Вашы дакументы? цікавіцца.
Пашпарта ў кампазітара з сабой, натуральна, няма не прасякнуўся яшчэ «беларускім парадкам». Ці то ў цэкоўскім гатэлі «Беларусь» забыўся, ці то ў Клубе імя Дзяржынскага
Я кампазітар Шастаковіч! кажа кампазітар Шастаковіч.
Ну і што? ніжа плячыма мент. А я сяржант Шмонаў. Пайшлі ў райаддзел. Паглядзім, які ты кампазітар.
Шастаковіча пад локаць прыводзяць у мянтуру. І сяржант дакладае начальніку, што ім затрыманы нейкі антысацыяльны элемент, хуліган і, у дадатак да ўсяго, алкаголік. Як гэта «не алкаголік»? Вы яго, таварыш маёр, самі панюхайце! Нажлукціўся, падлюка, да тае ступені, што прылюдна валяўся ў калюжыне. Зневажаў сваім выглядам гонар і годнасць савецкіх грамадзянаў. Вось пры Сталіне яго бы ведаеце, куды?
А яшчэ кажа, што ён гэты архітэктар! грэбліва пасміхаецца сяржант.
Ды не архітэктар, а кампазітар! добразычліва папраўляе Шастаковіч. Вы што «Ленінградскую сімфонію» не чулі? Не? Ну, тады вось гэта: «Нас утро встречает прохладой, нас ветром встречает река. Кудрявая, что ж ты не рада веселому пенью гудка?» сціплым такім тэнарком зацягвае Дзмітрый Дзмітрыевіч. «Песня о встречном». Чулі такое?
Начальнік райаддзела паглядае на правапарушальніка падазрона. Прозвішча «Шастаковіч», ён, вядома ж, чуў. Калі тэрміновую службу ў Асаблагу ў 1948 годзе праходзіў, на палітінфармацыі ўсяму ўзводу «Праўду» чыталі, Пастанову ЦК ВКП (б) «Аб оперы «Вялікая дружба» Вано Мурадэлі». Тамака прозвішча Шастаковіч акурат і згадвалася. Антынародны кампазітар. Фармаліст. Аўтар шэрагу нізкамастацкіх твораў. Нізкапаклоннік перад Захадам. Гэты, як яго ціпа касманаўта Во, касмапаліт!
Я лаўрэат пяці Сталінскіх і адной Ленінскай прэміі! ганарліва нагадвае Шастаковіч.
Міліцэйскі начальнік пільным вокам аглядае затрыманага і недаверліва крывіць вусны. На правапарушальніку таннае паліто з пісягамі свежага бруду. Шапка з невядомага навуцы звера. Акуляры з пабітым шкельцам. І смурод вясковага первака з «Жыгулёўскім» на ўвесь райаддзел. Так лаўрэаты не выглядаюць. Пэўна, нейкі інжынерышка з Трактарнага ўзяў на грудзі залішняга, вось і яго і пераклініла.
Але ж у жыцці ўсякае здараецца. Неяк таксама падпітага інтэлігента ў акулярах адлавілі, хлусіў, што партарг скабяной майстэрні. Высветлілася, што не хлусіў.
Тут, безумоўна, варта правесці следчы эксперымент. Маёр выцягвае з-пад стала дыктавую гітару-шасьціструнку, абклееную прыгажунямі, выразанымі з часопіса «Огонёк».
Так, з Маі Крышталінскай ці Эдзіты Пехі што-небудзь можаш збацаць? Не? Ну дык не звяздзі! Кампазі-і-ітар ён. Шмонаў, адвядзі яго ў камеру
Шастаковіч нудзіцца ў камеры да вечара. І свеціць яму стандартныя пятнаццаць сутак. Скандал. Рэпутацыя. Пляма на партбілеце. А гэта значыць, што ні пра якую прэмеру Трынаццатай сімфоніі ў Мінску і гаворкі не можа быць. На радасць маскоўскім ідэолагам. Цяпер затрыманы згодны на ўсё: пасміхацца гэбэшным мудзілам, сядзець у адным прэзідыуме з Ціханам Хрэннікавым, пісаць кантаты пра Радзіму і Партыю. І нават стаць прыхільнікам маскоўскага «Спартака». Не, ну апошняе, вядома ж, перабольшванне, але ж і камера тут смярдзючая, і кліенты нейкія сінія-сінія ад татуіжаў Відавочна не меламаны!
Начальнік райаддзела ўжо збіраецца дахаты, калі на стале яго бомкае тэлефон. Напэўна, жонка-сцярвоза, бо заўсёды ў такі час тэлефануе, пільнуе, каб пад канец працы не нажлукціўся.
Алё-ё-ё лісліва дыхае ў трубку маёр.
Прыміце тэлефанаграму з апарату Цэнтральнага Камітэту камуністычнай партыі БССР, трыбунальным металам азываецца трубка. У Мінску бясследна знік сусветна вядомы савецкі кампазітар Дзмітрый Шастаковіч. Не выключаюцца правакацыі заходніх спецслужбаў. Справа на асабістым кантролі таварыша Мазурава. Усяму асабоваму складу мінскай міліцыі тэрмінова адкласці ўсе справы і заняцца пошукамі. Запісвайце арыенціроўку
І тут маёр упершыню разумее, што поўная страта гравітацыі здараецца не толькі з савецкімі касманаўтамі. Голас імкліва падкідае яго да столі, кавадлам бе ў вушы, у пысу, у патыліцу, у грудзі, у геніталіі, пад дупу і гэтак жа імкліва нізрынае на падлогу. Праваахоўнік з ціхім і сарамлівым цурчэннем абсікваецца. Проста ў мокрых штанах ён бяжыць у камеру і выводзіць арыштаванага на волю. Чысціць падсохлы бруд з ягонага паліто, расказвае пра сваю палымяную любоў да лаўрэатаў Сталінска-Ленінскіх прэмій, да ўсялякіх антынародных інтэлігентаў, фармалістаў і касмапалітаў, абяцае ўласнаручна застрэліць сяржанта Шмонава з табельнага «макарава», садзіць Шастаковіча ў міліцэйскі «Масквіч» і вязе ў гатэль «Беларусь»
Прэмера Трынаццатай сімфоніі прайшла ў Мінску з шалёным поспехам. Зала апладавала стоячы. Аўтара выклікалі на «біс» разоў пяць. Праўда, «Советская Белоруссия» традыцыйна абліла геніяльнага кампазітара брудам: маўляў, і сімфонія «так сабе», а сам Шастаковіч «задачу партыі і ўраду не выканаў».
Зрэшты, Дзмітрый Дзмітрыевіч, як чалавек разумны, падобных газет не чытаў. А калі б такое пра сябе і прачытаў не надта б і пакрыўдзіўся. Не любіў ён абмяркоўваць свае творы. Бо ў мастацкім развіцці пайшоў значна далей за шматлікіх калегаў, якія так і засталіся на другой ступені эвалюцыі пасля курыцы-нясушкі.
У сталіцу савецкай Беларусі кампазітар Шастаковіч прыязджаў яшчэ разоў пяць. І з канцэртамі, і проста так. Але ж і мінскі стадыён «Дынама», і комплекс КГБ БССР на Ленінскім праспекце абыходзіў, як той казаў, свінячымі сцежкамі
Як стукач Беларускага сімфанічнага аркестра здрадзіў Радзіме
Савецкія грамадзяне, як вядома, падзяляліся на дзве асноўныя катэгорыя: на тых, хто стучаў, і тых, на каго стучалі. Стукачы шчыравалі паўсюдна: ад турэмных камер і да абкамаўскіх кабінетаў, ад шахцёрскіх брыгад і да бамбардыровачных экіпажаў. Нават у міліцыі і ў пракуратуры і тое былі свае стукачы.
