Cіні карабель у блакітным моры плыве - Сяргей Дубавец 4 стр.


 Не.

 Яна хоча, каб мы забілі доктара Блюма і такім чынам зламалі ўсю схему,  азваўся Кайлюс.  Але доктар Блюм несьмяротны.

 Ды не! Я хачу сказаць, што вы са сваім стрэльбішчам існуяце ў іншым вымярэньні. Сёньня на рэчцы не было ўчорашняй яміны, зь якой вы мяне дасталі, праўда? І краявід падаўся мне знаёмым. Калі ўскараскацца на супрацьлеглы бераг, там будзе поле, так?

 Так.

 А за полем бярэзьнік. Так?

 Так.

 Маладыя бярозавыя пасадкі. Так?

 Так.

 І што, усе сто гадоў там маладыя пасадкі?

 Так.

 А ў бярэзьніку пачынаецца дарога.

 Гэтага мы ня ведаем, бо ніколі туды не даходзілі. Поле ўжо за межамі нашай тэрыторыі.

 Ну правільна! І тая дарога вядзе да нашага лецішча.

 Ты прапануеш, каб мы туды пайшлі?

 Чаму б і не? Праўда, гэты паход будзе азначаць канец вашае неўміручасьці.

* * *

Жаўнеры задумаліся, і Зоя ня стала перабіваць іхнага задуменьня. Яна разважала пра сваё.

Як жа шмат высілкаў людзі патрацілі на тое, каб дасягнуць вечнага жыцьця. Ведалі б яны, якая гэта нецікавая штука несьмяротнасьць!

 І што мы будзем там, на тваім лецішчы, рабіць?  раптам спытаўся Кайлюс.

 Ну, хоць бы запарым кавы, агледзімся і пойдзем на аўтобус. Сядзем і праз паўгадзіны будзем у горадзе.

 Самаволка, значыць,  прыгадаў забытае слова Кайлюс.

 Пяць сутак губы,  падыграў яму Зелба.

 Але ня факт, што ўсё так і ёсьць насамрэч, як ты кажаш,  засумняваўся Кайлюс,  дарога ў бярэзьніку, лецішча, аўтобус, горад. Нам і праўда нічога ня хочацца, бо ўсе жаданьні паніклі за гэтыя сто гадоў пасьля прызыву. Калі ты ўзбудзіла ў нас цікавасьць да сябе, дык Нічога добрага я ў гэтым ня бачу.

 Спроба не хвароба,  сказаў Зелба.  Толькі я таксама ня ведаю, што нам рабіць у тым горадзе. Ты там жывеш і цябе туды цягне. А мы з нашай шмат разоў пералепленай сьвядомасьцю таксама цягнемся туды, дзе прывыклі. Гэта значыць, сюды.

 Тады я пайду адна!

 Зь іншага боку,  сказаў Кайлюс,  ня факт, што мы можам адпусьціць цябе. У нашым рэглямэнце сказана толькі пра затрымку жывёлаў. Але ж і чалавек у нейкім сэнсе жывёла

 Хадзем усе разам,  пастанавіў Зелба.  Прынамсі, да бярэзьніку.

* * *

Калі за высокім супрацьлеглым берагам ракі яны ступілі на засьнежанае поле, пачало шарэць. Нечакана Зоя адчула, што не пазнае гэтых мясьцін. Але жаўнерам яна нічога не сказала. Наперадзе сапраўды бялеўся бярэзьнік. Толькі быў ён дзесьці вельмі далёка, бо вельмі вялікім аказалася поле.

Яны ішлі моўчкі, гатовыя да любога павароту падзеяў. Жаўнерам зноў падабалася іхнае свавольства, але ні на хвілю не забываліся яны і пра доктара Блюма.

Зоі патроху рабілася страшнавата яна ўжо зразумела, што гэта ня той краявід. Поле напраўду было агромністае, а бярэзьнік, разам зь іхным набліжэньнем да яго, ператвараўся з маладых пасадак у векавечны гай. Імкліва цямнела. Да таго ж пасыпаў сьнег і ўзьняўся вецер.

