Помнік Францыску Скарыне ў двары студэнцкага гарадка БДУ (скульптар С. Адашкевіч)
Гэту задачу бліскуча выканаў беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар і асветнік Францыск Скарына. Цікавым, драматычным, насычаным падзеямі было яго жыццё. Нямала ў ім і загадак для сучаснага даследчыка.
Ф. Скарына нарадзіўся ў сямі полацкага купца. Год паяўлення на свет будучага генія беларускага народа дакладна невядомы. Рана, яшчэ ў дзяцінстве, ён далучыўся да навукі, засвоіў латынь. Незвычайныя здольнасці да вучэння дапамаглі Францыску трапіць у вядомы на той час Кракаўскі ўніверсітэт, дзе ён атрымаў высокую ступень бакалаўра філасофіі. Пазней, у Падуанскім універсітэце, ён бліскуча абараніў вучоную ступень доктара лекарскіх навук. Год 1551-ы, магчыма, быў апошнім годам яго жыцця, за якое ён зрабіў невымерна многа.
Першыя свае кнігі Ф. Скарына друкаваў у Празе. Дакладна вядома, што 6 жніўня 1517 г. ён выпусціў першую кнігу Псалтыр: Повелел тиснути рускыми словами, а словенским языком. Гэта былі псалмы, рэлігійныя песнапенні лірычна-драматычнага характару, павучальнага зместу па біблейскіх матывах, чытанне для душы, кранальнае, займальнае, якое надоўга западала ў сэрца. Псалтыр, або зборнік духоўных песень, традыцыйна з даўніх часоў выкарыстоўваўся для навучання грамаце. З гэтай мэтай ажыццяўляе сваё выданне і Ф. Скарына. Яго кніга з тлумачэннямі, каментарыямі на палях станавілася для сучаснікаў вялікага асветніка асновай светаразумення, светабачання. Да кнігі была падрыхтавана і прадмова, якая тлумачыла прызначэнне выдання. Ф. Скарына падкрэсліваў свецкае прызначэнне свайго выдання. Напісанне прадмовы ў беларускай літаратуры было новым прыёмам. Гэта давала магчымасць уздзейнічаць на чытача, накіроўваць яго ўвагу. Даследчыкі мяркуюць, што Ф. Скарына сам рабіў набор, адліваў шрыфты, выконваў ілюстрацыі і выразаў па іх гравюры, сам перакладаў тэксты. Амаль тытанічную працу здзейсніў вялікі першадрукар, асветнік, вучоны-гуманіст эпохі Адраджэння Ф. Скарына, слаўны сын беларускага народа. У беларускай бібліятэцы-музеі імя Ф. Скарыны ў Лондане захоўваецца фрагмент Бібліі адна старонка, ціснутая самім Скарынай. Той рарытэт беларусы замежжа купілі на аўкцыёне ў Мантэвідэа, калі распрадавалася парыжская бібліятэка С. Дзягілева.
З 1517 г. па 1519 г. Ф. Скарына выдаў 23 кнігі Бібліі, якія былі разлічаны хутчэй на свецкага чытача, чым на выкарыстанне ў літургічнай службе. У прадмовах і пасляслоўях да гэтых кніг ён раскрываў свае погляды на свет, прызначэнне чалавека і яго патрыятычны абавязак, выявіў шырыню маральна-філасофскіх, эстэтычных і сацыяльна-прававых поглядаў.
Беларускі першадрукар выдаў яшчэ ў свет Малую падарожную кніжку і Апостал у Вільні. Ён жа адным з першых даў узоры беларускага і ўсходнеславянскага вершадрукавання. Не капай, Мардахею, другому яму, сам увалишся в ню, перадаваў у адным са сваіх вершаў Ф. Скарына вядомую біблейскую прытчу.
Філасофскія і маральна-этычныя погляды Ф. Скарыны закладвалі асновы светаўспрымання беларускага народа. Кнігі яго садзейнічалі набыццю канкрэтных ведаў, вучылі мудрасці. Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя, птицы, летающие по воздуху, ведають гнезда своя, рыбы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих. Тако и люди, игде зродилися и ускормлены суть, по Бозе к тому месту великую ласку имають, пісаў Ф. Скарына ў прадмове да кнігі Юдзіф. У кнігах асветніка знаходзім мы тлумачэнне яго поглядаў на роўнасць усіх людзей на зямлі, на справядлівае светаўладкаванне, на захаванне агульначалавечых маральна-этычных прынцыпаў у паводзінах, на адвечнае імкненне чалавека да свабоды і праўды. Уласныя сачыненні Ф. Скарына пісаў на мове, блізкай да народнай і зразумелай кожнаму.
Ф. Скарына заклаў традыцыі, на якіх заснавана беларускае, рускае і ўкраінскае кнігадрукаванне. Яго філасофскія і літаратурна-эстэтычныя погляды развівалі іншыя пісьменнікі-гуманісты.
Мікола Гусоўскі (каля 1470 пасля 1553)
У Італіі, у Рыме, напісаў сваю выдатную паэму Песня пра зубра беларускі паэт-лацініст эпохі Адраджэння Мікола Гусоўскі. У Рыме ён служыў у складзе дыпламатычнай польска-літоўскай місіі да папы Льва Х, якую ўзначальваў плоцкі біскуп Эразм Вітэліус.
