Янкі, альбо Астатні наезд на Літве - Уладзіслаў Ахроменка 3 стр.


 А неба якое васільковае, амаль як у нас па-над Нёманам!  замілавана прамовіў Хросны, усталяваў кулямёт і скіраваў рулю на ніз.

Шыкоўныя, як лакіраваныя люксовыя труны, Крайслеры спрытна блакіравалі выезд з закінутых бойняў. Па двары рассыпаліся высокія смуглыя мужчыны, апранутыя ў доўгія шэрыя плашчы і модныя капелюшы барсаліна. Валасатыя рукі сіцылійскіх гангстэраў лашчылі машын-ганы сістэмы Томпсана.

Хросны крыху прыўзняўся над парапетам. Падлетак апярэдзіў пытанне:

 Карлу Спагеці шукаеце? Вунь гэты стары мафіёзі за апошнім Крайслерам.

І сапраўды, з-за лакіраванага крыла легкавіка выторквалася сівая галава сухенькага дзядка. Карла Спагеці сядзеў на кукішках і засяроджана ладзіў запал да гранаты. Яго шыкоўная барсаліна ляжала на капоце машыны. Сіцыліец апусціў гранату ў кішэню плашча, надзеў капялюш і склаў далоні рупарам:

 Presto Prestissimo  прыспешыў ён малодшых па рангу мафіёзі.

Тым часам хлопчык-верабей спрактыкавана заправіў стужку ў казённік. Хросны злавіў у прыцэл цыбатага вусача, які на мігі паказваў Спагеці, што дзверы бойні зачынены з сярэдзіны.

Карла таргануў драцяное колца з гранаты.

 Forсe!  гукнуў ён.

Граната тройчы перакулілася ў палёце і грукнула ў дзверы. Выбух мякка і важка скалануў вечаровае сутонне. Калі дым і пыл знесла ветрам, на месцы дзвярэй чарнела прамакутная дзіра. З вокнаў упэўнена бахнула колькі стрэлаў, і на шэрым плашчы вусатага мудзілы расплылася барвовая пляма. Томпсан грукнуў дыскам аб брук.

 Хросны, страляйце ж  азартна зашаптаў падлетак, калі адзін з сіцылійцаў запаліў паходню і пабег да склада з падрыхтаваным да продажу перваком.

 Трэба іх бліжэй падпусціць,  кулямётчык засяроджана глядзеў у прыцэл.

 Хросны, стрэлка манометра дзевятку перайшла,  даляцеў знізу голас блюзнера.

 Яшчэ цярпіма,  прагучала ў адказ.

Сіцылійскія мафіёзі, як па камандзе, ускінулі Томпсаны. Загрукацелі чэргі, заценькалі аб сцены спрацаваныя гільзы, зазвінела шкло, шрапнеллю разляцелася тынкоўка. З вільготнай цемры дзвярнога праёма халодна бліснулі шкельцы акуляраў. Дзядзька з тварам настаўніка, не цэлячы, дуплетам гахнуў з абрэзу, і Крайслер са свістам прысеў на пашкамутанае кола.

 Porka misere!  вылаяўся Карла і зноў шпурнуў гранату.

Выбухнула.

Пад прыкрыццём пылу смуглыя мафіёзі нясмела пайшлі на штурм. Першаму, хто сунуўся ў праём, лоўка кінутая з цемры швайка ўвайшла ў кадык. Другі сіцылійскі мудзіла неадкладна атрымаў бейсбольнай бітай у лыч.

 Ну што, скаштаваў залупы?  дурнавата рагатнуў блюзнер.

З глыбіні стадолы пагрозліва зараўла бензапіла. І тут Хросны нарэшце прыціснуў гашэтку. Максім ажно затанчыў на даху.

 Во скача!  у захапленні прамовіў падлетак.  Як тая Лявоніха на вяселлі!

Трое гангстэраў адразу скурчыліся на пыльным бруку. Астатнія баязліва пахаваліся. Кулямёт па-сялянску разважліва змоўк.

 Хросны, стрэлка манометра ўжо дзесятку перайшла!  голас нябачнага бутлегера звонка парушыў злавесную цішу.

Кулямётчык не паспеў адказаць. З-за суседняга дома вылецелі тры паліцэйскія форды і даўжэзны Пакард з зоркай шэрыфа на дзвёрцы. Завішчэлі на віражы тармазы, рэхам адбіліся ад сценаў каманды. За колькі секундаў бойні аказаліся бязлітасна блакіраваныя чыкагскімі копамі. Паліцэйскія машыны імгненна ашчэрыліся рулямі вінчэстараў і кольтаў.

 How do you do, mister Spagacci?..  прывітаўся ў бляшаны рупар шэрыф.

 Fine. Thanks, signіor Smith-Vesson! Sempre vivace!  пасміхнуўся Карла і толькі пасля гэтага рэзануў па Пакарду з машын-гана. Лабавое шкло вадаспадам правалілася ў салон. Перадсмяротны енк пацвердзіў, што гэтым разам мафіёзі не змарнаваў набоі.

Рулі паліцэйскай зброі выплюнулі агонь. Колькі сіцылійскіх гангстэраў у адначассе выправіліся хто ў чысцец, а хто і адразу ў пекла. Заціснутаму паміж бойнямі і паліцыяй старому Карла Спагеці не засталося аніякіх шанцаў на паратунак.

І тут здарылася тое, чаго не чакалі ані чыкагскія копы, ані сіцылійскія мафіёзі. Хросны прыўзняў рулю кулямёта і кароткімі ашчаднымі чэргамі стаў садзіць па паліцэйскіх легкавіках. Копы разгубіліся: мафіёзная салідарнасць невядомага кулямётчыка на даху цалкам змяшала іх планы. Карыстаючыся момантам, Карла Спагеці і ацалелыя сіцылійцы кінуліся ў цемру дзвярнога праёму. Зброя беларускіх бутлегераў талерантна змоўкла.

Праз колькі хвілін сівая галава Карла Спагеці ўжо вытаркнулася з люку.

Праз колькі хвілін сівая галава Карла Спагеці ўжо вытаркнулася з люку.

 Mama miо, Santa Lucia!  аўтарытэтны сіцыліец беспамылкова пазнаў клятага ворага, павагаўся, але ўсё ж паціснуў Хроснаму руку.

Лідэры мафіёзных кланаў хутка паразумеліся пры дапамозе мімікі, жэстаў і ангельска-італьяна-беларускай трасянкі. Агульны вораг здольны ствараць і не такія дзіўныя хаўрусы.

Тым часам копы апрытомнелі і пайшлі ў наступ. Зноў загрукатаў на даху кулямёт, заляскалі стрэлы. На бруку аганізавалі смяротна параненыя, падалі забітыя, гарачая кроў лілася ў каналізацыйныя краты. Сонца канчаткова схавалася за скрай хмарачоса.

Карла з асалодай страляў са свайго Томпсана па сілуэтах у ненавісных чорных мундзірах, спяваючы сіцылійскую народную песню О, mama mia! О, Koza Nostra!..

Але неўзабаве хаўруснікаў напаткала прыкрая неспадзяванка: у абодвух машын-ганах скончыліся набоі. Цяпер беларусы і італьянцы адстрэльваліся толькі з вокнаў. Ацалелыя копы ўсё смялей падбіраліся да старых бойняў.

 Хросны!  даляцела з люку.  Манометр ужо на дванаццаці! Чырвоную рыску перайшоў!

 Ёсць яшчэ час,  кінуў Хросны і пытальна зірнуў на Карла Спагеці.

Сівы сіцыліец засяроджана раскладаў на даху гранаты, падобныя да пукатых пляшак. Беларускі мафіёзі перажагнаўся гранатай па-каталіцку, пацалаваў зброю і кінуў у доўгі паліцэйскі Плімут, на якім прыбыла новая порцыя копаў. Легкавік падскочыў і кульнуўся на бок.

 Ave Maria!  узрадаваўся сіцыліец.

 Матка Боска Вастрабрамска!  па сітуацыі азваўся Хросны.  Ды каталік я, каталік, беларус з-пад Гародні.

 Sicilia, Palermo,  назваў сваю Радзіму сіньёр Спагеці.

 Карацей, ты з Заходу, я з Усходу,  падвёў лагічную рысу кулямётчык.

Знянацку з люку пацягнула не толькі порахам, алі і падазрона густым водарам падгарэлай брагі.

 Хлопцы, тэрмінова сыходзьце сутарэннямі!  гаркнуў у люк беларускі мафіёзі і падхапіў Спагеці. За мной!

А нахабныя копы ўжо забягалі ў стадолу, стралялі наўздагон беларусам і сіцылійцам, якія па адным порстка знікалі ў сутарэннях.

Гіганцкі самагонны апарат злавесна чырванеў перагрэтай меддзю. З ціхай пагрозай сычэла сінім агнём газавая фаерка. Булькацела загусцелая брага. Стрэлка манометра ўжо даўно мінула кантрольную чырвоную рыску і паказвала на масянджовую шыльдачку General Electric. Грукнуў люк, і павевам скразняка са сцяны сарвала, вынесла ў высаджанае акно каляндар з Божай Маці Вастрабрамскай. У шкляных вачах копаў адбіўся чорны надпіс WANTED!

Жахлівая выбуховая хваля скаланула старыя бойні ад падмуркаў да даху. Шматкі апарата разнесліся па стадоле, нібы шрапнель. З жалобным ценьканнем заваліўся штабель скрыняў. Вогненная хваля бураковага самагону імгненна адрэзала копам шлях да дзвярэй і вокнаў. Жывыя паходні бязладна кідаліся, матлялі рукамі, качаліся на падлозе між ацалелых самагонных апаратаў.

Тым часам Хросны, Спагеці і падлетак-верабей таропка спускаліся гулкімі пажарнымі сходамі, што строгім геаметрычным зігзагам раскрэслівалі глухую сцяну бакавога фасада старых бойняў. Ну што, мудзіла, скаштаваў?  пачулася з-за расстралянага паліцэйскага Пакарда.

Каля прабітай кулямі дзвёркі стаяў блюзнер са скрываўленай бейсбольнай бітай у руках і пераможна паглядаў на мерцвяка ў чорным мундзіры, які пяліў нязрушныя зенкі ў васільковае чыкагскае неба. Прахалодны ветрык з Мічыган-Возера пяшчотна варушыў кароткую фрызуру нябожчыка.

 Сямён, а ты чаму разам з усімі сутарэннямі не сыйшоў?  здзівіўся Хросны.

 Дык гэта цікава ж!  дурнавата пасміхнуўся блюзнер,  дзядзька Хросны, а нябожчык рыхтык вы!

 Не плявузгай, сурочыш,  сувора перапыніў беларускі мафіёзі, задуменна пачухаў патыліцу і глянуў на Спагеці. Ані табе Карла, ані мне ў гэтай паскуднай Амерыцы больш разгарнуцца не дадуць,  Хросны ўважліва разглядаў дакументы забітага копа.  Халера, ты ж шэрыфа самаго Сміта-Весона коцнуў!

 Si,  сціпла прызнаўся Спагеці, зняў барсаліну і перажагнаўся.

Старэчыя вусны варушыліся, бязгучная малітва скончылася кароткім, як стрэл, Amen.

 Люксовыя нумары ў Сінг-Сінгу і электрычны фатэль для нас, лічы, падрыхтаваныя. Куды падашся цяпер, Карла? На Захад, ці на Ўсход?  Хросны цярпліва дачакаўся, калі капялюш зноў прыкрые сівы голаў.

Спагеці крыва пасміхнуўся, знізаў плячыма, зняў з сябе залаты абразок з выявай святога Януара апекуна злодзеяў з махлярамі, і шляхетным жэстам спрэзентаваў Хроснаму. Гэта азначала, што ён Карла Вінцэнта Марыя Спагеці, прафесійны мафіёзі ў семнаццатым пакаленні, з гэтага моманту названы брат беларускага бутлегера, патомнага майстра па выганцы моцных трункаў.

Назад Дальше