Святло далёкай зоркі - Уладзімір Канстанцінавіч Касько 15 стр.


У казцы «Дваранін» вастрыё сатыры накіравана супраць ганарлівага шляхціца, які «сам не меў ні двара, ні падданых, а так сабе валачыўся ад аднаго пана да другога». Нягледзячы на сваю беднасць, шляхціц ненавідзіць просты народ, успрымае людзей як жывёлу. Народная сатыра бязлітасна высмейвае яго. Шляхціца ў казцы параўноўваюць з сабакам, які брэша на людзей і пры гэтым лічыць, што сцеражэ дабро. Нікчэмным і смешным выглядае падпанак у сцэне, калі на каленях выпрошвае ў Бога «300 рублёў і ніводным рублём менш». Калі ж ксёндз вырашыў пераканацца, наколькі моцнае слова ў польскага двараніна, і апусціў на нітцы 299 рублёў, шляхціц імгненна схапіў грошы і схаваў іх у кішэні.

Асабліва камічна праявіўся шляхецкі гонар у канцы казкі. Ксёндз, якому стала шкада грошай, абазваў шляхціца кепам, дурнем. Падумаўшы, што словы гэтыя належаць Богу, шляхціц са злосцю напамінае пану Езусу, што ён «з ласкі боскай пан Пятроўскі, радавіты шляхціц да патопу да прытым і двожанін герольдэм утвердзоны», і ў сваю чаргу ганьбіць Бога.

Падобныя сюжэты сустракаюцца ў запісах іншых беларускіх фалькларыстаў, а таксама ў зборніках казак іншых народаў. Аднак у зборніку А. К. Сержпутоўскага сатыра на шляхціца асабліва вострая і бязлітасная.

Ілгуном, несумленным чалавекам малюецца пісар у аднайменнай казцы. За напісанне прашэння ён патрабуе ад сялян гарэлку, ежу, грошы, а атрымаўшы ўсё гэта, падманвае беднякоў. Сяляне са здзіўленнем даведваюцца, што ў іх петыцыі змяшчаецца не просьба да пана аблегчыць іх жыццё, а, наадварот, абяцанне даць яму «з дому па валу, па капе лёну і па капе аўса». Калі людзі слухалі такія казкі, яны яшчэ раз пераконваліся ў тым, чые інтарэсы абараняюць панскія лакеі, пісары, аканомы.

Казкі і апавяданні зборніка А. К. Сержпутоўскага сведчаць аб росце самасвядомасці беларуса-палешука, зяўленні крытычнага падыходу ў ацэнцы грамадскіх зяў, рэлігіі. Асабліва вылучаюцца тут творы, якія адлюстроўваюць працэс класавага расслаення ў беларускай дарэвалюцыйнай вёсцы, асуджаюць уладу грошай, несправядлівасць, вераломства. У казцы «Багатыр» размова ідзе пра багача і бедняка. У багача ўсяго ўдосталь, але яму хочацца мець яшчэ больш багацця. Ад гэтага ён сохне, не спіць, не есць. Бядняк, наадварот, не мае за душой ні капейкі, але вясёлы і шчаслівы. Задавальненне ў жыцці даюць яму праца, надзея на лепшыя часы. У гэтым пераконвае ён свайго заможнага суседа. У час хвіліннага прасвятлення той вырашае аддаць частку сваіх грошай бедняку. Аднак скупасць бярэ сваё. Кароткая палёгка змянілася ў багача новым прыступам адчаю. Цяпер ён наогул перастаў піць і есці, не спіць доўгімі начамі. Так схуднеў, што ледзь ногі перастаўляе.

Па-майстэрску паказаны ў казцы псіхалагічны стан персанажаў: багачу шкада кожнай патрачанай капейкі, бедняку ж грошы прыносяць адны непрыемнасці. Ён вырашае вярнуць суседу яго грошы. Аднак апошні, усвядоміўшы, хоць і з вялікім спазненнем, што яго багацце нажыта на поце і крыві людзей, уцякае з вёскі і памірае.

Сэнс казкі багацце, нажытае на падмане і эксплуатацыі іншых, не прыносіць шчасця. У творы выказана даўняя мара народа аб перамозе людзей працы над сваімі прыгнятальнікамі.

Антыгуманная мараль грамадства, у якім пануюць несправядлівасць, недавер, улада над слабым, адлюстравана ў казцы «За добрае злым заплата». Мужык, пашкадаваўшы ваўка, які трапіў у пастку, вызваляе яго. Няўдзячны звер хоча зесці свайго збавіцеля. На дапамогу чалавеку прыходзіць ліс. Хітрасцю ён заманьвае шэрага разбойніка ў пастку. Мужык забівае ваўка, а разам з ім і ліса. Аўтар казкі асуджае ўчынак мужыка, воўчыя законы, дзе няма месца пачуццям дружбы, удзячнасці.

