Cіні карабель у блакітным моры плыве - Сяргей Дубавец


Сяргей Дубавец

Сіні карабель у блакітным моры плыве

© Дубавец, С., 2014

© Ковчег, 2014

© Распаўсюджванне e-book, ТАА «Электронная кнігарня», 2018

Шукальнікі вечнасьці

Зь першае ноты валторна гучыць як паніхіда. Гэта хаўтуры па табе. У пачатку заўсёды зашыфраваны канец. Але табе не канец, значыць, гэта толькі гульня, толькі шыфр, і ўсё толькі пачынаецца. Вось валторна саскочыла на другую ноту, крыху замарудзіла, каб ты яшчэ раз засумняваўся. І вось ужо трэцяя і чацьвертая ноты. Не канец! Што, безумоўна, дадае ўпэўненасьці. А тут яшчэ расчулася раптам трымценьне струнных пачалася артпадрыхтоўка да чагосьці большага. Гэта пагрозьлівае нізкае трымценьне, але ў той пагрозе, што раз-пораз нарастае і ўздымаецца ўгору, ужо прамалёўваецца прадчуваньне шчасьця. Яшчэ крыху, і ўступяць габоі.

Ты кажаш, што твор пасрэдны. Я і сам здагадваюся. Але што з таго, калі мне гэта падабаецца слухаць? У дзяцінстве я валторны з габоямі не разумеў, а трубу дык і проста ненавідзеў. Так яна страшна выла, калі пад вокнамі праходзіла жалобная працэсія, і даводзілася зашывацца ў самы далёкі і цёмны кут. Але яна даставала і там. Не было ратунку.

А цяпер вось яны, габоі! І на іх проста зьверху нібы коньніца-лётніца скрыпкі навальваюцца ўсёй сваёй мітусьнёй Ведаеш, у дзяцінстве мы не ўспрымаем гукі, што напоўненыя сакральным зьместам. Часта ў чалавека гэтае неразуменьне застаецца на ўсё жыцьцё. Здавалася б, ён дарос ужо да таямніцаў сакрамэнту, і валторны з габоямі раптам сталі сэнсоўнымі і важнымі. Але толькі не для яго. Ён папросту ня вырас.

А ты ці вырас? Калі спалохаўся паніхіды, гэта яшчэ нічога ня значыць. Сапраўды, пахавальныя працэсіі ў дзяцінстве млосныя і страшныя. Пакуль ты не зразумеў, што ў кожным канцы зашыфраваны пачатак. Гэта калі ты на вуліцы раптам сустрэўся з гукамі жалобнага маршу. А ў мастацтве ўсё наадварот. Цябе проста зьбілі з тропу. Ты думаў, што ўлавіў гукі канца. Складальнікі музыкі любяць такія штукі. У іх гэта называецца катарсіс. Памятаеш, як Дастаеўскага вялі на сьмерць, а потым сказалі, што стоп! усё адмяняецца. Ты стаіш бяздумна і раптам чуеш птушкі пяюць.

Нашы валторны паўтараюць гэты выпадак з твору ў твор. Каб ты перажыў катарсіс. І пакуль ніхто ня ведае, як гэта ўсё растлумачыць, яно дзейнічае. Бо няма лепшага спосабу захапіць увагу, падрыхтаваць тваю істоту да апавяданьня, якое разгорнецца зусім хутка. Важна, што ты ўжо тут, ты ўжо ня толькі чакаеш, але ты наструнены ўвесь. І гэта добра. Гэта значыць, што гісторыя пачынаецца.

Кайлюс і Зелба. Зімовая казка

Віталю і Алене

Двое ахоўнікаў вайсковага стрэльбішча шарагоўцы Кайлюс і Зелба праводзілі ранішні агляд тэрыторыі. За лесам яны сышлі ў лагчыну, адкуль сьцежка паміж сумётаў вяла да ракі.

 Ці ты глядзеў, колькі сёньня?..  спытаўся Кайлюс.

 Мінус сорак,  адказаў Зелба.

Шарагоўцы моўчкі спусьціліся зь невысокага берагу на гладкую ледзяную паверхню.

 Мінус сорак бывае ў гэтых краях раз на сто гадоў, сказаў Кайлюс.

