Рух - Алесь Пашкевич 7 стр.


 Не, дружа, гэта толькі пачатак  уздыхнуў канструктар.

Але і пачатку было дастаткова, каб пра яго напісалі цэнтральныя газеты Францыі, Англіі, Нямеччыны, Бельгіі, ЗША. Дызелю сотнямі пачалі дасылаць запрашэнні на канферэнцыі ды бізнес-сустрэчы, і ён выправіўся ў сваё рэкламнае турнэ па Еўропе.

За першы 1895-ы год рэалізацыі патэнта на новы рухавік Таварыства «Дызель» атрымала каля трох мільёнаў золатам

VІІ

Зранку ішоў звычайны пецярбургскі дождж. Гул-грукат карэт і конскіх капытоў рэхам прабіваўся нават праз тоўстыя сцены аграмаднага дома ваеннага міністра Пятра Іванавіча Курапаткіна на Садовай, і гаспадар зноў парадаваўся, што прыўзняў свае жылыя пакоі і рабочы кабінет на другі паверх. Таго, праўда, патрабаваў тайны цыркуляр Дэпартамента паліцыі, якім настойліва рэкамендавалася перанесці «службовую прастору на вышэйшыя паверхі ў мэтах бяспекі з прычыны магчымых тэрарыстычных актаў супраць членаў царскай сямі і высокапастаўленых чыноў».

«Як будзе з тымі актамі невядома, а вось на першым паверсе шуму было больш, асабліва ў такія слотныя раніцы»,  падумаў міністр, зірнуў праз шкло на вуліцу, дзе ў туманным марыве схаваліся і Садовы мост, і Мойка разам з усім Марсавым полем, уздыхнуў, сеў за свой інкруставаны стол з моранага дубу і замовіў гарбату.

Генералу ад інфантэрыі Пятру Іванавічу міністэрскі абавязак надзвычай падабаўся. І не таму, што ў любы час ён адкрываў дзверы ў царскія пакоі ці ў Зімнім палацы, ці ў Лівадзійскім,  наадварот, ад імператарскіх вачэй Пётр Іванавіч стараўся трымацца падалей. І не праз бязмежную ўладу над сотнямі тысячаў падначаленых прыкіпеў сэрцам да гэтай пасады,  накамандаваўся за свой вайсковы век нямала. Выявіць думкамі і словамі, чаму так камфортна, спакойна і душэўна пачуваўся вось у гэтых міністэрскіх пакоях, за вось гэтым сталом, у яго не атрымлівалася. Падабалася і ўсё тут!


Пецярбург, 1890-я гг.


У дзверы далікатна пастукаў адютант. Прынёс белы імбрык з кубкам, печыва і шакалад.

 Ну хто там сёння першы?  паціраючы рукі, спытаў міністр.

 Першым з дакладам запісаны памочнік начальніка Канцылярыі палкоўнік Берг. Дазволіце паклікаць?

Міністр пераліў настоеную пахкую гарбату ў кубак, сербануў, манерна адставіўшы палец, і выдыхнуў:

 Запрашай.

Палкоўнік Берг бадзёра схіліў галаву, па-заліхвацку стукнуўшы абцасамі, і прысеў да прыстолка, з павагай гледзячы на міністра ды ўжо ў які раз дзівячыся яго незвычайнаму падабенству да маладога расійскага імператара Мікалая ІІ:[5] такі ж правільны, роўны авал твару, і такі ж разрэз вачэй, і вусы з культурнай бародкай, і лёгкая прычоска набок з раннімі залысінамі

Памочнік начальніка Канцылярыі тэзісна распавёў пра мабілізацыйныя планы на наступны год, пра будучыя структурныя пераўтварэнні ў асобных памежных акругах (Варшаўскай, Фінляндскай, Далёкаўсходняй і Закаспійскай), пра павелічэнне фінансавання арміі (аб чым, зразумела, яго вялебнасць спадар міністр ужо ведаў), што дазволіць якасна абнавіць у першую чаргу артылерыйскія часці і палепшыць казарменнае ўтрыманне.

