За ўсю вячэру больш разгаварыць гасцей не ўдалося. Яны пакінулі шчодрыя чаявыя, якія Зафар назваў па-свойму бакшыш. Калі ж даведаўся, што па-французску гэта называецца pourboire, даслоўна «на выпіўку», грэбліва скрывіўся і трасянуў галавой.
З рэстарацыі зноў выйшлі на адкрытую тэрасу з драўлянай падлогай. Сонца ўжо апускалася на Сену і густа залаціла бульвар, куды і намерыліся вярнуцца наведнікі. Аднак Ханым на хвілю застыла, затым па-дзіцячы ўхапілася за братаў рукаў, штось прамовіла па-свойму і па-змоўніцку кіўнула ўверх.
Зафар нахмурыўся і грубавата крыкнуў таксама па-свойму.
Не, гэта дазволена і цалкам магчыма нібыта зразумеў іхнія рэплікі Адам. Sil vous plaît, калі жадаеце.
Над імі ўзвышаліся чатыры калоны другой платформы, якія паступова збліжаліся і, пераплятаючыся, утваралі каласальную стальную піраміду з трэцяй платформай. Другі і трэці паверхі злучаў ужо вертыкальны ліфт. Ён быў складзены з дзвюх спалучаных кабінаў, верхняя падымалася на сотню метраў, а ніжняя служыла супрацьвагай. Заманліва паскрыпваючы, той ліфт і ўзняў іх на трэцюю платформу з пляцоўкай назірання крокаў у дваццаць папярок. Там нікога не было, і яны павольна адзін за адным прайшлі па ўсім перыметры, цікаўна пазіраючы ў шчыльна закратаваныя бакоўкі. Апошняя Ханым ступала мякка, як па лёдзе, нібы напалоханая лань, але раптам абудзілася, узняла рукі і нейкім дрыготка-спянелым голасам выкрыкнула:
Уüksək! Уüksək![4]
А затым, аберуч прытрымліваючы доўгую пульхную спадніцу і напружна прыкусіўшы вусны, кінулася па прыступках уверх!
Ханым! гучна абурыўся брат, але яна не чула.
Хутка стукалі чаравічкі па жалезных пласцінах, як ейнае ўтрапёнае сэрца. Адзін пралёт Другі І яна ужо не лань, а гарэзнае птушанё, якое нечакана выпырхнула на волю Чадра ў сонечных іскарках як мройны німб І толькі вецер, і толькі неба
Калі назаўтра Адам прыйшоў на кватэру Дызеляў і загаварыў пра Ханым, Рудольф здзіўлена ўзняў галаву:
Слухай, а ты часам не закахаўся?!
І адразу ж убачыў, які адказ палымнеў у неспакойных вачах сябра
VІ
Рудольф Дызель не быў рамантыкам. Больш за тое, у яго характары і свядомасці пераважала матэматыка. Аднак душа поўнілася паэзіяй. Асабліва ў часы пошукаў і роздумаў. І тады ён ці дэкламаваў на памяць улюбёныя вершы калі быў на шпацыры, ці зачыняўся ў кабінеце з томікам паэзіі, ці як і цяпер садзіўся за раяль ды падоўгу іграў санаты Бетховена: яго бадзёра-продумную «Месяцовую» пад 14 ці крынічна-бурлівую «Буру» 17
Рудольф Дызель, 1880-я гг.
Штось блізкае было ў іх: механіку і кампазітару. Бетховен смела супрацьпастаўляў крайнія музычныя рэгістры, ствараючы адметны стыль, адрозны ад пашыранай паўсюдна «карункавай» манеры клавесіністаў. Спалучыць у адным цыліндры сілу агню і механікі вымагаўся і Рудольф Дызель, хацеў пераўтварыць у рэальную цяглавую сімфонію ідэальную сілу тэрмадынамікі. Кніга Карно «Развагі пра рухаючую сілу агню і пра машыны, прыгодныя для развіцця гэтай сілы», напісаная і апублікаваная сто гадоў назад, была яго настольнай і чыталася з не меншай асалодай і душэўным уздымам, чым томікі вершаў Байрана ці сучасніка Малармэ. Карно першым пачаў крытыку паравога рухавіка і загаварыў аб прымяненні сціснутага паветра для цеплавога рухавіка, а таксама аб метадзе прамога ўпырсквання паліва ў напампаваны цыліндр. Крытыкаваць і гаварыць, безумоўна, можна, але вось як усё тое ажыццявіць? У метале і ў рэчаіснасці, а не на паперы і ў думках Па ўсім свеце на заводах, цягніках, караблях працуюць паравыя машыны, каэфіцыент карыснага дзеяння якіх 5 адсоткаў! А ў механічную работу пераходзіць толькі 4 адсоткі ад усёй патрачанай энергіі, бо адсотак яшчэ траціцца на трэнне механізмаў. Амаль усё вылятае ў трубу! Тым не менш іх «паравікі» не могуць выціснуць слабейшыя і даражэйшыя рухавікі на свяцільнай газе ці бензіне. А Дызель трызніў пераўзысці апрабаваныя рухавікі Ота! Тыя ўсмоктвалі ў цыліндры загадзя падрыхтаваную рабочую сумесь, якая адразу ж загаралася-ўзрывалася. Ён жа праектаваў іншыя цыклы: поршань усмоктвае ў цыліндр паветра (а не рабочую сумесь), сціскае яго, затым упырскваецца паліва і самаўзгараецца. Пераход ад ідэі да практыкі, праўда, ледзь не каштаваў яму і здароўя, і сямейнага дабрабыту
Ён быў рэспектабельным дырэктарам парыжскага завода халадзільных машын. Колішні настаўнік прафесар Ліндэ запрасіў на працу ў Берлін, і Дызель стаў членам праўлення завода з акладам у 30 тысячаў марак. Ці мог ён аб такім некалі й марыць калі галодным трынаццацігадовым хлапчуком зязджаў-уцякаў з ахопленага вайной роднага Парыжа ў родны бацька́м Берлін? А цяпер у яго шыкоўная кватэра на Кюрфюрстэндам і ніводнай матэрыяльнай праблемы!