 Угу,  адказаў Зелба.  Столькі ж было ў год нашага прызыву.

Пад нагамі ў жаўнераў паўставалі карціны прамерзлага наскрозь падводнага сьвету: плыўкія водарасьці выгіналіся на некалькі крокаў, рыбіны замёрлі ў сваім увішным бегу, белыя бурбалкі нагадвалі россыпы зор.

 Юбілей,  стаў на месцы Зелба,  нам паложана падвойная пайка!

 Паложана-наложана,  мэханічна сказаў Кайлюс, не спыняючы хады.

Пад супрацьлеглым берагам, дзе ніцая вярба схілілася да ракі, зьмеціўшы нешта пад ільдом, Кайлюс раптам скочыў назад. Тое самае зрабіў і Зелба. Асьцярожна падаўшыся наперад, жаўнеры ўглядаліся ў ледзяную паверхню. Убачанае моцна ўражвала іх.

Пад ільдом сярод водарасьцяў застыла ў руху дзяўчына.

 Зусім не падобная да русалкі, прашаптаў Зелба.

Тым часам Кайлюсу ад пераляку яшчэ не вярнулася мова. Ён абаўрэла разглядаў нечаканую відзежу, як нешта жаданае і, разам, забытае назаўжды.

Сапраўды, ані доўгіх косаў, ані жалезных грудзей у русалкі не было.

Лёгкая сукенка, выгіны цела, усьмешка на вуснах, заплюшчаныя вочы усё гэта змушала жаўнераў неадрыўна глядзець пад лёд і хвалявала сэрца.

 Прынцэса,  міжвольна прашаптаў Кайлюс.

 Ляля,  азваўся Зелба.

Такое розначытаньне быццам ацьвярозіла іх, і яны, завядзёна пабраўшы вінтоўкі, рушылі звыклым маршрутам агляду на супрацьлеглы бераг, з-за якога ўжо падымалася белае марознае сонца.

У пастарунку невялікім будынку з сылікатнае цэглы яны, як заўжды, варылі сабе ежу, чысьцілі амуніцыю і зброю, але пры тым не казалі ні слова ані пра русалку, ані пра свой юбілей. Яны маўчалі. Толькі бліжэй да поўдня першы прамовіў Зелба:

 Слухай, Кайлюс. Мы аглядаем тэрыторыю ўдвух дзеля таго, што можа спатрэбіцца прыкрыць адзін аднаго, альбо каб адзін, у разе патрэбы, пабег у пастарунак, а другі заставаўся на месцы здарэньня, праўда?

 Так напісана ў рэглямэнце,  пацьвердзіў Кайлюс.

 Толькі ж ніколі не было ў нас ніякіх здарэньняў. Аднойчы лось парваў агароджу, і ўсё. Але каб выявіць той прарыў, зусім ня трэба хадзіць разам.

 Можа і так,  недаверліва пагадзіўся Кайлюс.

 Мы вяртаемся з гэтых аглядаў галодныя, як сабакі, узвысіў свой голас Зелба.  І пасьля яшчэ колькі часу гатуем ежу.

 Ты прапануеш зьмяніць рэглямэнт?  пачаў здагадвацца Кайлюс.

 Мы нічога ня будзем зьмяняць. Проста я буду хадзіць на агляд тэрыторыі, а ты будзеш гатаваць ежу.

Кайлюс задумаўся. Гатаваць ежу яму ня вельмі падабалася. І потым, ён ня менш за Зелбу хацеў яшчэ паглядзець на Прынцэсу. Таму ўрэшце Кайлюс сказаў:

 Лепей мы будзем усё рабіць на зьмену. Сёньня ты гатуеш, а заўтра я.

На тым і пагадзіліся.

* * *

Ноч выдалася такой непраглядна-цёмнай, што Кайлюс упершыню адчуў трывогу, а Зелба страх. Трывога была такой моцнай, што калі Кайлюс устаў папіць, конаўка выпала зь ягоных рук і бразнула аб падлогу. Страх таксама быў такі моцны, што калі Зелба выйшаў да ветру, ён колькі ні мацаў рукамі густую цемень, так і не знайшоў прыбіральні, якая заўсёды была каля капцёркі.

