Святло далёкай зоркі - Уладзімір Канстанцінавіч Касько 8 стр.


Праўда, такія прыклады былі хутчэй выключэннем, чым правілам. У большасці сялянскіх семяў беларусаў дзеці раслі чулымі, паслухмянымі, працавітымі, дапамагалі бацькам выхоўваць малодшых дзяцей, весці гаспадарку. Ветліва адносіліся дзеці да суседзяў, асабліва старэйшых за сябе.

Наяўнасць у беларускіх сялян такіх высокіх маральных якасцей, як пачуцці калектывізму, таварыскасці, узаемадапамогі, яскрава пацвярджаюць нарысы А. К. Сержпутоўскага, якія на працягу многіх гадоў друкаваліся на старонках «Живой старины», іншых навуковых выданняў Расіі пад рубрыкай «Очерки Белоруссии». Цікавая дэталь: усе гэтыя нарысы напісаны на рускай мове, а загалоўкі асобных з іх Сержпутоўскі дае на беларускай мове. Вучоны не тлумачыць, чым выклікана гэтая акалічнасць. Думаецца, што ён зыходзіў з таго, што беларуская мова на пачатку XX ст. ужо заявіла аб сабе ў поўны голас, заваявала сабе права стаяць поруч з рускай мовай, хоць афіцыйныя колы царскай Расіі ўсяляк перашкаджалі гэтаму.

«Сябрына». Гэта першы нарыс[42] з названай серыі. Ён прысвечаны апісанню старажытных народных традыцый беларусаў-палешукоў Слуцкага павета Мінскай губерні. Адзначаючы, што сябрына сустракаецца толькі ў беларусаў, у пераважнасці палешукоў, Сержпутоўскі тлумачыць значэнне гэтага слова. Ён не пагаджаецца з трактоўкай слова «сябрына» ў слоўніку I. I. Насовіча, які сцвярджаў, што слова «сябрук» нічым не адрозніваецца ад слова «сябар». Па перакананні вучонага, «сябар» гэта не «саўдзельнік» у справе ці рабоце, не проста таварыш, а чалавек, родны па духу, часта бліжэйшы за родзіча.

Па назіраннях Сержпутоўскага, сябрына ў Беларусі ў многім абапіралася на сумеснае вядзенне гаспадаркі, у прыватнасці пчалярства, бо пчолы часта пераляталі раямі ад аднаго селяніна да другога. Палешукі лічылі гэта праяўленнем Боскай волі. Ды і пчалу называлі свяшчэннай істотай, якая дае воск для царкоўных свечак. Таму сябрына, заснаваная на сумесным бортніцтве, лічылася самай моцнай.

Існаваў на Палессі выдатны звычай абдорваць маладых пчалінымі вуллямі. Такім чынам госці і маладыя гаспадары станавіліся сябрамі.

Сябрына ўстанаўлівалася і ў выпадках, калі ад падораных на вяселлі каровы, авечкі ці кабылы атрымліваўся прыплод, у такім разе гаварылі: «Ідзе ў руку».

«Хаця пры ўстанаўленні сябрыны ніякіх спецыяльных абрадавых дзеянняў не праводзяць,  зазначаў Сержпутоўскі, але з моманту яе зяўлення сябры звяртаюцца адзін да другога на вы, а не на ты, як прынята гэта паміж чужымі людзьмі». З такой павагай звярталіся палешукі толькі да бацькоў, старэйшых па ўзросце, родзічаў і самых блізкіх сяброў і таварышаў.

Кожны чалавек лічыў для сябе свяшчэнным абавязкам дапамагчы сябру ў бядзе. Вялікім грахом было пакрыўдзіць сябра, прычыніць яму зло. Сварка паміж сябрамі ганьба для абодвух.

