Тэорыя змовы - Уладзіслаў Ахроменка 4 стр.


 Ой, Божухна!  знянацку пачулася з-за пуні.

Страказа нашаторыла празрыстыя крыльцы і распусцілася ў паветры. Дзядок нават не павярнуў голаў; тутэйшы зварот традыцыйна да такога не абавязваў. Ён адклаў фуганак, выцягнуў з-пад варштату сталічную газету і дбайна згарнуў «казіную ножку».

З-за пуні выйшла згорбленая старэча ў зацёртай да бляску плюшавай душагрэйцы і стаптаных кедах. Яна панура тупала і паўтарала, як мантру: Ой, бацюхна, ой, матухна! Што ж гэты паганец нарабіў! У нас жа ўсё сваё, з зямелькі жывем, як за дзядамі-прадзедамі, ні ў кога не крадзем, ніякіх цудаў не чакаем Кроп-бульба, гуркі-памідоры, цыбуля-часнык Піздзіцыдаў не падсыпаем Гэта ж трэба было так грады панішчыць! Талаш, ідзі глянь!

Дзед Талаш дбайна запляваў «казіную ножку», кінуў недапалак у бляшанае вядро і пасунуўся за пуню.

 Грады, кажаш, патапталі?  удакладніў ён крыху разгублена.  А хто?

 Ды казёл нейкі усхліпнула Талашыха і на ўсялякі выпадак удакладніла: Мяркуючы па слядах.

Маштабы злачынства прымусілі старэчу зноў зашморгаць носам. Ёй хацелася паваліцца на грады, абняць-шкадаваць зямельку і плакаць. Яшчэ з раніцы на дагледжаным гародчыку стромка выцягваліся сакаўныя стрэлы цыбулі, бухмаціўся пяшчотны кроп, раскашавала маладая пятрушка. Цяпер жа грады з падушанай гароднінай глядзеліся, рыхтык, апаганеныя могілкі. Павялае зелле, зацярушанае свежай зямлёй і ачахлым яблыневым квеццем, адно ўзмацняла недарэчнае падабенства.

Дзед Талаш прысеў на кукішкі, прыўзняў было цыбульнае пере, але яно бязвольна завалілася долу. На вільготнай зямлі рэльефна адбіваўся след казлінага капыта.

 Во быдла рагатае!  смачна плюнуў дзядок.

 І гэта ж трэба такой скацінай быць!  апантана загаласіла Талашыха.  Колькі ж мы ў тую зямельку ўсяго паўкладалі!

 Мо, які вораг народа казліныя капыты начапіў?  задуменна дапусціў Талаш.  Смалы яму з каланіцы!

 Халеры ягонаму бацьку і трасцы ягонай мацеры!  салідарна адгукнулася старая скрозь слёзы.  Не даў нам Гасподзь дзетак, не даў шчасця Вось і крыўдзяць нас розныя

Адбіткі капытоў былі зусім свежыя. Злачынства вымагала неадкладнага пакарання. Дзед Талаш з няўхільнасцю народнага мсціўцы выдраў са штыкетніку дрын і падаўся па слядах шкодніка. Талашыха баязліва сунулася следам і трагічна шаптала:

 Божухна, за што?..

За чыгункай сінела матэчная пушча. Ад яе патыхала партызанскімі спевамі і рамантыкай рэйкавай вайны. Каля сіласнай ямы грувасціўся трактар «Беларус», і сакавіты мат калгаснага брыгадзіра перакрываў тарахценне рухавіка.

Казліныя сляды вялі ў гушчар, над якім узвышалася рагатая машта ЛЭП. Нізка гулі драты, і брынклівае казлінае мэканне дадавала краявіду злавеснай напругі.

Дзед Талаш сціснуў дрын вузлаватымі пальцамі. Талашыха чвякнула разношаным кедам і спалохана сцішылася. Знянацку танальнасць мэкання змянілася; цяпер у ім прабіваліся відавочна агрэсіўныя ноткі.

 Каб табе, быдлу рагатаму, павылазіла!  старыя адважна ламануліся праз хмызы.

Пад сталёвай маштай лунала нябёсная аблачынка з пёркаў і пуху. Пачварны чорны казёл катаў паміж бярозаў і соснаў пяшчотнае пуцаценькае немаўля. Абсмаленая трава суха храбусцела пад капытамі.

Талашовы дрын бязлітасна ляснуў паміж рогаў. Парнакапытны затрос скрываўленай барадой і злосна загырчэў. Вочы наліліся інфернальным святлом. Казёл схіліў голаў і пайшоў было ў наступ, але дзядок спрытна садануў дрынам па чорнай дупе з кароткім хвастом.

 Кала табе ў сраку, а не дзіцятка!  пераможна выгукнуў ветэран.

Казёл узбрыкнуў, злякана серануў і кінуўся ратавацца ў калючыя хмызы. Талаш праводзіў рагатае быдла шчырымі партызанскімі пажаданнямі.

Старая неадкладна падхапіла немаўля. Пуцаценькі, вельмі падобны да херувіма, даверліва цягнуў ручкі і ласкава пасміхаўся. Толькі цяпер дзед з бабай угледзелі, што на спіне ў дзіцёнка крывавяцца дзве доўгія ранкі. Пэўна, гэта былі сляды казліных рогаў.

 Ой, бацюхна!.. Ой, матухна!..  старэча абярэжна захутала дзіцёнка ў плюшавую душагрэйку і прыціснула да грудзей.  Што ж за казлы такія пайшлі Мала ім нашых градаў дзяцей узяліся грызці!..

 Гэта, пэўна, якая алкагалічка з птушкафабрыкі дзіцё нагуляла ды кінула,  Талаш задуменна калупаў насцяком бота раскіданыя пёркі. Ім, маладым, цяпер волю далі Не тое, што ў наш час.

 Сыночка ж накарміць трэба!  са скрухай мовіла Талашыха.  Грошы з сабой ёсць?

 Сыночка ж накарміць трэба!  са скрухай мовіла Талашыха.  Грошы з сабой ёсць?

 Ды заначку з пенсіі прыхаваў, прызнаўся ветэран крыху вінавата.  Ідзі дахаты, а я ў Сельпо. Можа, да іх ужо малако завезлі

Талашыха ўзняла вочы да нябёсаў. У недасяжнай вышыні вецер сарваў з электрычнага дроту абсмаленае пёрка і панёс яго да Дняпра.

4

 а за «казла» адкажаш! І за зрыў мерапрыемства! І за ўсё астатняе!..  гупаў Качан у дзверы скіргайлавага пакойчыка.

 Ну, чаго табе яшчэ трэба?  цяжка сіпела Манда Іванаўна.  Працай забяспечаны. Жытлом таксама. Вуліцы чыстыя. Батарэі гарачыя. Ёсць нават шанец што-небудзь у «Суперлато» выйграць!

Адраджэнец нервова каўтаў піва, лыпаў на дзверы рахманымі, бы ў цяляці, вачыма і прыкідаў наступствы паэтычнай чытанкі.

Наступствы паабяцалі неадкладна.

  ведаеш, чым такія, як ты, канчаюць?  грымнуў старшыня выканкама.  Турмой! А пятнаццаць сутак ты ўжо зарабіў!

  хочаш па-беларуску гаварыць? Калі ласка, гэта ж не забаронена!  памяркоўна дэкларавала загадчыца Дома Культуры.  Але ж нашто нашым людзям свята паганіць?

Скіргайла шморгнуў носам і незалежна выпрастаў спіну.

 «хай пачуюць, як сэрца начамі аб радзімай старонцы баліць!..» не ўтрымаўся ад пафаснага шэпту.

Качан з Мандой Іванаўнай яшчэ крыху патаўкліся за дзвярыма. Першы цікавіўся наяўнасцю ў Скіргайлы мазгоў, патрыятызму, сумлення і жадання жыць, як усе нармальныя людзі. Другая спрабавала вытлумачыць нястачу ўсіх гэтых якасцяў выключна несвядомасцю і маладосцю.

 Ён жа нацыяналізмам атручаны!  абураўся старшыня выканкама.

 Нічога, знойдзем супрацьяддзе!  супакойвала загадчыца Дома Культуры.

Галасы падазрона хутка сцішыліся. Нанізе бразнулі дзверы старажытная кераміка на паліцы і пустыя бутэлькі на падвоканні азваліся тужлівым ценьканнем. Малады спецыяліст дажлукціў пляшку, адкаркаваў наступную і ўключыў ноутбук. Змоўніцкі скавытнуў вінчэсцер. Лёгкі подых кулера зварухнуў на сцяне выявы Вітаўта Вялікага, Канстанціна Астрожскага, Станіслава Булак-Балаховіча і іншых герояў адраджэнскай міфалогіі. У чарупіне, што бялела за лядоўняй, з кулямётным грукатам закалаціўся скручаны кран.

Ноутбук загрузіўся. Паэт блазнавата пасміхнуўся, заканэкціўся ў Сеціва і зайшоў на ўлюбёны рэсурс www.ZalatyViek.vkl. Сайт гэты, змайстрачаны нейкім ананімным web-адраджэнцам, уражваў звышпрасунутай трохмернай графікай. Сярод лічбавых замкаў, ратушаў і бажніцаў блукалі шляхотныя маршалкі і вытанчаныя князёўны, мужныя ваяры і патрыятычныя ваўкалакі. Малады спецыяліст уцякаў сюды ці не штодня, каб адпачыць душою і целам.

На маніторы разгарнулася анімацыйная застаўка: геральдычны вершнік лунае на тле сцяга адпаведных колераў і памераў.

 Рэзервацыя Гета Проста Лукішкі нейкія І адно быдла, быдла навокал!..  дэпрэсіўна прашаптаў Скіргайла, але праз хвіліну забыўся на сваю крыўду; ён ужо перасяліўся ў ВКЛ.

Сінтэтычны голас у дынаміках пафасна абвесціў:

 ВКЛ у Еўропу! Жыве Беларусь!

Нечакана з-за дзвярэй данеслася:

 Ну, а што я гаварыў? Там ён! Усе чулі антыдзяржаўныя лозунгі? Скіргайла, адчыняй неадкладна! Не хочаш? Іванаўна, давай сюды слесара і ўчастковага. А я папільную, каб не ўцёк

 Вось ты і дагуляўся Вязень сумлення!  уздыхнула загадчыца ДК і паслухмяна зацокала абцасамі.

Маладзён уцягнуў голаў у плечы.

 І дзе я жыву!  з надрыўным трагізмам выдыхнуў ён.  Ну чаму я не нарадзіўся за часамі якога-небудзь Жыгімонта! Я б усё аддаў, каб жыць не ў цяперашнім быдлячым часе, а ў

І тут над скіргайлавым вухам зацурчэў зманлівы, бы ў русалкі голас:

 Яснавяльможны спадар Скіргайла сапраўды гэтага хоча?

Лоб спадара імгненна спатнеў. Міжволі падумалася пра вышэйшыя сілы, паранармальныя зявы, матэрыялізацыю волі і перамогу цуду над розумам.

Паэт адставіў пляшку і здзіўлена зірнуў у інтэрфэйс: Няўжо, нарэшце на вышэйшы ўзровень выбіўся?

 Пакуль ты адраджэнец найніжэйшага ўзроўню, але з маёй дапамогай

 шматабяцальна прагучала над другім вухам.

 Здаецца, і не зашмат выпіў сёння  прашапталі засмяглыя вусны.

Скіргайла зазірнуў пад стол, за лядоўню, у чарупіну і нават уліп вокам у рыльца пустой бутэлькі.

Калі ж ён узняў вочы, то пабачыў перад сабой незнаёмую панначку. Чорныя прамяні зіхцелі у гламурнай фрызуры. Клятчастыя калготкі аблівалі літыя ногі. Гострыя цыцкі выторкваліся з-пад паўпразрыстай блузкі сярэднявечнымі сценабітнымі таранамі. Незнаёмка глядзелася ў інтэреры пакойчыка так жа недарэчна, як карона Вітаўта Вялікага на галаве старшыні райвыканкама.

Назад Дальше