, была так падобная да Праксэды.
Рэзкі боль у лытцы змусіў спыніць сузіранне. Князёўна Багінская-Агалінская ў вобразе наймалодшага Лёдніка сярдзіта лупілася, прыкусіўшы губу. А цяпер за што мілы анёлачак бецца?
Між тым вярнуўся старэйшы Лёднік з улюбёнай валізкай, спакойны такі, фанабэрысты. Галавой хітнуў: нармальна, маўляў, дагадзіў магнату. Але не паспела кампанія сысці, па паркетнай падлозе зацокалі абцасікі, нехта пыхкаў і сіпеў, даганяючы:
Сіньёр датторэ!
Таўсманая метрэса, якую яны бачылі ў княскай ложы, увенчаная высокім парыком, у якім гняздзілася цэлая зграйка штучных птушак, у неверагодна абёмнай белай сукенцы з карункаў і муару ўчапілася за Чорнага Доктара, быццам за самае дарагое ў жыцці. Залапатала, аддыхваючыся, ціха штось, ледзь пудра не сыпалася з пухлявых шчок. Пяшчотна пагладжвала пухленькай далікатнай ручкай доктарава плячо Пранціш з цяжкасцю адвёў вочы ад дэкальтэ сіньёры, якое нагадвала кошык са свежаспечанымі булкамі. Урэшце пані зрабіла спробу ўпасці на калені, і Лёднік пакорліва ўздыхнуў, кінуўшы сваім:
Пачакайце мяне, панове, на пляцы. Я мушу затрымацца.
Амерыканец праводзіў Баўтрамея не самым добрым позіркам. Пані вісла на худым доктары, як прасцірадла на штыкеціне. Да таго ж чаканне на пранізлівым ветры, паміж двух каменных ільвоў, толькі не тых, што трэба, не самая прыемная штука. Добра, у Венецыі поўна ўсялякіх арачак, калон ды порцікаў, куды можна зашыцца. Месцічы ходзяць, нешта балбочуць. А што? Хоць Пранціш, жывучы ў Лангедоку, італьянскую трохі засвоіў, у венецыянцаў аказалася свая, разумееш, мова. Джульета ў іх «Дзульета». Ды што там!
У Венецыі нат каляндар свой! Новы год у сакавіку спраўляюць. Поўнач тут наступае, калі сонца сядае. Абы не так, як ва ўсіх.
Калі доктар нарэшце вярнуўся, Агалінскі працадзіў скрозь зубы:
А цябе, Бутрым, усё гэтак жа цягне скакаць у ложкі радавітых чужых кабетаў.
Алесь ледзь не падскочыў ад абразлівых словаў, і ў ягоным позірку на бацьку адбілася не самае цёплае пачуццё. Бутрым не змяніўся ні рысачкай:
Выбачайце, панства, цяжкі пацыент.
Схіліўся да Рэгінкі:
Не змерзлі, паненка? Не аднеквайцеся, бачунос збялеў. У гатэлі зраблю вам адвар ад застуды, а то, як у Вене, будзеце тыдзень ляжаць у ложку з кашлем.
Толькі салодка рабіце, пан доктар-магік! павісла на руцэ Бутрыма Рэгінка, але Агалінскі сярдзіта адцягнуў дачку ад доктара, тая аж неўразумела заазіралася.
Ісці да гатэля трэба было праз тры крывыя мосцікі і чатыры засмечаныя пляцы. Пранціш дагнаў Бутрыма, які даўганогім чорным жоравам выдрыгваў паперадзе маўклівай кампаніі, насунуўшы на выбітны нос капялюш.
Ты, Бутрым, або назнарок людзей цвеліш, альбо сапраўды не разумееш, як твае ўчынкі можна трактаваць, Вырвіч раззлаваўся не на жарт. Што за гешэфты пад княскім носам з красунькай, якая на цябе так глядзіць, быццам вырашае, ці зжэрці, ці маліцца? Ад цябе цяпер ейнай парфумай смярдзіцьі вецер не ратуе.
Лёднік рэзка павярнуўся і спыніўся, ажно пан Агалінскі, які вёў за руку дачку, ледзь у яго не ўрэзаўся, як у слуп.
Я, спадарства, яшчэ ў юнацтве кіраваўся выслоўем, што аднолькава вартыя ўхвала ад годных і ганьба ад нягодных, і ніколі ні перад кім не апраўдваўся. Хочаце бачыць ува мне сусветнае зловаша права.
Голас гучаў халадней ветру, падобна, недавер блізкіх людзей закрануў Лёдніка больш, чым ён жадаў прызнаць.
Вам не прыйшло ў галаву, што я найпершдоктар, і калі да мяне звяртаюцца па дапамогу, мне ўсё адно, жабрак гэта, князь альбо княская фаварытка? І ёсць такая рэч, як лекарская таямніца. Мы не распавядаем пра хваробы пацыентаў, каб пацешыць цікавасць сяброў.