Помнік Міколу Гусоўскаму ў двары студэнцкага гарадка БДУ (скульптар У. Панцялееў)
Помнік Міколу Гусоўскаму ў двары студэнцкага гарадка БДУ (скульптар У. Панцялееў)
У сваёй славутай паэме Песня пра зубра беларускі паэт, які пісаў на лацінскай мове, упершыню шырока і ўсебакова ўславіў Беларусь і яе прыроду, апеў веліч, мудрасць, духоўнасць беларускага народа, свабодных духам людзей. Так быў адкрыты для ўсёй Еўропы край беларускіх пушчаў і палёў, азёр і рэк, сапраўдны архіпелаг зямнога хараства і незлічоных багаццяў.
Сын паляўнічага, М. Гусоўскі добра ведаў таямніцы лесу, паводзіны зубра волата беларускіх лясных нетраў, пушчанскага рыцара, неаднойчы сам удзельнічаў у паляванні. І калі ён упершыню ўбачыў карыду, калі пачуў, як расхвальваюць бой з быком, паабяцаў расказаць цывілізаванаму свету пра паляванне на зубра ў глухіх беларускіх лясах.
Па заказу Папы Рымскага паэт у 1522 г. стварыў вядомую нам сёння паэму, якая мела першапачатковую назву Паляванне на зубра. Пазней гэтая паэма ўвайшла ў зборнік Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго, дзе змяшчаліся яшчэ і адзінаццаць вершаў (напісаных у Рыме) пад назвай Песня пра зубра. Гэты мастацкі твор і дайшоў да нас упершыню ў 1969 г. у перакладзе Я. Семяжона з лацінскай мовы. Асноўным зместам твора па сутнасці стала паляванне на зубра ў Белавежскай пушчы. Падрабязна і дэталёва аўтар апісвае тое, як спачатку заганяюць зубра ў загон, як затым разюшаны стрэламі звер гатовы крушыць і ламаць, зносіць усё на сваім шляху, як лавіна з гары. Падабенства з апісаннем іспанскай карыды тут відавочнае. Пушчаў жыхар, магутны зубр, паводзіць сябе ваяўніча, нястрымна, дзіка.
Грозны і страшны цяпер гэты лясны велікан.
Гневам напяты ўвесь, шыбуе праз пні і калоды.
Але, як і ва ўсякім выдатным мастацкім творы, змест паэмы выходзіць далёка за межы толькі апісання палявання на ляснога звера. У паэме перадаецца абагульнены лёс краіны, лёс народа. Для Міколы Гусоўскага зубр увасабляў сілу, моц і прыгажосць роднай зямлі. Пушчанскі рыцар паказаны магутным, велічным, неўтаймаваным, высакародным, ён нібыта выступае абаронцам усіх пакрыўджаных, занядбаных, абаронцам, які гатовы прынесці сябе ў ахвяру, загінуць у няроўнай барацьбе дзеля таго, каб жыў дух беларускіх лясоў. Гэта вобраз-алегорыя. Аднак паэт не апісвае самой смерці волата беларускай пушчы. Усім ходам свайго паэтычнага аповеду аўтар імкнецца сцвердзіць жыватворную сілу беларускай зямлі, яе неўміручы дух, нязломнасць, веліч і духоўнасць народа, пра які паэт кажа, што духоўныя скарбы свае людзі гэтай зямлі на золата нават не прамяняюць.
Паэма сведчыць, што ў беларускай паэзіі таксама шырока выкарыстоўвалася лацінская мова, якая была найбольш распаўсюджанай у Еўропе ў Сярэднія вякі, зяўлялася і ў ВКЛ мовай навукі і культуры. На лацінскай мове Мікола Гусоўскі напісаў яшчэ гістарычную паэму Новая і славутая перамога над туркамі ў ліпе ні месяцы (1524), з-пад пяра паэта выйшаў таксама твор у вершаванай форме Жыццё і подзвігі святога Гіяцынта (1525).
Пытанні для кантролю1. Чым славіцца эпоха Адраджэння?
2. Якую ролю адыграла эпоха Адраджэння ў развіцці ўсяго чалавецтва?
3. Якіх сусветна вядомых дзеячаў эпохі Адраджэння вы ведаеце?
4. Назавіце беларускіх дзеячаў эпохі Адраджэння.
5. У якіх умовах пачыналася станаўленне ўласна беларускай літаратуры? Назавіце яе асноўныя жанры.
6. Гістарычнае значэнне дзейнасці Францыска Скарыны першадрукара і асветніка, яго роля ў пашырэнні асветы, стварэнні прыгожага пісьменства, кнігадрукавання на Беларусі.
7. Ахарактарызуйце значэнне творчасці Міколы Гусоўскага ў агульнаеўрапейскім кантэксце.
Літаратура XVIIXVIII стст.
Барока. Класіцызм. Асветніцтва
У канцы XVIXVIII ст. у Еўропе шырокае распаўсюджанне атрымаў стыль, названы барока, які спачатку ахапіў архітэктуру і выяўленчае мастацтва, а пазней і іншыя віды творчасці. Барока стала своеасаблівай формай Контррэфармацыі. У мастацтве ўзнікалі новыя выяўленчыя тэндэнцыі, метады і прыёмы, своеасаблівыя падыходы да раскрыцця рэчаіснасці. Усё мацней заяўляла аб сабе перавага формы над зместам.
Эпоха стылю барока характарызуецца пэўнай элітарнасцю жанраў, імкненнем да знешніх эфектаў, пышнасці, відовішчнасці, параднасці, да таго, што абавязкова павінна ўразіць чалавека, пакінуць след у ягонай душы. У мастацтве назіралася захапленне новаўвядзеннямі, вычварнасцю форм, праяўлялася жаданне здзівіць нагрувашчаннем розных стыляў, змяшэннем фарбаў: наварочана, накручана, фарба фарбаю атручана.