Доктар Блюм мутант, сказаў Зелба. Адзін зь першых мутантаў, ня вельмі ўдалы, але ўсё адно больш дасканалы, чым людзі.
* * *Зоя не зьвяртала ўвагі на іхныя рэплікі, быццам баялася згубіць нітку сваіх прыгадак.
Так ці йнакш, але доктар Заяц наводзіў на ўсіх вусьціш. Асабліва калі мы чулі ягоныя кульгавыя крокі, стукат ягонае кульбы ці ягонае шыпеньне: Экш! Экш!
Зоя задумалася. Не зважаючы на позьні час, яе слухачы не драмалі, а зь нецярплівасьцю чакалі працягу.
Аднойчы, пачала яна асьцярожна, быццам зьбіралася дакрануцца да агню, аднойчы я ўбачыла, як доктар Заяц гнаў сваёй кульбаю па падлозе ў калідоры Гэта быў кавалак чалавека, сплюшчаны, як барэльеф. Толькі галава і грудзі. Барэльеф мужчыны, маладога, з бародкай. Такіх паказвалі ў фільмах пра рэвалюцыю. Адразу мне падалося, што гэта кавалак нейкага каберца ці лінолюму. Але ён стагнаў. А доктар прыкрыкваў: Экш! Экш!.. Слухайце, чаму ў вас так халодна?
Зараз, ускочыў са свайго ўслончыка Зелба, пашукаем чаго-небудзь надзець.
Зараз, падняўся Кайлюс, запарым гарбаты.
Зелба адчыніў падсобку. Кайлюс адправіўся на двор па дровы, бо ў печцы дагарэла апошняе вугольле.
Зелба знайшоў у падсобцы цёплыя спартовыя нагавіцы і такую самую кашулю, а таксама чысты бушлат. Кайлюс наладаваў дровамі пліту, запаліў агонь і паставіў кіпяціць ваду.
Жаўнеры корпаліся кожны пры сваім занятку, адвярнуўшыся ад жанчыны.
Зоя тым часам хуценька нацягнула на сябе цёплыя рэчы і выглядала цяпер адной зь іх, цяпер ужо траіх.
Дасьпела гарбата, і ўсе трое, пасеўшы на ложках, былі гатовыя да працягу размовы.
* * *У той час шмат казалі пра кланаваньне, перасадкі ворганаў, пра разумных робатаў Але я ня надта за гэтым сачыла, прамовіла Зоя, грэючы рукі аб кубак з гарбатай. Напэўна, рана ці позна ўсё гэта мусіла перавярнуць увесь наш сьвет. Калі любую частку чалавека можна замяніць на іншую, дык гэта ўжо нейкае вечнае жыцьцё атрымліваецца.
Так і ёсьць, пагадзіліся Кайлюс і Зелба.
Зоя ўпершыню паглядзела на іх уважліва, быццам вывучала.
Выходзіць, што і вы робаты?
Мы не мутанты, уздыхнуў Зелба. Мы людзі, хоць і сапраўды шмат разоў пералепленыя.
Але мы ня трапілі ў катэгорыю дасканалых на мутацыю, як, напрыклад, доктар Блюм, удакладніў Кайлюс.
Цікава, у якую катэгорыю патрапіла я? разважала ўголас Зоя. Напэўна, у нейкі адсеў каму вечнасьць не пагражае.
Напэўна, пагадзіліся Кайлюс і Зелба.
Адказаць нешта дакладнае гэтыя ці то дзецюкі, ці то стогадовыя дзяды не маглі, бо нічога ня памяталі дый толкам ня ведалі. Колькі часу сплыло пасьля іхнага прызыву на вайсковую службу, а што было да таго даўно заменена ў іхнай трансплянтаванай памяці. Адзінае, што цяпер у іх раптам абудзілася цікавасьць да таго сьвету, зь якога зьявілася Зоя. Калі ўвесь той сьвет такі, як яна, значыць, і сапраўды цікава, якім чынам ён скончыўся. А можа й ня скончыўся? Пакуль ёсьць Зоя.
