Тэрмін барока паходзіць ад італьянскага слова barocco, што азначае вычварны, дзіўны. Неверагоднасці ў мастацтве барока хапала ва ўсім: у форме, змесце, стылі. У літаратуры гэта праяўлялася ў змяшэнні рэальнага з ірэальным, перапляценні свету ілюзорнага з канкрэтна рэалістычным і побытавым, адлюстраванні кантрастаў сапраўднага і ўяўнага, засіллі пачуццёвасці, выяўленні драматызму дзеяння аж да паказу трагедыйнасці становішча персанажаў.
Барока на Беларусі ў літаратуры дало штуршок для развіцця школьнай драмы, інтэрмедый, парадыйна-гуманістычнай і сатырычнай паэзіі, іранічнай і саркастычна-зедлівай прозы, жартоўных пераказаў незвычайных прыгод у лесе, у панскім двары, алегорый вандроўных сюжэтаў. Нараджаўся беларускі народны лялечны тэатр батлейка. Шырока ўкаранялася ў свядомасць народа меладычная і эмацыянальна-пачуццёвая песенна-інтымная лірыка, якая шырока распаўсюджвалася і ахоплівала розныя слаі насельніцтва, людзей самых розных узростаў, ад юнакоў і дзяўчат да асоб сталага веку.
Гармонія чалавека і свету па-ранейшаму прыцягвала ўвагу творцаў, зяўлялася мерай духоўных каштоўнасцей. Але ў формах падачы матэрыялу назіралася ўжо большая вольнасць думак і пачуццяў. У стылі барока актыўна выкарыстоўваліся алегорыя, ускладненасць метафар, адбывалася перанасычэнне эпітэтаў, параўнанняў, гіпербалізацыя падзей і вобразаў. Але не ў гэтым была адметнасць часу, а ў тым, што творы мастацтва ставілі задачу прабіцца да пачуццяў чалавека, апелявалі да эмоцый, да людскіх адчуванняў, а гэта значыць, што ўздзеянне такога мастацтва на фарміраванне светапогляду самой асобы ў значнай ступені павышалася.
Гэта быў час развіцця дыдактычна-філасофскай лірыкі, аратарскай прозы. На першы план выходзілі павучальны змест, маральны аспект. Адбывалася прамое ці ўскоснае адмаўленне Адраджэння і Рэфармацыі.
На Беларусі вылучаюцца высокае (творы якога напісаны на польскай, лацінскай, стараславянскай мовах), сярэдняе (разлічанае на бяднейшую шляхту і гараджан), а таксама нізкае, ці мужыцкае (парадыйна-сатырычная і гумарыстычная паэзія і проза, інтэрмедыі, сцэнкі, маналогі, дыялогі), барока.
На эпоху стылю барока прыпадае росквіт народнага тэатра, актыўна развіваліся сатыра, гумар. Шырока бытавалі эпічныя жанры, асабліва распаўсюджаны быў эпас пра жывёл, расліны, зявы прыроды, пра розныя паўсядзённыя здарэнні, прыродныя і жыццёвыя анамаліі. Гэта быў час барокавай лірыкі, калі субектыўнае пераважала над абектыўным, калі лірыка разглядалася як адна з найяскравейшых форм самавыяўлення паэта, якога перапаўнялі пачуцці. Упершыню так выразна праяўляліся прыкметы макаранічнага стылю, характэрнай асаблівасцю якога зяўлялася цеснае суседства, перасыпанасць вершаваных радкоў словамі з розных моў, блізкароднасных ці нават больш аддаленых.
Увогуле ж мастацтва барока мае некалькі этапаў свайго развіцця: ранняе (канец XVI першая палова XVII ст.), сталае (другая палова XVII першая палова XVIII ст.), позняе барока (з сярэдзіны XVIII ст.).
Для архітэктуры былі характэрны напышлівасць і грувасткасць фасадаў, складаныя лініі ў забудовах, імкненне ўпрыгожваць будынкі арнаментальнай лепкай, шматкаляровай мазаікай, вітражамі, разьбой па дрэве, распісваць сцены і столь, а таксама паўсюдная ўстаноўка самых разнастайных маленькіх і вялікіх скульптур.
У жывапісе таксама панавала адлюстраванне велічнасці планаў, падкрэслівалася значнасць падзей, палатно павінна было ўражваць грандыёзнасцю задуманага і здзейсненага.
У гэты перыяд на Беларусі пабудаваны выдатныя храмы Гродзенскі касцёл Святога Францыска Ксаверыя, касцёл Гродзенскага езуіцкага калегіўма.
У кнігадрукаванні майстрамі была ўведзена ва ўжытак кніжная графіка, дзе кожная літара мела сваю аздобу, значна палепшыліся пераплёты кніг, па-новаму афармляліся вокладкі і тытульныя старонкі.
На Беларусі галоўныя прынцыпы барока яскрава выявіліся ва ўсіх відах народных рамёстваў ткацтве, вырабах са шкла, гліны (паліваная кераміка), разьбе па дрэве (беларуская рэзь), ювелірным мастацтве. У краязнаўчым музеі пры бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў паўночнай частцы Лондана ў раёне Фінчлі, дзе знаходзіцца так званая беларуская вёска, захоўваюцца два рарытэтныя слуцкія паясы і фрагменты трэцяга, у якім нават можна пакратаць рукамі залатую нітку, што ўткана ў шырокую і ад таго цяжкую, але прыгожую, стракатую, узорыстую тканіну.
Працу над вядомымі ўсяму свету слуцкімі паясамі ўславіў Максім Багдановіч у сваім цудоўным вершы Слуцкія ткачыхі.
Новы стыль і кірунак у мастацтве слова, літаратуры, як і ў іншых мастацкіх формах жывапісе, музыцы, тэатры, сфарміраваўся ў XVII пачатку XIX ст. і атрымаў назву класіцызм. Гэта было вяртанне да Антычнасці як да ідэалу і ўзору. Тэрмін класіцызм паходзіць ад лацінскага слова classicus, што азначае ўзорны.
У мастацтве патрабавалася строгае захаванне гармоніі формы і зместу. У архітэктуры пераважалі геаметрычныя формы без якіх-небудзь аздабленняў, строгасць і яснасць планіроўкі. Жывапісныя палотны адлюстроўвалі гістарычныя сюжэты, расла цікавасць да партрэтнага жанру. Найбольшага росквіту дасягнула музычнае мастацтва, асабліва ў творчасці прадстаўнікоў так званай венскай класічнай школы Л. Бетховена, Ф. І. Гайдна, В. А. Моцарта.
На Беларусі вырасталі новыя палацы, гарады, паркі. Жылыя кварталы ў гарадах набывалі класічную стройнасць, мелі прамавугольную планіроўку. Будаўніцтва ўпершыню стала ажыццяўляцца па тыпавых праектах. Былі пабудаваны Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор. Шырокую вядомасць набылі мануфактурныя вырабы слуцкіх і гродзенскіх майстроў: ткачых, чырванадрэўшчыкаў, шкловыдзімальшчыкаў, разьбяроў па дрэве, дэкаратараў. Ствараліся выдатныя габелены.
У літаратуры выразна праявіўся падзел на высокія і нізкія жанры. Высокімі жанрамі лічыліся ода, трагедыя, эпапея, нізкімі сатыра, камедыя, байка. Праблематыка і змест літаратурнага твора, ідэя, тэма, мараль, павучанне, думка, якая выражалася ў творы і прымушала да развагі, набывалі асаблівае значэнне. Мастацкая літаратура станавілася ідэалагічнай сферай. За ёй трывала замацоўвалася права ўплываць на свядомасць, фарміраваць грамадскую думку, выхоўваць і весці за сабой, быць прыкладам для пераймання. Літаратура, як было прынята лічыць, можа і павінна даць узоры паводзін чалавека, абудзіць асобу і паказаць шляхі да яе самаўдасканалення, духоўнага росту. Уплыў твораў мастацкай літаратуры на чалавека меў асаблівае значэнне.
У 1635 г. у Парыжы адкрылася Акадэмія літаратуры, прадстаўнікі якой зацвердзілі класічную школу прыгожага пісьменства, выпрацавалі строгія патрабаванні класіцызму як асноўнага кірунку ў развіцці жанраў, стыляў. Ад твораў мастацкай літаратуры патрабавалася строгая нарміраванасць паводзін персанажаў, адпаведная дазіроўка станоўчых і адмоўных рыс.
У мастацкай літаратуры традыцыі класіцызму знайшлі сваё праяўленне ў абагульненасці падзей і вобразаў, перавазе рацыянальнага (думкі, філасофіі) над эмацыянальным і рамантычным (пачуццямі, перажываннямі, захапленнямі). Такой у многім была творчасць Я. Баршчэўскага, Я. Чачота, Ф. Багушэвіча, В. Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі. У іх творах мы назіраем таксама некаторыя праяўленні пачуццёвасці, сентыменталізму, узвышанай патэтыкі, рамантычных настрояў.
У 1674 г. выйшла кніга Паэтычнае мастацтва Н. Буало, у якой сфармуляваны асновы класічнага мастацтва.
У другой палове XVII першай палове ХІХ ст. значна змяніўся грамадскі ўклад жыцця. Шырылася прага да асветы, навукі, культуры. Чалавечы розум прызнаваўся галоўным вяршыцелем людскіх лёсаў, роля адукацыі ў грамадстве значна ўзрасла. Развіваліся філасофія, літаратура, выяўленчае мастацтва. Па-ранейшаму захапленне выклікалі музычныя творы (І. С. Бах, В. А. Моцарт, Г. Ф. Гендэль, Ф. І. Гайдн), жывапісныя палотны (Ф. Бушэ, Ж. А. Вато, Ж. Л. Давід). Класіка ўносіла гармонію і парадак ва ўсе сферы быцця асобы.
У асяроддзе адукаваных людзей усё актыўней пачыналі пранікаць вольналюбівыя ідэі свабоды, роўнасці, братэрства, справядлівасці, якія выказвалі ў сваіх працах філосафы Ж.-Ж. Русо, Вальтэр, Д. Дзідро, Ш. Мантэскё, К. Гельвецый. У еўрапейскай літаратуры ў гэты час працавалі І.В. Гётэ, Ф. Шылер, Д. Дэфо, Дж. Свіфт, А. Радзішчаў. Перадавыя ідэі пераўтварэння жыцця завалодвалі розумам і сэрцамі людзей.
Надыходзіла эпоха Асветніцтва. Яе назвалі царствам розуму, зыходзячы з таго меркавання, што кожны чалавек мае натуральнае права на асабістую свабоду, роўнасць, братэрства, а значыць, можа і павінен далучацца да высокіх ідэалаў мастацтва, да асветы, навукі, культуры, павінен мець мажлівасць найяскравей праявіць свае патэнцыяльныя разумовыя здольнасці, творчыя задаткі, маральна-этычныя погляды. Гэта быў час актыўнага звароту ў выхаванні і адукацыі да значных навуковых адкрыццяў у галіне прыродазнаўства, да філасофскіх ідэй часу Свабоды, Роўнасці, Братэрства, да маральных асноў грамадства, да агульначалавечых духоўных каштоўнасцей.