Кайлюс і Зелба што было моцы рабілі выгляд, што сьпяць, але ім ня спалася. І адна думка не выходзіла кожнаму з галавы: такое упершыню.

Бліжэй да раніцы ім адлягло, і яны заснулі. Але і тут, у сьне, усё было ўпершыню, бо ніколі не здаралася, каб яны бачылі сны. Ад гэтага ім рабілася сорамна і кожны разумеў, што ніколі не раскажа свой сон другому.

Раніцай Зелба, здабыўшы сабе права першым пайсьці на агляд сам-адзін, рушыў ад пачатку пэрымэтру, але, як толькі яго ўжо нельга было ўбачыць з пастарунку, вобмельгам кінуўся да ракі.

Пад ніцаю вярбою ён на каленях рукамі рассоўваў рэдзенькі сьнег і леташняе лісьце зь ледзяное паверхні, пад якой зусім як жывая застыла Ляля. Уражаны зноў, і яшчэ больш, чым учора, Зелба гатовы быў глядзець на яе бясконца на яе цела пад хвалямі лёгкай сукенкі, і хоць Ляля спала, здавалася, што ўсьміхаецца яна менавіта яму.

Але абавязак, нарэшце, пагнаў Зелбу ў пастарунак.

Калі пасьля абеду Кайлюс пайшоў нібыта па дровы, а насамрэч пабег да ракі, ледзяная паверхня пад вярбою была высьлізганая да бляску і нагадвала люстэрка. І Кайлюсу таксама падалося, што Прынцэса ў сьне ўсьміхаецца менавіта яму. Але тое, што перад ім тут быў Зелба, прымусіла яго задумацца.

Не, Кайлюс ня ведаў пачуцьцяў зайздрасьці або ўласнасьці або здрады. Ён, як і Зелба, ня ведаў ніякіх пачуцьцяў, апроч натуральных чалавечых патрэбаў. За ўсю іхную супольную службу выпадак з русалкай быў першы, што разварушыў у іх жаданьні, ніяк не зьвязаныя з рэглямэнтам ды сьціплым жаўнерскім бытам.

* * *

 Ну, што мы будзем як дзеці хадзіць да яе  пачаў за вячэрай Кайлюс.

 Мне таксама здаецца, што ў гэтай гісторыі павінен быць нейкі працяг,  пагадзіўся Зелба.  Але што мы можам зрабіць?

Што яны могуць зрабіць? Пры патрэбе нешта зрабіць жаўнеры заўсёды думалі пра рыштунак, якога ў іх у прыбудове было шмат. Ня раз яны абмяркоўвалі: а што, калі ў дратах агароджы заблытаецца лось,  якім чынам прыцягнуць яго ў пастарунак. І хоць лось так ані разу і не патрапіўся ім на вочы, але за часы службы іхны плян што зь ім рабіць быў да дробязяў абмеркаваны. Згадаўшы пра гэта, Зелба сказаў:

 Давай яе дастанем!

 А ты думаеш, доктар Блюм ня сочыць за ёй гэтаксама, як за намі?  перасьцярог Кайлюс.

 Вядома, сочыць. Але наколькі нам дадзена вырашаць самім, нагэтулькі далёка мы і зойдзем. Там, дзе будзе ўжо нельга, доктар Блюм нас абавязкова спыніць. А пакуль Пакуль мне вельмі хочацца Лялю.

 А мне Прынцэсу.

* * *

Мінус сорак трымалася і назаўтра, калі жаўнеры пастанавілі забраць русалку з ракі. Пра агляд тэрыторыі нават і ня ўспомнілі.

Раніцай Кайлюс гатаваў падедак, а Зелба выцягваў з прыбудовы рыштунак лябёдку, санкі, трасы з крукамі, ледаруб і бэнзапілу.

Кожны думаў пра тое, на колькі ім удасца прасунуцца ў пачатай справе, пакуль не абявіцца доктар Блюм тады ўсё імі задуманае страціць сэнс. Але доктар Блюм не абяўляўся. Гэта натхняла іх. І досьвіткам, натхнёныя, яны рушылі да ракі.

Дальше