Няўжо гэта тыя, знаёмыя зь дзяцінства мясьціны, толькі праз сто гадоў? Няўжо ўвесь гэты час яна насамрэч праляжала ў скутай ільдом рацэ? Няўжо гэта ўсё ня вусьцішны сон, а рэчаіснасьць? І ня будзе ніякай дарогі, ніякага лецішча, ніякага гораду?

Ніякай дарогі ў бярэзьніку не было.

Велічэзныя дрэвы матлялі даўгімі кудламі сваіх шатаў, атрасаючы зь іх ледзяшы, якія шклянымі пацеркамі рассыпаліся па сьнежным шарпаку. Сьцямнела зусім.

Зоя калацілася, ня могучы справіцца са сваім страхам. Жаўнеры пераступалі з нагі на нагу. Што ім станецца, калі ў іх наперадзе вечнае жыцьцё.

* * *

Так ці йнакш, нешта прыдумаць мусіла яна. А яна не магла, ня ведала што. І яны гэта бачылі. Таму ўрэшце сказаў Кайлюс:

 Нам трэба вяртацца. Будзем лічыць, што экспэрымэнт ня ўдаўся. Ня ведаю, што нам будзе, калі адпусьцім цябе, але ў рэглямэнце пра гэта нічога не сказана. Таму ідзі на сваё лецішча ды едзь у свой горад. А мы пойдзем у свой пастарунак.

Гледзячы на Зою, можна было адчуць, што нічога горшага для чалавека гэты бессардэчны робат прыдумаць і ня мог. Зоін адчай гатовы быў дасягнуць найвышэйшага роўню. У такіх выпадках звычайна жаночая інтуіцыя раптоўна знаходзіць выйсьце.

Кайлюс ужо памкнуўся быў рушыць назад, але яго прыпыніў Зелба:

 Чакай. Але куды яна пойдзе? Ніякай дарогі няма!

 Можна ісьці паміж дрэваў, сказаў Кайлюс.  Я падумаў, што яшчэ невядома, калі мы больш парушым рэглямэнт калі адпусьцім яе, ці калі затрымаем.

 Трэба, каб яна сама вырашыла, што ёй рабіць,  сказаў Зелба.  Нам дык заўсёды доктар Блюм падкажа, а ёй Можа быць, спытацца ў доктара Блюма? Ён усё чуе.

Гэтага іхнага дыялёгу было дастаткова, каб Зоя канчаткова дала рады сваім пачуцьцям.

 Ня трэба,  сказала яна.  Я гэта ўсё прыдумала, я й буду вырашаць. Мы чаго хацелі? Жыць, рухацца, шукаць. Ну й няхай цяпер цёмна. Ну й нічога, што бярозы старыя. Але самае апошняе глупства вяртацца ў ваш пастарунак і працягваць хадзіць на агляды. Трэба ісьці наперад, а не кругамі. І нічога не баяцца. Я магла б пайсьці далей адна, але я жанчына, і мне страшна. Вы мусіце ісьці са мною.

Апошнія словы прагучалі як загад.

 І куды мы пойдзем?

 Не бывае лесу безь сьцяжынаў. Пойдзем ускрайкам, пакуль не пабачым сьцяжыну.

* * *

Досыць хутка ім сапраўды адкрылася сьнежная палоска з прыцярушанымі сьлядамі чаравікаў. Яна вяла ў бярэзьнік і гублялася паміж дрэваў.

Ішлі павольна, бо ня ведалі, нават не ўяўлялі сабе, што іх чакае наперадзе.

Цяпер ужо і гай выглядаў не такім страшным, як перад тым. Белыя ствалы дрэваў, белы сьнег на зямлі быццам наўмысна асьвятлялі іхны шлях уначы.

На душы ў Зоі зрабілася ня так маркотна, бо ўсё ж такі быў нейкі рух, і яна была не адна. Можна было далей выпытваць пра што-небудзь у гэтых целюкоў.

 Цікава, а што праз сто гадоў адбылося з асваеньнем космасу?  кідала яна пытаньне ў паветра.

 Яго асвоілі, адказалі жаўнеры.