Беларускі сімфанічны аркестр, натуральна, не стаў выключэннем. А як жа так можна, каб савецкі працоўны калектыў існаваў без уласнага стукача? Штат вялікага сімфанічнага аркестра больш за сто чалавек. Усе спрэс творчыя і амбітныя, з вытанчанымі густамі і багемнымі звычкамі, а, значыцца, схільныя да маральна-побытавай распусты. Ці, чаго горш да плявузгання на палітыку партыі. Вось аркестравы стукач і пільнаваў, каб музыкі ў вольны час не чыталі дысідэнтцкай літаратуры, не расказвалі палітычных анекдотаў і не пілі зашмат гарэлкі.
Выглядаў той стукач панура, бы кастрычніцкая слата: зацёрты пінжачок з абвіслымі гузікамі, бляклыя вочкі пад залатымі акулярамі і поціск рукі, падобны да дотыку кажана ў сутарэнні. Звычайны эрзац-інтэлігент з музычным ухілам У сімфанічным аркестры ён граў на талерках; дзынь-бабах! На палітзанятках старана канспектаваў пра міжнароднае становішча; цягнуў руку і набіраў балы. Затое ў курылцы беспакарана і правакацыйна расказваў, як люта ён ненавідзіць савецкую ўладу і як даўно марыць зваліць куды «за бугор». Натуральна, ніхто з калегаў-аркестрантаў стукачу веры не даваў, бо паскуду тую даўно ўжо падлавілі і выкрылі. Але й зрабіць з ім нічога не маглі: ад сексота стараліся трымацца падалей, не раўнуючы, як ад хворага на паршу
У 1976 годзе Беларускі сімфанічны аркестр афіцыйна запрашаюць у турнэ па Заходняй Нямеччыне. У філармоніі пачынаецца падрыхтоўчая ліхаманка: партарг складае характарыстыкі, прафарг зацвярджае спісы, лектары-прапагандысты распінаюцца на палітзанятках пра «свет капіталу, свет бяспраўя». Музыкі закідаюць аркестравыя партыі, ціхенька мацюгаюцца і завучваюць напамяць «Правілы паводзінаў савецкіх грамадзянаў у капіталістычных краінах». А музыкантцкія анкеты тым часам праганяюцца праз шматлікія фільтры і прасвятляюцца бязлітаснымі рэнтгенамі.
Нашага стукача выклікаюць на канспіратыўную кватэру, дзе куратар «адтуль» напампоўвае яго інструкцыямі, не раўнуючы, як руплівая гаспадыня шпігуе часныком свіную рульку: эксплуатацыя пралетарыяту!.. агрэсіўны блок НАТА!.. неафашысцкія шабашы!.. полавыя кантакты з іншаземцамі раўназначныя здрадзе Радзіме!.. Зразумеў, не?!.. То пільнуй!
Сексот аддана кругліць вочы маўляў, усё сумленна зраблю і ўсіх чыста пазакладаю!
Вось і добра, лагаднее куратар А яшчэ не забудзься потым даць справаздачу пра маральна-побытавую разбэсту ў вашым працоўным калектыве м-м-м і пра мажлівую кантрабанду таксама. Шчаслівай дарогі!..
У дарозе аркестранты, як і мае быць, выцягваюць пляшкі і смокчуць патроху, каб, крый Божа, партарг, прафарг і інспектар аркестра не дазналіся! Тым больш, што наперадзе дзяржаўная мяжа, на якой трэба выглядаць прыстойна. Кампаніі стыхійна самаарганізаваліся па купэ яшчэ ў Мінску згодна са сталымі унутрыаркестравымі сувязямі, асабістымі сімпатыямі і алкагольнымі ўпадабаннямі.
А вось стукача з усіх кампаній культурна выстаўляюць. У скрыпачак нібыта інтымныя сакрэты, віяланчэлісты нахабна маняць, што ніякай гарэлкі ў іх няма, а саліст групы валторнаў дык увогуле дэкларуе адкрытым тэкстам: маўляў, калі ты адмыслова прыстаўлены да нас, каб пра стаўленне да савецкай ўлады выпытваць дык дачакайся палітзаняткаў, там з лектарам і дыскутуй!..