Маўчы, калі з табою ніхто не хоча гаварыць.
Ніхто не хоча гаварыць, дык будуць слухаць. А я раскажу ўсім паслухайце! раскажу вам, чаму Арына кульгавая. Гэта ў яе Грышкаў падарунак. Сам апавядаў мне пад сакрэтам.
Аднаго разу ўвечары, як сонца села, вяртаўся ён з касою з поля дамоў і пачуў голас чараўніцы, якая выклікала каровы, называючы кожную паводле масці. У вечаровай цішы чуваць было, як па вёсках адзываліся рыкам каровы; зарыкалі таксама і ў ягонай аборы. Ён перапалохаўся, што застанецца без малака, бяжыць туды, адкуль чуўся голас, каб даведацца, хто тая чараўніца, падкрадваецца аселіцаю і што ж бачыць? Арына, седзячы на плоце з ускудлачанымі валасамі, дзікім спевам спраўляла чары.
«Будзе дрэнна, падумаў сабе. Трэба ёй як-небудзь перашкодзіць». Дык бяжыць дадому і кладзе над дзвярамі ў аборы свянцоныя зёлкі і васковую свечку. Ледзь адышоў колькі крокаў, бачыць, прылятае сарока, разграбае зёлкі і дзяўбе свечку. Грышка бяжыць у хату, хапае стрэльбу, набітую дробным шротам. Стрэліў пасыпаліся пёркі, аднак сарока паляцела прэч.
На другі дзень пачуў, што Арына параненая ў левую нагу і хворая ляжыць у ложку. Зразумеў усё і думае сабе: «Мае памятку». Аднак баяўся помсты, бо хутка завязала на яго залом у жыце. Але залом ён спаліў на асінавых дрывах, і чараўніца сама ледзь не загінула.
Васіль у гневе схапіў бутэльку, кінуў яе ў Максіма трапіў у самыя грудзі. Падскочылі адзін да аднаго, і ўсчалася бойка.
На шчасце, з блізкага маёнтка ехаў конна аканом і, чуючы пранізлівы крык арандара, павярнуў да карчмы. Ёсель бяжыць насустрач аканому.
Ай, дабрадзею, забойства ў карчме, гвалт, што тыя пяніцы шкоды мне нарабілі!
Саскочыў аканом з каня, умешваецца ў мітусню, пагражае, што заўтра за пянства ўсіх сурова пакараюць і кожны з іх заплаціць за ўчыненую шкоду. Умомант угаманіліся.
Аканом выганяе іх з карчмы і загадвае ўсім ісці па сваіх хатах. Гэтак і разышліся ў розныя бакі, пагражаючы адзін аднаму адпомсціць.
Ёсель расказаў аканому, як усё было, пра ўсе прычыны звады, не вінавацячы, аднак, Васіля.
Трэба пра гэта пагаварыць з панамі. Плятуць дурні немаведама што; дарэмна крыўдзяць бедную ўдаву і дзяўчыну, якая ні ў чым не вінаватая. Балбочуць пра нейкія Арыніны чары, я раней гэта не высвятляў, ды толькі ведаю, што яна зёлкамі многім людзям дапамагае. Вось нядаўна сам бачыў, як у маёнтку паненцы Тарэзе вылечыла лішай на твары. Праўда, кладучы ў халодную ваду нейкія каменьчыкі, яна пашаптала, і халодная вада кіпець пачала, як бы на агні; казала мыць гэтай вадою твар, і пані Тарэза хутка ачуняла. Такія чары не толькі нікому не шкодзяць, але, наадварот, карысныя людзям.
Як пан аканом шчырую праўду кажа, няхай пан так і паведаміць ягамосцю і імосці,[59] бо аж балюча слухаць, калі так людзей крыўдзяць. Ай, была ў мяне добрая салодкая гарэлка, ды бутэльку разбілі жлукты і гарэлку выпілі. Сора, падай там яшчэ ёсць крыху салодкае гарэлкі, падай яе пану аканому і прынясі марынаду на закуску. Маю выдатнага марынаванага шчупака.
Аканом выпіў гарэлкі, закусіў, супакоіў арандара, што яму за ўсё заплацяць, сеў і паехаў.
