Гэта яшчэ што такое?
Каля перона, замест належнага экіпажа, які заўжды сустракаў іх з цягніка, па невядомых прычынах чакала адкрытая каляска, запрэжаная ўсяго толькі адным маркотнага выгляду конікам. Яшчэ адной нечаканасцю сталася і тое, што на козлах сядзеў звычайны мужык, хаця сялянам звычайна не давяралася кіраваць гаспадарскімі сродкамі перасоўвання.
Дзе фурман? спытаў пан Пракшын, падыходзячы да каляскі.
Мужык страпянуўся ды, прыўзняўшыся над козламі, з вусцішнай радасцю паведаміў:
Як? Ці то пан не ведае, што яго фурман знік? Нідзе знайсці не могуць. Яшчэ з мінулай ночы.
Раздзел III
Закіданая вільготным брудам каляска падкаціла да самага ганка бабулінага маёнтка, ледзь не перакуліўшы падмоклых пад дробным, але ж сцюдзёным вераснёвым дожджыкам Пракшыных. Яўгенія Канстанцінаўна паспела прыціснуць да сябе кошык з Тэдзі, які марыў скарыстацца магчымасцю нарэшце вольным птахам вылецець з абрыдлага затачэння. А татухна ўжо хацеў быў з усім імпэтам, што належыць палкоўніку ў адстаўцы, давясці да разумення мужыка хібы кіравання, якія яны цярпелі апошнюю гадзіну. Але ж тут яго ўвагу адцягнула аканомка. Яна выбегла іх сустракаць, ад самага парога голасна распачаўшы пералік усіх пошасцяў, што натрапілі на няшчасны маёнтак. Румяная ды па-святочнаму апранутая ў хрусткія спадніцы Ганна Юреўна былая прыгонная сялянка, вызваленая пані Канстанцыяй ад залежнага становішча яшчэ да падпісання Маніфесту імператарам па-ранейшаму аддана служыла сваёй гаспадыні і яе сямі. Яна дбайна сачыла за парадкам у доме, хаця часам ейны клопат прымаў даволі дэспатычныя рысы. Умеў супраціўляцца гэтаму толькі пан Пракшын.
Вось і зараз Ганна Юреўна, не рызыкуючы спускацца з сухога ды бліскучага чысцінёй ганка сама, кіравала слугамі, што пераносілі рэчы ў дом, ды паралельна давала справаздачу, ужо трэці раз абмовіўшыся аб нейкіх значна горшых за зяўленне трупа абставінах. Тым не менш наўпрост яна аб іх не гаварыла, а настойвала на тым, каб пан з панначкай абавязкова зараз жа пераапрануліся ды напіліся гарачай гарбаты з малінавым сочывам, якое яна асабіста паставіла менавіта дзеля такіх выпадкаў.
Ягораўна! толькі строга і сказаў Канстанцін Мікалаевіч, пераскочыўшы з каляскі на ганак.
Аканомка сцяла вусны, незадаволеная тым, што пан так і не прызвычаіўся за столькі год не перакручваць па-руску імя яе бацькі, але ўсё ж такі адказала з не ўласцівым ёй лаканізмам:
З Ашмянаў прыслалі спадарства. Дакладней, не спадарства, а так яна пагардліва махнула рукой. Уладкаваліся ў панскім кабінеце ды намагаюцца абрабаваць нашыя прыпасы.
Пан Пракшын толькі нешта неразборліва прапыхкаў ды накіраваўся ў дом, пагрозліва адбіваючы абцасам кожны другі крок. Яўгенія Канстанцінаўна выдрала з клумбы Тэдзі, які са смакам пэцкаў свае сталёва-залатыя кудзеры ў размоклым дзёрне, ды заспяшалася следам за татухнам. Калі панна Пракшына нагнала яго ў холе, той рэзка павярнуўся і загадаў дачцэ застацца з Ягораўнай ды прывясці сябе з дарогі да ладу такім тонам, што дзявіцы разам з заціснутым пад пахай psem заставалася толькі ў думках адсалютаваць.
