Між тым шчасце прывальвала за нейкі каменны плот, упрыгожаны ссохлым плюшчом. Менавіта туды, у дворык, апускаўся згаслы ліхтар з давескам у выглядзе дактаровіча. Дружны дзявочы віскат, які пачуўся з-за агароджы, змусіў Пранціша прыспешыцца. Чорны Доктар караскаўся на шурпатую сцяну ў белых плямах пабелкі, а Вырвіч штурхаў жалезную браму Вось табе напатрапіў Аляксандр Лёднік у адзін з дабрачынных прытулкаў для паненак пад назвай аспітале. Пра гэтыя ўстановы з захапленнем распавядаў Пранцішу пан Рысь. Тут пад прыглядам пачцівых мнішак венецыянскія паненкі вучыліся прыгожым навукам, і асабліва спяванню. Хоры выхаванак аспітале лічыліся найлепшым далікатэсам да любой урачыстасці. А для багатых сіньёраў, кшталту Радзівілааранжарэя юных кветачак на любы густ.
Не паспеў Алесь прызямліцца сярод паненак у цёмных манаскіх сукенках з белымі каўнерчыкамі.
Гэта да мяне! Ай, брава, якая смеласць!
Чаму гэта да цябе, лахудра? Гэта той малады сіньёр, які падміргваў мне ў касцёле!
Не табе, а мне!
Алеся схапілі дзясяткі пяшчотных тонкіх ручак:
Сіньёр, туды, туды, хавайцеся.
Гучны голас пані, якая тут, відаць, была за галоўную, дапытваўся, што за гармідар, што за смяццё валяецца пасярод двара, але юны ліцвін аказаўся засунуты ў драўляную нішу з краткамі, на шчацэ падсыхалі пацалункі.
Гэта нейкая карнавальная штука звалілася!
Відаць, паветраны змей, мадам!
Зноў крыкі, на гэты раз з мужчынскай лаянкай. Чорны Прывід злавесна выгукнуў:
Алесь, ты дзе?
Дактаровіч ледзь выламіўся са скрыні, куды яго засунулі міласэрныя венецыяначкі, што не стрымалі зараз расчараваных стогнаў.
Пан бацька, я тут!
Карціна вымалявалася, як на сцэне італьянскага тэатра. Невядома толькі, у духу Гоццы ці Гальдоні, вечных супернікаў. Відаць усё-ткі, Гоццы, прыхільніка казкі і маскі. Праз сцены лезлі іншыя персоны, хто ў касцюме Арлекіна, хто Панталонэ, на чыім хто баку, незразумела, але мэта ўсіх ясная: металёвы цыліндр, які Аляксандр Лёднік пяшчотна прыціскаў да грудзей. Іншай зброі ў пана не было.
Затое ў астатніх была.
Заліхвацкі свіст у чатыры пальцы засведчыў, што падбегла цяжкая кавалерыя ў асобе пана Агалінскага, і паненка Рэгіна заняла стратэгічна выгадную пазіцыю на версе сцяны. Ейны татухна натхнёна гарлаў:
Пасяку, сучыя дзеці! За Літву!
Але гэта была не Літва, а шалёная ноч венецыянскага карнавалу. Бліскалі шпагі, рапіры і шаблі, бліскалі зоры, паходні і феерверкі, бліскалі ўпрыгожванні ўбораў і масак, вішчэлі выхаванкі аспідале, то ад жаху, то ад захаплення.
Дай сюды, сыне!
Лёднік выхапіў у Алеся здабытае ў пашчы льва Святога Марка і, як запраўскі акрабат, ускараскаўся на чарапічны навес пад абразам Маці Божай над уваходам у адзін з будынкаў аспідале. Не зважаючы на варожы вір унізе, раскруціў цыліндр, дапамагаючы нажом. Дастаў адтуль нешта светлае. Пасунуўся бліжэй да лампады, якая асвятляла абраз. Старыя паперы. Знайшоў час чытаць! Вунь сын ягоны здабыў шпагу ды бецца адразу з двума.
Раптам глыбокі голас звона змусіў замерці сцэну. Гэта Чорны Доктар тузануў вяроўку маленькай званіцы, зладжанай над абразом.
Аueіrе vocem Dei! Legatum Santa Torello!
У Бутрыма голас таксама быў, калі трэба, пераканаўчы ды гучны. Лёднік зняў маску Прывіда і разгарнуў папяровы світак:
Перакладаю на лаціну. Verba Ecclesiastes filii David regis Hierusalem. Vanitas vanitatum dixit Ecclesiastes vanitas vanitatum omnia vanitas. Quid habet amplius homo de universo labore suo quod laborat sub sole, generatio praeterit et generatio advenit terra vero in aeternum stat.