У час урачыстасцей сяброў саджалі на самае ганаровае месца, удзялялі ім шмат увагі. Сябры часта выступалі ў ролі дарадцаў, абаронцаў перад грамадскімі і дзяржаўнымі інстанцыямі. Нездарма гаварылі, што часам ад сябра хутчэй атрымаеш дапамогу, чым ад родзіча. Адсюль зяўленне прыказак і прымавак: «Многа сваіх, ды чорт на іх, а сябар божы сваяк», «Часам ад свайго помачы не чакай, хіба ў сябра папытай».

Кожны прадбачлівы беларус пры ўсякім зручным выпадку стараўся займець як мага больш сяброў у сваёй і суседніх вёсках. Ведалі: сябар дапаможа ў цяжкую хвіліну жыцця, пусціць пераначаваць і прыме як самага дарагога госця. «Не май асьмакоў, а май многа сяброў век пражывеш і з голаду не памрэш»,  гаварылі старыя.

«Бонда». Старажытны звычай беларусаў дзяліцца з суседзямі здабыткамі сваёй працы мясам, рыбай, мёдам, садавінай, гароднінай знайшоў адлюстраванне ў нарысе А. К. Сержпутоўскага «Бонда»[43]. Згодна з народнымі ўяўленнямі, таго, хто не падзеліцца з іншымі бондай або бондачкай, будуць праследаваць няшчасці.

Гэты звычай распаўсюджваўся і на жывёлу. Заўважыўшы бадзячага сабаку або каня, карову, якія адбіліся ад статку, сяляне лічылі неабходным накарміць іх. Пры гэтым яны гаварылі: «Бог дае на ўсіх долю. I сабаку давай кавалак хлеба можа, не праз чыю ласку жывем».

Звычай даваць бонду, на думку Сержпутоўскага, ішоў ад сівой даўніны, калі была агульная маёмасць цэлай абшчыны або роду.

У запісах вучонага адзначаецца, што ва ўспамінах старых людзей, ад якіх калісьці ён запісваў свае фальклорныя творы, ёсць шмат прыкладаў таго, як сяляне, што мелі коней, валоў, дапамагалі суседзям-беднякам бясплатна апрацоўваць зямлю, звозіць з поля ўраджай, нарыхтоўваць дровы на зіму. Нават калі ўласнага хлеба не хапала да новага ўраджаю, палешукі не пакідалі ў бядзе суседзяў, у якіх па нейкай прычыне загінуў ураджай.

«Талака». Цікавае тлумачэнне старажытных народных традыцый знаходзім у нарысе А. К. Сержпутоўскага «Талака»[44]. Аўтар адвяргае сцвярджэнне У. I. Даля, які пісаў, што «талака работа грамадой за пачастунак». Сяляне бескарысна прыходзілі, па словах этнографа, на дапамогу аднавяскоўцу, прыносілі нават будаўнічы матэрыял. Гуртам выконваліся работы, плёнам якіх карысталіся ўсе аднавяскоўцы. Размова ідзе аб узвядзенні плацін і ёзаў, капанні студняў, будаўніцтве лазняў і г. д.

Талака часта мела і іншы сэнс. Яна давала магчымасць чалавеку паказаць сябе ў рабоце, служыла своеасаблівым спаборніцтвам у спрыце, сіле, уменні. «Лёс беларускай дзяўчыны,  пісаў Сержпутоўскі, у большасці выпадкаў залежыць ад таго поспеху ў працы, якім яна (дзяўчына) зарэкамендавала сябе ў час талакі».

Гаворачы аб «прыгажосці і высакароднасці» талакі, Сержпутоўскі з гневам піша, што гэты старажытны народны звычай часта выкарыстоўвалі ў сваіх карыслівых мэтах памешчыкі, кулакі. Разумеючы, што талака праводзіцца бясплатна, яны збіралі народ на выкананне асабліва працаёмкіх работ і пасля іх заканчэння частавалі людзей гарэлкай. Вучоны бачыў у гэтым псаванне панамі выдатнага народнага звычаю.

«О завитках в Белоруссии». У 1907 г. на старонках часопіса «Живая старина» быў апублікаваны нарыс А. К. Сержпутоўскага «О завитках в Белоруссии (очерк из жизни крестьян южной части Слуцкого уезда Минской губернии)»[45], прысвечаны раскрыццю светапогляду палешукоў. Значнае месца адводзілася ў ім прымхам і забабонам.

