Ген зямлі - Аліна Длатоўская 5 стр.


Даніл адчуваў, што здольнасці здраджваюць яму. Нібы нешта не пускала яго да праўды.

Ён яшчэ раз паклаў рукі на парэнчы і зноў апынуўся на першым паверсе. Мернае сноўданне цяпер было парушанае. Людзі згуртаваліся вакол знявечанага, зламанага цела ў некалькіх кроках ад яго. Наверсе, там, адкуль чалавек мог упасці нейкі размыты шэры сілуэт. Даніл напружыў зрок, аднак не змог вызначыць ні полу, ні ўзросту.

На гэты раз ён лёгка ўзляцеў па лесвіцы. Фігура нават не зварухнулася. І колькі б ён ні набліжаўся заставалася размытай. Перад Данілам плыў шэры, нібы з дыму і туманоў, згустак, які набыў форму чалавека. Рысы твару таго, што павінна ім быць, увесь час змяняліся, і часам ён пазнаваў людзей, якіх бачыў на партрэтах у бібліятэцы «Лабірынта».

Сапега, Вітаўт, Караткевіч, невядомы, Каліноўскі, Ластоўскі, Быкаў, невядомы, Геніюш, Багдановіч, Скарына, невядомы, Гарэцкі, Гусоўскі, Купала

Цела зрабілася мяккім і непаслухмяным, як забытае на сонцы масла. Галава пацяжэла, вочы заплюшчваліся. Юнак зрабіў крок да істоты. Яна клікала. Яна запрашала. Яму хацелася стаць адным з іх, гэтых твараў.

* * *

Алесь, збялелы, але спакойны, моцна сціскаў запясці юнака, адцягваючы ад парэнчаў. Хоць такога ён раней не бачыў, здзіўляцца часу не было. Ён добра страсянуў Даніла за плечы, папляскаў па шчоках. Юнак скрывіўся, паматляў галавой ды расплюшчыў вочы. У іх стаяў неспакой.

 Ты ўчапіўся ў парэнчы не адарваць

Данік сутаргава вызваліўся з Алесевых рук, хутка нацягнуў рукавы.

 Я ў парадку.

 Што ты бачыў? Хто гэта быў?

 Чалавек, юнак зноў паматляў галавой. Мужчына.

Няўпэўнена зірнуў на Алеся. Быццам яго напалохала тое, што ён убачыў. Не дзіва.

 Ён быў адзін?

Яму не хацелася прыспешваць хлопца, трэба было даць яму прыйсці ў сябе. Але так карцела задаваць пытанні.

 Я бачыў аднаго. Я не бачыў, як ён зрабіў гэта Толькі як ён стаяў і глядзеў. Уніз.

Дык, можа, усё ж такі?.. Не, не ўбачыў бы Данік звычайнага разяваку. Гэта быў забойца. Дакладна.

 Ты не запомніў твар?

 Я не разглядзеў. Ён быў у шэрым, Даніл стомлена пацёр далонямі вочы, выдыхнуў.

Алесь стрымана кіўнуў ды паляпаў хлапца па плячы.

Насамрэч, якая розніца, хто менавіта гэта быў.

Галоўнае, што не сам. Гэта была Сістэма.

Даніл Арлоў

Сасіскі колцамі, сыр кубікамі, два яйкі, соль. Трэба паразмаўляць з хросным. Усё ў адзін кубак. Чаму яму не распавядалі пра нататнік? Размяшаць. Чаму не папярэдзілі пра забойства? У мікрахвалёўку. Навошта ўвогуле было забіваць? У другі кубак дзве лыжкі кавы, дзве лыжкі цукру, кіпень. Трэба ехаць у офіс. Размяшаць.

Даніл санліва апусціўся на адзіны на кухні зэдлік. У яго кватэры быў мінімум мэблі, мінімум рэчаў. Бо ўспаміны наліпалі на ўсё хутчэй за адбіткі пальцаў. Яму доўга давялося прызвычайвацца да здольнасцяў. Першы час ён нават насіў пальчаткі, бо кожны дотык выклікаў мроі.

