Маёнтак Рыбы - Аляксандар І. Бацкель 3 стр.


што тычыцца Босха, сёньня я прачытаў апавяданьне Эла Сарантоніё «Сэкта насатых» і ўпэўніўся, што гэты амэрыканскі пісьменьнік дакладна скарыстаўся Босхам, вельмі дакладна.

нагода

сёньняшняй ноччу так атрымалася, што я ўспомніў адну старую нагоду, каб выпіць. нагода ня самая вясёлая, але вельмі блізкая і незваротная. як цяпер памятаю свае дзевятнаццаць год і другі прыезд Ханны. зь ёй я пазнаёміўся ўзімку, выпадкова, у кавярні Лёндан, я тады вучыўся на першым курсе.

Ханна сама з Польшчы, прыехала ў Менск да кузыны. нашае знаёмства й далейшыя тры тыдні адносінаў я магу назваць першым буйным каханьнем, якое сталася для мяне каштоўным, калі мінула пяць год.

калі мы толькі пазнаёміліся і закахаліся, я жыў быццам бы ў сьне: усе пачуцьці й успаміны знаходзіліся пад мяккім летнім пледам, я інтуітыўна жыў, кахаўся, назіраў за Ханнаю. я не да канца ўсьведамляў, што са мною адбывалася, усё навокал падавалася такім лёгкім, натуральным і што жыцьцё ёсьць такім, якім ёсьць. мы хадзілі ў кнт. «Пабеда», былі аматарамі аўтарскага кіно, падалі ў гурбы, сьмяяліся, у нас зусім не было грошай, але мы елі крабавыя палачкі з маянэзам і нам хапала.

і вось Ханна зьехала і вярнулася толькі ў канцы жніўня, я акурат пасьпеў прыехаць у Менск і засяліцца ў інтэрнат. з вахцёрамі была дамова, з суседзямі па пакоі таксама. у нас быў тыдзень на ўсё, што мы заплянавалі, але за гэты тыдзень мы толькі тройчы пакідалі пакой.

а потым Ханна ізноў зьехала, і я яе ня бачыў тры гады. яна пісала мне лісты, малявала сама паштоўкі кожны раз былі выявы рыбаў, пісала такія рэчы, што ў мяне да гэтага часу сьціскаецца сэрца: ты маё каханьне, мой пачатак і канец, мой сапраўдны першы мужчына, мой, мой, мой.

мне варта было ехаць да яе ў Польшчу, тым больш, яна зьбіралася адвучыцца ў Кракаве й пераехаць у Бэрлін, а мне было вусьцішна, і я ня ведаў, якім чынам пераехаць да яе. а потым, яшчэ праз два гады, яна зьехала ў Бэрлін і да гэтага часу там жыве у яе муж немец, уладальнік невялікай кнайпы ў раёне Ной Кёльн, яе сыну Андрэасу, напэўна, ужо больш за чатыры гады.

апошні раз яна мне пісала ў Фэйсбуку месяц таму, паказвала фота яе з мужам, сына.

я, між іншым, абраў зусім іншы шлях, і ўжо другі год жыву на старой сялібе.

было далёка за дванаццаць, я сядзеў каля вогнішча, піў самагон, разважаў пра сваё жыцьцё і ўспамінаў Ханну, калі мяне да непрытомнасьці напалохаў сабака. проста для ўяўленьня: ноч, цёмная, зораў няшмат, цьмяна сьвеціць месяц, навокал нікога, і тут каля маёй левай нагі зьяўляецца чорная аўчарка, сядае і кладзе мне на калена галаву. я адразу падумаў: усё, мяне сёньня зьядуць, але ж не, сабака, паклаўшы галаву, глядзеў на мяне з-пад ілба, сумны такі. я даў яму смажанай на вагні рыбы, ён падеў, пасядзеў яшчэ са мною хвілінак дзесяць і зьнік у цемры так жа раптоўна, як і зьявіўся.

