я б хацеў дасканала прачуць жыцьцё дразафілы, і я б хацеў прачуць жыцьцё чарапахі, але толькі аднойчы, бо мой час, час чалавека, мне бліжэйшы, нягледзячы нават, што зь яго можа пасьмяяцца любое векавое дрэва і любая мудрая чарапаха скажа, што жыў я як пладовая мушка, толькі пасьпеў нарадзіцца, а ўжо й паміраць час прыйшоў, а я як быў летуценьнікам, так нічому й не навучыўся.
сквапнасьць
жыла адна дзяўчына, якая была вельмі сквапная, такая сквапная, што нават чорную гарбату запарвала па тры разы ў адным кубку, такая сквапная, што нават старыя панчохі перакройвала і рабіла марлю альбо некалькі падсітачкаў, такая сквапная, што брала старыя чаравічкі, ламала іх і выразала сьпераду дзіркі, і яны ўжо пасавалі быць басаножкамі, калі яна дачытвала кнігу, то абавязкова адкладала яе на паперкі для прыбіральні, альбо каб выцерці шкло, альбо, напрыклад, каб распаліць вогнішча, бо дзяліцца кнігаю яна не магла, таму што самі кнігі брала ў сяброў і сябровак, проста прасіла ў іх непатрэбныя.
выпаў мне лёс зь ёю спаткацца на адной агульнай тусоўцы. я, вядома, пра яе шмат ведаў і не аднойчы сутыкаўся, некалькі разоў мы нават цалаваліся, бо мне яна падабалася, прыгожая, курва.
такім чынам выпаў мне лёс зь ёю на хмяльную галаву дамовіца на сапраўднае спатканьне, рамантыка і за ёю, рамантыкай, усё астатняе.
дамовіліся сустрэцца праз два дні.
сяджу я каля ракі, прыхапіў з сабою два пледы, тры сьвечкі, тры бутэлькі віна, бо сам пью больш, ніж усе абвыклі лічыць нормаю, нават захапіў сыр і прыдбаў вінаград. сяджу, карацей, чакаю. яна нармальна так спазьняецца, але што такое спазьненьне для сапраўднага мужчыны, які чакае сваё палымяне жаданьне (каханьне).
яна пазваніла. сказала, што ў нас нічога не атрымаецца, і нашае каханьне лухта, і нам лепей ня бачыцца больш ніколі. я нават зьмерз ад такіх словаў, па ўсім целе скразьняк прайшоў.
і трэба ж было так скласьціся лёсу, што ў мяне ў сябрах зьявіўся выдатны чалавек, цудоўны доктар, дэрматоляг-вэнэроляг, зь якім я не адну пляшку выпіў. аднойчы даведаўся, што неяк да яго трапляла наша агульная знаёмая, зь вельмі складанай праблемаю: набыла яна за вельмі танна ў сяброўкі памаду, якая ў сваю чаргу была набытая ў крамеканфіскаце, што на Машэрава ў Менску, і дзяўчына тая, мая, можна так сказаць, былая, прыйшла да доктара з вуснамі, якія амаль ляжалі на ейным падбародзьдзі, сінія, вільготныя, тлустыя, апухлыя вусны, спрэс аточаныя й згвалтаваныя герпэсам невядома якой ступені й пароды. сябра-доктар казаў, што яна ледзь рот адкрывала, прамаўляла нешта кшталту «ня ведаю нават, што і казаць». лячылі яе ў бальніцы, туды яна трапіла на наступны дзень пасьля таго самага вечара, калі я яе чакаў са сьвечкамі й пледам.
цікава, і колькі яна зэканоміла, калі набыла ў сяброўкі за танна памаду з канфіскату?
пах
ехаў ад сяброў на маршрутцы, насупраць сядзела дзяўчына, сымпатычная, мне такія падабаюцца, ехала яна апранутая цёпла, бо раніцай нашае верасьнёвае надворе пакідае жадаць лепшага. едзем, а ў мяне ўсю дарогу эрэкцыя, я хаваю яе, то бок эрэкцыю, скураным заплечнікам, але ўсё роўна няёмка, такое адчуваньне, быццам бы кожны ведае, што я еду як нейкі маньяк.
маршрутка ўсё едзе і едзе, яе на калдобінах трасе й падкідвае, а для мяне гэта ўсё роўна, што дадатковая стымуляцыя, і вось ну нікога ў салёне, акрамя гэтай дзяўчыны, каб мяне ўвогуле зацікавалі, і дзяўчына тая сама па сабе едзе ў навушніках і на дарогу глядзіць, і я разумею, што маё ўзбуджэньне проста зьвязанае з пахам, з тымі самымі фэрамонамі, якія зыходзяць ад жаночага цела, яе ўлоньня, якія наш нос ня чуе, але мозг добра ведае, чым пахне, а пахне сэксам.
мы, людзі, самыя што ні ёсьць дзікія жывёлы, і мне гэта падабаецца.
ва ўнівэрсытэце, я кожны год на лекцыях па літаратуры сядзеў на адным і тым жа месцы, побач зь дзяўчынай, якую нават не прыкмячаў, акрамя трох зімовых тыдняў, калі амаль кожны дзень я сядзеў узбуджаны, і кожную хвіліну мне хацелася цалаваць аднагрупніцу, яна падавалася самым прывабным на зямлі анёлам. і што гэта было, калі ня пах, спэцыфічны, танюткі, крыху мускусны, але заўсёды варяцкі, юрлівы.
калі зазірнуць крыху глыбей, магчыма пабачыць маю родную школу, дзявятую клясу й дзяўчынку Леру, якая аднойчы на цэлых два тыдні ператварылася ў Вэнэру. кожны аднаклясьнік глядзеў на яе і бачыў толькі сэкс, яна, калі ішла ў школу, была аточаная хлопцамі, якія ўсе як адзін прыдуркавата лыбіліся, а пасьля школы Лера ішла з заплечнікам, напампаваным паштоўкамі з прызнаньнямі ў каханьні. усе навокал на працягу двух тыдняў кахалі й жадалі кахацца толькі зь ёй. і гэта таксама пах, падлеткавы юр.
калі зазірнуць крыху глыбей, магчыма пабачыць маю родную школу, дзявятую клясу й дзяўчынку Леру, якая аднойчы на цэлых два тыдні ператварылася ў Вэнэру. кожны аднаклясьнік глядзеў на яе і бачыў толькі сэкс, яна, калі ішла ў школу, была аточаная хлопцамі, якія ўсе як адзін прыдуркавата лыбіліся, а пасьля школы Лера ішла з заплечнікам, напампаваным паштоўкамі з прызнаньнямі ў каханьні. усе навокал на працягу двух тыдняў кахалі й жадалі кахацца толькі зь ёй. і гэта таксама пах, падлеткавы юр.
калі я выходзіў з маршруткі, у мяне было толькі адзінае жаданьне, толькі б дзяўчына ня ўбачыла. я, левай рукой трымаючы заплечнік перад сабою на ўзроўні паху, правай рукою адчыніўшы дзьверы, сышоў на прыпынак, і мяне нарэшце адпусьціла.
алькаголь
у мяне ёсьць сябра, які раней піў са мною як фанатык, піў шмат, і нашмат болей за мяне, нават дзяўчына, зь якой ён пазнаёміўся і пражыў пяць год, зьявілася зь ім праз пітво, і яны разам у першы дзень знаёмства напіліся да такога стану, што палівалі адзін аднаго півам з бутэлек, ну амаль як гэта робяць гоншчыкі на педэсталах. потым на другі дзень яны раніцай прачнуліся ў цалкам залітым і сьмярдзючым пакоі і пайшлі па піва, у шапіку набылі чатырнаццаць літровых «Аліварыя Дзесяць». а потым мой сябра перастаў піць, рашуча паставіў кропку, і пачаў піць пігулкі для пячонкі і шмат паліць, зь дзяўчынай ён разышоўся, кнігі кінуў чытаць, больш ня слухае нашу любімую музыку, схуднеў і ператварыўся ў змрочны прывід, і ўсё па тым чыньніку, што ён ані грама, ані каліва сьпіртнога не ўжывае, і гэта ў яго даходзіць да варяцкай фобіі.
усё шкодна: шмат піць і ня піць увогуле, шкодна, калі градус алькаголю высокі, і шкодна, калі градус нізкі, але па абёмах чалавек заліты па самае нёба.