 А з тэлебачаньнем, з інтэрнэтам, з шоў-бізам ды мас-культам?

 Ня ведаем, нічога такога няма.

 А дзе жыве доктар Блюм?

 Мы ня ведаем.

 Мне здаецца, што ён жыве ў вас, у нас у галаве. У кожным чалавеку жыве доктар Заяц. З драўлянай мядзьведжай галавой пад чорным бляскам, з кавенькай і крыкам: Экш! Экш!

 Мы ня ведаем.

 Магчыма, я пераблытала краявіды, але нешта мне падказвае, што ўсё адно мы выйдзем да нармальнага сьвету.

 Чаму ты так думаеш?

 Бо цяпер вы жывяце ў маім жыцьці, а ня я ў вашым.

 Мы страцілі несьмяротнасьць?

 Думаю, так. Што вы цяпер адчуваеце?

 Ты нам падабаесься.

Трэба сказаць, што гэта яны адчувалі ад самай першай сустрэчы зь ёю. Але калі ты жывеш вечна, твае пачуцьці ня маюць ані значэньня, ані сэнсу. Цяпер жа, у гэтым бярозавым гаі, калі жаўнеры пазбавіліся несьмяротнасьці, іхныя сэрцы заходзіліся ад прысутнасьці Зоі побач зь імі.

* * *

Тым часам бярэзьнік скончыўся, і сьцяжына вывела іх на іншае поле, што дыбілася высокім засьнежаным узгоркам. Што там, за ім? Пытаньне рытарычнае. Рэч у тым, што чаканьне чагосьці невядомага стамляе, як і ўсякае чаканьне, і ператвараецца ў манатоннае нішто. Гэтае нішто паступова апанавала Зою, дадаліся бяссонныя ночы і нясьпешная разьмераная хада. Зоя нібы заснула, ідучы. У галаве круціліся ўсялякія відзежы, што прапаноўвалі свае працягі гэтай гісторыі.

Быццам голас цыркавога канфэрансье крычаў у залю: Што? Што далей будзе з нашымі героямі? Пра гэта напісана мноства кніг! Безумоўна, нас чакаюць новыя, яшчэ больш захапляльныя прыгоды! Нашым героям не аднойчы давядзецца абхітрыць злога доктара Блюма, пераадолець шматлікія самыя неверагодныя перашкоды, пабываць на кані і пад канём, перш чым адмысловая камісія вярхоўных камісараў прызнае іх траіх годнымі найвышэйшай катэгорыі дасканаласьці, і яны нарэшце стануць мутантамі! Кайлюс атрымае замест ног самаходнае шасі, Зелба новую драўляную галаву і будзе падобны да насарога, а Зоі дастанецца русалчын хвост! Аркестра туш!

Усё навакольле ашчэрылася залівістым сьмехам мноства чалавечых ратоў. Зьвінелі трубы і літаўры, а канфэрансье працягваў свой узьнёслы маналёг. Фокус-покус! Цяпер кожны зь іх паселіцца ў кімсьці з нас і будзе найвялікшаю засьцярогаю ад свавольства. Доктар Кайлюс сочыць за мной,  шапну я табе на вуха. А за мной,  адкажаш ты,  доктар Зелба! Гэта што,  скажа трэці з нас,  за мной пільнуе сама доктар Зоя!

Некалі так будзе абавязкова! І нам таксама, каб пазбавіцца ад сваіх дактароў, трэба будзе разьвітацца з думкамі пра несьмяротнасьць,  гэта ўжо не канфэрансье, бо словы прамоўленыя голасам Зоі ў ейнай жа галаве. Яна машынальна перастаўляе ногі і пры тым дрэмле, і адна відзежа ў ейным сьне зьмяняецца на іншую.

Яны ідуць між маленькіх хвоек, і цяпер ужо ня Зоі, а жаўнерам краявід падаецца знаёмым. І нічога дзіўнага, бо яны выходзяць да свайго пастарунку на стрэльбішчы.

Каля будынку зь белага сылікату стаіць вялізная вайсковая машына.

Назад Дальше