Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік) - Ян Баршчэўскі 11 стр.


Васіль ад гора яшчэ часцей пачаў завітваць у карчму. Яго жонка і цешча працавалі дзень і ноч і стараліся адвярнуць яго ад благога.

Ён зноў вярнуўся да зухаватых і бязбожных сваіх учынкаў. Аднаго разу Антон, Марцін ды іншыя, хто яму шчыра спрыяў, прыйшлі да яго ўвечары і нагадалі, каб цярпліва прымаў свае бядоты: мо калі-небудзь Бог усё пераменіць на лепшае? У гэты час насунулася хмара і пачалася навальніца. Ён, задумлівы, сядзеў ля вакна; вецер завыў за сцяною, а ён, як непрытомны, паведаміў:

 Мой брат выючы праімчаў паўз маю хату і паляцеў гуляць па шырокіх палях і густых лясах. Хутка і я за ім туды падамся.

Чуючы гэтыя ягоныя словы, перапалохаліся ўсе, і жонка пачала плакаць. А калі Антон сказаў Васілю, што ён зноў вяртаецца да бязбожных учынкаў, той грукнуў са злосцю дзвярыма і выйшаў з хаты.

Аднаго дня пад вечар ідзе ён у карчму і там сустракае старых сваіх сябрукоў, з якімі колісь гуляў, і зноў пачынаюць яны банкетаваць. Васіль, калі ўжо добра падпіў, кажа ім:

 Згалеў я зусім, але хутка буду багаты. Прыйшла мне ў галаву добрая думка: пайду начаваць да Цмокавага Каменя, пакланюся дяблам, мо не пашкадуюць яны мне грошай?

Калі ж пачалі з яго смяяцца, што ён ніколі не адважыцца там пераначаваць (а быў ужо, дарэчы, позні час), ён схапіў шапку:

 Вось дакажу, што не баюся прывідаў!  Кінуў у карчме таварышаў і пайшоў на пагорак да Цмокавага Каменя. І адтуль ужо не вярнуўся дадому.

Мінаюць дні, тыдні, месяцы Васіля няма. Шкадуюць яго знаёмыя, плачуць жонка з цешчаю. Няма вестак, ці жыве ён, ці памёр.

Розныя былі думкі і чуткі між людзьмі; адны казалі, што недалёка ад Вялікіх Лукаў і Пскова хаваўся ён у пушчах з хеўраю ліхадзеяў; другія сцвярджалі, што Лясун завабіў яго ў свае нетры; сёй-той у грыбах чуў Васілёў голас і Лесуноў смех. Рознае гаварылі. Васіль жа згінуў назаўсёды.

Старая Арына, дзень пры дні гледзячы на слёзы сваёй Алюты, страціла здароўе і заручылася з зямлёю. Алюта і цяпер яшчэ жыве ў панскім маёнтку ні ўдава, ні замужніца.

 Вось да чаго даводзіць пянства і зухаватасць,  сказаў пан Завальня.  Меў добрага апекуна і паноў добрых, што яму дапамагалі, жыў бы спакойна сабе.

Трэба было заводзіць звады з Лесуном, шукаць заклятых скарбаў, вітацца на полі з віхорам, называць яго братам. Бачыш, Янка, які асцярожны мусіць быць маладзён. Заўсёды, перш чым што рабіць, трэба падумаць.

 Не ведаю, дзядзечка, у чым ён тут правініўся, калі назваў братам віхор? І цяпер у завейную ноч вецер вые, сячэ снегам па вокнах, калі б я сказаў яму: «Ляці, браце, на поўнач, можа, і я за табою хутка падамся»,  які ў гэтым грэх?

 Называй братам толькі такога, як сам. А пра віхор просты люд кажа, што гэта дябал ездзіць па полі і часам шкоду робіць.

Калі так гаварыў пан Завальня, падарожны глядзеў на Янку і ківаў галавою: не верыш, бо сам не паспытаў такога.

 Ну, цяпер нам трэці раскажа, што бывала калісьці на свеце. Слухайма.

Апавяданне трэцяе. Вужовая карона

 У маіх паноў быў лоўчы, зваўся Сямён; дом яго стаяў недалёка ад маёнтка, паншчыны ён не служыў, а ўвесь яго абавязак быў вартаваць лес, хадзіць на паляванне з панам ды прыносіць дзічыну, калі, чакаючы гасцей або перад якім вялікім святам, накажуць з маёнтка.