сусед мой чалавек адэкватны, калі цьвярозы, але цьвярозым ён бывае толькі раніцамі па сьвятах, калі трэба быць чыстым і прыгожым, да абеду, скажам так. увесь астатні час ён пе, а жонка ягоная, жанчына ўва ўзросьце сарака з паловаю год, толькі і робіць, што вые на яго і бе рыдлёўкаю альбо, там, граблямі альбо яшчэ чым-небудзь, што трапляе пад руку.
я сам пю, часам злоўжываю. сам гатую сідр і некаторыя наліўкі, якія лепей за ўсё ў мяне атрымліваюцца. але гатую толькі слабыя напоі, бо моцнае заўсёды падводзіць да мяжы несьвядомага эгаізму, незразумелага вычварэньня, да гнюснага стану шалёнага парсюка.
раней як было: налівачкі, пітны мёд ужывалі, квас хмяльны пілі. пакуль Мендзялееў не зьявіўся. але ў дадзеным выпадку хімік не вінаваты, і не вінаваты нават праз тое, што ён рускі. так, кепска й прыкра, што ў нас зьявілася гарэлка, але яна б зьявілася ў любым выпадку ў працэсе эвалюцыі. гаворачы пра алькаголь, варта зьвярнуць увагу на тое, што больш шкоды прыносіць злоўжываньне, і, вядома, самае гнюсная на сьвеце рэч пладова-ягаднае віно, пасьля якога на раніцу чалавека адольвае неверагодна пачварнае і жудаснае пахмельле, такое моцнае й балючае, што іншага жаданьня, як яшчэ раз выпіць, няма. чарніла робіць чалавека жывёлаю, тупою нязграбнаю жывёлаю, але, здаецца, гэта пасуе сучаснаму грамадзтву.
я таксама, гатуючы наліўкі і сідр, трымаю дома колькі фляшак гарэлкі і чарніла, бо трэба час ад часу камунікаваць з асяродзьдзем, хаця б і па справах, і мне зусім ня хочацца, каб маё пітво называлі «бабскім пойлам». падавай ім сапраўднага, моцнага, мужчынскага.
і хто гэта выдамаў, пра гарэлку для мужыкоў?
некаторыя мае сябры вельмі хутка й лёгка адрубаліся ад якаснай наліўкі.
але я тут пра тое, што раней, да таго як зьявілася гарэлка, у нас, беларусаў, сьвяты праходзілі весела і яскрава, з танцамі й песьнямі, але цяпер сьвяты падобныя да змрочных вечароў, калі акуратна і чыста апранутыя госьці накідваюцца да адурэньня гнюсным пітвом, пасьля чаго становяцца як скот, быдла.
парсючкі
калі аднойчы зайшла гутарка пра забойства жывёл, то яна ўжо ніколі ня скончыцца, бо дадзеная дылема ўласьціва цалкам усім і кожнаму.
людзі, натуральна, ня так часта кранаюцца пытаньняў этыкі забойства, і тут не істотна каго: жывёлы, рыбы, жабы, смаўжа. кожная жывая істота мае права памерці абсалютна натуральна, чыста й бясьпечна, нават зь лёгкім адценьнем гонару. гэта тычыцца кожнага, але часта этычныя межы далей за чалавечую істоту не пераходзяць, і калі юдэі й мусульмане маюць наўмысна дзеля забойства чалавека дасьведчанага, адукаванага й веруючага, так і ў нас, беларусаў, павінныя быць такія людзі. бо забойства жывёлы цалкам і наўпрост зьвязанае зь ягонай душою, з рэлігіяй, і абсалютна нармальна, калі ў Эўропе пастаўленыя на канвэерны паток каровы забіваюцца высокім разрадам току, каб яны не пасьпелі нават за сэкунду ўцяміць, што зь імі адбудзецца. прынамсі, калі разважаць у гэтым накірунку, вядома, зьявіцца й такая ідэя, і яна высьветліцца рэальнаю, што любая жывёла, нават калі яе хутка забіваеш электрычным токам, перадсьмяротны момант добра разумее, бо ёй дастаткова толькі ўдыхнуць паветра, насычанае электрычнасьцю і фэрамонам сьмерці.