і я вось думаю, можа быць, мне гэты сабака сасьніўся, можа быць, маё падсьвядомае дало мне крыху ласкі праз тое, што я ізноў засумаваў па мінулым каханьні?

трусочкі

год таму я наўмысна набыў дзесяць маленькіх трусочкаў, цудоўных пухнатых трусікаў, некалькі зь іх нечакана апынуліся з прыгожымі шэра-блакітнымі пералівамі.

плян быў такі: адгадаваць кожнага трусіка ў дзесяцікіляграмовых монстраў, каб потым зарабіць на іхным мясе й поўсьці.

сурёзна, каб жыць у сялібе, не дастаткова гародзікі вырошчваць, трэба даволі спрытна варушыцца, налівачку гатаваць, мяска прапаноўваць у продаж, сыры, масла.

я вырашыў, што мяса трусоў дыетычнае, само па сабе экалягічнае, здаровае, ну і нарэшце дарагое.

сёньня раніцай паклікаў таго мужыка, які самы дасьведчаны сярод навакольных жыхароў, маўляў, замова ёсьць, бяром аднаго трусочка, якога ўжо цяжка памяньшальна-ласкальна называць амаль дзевяць кіляграмаў чысьцейшага мяса й ані граму тлушчу,  забіваем яго і прадаем.

мужык выконвае мокрую справу, я даю яму два літры адборнай моцнай малінавай наліўкі, якая настойваеццца ажно з мінулага году.

я, скажу шчыра, ня надта рэальна ўяўляў, як гэта адбываецца забойства труса, але адначасова ўсьведамляў, што мы жывем не ў Эўропе і што ў нас жывёла забіваецца ня так гуманна.

мужык прыйшоў, дастаў майго трусочка, шэранькага, са скураным носікам, ёбнуў яго па галаве нейкім паленам, менавіта ёбнуў! я ажно на нагах ледзь утрымаўся ад такога. потым гэты скуралуп нажом прайшоўся па лапках і хвосьціку, падвесіў тушку дагары нагамі і амаль за хвіліну сьцягнуў зь яшчэ цёплага і, напэўна, жывога, скуру з поўсьцю, нават з галавы яе зьняў, пакінуўшы толькі павекі й скураны носік. такі трус нагадвае мокрую котку.

я быў напаўжывы ад такога бачаньня, перад вачыма да гэтага часу стаіць чырвоная заслона і чорны носік.

мужык сказаў, што гэтак рабілі заўсёды, гэта так трэба, каб поўсьць лёгка адышла, каб трусік цёплым быў, каб яна, поўсьць гэтая, цэлая была, без парэзаў ад нажа і іншага.

такім чынам я вырашыў, што зь мяне хопіць аднаго трусочка, дзякуй, астатніх павыпускаю, няхай сабе вольна жывуць.

ікра

калі я вучыўся ў БДУ, першы год пражыў у інтэрнаце, але потым перабраўся ў здымную кватэру, якую зь пераменным посьпехам здаваў па пакоях іншым студэнтам, а ў лепшыя часы жыў адзін і з дзяўчынаю.

была ў мяне на другім курсе такая дзяўчына, сьмешная, вясёлая, бацькі яе былі заможныя, ня роўня маім, ды й брат у яе быў спартсмэн веславаньне, месцы займаў у сусьветных спаборніцтвах. зразумела, што я ёй мог даць толькі самае шчырае каханьне і больш нічога, бо ўсё астатняе ў яе было, нават жыла яна ў цэнтры Менску, акурат па-над крамаю «Панарама», у доме, што каля Сьвіслачы.

і вось адной дажджыстай восеньскай раніцай сталася так, што яна прачнулася ў маёй кватэры цалкам прастуджаная, але я ўжо быў на лекцыі і пасьля вучобы мусіў ехаць на другую зьмену на працу, падпрацоўваў афіцыянтам-бармэнам не скажу дзе.