Назаўтра ў маёнтак прыходзіць заплаканая Арына і апавядае панам, што незычлівыя людзі паўсюль гавораць пра яе, быццам яна напускае чары, каб шкодзіць іншым, завязвае заломы і адбірае малако ў кароў. Клялася, што ніколі нічога падобнага не чыніла. Вядома, старалася людзям дапамагчы ў хваробах і ў розных прыпадках, лекуючы іх зёлкамі, моц якіх толькі ёй вядомая. І гэтая незычлівасць да яе пануе ва ўсёй ваколіцы. Пра Васіля, якога выгадаваў Антон, таксама кажуць, быццам і ён пабратаўся з дяблам. Але ж і гэта злая прыдумка. Сапраўды, Васіль чалавек малады, зухаваты, бо яшчэ не паспытаў у жыцці няшчасця, але з часам пераменіцца і будзе лепшы і больш увішны. Ён заляцаецца да ейнае дачкі, але і гэтую сірату людзі крыўдзяць, злое пра яе кажуць.
Чуў я пра Васіля, што ён, бывае, і не слухае свайго апекуна, і быццам бы страчаўся з віхорам і вітаўся з ім, нібы са сваім братам. Гэта ўсё не варта рабіць, лепей трэба жыць з Богам. Скажы Васілю, няхай не займаецца глупствам, ходзіць у касцёл і працуе. Ну, ідзі ж дадому і будзь спакойнаю, я тваёй дачцы спраўлю вяселле ў маёнтку, бо казала мне пра яе аканомка і ад іншых чуў, што дзяўчына яна добрая і працавітая.
Таго ж дня пан загадаў паклікаць Антона і каб Васіль перапрасіў свайго апекуна. Антону ж наказаў, каб не забараняў Васілю жаніцца з Алютаю, але дапамагаў ім, бо яны абое сіроты. І сам абяцаў выдзеліць яму найлепшае зямлі і даць жывёлы на развод.
Але ж, пэўна, і пан чуў пра тое, што людзі кажуць. Быццам Арына чараўніца, і скардзяцца некаторыя, што кароў выдойвае і робіць іншыя шкоды, часам перакідаецца ў сароку і лятае паўсюль, і гэта нават бачылі.
Не слухай плётак. Арына добрая кабета, і Алюта, дачка яе, будзе добраю жонкаю і добраю гаспадыняю. Няхай табе гэта не рупіць, я ручаюся, што будзеш задаволены.
Панская воля, кажа Антон. Ён згорбіўся і, чухаючы патыліцу, пайшоў дахаты.
Праз колькі дзён далі пробашчу[60] на запаведзь. А хутка і вяселле. Сабралася ў маёнтку цэлая воласць. Відаць, не таму, што былі зычлівыя да маладых, а ведалі, што будзе добрая пачостка і гарэлкі ўволю. Не было там вясковых вясельных абрадаў, як звычайна робіцца ў вёсках, але перад шлюбам, просячы блаславення, маладыя ўпалі ў ногі спярша сваім панам, потым Антону і Арыне. І пасля шлюбу гэтае самае ўчынілі. Алюта была пекна ўбраная. Пані падаравала ёй нейкія завушніцы, якія перад агнём як бы іскры кідалі; чырвоная шнуроўка з залатымі гафткамі, чырвоныя стужкі, і калі села за стол і расплялі ёй чорную касу з чорных воч па белым твары паплылі-пакаціліся слёзы. Усе расчулена глядзелі на яе. А пасля заспявалі кабеты вясельную песню, якую спяваюць звычайна сіротам, што ідуць замуж. Усе плакалі, нават тыя, што раней пра яе злое казалі. Гэтую песню так я ўпадабаў, што і цяпер яе памятаю.
Вясельная песня сіраціне
Ах, знаць, знаць, па вяселіку,
Што ня бацюшка аддаець,
Двор вялікій, а збор не вялікій:
Нет у мяне радзінушкі,
Ой, зашлю, пашлю серу зязюльку
Па радзінушку.
Зязюлька ляціць,
Радзіна едзець.
