Праз хвіліну на Мыколавым падворку ўжо былі аўтаматчыкі, гранатамётчыкі, дактары, сапёры, чорт, дябл і імгненна працверазелыя кіраўнікі СБУ. Што, тэрарыста злавілі? Дзе? У сарціры зачыніўся? Выходзь, урод, зараз Пуціну пакажам, ён у нас па сарцірах найвялікшы спецыяліст!
Дзверы прыбіральні з пранізлівым рыпеннем адчыняецца, і адтуль выходзіць урод. Скрываўлены лоб, шалёныя вочы, запэцканая лайном бронікамізэлька І чырвона-зялёны шэўрон на рукаве.
Гэта беларускія спецслужбоўцы літаральна за хвіліну да прэзідэнцкага праменаду вырашылі падстрахавацца і запусціць уздоўж маршрута ўзброенага кантралёра. Але ж чамусь так яго і не папярэдзілі, што бывае ва Украіне за непавагу да чужога майна.
Чым і спрычыніліся да псіхічнае траўмы адразу трох прэзідэнтаў.
ІI. Эўтэрпа. Муза лірычнай паэзіі і музыкі
Як Дзмітрый Шастаковіч хадзіў у Мінску на футбол
Ці не кожны праўдзівы творца наступная ступень эвалюцыі курыцы, якая толькі што знесла яйка. Мэта курыцы квахтаць пра сваё дасягненне на ўвесь куратнік, каб давесці, што плён ёйнай дупы самы пукаты, прыгожы і вялікі ў цэлым белсвеце. Мэта пісьменніка, мастака і кампазітара давесці цэламу свету, што плён ягонага генія самы таленавіты, крэатыўны і бліскучы, асабліва, у параўнанні з плёнам шэрых і бяздарных калегаў.
Дзмітрый Дзмітрыевіч Шастаковіч быў праўдзівым творцам, але пра свае творы гаварыць не любіў. У «геніі», у адрозненне ад шматлікіх калегаў з Саюза Кампазітараў, не запісваўся. На высокія трыбуны без дай патрэбы не пнуўся. Былі ў Дзмітрыя Дзмітрыевіча дзве тэмы, на якія ён мог размаўляць бясконца. Па-першае, які скончаны мудзіла старшыня Саюза Кампазітараў СССР Ціхан Хрэннікаў сталінскі халуй і «сын гандлёвага работніка», як яго сам Шастаковіч называў. Па-другое якая баявітая, бескампраміслівая і прыгожая каманда «Зеніт» Ленінград, які змястоўны футбол яна штораз дэманструе, і як прыемна глядзець на гэты футбол з трыбунаў.
Менавіта на любові да футболу Шастаковіч і пагарэў падчас сваёй творчае камандоўкі ў Мінск
Трынаццатая сімфонія Шастаковіча «Бабін Яр» ці не адразу патрапіла ў шэраг падазроных і напаўзабароненых. Згадваць пра генацыд савецкіх грамадзянаў яўрэйскай нацыянальнасці ў шасцідзесятыя гады ўжо не рэкамендавалася; «праявы сусветнага сіянізму». Немаскоўская прэмера Трынаццатай сімфоніі першапачаткова мелася адбыцца ў Кіеве, што было б слушна, але ж тагачасны першы сакратар ЦК КПУ таварыш Падгорны адмовіўся катэгарычна: маўляў, нам гэтых жыдоўскіх енкаў у сталіцы савецкай Украіны не трэба! А вось тагачасны першы сакратар ЦК КПБ таварыш Мазураў чамусьці паставіўся да мажлівай прэмеры ў Мінску паблажліва. Можа, не зусім разумеў, што такое сімфонія, і чым яна адрозніваецца ад оперы. Можа, прыгадаў сваё гомельскае юнацтва і шматлікіх сяброў-яўрэяў. А можа, проста нападпітку быў. Карацей, праявіў тыповую палітычную блізарукасць. І вось у сакавіку 1963 года Дзмітрый Дзмітрыевіч прыязджае ў Мінск. Сустракаюць яго, як і мае быць, на чорнае «Волзе». І вязуць у цэкоўскі гатэль «Беларусь», які на той час месціўся акурат насупраць стадыёна «Дынама». Шастаковіч паспешліва раскладае транты, прымае душ і неадкладна выпраўляецца на рэпетыцыю.
