Мікола Калядны
Каханне (зборнік)
© Мікола Калядны, 2017
© ІП Янушкевіч А.М., 2017
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
Ільвінае вока[1]
метагістарычныя эцюды[2]
Пралог
Нейкая негавіль шугнула ў прастору.
Усё наваколле ўвобміг захвалявалася.
Расліны страпянуліся і нервова закалываліся. Жывёлы спалохаліся і кінуліся бегчы. Камяні скалануліся ўнутрана, застаючыся вонкава нязрушнымі.
На адным з іх, сама вялікім і пляскатым, сядзеў Леў.
Яго таксама ўстарнавала невядомая касмічная хваля, і ён, імкнучыся зразумець яе, пільна ўглядаўся ўдалячынь, магутным узрокам ляцеў аж да зораў.
Да Льва зрозь збягалася ўсялякая зверына. Ён вялікасна і спагадліва прымаў кожную, выслухваў і мудра радзіў-судзіў.
Цяпер перад ім сабралася процьма народу, які задзіночана-запытальна пазіраў на цара і чакаў адказу, аднаго на ўсіх.
Леў адчуваў агульную занепакоенасць і ведаў, што значыць цяпер ягонае слова. Ён чуйна ўбіраў у сябе касмічныя сігналы, асэнсоўваў іх і рыхтаваўся мовіць.
Нішто не парушала гэтае глыбокае засяроджанасці.
Толькі адно сонца ўзбуджала ясны пагляд.
Шкаляры
1
Адкуль ён?
З Ліцвініі, вашая імасць. Добры край. Нам шанцуе на яго прадстаўнікоў. Але чамусьці адтуль даўно нікога не было.
Там зараз неспрыяльныя ўмовы: зашмат ліхасці.
Дзе яе толькі няма. Нам з ёю яшчэ доўга ходацца. Не прамарудзілі мы з ім?
Так, ён крыху старэйшы, чым трэба, але вельмі здольны. Гэтак лічыць Альгерд.
Альгерд ведае людзей. Абы каго не возьме. Аднак ім будзе цяжка.
Сапраўды, выпадак вынятковы. А калі нам было лёгка?
Дзеля гэтага і жывём. Як ён пачувае сябе?
Пакуль непрытомны. Калі агоўтаецца, уважліва паназірайце за ім: першыя ўражанні існыя і праўдзівыя.
2
Кастусь расплюшчыў вочы.
Нязвыкла яркае святло разанула зрэнкі, асляпіла. Ён спалохана зажмурыўся і сцяўся, адчуваючы чыюсці прысутнасць.
Павольна падняў павекі і нікога ня ўбачыў. Затое знайшоў сябе ў ложку.
Незнаёмы пакой напачатку падаўся пустым, а потым, па меры змянення светлавой танальнасці, паступова праказаўся незвычайным убраннем.
Стол, крэслы, шафа, шматлікія прадметы, прызначэнне якіх Кастусь не ведаў, усё было круглявае і белае. Ён асалапеў, калі раптам сцяна ператварылася ў вялізнае акно і перад ім расхінулася ашаламляльная вонкавасць.
Гарыстая мясцовасць патанала ў зеляніве і квецені, лашчылася ў сонечным марыве. На ёй узвышаліся фантастычныя збудаванні, якія ўражвалі формаю і афарбоўкаю. У паветры нароўні з птушкамі і казачнымі істотамі луналі-куляліся людзі. Кастусь захапіўся відовішчам і ніколькі не дзіваваў, што цераз шкло адчувае пахі, гукі і нейкія незразумелыя выпрамяненні.
Таму і не адразу яго вярнуў да рэальнасці чыйсьці голас:
Гэта можна яшчэ і пакратаць. Ён схамянуўся і зірнуў убок. Перад ім стаяў высокі мужчына і прыемна ўсміхаўся. Кастусю падалося, што той вынік прама з паветра.
Незнаёмец працягнуў руку. Нібыта ад чараўніцтва яна падаўжэла, лёгка прайшла праз балонку і кранула цыліндрычны гмах на ўзгорі. Затым павольна праплыла над зялёнымі бухматымі дрэвамі і нырнула ў лістоту разложыстага дубу. Ад шапацення ўсхваляваліся птахі. Адны з іх узняліся ўгору, іншыя селі на далонь, якая ўвачавідкі пабольшала, і зацвыркалі. Уражвала мноства і мілагучнасць спеўных матываў. Нейкі юнак вёртка крутнуўся ў паветры, скокнуў на далонь, зрабіў сальта і, адштурхнуўшыся, імпэтна ўзнёсся.
Пачакаўшы хвілю, дзівоснік варухнуў пальцамі, спудзіў птушак і вярнуў руку да звыклага стану.
Кастусь зніякавеў і нічога не мог прамовіць.
А цяпер паспрабуй ты, пачуў ён прапанову і няўцямна ўзняў правіцу.
Пальцы нібыта расцягнуліся, памкнуліся ўперад і хутка датыкнуліся шыбіны.
Кастусь крыху пастрыг імі, злёгку націснуў. Але нічога не адбылося і ён бездапаможна апусціў руку.
Не ўсё адразу, паблажліва суцешыў незнаёмец. А пачатак мне падабаецца.
Кастусь паглядзеў на яго больш уважліва і напружыўся: нарэшце неведзь абудзіла свядомасць. Ён ужо гатовы быў выбухнуць пытаннямі, але той апярэдзіў:
Мяне клічуць Альгердам. Я настаўнік касмічнай вучэльні.