Ах, паслала б я саловеньку,
Ды салавушка атказываець.
Ах, паслала б я зязюльку
Па своего татульку:
Да за родненькім бацьком
Серая зязюлька не прылятаець,
А татулька адмаўляець:
«Рад бы я ўстаці
К своему дзіцяці
Ды парадушку даці;
Грабавыя доскі
Сціснулі ножкі,
Да не магу я ўстаці».
Сырая зямля
Дзверцы залегла
І акошачка засланіла;
Майго бацюшку
На вяселіка не пусціла.[61]
Прызнаюся, што і я не мог стрымаць слёз, бачачы перад сабою Алюту і слухаючы гэтую песню. Яна была сапраўднаю сіратою, бо, апрача старое маткі, не мела іншых сваякоў. Гэтую сямю пан прывёз з-за свету. Раней жылі яны дзесьці далёка за Дзвіною, і бацька Алюцін памёр адразу ж, як прыехалі ў наш край.
Госці гулялі, пілі адзін з адным, добра падвесяліліся, дуда зайграла песні, і танцы не спыняліся ўсю ноч. Але ўсё было прыстойна, бо паны і аканом часта наведвалі вясёлае ігрышча.
Пасля вяселля пан і Антон добра дапамаглі маладым. З самага пачатку гаспадарання Васіль ужо меў колькі коней, кароў ды іншае жывёлы; новыя забудовы ды колькі дзесяцін урадлівае зямлі.
Але цікава, сказаў пан Завальня, ці перавыхавала яго Алюта, бо ёсць прыказка: хто ажэніцца, той пераменіцца.
Не, паночку, кажуць людзі, што калі родзіцца жарабя з лысінкай, дык з той самай лысінкай і ваўкі зядуць.
Дзіўныя рэчы на свеце! Кажы ж далей.
На сваёй гаспадарцы Васіль быў надта ж нешчаслівы, хоць нейкі час, здавалася, і перамяніўся на лепшае. Дзіўна, што страчала яго адна бяда за другою. Выганяць пастухі чараду за вёску ў поле, выбежыць з лесу воўк, схопіць барана; калі разгледзяцца, дык бачаць, што той баран быў Васілёў. Здаралася гэта некалькі разоў, і заўсёды воўк нібы выбіраў толькі Васілёвае. Ходзяць гусі па полі, ускочыць ліса і падушыць іх гусі былі Васілёвы. Карова ягоная раз заблудзілася каля возера, убілася ў балота, пакуль прыбеглі на дапамогу, ужо ўтапілася. І гэтыя несканчоныя страты давялі яго амаль да галечы.
Неяк загарэўся бор, збеглася ўся воласць; не далі рады, полымя, як хваля на возеры, разышлося па ўсім бары. Шугаючы ўгары, яно ахоплівала густыя лапы ялін і хвояў, а дым, як страшны туман, закрыў усё неба і зямлю так, што ледзь можна было дыхаць. Бегаючы па лесе і збіваючы веццем полымя, папалілі мы на сабе вопратку. Але ўжо не было ратунку. Блізка быў Васілёў дом, іскрынка заляцела ў гумно, і згарэла збожжа.
У тыя дні вяскоўцы паўсюль казалі, што гэта адпомсціў Васілю Лясун, якога ён некалі выцяў каменем, калі той звяроў і птушак пераганяў з аднаго лесу ў другі; а стары чалавек прадказваў яму пажары і паморак на жывёлу.
Васіль ад гора яшчэ часцей пачаў завітваць у карчму. Яго жонка і цешча працавалі дзень і ноч і стараліся адвярнуць яго ад благога.
Ён зноў вярнуўся да зухаватых і бязбожных сваіх учынкаў. Аднаго разу Антон, Марцін ды іншыя, хто яму шчыра спрыяў, прыйшлі да яго ўвечары і нагадалі, каб цярпліва прымаў свае бядоты: мо калі-небудзь Бог усё пераменіць на лепшае? У гэты час насунулася хмара і пачалася навальніца. Ён, задумлівы, сядзеў ля вакна; вецер завыў за сцяною, а ён, як непрытомны, паведаміў: