Апошнія словы Порца паўтараў тройчы, а затым працягваў:
Ліхія, куцыя, бясхвостыя і вы ўсе кахатыя, прыступайце і мне памажыце майго ворага зламаць, скруціць, сцерці, каб ён сонейка яснага не бачыў, грому не чуў, сцежкі не таптаў, смаку не меў. Як каласкі сохнуць, каб ён так ссох, прапаў і згінуў.
У арсенале ведзьмакоў меліся закляцці і на жывёлу, і на людзей, якія захочуць знішчыць заломку. Для апошніх у Порцы былі свае праклёны:
Бяру чыстыя каласкі, у коску заплятаю. Як каліўкі пагнуліся, паламаліся, каб так таго немач сагнула, зламала рукі і ногі, хто гэту завітку зачэпіць. Як каласкі сохнуць-пятраюць, каб так ён ссох-спятраў. Як зямля і неба не мінаюцца, каб так маё слова не мінулася[46].
Убачыўшы заломкі на сваім полі, селянін, каб адвесці бяду ад сваёй сямі, вымушаны быў звяртацца па дапамогу да ведзьмака. Той спачатку доўга адмаўляўся, набіваючы сабе цану, і толькі пасля настойлівых просьбаў наліваў з бутэлькі ў шклянку ваду, узятую з «сямі калодзежаў», уважліва ўглядаўся ў яе, як бы імкнучыся ўбачыць разгадку няшчасцяў чалавека. Нарэшце ён ставіў шклянку на стол і шматзначна гаварыў: «Вельмі моцна ўздзеяна.
Не ведаю, як і адрабіць». I рабіў выгляд, што хоча пакінуць хату селяніна. Гаспадар і ўся сямя слёзна прасілі ведзьмака не пакідаць іх у бядзе, абяцалі павысіць ганарар.
Вядзьмак працягваў адмаўляцца, але ўрэшце ўступаў просьбам гаспадара, які вёў яго ў поле, дзе знаходзілася заломка. За імі крочылі родзічы селяніна, цікаўныя суседзі.
Наблізіўшыся да заломкі, вядзьмак вымаўляў закляцці, жэстыкуляваў, а затым праводзіў вакол яе круг, быццам заганяючы туды нячыстую сілу. Наступаў самы адказны момант знішчэнне заломкі. Вядзьмак станавіўся на карачкі і пачынаў асцярожна падпаўзаць да яе. Нейкая нябачная сіла быццам бы не давала яму лёгка дабрацца да пучка каласкоў, адкідвала назад. Вядзьмак мармытаў закляцці і пачынаў падпаўзаць з другога боку.
Такія маніпуляцыі паўтараліся некалькі разоў. Здаралася, што вядзьмак распранаўся дагала, доўга поўзаў на пацеху прысутным па іржышчы, пакуль нарэшце не вырываў заломку з карэннем. Усім станавілася ясна: вядзьмак перамог нячыстую сілу.
Цяпер пачынаўся другі этап спектакля. Трэба было ўсё зло, заключанае ў заломцы, скіраваць супраць таго, хто яе завіў. Вядзьмак урачыста ўносіў заломку ў хату гаспадара, клаў яе ў гаршчок, напоўнены вадой з «сямі калодзежаў», і ставіў яго на агонь. Калі вада закіпала, вядзьмак браў асінавы пруцік і, памешваючы варыва, шаптаў розныя закляцці. Затым выцягваў гаршчок з печы, даставаў заломку і прымацоўваў яе ў коміне. Ад такой аперацыі чалавек, які завіў заломку, спачатку быццам бы будзе гарэць у агні, а потым сохнуць, як заломка ў коміне.
Пасля паспяховага завяршэння справы па знішчэнні заломкі гаспадар шчодра частаваў свайго збавіцеля, аддзячваў грашыма, харчам.