 Што маецца на ўвазе?  Пётр Іванавіч зацікаўлена прыўзняў бровы.

 Плануецца ў гарнізонах адкрыць чайныя, а таксама ўвесці новую табель харчовага забеспячэння ў часцях у ваенны час і ў перыяд вайсковых збораў ці манеўраў

 Ясна. Някепска,  шмыгнуў носам міністр і зноў сербануў гарбаты.  Ну а праблемы?

 Паводле тых жа планаў, вашая вялебнасць, па-новаму пераасэнсоўваюцца тактычныя характарыстыкі ваенна-марскога флоту і комплексная абарончая стратэгія, як сухапутная, так і водная. Дык вось у звязку з апошняй маем найбольшыя клопаты

 Што, марскі міністр валаводзіцца?

 І так, і не  палкоўнік Берг паціснуў плячыма.  Тэхнічнае забеспячэнне нашых караблёў робіць не лепшае ўражанне. Па манеўранасці і ўзбраенні яны адстаюць ад флатылій Францыі і Нямеччыны, ужо не гаворачы пра Англію. Ну і ў абарончым плане прабелы. Не хапае, напрыклад, марскіх мін. І пра закуп іх гаворкі не ўзнімалася. Шкада, што некалі мала замовілі іх на Пецярбургскім механічным заводзе Нобеля

 Ага  абудзіўся ваенны міністр.  Шкада

Ён ведаў, што тыя міны яшчэ ў часы Крымскай вайны перакрывалі ўсё балтыйскае ўзбярэжжа Расіі: Кранштат з Пецярбургам у першую чаргу. Стравальніку завода Эмануілу Нобелю на тым свеце ўжо не да мінаў, пагаворвалі, што за ім неўзабаве выправіўся і сын Людвіг

 У Фінскім заліве выстаўлена каля паўтары тысячы мін Нобеля, менш у акваторыях Свеаборга, Рэвеля, у чарнаморскім вусці Дуная і Днепра-Бугскім лімане. Але тэрмін іх эксплуатацыі падыходзіць да канца, а пра новыя размоў, паўтару, не вядзецца.

У кабінеце стала ціха. Але знадворку зноў усчаўся дождж, і вецер анархічна зашугаў у вокны.

Пётр Іванавіч Курапаткін мгыкнуў, высунуў левую ніжнюю шуфляду стала і дастаў з яе штэмпельны канверт з вадзянымі знакамі лацінская літара «N» у аправе з ружаў. На ім значыўся адютанцкі надпіс:


«Прынесена ў Канцылярыю ад сп. Эмануіла Людвігавіча Нобеля прыватным пасыльным 25 жніўня гэтага г. Просьба аб сустрэчы».


 Нобелі-Нобелі  паўтарыў Пётр Іванавіч і задумаўся.

Згадаў, як перад самым сваім міністэрскім прызначэннем на Велікодным прыёме ў пецярбургскага гарадскога галавы пазнаёміўся з сынам Людвіга Нобеля Эмануілам і нечакана атрымаў ад яго ў падарунак яйка фірмы Карла Фабержэ. Белая эмаль, інкруставаная залатымі ружамі і рубінамі, унутры з чырвонага золата гадзіннік.

Генерал тады пацепнуў плячыма і нядбайна сунуў падарунак у кішэнь кіцеля, і толькі праз некалькі месяцаў даведаўся, які тое яйка мела кошт каля дзесяці тысячаў рублёў! Ды нават і не ў кошце была яго вартасць: падобных падарункаў існавала на той час каля тузіна, і амаль усе яны былі зроблены па замове імператарскай сямі!

 Нешта яшчэ?  міністр перарваў успамін.

