Рух - Алесь Пашкевич


Алесь Пашкевіч

РУХ

.

© Пашкевіч А., 2015

© ПУП «Кнігазбор», 2015

Яго ведаюць усе. Прынамсі чулі ці сустракаліся. Калі і не з прозвішчам, дык з тым, што яно пачало азначаць у свядомасці грамадства ХХ і ХХІ стагоддзяў: ДЫЗЕЛЬ

І ні тыя стагоддзі, ні грамадства без яго ўжо існаваць не могуць, хоць і не памятаюць. Аднак штодня чуюць і сустракаюцца

Падчас зяўлення гэтай аповесці пра лёсы вынаходнікаў і нафтамагнатаў узнікала яскравае жаданне: з таго, што было, ёсць і будзе, выпісаць рэальнасць, якой, магчыма, і не было, але якая нараджаецца ва ўяве чытача ці хаця б самога аўтара. Але ж ён звычайны чалавек, які, здараецца, нават і сябе можа не ведаць. А што казаць пра рэальна дзейсных сто гадоў таму персанажаў?

Вось і давялося, усведамляючы творчы грэх біяграфічнай выдумкі ды абыходзячы цянёты калядакументальнай прозы, змяняць некаторым героям імёны ці літары ў прозвішчах, пераўвасабляючы іх у двайнікі-цені.

І, спадзяюся, яны не будуць мець на тое крыўды. Ну хоць бы лепшыя з іх

Аўтар

I

У шкле вакон кавярні «Vіkón» астывала парыжскае сонца.

 Тут не занята?  спытаў цыбаты наведнік.

 Не, калі ласка,  мужчына ў сінім швэдары машынальна кіўнуў галавой і перагарнуў старонку тоўстай кнігі.

Але чытаць расхацелася, і ён увомірг агледзеў суседа ў спакойным шэрым гарнітуры, затым свае пазногці і прыхінуўся да спінкі фатэля.

Яны замовілі амаль адно і тое ж: кураня на грылі, салат і віно. Толькі той, хто ў гарнітуры,  чырвонае, а мужчына ў швэдары белае.

Сонца спусцілася яшчэ ніжэй на бульвар Монпарнас, адлюстравалася ў соннай Сене ды зноў мякка дзюбнула промнем у шкло. З веранды далягляд закрывала жалезная спаруда ў драўляных рыштаваннях ужо на трэць узведзеная вежа Эйфеля. Чатырохногую раскірэку не абмяркоўваў толькі нямы

 А як вам гэты монстр?  спытаў мужчына ў швэдары суседа па століку.



 Ды нічога Забаўна. Здаецца, і сонца да яго ўжо прывыкла: глядзіце, ляжыць на вежы, як на трымальніку яйка ўсмятку.

 Вы паэт?

 Не, наадварот

 Адкуль жа такая метафара?

 Напэўна, ад перанасычанасці тэхнікай. Я інжынер. Гэта вы, думаю, літаратар,  мужчына ў гарнітуры паправіў пазалочанае пенснэ і кіўнуў на адкладзеную кнігу.

«Швэдар» усміхнуўся:

 Не, таксама наадварот.  Ён паказаў шмуцтытул, на якім тлуста значылася «Супраціўленне металу Ёзафа Легера», і працягнуў руку:  Выкладчык тэхнічнай школы Адам Мацкевіч.

 Рудольф Дызель,  назваўся і суразмоўца.

Яны замовілі яшчэ віна і загаварылі, як даўнія таварышы, якія, аднак, адзін пра другога нічога не ведалі. Былі неабароненымі ад алкаголю, паколькі сустракаліся з ім нячаста, а таму хутка захмялелі і яшчэ хутчэй раззнаёміліся.

