Мачуга зніякавеў, бо жонка ні словам, ні намёкам не давала яму зразумець, што займаецца грамадскай дзейнасцю, ды яшчэ і на такой пасадзе. А сакратар тым часам працягваў, не заўважаючы азадачанай фізіяноміі суразмоўцы:
Не сакрэт, таварыш Мачуга, што многія ў нашай партыі па-ранейшаму лічаць жанчын не роўняй сабе. Падставы для гэтага ёсць: жанчыны займалі пры гнілым царскім рэжыме прыгнечанае становішча. Але ў наш час жанчыны, як і іншыя працоўныя слаі, атрымалі роўныя правы з мужчынамі І ваш прыклад дае нам надзею, што і астатнія чальцы нашай перадавой партыі на шляху да сацыялізму неўзабаве зразумеюць гэтае палажэнне. Так сказаць, жанчына гэта таварыш камуніста! і сакратар тыкнуў пальцам некуды ў бок столі, быццам падпіраючы свае словы, завіслыя ў паветры.
Дадому Канстанцін ішоў у задуменні: ён ніяк не мог уразумець, як яму цяпер жыць з Валянцінай, як да яе ставіцца, як абыходзіцца Добра першаму сакратару для яго Валянціна толькі чужая жанчына, якая кіруе жансаветам. А як быць яму, мужу гэтай жанчыны?
Дома ён зняў боты, з грукатам паставіў іх у кут. Аднак сустрэць яго, на дзіва, ніхто не выйшаў. З жончынага пакоя былі чуваць галасы. Канстанцін зазірнуў туды: у Валянціны сядзелі чатыры госці усе маладзейшыя за яе.
Жанчыны павіталіся з гаспадаром, а потым Валянціна працягнула, быццам мужа і няма побач:
Новы, рэвалюцыйны час жанчыну вызваліў, і гэта значыць, што яна сама павінна заняць годнае месца. І таварыш Аляксандра Калантай правільна вучыць нас, што свабодная жанчына, якая працуе, можа сама распараджацца сваім лёсам, сваёй душой і сваім целам. Не можа быць такога, каб толькі мужчына атрымаў права на выбар жанчыны: яна таксама мае права прыйсці да яго і сысці ад яго.
Жанчыны ўважліва слухалі, быццам вучаніцы вакол наваяўленага прарока дакладней, прарочыцы.
А як жа сям'я? нясмела запыталася адна з іх.
Пры старым рэжыме лічылася, што сям'я ствараецца на ўсё жыццё. І жанчыне не было куды сысці ад мужа, цярпліва тлумачыла Валянціна, раз-пораз устрасаючы сваімі чорнымі валасамі. Яна заставалася служанкай пры ім. Але цяпер мы будуем сацыялізм, дзе жанчына сама зможа зарабіць сабе на жыццё ёй не патрэбны будзе муж-кармілец. Калі замужняя жанчына пакахае іншага чалавека, яна мае права сысці да яго. А калі проста разлюбіць мужа, то таксама зможа сысці і жыць асобна. Таварыш Аляксандра Калантай вучыць нас, што ў пралетарскай дзяржаве не можа быць эксплуататарскага прымусу ў сям'і.
Маладая кірпатая госця пачырванела, амаль зраўняўшыся колерам з пунсовай хусткай на галаве, і спыталася:
А чым такая жанчына адрозніваецца ад яна замоўкла, падбіраючы найбольш мяккае слова, гуляшчай?
Павісла напружаная ціша: усіх цікавіў адказ.
Таварыш Аляксандра Калантай у сваім артыкуле «Каханне і новая мараль» дае нам адказ і на гэтае пытанне. Якія віды адносінаў мы ведаем на сённяшні дзень? Гэта законны шлюб, вольны шлюб і прастытуцыя. З законным шлюбам усё ясна: ён аддае жанчыну ў рабства мужу. Прастытуцыя, адзначае таварыш Калантай, маральна нявечыць людзей, бо робіць жанчыну прадметам гандлю, а мужчыну спажыўцом гэткага тавару. Гэтыя вычварныя капіталістычныя адносіны не могуць стаць узорам для новага грамадства.
Павісла паўза. Валянціна абвяла сваіх госцей позіркам, уважліва ўглядаючыся ім у вочы.
Як жа спалучыць сям'ю і тое, што жанчына, як і кожны чалавек, у сваім жыцці развіваецца, здабывае новыя веды, спазнае новыя пачуцці? Ёй можа стаць папросту цесна і няўтульна ў старых адносінах, у ранейшай сям'і, асабліва калі там муж абскурантыст! Таварыш Калантай лічыць, што самай найлепшай формай пры гэтым будзе паслядоўная манагамія.
Апошняе слова, без сумневу, выклікала сярод прысутных жанчын збянтэжанасць. Яны позіркамі перакідвалі яго адна адной, як гарачую печаную бульбіну, што дасталі з вогнішча.
Гэта значыць, што адна жанчына і адзін мужчына нейкі час жывуць разам, сям'ёй, паспяшалася патлумачыць Валянціна.
Калі госці сышлі, жонка падышла да Канстанціна і, гледзячы яму ў вочы, халодным тонам сказала:
Ты ўсё чуў? Дык вось, я таксама за паслядоўнасць.
Канстанцін глядзеў на яе агаломшана, нібы мыла з'еўшы, ён не мог зразумець, да чаго яна вядзе. Наступныя словы канчаткова перакрэслілі ўвесь ягоны сусвет.
Я сустрэла іншага мужчыну.
Паветра неяк імкліва загусцела, і Канстанцін адчуў, што не можа ўвабраць яго ў сябе. Ён давіўся пругкімі каўткамі паветра, якое не хацела запаўняць лёгкія.