звоніць яна мне, хрыпіць у слухаўку, кажа, што дадому не паедзе, вельмі далёка, тэмпэратура ў яе, будзе ачуньваць у мяне, і першае, самае неабходнае, што я абавязаны набыць і ўвечары прывезьці, бляшанка чырвонай ікры, чатыры пакеты Тэрафлю, асобна анальгін і што-небудзь зь мятна-мэнтолявых пігулак для горла.

ладна, я нічому не зьдзівіўся, нават бляшанка ікры неяк прайшла праз маё разуменьне. прывёз я ўсё гэта дадому, аддаў ёй, і, перш чым распакаваць усё, яна адразу адкрыла ікру й лыжкай пачала яе есьці і распавядаць, што ў ейнай сямі такая завядзёнка калі хтосьці хварэе, абавязкова набываюць яму бляшаную кансэрву чырвонай ікры, такім чынам хвораму чалавеку нашмат лягчэй перанесьці хваробу.

я ёй не сказаў, што за сваё жыцьцё тройчы каштаваў гэты дэлікатэс, і гэтыя моманты адбываліся акурат на Новы год, калі назьбіраных грошай хапала, каб адну баначку ікры размазаць па нарэзаным багеце альбо вельмі тонка парэзаным батоне з маслам, і на кожнага хапала роўна па паўтара бутэрброда. і я ёй не сказаў, што пазычыў грошы ў свайго зьменшчыка, каб набыць ёй ікру. яна, як дзяўчына, у якой зь дзяцінства ёсьць усё, што трэба, ніякім чынам не ацэньвала мае паступкі, мае ўчынкі, для яе ўсё было натуральным, як мае быць.

празь некалькі тыдняў я атрымаў разьлік, пайшоў у краму, набыў кансэрву чырвонай ікры і, пакуль нікога не было дома, зьеў яе лыжкаю, запіваючы півам. было салёна, але неверагодна смачна.

прайшло ня так шмат часу пасьля тых першых уражаньняў вакол ікры, як я знайшоў рэцэпт, які ня толькі замяняе смак чырвонай ікры, але страва пасапраўднаму вельмі смачная і даволі эканомная. фаршмак: адзін слабасалёны селядзец, тры морквы, чатыры плаўленыя сыркі «Дружба», 250 г. сьметанковага масла усё гэта перакручваецца ў старой, вельмі старой мясарубцы, перамешваецца і падаецца намазаным тонкім слоем на белым хлебе.

час

у прасторы час мае сваю гнуткасьць і кожнай жывой істотай успрымаецца па-рознаму. як нам немагчыма ўявіць сабе, што звычайная пладовая мушка дразафіла жыве пяць дзён і за гэты час нават двойчы ліняе, а гэта значыцца пераходзіць розныя стадыі сталеньня, так немагчыма ўявіць і галапагоскіх чарапах, якія жывуць настолькі доўга, што нават перасоўваюцца ў прасторы й часе такім жа чынам, павольна, бо іхны тэмп жыцьця, калі нам і падаецца, быццам яны нікуды не сьпяшаюцца, насамрэч хуткі і гарманічна супадае з жыцьцёвым рытмам.

мне цяжка ўявіць жыцьцё птушкі калібры, але для яе я галапагоская чарапаха, якая амаль не перасоўваецца ў прасторы за той час, што яна пасьпявае праляцець ад адной кветкі да другой.

людзі прыдумалі час, бо так зручней пасьпяшаць куды-небудзь, спазьняцца й дамаўляцца на сустрэчу, адмяраць дзень, месяц, год, але векавы дуб адмярае свой час праз нарост новага слою дрэва, праз новую галінку, праз колазварот сонца на небе, а дразафіла за дзень пражывае сваё дарослае жыцьцё, адкладае лічынкі нашчадкаў, і на наступны дзень яна ўжо старая і, павольна назіраючы за тым, як абрыкос ператвараецца ў гной, разважае пра сутнасьць усяго на зямлі, калі горы, падобныя да волатаў, за дзень мяняюць свой стан, так і жыцьцё, павольна, але няўхільна, падводзіць сваю мяжу.

Назад Дальше