Аднаго дня прыходзіць да яго аканом і крычыць, стукаючы ў акно:

 Сямён, пан казаў, каб ты што там ні было прынёс да нядзелі пару глушцоў, дзве пары цецерукоў і колькі курапатак, дык не лянуйся, бяры стрэльбу, майго выжла ды ідзі на ловы.

Заспяшаўся Сямён, бо была ўжо серада. Бярэ стрэльбу, зайшоў у маёнтак і з выжлам ідзе блукаць па лесе. У нешчаслівы час выйшаў на паляванне; хадзіў дзень навылёт, а бачыў толькі дзятлаў, што дзяўблі сабе на сухіх хваінах. Начаваў у лесе, замёрз, бо была ўжо восень. На другі дзень да ўзыходу сонца туляўся па пушчы. Але дарма: нават здалёку не бачыў тых птушак, якіх шукаў, толькі вецер шумеў у дрэвах. Згаладалы сабака ўцёк да свайго гаспадара, і Сямён, змардаваны, хмурны, вяртаўся дадому, не ведаючы, што рабіць.

Сеў ён на калоду і думае сабе: «Кепска будзе; пан не дасць веры, што я шчыраваў на ўсю поўніцу; пэўна, западозрыць мяне ў гультайстве; пакланіўся б і нячысціку, абы толькі паспрыяў мне сёння».

Ледзь гэтак падумаў выбег аднекуль велізарны чорны сабака, сеў перад лоўчым і страшнымі вачыма ўтаропіўся на чалавека. Сямён кліча яго да сябе, але сабака не рушыць з месца, а толькі глядзіць як шалёны; ахінуў лоўчага неспакой, і дрыжыкі пабеглі па целе. І тут бачыць: выходзіць з гушчару пажылы чалавек, валасы зблытаныя ў каўтун, бровы густыя, змарнелы, як быццам ад сонца і ветру, твар, вопратка да пят. Сядае на пень ля паляўнічага і гаворыць такія словы:

 Бачу, што торба твая пустая і твар хмурны; пэўна, паляванне няўдалае.

 Хадзіў два дні па лесе, змарыўся сам, і сабака, згаладаўшыся, уцёк ад мяне; не ўдалося аніводнага разу стрэліць. Дзе ж падзелася тое птаства? Загадалі мне да нядзелі прынесці дзічыны, ды адкуль яе ўзяць? Бяда будзе!

 Не журыся,  кажа незнаёмы,  паслухай мае рады. Я дапамагу табе. Заўтра 14 верасня,[62] дык увечары ідзі на Ласіную гару, на цэлую ноч будзе табе дарогі, бо сам ведаеш, што гэтая гара адсюль няблізка; стаіць яна сярод цёмных лясоў; падыдзеш да яе акурат на світанні і ўбачыш, што схілы яе пакрытыя вужамі; не палохайся, яны чапаць цябе не будуць; між іх сустрэнеш Вужовага караля. Пасцялі перад ім белую хустку, укленч і пакланіся; ён кіне табе на хустку сваю Залатую Карону і з грамадою сваіх вужоў пойдзе ў зімовыя сховы. Слухай яшчэ, дам табе перасцярогу: ідучы ўначы на Ласіную гару, не палохайся нічога і нічому не дзівіся, іначай дарэмны будзе твой клопат.

Калі будзеш мець у сябе Вужовую Карону, дык гэты чорны сабака, які цяпер перад табою, заўсёды, як толькі пойдзеш на ловы, стрэне цябе і павядзе па лясных сцежках, і кожны раз настраляеш столькі, колькі захочаш. Але ніколі не палохайся нічога і не дзівіся нічому, бо калі пахіснешся сэрцам або духам будзеш нешчаслівы; не пускай у душу такія пачуцці.

Сказаўшы гэта, ён схаваўся ў гушчары, і сабака пайшоў за ім. Сямён правёў поглядам незнаёмага, доўга стаяў задумаўшыся, пайшоў дахаты, узяў белую хустку і са стрэльбаю за плячыма скіраваў да Ласінае гары. Калі зайшоў у дзікую пушчу, дык ужо сутоньвалася, цямней і цямней рабілася сярод густых хвояў і ялін. А ён далей і далей ідзе ў глыб лесу. Усё вечарэла. Вось ужо і ноч. Глянуў угору ледзь некалькі зорак на небе ўбачыў праз галіны. Адзін ён з людзей быў у той час у лясной пустэльні, вакол чуў толькі крыкі соваў і пугачоў ды ў гушчары тупат перапалоханага звера. Не першы раз выпала яму блукаць уначы па лесе, і дарога гэтая не страшыла яго.