Расказваючы пра традыцыю завівання заломак у асобных населеных пунктах дарэвалюцыйнай Беларусі, А. К. Сержпутоўскі быў далёкі ад таго, каб тлумачыць яе толькі цемнатой і адсталасцю беларусаў-палешукоў. У заключнай частцы свайго нарыса ён гаворыць пра тое, што пад уплывам школ, народных вучылішчаў у апошнія гады павысілася свядомасць не толькі дзяцей, але і дарослых, знікла сляпая вера ў ведзьмакоў і шаптух, ніхто ўсурёз не ўспрымае заломкі. Убачыўшы іх, моладзь спальвала заломкі або для пацехі прывязвала да хвастоў сабак, і тыя вырывалі іх з карэннем. У абрадах знішчэння заломкі вучонага цікавіў этнаграфічны бок, высокая паэтыка заклінанняў, здаровы народны гумар.
«Добывание огня». Спосаб здабывання і захоўвання агню шырока апісаны ў шматлікай навуковай і навукова-папулярнай літаратуры. Не абышоў гэты факт увагай і А. К. Сержпутоўскі, прысвяціўшы яму этнаграфічны нарыс «Добывание огня»[47]. Даследуючы быт жыхароў цяжкадаступных населеных пунктаў Беларускага Палесся, ён адзначаў, што большасць сялянскіх семяў не карысталіся запалкамі і здабывалі агонь старажытным дзедаўскім спосабам: з дапамогай крэсіва, крэменю і кнота або цэры высушанага грыба, што расце на гнілой частцы ствала хвоі. Рабілася гэта па некалькіх прычынах. Запалкі каштавалі даволі дорага і былі не па кішэні многім палешукам. Да таго ж яны тухлі ад ветру. Таму кожны мужчына насіў у маленькай торбачцы, якую называлі вогневіцай, магалейкай або калітой, нескладаныя прыстасаванні для атрымання агню. Умелі разводзіць агонь у сваіх дамах і палескія жанчыны, калі мужчын не было ў сядзібе.
Ва ўрачыстых выпадках свяшчэнны агонь здабывалі шляхам трэння ці з дапамогай шкельцаў і сонечных промняў. Гэта рабілі звычайна пры пераходзе ў новы дом. У прысутнасці ўсёй сямі, гасцей гаспадар распальваў свяшчэнны агонь у старой хаце і пераносіў яго ў новую хату, дзе рыхтавалася застолле. На думку палешукоў, у такім выпадку заступнікі продкаў разам з агнём пераселяцца на новае месца і будуць ахоўваць навасёлаў ад няшчасцяў і бядот.
У час эпідэмій з дапамогай свяшчэннага агню запальвалі кастры на ўскраінах вёсак. Яны павінны былі ўберагчы людзей ад хвароб.
У многіх палескіх вёсках існаваў звычай распальваць з дапамогай свяшчэннага агню купальскія кастры. Яшчэ задоўга да свята на месца, дзе ў ноч з 22 на 23 чэрвеня шугане ў неба купальскі агонь, моладзь пачынала зносіць «май» галінкі бярозы, ліпы, якімі на Тройцу сяляне ўпрыгожвалі дамы і двары, а таксама старыя рэчы, дошкі, салому, зношаныя лапці.
У дзень свята хлопцы ўкопвалі ў зямлю высокую жардзіну, насаджвалі на яе старое кола ад павозкі. Дзяўчаты вешалі на жардзіну вянкі, упрыгожвалі яе рознакаляровымі стужкамі, зялёнымі галінкамі. Затым вакол жардзіны складвалі ўсё, што гарыць.
Вечарам, калі сонца хавалася за гарызонтам, і малыя і старыя ішлі сустракаць свята. Пакуль хлопцы і дзяўчаты спявалі песні, ладзілі розныя гульні, а старыя вялі нетаропкія размовы пра жыццё-быццё, маладыя дужыя мужчыны раскладвалі купальскае вогнішча, тручы кавалкі сухога дрэва адзін аб адзін. I вось ён доўгачаканы момант: на волю вырваўся агеньчык. Ён перакідваўся на сухую салому, вецце. Адступала цемра. Пад радасныя крыкі і воклічы прысутных пачыналася адно з самых любімых народных свят.