Што такое? Гэта ж Эклезіяст. Біблія. «Марная марнасць, сказаў Эклезіяст, марная марнасць, усё марнасць! Якая карысць чалавеку ад усёй працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам? Пакаленне прыходзіць, і пакаленне сыходзіць, а зямля векавечна стаіць».
Шаноўныя прэтэндэнты на рог Ісуса Навіна, Святога Георгія, альбо што вы там сабе ўяўляеце! гукнуў Лёднік на чысцюткай лаціне, якую Пранціш усё-ткі засвоіў, як належала пііту. Вось гэта ён і ёсць, здабыты намі ў пашчы каменнага льва на калоне Святога Марка. Самая бясхібная, святая зброя, якая належыць усімі нікому з зямных уладароў. Світак, няма сумніву, рарытэт. Напісаны на старагабрэйскай, магчыма, у часы, калі Госпад наш хадзіў па зямлі. Менавіта яго і атрымаў святы Тарэла ад рымскага папы Іяана Дваццаць Трэцяга.
Што ты вярзеш? Гэта ж не труба! выгукнуў хтось на польскай мове.
У сімвалічным сэнсеменавіта шафар, святы рог. Сапраўдны вернік не можа не прызнаць, што Слова Божае здольнае рушыць сцены. Амін.
Лёднік перахрысціўся, пачціва паклаў паперу і футарал ад яе перад абразом і спрытна саскочыў на зямлю. Зараз жа з дзясятак малойцаў кінуліся караскацца па святыню. Бутрым падбег да сваіх:
Рушылі!
Чакай, і ўсё пакінем, дзеля чаго рызыкавалі? Можа, ты, Бутрым, добра не разгледзеў, і там якісь тайнапіс? сярдзіта азваўся расчараваны Пранціш.
І Алесь падціснуў вусны. Дзеля чаго над горадам на вяроўцы боўтаўся, як балванчык?
Што мы тут стаім ды назіраем? раззлаваўся пан Агалінскі. Панятоўскаму і світак ад міфічнага продка прыдаўся б!
Бутрым з горкай насмешкай паглядаў на бойку ў двары.
Прыдаўся б. Але ведаеце што, панове. Вам ёсць справа да таго, каму зараз спадчына пустэльніка дастанецца?
Абвёў вачыма абураных спадарожнікаў.
А мне неяк абыякава! Адзін аднога вартыя. Хай Гасподзь управіць, аб чым я і памалюся. О, вось ужо і ўправіў. Амін.
З купкі, што біліся за валоданне світкам, раздаўся расчараваны дзікі крык.
Я ж казаў, папірусу не менш як тысяча гадоў, меланхалічна прамовіў Лёднік. Як ён яшчэ ў мяне ў пальцах увесь не рассыпаўся. А вось тузанулі добраі рассыпаўся, спадарства. Пыл на вецер. І што з таго? Словы ж засталіся!
А вось цяпер уцякаем. змрочна прамовіў Пранціш, калі брама расчынілася, каб прапусціць гарадскую варту.
На маленькім пляцы, абкружаным шэрымі сляпымі дамамі, ліцвіны нарэшце прыпынілі бег. За імі ляцеў, на хаду здымаючы маску, шыракаплечы вусач, з тых, што біліся за шафар у двары аспідале.
Ну, і ўчынілі вы, панове-брацці! Пан Рысь не мог аддыхацца. Ледзь за вамі паспяваўто па небе леціце, то святынямі раскідваецеся.
Схіліўся, каб адперхацца.
Праклятыя венецыянцы, кругом мора, а вады пітной няма! Толькі цэбры жалезныя, каб дажджавую ваду збіраць. Ніводнага нармальнага калодзежа ці фантана.
Адпіў са сваёй біклажкі, абцёр чорныя вусы.
Нат не ведаю, што параіць. Я, вядома, пастараюся пана Караля суцешыць, распісаць, як Панятоўскі з трухой застаўся. І пані Апалонія дапаможавось жа зявілася ў цябе прыхільніца, доктар.
Лёднік уздыхнуў:
Усё ў волі Божай. І вам, пан Гервасій, з паннай Рэгінайна першы ж карабель, ды ў Амерыку. У Трыбунал лепей проста ліст дашліце пра незаконнае ўдачарэнне. А мы
Урачыста ўздзеў маску Прывіда і выгукнуў злавесна змененым голасам:
А мы вернемся і будзем шукаць панну Праксэду!