Апоўначы лютыя пачвары акружылі лоўчага. Бачыць, як набліжаецца велізарны мядзведзь на задніх лапах, рыкае і ўжо хоча напасці; зграя ваўкоў, натапырыўшыся і свецячы вачыма, пагражае крывавымі пашчамі. Сямён адважна ідзе сярод хіжацкае зграі. Заступіў яму дарогу вышэйшы за лес Волат, які вырваў вялікую хваіну і гразіўся, нібы пярун. Аднак лоўчы смела мінае ўсё гэта.

Месячык паказаўся з-за воблака. Здаецца Сямёну, што выходзіць ён з лесу і бачыць удалечыні палац, які свеціцца золатам і срэбрам; падыходзіць да тае пекнае пабудовы праз чароўны сад, дзе як быццам вясна і лета сышліся разам: найпрыгажэйшыя кветкі і даспявае найвыдатнейшая садавіна. Зязюля сумным голасам абзывалася на дрэве; зацёхкаў салавей у хмызняку; чуваць дзіўныя галасы драздоў і шпакоў, і разумее Сямён іх вясёлыя спевы. Спаткалі яго дзяўчаты з вянкамі на галовах, танцуючы, вабілі да сябе. Ён мінуў усе гэтыя цуды не здзіўляючыся і не зважаючы на іх.

Зніклі чароўныя здані; падзьмуў восеньскі вецер; і Сямён убачыў на ўсходзе чырвонае неба. Хутка ўзыдзе сонца спяшае ён да Ласінае гары.

Калі прыйшоў на прызначанае месца, убачыў чараду вужакаў. Яны, сыкаючы, саступалі з ягонае дарогі. А ўжо і сонца падымаецца. Страчае Сямён такога велізарнага вужа, якога ніколі не бачыў. Той смела паўзе, а на ягонай галаве зіхаціць золата. Сямён раскінуў белую хустку перад ім і ўкленчыў. Вуж скінуў з галавы Карону на хустку і папоўз далей, а за ім і іншыя вужы хутка схаваліся за гарою. З радасцю разглядаў Сямён залаты скарб, падобны на два бліскучыя лісцікі, што зрасліся канцамі.

Ледзь пакінуў гару, як яго спатыкае велізарны чорны сабака, які ўчора пабег за незнаёмым; пазірае ў вочы і, здаецца, кажа, каб ішоў за ім. Ідзе лоўчы за сабакам. Той спыняецца і позіркам паказвае на дрэве глушцоў. Разоў колькі стрэліў ён у тым месцы і некалькі штук забіў. Ужо нёс дадому глушцоў, цецерукоў і курапатак, а як падышоў бліжэй да хаты, сабака застаўся стаяць на полі: глядзеў услед паляўнічаму, а пасля знік з вачэй.

Паны хвалілі лоўчага, яго спрыт на паляванні, а чэлядзь і аканом дзівіліся з яго шчасця, з таго, як ён, не маючы сабакі, столькі змог упаляваць дзічыны.

З таго часу Сямён стаў найслаўнейшым паляўнічым. Той чорны сабака кожны раз сустракаў яго ў лесе, і Сямён столькі біў рознае дзічыны, што не толькі хапала панам у маёнтку, але і сялянам на продаж.

Па ўсёй ваколіцы разнеслася пагалоска, што Сямён чараўнік, быццам некаторыя секлі дровы ў лесе ды бачылі, што ходзіць з ім нейкі чорны сабака, які ў лесе і застаецца. Акім, што некалі сябраваў з лоўчым, раз ціха падышоў пад вакно ягонае хаты, каб даведацца, што той робіць; пачуў, нібыта з кімсьці размаўляе; зірнуў у вакно: Сямён лашчыць чорнага сабаку, таго самага, што заўсёды сустракаў яго ў лесе. Сабака глянуў у вакно крывавым вокам і знік, а Акім уцёк ад страху.

Назад Дальше