Тады шмат казалі пра гендэрную дыскрымінацыю, працягвала яна. Але ніхто з гэтым не лічыўся, бо жанчын стала ў некалькі разоў больш за мужчын.
Мы гэтага ня ведаем, разам прамовілі Кайлюс і Зелба.
А тых, каго адсеялі, нашы гуманныя кіраўнікі, каб не забіваць, сталі замарожваць, зрабіла дапушчэньне Зоя. І каб ня траціць сродкі, марозілі іх у рэках, бо ўсё адно настала глябальнае абледзяненьне. Так?
Магчыма, сказаў Кайлюс.
Ты разумная, заўважыў Зелба. Толькі мы ніколі ў нашай рэчцы нікога, апроч цябе, не знаходзілі.
* * *За сьляпым акенкам пастарунку пачынала сьвітаць. І жаўнеры зазьбіраліся на агляд тэрыторыі. Цяпер ім і ў галаву не прыходзіла, што на пэрымэтар выправіцца нехта адзін, а другі будзе гатаваць сьняданак.
Папрасілася разам зь імі і Зоя каб паглядзець месца, дзе яны яе знайшлі. На тое ёй выдалі цёплыя ватныя нагавіцы і валёнкі. Яна апраналася і не пераставала зьдзіўляцца іхнаму ўбогаму быту. Маўляў, куды падзяваліся ўсе тыя кампутары, бытавыя прылады і сродкі сувязі ды наогул усё, чым было напоўненае жыцьцё сто гадоў назад? Тады многія нават уявіць сабе не маглі існаваньня без тэлевізара, газавай пліты або цёплага клязэту і душу. Няўжо з дасягненьнем вечнага жыцьця ўсё гэта страчвае сэнс? Утульнасьць і зручнасьць быту?
Жаўнеры, відавочна, не разумелі, пра што яна кажа, але згаджаліся зь ёю аднаслоўнымі адказамі магчыма, відаць, напэўна. Ім тое было ня толькі незразумела, але й нецікава.
Жаўнеры, відавочна, не разумелі, пра што яна кажа, але згаджаліся зь ёю аднаслоўнымі адказамі магчыма, відаць, напэўна. Ім тое было ня толькі незразумела, але й нецікава.
Мароз у той дзень зьменшыўся напалову да мінус дваццаці.
Калі ўсе трое спускаліся ў лагчыну, Зоя спытала, якім чынам доктар Блюм сочыць за ахоўнікамі стрэльбішча? Як ён даведваецца, што нехта зь іх захварэў ці што камусьці трэба зрабіць трансплянтацыю?
Усё адбываецца само сабою, адказалі яны. Уся інфармацыя у паветры. І лекаваньне і трансплянтацыя усё робіцца праз паветра. Ім нават і думаць пра гэта ня трэба. Іхная справа ахоўваць тэрыторыю.
Ага! Вось куды падзявалася ўся кібэрнэтыка у паветра! здагадалася Зоя. Але ж вы самі зазірнуць у паветра ня можаце? Што-небудзь там падгледзець, падправіць, як доктар Блюм?
Не, адказалі яны, мы ў гэтым нічога не разумеем, ды нам і ня трэба. Мы простыя людзі, а гэта справа дасканалых мутантаў.
Калі перад самай ракой яны спыніліся, Зоя казала пра свае пачуцьці як гэта дзіўна пастаяць над уласнай магілай! І не над той, у якую ты пойдзеш, а над той, зь якое прыйшоў
Але ўчорашняе прастакутнае яміны пад ніцай вярбой не было.
* * *Прыцярушаны сьнегам лёд уяўляў сабою роўнядзь, зусім непразрыстую, шэрую і каламутную. Нават водарасьцяў у замерзлай рацэ разгледзець было нельга.