На першы погляд, зала, як зала: класічная плюшавая заслона, ампірныя аздобы па сценах. Але на калідорах і ў фае чамусьці панавешана процьма партрэтаў Фелікса Эдмундавіча і шчытоў з перакрыжаванымі мячамі. Дый публіка, якая прыйшла на рэпетыцыю, нібы з калгаснага інкубатара: аднолькавыя індпашываўскія стройчыкі, аднолькавыя шкляныя вочкі.
Дзмітрыю Дзмітрыевічу становіцца ніякавата. Не, ён канешне, чуў пра любоў беларусаў «да парадку», бо Шастаковічы з тутэйшае шляхты, дый дзед кампазітара браў удзел у антымаскоўскім паўстанні Кастуся Каліноўскага. Але ж каб «парадак» сягаў ступені татальнай уніфікацыі!?. І тут высвятляецца, што нічога да прэмеры не гатова. Аркестравых партый няма, клавіру няма, нават пюпітраў для ўсіх аркестрантаў бракуе. У дадатак да ўсяго, Дзяржаўны хор БССР катэгарычна адмаўляецца браць удзел у канцэрце. Міністр культуры БССР таварыш Кісялёў морду ад Шастаковіча адварочвае і не вітаецца дэманстратыўна, нібы не ведае, хто гэта такі. Друкарня атрымлівае загад з ЦК КПБ тэрмінова спыніць вытворчасць афішаў. Прэмера пад пагрозай зрыву; пэўна, пільныя ідэолагі з Масквы ўжо патэлефанавалі малодшым мінскім братам пра падступную сіянісцкую правакацыю. А то і Галоўкампазітар СССР Ціхан Мікалаевіч Хрэннікаў вырашыў уласнаручна прыціснуць атрутную шчупальцу сусветнай жыда-масонскай змовы
Пачынаецца рэпетыцыя аркестра. Музыкі не трапляюць у такт. Дырыжор злосна ломіць палачку за палачкай. Публіка ў індпашываўскіх стройчыках паглядае на Шастаковіча, нібы атрад эсэсаўскіх карнікаў на палоннага беларускага партызана. Карацей, сумбур замест музыкі. І ад усёй гэтай бязглуздзіцы, і ад напружаных пысаў меламанаў у цывільным, і ад падазроных шчытоў з мячамі Шастаковічу канчаткова становіцца пагана. Ён даручае разабрацца з усім гэтым безладдзем дырыжору, а сам спяшаецца на свежае паветра. Трэба яшчэ высветліць, што ж гэта за такая дзіўная зала, і што за публіка на рэпетыцыі сабралася!
Першае, што бачыць кампазітар такую прыгожую шыльдачку каля дубовых дзвярэй: «Клуб ім. Дзяржынскага КДБ БССР».
Шастаковіч адразу згадвае пра свайго сябра Саламона Міхоэлса, які акурат пятнаццаць гадоў таму загінуў у Мінску, дзякуючы такім вось хлопчыкам з гарачымі сэрцамі, шклянымі вочкамі і непрыстойна доўгімі рукамі. Пра прыяцеля-піяніста Рудольфа Керара, якога «органы» за нямецкае прозвішча пасадзілі. І пра шмат чаго яшчэ. І, як у кожнага нармалёвага чалавека, у кампазітара першае жаданне бегчы з гэтага гадзюшніка падалей. Куды? Ды хаця б у свой гатэльны нумар!
А дарога ад Палацу Дзяржбяспекі да тагачаснага гатэлю «Беларусь», як не круці толькі ўздоўж стадыёна «Дынама». Каля стадыёна вірлівы натоўп. Футбольны фанат Шастаковіч, натуральна, цікавіцца а хто з кім? Ды наша мінскае «Дынама», кажуць, якое раней «Беларусь» называлася, супраць маскоўскага «Спартака».