«Пачынаючы з моманту нараджэння і амаль да самой смерці, піша аўтар,  беларуса, на яго думку, праследуе «нячыстая сіла», а каб яе прадухіліць або прымусіць працаваць на карысць чалавека, трэба строга прытрымлівацца выпрацаваных народнай мудрасцю прымхаў і забабонаў правіл, як трэба рабіць у тым ці іншым выпадку». Вобразна параўноўваючы гэтыя правілы з правіламі гігіены, накіраванымі на падтрыманне здароўя чалавека, Сержпутоўскі зазначае, што ў аснове прымхаў і забабонаў ляжаць уяўленні неадукаванага цёмнага чалавека і рэкамендаваныя дзеянні для перасцярогі ад нейкай бяды. Яны не маюць ніякай прычыннай сувязі. Так, каб на працягу года быць здаровым, на думку палешукоў, трэба было падчас першага грому патрэсці дуб. Адпраўляючыся ў дарогу, сяляне зачынялі засланкай вусце печы, а да прыпечка прыстаўлялі вілкі і качаргу. У такім разе прымхі абяцалі ім паспяховую паездку.

Сярод мноства розных прымхаў і забабонаў у жыцці беларуса-палешука выключнае месца займалі заломкі, завіткі, або куклы. Рабіліся яны на хлебных палях і мелі мэту пашкодзіць здароўю чалавека, яго гаспадарцы. На думку сялян, рабілі заломкі ліхія людзі, ведзьмакі, якія знасіліся з нячыстай сілай, валодалі чарамі, праклёнамі, заклёнамі.

Знішчыць заломку, зняць праклёны мог вядзьмак, які валодаў яшчэ большай магічнай сілай, чым той, хто ўчыніў ліхадзейства.

Звычайна заломкі рабіліся так: сцяблінкі жыта, пшаніцы, ячменю або іншых хлебных злакаў збіраліся ў пучок, перавязваліся валасамі, ніткамі, чырвонымі стужкамі і заломваліся ў пэўны бок.

Рабіліся заломкі і ў выглядзе вяночкаў. Выбар таго ці іншага віду заломак і атрыбутыкі, звязанай з ім, залежыў ад многіх абставін. Заломкі, звязаныя валасамі, на думку ведзьмака, пагражалі жыццю людзей ці жывёлы. Зламаныя або скручаныя сцяблінкі ўказвалі на тое, што праклён накіраваны супраць здароўя ці нават жыцця чалавека.

Заломкі звычайна завівалі ў канцы мая пачатку чэрвеня, калі зацвіталі збожжавыя. На досвітку вядзьмак распранаўся дагала і, стараючыся быць нікім не заўважаным, прабіраўся ў поле. На думку сялян, там вядзьмак сустракаўся з нячыстай сілай, якая не толькі не перашкаджала яму чыніць чорную справу, але і спрыяла ў гэтым, адпужвала выпадковых людзей. Па словах Сержпутоўскага, вядомы на Случчыне вядзьмак Іван Санюк, які меў мянушку Порца, пры завіванні заломак вымаўляў такія замовы і закляцці, скіраваныя ў адрас гаспадара поля:

З сухога бору, нетры, гушчэчы,
З багны, тхлані, балота,
З цёмнага лесу, з лысых гор,
З ракі, з віру глыбокага,
З возера, з плёсу шырокага,
З віхру, з ветру вялікага
Адусюль збірайся, сіла ліхая, нячыстая,
Сатры, зламі (у гэтым месцы вымаўлялася імя чалавека, супраць якога задумвалася чорная справа) косці жоўтыя,
Разлі кроў гарачую, засушы яго цела.
Як засохнуць і запетраюць гэтыя калівы,
Каб ён так засох і запетраў.

Апошнія словы Порца паўтараў тройчы, а затым працягваў:

Назад Дальше