Кайлюс пачаў мітусьліва аглядацца, думаючы, што яміна можа быць у іншым месцы, крокаў дзесяць сюды-туды. А Зелба выказаў дапушчэньне, што рэзкі перапад тэмпэратуры мог згладзіць яміну ды зрабіць каламутнай падлёдную відзежу.
Зою адсутнасьць магілы зусім не зьдзівіла. Яе зьдзівіла іншае: рачны краявід раптам падаўся ёй знаёмым. Ён нагадаў ёй мясьціну каля іхнага лецішча пад горадам, дзе яна гадавалася. Праўда, ужо шмат гадоў на тым лецішчы яна не была і ніколі не бывала там узімку, таму ўражаньне магло быць памылковым. Хаця
На зваротным шляху яна спыталася, ці адбываюцца на стрэльбішчы вучэньні? Напэўна, калісьці адбываліся. Але з часоў свайго прызыву Кайлюс і Зелба ня могуць прыгадаць ані стрэлаў, ані каб некага тут муштравалі.
Ясна, зрабіла выснову Зоя. Мабыць, і войска ніякага ўжо сто гадоў няма. Мабыць, пагадзіліся жаўнеры. Але іхная задача не страляць, а сачыць за парадкам. Усё, што ім трэба для службы і быту, дастаўляе сюды вялікая вайсковая машына.
Значыць, і на танцы вы нікуды ня ходзіце, і зь дзяўчатамі не сябруеце, працягвала Зоя. Зразумела. Хіба можа быць каханьне, калі жывеш вечна? Дакладней, хіба можа быць каханьне, калі няма сьмерці.
Але ж і жыцьцём вашую несьмяротнасьць не назавеш. Чалавечым жыцьцём. Няўжо, каб стаць неўміручым, трэба ператварыцца ў целюка, падумала яна, але, натуральна, гэтага не сказала. Яна сказала: Хлопцы, а ці не задацца б вам думкай, чаму вы нічога такога ня ведаеце і вам нічога такога ня хочацца? Вы ж ужо парушылі рэглямэнт, калі дасталі мяне з ракі, калі ажывілі, калі перасталі хадзіць на агляды і цэлую ноч, замест сну, бавілі час за гутаркай. Так? І нябёсы праз гэта на зямлю не зваліліся. Значыць, можна й яшчэ нешта зрабіць такое, свавольнае.
У прынцыпе, можна, сказаў Кайлюс.
Чаму б і не, пагадзіўся Зелба. Хоць мы зможам нешта рабіць толькі да той мяжы, да якой дазволіць нам доктар Блюм. Але гэта сапраўды цікава. Пабачым.
* * *За сьняданкам Зоя пачала прыдумляць свой плян.
Вось глядзіце. Я ўжо не зьдзіўляюся таму, што мінула сто гадоў. Бо нічога істотнага не зьмянілася. А гэта значыць, што сто гадоў, што тысяча, што адзін год няважна. І чаго тады вартая ваша несьмяротнасьць? Таго, каб нікуды не імкнуцца, нічога не жадаць, ні пра што ня марыць? Каб жыць, усё адно як памёршы? Такая несьмяротнасьць папраўдзе нагадвае сьмерць, якая ўжо надышла. Вы існуяце не ў нармальным сьвеце, а ў нейкім прыдуманым тым сьвеце. Так?
Так, сказаў Зелба. І што нам цяпер, адмовіцца ад вечнага жыцьця, якое, па-твойму, насамрэч вечная сьмерць?
Вядома! Бо імкнуцца, жадаць, марыць вось што такое жыць. Рабіць нейкія карысныя штукі, а не хадзіць, як завядзёны, вакол гэтага дурацкага стрэльбішча, купляючы сабе такім чынам вечную магчымасьць хадзіць вакол стрэльбішча. Наадварот, увесь сэнс у тым, каб пасьпець адчуць каштоўнасьць жыцьця, каб сьпяшацца, рызыкаваць, рабіць нестандартныя ўчынкі. Сьмерць у тысячу разоў важнейшая за несьмяротнасьць.
Ты прапануеш нам забіць сябе? спытаўся Зелба.