Татухна ўзнімаўся па лесвіцы, што вяла наўпрост да кабінета, а Яўгенія Канстанцінаўна, атрымаўшы абяцаныя гарбату ды сочыва, схапіла на хаду адну лыжачку і шпарка перадала брудна-калматага сабаку аканомцы. Тая выявіла на сваім абліччы рэзкую непрыхільнасць ды так і засталася з гадаванцам на выцягнутых руках. Бо сама панна Пракшына, аберуч трымаючы цёплы кубак, з каторага яшчэ ўзнімалася духмяная пара, незаўважна плітанула пад лесвіцу, каб хаця б слыхам не прапусціць анічога, што адбывалася зараз наверсе. А гукі, што даносіліся да яе ды з кожным імгненнем нарасталі, запаўняючы сабой усю прастору, сведчылі аб падзеях зусім не шараговых.
Першае, з чым давялося сутыкнуцца Канстанціну Мікалаевічу яшчэ на падыходзе да кабінета, стаўся своеасаблівы водар, асобныя ноткі каторага ніяк нельга было пераблытаць з lextrait dambre[28]. Падняўшыся яшчэ на некалькі прыступак, пан Пракшын злосна сціснуў парэнчы, нават не ўсведамляючы, што намагаецца пераламіць іх: вачам яго зявіўся заснулы салдат, які трапятліва расхінуўся на невялічкай канапцы, соладка храпучы.
Устаць, сволач! прагрукатаў Канстанцін Мікалаевіч, страшна набліжаючыся да сваёй першай ахвяры.
Пянюткі салдат ледзь паспеў выслізнуць з учэпістых пальцаў пана Пракшына ды, нырнуўшы ў таго пад рукой, кулём зляцеў з лесвіцы ўніз. Яўгенія Канстанцінаўна вачыма праводзіла яго хісткую фігуру ды выцягнула шыю, зазіраючы наверх.
Устаць, сволач! прагрукатаў Канстанцін Мікалаевіч, страшна набліжаючыся да сваёй першай ахвяры.
Пянюткі салдат ледзь паспеў выслізнуць з учэпістых пальцаў пана Пракшына ды, нырнуўшы ў таго пад рукой, кулём зляцеў з лесвіцы ўніз. Яўгенія Канстанцінаўна вачыма праводзіла яго хісткую фігуру ды выцягнула шыю, зазіраючы наверх.
Прозвішча!.. Званне!..
Да дзявіцы даляталі чарговыя выбухі. Аднак таго, каму яны адрасаваліся, відаць, не ўразіў ні тон пана Пракшына, ні яго выгляд, катораму, трэ адзначыць, падмакрэлы сурдут, які татухна так і не паспеў пераапрануць, не надаваў аніякай саліднасці.
Папрашу звяртацца да мяне «ваша благароддзе», Яўгенія Канстанцінаўна пачула гугнявы голас. Памагаты прыстава, губернскі сакратар Дзятлікаў, Антон Іванавіч. У сваёй прысутнасці нягодных мясцовых дзікунстваў не пацярплю. Вы хто?
Мясцовых дзікунстваў? не зважаючы на пытанне, задушэўна перапытаў гаспадар, быццам каштаваў кожнае сугучча кінутых яму словаў, а потым розгаласна паўтарыў: Мясцовых дзікунстваў?! Зараз я табе прыпомню і Студзеньскае паўстанне, і руска-польскую вайну! Нябось, сядзеў у мамкі пад лаўкай ды пікнуць баяўся, а зараз выслужваешся, строіш з сябе захопніка, трасешся за чын!
Можна было падумаць, што на нядоўгі час у Канстанціна Мікалаевіча ўсяліўся дух пакінутай у Менску цешчы, так яго абразіў хамскі выпад губернскага сакратара, які ўжо з захапленнем голасна разважаў пра дваранскі звычай выклікання на дуэль.
