Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік) - Ян Баршчэўскі 9 стр.


З таго часу ніхто з ім размаўляць не хацеў; усе яго баяліся, і нават тыя пачалі ад яго ўцякаць, з кім раней сябраваў.

Уся воласць пра гэта ўведала, дайшла чутка і да вушэй пана ды аканома. Яны не хацелі гэтаму даваць веры, і калі неяк пан у маёнтку запытаўся самога Васіля ці праўда тое, што кажуць, ён, лаючы ўсіх, адказаў:

 Тым дурным заўсёды нешта трызніцца, абы разносіць хлусню і плёткі.

І пан яго не чапаў.

Антон, добры чалавек, заўсёды Васілю ўнушаў страх перад Богам, імкнуўся выправіць, змушаў хадзіць у касцёл і маліцца. Ён жа смяяўся з усяго, усім пагарджаў ды ішоў заместа імшы ў карчму.

Нарэшце вырашыў ажаніцца. Антон меркаваў, што добрая жонка і перамена ў жыцці выправяць яго. Пасылаў сватоў не толькі ў сваю, але і ў чужую воласць. Ды ўсюду адмаўлялі, бо слава пра Васілёвы прыгоды і пра злосць ягоную разышлася далёка.

Васіль пагарджаў усімі і кпіў з усяго, кажучы, што ён даўно ўжо сам сабе нагледзеў нявесту, якая яму найбольш даспадобы. Не хацеў спачатку пра гэта нікому казаць, але цяпер абяўляе ўсім, што закаханы ў Арыніну дачку Алюту,[56] што прызнаўся ёй ужо і атрымаў ад яе прызнанне.

Пачуўшы гэта, Антон вельмі засмуціўся і раіў яму адмовіцца ад гэтага намеру, бо пра Арыну ходзяць чуткі, што яна кабета злая і чараўніца, а яблык ад яблыні недалёка падае, дык, можа, і дачка будзе такою. Аднак усе парады былі дарэмныя, і Васіль яшчэ часцей пачаў наведвацца ў Арыніну хату.

Гледзячы на гэтую яго прыхільнасць да Алюты, адны суседзі са смехам казалі:

 Пазнаў роўны роўнага, будзе пара поўная.

Іншыя хвалілі: Алюта будзе добраю жонкаю і не пойдзе па матчыных слядах. Былі і такія, што казалі, быццам ягонае каханне не сапраўднае, быццам яму паднеслі нешта ў пітве і хоць ён і запанібрата з дяблам,  трапіў на лепшую і сам быў зачараваны.

Шчыра стараўся Антон змусіць яго адмовіцца ад свайго намеру. Нарэшце прыгразіў, што вырачацца яго, такую нявестку не прыме ў хату і маладым на гаспадарку нічога не дасць.

 Я і не прашу ні ў кога нічога,  адказаў Васіль.  Знайду ўсё сам, здабуду і грошы. І апякун такі, як ты, можа, сам прыйдзе калі да мяне ў пазыкі.

Антон пайшоў да кума Марціна. Быў гэта чалавек пачцівы і гаваркі, рады кожнаму параіць і дапамагчы, таму і любіла яго ўся воласць. Марцін ахвотна паабяцаў прыгледзецца да гэтае справы і адлучыць маладзёна ад тае прывязанасці. Даў нават слова, што будзе сябраваць з ім і кожны раз адгаворваць ад тае жаніцьбы.

Калі Васіль пачуў ад апекуна, што не будзе мець ніякае дапамогі, вырашыў шукаць скарбы, нават калі б і былі яны заклятыя ці моц шатанскую мелі. За дзве вярсты ад нашае вёскі быў ля дарогі пагорак, акружаны з двух бакоў яловым лесам. А на пагорку ляжаў велізарны камень, які людзі называлі «Цмокаў Камень». Старыя людзі так пра яго апавядалі.