У Алеся ажно вочы падазрона заблішчэлі. Але сентыментальнічаць яму не далі. За рукаў настойліва тузалі:
Пан Аляксандр, а раскажыце, як вы ляцелі? Анёлаў бачылі? А можна яшчэ раз паўтарыць, каб і я з вамі паляцела?
А вакол шчэрыліся каменныя ды жалезныя львы. Ды не тыя, што верна захоўваюць святое слова, а зусім наадварот. У пашчы гэтых пачвар, што разіналіся ў сценах ля ўваходаў у важныя дзяржаўныя ўстановы ці храмы, добрасумленныя месцічы стагоддзямі кідалі даносы на сваіх суграмадзян ці падазроных прыхадняў.
Неадменна не адзін такі леў у бліжэйшы ж час праглынуў цыдулкі пільнікаў наконт блюзнерскіх дзікуноў, якія лётаюць у небе, падобна нячысцікам, бюцца разюшана, лаюцца непамысна і замыслілі штось супраць вялікай марской рэспублікі і ейных уладароў.
Так што прыхадням дужа пашанцавала. Першы ж карабель у Амерыку адыходзіў усяго праз тыдзень. На гэты тыдзень перабраліся на ўсялякі выпадак у іншы гатэль, зладжаны ў былым кляштары. Мяркуючы па ўсім, тут быў ордэн флагелянтаўдасюль на відным месцы з глыбокай пашанай дэманстраваліся прылады, з дапамогай якіх мніхі дагаджалі Госпаду: бізуны, розгі, тоўстыя вяроўкі з завязанымі вузламі, чорна-брунатныя ад бруду і, напэўна, засохлай крыві. Вырвічу так і мсціліся крыкі болю, калі клаўся ў даволі мяккі ложак, перасыпаны персідскім парашком вытворчасці Баўтрамея. Хаця вунь у Пане Каханку звычай ёсць: як прыязджае ў які кляштар, наймае самага тоўстага мніха, каб лупіў сябе ў выкупленне грахоў спачылага кумпана, пана Міхала Валадковіча. А іначай прывід Валадковіча ноччу ля ложка Пане Каханку стаіць.
Дарэчы, з Радзівілам. Прынамсі, не паслаў запраторыць у тую ж Поцы. Дужа задаволены застаўся ліхтарнай ноччу, палётам малодшага Лёдніка, ну і тым, што Цялок без рэліквіі. Яшчэ і шпегаў удалося вылічыць сярод прыдворных, якія кінуліся даганяць лётаючага ліцвіна і адбіраць у яго трубу.
Але за пару дзён перад адплыццём Агалінскіх Лёдніка ўсё-ткі выклікалі ў палац князя. Доктар прыхапіў сваю валізку і пайшоў адзін. Пранціш і Алесь змэнчыліся, чакаючы. Амерыканец змрочна дэкляраваў адкласці адезд, калі зноў доктара трэба будзе выцягваць са студні. І гідліва касавурыўся на маленькага кажана, якога Алесь Лёднік трымаў у далонях і няўважна дазваляў пагладжваць захопленай князёўне. Кажанчыка дактаровіч падабраў у двары аспітале (калі толькі ўмудрыўся?), і адпойваў малаком. Нельга ж гінуць жывой істоце.
Баўтрамей вярнуўся пад раніцу. У суправаджэнні двух радзівілаўскіх слуг, якія цягнулі і яго, і ягоную валізку. Пяны. Час ад часу падымаў доўгі палец угару і прамаўляў на лаціне: «Марная марнасць, і ўсё марна ў гэтым свеце». Белая маска Прывіда надавала словам значнасць і гудкасць.
Праспаўшыся, Лёднік збянтэжана буркатнуў пра магнатаў, якім немагчыма адмовіць. Значыць, усё-ткі пасядзеў з Пане Каханку за сталом. Наконт медычнай кансультацыі ўспаміны былі цьмяныя. Палез па кішэнях камзола, шукаць сваіх запісаў, і застыў са жменяй заціснутых у руцэ каштоўнасцяў, якімі былі напханыя кішэні. Залатыя ланцугі, маністы, сыкгнеты, дукаты.
Мяркуючы па ашаломленай фізіяноміі, Лёднік круціў у галаве думку: ці не зрабіўся па пяной справе злодзеем?
Зясавала дастаўленая цыдулка ад сіньёры Апалоніі, якую доктар учора таксама кансультаваў. Аказваецца, Пане Каханку, пабачыўшы, што нязвыклы да моцных напояў Чорны Доктар прыкладаецца галавой да стала, пашкадаваў эскулапа, якому дастаўся такі слабы арганізм, загадаў насыпаць яму ў кішэні вартую ўзнагароду і даставіць да жытла. У самалюбнага Лёдніка ажно чырвоныя плямы на бледных шчоках загарэліся, калі ўявіў, як спаборнічалі ў жартах над ім радзівілавы нахлебнікі.
Зрабіць Лёдніка прыдворным доктарам Радзівіл, аднак, не наважыўся. Сказаў, пабойваецца занадта вучонага слугі. Дый калі той піць не ўмее, яшчэ і пацыента адвучыць!
А вось яшчэ што паведамляла пышная Апалонія. Для Пане Каханку ўжо тры іерыхонскія трубы даставілі! А чаму не, калі князь хоча? Адну, якую здабылі нібыта проста з рук нябожчыка Тарэла, Пане Каханку выпрабаваў тут жа, за балявальным сталом. Праўда, паколькі доктар гэтага не чуў скрозь гарэлачны туман, іерыхонская труба аказалася слабаватая.
На прычале доўга абдымаліся. Рэгінка цмокнула ў шчаку і пана доктара магіка, і Пранціша. Пан Агалінскі пачырванелыя вочы выціраў. Хаця незразумела было, наколькі тыя слёзы выклікала расстанне са старымі сябрамі, а накольківенецыянская гарэліца, да якой альбанчык усё-ткі дабраўся.
Пан Гервасій быў душою ўжо не тут. Ён ірваўся да бяспутнай, але каханай жоначкі, а па-другоеваяваць з «англічашкамі» за вольнасць Амерыкі.
Рэгінка, у якой у кішэні сядзеў выпрашаны напярэдадні ў дактаровіча кажанчык, нарэшце звярнула ўвагу на Алеся:
Пан Аляксандр, чакаю вас праз шэсць гадоў.
Паненка цырымонна прысела ў рэверансе, што трохі недарэчна выглядала ў нагавіцах. Алесь разгубіўся:
З якой нагоды, вашамосць?
Ну як жа, мне будзе шаснаццаць Мае заручыны са Штакельбергам нядзейсныя, паколькі адбыліся без згоды майго пана-бацькі. Я буду вас чакаць, каб з вамі заручыцца.
Паненка глядзела ясным блакітным позіркамяна ж распавядала абсалютова зразумелыя і неабвержныя рэчы.
Першым адмёр пан Гервасій. Тузануў дачушку за руку:
Мы з табой пра гэта пазней пагаворым, вавёрачка.
І ледзь не бегма рушыў па хісткіх сходнях на карабель пад назвай «Каламбета», цягнучы за сабой усмешлівую вавёрачку з кажаном у кішэні і злосна зыркаючы цераз плячо на старэйшага Лёдніка.
І ўсе іерыхонскія трубы не маглі зруйнаваць той нябачнай сцяны, што зараз раздзеліць герояў.
Раздзел дзявятыУ ГОРАДЗЕ ПАЦУЧЫНАГА КАРАЛЯ
Па шэрай брукаванцы гулка цокалі капыты трох коней, рудога, гнядога ды варанога.
Каб яшчэ чацвёртага дадаць, дык гасцей мястэчка маглі прыняць за вершнікаў Апакаліпсіса.
Не таму, што выглядалі надта страшнане, звычайныя стамлёныя вандроўнікі. Блакітнавокі ладны дзяцюк, задумлівы чарнавокі юнак, такі ж чарнавокі сталы мужчына, хударлявы і ўладны, хіба што троху злавесны.
Проста мястэчка само нібыта чакала канца свету. Яшчэ не зусім звечарэла, а вузкія вуліцы пустыя, як дзіравы цэбар.
Вершаліны гор, што аточваюць горад, у тумане. Голыя дрэвы не могуць схаваць за шатамі панылыя краявіды, а снегу яшчэ няма. Дакладней, ёсць, але напалам з дажджом, адна макрыня ад яго. Цяжкія цёмныя аканіцы на вокнах зачыненыя. Не крычаць тачыльшчыкі і вугальшчыкі, не пяюць аматары карчомкі, не сакочуць дробныя падшыванцы. Ды што там, нават сабакі не брэшуць! Там-сям ляпае малаток, грукочуць самотныя калёсы. Быццам вялізны механізм гэтага нямецкага гарадка заржавеў, але асобныя шасцярэнькі ўсё яшчэ трохі, па звычцы, круцяцца. Вось на вострай званіцынібы дзіда ўпіваецца ў нізкія аблокіударыў звон. Раз, другі, трэці, чацвёрты.