У гэтым пакоі адзін дваранін. То я зараз проста набю табе морду, сволач!
Па рэзка зачасцелай колькасці ўжывання гэтага слова Яўгенія Канстанцінаўна зразумела, што татухнавы заявы даволі далёкія ад гіпатэтычнага складу.
Вы мяне не свалачыце! Я ганаровы грамадзянін, а вось вашае дваранства трэ яшчэ праверыць! фанабэрліва кінуў Дзятлікаў, цалкам забыўшыся, што размаўляе зусім не з уяўным апанентам, як ён, відаць, любіў практыкаваць у сваіх думках.
Палкоўнік у адстаўцы Пракшын Канстанцін Мікалаевіч, патомны дваранін ад Пятра Вялікага. Кавалер ордэна Святой Ганны і Святога Станіслава другой ступені, узнагароджаны медалём у памяць Усходняй вайны
Аднымі вуснамі паўтараючы за татухнам ягоныя рэгаліі, Яўгенія Канстанцінаўна пра сябе заўважыла, што ў запале сваёй тырады пан Пракшын цалкам забыўся на папярэднюю Ганну трэцяй ступені з мячамі за баявыя заслугі. З прыкрасцю пакруціўшы галавой, яна дапіла сваю гарбату і пакінула кубак на століку, дазволіўшы сабе на дыбачках узняцца па лесвіцы ды стаіцца непадалёк ад кабінета. Усё ж Канстанцін Мікалаевіч не на жарт разнерваваўся. Зараз панна Пракшына меркавала, ці то добра альбо наадварот, што матухна не паехала з імі: насамрэч, слушна, што яна не сталася сведкай такой непрыгожай сітуацыі, аднак з іншага ж боку каму потым супакойваць татухну? Як бы і доктар не спатрэбіўся.
І калі мсье Дзятлік, у татухнавых вуснах англамана французскія звароты гучалі асабліва крыўдна, настойліва патрабуе, то я абяцаю зараз жа загадаць мужыкам вывезці яго ў лес ды там, згодна са звычаем шляхты ў мінулыя гады, разабрацца з назаленнем гэтакіх свінняў, якія зафанабэрыліся так, што
Аднак жа пан Пракшын не скончыў сваіх гарачых абяцанняў, бо губернскі сакратар ужо выбягаў з кабінета, прыціскаючы да галавы капялюш. «І сапраўды дзятлік», адзначыла пра сябе Яўгенія Канстанцінаўна, паспеўшы разглядзець чырвоную, спатнелую ад спрэчкі ды сораму лысіну невялічкага чалавечка з задоўгім вастраватым носам, больш падобным да дзюбы. Толькі яго капялюш знік з вачэй і панна Пракшына пачула, як недзе ўнізе заліўся хрыплым брэхам, што не пасаваў да яго мізэрнага цельца, Тэдзі ды нехта, віскнуўшы на зусім не высакароднай ноце, кінуўся ламіцца ў парадныя дзверы. Дзявіца ж заспяшалася ў кабінет, дзе на гаспадарскім стале панавалі рэшткі абуральнай carousal[29]. Што ж да татухны, то ён, насуперак усім турбаванням панны Пракшыной, не толькі не выяўляў прыкмет хваравітавага стану пасля непрыемнай сутычкі, але ж сустрэў яе значна павесялелым ды ружавашчокім, быццам бы толькі што някепска размяўся, выконваючы гімнастычныя практыкаванні.
Ну, Джынні, уразілася крымінальнымі карцінамі ва ўсёй іхняй драматычнай яскравасці? хмыкнуў Канстанцін Мікалаевіч. Падаецца мне, яны нават доказаў не сабралі. Падумаць толькі, не паспеюць атрымаць гэтае сваё грамадзянства ды замест выканання абавязку службы ўжо спяшаюцца дадаваць да прозвішчаў рускія канчаткі ды пышацца перад асобамі на шэсць класаў вышэйшымі Ды годзе аб гэтым, я зараз жа іду разбірацца.