Аднаго разу ўлетку ў ціхую, пагодлівую ноч з поўначы на поўдзень ляцеў, палаючы агнём, цмок, нёс нібыта з сабою шмат золата і срэбра грэшніку, які прадаў дяблу душу. Бачылі гэта падарожныя і людзі, што вярталіся з паншчыны. Раптам раскалоўся блакіт неба, разлілося вялікае святло, людзі, молячыся, кленчаць, а цмок, выцяты промнем нябеснага святла, дранцвее ўвесь, валіцца на пагорку і ператвараецца ў камень. Скарбы ж, золата і срэбра, якія ён нёс з сабою, на тым самым месцы самі закапаліся ў зямлю, і з таго часу зяўляліся ўначы ў розных канцах пагорка ў розных постацях. Адны бачылі на камені Плачку, якая выцірала сабе слёзы агнёваю насоўкаю; другія, ідучы позняй парою па дарозе, сустракалі карузлікаў, чорных і тоўстых, як дзежачкі, што скакалі на пагорку; іншым мроіліся чорныя казлы, што скакалі з зямлі на камень, а з каменя на дол, і шмат іншых дзівосаў.

Казалі яшчэ, што калі хто асмеліцца ля гэтага каменя начаваць, таму тыя скарбы і здабыць наканавана. Васіль быў смелы, не баяўся нічога, бо ўжо раз з шатанам, што ехаў на віхоры, вітаўся, як з братам.

Пасля захаду сонца, калі вечаровы змрок ахутаў палеткі, ідзе ён на пагорак і сядае на камень. Хмары закрылі неба, цямнее ў полі, усюды глуха, у лесе, што чарнеўся перад ім, абзываецца сава; Васіль бачыць, як снуюцца перад ім здані, паўзуць з-пад каменя, сыкаючы, вужы, скачуць у скрутах вакол страшыдлы з сабачымі галовамі і казлінымі нагамі. Васіль смела паглядаў на гэта, мяркуючы, што зараз яму пакажуцца скарбы. Раптам бачыць, як хтось зварочвае з дарогі і набліжаецца да яго. Гэта быў Марцін.

 Што ты тут робіш?  запытаўся ён з усмешкаю.  Пэўна, скарбы шукаеш?

 Што ты тут робіш?  запытаўся ён з усмешкаю.  Пэўна, скарбы шукаеш?



 Шукаю, але чаго ты прыйшоў? Ты затрымаў мяне на парозе багацця, вырваў з рук маіх шчасце, варта, каб я табе галаву каменем раскроіў.

 Не гневайся. Я раскажу пра лепшыя скарбы.  І, сеўшы ля яго на камені, кажа: Слухай, Васіль, лепей ідзі дадому. Здароўе, пачцівая праца гэта найдаражэйшы скарб для добрага чалавека. Дрэнна, калі хто шукае дапамогі ад нячысціка. Ты яшчэ малады, працуй, Бог дапаможа. Антон, апякун твой, бяздзетны; калі будзеш паслухмяны, дык усё, што мае, табе перакажа.

Угневаны Васіль плюнуў і, мармычучы штосьці, адышоў.

З таго часу ён не прыходзіў дадому. Антон, бачачы ўсё большую яго зацятасць, супакоіўся і чакаў, што з гэтага выйдзе. Знаёмыя прыносілі розныя весткі пра Васіля. Адны казалі, што знайшоў ён нейкую гультайскую хеўру, крадзе з сябрукамі, а набытыя грошы прапівае ў карчме. Іншыя што жыве ў Арыны, вучыцца чарам, і нават бачылі, як з Алютай і Арынаю хадзіў па лесе і балоце каля азёраў, збіраючы зёлкі, на якіх ніколі раса не высыхае.[57] Трэція сцвярджалі, што з-за куста нават чулі, як Арына, вырваўшы з зямлі нейкую расліну, апавядала пра страшную яе моц.

Марцін, настойлівы ў сваіх задумах, імкнуўся дзе-небудзь сустрэцца з ім, але не выпадала. Не асмельваўся ісці да Арынінае хаты, баяўся гасціннасці чараўніцы.

Аднаго разу ў нядзелю пад вечар хто са знаёмым, хто з кумам ідуць у карчму, каб там пры гарэлцы пагаманіць, параіцца пра тое ды пра сёе і весела час прабавіць. З надзеяю, што, можа, спаткаецца з Васілём, ідзе туды і Марцін.