Якой?
Касмічнай, больш выразна вымавіў Альгерд. Я буду аэранаўтам?
Не. Міжпланетныя караблі цябе не чакаюць, хоць лятаць ты зможаш паўсюль.
Як яны? кіўком галавы Кастусь паказаў на акно.
І як яны таксама. Дзе я? У якой краіне?
Ты ў Самбале, мясціне вышэйшага чалавецтва і правідэнцыйных сілаў.
Я не ведаю такой.
На Зямлі яна вядомая толькі некаторым. Як я сюды трапіў?
Я цябе забраў.
Навошта?
Каб выхаваць і навучыць. Чаму?
Нашай навуцы.
А як яна завецца?
Творчасць.
Не разумею. Чаму я?
Ты абраны.
Кастусь занепакоіўся і падумаў пра няпэўнасць, нават уяўнасць свайго становішча.
Хаманея. Мне сніцца?
Нешта ўспомніўшы, ён здрыгануўся і хуценька абмацаў свае грудзі. Адчуўшы пад далонню амулет, задаволена ўздыхнуў.
Ты не спіш і даўно ачуўся.
Я жывы?
Канечне.
Што з людзьмі?
Жывуць па-ранейшаму.
А мае родзічы?
Турбуюцца пра цябе, шукаюць.
Я вярнуся да іх?
Не.
Сэрца Кастуся балюча ёкнула ад раптоўнага прыліву горычы, і ён, узрушаны, ускочыў з пасцелі.
Гэта жорстка. Яны будуць пакутаваць і сумаваць. І ніхто іх не суцешыць. Я хачу дадому.
Твой дом тут.
Альгерд знарок паддаваў жару, каб пабачыць, як шугае вогнішча.
Няпраўда! цвёрда выгукнуў Кастусь і паглядам паімчаў удалячынь. Ён там, дзе мае маці, бацька, браты, сястра, сябрукі
альбо іншае атачэнне і нават адзіноцтва, калі імі прасякнеш.
Усхваляванасць не пакідала Кастуся. Ён сердаваў, што суразмоўца ўпэўнена і лёгка расхіствае ягоную пазіцыю, а ў яго не стае пераканаўчых аргументаў, каб трымацца.
Тое, ад чаго пайшоў, нішто не заменіць, злосна буркнуў ён, ледзь стрымліваючы сябе.
Правільна. Ты ведаеш, ад чаго?
Так, я ўжо сказаў.
Альгерд усміхнуўся, і Кастусю падалося, што паблажліва.
Вы з мяне кпяце?
Ніколькі. Мне імпануюць твае разважанні. Ты не па веку кемлівы гэта вельмі добра. Значыць, нашая справа пойдзе належным чынам.
Кастусь маўчаў. Яму хоць і спадабалася хвала Альгерда, але надакучыла барукацца. Ён адчуваў глыбокую самоту і вельмі хацеў дамоў. Горкасць сціскала грудзі і спірала дыханне.
3
Нікога няма. Куды ўсе падзеліся?
Мама! крыкнуў ён і палахліва зіркнуў па баках.
На панадворку не было ні курэй, ні качак, ні сабакі. У хляве не рохкалі свінні, не пыхкала карова.
Бразнуў клямкаю веснічкаў і выбег на вуліцу. Таксама пуста. Цішыня аж увушшу звінела.
Мама! паклікаў гучней і, праглынуўшы горкі камяк крыўды, пабег у хату.
Калі адчыніў дзьверы, пачуў нязносны крык матулі. Адразу кінула ў жах і ён ірвануў у трысцен.
Напаўаголеная маці ляжала ў ложку на пакамечаным хаўбосці і чамусьці ненатуральна курчылася. Над ёю схілілася баба Акуліна, якая з падазронай зацятасцю варочала рукамі і аднастайна мармытала штосьці недарэчнае, нібы замаўляла.
Не, не, не! залямантаваў Косцік і з кулачкамі наляцеў на старую.
Тая ад нечаканасці здрыганулася і раззлавана адпіхнула яго. Але ён не адступаў і апантана каёчыў яе. Суседка Пелагея, што стаяла побач са скарачом, рашуча ўзяла хлопчыка за руку і пацягнула прэч. На парозе ён пачуў прарэзлівы крык дзіцяці і асалапеў.
Аднекуль выплылі незнаёмыя постаці і твары, якія заклапочана нешта абмяркоўвалі і кудысьці спяшаліся.
Ён мімаволі памкнуўся за імі і знямеў ад нечаканага светлавога пошугу, за якім узніклі могілкі.
Халодны смутак ахутваў гэтае журботнае месца. Сцюдзёнасці дадавалі горкія слёзы, немае галашэнне і няўцешны плач, што вывяргала гаротная купка людзей ля труны ўскрай свежай ямы. Святар прачула казаў пра вечны спачын.
Косцік панура назіраў панахвіду і не разумеў, навошта яна, бо нябожчык усё роўна ўжо нічога не ўспрымаў. Хлопчык не ведаў, чаму і куды знікаюць людзі, і злаваў на бездапаможнае жыццё, якое збяднела на яшчэ аднаго чалавека. Якім яно будзе, калі нікога не стане?
4
Косцік, чаму ты на мяне так жаласліва пазіраеш?
Крыўдзіцца не будзеш?
Не.
Мне шкада цябе.
Гэта чаму ж?
У цябе было цяжкае жыццё, ты шмат пакутаваў
Сапраўды, нялёгка прыйшлося. Ды хіба я адзін такі: многія зносілі трасцу.