Казка цікавая і незвычайнасцю сюжэтных ліній. Сюжэты: ліс дапамагае чалавеку; чалавек забівае свайго выратавальніка не адзначаны ні ў адной казцы іншых народаў.

Значнае месца ў творах зборніка займае тэма працы. Сімпатыі народа заўсёды на баку працалюбівых, сумленных майстроў сваёй справы. Аб гэтай рысе характару простага чалавека М. А. Дабралюбаў пісаў: «Яму звычайна нават і ў галаву не прыходзіць, каб можна было жыць на свеце, нічога не робячы: так ён далёка ад гэтага на практыцы»[69].

У той жа час у многіх казках высмейваюцца гультаі, дрэнныя гаспадары, зайздросныя і скупыя людзі. Герой казкі «Няхай» Алёкса не толькі не дбае аб уласнай гаспадарцы, але нават не задумваецца і аб уласным лёсе. У яго хаце цячэ страха, праз паламаны плот у агарод лазяць чужыя свінні. Суседзі гавораць яму пра гэта, але Алёкса толькі пасмейваецца ў вусы: «Страха цячэ? Ну і няхай цячэ. Свінні лазяць? Няхай сабе лазяць». Такая абыякавасць прывяла Алёксу да бяды. Стражнік злавіў Алёксу ў панскім лесе, калі той драў лыка на лапці. Замест таго каб пакаяцца і папрасіць прабачэння, Алёкса пачаў рознымі словамі лаяць стражніка. Узлаваўшыся, той адлупцаваў мужыка, прывязаў яго да дрэва і параіў гаварыць усім, каго ўбачыць, што яго прывязаў Няхай.

Лянота розуму і тут не дазволіла Алёксу крытычна паглядзець на свой лёс, задумацца, чаму суседзі і стражнік называюць яго пагардлівай мянушкай, а не імем, не прозвішчам. На крык Алёксы прыбеглі мужыкі, пытаюць, хто прывязаў яго да дрэва, а той у адказ гаворыць: «Няхай прывязаў». Падумалі дзецюкі, што Алёкса жартуе, і пайшлі сабе далей. А той да самага вечара крыкам зыходзіўся, пакуль не натрапілі на яго пастухі і не вызвалілі з бяды.

Не карысталіся сімпатыяй беларусаў і людзі, якія не мелі сваёй уласнай думкі, лёгка мянялі свае перакананні. Смяецца казачнік з мужыка, героя казкі «Не вер ачом», бо жартаўнікі пераканалі яго ў тым, што ён прадае не пеўня, а зайца. Адштурхнуўшыся ад прыватнага выпадку апавядання пра шалапутнага чалавека, якога можна лёгка ашукаць, з якога можна ўдосталь пасмяяцца, казка робіць шырокае абагульненне, звяртаючыся да праверанага сродку увядзення ў тэкст прыказкі: «Людзей слухай, а свой розум май». У гэтым заключаецца адна з асаблівасцей беларускай сатырычнай казкі.

У зборніку крытыкуюцца і іншыя людскія недахопы: непавага да бацькоў, старэйшых, а таксама высмейваюцца гультаяватыя жанчыны, якія замест таго, каб увіхацца па гаспадарцы, наглядаць за дзецьмі, днямі лузгаюць семкі на прызбах і абгаворваюць суседак, сварацца з імі.

Хто з нас не чуў прыказку «На свеце ўсяго нажывеш і Кузьму бацькам назавеш»? Але мала хто ведае, што набыла яна крылы з лёгкай рукі А.К. Сержпутоўскага, які запісаў казку «Кузьма» ад вядомага беларускага казачніка Івана Азёмшы. Нялёгкі лёс выпаў на долю селяніна Кузьмы. Спачатку жонка зневажала, як магла, а калі падрос сын, мужыку наогул жыцця не стала. Маці з дзяцінства прывучала малога пагардліва ставіцца да бацькі, называць яго Кузьмой. Суседзі смяяліся з мужыка, раілі ўзяць папругу і заняцца выхаваннем жонкі і сына. Урэшце лопнула цярпенне ў Кузьмы. Везлі неяк бацька з сынам зімой з балота сена. Воз, на якім ехаў сын, перакуліўся і падмяў пад сябе хлопца.

Назад Дальше