Ды якая ў такой хвароба? выгукнуў недаверліва пан Гервасій. Яе дупай цвікі можна забіваць.
Лёднік дакорліва перавёў позірк з пана на Рэгінкумаўляў, хіба пры малой такое рэкаць, хмыкнуў і зноў пакрочыў у напрамку гатэля, за ім пацягнулася ягоная банда.
Калі прыгажосць патрабуе ахвяраваць здароўемгэта ўжо не прыгажосць, нарэшце парушыў маўчанне былы алхімік, разумеючы, што ўсе чакаюць тлумачэнняў. Колькі я фурункулаў, што ўтварыліся ад велізарных парыкоў, залячыў! Звярталася і процьма дзяўчатак ды жанчынаў, у якіх ад тугіх гарсэтаў дэфармаваліся скабы. Былі выпадкі, калі рэбры ўпіваліся ва ўнутраныя органы. І ўжо, вядома, нармальныя цяжарнасць і роды часам былі проста немагчымыя.
А мяне ў Багінскіх змушалі насіць гарсэт! зараз жа абурана паскардзілася Рэгінка. Зацягвалі так, што не ўздыхнуць!
Дык вось, неахвотна працягваў Лёднік, у сіньёры Апалоніігэта яе сцэнічны псеўданім, праблема роўна адваротная. Але таго ж роду. Неяк яе пабачыў на сцэне пан Караль, упадабаў. Адзінае што, пабедаваўтрохі на ягоны густ худая. Іначай. Для сіньёры гэта быў бліскучы шанец. За тры тыдні паненка нагнала на сябе, можа, цэлы пуд тлушчу. Пане Каханку прыйшоў у захапленне. Асыпаў золатам, падарункамі, пасяліў у сябе. І вось два гады небарака імкнецца набраць паболей вагі і, не дай Гасподзь, не патанчэць. Не пытайцеся, якімі метадамі, і як адбілася на здароўі. Алебяда. Княскім дактарам прызнацца баіцца ў хворасцях. Да каго звярталася таемнарады не даюць. Пачала худнець. Вось і кінулася да мяне, начуўшыся ўсялякіх казак пра маё майстэрства. Хочацеверце, хочацене.
Я вам веру, пан доктар-магік! заявіла Рэгінка. І ніколі гарсэт насіць не буду! Мая пані маці не носіць, у куфры сукенкі з гарсэтамі трымае.
Вырвіч скасавурыўся: Алесь ішоў, апусціўшы галаву. Відаць было, што і сорамна за кепскія думкі пра бацьку, і прасіць прабачэння не хоча. Што ж, старэйшы Лёднік тая яшчэ паляндра. Як гэты прасталюдца ўмудраецца кіраваць ганарыстымі шляхцюкамі?
Вось, цягам тыдня, што рыхтаваліся да палёту за спадчынай Тарэла, неяк жа не пусціў пана Агалінскага ў тракцір «Грэцкі мост» хіба не адзінае месца, дзе можна ў Венецыі выпіць добрай гарэліцы. Там працавала дванаццаць перагонных кубоў, за празрыстае шчасце з кожнага з якіх пан Рысь пану Агалінскаму паручыўся. А хіба праўдзівы шляхціц можа задаволіць душу салодзенькім кіпрскім віном, што нагадвае кампот, альбо лікёрам з пялёсткаў ружаў ды апельсінаў?
Затое нат аскетычны Лёднік не змог не прызнаць, што золатавялікая сіла. Без княскіх дукатаў як за такі кароткі тэрмін зладзіць начны баль! Пяцэта, невялікая плошча ля Палаца Дожаў, што выходзіла на ўзбярэжную, нагадвала балота на Дзень усіх святых, калі, як вядома, запальваюцца балотныя агеньчыкі. Папяровыя ліхтарыкі, зробленыя па чарцяжах Баўтрамея сотнямі майстроў, свяціліся ў цемры прывіднымі сэрцайкамі, бо ў кожным гарэў маленечкі свяцільнік. Ліхтары былі розных памераў, адны з галуба, другія з фазана, а некалькі, з прамазанага клеем шоўкупроста гіганцкія, як карэта, да кожнага пачэпленыя смешныя лялькі ў карнавальных уборах, напханыя саломай. Адзін з такіх ліхтароў, у форме вялізнай гандолы, лунаў у некалькіх сажнях над плошчай, навязаны на канат. А на тым канаце гайдаўся Арлекіннаняты артыст. Ён дрыгаў рукамі і нагамі, выкрыкваў нешта смешнае, кідаўся ў публіку канфеці. А публікі! У карнавальную Венецыю зехалася ўся Еўропа. І паспрабуй адрозні, хто адкульадны Смеральдзіны, Перо, Каламбіны, Скарамуча, Пульчынелы ў масках. Фантастычнасць дадавалі феерверкі, якія час ад часу выбухалі на плошчы, ледзь не падпальваючы паветраныя шары і людзей.