«Спартак»? перапытваецца кампазітар, і ягоныя вочы пад акулярамі з біфакальнымі лінзамі запальваюцца лютай нянавісцю; як і мае быць для праўдзівага фаната «Зеніта», маскоўскі клуб для яго вораг нумар адзін.
Да таго ж, калі мінчане выйграюць сёння ў «мяса», дык роднаму «Зеніту» гэта будзе адно на карысць, з улікам турнірнай табліцы.
Тут і вагацца не варта ісці ці не ісці! На стадыёне дакладна музыказнаўцаў у цывільным не будзе. Як і партрэтаў Дзяржынскага
Касы ўжо зачынены, але ж госцю неверагодна шанцуе. Нейкі пралетар у кепцы прапануе: маўляў, у яго залішні квіток, сябручка жонка не пусціла Дык купляеш, інтэлігент?
І вось Шастаковіч сядзіць на самых танных месцах стадыёну «Дынама», акурат за футбольнай брамай, побач з дабрадзеем-пралетарам. Усе імпэтна падтрымліваюць «Дынама» Мінск. Мяч у Савосцікава, ён пасуе Арзамасцаву, той вытанчаным фінтам абводзіць нейкага спартакаўца, аддае пас Малафееву проста ў штрафную, яго збіваюць Пенальці?..
У СССР футбол паспяхова замяніў паспалітаму людству рэлігійныя рытуалы і народныя традыцыі, і таму абурэнне з прычыны непрызначанага пенальці адзіная дазволеная форма грамадскага пратэсту. Як гэта «парушэння не было», яго ж у штрафной пляцоўцы скасілі! Было, яшчэ як было, гэты казёл у чорным адмыслова маскалям падсуджвае, як і заўсёды!
Стадыён, нібы па камандзе, падымаецца і раве: «Суддзю на мыла!» Пралетар у кепцы лаецца нецэнзурна. Шастаковіч таксама неверагодна абураны. Але ж эмоцыі выяўляе куды больш культурна:
Прадай свісток, купі акуляры! лямантуе.
Трыбуны паглядаюць на яго са шчырай павагай: ты ж глядзі, інтэлігент, а разбіраецца!
У перапынку ўражаны пралетар добразычліва прапануе новаму знаёмцу папіць піўка. Купляе «Жыгулёўскае», здзьмухвае шум. Выцягвае нейкую пляшку, ад якой тхне першабытным перваком.
З роднай вёскі прывёз! шчасліва мружыцца пралетар. Алё, ціліхент, давай свой куфаль, я і табе ў піва падлію для мацунку!
Адмовіцца няёмка: субяседнік са шчырай душой. Дый савецкаму кампазітару трэба бліжэй быць да народа!
Аматары футболу смакуюць піва з самагонкай і абмяркоўваюць турнірную табліцу чэмпіянату СССР. Інтэлігент у акулярах дэманструе ну проста неверагодную эрудыцыю: словы «хаўбэк», «афсайд», «карнёр», «сухі ліст» сыплюцца з яго, бы з футбольнага каментатара.
І тут здараецца катастрофа
А ў нас у «Зеніце» пачынае Шастаковіч і прыкусвае язык, бо разумее, якое глупства ляпнуў.
Пралетар адстаўляе піва і нядобра мружацца на выпадковага знаёмца. Пачынаецца спрэчка. Як і мае быць, праз хвіліну фанат «Зеніта» атрымлівае ў вуха. Акуляры лятуць у адзін бок, шапка ў другі, а ахвяра ляжыць у калюжыне. Пралетар уцякае, а Дзмітрыя Дзмітрыевіча з калюжыны выцягвае міліцыянт.
Вашы дакументы? цікавіцца.
Пашпарта ў кампазітара з сабой, натуральна, няма не прасякнуўся яшчэ «беларускім парадкам». Ці то ў цэкоўскім гатэлі «Беларусь» забыўся, ці то ў Клубе імя Дзяржынскага