Так Канстанцін Мачуга даведаўся пра існаванне Антона Хлюдзінскага. А пабачыўшы яго потым, ніяк не мог зразумець, што Валянціна знайшла ў гэтым танклявым высокім акулярніку.
6 траўня 1926 года, чацвер, вечар
Невысокі будынак па адрасе вуліца Зялёная, 17 быў вядомы ўсяму гораду: тут размяшчаўся акруговы аддзел Аб'яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўлення у скароце АДПУ, ці проста ДПУ.
Аператыўны ўпаўнаважаны Раман Васільчук сядзеў за масіўным дубовым сталом. Кароткімі пальцамі левай рукі ён задуменна чухаў адрослую за дзень шчаціну на шчацэ, пальцы ж правай тым часам ездзілі па радках данясення ад сакрэтнага супрацоўніка пад псещданимам «Бландзінка». Палец на радку дапамагаў сачыць за напісаным, бо грамата была не самым моцным бокам Васільчука. Затое пралетарская свядомасць і класавае чуццё ў таварыша ўпаўнаважанага былі самай высокай якасці да ворага ён быў бязлітасны.
Агента «Бландзінку» Васільчук цаніў: гэта быў дыямент сярод яго агентаў. Ніякае заданне не было для «Бландзінкі» невыканальным.
У асяроддзі, якое можна ахарактарызаваць як нацыянал-камуністы, дагэтуль пануе эйфарыя з нагоды павелічэння БССР. Гучаць размовы пра тое, што неўзабаве ў Беларусь вернецца і Смаленск з Бранскам. Мяркую, што такія настроі перадаюцца з Менску. Пашыраць іх дапамагаюць сталічныя эмісары, якія ездзяць па Беларусі пад выглядам пралетарскіх пісьменнікаў. Не выключана, што падтрымліваюць іх нядаўнія эмігранты з белапанскай Польшчы ды іншых імперыялістычных дзяржаў, якім Савецкая ўлада даравала ранейшыя грахі «бээнэраўшчыны» і дазволіла вярнуцца на Радзіму.
У групе, блізкай да левай апазіцыі, узмацняюцца крытычныя настроі. НЭП у размовах яны расшыфроўваюць не як «новая эканамічная палітыка», а як «новая эксплуатацыя пралетарыяту». Найбольш крытычных водгукаў выклікае дзейнасць наркама земляробства БССР Змітра Прышчэпава, якога вінавацяць у патуранні кулацкім настроям на вёсцы. Гэтая з'ява атрымала характарыстыку «прышчэпаўшчына».
Разам з тым гэтая левая апазіцыя крытыкуе партыйныя вярхі за адсутнасць дыскусіі па гарачых пытаннях нават у межах партыі.
Са свайго боку, лічу неабходным узмацніць кантроль за гэтымі дзвюма групамі, якія з'яўляюцца найбольш небяспечнымі ў агляднай перспектыве.
Бландзінка.
З яўнай палёгкай Васільчук уздыхнуў, дачытаўшы паперу. Ай ды «Бландзінка»! Ай, малойца! У перспектыву глядзіць, у будучыню!
Ён дастаў з верхняй шуфляды стала драўляную каробку-пушачку з пячаткай «Строга сакрэтна», пяшчотна хукнуў на яе і прышлёпнуў надпіс у левым верхнім куце данясення. Потым звыклым рухам апусціў пячатку ў пушачку і вярнуў усё на ранейшае месца ў шуфляду. Само ж данясенне з павагай і любоўю, з якой калісьці, вельмі даўно нёс абраз на чале царкоўнай працэсіі, аднёс да сейфа ў куце кабінета. Данясенне далучылася да шэрагу іншых з падобным густа-сінім грыфам, якія збіраліся ў канцылярскай тэчцы, ствараючы разам такую эпапею жыцця, што і не снілася якому-небудзь там графу Талстому.
Дзеянні Васільчука не засталіся незаўважанымі. На сцяне ў яго за спінай віселі два партрэты, якія ні на хвіліну не заплюшчвалі вачэй, пільнуючы ўсё, што адбываецца ў кабінеце. Партрэт Дзяржынскага леваруч ад Васільчука паглядаў сувора, крыху скептычна і бескампрамісна, партрэт Леніна, што вісеў справа, дапытліва і з нейкай затоенай насмешкай
8 траўня 1926 года, субота, пад вечар
Ах, восень-румза! Пасярод алей
Навошта блытаеш аголенае вецце?
Апалае лісцё ўжо не падыме вецер
І не пагоніць, не памчыць далей
Аўтар чытаў свой верш крыху напеўна, расцягваючы галосныя, быццам пераймаў нейкага дарэвалюцыйнага артыста. Было ў ягонай манеры штосьці ад дэкадэнцкага надлому Аляксандра Вярцінскага.
Хлюдзінскі сядзеў на пасяджэнні аршанскай філіі літаратурнага аб'яднання «Маладняк» і вывучаў навакольных. Яму хацелася курыць здавалася, што язык аж смыліць ад нясцерпнага жадання. Але курыць у памяшканні не дазвалялася, і, каб пераключыць сваю ўвагу, Антон заняўся разгляданнем твараў.
Аўтар верша здзівіў Хлюдзінскага: Антон думаў, што цяпер, пасля грамадзянскай вайны, пасля напраўду тэктанічных зрухаў у грамадстве, пасля падзеяў, якія перакрышылі і перамяшалі ўсё на свеце, ніхто не піша вершаў у такім дэкадэнцкім стылі.
Тым часам аўтар працягваў дэкламаваць на памяць, не гледзячы ў спісаны аркуш, які трымаў у левай руцэ: