Паэтаў твар застыў у рэжыме стоп-кадра.
Пі пі хліпнуў ён горлам.
Піва? незнаёмка па-шалберску выцягнула з-пад скураной спадніцы пляшку «Аліварыі».
Нафарбаваны пазногаць лоўка шпокнуў коркам. Красуня гарэзліва падняла павекі, і яе сінія вочы заззялі спагадай і ласкай. Часу на роздум шэсць з паловай хвілінаў. За гэты час ты мусіш выслухаць маю прапанову і даць адказ.
Скіргайла механічна каўтануў з рыльца рэлефны кадык таргануўся над футболкай з экстрэмісцкім надпісам.
Спадарыня не ведаю, як вас зваць па маю душу?.. Адтуль, з «ВКЛ»?
Хай спадар не крыўдуе, але структура, якую я маю гонар прадстаўляць, нашмат мацнейшая. Падрабязнасці крыху пазней. Неўзабаве Манда Іванаўна дабудзіцца слесара і прывядзе яго сюды.
Пякельная красуня выцягнула з-пад прыполу доўгі хвост з эстэтным бухматым пэндзлікам. На стале зашаграцеў пергаментны аркуш з адбіткам казлінага капыта.
«Кантракт на запродаж душы» прачытаў Скіргайла, ушчыкнуў сябе за шчаку і чужым сіплым голасам удакладніў: А што ўзамен?
Тое, пра што мроіш: апынешся не ў цяперашнім быдлячым часе Са свайго боку гарантую, прафесійнай скарагаворкай менеджэркі пасыпала хвастатая панначка, па-першае, магчымасць пакласці жыццё за Беларусь а калі не, дык хаця б моцна яго скалечыць. Па-другое, шанец змяніць гістарычны шлях Бацькаўшчыны на свой розум.
Адраджэнец імгненна ўявіў сябе ў Віленскім замку, з гетманскай булавой у правай руцэ і скарынаўскай Бібліяй у левай. Запродаж душы не падаўся яму празмернай платай за падобную перспектыву.
Перакідацца ў вялікіх князёў, канцлераў, гетманаў, маршалкаў і гуманістаў катэгарычна забаронена, ласкава папярэдзіла пякельная прыгажуня. Але ў іх памагатых калі ласка! Дык кім бы спадар Скіргайла хацеў стаць?
Ну тады паплечнікам якога-небудзь тытана Адраджэння! апошняе слова паэт вымавіў з вялікай літары. Падобных вакансій мала.
Хаця б самым дробненькім! прашаптаў маладзён умольна.
Дробненькім паплечнікам якога-небудзь вялікага адраджэнца? А вось гэта можна! нечакана дазволіла сінявокая. Раю адразу вызначыцца з мэтай.
У скіргайлавым мазгу нібы ўспыхнуў бікфордаў шнур, і фантанчык жарынак папоўз да дэтанатара. Паэт з асалодай прымружыўся, нібы цэліў праз снайперскую оптыку
Толькі не гэта! энергічна запярэчыла красуня. Я ведаю, чаго хочуць такія, як ты. Зрабіць аборт маці Івана Жахлівага. Павесіць генерал-губернатара Мураўёва. Як мінімум, перадушыць усіх цыганоў на Шклоўшчыне Жаданні ўхвальныя, але не глабальныя. Ёсць вечныя святыні.
Мова? Сымболіка? Жыве Беларусь? аўтаматычна вылецела са Скіргайлы.
Панначка выразна агледзела пакойчык, аздоблены, рыхтык кабіна нацыяналіста-дальнабойшчыка. Ад сцяжкоў, гербаў, вымпелаў і партрэтаў стракацела ўваччу.
Для цябе і табе падобных галоўнае лозунг, эмблема, цытата. Карацей фетыш І сымбаль твой забыты краю родны.
А нягож не! паэт дурнавата хаўкнуў пашчэнкай.
Незнаёмка беспардонна села на стол побач з ноутбукам і матлянула хвастом. Скіргайла неўпрыкмет слізгануў позіркам па ладных нагах у клятчастых калготках і пачырванеў. Хаця ён днямі і напісаў пранікнёны эратычны трыялет, але ж у душы заставаўся цнатлівым і несапсаваным маладзёнам.
Ты чуў калі-небудзь пра Дзіду Лангіна? з інтанацыямі спагадлівага следчага запыталася панначка. Пра дзіду, якой рымскі цэнтурыён Гай Касій Лангін вызваліў на Галгофе ад пакутаў Збаўцу?
Найвялікшая суперзброя цывілізаванага свету? уразіўся адукаваны адраджэнец. Дзіда, якая потым належала Язэпу Арымафейскаму, Святому Маўрыкію, рымскаму імператару Канстанціну, бізантыйскаму Юстыніяну, уладару франкаў Карлу Вялікаму ды іншым славутым героям?
Усе гэтыя героі, маючы найвялікшую суперзброю цывілізаванага свету, разбівалі ворагаў ушчэнт! падступна нагадала красуня.
І што, я буду мець шанец здабыць яе і пазабіваць усіх ворагаў беларушчыны?
Гарантую.
Сапсаваны кран манатонна цурболіў у чарупіну. Уладары Вялікага Княства, асветнікі, святыя і інсургенты маркотна глядзелі з пацвілых сценаў. Бікфордаў шнур дагарэў у скіргайлавых мазгах выбухнула:
Згодны!
А гвалту мы дамо адпор! панначка па-сяброўску абняла Скіргайлу.
Ад замочнай адтуліны данеслася зайздроснае шморганне.
Вы толькі гляньце на яго! прасіпеў Качан. Ужо якуюсь дзеўку ў свой прытон зацягнуў А што будзе, калі гэтыя нацыяналісты да ўлады дапнуцца? Прададуць нашу Сінявокую! Іванаўна, ну дзе ты там?!
Згодны!
А гвалту мы дамо адпор! панначка па-сяброўску абняла Скіргайлу.
Ад замочнай адтуліны данеслася зайздроснае шморганне.
Вы толькі гляньце на яго! прасіпеў Качан. Ужо якуюсь дзеўку ў свой прытон зацягнуў А што будзе, калі гэтыя нацыяналісты да ўлады дапнуцца? Прададуць нашу Сінявокую! Іванаўна, ну дзе ты там?!
У наманікюраных пальцах панначкі халодна бліснула тонкая голка.
Я сама разумею, што гэта сярэднявечнае цемрашальства, сінявокая рухам амбулаторнай медсястры накалола палец Скіргайлы. Але што паробіш традыцыя
Чырвоная кропля расплылася на пергаменце нязграбным павучком. Адраджэнец падзьмухаў на палец.
Толькі, каб нашыя беларускія літаратары пра кантракт не дазналіся А то потым у сваіх LiveJournal панапісваюць: маўляў, спадар Скіргайла замест таго, каб паэму пра Ефрасінню Полацкую пісаць, душу нячысцікам запрадаў
Гарантую абсалютную канфідэнцыяльнасць, панначка абярэжна скруціла пергамент хвастом і сунула пад спадніцу. А калі потым і дазнаюцца будуць адно шалёна зайздросціць! Ведаю я тых беларускіх літаратараў!
Па той бок дзвярэй пранізліва завішчала дрыль. Свярдзёлак бязлітасна знявечыў замок. На падлогу пасыпаліся трэскі.
Красуня хіжа ўхапіла паэтаву руку і позіркам паказала на манітор з вершнікам:
Мо, панясліся?
Прасвідраваны замок хрумснуў і дзінькнуў на падлогу. Качан з Мандой Іванаўнай застылі ў парозе з вылупленымі вачыма і разяўленымі ратамі
Зламысны адраджэнец паволі распускаўся на дым. Ноутбук, бы той пыласос, усмоктваў імклівы струменчык. Раптам з кампутара выткнулася худая рука з бел-чырвона-белай бранзалеткай, схапіла пляшку «Аліварыі» і здзекліва растала на тле экрана. Нетутэйшая прашмандоўка ўвішна падхапіла ноутбук і знікла з ім у чарупіне. Вадаправодныя трубы азваліся кароткім стэрэафанічным рохканнем.
Ні х-х-храна сабе толькі і здолеў вымавіць выканкамаўскі старшыня.
5
Камуфляваны аўтапеленгатар з чужынскімі нумарамі сунуўся ціхім таргачоўскім кварталам. Двухгаловы арол драпежна прастаў крылы на дзвёрках. Чорная рамка лакатара нахабна секла паветра.
На галоўнай вуліцы фургон з неадэкватнай агрэсіяй віхлянуў налева. Сустрэчны легкавік злякана завішчаў і прыцёрся да бардзюра. Пешаходы шуганулі ўроссыпкі. Пасажыры аўтобуса паўліпалі тварамі ў шкло.
Лохі! пракаментаваў кіроўца плюгавы прапаршчык з валасатымі пальцамі.
Ездзіць па сустрэчнай гэта крута! пацвердзіў капітан Капейкін і выцаліў вачыма гастраном. Макруха, спыніся, бля, спыніся! Трубы гараць, я хуценька А пакуль глянь вось гэта, каб ведаў, чаго шукаем!
Капейкін кінуў на руль скамечаную паперчыну з грыфам «Сакрэтна», кволай жабай скочыў на асфальт і пашыбаваў да крамы. Макруха ўрубіў магнітолу дынамікі ўрачыста грымнулі «Сильный, державный!» Пальцы зашархацелі сакрэтным дакументам. У аналітычным мемарандуме з цэнтру выведкі «Славянский шкаф» рускім па беламу сцвярджалася: дзіўны агністы шар, што зявіўся ў таргачоўскіх нябёсах акурат на свята Перамогі няйначай варожая зброя, здольная на хер змяніць парытэт сілаў у рэгіёне.
Усё, паехалі піндоскіх тэрарыстаў шукаць, Капейкін паставіў на пацёрты дэрмацін падсумак, у каторым шматабяцальна ценькала і булькацела. З дакументам азнаёміўся?
Усё супадае, прапаршчык скасавурыўся на падсумак. Як толькі спадарожнік над гэтым сраным Таргачовам зявіўся у нас на «Волзе-Волзе» уся электроніка імгненна згарэла.
Што робіцца, што робіцца Шчыт, бля, Айчыны, медным тазам накрываецца! шчыра засмуціўся Капейкін. Я так думаю, што на тым спадарожніку і тэхаскія рэйнджары маглі прыляцець. І ўсе, напэўна, негры.
Жыды, прасіпеў Макруха і сплюнуў праз дзвёрку.
Што жыды? афіцэр спрактыкавана згрыз з пляшкі корак, падумаў, ці варта даставаць гранчак, і не стаў.
Яны паўсюдна, што тыя бацылы, кіроўца зухавата падрэзаў «хуткую дапамогу». Думаеш, нігеры самі даўмеліся на тым спадарожніку прыляцець? Начальства загадала. Каб да нас, славянаў, экспартаваць свой лад жыцця і знішчаць нашу духоўнасць.
Пентагон ці Ватыкан які-небудзь і загадаў, пераканаўча ўдакладніў Капейкін.
А кіруе імі хто? Розныя Абрамы і Сары! З Ізраілю, Манхэтэна ці якой Арызоны. Забыўся пра Сусветную Закулісу?
Капітан каўтануў проста з рыльца, абцёр шкло абшлагам і сунуў кіроўцу.