Юнак павольна зрабіў глыток кавы. Усё, чаго яму зараз хацелася, зноў апынуцца ў ціхай, пыльнаватай Лабараторыі, падалей ад таго, што адбывалася ў рэальным жыцці. Ён быў не падрыхтаваны. Не падрыхтаваны сутыкнуцца з такімі, як ён, а потым зведаць, што гэта ўсяго толькі пачварныя вопыты варята-вучонага. Усяго толькі нейкая вакцына. Ён быў не падрыхтаваны да забойстваў.

Да таго ж ідэя «Лабірынта» больш не здавалася памылковай. Яны захоўвалі значна больш спадчыны, чым «Система Охраны Наследия». Таму што не арыентаваліся на ідэалогію, не падпарадкоўваліся кіроўчаму апарату. А чым касцёл Святога Роха быў горшы за Пакроўскі сабор? Чаму адзін існуе, а ад іншага засталіся толькі ўспаміны? Чым Геніюш горшая за Ахматаву? Чым Манюшка горшы за Мусаргскага? Чаму з цэнтра Мінска знік помнік Якубу Коласу? Чаму Купалаўскі сквер стаў Свіслацкім? Таму што так зручна «Первому округу», то-бок Маскве? Чым больш у яе «исконно русских» тэрыторый, тым больш уплыву у Абяднанні Рэспублік?

Запішчала мікрахвалёўка. Даніл дастаў немудрагелісты амлет, які ўжо сабраўся выйсці за межы кубка, і задумліва стаў калупаць яго відэльцам.

Які сэнс ва ўсіх гэтых разважаннях? Усё роўна яму супраць сістэмы не ісці. Ён усяго толькі вінцік. Эдуард Львовіч меў рацыю. Такія, як ён, без Сістэмы не існуюць. І ўсё ж такі трэба з ім пагутарыць. Спытаць пра нататнік. Распавесці пра парэнчы і пра тое, як дзіўна павялі сябе здольнасці.

Данік уключыў ваду, сунуў пад напор кубак і замёр, назіраючы за тым, як ён хутка напаўняецца і вада ліецца праз край. Яна дапамагала. Змывала ўспаміны, пакуль яны не паспелі замацавацца.

Данік уключыў ваду, сунуў пад напор кубак і замёр, назіраючы за тым, як ён хутка напаўняецца і вада ліецца праз край. Яна дапамагала. Змывала ўспаміны, пакуль яны не паспелі замацавацца.

* * *

На лаўцы ля падезда сядзеў юнак. Спартовы касцюм (як толькі яму не холадна?), дарагія красоўкі, рукі ў татуіроўках, тэлефон, навушнікі. Хлапца відавочна больш цікавіў інтэрнэт, чым навакольны свет. Але Даніл прайшоў паўз яго павольна, каб не выдаць неспакою. Той нават галавы не ўзняў. І калі Даніл ужо гатовы быў абазваць сябе панікёрам і параноікам, раптам пачуў з-за спіны:

 Не рабі глупстваў.

 Это вы мне? стрымана пацікавіўся ён.

Юнак з тэлефонам цяжка ўзняўся з лаўкі, быццам яго чакала няпростая, але неабходная праца. Зняў навушнікі, пільна паглядзеў на Даніла спадылба.

Даніл сціснуў і расціснуў кулакі, каб пазбавіцца сумесі захаплення і страху, якая разлівалася ўнутры. Ён ведаў гэтага чалавека. Дакладней, бачыў яго на адзіным здымку, які меўся ў «С.О.Н.». Толькі ніхто яшчэ не здолеў давесці, што гэта сапраўдны чалец «Лабірынта», а не ўдалая Алесева містыфікацыя. Таму што акрамя здымка не было больш нічога. Нават імёны крэсліліся штомесяц. Ляксей, Яўген, Міхась, Кастусь

 Яраслаў, юнак, усміхаючыся, працягнуў далонь. Даніл ледзь стрымаў жаданне скарыстацца здольнасцямі. Надта безабаронным ён будзе ў гэты момант.

 У Алеся да цябе справа.