«Каўтун». У нарысе А. К. Сержпутоўскага «Каўтун»[48] адсутнічаюць апісанні абрадаў і рытуалаў беларусаў-палешукоў, і тым не менш ён зяўляецца своеасаблівым лагічным працягам разгледжаных вышэй нарысаў у сацыяльным плане. «Каму даводзілася бываць у балоцістых месцах Беларускага Палесся, размешчанага па прытоках ракі Прыпяць, піша Сержпутоўскі, той, думаецца, звярнуў увагу на тое, што ў многіх жыхароў гэтага краю валасы на галаве збіты ў нейкія лямцападобныя косы або ўтвараюць адзін вялізны каўтун». Па словах аўтара, адны даследчыкі тлумачылі гэта мікраарганізмам, які трапіў з балота ў кроў чалавека, іншыя неахайнасцю мясцовых жыхароў. А. К. Сержпутоўскі справядліва тлумачыць узнікненне гэтай і іншых хвароб цяжкімі ўмовамі жыцця народа, адсутнасцю на Палессі медыцынскіх устаноў. У пацвярджэнне гэтай думкі ён прыводзіў наступныя факты. На Палессі жывёлу пасуць пераважна на багністых месцах, мохавых балотах. Пасьба пачынаецца з ранняй вясны і працягваецца да позняй восені. Балота ўвесь час пакрыта гнілой стаячай вадой. Пастухі цэлымі днямі стаяць па калена ў вадзе або гразі. I як вынік балотная ліхаманка, рэўматызм, незажыўныя раны на нагах пастухоў, той жа каўтун. Лячыцца гэтым людзям няма калі і няма дзе, бо на Палессі да рэвалюцыі амаль што адсутнічалі бальніцы, лячэбніцы. Сваёй публікацыяй вучоны імкнуўся звярнуць увагу шырокай грамадскасці на поўнае драматызму жыццё беларускага селяніна.
«Запасванне гаўяда». Добрае веданне жыцця і быту палескіх сялян прадэманстраваў А. К. Сержпутоўскі і ў нарысе «Запасванне гаўяда»[49]. Цеплынёй і святлом напоўнены радкі аб першым пасля зімы выгане жывёлы на пашу. Радавую на першы погляд падзею ён паказаў як сапраўднае свята, падчас якога асабліва поўна раскрываецца душа чалавека.
На сямейным савеце абмяркоўвалася, пара выганяць скаціну на пашу ці не. Прымаліся пад увагу дзень тыдня, фаза месяца. Панядзелак і пятніцу звычайна лічылі днямі, якія не падыходзяць для запасвання. Звычайна час выгану прымяркоўвалі да поўні, «каб усё было поўна».
Не апошнюю ролю адыгрывалі тут і прыкметы. На думку палешукоў, скінутая на падлогу лыжка, разбіты посуд маглі прывесці да бяды. Яшчэ горш, калі ў дзень запасвання жывёлы на загнеце тух агонь. У гэты дзень не пазычалі суседзям агню, розных рэчаў, бо згодна з існуючымі прымхамі ліхі чалавек мог нанесці вялікую шкоду.
Але вось усё гатова для выгану жывёлы. Сямя выходзіць на двор, каб прысутнічаць пры ўрачыстым моманце. Наперадзе гаспадар, апрануты ва ўсё чыстае і белае. На ім новыя лапці з белымі анучамі. У торбе, якая вісіць на баку, акраец хлеба, соль, «хрэшчык» (крыж, выпечаны з мукі на Хрэсцы у сераду на чацвёртым тыдні вялікага посту), тры невялічкія каменьчыкі, нож, замок, бязмен, сякера, курынае яйка, грамнічная свечка.