Сядаюць за стол. Жыд Ёсель рады гасцям, налівае гарэлку, ставіць на стол і крэйдаю запісвае на сцяне, умаўляючыся, што калі ўвосень будзе новы хлеб, дык прыедзе да іх, пачастуе гаспадара і гаспадыню гарэлкаю, а тыя сустрэнуць яго ветліва і аддзячаць розным збожжам.

Заходзіць Марцін. Сёй-той рады, што яго ўбачыў. Просяць госця за стол, частуюць гарэлкаю. Пачалася гаворка пра Васіля і яго каханую; адны хвалілі Алюту, што добрая дзяўчына і была б добраю жонкаю, калі б выйшла замуж за добрага чалавека, а не за Васіля, які пабратаўся з дяблам; было колькі пяных, што і Васіля хвалілі; іншыя ж Васіля, Алюту і Арыну называлі найнягоднейшымі людзьмі.

Калі гэтая спрэчка і шум зацягнуліся, Ёсель, што стаяў у канцы стала, кажа:

 Паслухайце, вы несправядліва гаворыце пра Васіля. Васіль чалавек добры і акуратны; калі прыйдзе з таварышамі да мяне, дык заўсёды плаціць гатоўкаю, заўсёды мае грошы. А Алюта, ай да Алюта, добрая дзяўчына, апранаецца добра, як паненка, ды і ў Арыны я нічога дрэннага не бачу. Ну і што, калі яна чаруе? Яна чаруе, каб мець грошы, а грошы вельмі патрэбныя кожнаму; яна і дапамагае: лечыць зёлкамі людзей.

Калі ішла гэтая размова, імкліва і са стукам адчыняюцца дзверы, заходзіць Васіль з узнятай галавою, шапка ссунута набакір, і з ім некалькі сябрукоў; агледзеўся, убачыў Марціна і насупіў бровы.

 Як маешся, Васіль?  кажа Ёсель.  Даўно цябе не бачыў, ужо дні тры. Я і мая Сора думалі, што з ім такое, а цяпер вось толькі што гаманіў з людзьмі пра цябе.

 Я ведаю, што людзі пра мяне кажуць: сабакі брэшуць, а вецер носіць. Мне ўсё адно.  Ён сеў на лаве, узлокціўся на стол, закрычаў: Дай нам гарэлкі, але добрае.

 А можа, Васіль просіць гарэлкі салодкае? Я прывёз з горада, хоць яна і каштуе дорага.

 Дай дарагое.  І кідае колькі грывеннікаў[58] на стол.

Жыд у міг вока падае кілішак і бутэльку гарэлкі.

Людзі за другім сталом глядзелі на гэта здзіўлена, некаторыя пазіралі спадылба, шэпчучыся між сабою і здзекліва ўсміхаючыся. Максім, які раней за іншых прыйшоў у карчму і быў ужо добра падвяселены, гучна засмяяўся і закрычаў:

 Ого! Як бачу, ты, брат Васіль, мусіш быць багаты не па-нашаму, ужо пеш панскую гарэлку. Пэўна, начаваў пры Цмокавым Камені і знайшоў грошы або, можа, Арына, што мае быць тваёй цешчаю, нейкімі чарамі насыпала табе срэбра поўныя кішэні. Ну й зух!

Васіль паглядзеў са злосцю.

 З табою,  кажа,  ніхто з нашае сябрыны не гаворыць і ніхто да размовы не просіць, дык не ўмешвайся, а то так завяжу табе вусны, што другі раз ніколі не адважышся лухту вярзці.

 Завяжаш мне вусны? Вой, Вой! Глядзіце, вывучыўся ўжо чараваць ад Арыны, умее вусны завязваць! Вой, вой! Глядзі, каб не быў кульгавы, як твая будучая цешча. А ці ведаеш, чаму яна на левую нагу трохі кульгавая?

 Маўчы, калі з табою ніхто не хоча гаварыць.

Назад Дальше