 У мяне і свае справы ёсць, незадаволена мармытнуў юнак.

 Яны пачакаюць.

Данілу не хацелася спрачацца. І не таму, што Яраслаў відавочна быў фізічна мацнейшы. Хацелася разгадаць яго. Эдуард Львовіч, сапраўды, можа і пачакаць.

Машына Яраслава выглядала так, нібы яе альбо толькі што набылі, альбо ўзялі ў пракат. Ён кіраваў упэўнена, але агрэсіўна. Суцэльныя рэзкія рухі, абгоны ды раптоўныя павароты. Быццам за імі хто гнаўся.

 Што там за справа? пацікавіўся Даніл, зашпільваючы пас бяспекі.

 Трэба пацвердзіць аўтэнтычнасць адной рэчы. Даніл усміхнуўся. Ён прызвычаіўся, што самае каштоўнае, самае патрэбнае ў ім гэта здольнасці. Без іх ён наўрад ці камусьці быў патрэбны. Ён прызвычаіўся, і ўсё адно гэта закранала.

 Як вы рабілі гэта раней?

 Алесь можа прымусіць казаць праўду. А я Я чытаю думкі. Але гэта даволі бессэнсоўная здольнасць, абыякава, быццам нейкую нудоту, вымавіў Яр.

Даніл зноў адчуваў холад знутры. Толькі цяпер не было захаплення. Быў толькі страх.

 Чаму ж яна бессэнсоўная? прымусіўшы сябе супакоіцца, пацікавіўся юнак.

 Таму што драйвер не ўсталяваны. Я чую толькі беларускамоўных.

 Ты чытаў мае думкі, там, ля падезда? Ты сказаў: «Не рабі глупстваў».

 А ты збіраўся рабіць глупствы? Яр адарваўся ад дарогі, кпліва зірнуў на Даніла.

 Чаму Алесь не патэлефанаваў мне? Альбо чаму не прыехаў сам? Гэта праверка? Цябе падаслалі, каб праверыць, ці не хаваю я чагосьці? У сваіх думках, апошнія словы ён вымавіў падкрэслена здзекліва.

 Мяне ніхто не «падсылаў», спакойна адказаў Яраслаў. Я сам вырашыў цябе праверыць.

 І як я табе?

 Ды нармальна пакуль, абыякава паціснуў плячыма юнак.

Значыць, пашанцавала? Распытваць далей было б поўным дурноццем. Наўрад ці Яраслаў быў бы такі спакойны, калі б ведаў праўду.

Теперь нужно быть аккуратнее.

* * *

Цяжкі залаты пярсцёнак упаў на далонь.

Рака, неверагодна шырокая, але спакойная, годна несла хвалі ўдалеч. І хоць яна здавалася разы ў тры шырэйшай, чым ён бачыў яе апошні раз, Даніл ні з чым не змог бы пераблытаць гэты пагорак, дзе Палата сустракалася з Заходняй Дзвіной. Толькі белых стромкіх веж Сафіі за спінай не было.

Па Дзвіне ішлі караблі. Доўгія чаўны на вёслах, з гнутымі насамі, падобныя да дракараў. На вялізным дрэве ля самага схілу сядзела драпежная птушка, не зводзячы вачэй з гэтых караблёў. Нібы намагалася сваім вострым зрокам упільнаваць пагрозу.

На лапцы ў яе нешта бліснула. Даніл падышоў бліжэй, каб лепш разглядзець, і замёр у поўнай разгубленасці. Гэты пярсцёнак насіла Птушка? Драпежнік працягла закрычаў ды сарваўся з галіны. Крылы хлопалі перад тварам. Ногі не слухаліся. Даніл сціснуўся ды зажмурыўся.

Праз хвіліну расплюшчыў вочы, аднак перад сабой убачыў толькі цемру. І два насцярожаныя зялёныя вокі.

Зрок паступова прызвычайваўся.

З ціхім, нават мяккім рыканнем да юнака набліжаўся вялізны чорны воўк. Даніл разгублена зрабіў крок назад.

Воўк падышоў зусім блізка. У вачах яго не было злосці.

Назад Дальше