Аднак Дызель вытрымаў так толькі тры гады і пакінуў працу. І зноў не меў супакаення, трызнячы пра сваю лабараторыю і вопыты з «ідэальным» рухавіком.
Да таго часу ён ужо аўтар выдадзенай у Берліне кнігі «Тэорыя і канструкцыя рацыянальнага цеплавога рухавіка, прызванага замяніць паравую машыну і іншыя існуючыя ў гэты час рухавікі», а таксама патэнта пад 67207 на свой рухавік. У невытлумачальным эмацыйным запале Дызель разаслаў на дзясяткі нямецкіх заводаў лісты з прапановай пабудаваць рухавік новага тыпу і прыклаў да іх сваю брашуру. Праходзілі месяцы, аднак назад не вярнулася ніводнага ўхвальнага водгуку
Тады ў яго і пачаліся невытлумачальныя галаўныя болі, вострыя, маланкавыя. Дактары не маглі іх дыягназаваць, а выпісаныя рэцэпты не прыносілі паратунку. Калі не дапамагалі ні Бетховен, ні Вагнер, ён зачыняўся ў кабінеце і падоўгу курыў цыгары і незаўважна зноў забываўся, абкладваўся паперамі, штось да стомы пісаў і крэсліў, крэсліў і пісаў.
Праз знаёмых прафесараў удалося нарэшце ўлагодзіць і пераканаць дырэкцыю аўгсбургскага завода, які ўзяўся за пабудову новага рухавіка, праўда, атрымаўшы на яго ад Дызеля аўтарскія правы. Але інжынер і тым быў узрадаваны. Ён амаль суткамі знаходзіўся ў асобнай заводскай майстэрні. Прачынаўся рана і да ночы карпеў над чарцяжамі і канструкцыямі. Асноўнай задачай заставалася стварэнне ў цыліндры высокага ціску. У якасці паліва быў апрабаваны вугальны пыл, пасля чаго вырашылі выкарыстоўваць газу.
І вось у ліпені 1893 года, пасля хрысцінаў дачкі Дызеля Луізы, адбыўся запуск першага рухавіка. Аднак на 80 атмасферах не вытрымаў індыкатар, нейкі болт прашыпеў над вухам канструктара і куляй уеўся ў сценку.
Рухавік не завёўся. Ідэал не супаў з практыкай. Дызель быў амаль у адчаі.
Вось, яшчэ б трошкі ніжэй і мог бы вам прабіць галаву Механік выдрапаў болт і падкінуў яго на далоні.
Дызель уважліва агледзеў разарваную напалам жалезку і згадаў пра свайго парыжскага знаёмага Мацкевіча з ягонымі заклёпкамі.
«Вежа ж ужо ўзведзена Ханым з братам вярнулася да бацькі ў Баку падумаў Дызель. А ці не запрасіць яго да сябе?..»
Так Адам Мацкевіч патрапіў у Аўгсбург, пасля чаго машынабудаўнічы канцэрн «Браты Карэлі» набыў патэнт на рухавік і стварыў французскае таварыства «Дызель». І ў гэты час, калі яго старшыня сядзеў за раялем і, разбудзіўшы ўсю кватэру, даігрываў «Буру» Бетховена, Адам рыхтаваўся да запуску трэцяга ўзору «рухавіка Дызеля», як любоўна паспеў яго назваць.
Неўзабаве ў майстэрню, ухапіўшы замест ранішняй кавы цыгару, прыйшоў і галоўны канструктар. Выгляд рухавіка наноў узбудзіў яго: вычышчаны, з кулачковым валам ужо зверху, з вялікім колам-махавіком, з паветранай помпай для ўпырсквання паліва. Яе, помпу, угаварыў усталяваць Адам, які цяпер у замасленым камбінезоне засяроджана праводзіў апошнюю праверку патрубкаў вадзянога ахалоджвання і на бадзёрае прывітанне толькі неяк грозна хітнуў галавой.
Што ж, з Богам, прашаптаў Дызель.
Два механікі падвялі прывад, рухавік ускалынуўся, напяўшы штатывы, штось у ім зласнавата завуркатала, у твар вухнула сырым выхлапам, пасля поршань захадзіў самастойна і майстэрню накрыў барабанны грукат, які не маглі прыглушыць радасныя крыкі прысутных. І малодшы Карэль, уладальнік завода, і Мацкевіч, і два рабочыя-механікі кінуліся абдымаць Дызеля, ледзь не ўзняўшы яго на рукі, але той дзівакавата адпіхваўся і крычаў:
Прыборы, прыборы сачы-ыце!
Выпрабаванні прайшлі паспяхова. Рухавік прапрацаваў самастойна 30 хвілінаў з неверагодным на той час паказчыкам: 32 адсоткі карыснага дзеяння. Самы лепшы паравы даваў толькі 16, а газавы Ота 24.
Гэта, гер інжынер, перамога! павіншаваў Рудольфа Адам.
Не, дружа, гэта толькі пачатак уздыхнуў канструктар.
Але і пачатку было дастаткова, каб пра яго напісалі цэнтральныя газеты Францыі, Англіі, Нямеччыны, Бельгіі, ЗША. Дызелю сотнямі пачалі дасылаць запрашэнні на канферэнцыі ды бізнес-сустрэчы, і ён выправіўся ў сваё рэкламнае турнэ па Еўропе.