І Рудольф, і Адам нарадзіліся ў Парыжы. Бацькі першага немцы некалі мелі тут скураную майстэрню, галоўны прыбытак якой прыносіў пераплёт кніг. Аднак пачалася французска-пруская вайна, сямя падалася ў бежанства ў Англію. Напалеон ІІІ са сваім войскам капітуляваў, і трынаццацігадовага Рудольфа выправілі да родзічаў у нямецкі Аўсбург набірацца навукі. І ён не падвёў: займеў добрую стыпендыю ды закончыў Мюнхенскую вышэйшую тэхнічную школу. А дзевяць гадоў таму па рэкамендацыі свайго настаўніка прафесара Ліндэ зноў вярнуўся ў Парыж на халадзільны завод Хірша і стаў яго дырэктарам.

Лёс Адама быў надзіва падобным: таксама вайна і паязджанства бацькоў

 Неверагодна,  дзівіўся Рудольф,  мой бацька, як і твой, быў пераплётчыкам!

Казімір Мацкевіч, бацька Адама, малады прафесар, звольнены з працы за незалежніцкі светапогляд і «нядобранадзейнасць», вымушаны быў «лячыць» у сваім маёнтку кнігі для ўсёй губерні. Калегі ды сябры спрабавалі падтрымаць грашыма, але ганарлівы шляхціч крыўдаваў і адмаўляўся. І тады яны пайшлі ў абход: знайшліся сотні кніг, уладальнікі якіх неадкладна захацелі даць ім новае жыццё. Так і зявілася праца

 Во як! Праўда, да таго ён выкладаў гісторыю ў Віленскім універсітэце, а затым, пакінуўшы пераплётчыцкі варштат, стаў паўстанцам, узяў у рукі стрэльбу ды пайшоў у лес  Адам узняў келіх і прапанаваў:  Давай за здароўе нашых бацькоў!

Прыгубілі, і Рудольф удакладніў:

 А Віленскі ўніверсітэт гэта дзе?

 У Літве-Беларусі, Адам уздыхнуў, бачачы, што суразмоўца застаецца ў неразуменні, пастукаў пальцамі па стале, падсунуў дзве талеркі, а паміж імі паставіў келіх з віном.  Вось, глядзі Тут, дзе салата,  Польшча

Рудольф усміхнуўся і бадзёра кіўнуў.

 А дзе парэшткі курыцы Расія. Паміж імі радзіма маіх бацькоў. Цяпер жа і там, і там,  Адам тыцнуў пальцам на салат і віно,  Расійская імперыя

Невядомасць новага гістарычнага мацерыка, было заўважна, зацікавіла да таго скаванага і напружанага Рудольфа. Ён расшпіліў на пінжаку некалькі верхніх гузікаў і зноў спытаў:

 Дык твой бацька быў паўстанцам дыктатарам, як і Напалеон?

 Ды не,  Адам прыхінуўся да стала і расправіў свае каштанавыя вусы.  Кіраўніком паўстання супраць расійскага цара ў тым краі быў іншы чалавек  Адам задумаўся і махнуў шырокай даланёй.  Забыў прозвішча Гэта быў, калі памятаеш гісторыю французскай рэвалюцыі, Марат і Рабеспер у адной асобе.

 Цікава,  Рудольф расшпіліў усе гузікі на пінжаку і паправіў гальштук.  І даўно тое было?

 У 1863-м, за год да майго зяўлення.

 А сам ты выкладаеш?

 Так. А калі пачала расці гэтая вежа,  Адам кіўнуў на рыштаванні жалезнай спаруды,  стаў адным з арміі інжынераў на яе будаўніцтве.

Яны дапілі віно і выйшлі на вуліцу. На Марсавым полі, дзе і вырастала Эйфелева вежа, ужо збіраўся кастрычніцкі прыцемак, адагнаны з Сены агнямі Енскага моста. На тратуарах паменела людзей, зрэдку праязджаў экіпаж, на лаўках шапталіся закаханыя пары.

 А чым ты тут непасрэдна займаешся?  спытаў Рудольф і схаваў пенснэ ў верхнюю кішэньку пінжака.

 Заклёпкамі, Адам ускудлаціў свой густы «вожык», усміхнуўся, і ад вачэй разышліся маладыя маршчынкі. Праз іх я і патрапіў на гэтую грашавітую будоўлю. Уяўляеш, ва ўсёй канструкцыі неабходна змацаваць 18 тысячаў металічных дэталяў. А яны ад адной да дзясяткаў тон вагой! І па праекце трымацца будуць на двух з паловай мільёнах балтоў-заклёпак. А яны, як разумееш, мусяць быць мацнейшымі за асноўны метал. Вось я і сачу за іх закалкай. Ну ды ты і сам як інжынер ведаеш

Рудольф узняў бровы і загаварыў, як на лекцыі:

 Трываласць металу можна значна павысіць шляхам ягонага высокага награвання, а затым хуткага астуджвання. Пажадана у вадкасцях.

 Так. На шчасце, мае загатоўкі аказаліся наймацнейшымі і мяне ўзялі на працу. Ну а працэс загартоўкі металу, прызнаюся, падгледзеў яшчэ падчас студэнцкай практыкі ў адной з правінцыйных кузняў

Яны маладыя, няўрымслівыя, амбітныя маглі прагаварыць пра свае клопаты бясконца, але кожнага зранку чакала праца, а таму мусілі развітвацца. Абмяняліся адрасамі, дамовіліся пра новыя сустрэчы і разышліся.

Дома састарэлы Казімір Мацкевіч ужо збіраўся класціся спаць, калі ўзбуджаны сын абняў яго і нечакана выдыхнуў:

 Нешта ты даўно не расказваў мне пра свае маладыя гады

Бацька сеў на ложак, уважліва паглядзеў на сына і ўсміхнуўся:

 Я ўжо драмлю, прабач. А калі табе не спіцца ты ведаеш тую шафу. Вазьмі і пачытай

У той жа час праз вуліцу ад кавярні «Vіkon», яшчэ бліжэй да Сены і будоўлі Эйфеля (з жаўтком вечаровага сонца над ёй) у асобным пакоі рэстарацыі «Viktoіrе» вячэралі дзве пары, якія таксама мелі дачыненне да Расійскай імперыі. Прамое малады палкоўнік Віктар Аляксандравіч Берг з прыгажуняй-жонкай Елізаветай і, дачыненне ўскоснае,  нямецкая сямя Люцыусаў, Генрых і Клара. У агульнай вандроўцы мужчыны правялі два тыдні, і, паколькі сумесная дарога збліжае найбольш, збоку выглядала: на вячэру сабраліся сябры дзяцінства. І мова іх была дзіўная: адны гаварылі па-расійску, устаўляючы там-сям нямецкія словы, другія па-нямецку з расійскім акцэнтам.

Віктар Аляксандравіч, мужчына статнай знешнасці гадоў пад сорак, з іскрыстымі зрэнкамі пад далікатным пенснэ, з крыху азызлаватым тварам, знаходзіўся ў незвычайна прыўзнятым настроі. Гэта была яго першая паездка за мяжу. Пасля адносна спакойнай гарнізоннай службы і выкладчыцкай працы ў Ваеннай акадэміі яму ўсміхнулася службовая фартуна: стараннага афіцэра прызначылі начальнікам статыстычнага аддзела Канцылярыі Генштаба Ваеннага міністэрства. Заробак канторскага справавода не надта радаваў, але адначасова Віктару Аляксандравічу дазволена было застацца і на ранейшай пасадзе адюнкт-прафесара ў Ваеннай акадэміі па сумяшчэнні. Неўзабаве ён быў узведзены ў палкоўніцкі чын. Упершыню сямейны даход перарос расход, і па свабодных вечарах, хоць і рэдкіх з прычыны занятасці на службе, Віктару Аляксандравічу часцей заўсміхалася яго маладая жонка. І яны пачалі ўжо нават думаць пра нашчадкаў, а каб вырвацца са сталічных клопатаў ды крыху падправіць здароўе, вырашылі ажыццявіць даўнюю мару: зездзіць за мяжу. Ну а куды ехаць з Расіі, калі не ў Парыж?

Дальше