Рыхтуйся, Алесь. напружана прамовіў высокі Прывід, увесь захутаны ў чорнае.
Маска Прывіда, альбо Баўты, была зладжаная такім чынам, што ніжняя частка адыходзіла ад твару, дазваляючы есці і піць, не здымаючы яе. А яшчэ пачварна скажала голас. Плашч Баўты развяваецца, чорны балахон захінае валасы. Самае то аблічча для Чорнага Доктара.
Алесь, таксама ў чорным, але апрануты, каб можна было зручна рухацца, трымаўся за канат яшчэ аднаго гіганцкага ліхтара ў выглядзе серабрыстай гандолы, які пагойдваўся на марскім ветры, напоўнены цёплым паветрам. Для надзейнасці на канаце была спецыяльная раменная пятля.
Ну чаму не я палячу? Я ж самая лёгкая! нудзела Рэгінка.
Агалінскі жа час ад часу, як адвергнуты закаханы, касавурыўся на ярка асветленую ложу ў будынку Пракурацыі, насупраць Палаца Дожаў. Там красаваўся князь Радзівіл у суправаджэнні світы.
Выбухнуў чарговы феерверк, і паветраная гандола ля калоны Святога Марка пайшла наверхрабочыя, як было дамоўлена, патроху адпускалі канат. Паколькі падымаліся адразу ўсе ліхтары на плошчы, ніхто асабліва не зважаў на цёмную фігуру пад адным з іх. Падумаеш! Вунь калі на кампанілузваніцу сабора Святога Марка ўздымаецца на вяроўках падобная гандола з адважным венецыянцам, вось тадывідовішча! Канатаходца, што ў гэты час вытылінгвае смяротна небяспечны танец на вяроўцы паміж балконамі Палаца Дожаў і Пракурацыі, над стракатай балбатлівай безданню Пяцэты, непараўнальна больш прыцягвае позіркаў. Да таго ж ля калон тоўпілася куды менш народу: тут, бліжэй да мора, было цямней і халадней, а месца між калонамі лічылася праклятым. Там стагоддзямі каралі злачынцаў, таму праўдзівы венецыянец нізавошта не пройдзе паміж гранітнымі слупамі.
Паветраная гандола роўненька прыляпілася да спіны каменнага льва, пагойдваючыся, быццам ад здзіўлення. Вось, як дамоўлена, уніз паляцела светлая аксамітная хустачка з загорнутым у яе каменьчыкам. Цяпер канат належыць замацаваць на патрэбнай вышыні.
Старэйшы Лёднік прыўзняў маску і выцер рукавом лоб. Як жа Алесь высока. Ледзь удалося ўламаць суровага доктара, каб дазволіў рызыкнуць сыну. Вось яшчэ адна светлая плямка паляцела на брукаванку. Няўжо ўдалося дабрацца да спадчыны святога Тарэла? Падобна, так.
Цяпер хутчэй цягнуць уніз.
Выбухнула адразу некалькі феерверкаў, і раптам усе ліхтары на плошчы павольна паплылі ўверх, адпушчаныя ў чорнае венецыянскае неба. Ранавата. Мусіць, Радзівіл даў знак. Людзі загарлалі «Віват!» Нейкі чужы Арлекін, пяна пагойдваючыся, прабягаў паўз калоны Святога Марка, заўважыў няправільнае: адзін вялізны ліхтар, замест каб узлунаць, апускаўся ўніз. Ці гэта была сапраўды пяная недарэчнасць, ці вынік змовыале Арлекін секануў палашом па канаце і пабег, губляючыся ў маскарадным моры. Чорны Доктар неверагодным скачком падкінуў сябе ўверх, але кончыкі пальцаў саслізнулі з абрэзанай вяроўкі.
Паветраная гандола не тое, каб адразу рынулася да зор, але ляцела дастаткова высока, каб не даць саскочыць. Вецер нёс яе ў бок пляца Сан-Марка. Баўтрамей і Пранціш кінуліся следам, расштурхваючы бязлітасна публіку. Агалінскі з Рэгінкай на плячах пёрся следам, як дрыгкант. Вырвіч краем вока заўважыў: некалькі чалавек таксама пераследавалі ліхтар. Які раптам згас, тузануўшыся. Яснаскеміў Алесь, усё ж спрытны хлопец, у татку, дабраўся да палаючай гарэлкі, загасіў. Цяпер паветра будзе патроху астываць, шар апусціцца. Вось камусьці прываліць шчасцецэлая гара добрага кітайскага шоўку! На ўсё жыццё хопіць насоўкі рабіць!