Раптам штосьці шэрае імкліва і бязгучна праслізнула ўпоперак вуліцы, быццам якісь лядашцік ці гуменнік. І знікла ці ў чорнай адтуліне вадасцёку, ці ў акенцы падвала.
Пацукі. грэбліва прамовіў блакітнавокі. Ужо трэці раз дарогу перабягаюць. Страшна ўявіць, што ў іхнім пастаялым двары робіцца. Можа, ну яго, гэты гарадок, паспеем даехаць да больш прыветнага?
Старэйшы вершнік, захутаны ледзь не да носа ў прыкупленую ў нейкім мястэчку шэрую бурку, незадаволена хмыкнуў.
Ну, гэта ж ты ў ранішняй карчомцы за півам з маракамі засядзеўся, вось і парушылі планы.
Маракі цікава распавядалі, пан-бацька, заступіўся чарнавокі юнак. Пра Новую Зеландыю. Яны туды з капітанам Кукам плавалі, там сапраўдныя цмокі жывуць, толькі маленькія. Лішнія паўгадзіны нічога б не змянілі.
Тады і наяўнасць пацукоў хай вас не бянтэжыць, прабуркатаў старэйшы. Усё роўна гарадскую браму ўжо замкнуліі чаго так рана? Галоўнаекаб эпідэміі тут якой не назіралася. Дзе паганыя гэтыя пацукітам і пошасць, і гразюка.
Пацукі не паганыя, тут жа азваўся юнак, быццам яго самога пакрыўдзілі. Яны дужа разумныя, вельмі цікавыя істоты.
«Ну каму ж ведаць, як не малодшаму Лёдніку», хмыкнуў пра сябе Пранціш. Помніцца, калі жылі ў Ліёне, шкаляр Аляксандр у шкляной скрынцы цэлае пацучынае сямейства год трымаў. Пакуль прыслуга нібыта выпадкова гэтую клятую скрыню не пабіла.
Але ў гатэлі з трыма залатымі жалудамі на шыльдзе, калі і былі пацукі, гразюкі не відаць. Зусім наадварот: усё такое чысценькае, нашараванае, адпрасаванае, як на вяселле. Ці паховіны. Парцалянавыя кубачкі з пастушкамі, фіранкі з коцікамі (а жывых катоў нідзе тут не бачылі, як і сабак!). На сценах талеркі з прыгожа намаляванымі казачнымі домікамі. І твары гаспадара і гаспадыні нібыта вымытыя і адпрасаваныя: круглыя, белыя і ўсмешлівыя. Праўда, усмешкі здаваліся прыклеенымі, бо вадзяніста-блакітныя вочы гаспадароў, вядома, іх звалі Ганс і Грэтхен, нагадвалі здохлую рыбу. Кожнаму госцю прапанавалі асобны пакой, з печкай, аблямаванай вясёлай белай кафляй з сінімі караблікамі, ложак з пуховай пярынай і балдахінам, з якога прыдзірлівы Баўтрамей Лёднік так і не вытрас ніводнага клапа. Гасціннасць была зразумелая: трое ліцвінаў апынуліся адзінымі пастаяльцамі ў «Трох жалудах».
Тры жалуды на цабэрак
Будзе смак не бядак.
Доўгі цэбараў шэраг
Я абыходжу вось так.
Горкім будзе пітво, будзе пітво
Пранціш напяваў, сумуючы па шляхецкай вясёлай кампаніі, сардэчнай ліцвінскай музыцы і мілай радзіме, чаго тут не мелася. Замест піва ім прапанавалі гарачае чырвонае віно з цынамонам. І каўбаскі. Аж сквірчэлі тыя каўбаскі на парцалянавых бялюткіх талерках, прыспешваючы: «Зеш мяне, галодны падарожны!» І залацістыя, яшчэ цёплыя крэндзелі, пасыпаныя дробнымі зернейкамі чароўнай расліны «сезам».
А Баўтрамей усё занудна разважаў, што вось, трэба ліцвінскія корчмы зрабіць такімі ж чыстымі, абавязаць гаспадароў мыць посуд і падлогу, мяняць бялізну, труціць блох і клапоў. І як бы стварыць па ўзоры Адукацыйнай якую Медычную камісію, якая б сачыла за гігіенай народа. Можна падумаць, не выгнаннік, абылганы злачынца, а па-ранейшаму чалец каралеўскай рады. Некаторыя людзі і на пласе будуць свет да лепшага перарабляць.