Берг ніякавата крутнуўся і запунсавеў:

 Вашая вялікасць, не ведаю, як і адважыцца Нядаўна атрымаў з Вены ліст. Знайшоўся мой блізкі родзіч Генрых Берг, стрыечны дзядзька Ужо амаль не ходзіць. Восемдзесят гадоў, не жарты Дачуўся пра мяне праз нейкую даведачную кантору і запрашае да сябе, з жонкай Ці мог бы я асмеліцца прасіць у вашай вялікасці хаця б з тыдзень нечарговага адпачынку?

 Ну дык што ж  міністр задаволена пацёр далоні.  І зездзі, калі з жонкай і калі запрашае. Можа, той састарэлы родзіч і спадчыну якую перапіша? Ха-ха Памятаецца, і я пагуляў па тых заграніцах у сваю маладую бытнасць  Хоць саракапяцігадовы ваенны міністр быў толькі на тры-чатыры гады старэйшы за палкоўніка.

Дождж тым часам не пераставаў і надакучліва цыкаў у замутнелыя шыбы.

 Што ж, Віктар Аляксандравіч, дзякую за службу. Можаце быць свабоднымі  і рука міністра пацягнулася па кубак з ужо астылай гарбатай.  Адютанта, будзьце ласкавы, паклічце.

Пётр Іванавіч спехам напісаў:


«Заўтра ў гадзіну дня. Рэстарацыя даходнага дома Данілавых. Генерал-лейтэнант К.».


Склаў паперчыну напалам і ўручыў адютанту:

 Неадкладна перадаць у кантору Нобеля, на Выбаргскую ўзбярэжную, дом 19, ля Чорнай рэчкі. Ну і наступнага запрашай

Другім па асабістым пытанні быў запісаны начальнік Канцылярыі міністэрства Мікалай Львовіч Лобіч. Курапаткіна не дзівіла, што той ішоў на аўдыенцыю пасля падначаленага. Ён, і не толькі ён, ведаў: генерал, абцяжараны ўжо немаладым векам, спіць доўга, і ці здолее зрання ўстаць нават на ўсеагульную мабілізацыю невядома.

 Мікалай Львовіч, галубок наш шаноўны!  твар міністра выявіў найчуллівую прыязнасць да наведвальніка. Устаў, ахвотна абняўся.  А я думаў ужо, што вы і забыліся на мяне.

 Дарагі Пётр Іванавіч, як вы можаце? Чым я такое заслужыў?!  па кабінеце разнёсся трубны, хоць і далікатны, бас.  Проста цаню і паважаю ваш каштоўнейшы час  начальнік Канцылярыі па-пазёрску крактануў і прысеў насупраць міністра.

 Ну, расказвайце  Вочы Курапаткіна звузіліся і патухлі.

 Вашая высокая вялебнасць, не мне пры вашай маладосці гаварыць, як цяжка з кожным старэчым днём жыццё даецца

Міністр неўразумела ўзняў галаву і маўчаў.

 Вось і вырашыў я звярнуцца да вашай міласці з рапартам аб пенсіёне  Мікалай Львовіч млява ўздыхнуў, гучна набраўшы ў лёгкія паветра, прыгладзіў даланёй пульхныя сівыя бакенбарды і дагаварыў:  А таксама, улічыўшы такія-сякія заслугі на ратных дарогах, з просьбай аб ласкавым хадайніцтве перад імператарам пра павелічэнне майго ўтрымання

Галава міністра ўзнялася яшчэ вышэй. «Ён гэта ўсурёз ці з кепікамі?»,  падумаў, пабарабаніў пальцамі па стальніцы, адкінуўся на фатэльную спінку і казённа падагульніў, расцягваючы словы:

 Ра-ана вам, дарагі-і Мікала-ай Льво-овіч, на супако-ой. Не така-ая на-ашая міністэ-эрыя бага-атая, каб раскі-ідвацца такі-імі людзьмі-і  А завяршыў ледзь не скорагаворкай:  Ды і імператар наш не заахвочвае пенсійныя надбаўкі. А таму дазвольце падумаць мне над пачутым і рашэнне прыняць пазней

Назад Дальше